Быт сялян-сакуноў

Музей гісторыі в. Залужжа

Прылады працы 

Інтэр'ер   сялянскай  хаты 

Старонка родная - сінявокая Беларусь. Каб добра ведаць яе цяпер, патрэбна зазірнуць у  яе гістарычнае мінулае, вывучаць яе культуру і побыт, уявіць, як жылі дзяды нашы і прадзеды. Каб любіць сваю родную старонку, патрэбна заўсёды памятаць, што мы - беларусы, што жывём на зямлі беларускай, якая корміць і апранае нас, суцяшае і аберагае ў часы нягод.

Сабраныя тут экспанаты знаёмяць нас з побытам, культурай беларусаў-людзей добрай душы і шчырага сэрца.

Тут  размясціліся  прылады працы сялянскай гаспадаркі.   

Пры ўваходзе ў хату нас сустракае печ. Яна займае ў сялянскай хаце важнае i пачэснае месца.

Абагравае хату, у ёй вараць ежу, на ёй спяць, адпачываюць, лечацца.

Да печы адносiлiся як да жывой iстоты. Забаранялася ўжываць «у яе прысутнасцi» грубыя або непрыстойныя словы: «Няможна гэтак казаць, бо печ у хаце», «Сказаў бы, ды печ у хаце».

Вельмі смачныя стравы гатаваліся ў печы. Бліны, мачанка, смажэнікі. А які смачны быў хлеб, водар ад якога ішоў па ўсёй хаце. Жыхары нашай вёскі заўсёды былі ветлівымі гаспадарамі. І ніколі нікога не адпускалі з хаты не пачаставаўшы.

Па дыяганалі ў супрацьлеглым баку ад печы - чырвоны кут. Ён лічыўся своеасаблівым куточкам храма ў хаце: уверсе віселі абразы з выявамі Ісуса Хрыста і святых, якія маўклівай малітваю асвячалі хату і яе жыхароў.

У гэтым пакоі прадстаўлены самабытныя рэчы мінулага стагоддзя: ручнікі, калаўрот, ткацкі станок, — усё тое, без чаго нельга ўявіць інтэр’ер хаты беларускай сям’і.

Ажыўлялі вясковую хату рэчы, зробленыя рукамі гаспадароў і вясковых умельцаў.

На самаробных паліцах паказаны гліняныя вырабы: збаны, гладышкі - неабходныя рэчы ў гаспадарцы, бо ў іх добра захоўваліся малако, смятана, твораг, масла.

Глiняны посуд i сёння карыстаецца попытам. Прыгожа глядзiцца ён i на кухоннай палiцы, i на абедзенным стале.

Вочы разбягаюцца ад стракатай прыгажосцi кашуль i фартушкоў, посцілак і абрусаў, ручнікоў і розных намітак. Не, такіх абноў у краме не купіш: у іх – жыццё, натхненне, душа таленавітых народных майстрых.

Прыцягваюць нашу ўвагу ўпрыгожаныя вышыўкай ручнікі.

Ручнікі не толькі  ўпрыгожвалі  інтэр’ер  хаты, але і шырока  выкарыстоўваліся  ў беларускіх абрадах. На вяселлі хлебам-соллю на ручніку сустракалі  маладых пасля вянчання  ў царкве. Самых паважаных гасцей падчас  урачыстасцей і зараз сустракаюць  хлебам-соллю на прыгожых ручніках.

А вось самы рарытэтны экспанат у гэтай зале — кухонная шафа, якой больш за сто гадоў. Доўгі час яна верай і праўдай служыла самай старой жыхарцы вёскі Марыі Піліпаўне Бычонак. Дарэчы, шафу можна аднесці да традыцыйнай мэблі беларусаў. Гэтая шафа зроблена з масіва дуба, трывалая і практычная  і, хутчэй за ўсё, на той час каштавала нятанна: яе маглі дазволіць купіць толькі заможныя сяляне.

  Для кожнага чалавека, асаблiва вяскоўца, хата  – гэта духоўная  спадчына, якую атрымалi мы ад продкаў i якую павiнны годна перадаць сваiм дзецям i ўнукам.Уздыхаць па старых рэчах, вяртацца да старога ўкладу жыцця не варта, але ведаць, як жылi нашы дзяды-прадзеды, трэба.

Часцей  азірайцеся, сябры, назад, у мінулае, каб не пагасла свечка на покуці – у хаце з матчынай душою, каб лягчэй было ісці наперад, у будучыню.

Хай будуць сцежкі невядомы

І гору і бядзе ў той дом,

Што мы завём бацькоўскім домам,

Што хатай матчынай завём.