У XIX ст. Варонча была не толькі інтэлектуальным і забаўляльным цэнтрам Наваградскага ваяводства, але і адным з галоўных некропаляў для навакольнай шляхты.
Таму Варанчанскія каталіцкія могілкі на сёння з’яўляюцца аднымі з найбагацейшых у краіне. Асобныя помнікі і надмагіллі па сваёй мастацкай вартасці не саступаюць аналагічным пахаванням на могілках Вільні, Львова і іншых еўрапейскіх гарадоў. Сёння тут можна знайсці процьму вядомых прозвішчаў тагачаснай беларускай шляхты: Верашчакі, Мержаеўскія, Рдултоўскія, Любанскія…