Дзень 2

Майстэрня каваля

Кавальства

Каваль — майстар, які працуе з металам.

Кузня — майстэрня, дзе працуе каваль. Каб бараніцца ад пажараў ды залішняга шуму, кузню будуюць воддаль жылля людзей, на беразе ручая ці сажалкі.

Каб каваль мог вырабіць што-небудзь з цвёрдага кавалка жалеза, трэба яго нагрэць, ажно раскаліць. Зрабіць мяккім, паддатлівым. Для гэтага ў кутку кузні стаіць адкрытая печ — горан.

У кузні горача, дымна. У горане цэлы дзень гарыць агонь. І каб ён гарэў як мага мацней, падручны каваля паддзімае ў горан паветра скураным мехам.

Пасярэдзіне кузні стаіць тоўстая калода з жалезнай падстаўкай — кавадла. На кавадле каваль працуе з гарачым металам. Побач знаходзіцца карыта з вадой.

На сценах кузні паліцы. На паліцах прыспасобы, якія зрабіў сам майстар. Тут вялікія і малыя малаткі, абцугі. Для прабівання адтулін у нагрэтым метале — прабойнікі. Зубілы, якімі каваль сячэ метал. Для вырабу цвікоў — цвікарні.

Каля сцяны з акенцам стаіць спецыяльны стол — варштат. На варштаце прымацаваны ціскі. Побач ляжаць інструменты для заточкі і рамонту вырабаў.

Скураны мех

Кавадла

Абцугі

Малаткі