ХАТКА НЕ ЗДАЕЦЦА…
Пастарэла хатка, апусціла плечы,
Дым не ўецца з коміна, у астыўшай печы
Не булькоча бульба смачна ў чыгуночку,
Ціха ў пакоях, ціха ў садочку.
Не смяюцца весела пад акном вяргіні,
І вада ў калодзежы адзінока стыне.
Зараслі травою кветнік, агародчык,
Певень не спявае, куры не сакочуць…
Хатка ж не здаецца, верыць і чакае:
Быць не можа, хутка хтосьці завітае,
Вунь суседскі коцік гасцей памывае,
Вестку неблагую, значыць, наракае…
Гаспадыня новая веснічкі адкрые:
— Сустракай, хацінка, мы ўжо не чужыя!
Навядзём парадак, адскрабём, адмыем,
Вернем табе шчасце, як у дні былыя!
І заззяе хатка радасцю бясконцай,
Зноўку заіграе ў чыстых шыбах сонца,
Ажыве надворак, ажыве садочак…
Хай жа так і будзе, як хацінка хоча!
Галіна КАЛТУНОВА