У сувязі са 100-годдзем з дня нараджэння Кузьмы Чорнага хочацца разгледзець такое пытанне, дзе ён нарадзіўся, хто яго бацькі.
Разгледзім, что ўяўляў маёнтак Боркі сто гадоў назад.
Пасярэдзіне зямель маёнтка знаходзіўся сам маёнтак Боркі, які мясцовыя людзі называлі двор Боркі. было чатыры фальваркі: Лапацічы, Матынёва, Вінцантова, Маркова. Затым фальварак Маркова быў заселен арандатарамі. У двары Боркі стаяў двухпавярховы цагляны палац, каля трох дзесяцін саду, кароўнікі (называлі аборы), канюшні, вялізнае гумно, каля 10 жылых пабудоў для парабкаў. Было каля 100 дойных кароў, некалькі десяткаў коней, маладняк кароў і коней. Свінней гадавалі толькі для сваіх патрэб. Усе пабудовы я памятаю, калі хадзіў у школу, якая была ў пакоях. Эдвард Вайніловіч у Борках не жыў. Тут жыла яго сястра Матыня, якая была замужам за Вузлоўскім. Гэта быў маёнтак Вузлоўскага. Пасля смерці Вузлоўскіх маёнтак перайшоў Вайніловічу. Пані Матыня была па спецыяльнасці урач. Яна бясплатна лячыла, не адказвала прыязджаць да хворых сялян у хату. А таксама бясплатна вучыла дзяцей жабчаўцаў у пакоях.
Асноўны даход Вузлоўскі, а затым Вайніловіч атрымлівалі ад авечкагадоўлі. У кожным фальварку было каля 500 галоў авечак, у Лапацічах 500 аўцаматак, у Матынёве баранчыкі, у Вінцантове ярачкі. Авечкі былі тонкарунныя мерыносы.
У лісце К.Чорнага да Алесі Аляксандровіч 27 жніўня 1944 года запісана: “За паўкіламетра ад маёнтка Боркі ў чыстым панскім полі стаяла хата і панскае гумно. Гэта называлася “фальварак Лапацічы”, там жыў мой бацька… У гэтых Лапацічах, пры Борках, і прайшлі мае шэсць год жыцця”. Не ведаю, чаму К.Чорны так збядніў Лапацічы. Тут стаяла вялікая хата з двух палавін. У кожнай палавіне па два пакоі. У адной палавіне жыў Караль Франкаў Раманоўські (так да яго звярталіся жыхары Жабчава і другіх вёсак, якія прыходзілі на работу). У другой палавіне жыў Лёпард Гуска (а можа Гушка). Так гаварыў мне дзед. У Лёпарда было два сыны, жонка. Яны даглядалі і пасвілі аўцаматак-мерыносаў. Авечкі стаялі ў дзвюх аўчарнях. Для гаспадарчых патрэб былі кані, каровы, свінні. Было вялікае гумно для збажыны і адрына для сена. За хатай было больш адной дзсяціны ўрадлівага, ў самым росквіце, саду. У фальварак Лапацічы ўваходзіла больш 150 га ворнай зямлі і сенажацяў.
Вось такі выгляд меў фальварак Лапацічы. Адкуль я гэта ведаю? Сад, хату, гумно я памятую з дзяцінства, а аб астатніх пабудовах разказваў мне дзед Амелька. Ён пасля арганізацыі калгасаў вартаваў два гады калгасны сад у Лапацічах. Я яму насіў есці, падмяняў , калі патрэбна было працаваць дзеду днём дома. Дзеду надакучыла маўчаць аднаму. Калі я прынясу яму есці, дык ён і пачынае расказваць пра Боркі, Лапацічы, Жабчава. А мяне гэта вельмі цікавіла, бо тут жа нарадзіўся пісьменнік, як казаў мой дзед, Раманоўські. Дзед мой быў у невялікім сяброўстве з Каральком (Каралем), (Караль і Амелька былі аднагодкі). У майго дзеда да калгасаў быў млын вятрак. А Караль быў намеснікам эканома ў Лапацічах. Можна сказаць эліта мясцовасці.
Пра кіраўніцтва маёнтка Боркі. У двары Боркі ў пакоях пры пані жыў эканом Павел Грынявецкі, а затым, калі пані памерла, жыў там адзін і некаторая прыслуга. Пан Вайніловіч прыязджаў у Боркі толькі па гаспадарчых справах і на маленні ў сямейным касцёле. Прывозіў з сабою ксяндза. З’язжаліся паны з усіх аколіц. Вайніловіч быў вельмі набожны католік з уніяцкім ухілам. Маліліся доўга, старанна. Стараўся разам з Вайніловічам і Караль, хоць ён ніколі не жыў у самім двары Боркі.
Акрамя эканома, у двары Боркі былі два намеснікі эканома. Іх называлі проста намеснікі: адзін па жывёлагадоўлі, а другі па земляробчых справах. У кожным фальварку таксама быў намеснік. Вось такім намеснікам у Лапацічах і жыў Караль Франкаў Раманоўскі. Жонку Гліцэру Міхайлаўну вазілі маліцца ў праваслаўную царкву ў Бялевічы. Некаторыя наезджыя мне тлумачаць, што Каралёк пасвіў авечкі, а ў Вінцантове быў лесніком. Гэтага не было. Авечкі пасвіў Лёпард з сынамі ў Лапацічах. Не ведаю, хто ў Вінцантове. Вядома, Караль наглядаў за лесам. Дзед казаў, што Каралёк вельмі любіў убірацца: хадзіў у хромавых ботах, галіфе, вышытай рубашцы, падпярэзаны поясам з кутасом.
Па расказах дзеда і другіх людзей бацька Кузьмы Чорнага ніколі не жыў у самім двары Боркі. Яны пераехалі з Цімкавічаў у Лапацічы раней, чым нарадзіўся сын Мікалай. Некаторыя навукоўцы пнуцца даказаць, што Мікалай Раманоўскі нарадзіўся ў Цімкавічах, а некаторыя – што ў самім маёнтку Боркі.
Чаму я так дасканала ўнікаў у жыццё Раманоўскіх? Справа ў тым, што я ў педінстытуце пісаў курсавую работу па беларускай літаратуры “Ранняя творчасць Кузьмы Чорнага”. Гэта заставіла мяне глыбей вывучыць жыццё Раманоўскіх.
Аб тым, што Караль быў намеснікам падмацоўваюць аўтабіяграфіі К.Чорнага. Ён усюды піша “служыў батраком”, а не працаваў. Не мог ён напісаць “служыў намеснікам эканома”. У той час гэтага патрабавалі абставіны. Вядома, і эканом, і намеснік былі парабкамі. Але, калі адбылася рэвалюцыя, яны з’ехалі. А хто не з’ехаў – іх адправілі жыць у другія мясціны.
Дык, дзе ж нарадзіўся Кузьма Чорны? Вядома, у фальварку Лапацічы маёнтка Боркі. Можа, роды ў Гліцэры Міхайлаўны ў двары Боркі прымала пані Матыня, а можа роды прымаў фельшар у Цімкавічах? Хочацца выказацца яшчэ пра адно.
24 чэрвеня 2000 года ў газеце “Звязда” надрукаваны адказы дачкі К.Чорнага Рэгіны Таццяне Падаляк. Дачка К.Чорнага Рагнеда казала: “…Дамагліся таго, што дзед перастаў хадзіць у касцёл, а бабка – у царкву… У дзяцінстве бацька спяваў у царкоўным хоры… Бацька наугол, як я разумею, вельмі аберагаў ад усяго, што пры Саветах магло б пашкодзіць…”
Выходзіць, што Караль і Гліцэра толькі касметычна верылі ў Бога. Гэта не так. Караль не мог бы быць намеснікам эконома, каб старанна не маліўся з набожным панам у касёле у Борках. Не маглі бацькі з лёгкай верай у Бога адправіць спяваць у царкоўным хоры свайго сына.
Хочацца, каб была ўстаноўлена гістарычная праўда.
Аркадзь Маркавіч Новік
26 чэрвеня 2000 года