Тэма. Арганізацыя і змест працы ў падрыхтоўчы перыяд навучання грамаце
Тэма. Арганізацыя і змест працы ў падрыхтоўчы перыяд навучання грамаце
План
1. Мэты і задачы падрыхтоўчага перыяду.
2. Знаёмства з паняццем "мова і сказ".
3.Знаёмства з паняццем "слова".
4. Знаёмства з паняццем "склад".
5. Знаёмства з паняццем "націск".
6. Знаёмства з паняццем "гук".
7. Структура ўрока чытання ў падрыхтоўчы перыяд.
1. Мэты і задачы падрыхтоўчага перыяду
Мэта – арганізаваць дзіцячы калектыў і падрыхтаваць яго да ўспрымання граматы.
Задачы:
пазнаёміць з асноўнымі моўнымі і маўленчымі паняццямі;
фарміраваць уменне аналізаваць і будаваць сказы, суадносіць словы з умоўнымі і графічнымі схемамі;
фарміраваць уменне адрозніваць гукі на слых і пры вымаўленні;
падбіраць словы з зададзеным гукам.
У гэты перыяд пачынаюць закладвацца ў дзяцей уменні і навыкі, якія будуць развівацца на працягу ўсяго перыяду навучання грамаце. Тут вучні знаёмяцца з 1-й вучэбнай кнігай – букваром, з пропісямі, пісьмовымі прыладамі, са школьным парадкам, умовамі заняткаў, з правіламі паводзін школьнікаў. Выпрацоўваецца прывычка правільна сядзець за партай.
Засваенне правілаў камунікатыўных паводзін:
уменне слухаць настаўніка і таварышаў;
уменне правільна ўключацца ў размову;
уменне карыстацца голасам;
паводзіць сябе на ўроку;
завучваць з голасу настаўніка невялікія вершы.
У гэты перыяд настаўнік даведваецца, хто ўмее чытаць, пісаць, маляваць і як яны гэта робяць. Гэта неабходна для далейшай работы з класам.
У гэты час ажыццяўляецца аналітыка-сінтэтычная дзейнасць вучняў (засваенне паняцццяў сказа, слова, гуку, націску). У гэты час настаўнік развівае мову вучняў, слых, зрок і рыхтуе руку дзіцяці да пісьма.
Развіццё мовы ажыццяўляецца шляхам гутарак, якія настаўнік праводзіць па малюнках буквара, у час абмеркавання прачытаных настаўнікам невялікіх апавяданняў, казак, вершаў, у час адгадвання загадак, рэбусаў. У час гутаркі вучыць адказваць на пытанні дакладна, выразна, поўна.
Важная задача – фарміраванне дружнага, працаздольнага і дысцыплінаванага калектыву класа.
“Школа без дысцыпліны, што млын без вады”, - казаў К.Дз. Ушынскі.
2. Знаёмства з паняццем "мова і сказ"
Знаёмства з паняццем мова і сказ праводзіцца так: ідзе гутарка па малюнку буквара: 14 кастрычніка ў нашай краіне адзначаецца Дзень маці, да гэтага свята хлопчык вырасціў маме кветку; настаўнік прапануе разгледзець малюнак (с.6) і скласці расказ пра падарунак маме.
Затым настаўнік паведамляе, што наша маўленне складаецца з маленькіх частак. Гэтыя часткі называюцца сказамі. Сказ павінен выражаць закончаную думку, бо ў кожным сказе пра штосьці гаворыцца. Затым дзеці самі складаюць сказы (часцей па малюнках, на тэму, выдзяляюць іх з прачытаных настаўнікам тэкстаў). Выкарыстоўваецца графічная схема сказа. У буквары дзеці спачатку чытаюць гатовыя схемы. Звяртаецца ўвага на знакі прыпынку ў канцы сказаў: кропка, клічнік, пытальнік. Арганізуецца назіранне над інтанацыяй сказа ў залежнасці ад знака прыпынку.
(! Сказы з прыназоўнікамі на першых уроках не выкарыстоўваюцца.)
Дзеці павінны ўмець:
Вызначаць колькасць сказаў.
Вымаўляць іх, выкарыстоўваючы розную інтанацыю.
3.Знаёмства з паняццем "слова"
Знаёмства з паняццем слова. Вучні даведаюцца, што сказ складаецца са слоў. У сказе ўсе словы звязаны па сэнсе. Настаўнік выкарыстоўвае прыём пераўтварэння схемы сказа: нажніцамі разразае адну доўгую палоску (схему сказа) на часткі – асобныя словы.
Вызначэнне колькасці слоў адбываецца шляхам падзелу сказа на часткі наступнымі прыёмамі:
паўзамі пасля слоў;
пастукваннем;
узмахамі рукі.
Уводзіцца схема сказа:
Дзеці даведваюцца, што сказ складаецца са слоў, словы называюць прадметы, прыметы і дзеянні, што словы ў сказе звязаны па сэнсе, кожнае слова пішацца асобна.
Дзеці вучацца:
Вызначаць колькасць слоў у сказе, іх паслядоўнасць (гульнёвы прыём “Інсцэніраванне сказа” ці “Жывая схема”).
Складаць сказы, мадэляваць і аналізаваць іх.
Назіраць за заменай слоў у сказе.
4. Знаёмства з паняццем "склад"
Тымі ж прыёмамі выдзяляецца склад (с.14-15). Спачатку бяруцца 2-х складовыя словы тыпу зайка, полка. Затым 3-х складовыя: сі-ні-ца, затым 1-складовыя: кот, рысь.
Уводзіцца схема слоў:
Вучні даведваюцца, што склад – гэта частка слова, якая вымаўляецца адным штуршком выдыхаемага паветра.
Прыёмы падліку складоў:
“кісць ля барады”;
пляскат у далоні;
адстукванне.
Для работы са складамі карысна выкарыстоўваць гульнёвыя заданні:
“Адгадай слова” (настаўнік называе 1 склад, паказвае малюнак, а дзеці дагаворваюць слова);
“Заблудзіліся” (неабходна паклікаць на дапамогу, г.зн. вымаўляць словы па частках, па складах);
“На стадыёне” (балельшчыкі крычаць па частках імёны спартсменаў)
Вучні павінны ўмець:
Вызначаць колькасць складоў у словах.
Называць, які склад першы, апошні, трэці і г.д.
Падбіраць словы з указанай колькасцю складоў.
5. Знаёмства з паняццем "націск"
З цяжкасцю засвойваюць дзеці паняцце націск (с.16-17). Работу лепш пачаць з 2-х складовых слоў з аднолькавымі складамі (тата, мама). Спачатку дзеці вымаўляюць слова. Настаўнік звяртае ўвагу на больш моцнае вымаўленне аднаго з складоў у слове. Паведамляе, што гэта націскны склад.Уводзіць схему:
Уменне вызначаць націск дапамагаюць прыёмы:
паклікаць слова;
перапытаць слова;
здзівіцца слову.
Спосаб праверкі вызначэння націскнога склада- папераменнае перамяшчэнне націску і суаднясенне гучання з нормай (гульня “Ці кажуць так па-беларуску?”).
Для засваення націску патрэбны практыкаванні:
падбор слоў з націскам на 1-м складзе (2-ім)
параўнанне форм слова (рука – рукі)
вызначэнне слова з правільным націскам у радзе з іншымі.
Вучні павінны ўмець:
Вызначаць націск у словах.
Падбіраць словы з націскам на ўказаным складзе.
Суадносіць словы з графічнымі схемамі.
У аснову навучання першапачатковаму чытанню і пісьму пакладзена жывая мова. Здольнасць вучняў раскласці гукавы вобраз слова на склады і гукі, вызначыць яго сэнс і дакладна ўжыць у маўленні станоўча ўплывае на якасць прачытання слова. Д.Б.Эльконін адзначае, што чытанне ёсць дзеянне, накіраванае на ўзнаўленне гукавой формы слова па яго графічнай (літарнай) мадэлі.
Пры авалоданні тэхнікай чытання ўвага звяртаецца на асэнсаванне прачытанага – успрыманне змешчанай у тэксце інфармацыі, яе разуменне.
У развіцці навыку чытання псіхолагі вылучаюць 3 этапы:
складовы (аналітычны)
сінтэтычны
утварэнне і развіццё аўтаматызаваных працэсаў.
6. Знаёмства з паняццем "гук"
Спачатку вучні даведаюцца, што ёсць нямоўныя і моўныя гукі. Для гэтага можна выкарыстаць эўрыстычную гутарку “З чаго зроблены прадметы?”, пасля якой будзе зроблены вывад: гук – найменшая адзінка мовы, якая вымаўляецца і ўспрымаецца на слых.
Паслядоўнасць працы з гукамі:
Узор правільнага вымаўлення гука настаўнікам.
Харавое паўтарэнне новага гука.
Самастойнае (сам сабе) вымаўленне гука вучнямі.
Карыснай з’яўляецца гульня “Чуйныя вушкі” (вывад: каб пра гук нешта даведацца, трэба з ім папрацаваць – вымавіць, паслухаць).
Затым уводзяцца паняцці: “галосныя і зычныя гукі”, “звонкія і глухія зычныя”, “цвёрдыя і мяккія зычныя”. Карысна выкарыстоўваць дыдактычную казку “Жылі-былі гукі” Л.П.Царовай.
Уводзяцца новыя графічныя схемы, на якіх галосныя абазначаюцца чырвоным кружком, зычныя – сінім, мяккія зычныя – зялёным.
Прыёмы адрознення галосных гукаў ад зычных:
Назіранне за работай органаў маўлення: чым гучней вымаўляем галосныя, тым шырэй адкрываем рот, чым гучней вымаўляем зычныя, тым шчыльней сціскаем рот (прыём з палоскай паперы).
Назіранне за спосабам вымаўлення: пры вымаўленні галосных паветра праходзіць свабодна, без перашкод; пры вымаўленні зычных – у роце сустракаюцца перашкоды.
Назіранне за характарам гучання: галосныя вымаўляюцца з дапамогай голасу, зычныя – з дапамогай шуму ці голасу і шуму (“галосныя можна праспяваць”).
Здольнасць галосных утвараць склад.
Прыёмы адрознення цвёрдых зычных ад мяккіх:
Супастаўленне па гучанні: нос – нёс, лысы – лісы
Стварэнне асацыяцый: пры вымаўленні мяккіх зычных вусны нібы ўтвараюць усмешку, пры вымаўленні цвёрдых – язык напружваецца;
Назіранне за асаблівасцямі вымаўлення і артыкуляцыі гукаў: гульня “Бім і Бом”, гульня “Варатар” і інш.
Прыёмы адрознення звонкіх зычных ад глухіх:
Назіранне за слыхавым аналізатарам (закрыць далонямі вушы і паслухаць, што пры вымаўленні звонкіх чуецца звон, пры вымаўленні глухіх – не чуецца).
Назіранне за дзейнасцю галасавых звязак (прыкласці руку да гартані).
Вучні павінны ўмець:
Правільна вымаўляць гукі.
Характарызаваць гукі: зычны ці галосны, цвёрды ці мяккі, глухі ці звонкі.
Падбіраць словы з указаным гукам.
Паслядоўнасць знаёмства з новымі гукамі
Гукавы аналіз слова.
Характарыстыка гукаў.
Развіццё фанематычнага слыху.
Знаёмства з літарамі (вялікая, малая, друкаваная і рукапісная).
Запамінанне вобразу літары.
Распазнаванне новай літары.
7. Структура ўрока чытання ў падрыхтоўчы перыяд
Асноўныя тыпы ўрока падрыхтоўчага перыяду:
Урок знаёмства з новым матэрыялам
Урок замацавання вывучанага матэрыялу
Урок паўтарэння і абагульнення вывучанага
Прыкладная структура ўрока знаёмства з новым матэрыялам (з новымі гукамі і літарамі)
Арганізацыйны момант
Актуалізацыя апорных ведаў
Паведамленне тэмы і мэт урока
Вывучэнне новага матэрыялу
Замацаванне новага матэрыялу
(чытанне складоў, слоў, сказаў; выкананне прапедэўтычных практыкаванняў, праца па развіцці маўлення)
Абагульненне матэрыялу. Падвядзенне вынікаў урока
Рэфлексія
На кожным уроку абавязкова арганізуецца паўтарэнне вывучаных літар праз дыдактычныя гульні, займальныя заданні; праводзіцца не менш чым дзве фізкульхвілінкі.
Пытанні:
1.У чым заключаюцца мэты і задачы падрыхтоўчага перыяду навучання грамаце?
2.Як адбываецца знаёмства з паняццямі "мова і сказ"?
3.Як уводзіцца паняцце "слова"?
4.Як тлумачыцца паняцце "склад"?
5.У чым заключаецца асаблівасць засваення паняцця "націск"?
6.Як адбываецца знаёмства з паняццем "гук"?
7.Прывядзіце прыклад структуры ўрока чытання ў падрыхтоўчы перыяд навучання грамаце.
Спіс выкарыстаных крыніц
1.Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце «Навучанне грамаце» для I класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання і выхавання. - Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2021.
2. Методыка выкладання беларускай мовы і літаратурнага чытання ў пачатковых класах: вуч. дапаможнік / пад.рэд. М.Г.Яленскага. – Мінск: Выш. шк., 2019. – 263 с.
3.Свірыдзенка, В.І. Буквар: вучэбны дапаможнік / В.І.Свірыдзенка, В.І. Цірынава. - Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2021.