Дзень 4

Майстэрня ганчара

Ганчарства

З даўніх часоў людзі карысталіся посудам з гліны. Рабілі гліняны посуд сапраўдныя майстры-умельцы.

Ганчарства — уменне вырабляць з гліны гаспадарчы посуд і іншыя рэчы.

Ганчар — майстар, які працуе з глінай.

Як нараджаецца посуд?

Спачатку ганчар капае гліну на глінішчы. Потым замочвае яе вадой, старанна вымешвае, дабаўляючы пясок. Далей майстар садзіцца за ганчарны круг — спецыяльны станок. Бярэ камяк вымешанай гліны, прымацоўвае яго на верхнім дыску ганчарнага круга. Нагою моцна раскручвае невялікі ніжні дыск. І вось тут адбываецца цуд. Пад умелымі пальцамі майстра вырастае гаршчок ці збанок. Пры жаданні ганчар аздабляе яго прамымі і хвалістымі палоскамі, кружочкамі і кропкамі, узорамі кветак і лісцікаў.

Гатовы выраб майстар акуратна зразае з круга тонкім дроцікам. Ставіць яго прасохнуць спачатку ў вільготным месцы, а потым у хаце. «Свежы» посуд баіцца скразнякоў і прамых сонечных промняў.