Бельскі край у гады Вялікай Айчыннай вайны
У Вялікую Айчынную вайну, з ліпеня 1941 года да 31 кастрычніка 1943 года, вёска была акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Спалена 67 двароў, на франтах загінула 66 жыхароў.
Бельскі край у гады Вялікай Айчыннай вайны
У Вялікую Айчынную вайну, з ліпеня 1941 года да 31 кастрычніка 1943 года, вёска была акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Спалена 67 двароў, на франтах загінула 66 жыхароў.
На сельскіх могілках пахаваны ўраджэнец вёскі лётчык А. В. Гуменнікаў, які 13.07.1941 года загінуў у паветраным баі над роднай вёскай.
Жыў у вёсцы Бель-1, на Крычаўшчыне, хлопец - высокі, шыракаплечы, прыгожы і добры. Яшчэ ў школе любілі яго за сяброўскі характар. Алёша Гуменнікаў быў сынам старога балтыйскага марака, удзельніка ўзброенага паўстання ў Свеаборгу ў гады першай рускай рэвалюцыі. У строгасці выхоўваў Васіль Гуменнікаў старэйшага сына Івана і малодшага Аляксея. І выраслі яны людзьмі надзейнымі, цяжкасцей не баяліся.
Аляксей скончыў сельскагаспадарчы тэхнікум у Гарадку на Віцебшчыне. Стаў механікам саўгаса, працаваў на палях калгаса “Запаветы Ільіча” Крычаўскага раёна. Аднавяскоўцы захапляліся сваім механікам. Выдатна ведаў ён маторы трактароў, аўтамашын, матацыклаў. І патрэбную параду дасць, і на складанае пытанне па тэхніцы адкажа.
Пры ўсёй сваёй дабрыні механік строга патрабаваў ад трактарыстаў і шафёраў утрымоўваць машыны ў поўным парадку, не раз казаў: Дрэнна ўтрымоўваеш матор – усю машыну можаш загубіць. Патрабаванні Аляксея механізатары заўсёды выконвалі. Яго шанавалі за парадак, за веды. Зямля дзякавала яму высокім ураджаем. А пазней, калі на гэтых землях ужо была створана 2-я Крычаўская МТС, дырэктар і трактарысты зразумелі, адкуль у Аляксея Гуменнікава такія глыбокія веды тэхнікі: у кантору прыйшоў ліст з вайсковым адрасам на абарачэнні. Аляксей Васільевіч Гуменнікаў, які прайшоў курс навучання ў аэраклубе горада Віцебска, адгукаўся ў адну з авіяцыйных часцей ва Украіне. Аказваецца, ён яшчэ і лётчык! Вучыўся ў сельгастэхнікуме ў Гарадку, а на заняткі ў аэраклуб рэгулярна ездзіў у Віцебск.
Родныя і таварышы праводзілі Алёшу ў далёкую дарогу.
Неўзабаве Гуменнікаў атрымаў званне лейтэнанта і быў прызначаны штурманам хуткаснага бамбавіка. Аляксея ўзяў у свой экіпаж старшы лейтэнант Аляксандр Іванавіч Жук. Сын рабочага з Крыварожжа, ён у 1939—1940 гадах удзельнічаў у паветраных баях з белафінамі. За баявыя подзвігі Аляксандр быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
22 чэрвеня 1941 года бамбардзіровачны полк 11-й змешанай дывізіі двойчы Героя Савецкага Саюза генерал-лейтэнанта Г. П. Краўчанкі, дзе служыў Гуменнікаў, быў узняты па трывозе. У пачатку ліпеня ўсю дывізію перакінулі на Магілёўскі напрамак.
13 ліпеня 1941 года бамбавік лейтэнанта Жука ішоў з выканання чарговага баявога задання. Курс ляжаў правей станцыі Крычаў. Разбамбіўшы групу нямецкіх танкаў, самалёт павярнуў да свайго аэрадрома. Вось наперадзе ўнізе паказалася срэбная стужка Сожа. Побач корпуса цэментнага завода і станцыі. Крыху на паўночны ўсход, на заходнім беразе Сожа і ўздоўж рачулкі Бялянкі, раскінулася родная вёска Аляксея Гуменнікава. Але што з таго? Над станцыяй, над былым саўгасным полем, над вёскай кружаць тры фашысцкія бамбавікі «юнкерс-88». Экіпаж савецкага самалёта вырашыў уступіць у бой.
Вялізныя машыны з ровам праносіліся над Беллю Першай, кружыліся над самай Турунавай гарой, з якой некалі ліха з'язджаў Алёша на лыжах. Тагачасныя хлапчукі, цяпер ужо дарослыя людзі, расказвалі, што адзін з фашысцкіх самалётаў задыміўся і пачаў сыходзіць на захад. Тады дзеці сталі ад радасці крычаць і куляцца на лузе. Многія жыхары вёскі назіралі гэты бой. Сярод іх былі маці і бацька Аляксея Гуменнікава.
У самы разгар бою да іх падышла суседка і крыкнула:
- Ганна, чуе маё сэрца - там твой Алёша!
Ганна Якаўлеўна нічога не магла адказаць ёй, уся ўвага маці была прыкавана да неба, дзе ішоў паядынак.
Выйшаў на захад, цягнучы за сабой чорны шлейф дыму, другі фашысцкі самалёт. Бой перамясціўся на поўнач, у бок суседняга Мсціслаўскага раёна, а маці ўсё стаяла каля плота, учапіўшыся рукамі ў планку. Васіль Гуменнікаў павёў жонку ў дом.
Наступіла раніца наступнага дня. Ганна Якаўлеўна дапальвала печ. Гаспадар сядзеў у глыбокім роздуме за сталом. Сумна было на душы. Нечакана шырока расчыніліся дзверы. На парозе стаяла дачка. Зрывістым голасам яна з цяжкасцю выгукнула словы:
- Старшыня сельсавета Кавалёў прасіў перадаць табе, што лётчыкаў пахавалі ў вёсцы Тураўка Мсціслаўскага раёна...
І тут дзяўчына запнулася. У яе не хапіла сіл сказаць самага галоўнага. З нейкім адчаем яна крыкнула:
- Там наш Алёша, і табе трэба ехаць за ім.
Павольна ўстаў з-за стала, пахіснуўся стары балтыйскі матрос. Шмат бачыў ён на сваім вяку, шмат чаго перажыў, але страціць сына...
Калі Гуменнікаў прыехаў у Тураўку, магілу раскапалі. Яны ляжалі побач: камандзір экіпажа старшы лейтэнант Аляксандр Жук і Аляксей Гуменнікаў. Жыхары расказвалі, што Гуменнікаў выскачыў на парашуце з палаючай машыны пасля таго, як лётчыкі таранілі фашысцкі бамбавік і калі ўжо 5 нямецкіх знішчальнікаў расстрэльвалі наш самалёт. Гітлераўцы адкрылі па штурмане агонь. Адзінаццаць кулявых раненняў налічыў на целе сына стары марак. У Аляксандра Жука былі неабгарэлыя толькі рукі, якія моцна трымалі штурвал, і твар. Якой жа неверагоднай была вытрымка гэтага чалавека, камсамольца-металурга з Крывога Рога!
Жыхары Тураўкі ўспаміналі, што трэці член экіпажа, стрэлак-радыст выскачыў з палаючай машыны, калі яна была ўжо на зямлі. Ён сказаў калгаснікам, што Аляксей Гуменнікаў з вёскі Бель Першая, а камандзір Жук з Крыварожжа. І яшчэ расказвалі, што ў трызненні Аляксей казаў: «Чаму мама схавалася пад клець, гэта ж быў я».
Пахавалі Аляксея на сельскіх могілках у роднай вёсцы. Узвод савецкіх сапёраў даў тры залпы і пайшоў за раку Сож. А раніцай 17 ліпеня 1941 года ў вёску ўвайшлі танкісты 3-й фашысцкай танкавай дывізіі генерала Мадэля. Разам з імі былі і эсэсаўцы. Яны кінуліся ў дом Гуменнікавых і пачалі жорстка збіваць гаспадара. І ўжо, калі скрываўлены Васіль Гуменнікаў ляжаў на падлозе амаль без прытомнасці, перакладчык сказаў яму:
- Твой сын і яго сябры забілі шмат нашых танкістаў і бандыцкім прыёмам збілі лепшага лётчыка Нямеччыны, лётчыка, якога ўзнагароджваў сам фюрар.
Мінулі дзесяцігоддзі. Ёсць у Крычаве вуліца імя Аляксея Гуменнікава, піянерская дружына ў вёсцы Бель Першая носіць яго імя. Над магілай героя-земляка калгаснікі ўзвялі абеліск.
Яго імем у Крывым Рогу названа змена на металургічным заводзе. Застаўся невядомым толькі стрэлак-радыст, які быў у іх экіпажы, але лётчык Алейнікаў, аднапалчанін герояў, напісаў мне, што прозвішча хлопца Белазёраў. Як склаўся яго далейшы лёс, невядома.
Зрэдку ў музей да 80-х гадоў прыходзіла Ганна Якаўлеўна, каб моўчкі паглядзець на партрэт сына, на часткі яго самалёта. Апошні раз прыйшла з цяжкасцю, бо ёй было 90 год. Абодвух сыноў страціла яна на вайне.
18 кастрычніка 2005 года Гуменнікаў Аляксей Васільевіч узнагароджаны ордэнам «Святога князя Аляксандра Неўскага» 1-й ступені (пасмяротна) за мужнасць і гераізм праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў сувязі з 60-годдзем Вялікай Перамогі…
У 2014 годзе ў цэнтры аграгарадка Бель, недалёка ад школы, быў устаноўлены новы помнік, закліканы ўвекавечыць памяць Аляксея Васільевіча Гуменнікава і іншых воінаў-землякоў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, абараняючы Радзіму.
Літаратура:
3. Летчики-белорусы, совершившие таранные удары в годы Великой Отечественной войны : Гуменников Алексей Васильевич, уроженец д. Бель Кричевского района] // Рыськов, М. Воздушные асы Беларуси. Подвиг их бессмертен / Михаил Рыськов. – Могилев: Могилев. обл. укруп. тип. им. Спиридона Соболя, 2010. – С. 131.
4. Мельнікаў, М. Бой у небе над роднай вёскай : пра лётчыка з вёскі Бель 1-я, які загінуў пры абароне Крычава / М. Мельнікаў // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Крычаўскага раёна . — Маладзечна : УП «Друкарня «Перамога». — 2004. — С. 229.
5. Морозова, Н. Таран над родной деревней : про уроженца д. Бель А. Гуменникова / Н. Морозова // Ленінскікліч (Крычаў). — 2002. — 2 ліпеня. — С. 2.
6. Памятный знак в честь летчика А. В. Гуменникова и воинов-земляков, погибших в годы Великой Отечественной войны, аг. Бель-1, Кричевский район, Могилевская область : [Электронный ресурс] / Сохраним историю: общественный проект. — Режим доступа : https://savehistory.by/karta/pamyatnyy-znak-v-chest-letchika-a-v-gumennikova-i-voinov-zemlyakov/#. — Дата доступа :05.03.2024.