Мы рады вітаць Вас, дарагія сябры!
Сардэчна запрашаем прыняць удзел у інтэрнэт-праекце
"Легенды і паданні зямлі пад белымі крыламі"!
Мы нарадзіліся ў краіне, якая завецца Беларусь. Мы - беларусы! Беларусь – краіна блакітных азёр, густых лясоў і бяскрайніх палёў. Мы ганарымся нашай Радзімай, яе прыродай, яе таленавітымі людзьмі.
У кожнага з нас ёсць свая малая Радзіма - той куточак, дзе мы нарадзіліся, дзе жывуць нашы бацькі і сябры, дзе знаходзіцца наш родны дом. Для кагосьці малая Радзіма – родная вёсачка, родны горад. Для кагосьці - вуліца або ўтульны дворык з арэлямі. Словам, малая Радзіма ў кожнага свая!
Кожны чалавек павінен ганарыцца той мясцінай, дзе нарадзіўся і жыве, павінен любіць свой родны куточак, сваю малую радзіму, як часцінку нашай Бацькаўшчыны.
"Любіць сваю Радзіму - значыць ведаць яе", - сказаў В.Р.Бялінскі. Мы прапануем Вам больш глыбока пазнаёміцца з гісторыяй, культурнымі традыцыямі роднага краю праз вывучэнне легенд і паданняў.
Прапануем азнаёміцца з ПАЛАЖЭННЕМ АБ ІНТЭРНЭТ-ПРАЕКЦЕ «ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ ЗЯМЛІ ПАД БЕЛЫМІ КРЫЛАМІ"
Вам гэта цікава?
Тады мы рады прыняць Вас у наш праект!
Падчас работы ў праекце Вы пазнаёміцеся з легендамі і паданнямі, звязаннымі з назвамі населеных пунктаў, рэк, азёр, помнікаў прыроды, храмаў Беларусі. Усе ўдзельнікі праекта стануць аўтарамі агульнай карты, на якую будуць нанесены вывучаныя аб'екты.
Завяршэннем работы стане распрацоўка экскурсіі.
Да апошняй бярозкі…
Ты такі ненаглядны –
Мой радзімы куточак зямлі.
Ты такі ненаглядны –
Край, дзе крылы ўзнімаюць буслы,
Дзе асколачкам неба
Васілек у мірным поле цвіце
І ля кожнай хацінкі
Прыгажуня бярозка расце,
Край азёраў глыбокіх
І чаромхавых белых завей,
Ідэалаў высокіх
Працавітых і шчырых людзей
Тут з адкрытай душою
Запрашаюць часцей у свой дом.
Тут накормяць, напояць,
Абагрэюць сардэчным цяплом.
Я.Жабко
«Бог дзяліў між народамі землі. Адным – тое, другім – тое. Прыйшлі беларусы… Вельмі ж пану Богу спадабаліся. Ён і пачаў нас надзяляць: “Рэкі даю вам поўныя, пушчы – нямераныя, азёры – нялічаныя… Зажэрціся на багатай зямлі не дам, каб былі ўвішныя, кемлівыя, але і голаду ў вас ніколі не будзе. Наадварот, у голад людзі будуць да вас прыходзіць. Не ўродзіць бульба, то ўродзіць жыта ці яшчэ нешта. А яшчэ звяры і дзічына ў пушчах чародамі, рыбы ў рэках – касякамі, пчолы ў вуллях – мільёнамі. А травы – як чай. Не будзе голаду. Жанчыны ў вас будуць прыгожыя, дзеці – дужыя, сады – багатыя, грыбоў ды ягад – заваліся. Людзі вы будзеце таленавітыя, на музыку, песні, вершы – здатныя. І будзеце вы жыць ды жыць..” »
Уладзімір Караткевіч