Школа родная мая

Гэты раздзел прысвечаны гісторыі нашай школы. Яна адна са старэйшых  у раёне.

У 1866г было адкрыта Залужскае народнае вучылішча Горкаўскай воласці. Аб гэтым сведчьщь архіўны выпіс. На ўтрыманне вучылішча штогод адпускаліся сродкі з дзяржаўных сялян. Вучылішча размяшчалася ў грамадскім доме. Адным з першых настаўнікаў быў Грыгорый Станіслававіч Баршчэўскі. Закон Божы выкладаў свяшчэннік Кірыл Сцяпанавіч Малевіч, які закончыў Мінскую духоўную семінарыю.

У 1882/1883 навучальным годзе настаўнікам працаваў Аляксандр Вайтко, які скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Вучняў было 37 хлопчыкаў.

У 1893/1894 г быў пабудаваны новы будынак школы.

3 1895 г да 1899г. у Залужскім народным вучылішчы настаўнічаў Крайко Антон Аляксеевіч.

Колькасць вучняў паступова павялічвалася, у пачатку 20 стагоддзя вучылішча наведвала больш за 100 вучняў.

Адзін з каштоўных экспанатаў нашага музея - пасведчанне аб заканчэнні Залужскага народнага вучылішча, выдадзенае Казлову Сцяпану Адамавічу ў1912 годзе.

У 1931/1932 навучальным годзе ўсе дзеці з вёскі Залужжа, якія дасягнулі 8-і гадовага ўзросту, пайшлі ў школу.

3 1938г. Залужская пачатковая школа стала сямігодкай.

Першы выпуск сямігодкі адбыўся напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны, у чэрвені 1941г. Тады школу закончылі 50 чалавек.

У час вайны школа не працавала. Заняткі былі адноўлены адразу пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У 1950г. сямігодку закончылі 19 вучняў. Сярод іх быў Кастусь Цвірка - будучы беларускі паэт.

У 1951г. сямігодка была ператворана ў дзесяцігодку. Першы выпуск сярэдняй школы адбыўся ў 1954г. Дзесяць класаў тады закончыў 51 вучань.

Сярод выпускнікоў 1954/1955 н.г. быў першы залаты медаліст школы Куклік Леанід Піліпавіч.

Сучасны будынак школы быў узведзены ў 1977г.

На фотаздымках размешчаных угэтым раздзеле  выпускнікі школы розных гадоў.

У 1966/1967н.г. калектыў школы ўрачыста адзначыў 100-гадовы юбілей навучальнай установы. У гэты час школу наведвала 315 вучняў.

Доўгі час дырэктарам школы працавала ЛагачоваРэгіна Васільеўна.

Шматлікія дакументы, якія прадстаўлены ў музеі, сведчаць аб яе пленнай педагагічнай дзейнасці.

Гонар школы - яе медалісты. Многія з іх, выбралі прафесію педагога. Гэта Кадушкіна Валянціна Мікалаеўна, Кімпель Святлана Адамаўна, Кірыковіч Таццяна Канстанцінаўна, Герасімовіч Марыя Мікалаеўна і інш.

У 2001/2002 нав.г. наша школа адзначыла свой 135-ці гадовы юбілей.

Зараз у школе вучыцца 77 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Наша школа мае цікавую гісторыю. Яна пачалася 158 год таму, а дакладней - у 1866 годзе, калі ў сяле Залужжа было адкрыта народнае вучылішча.

За гады свайго існавання школа перажыла некалькі этапаў станаўлення: пачатковая, сямігодка, дзесяцігодка. 3 пачатку заснавання школа пераязжала пяць разоў. Сучаснаму будынку школы споўнілася 47 год.

Паступова ўмацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база школы. Сёння школа мае 13 вучэбных кабінетаў, камп’ютарны клас, вучэбныя майстэрні, кабінет абслугоўваючай працы. Ёсць актавая і спартыўная залы, бібліятэка, сталовая, стадыён, спартыўныя пляцоўкі. Многія вучэбныя кабінеты абсталяваныя з дапамогай мясцовай гаспадаркі.

Вялікі ўклад у развіццё навучальнай установы ўнеслі яе былыя дырэктары Рэгіна Васільеўна Лагачова, Міхаіл Іванавіч Абрамчык. Прыярытэтным кірункам работы школы ў 60-80-х гг было грамадска - патрыятычнае і працоўнае выхаванне вучняў сродкамі краязнаўства і турызму, вытворчай дзейнасці школьнікаў.

Педагагічны калектыў школы пад кіраўніцтвам Аўчыннікавай Л.У. і Жукаўца М.М. у 80-90-х гг у перыяд дэмакратызацыі і дыферэнцыяцыі агульнаадукацыйнага працэсу выкарыстоўваў новыя падыходы ў навучанні і выхаванні вучняў для іх паспяховай сацыялізацыі.

Дырэктар школы Казлоў М.Ф. шмат намаганняў прыклаў для ажыццяўлення профільнага навучання вучняў, стварэнне агульнаадукацыйнага асяроддзя ў якім кожны - асоба.

Мікалай Пятровіч Усік і педагагічны калектыў удасканальваюць агульнаадукацыйную палітыку  ўстановы выкарыстоўваючы яе лепшыя традыцыі і развіваючы інавацыйныя працэсы.

Школа в.Залужжа выпусціла ў вялікае жыццё не адно пакаленне. Мы вельмі ганарымся сваімі выпускнікамі, многія з якіх сталі знакамітымі людзьмі. Гэта Куклік Л.П., кандыдат тэхнічных навук, Мельнік У.А., прафесар, доктар палітычных навук, Дражын У.Н. дзяржаўны дзеяч Рэспублікі Беларусь.

Шмат выпускнікоў школы сталі настаўнікамі, многія з іх працуюць і працавалі ў роднай школе і ўстановах раёна. Гэта Кімпель С.А., Хацімцова А.М., Чарапок Ю.П., Шчыткавец Н.Л., Казлоў М.Ф., Герасімовіч З.А., Кірыковіч Т.К. і інш.

Стараннай і дабрасумленнай працай славяць родную гаспадарку выпускнікі нашай школы. 

Тысячы нашых выпускнікоў паспяхова працуюць на карысць сваёй краіны.

Вучні Залужскай СШ набываюць у сваёй школе не толькі веды, і навыкі але і вывучаюць культуру і традыцыі беларускага народа, вучацца прыгажосці зносін і творчаму падыходу да жыццевых праблем. Цікава і разнастайна жыве школа сёння, развіваючы лепшыя традыцыі сваіх папярэднікаў.