Аграгарадкі. Падобны выгляд пасёлкаў характарызуецца развітой інфраструктурай. У кожным аграгарадку ёсць адукацыйная ўстанова, амбулаторыя або фельчарска-акушэрскі пункт, магазін, пошта. Большасць гаспадарак прадастаўляе жыллё-сучасныя дамы або кватэры. Таму асноўнай мэтай будаўніцтва такіх паселішчаў стала паляпшэнне жыцця сельскіх жыхароў і ўдасканаленне работы аграпрамысловага комплексу краіны. Гэтыя два напрамкі ўзаемазвязаны з сабой. Моладзь прыцягвае не толькі сучаснае працоўнае месца, але і магчымасць атрымання асабістага жылля, наяўнасць месцаў для культурнага адпачынку. У нашым раёне налічваецца 5 аграгарадкоў. Яны ўводзіліся ў строй на працягу 5 гадоў (2005 г. – Бель, 2006 г. – Батвінаўка, 2007 г. – Маляцічы, 2008 г. – Касцюшкавічы, 2009 г. – Чырвоная Буда).
Краязнаўчы электронны рэсурс Бельскай сельскай бібліятэкі «Я гэты край Радзімаю заву. Аграгарадок «Бель»» – гэта адлюстраванне гістарычнай і культурнай спадчыны нашага народа ў розныя часы, бо без ведання і беражлівага захавання духоўных скарбаў ніколі не стане трывалым той падмурак, які надзейна трымае і ўмацоўвае працэс адраджэння і развіцця беларускай нацыі.
Краязнаўчы электрнны рэсурс з’яўляецца сваеасаблівай энцыклапедыяй Бельскага краю. Услаўляюцца знакамітыя землякі, якія зрабілі важкі ўклад у развіццё народнай гаспадаркі, навукі.
Пры падрыхтоўцы краязнаўчага рэсурса выкарыстаны розныя крыніцы: гісторыі, напісаныя самімі арганізацыямі, сабраныя бібліятэкарам Бельскай сельскай бібліятэкі, артыкулы з перыядычнага друку, матэрыялы ДУК «Бібліятэчная сетка Крычаўскага раёна», электронныя рэсурсы інтэрнэта, а таксама матэрыялы з асабістых архіваў жыхароў вёскі.
Матэрыялы рэсурсу згрупаваны па сямі асноўных раздзелах: «Бель: гісторыя і сучаснасць», «Бель у гады Вялікай Айчыннай вайны», «Ад калгаса да сучаснага КСУП «Бель»», «Бельскі сельскі савет», «Знакамітыя землякі», «Сучаснае жыццё аграгарадка «Бель»», «Жывая спадчына продкаў».
Прадстаўленыя ў рэсурсе матэрыялы могуць быць не поўнымі, або ўтрымліваць недакладнасці. З мэтай дапаўнення і ўдакладнення інфармацыі просім адгукнуцца тых, хто валодае адпаведнымі звесткамі.
Хочацца спадзявацца, што краязнаўчы электрнны рэсурс «Я гэты край Радзімаю заву. Аграгарадок «Бель»» дапаможа кожнаму, прасякнуцца пачуццём глыбокай удзячнасці мінулым пакаленням, якія збераглі і перадалі нам у спадчыну самае дарагое, – нашу беларускую зямлю, нашу родную Бель.