(Слайд 1)

Славянскага слова ўзорная нітка...

Мэта: паглыбіць веды навучэнцаў пра развіццё беларускага пісьменства і друку, асветніцкую дзейнасць нашых суайчыннікаў; далучаць да культурна-гістарычнай спадчыны беларусаў; стварыць умовы для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, фарміравання іх камунікатыўных уменняў і культуры маўлення; спрыяць выхаванню пачуцця патрыятызму, гонару за сваю краіну, павагі і любові да роднай мовы.

Абсталяванне: партрэты беларускіх асветнікаў; выстава літаратуры, прысвечанай тэме; мультымедыйная прэзентацыя.

(Слайд 2)

Запісы на дошцы выказванняў мастакоў слова пра родную мову:

Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор ‒ мова (Алесь Разанаў).

Роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет (Якуб Колас).

Мова ‒ гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ (Іван Мележ).

Хто забыў сваіх продкаў ‒ сябе губляе, хто забыў сваю мову ‒ усё згубіў (Уладзімір Караткевіч).

Форма правядзення: падарожжа ў часе.

(Слайд 3)

Эпіграф:

Дык шануй, беларус, сваю мову – гэты скарб наш на вечныя годы, за пашану радзімаму слову ўшануюць нас брацця-народы!

Алесь Гарун

Ход мерапрыемства

(Слайд 4)

Гучыць ціхая мелодыя.

Мая родная мова

У свеце шмат моў існуе,

І кожны народ сваёй ганарыцца.

Мілая сэрцу і родная мне,

Якая з часоў Скарыны іскрыцца.

І колькі б ні ганьбілі мову маю,

Яна для мяне святая спрадвеку.

У ёй адчуваю Радзіму сваю,

Блакітнасць азёр і шыр палеткаў.

Ад продкаў засталася ў спадчыну нам

Пявучая, звонкая, родная мова.

Няхай узнясецца насустрач вятрам

Адвечнае, моцнае, беларускае слова!

Iна Казлова

(Слайд 5)

Гучыць беларуская музыка.

I. Уступнае слова выкладчыка.

Выкладчык. Добры дзень! Шчыра вітаю вас, мае дарагія навучэнцы і госці!

Духоўнай каштоўнасцю кожнага народа з’яўляецца яго родная мова. Беларуская мова – гэта скарбніца беларускай культуры, усе элементы якой знаходзяць сваё выражэнне ў слове. Наша мова – адна з найбольш дасканалых моў свету. Трапная і мілагучная, яна заўсёды была прадметам гонару беларускага народа.

Ох, як доўга мы, беларусы, цураліся сваёй мовы і, як кажуць, хаваліся з ёю за печ перад чужымі людзьмі. Нават з’явілася такая думка, што мова наша – хамская, сялянская, непрыгожая, што на ёй нельга размаўляць з адукаваным чалавекам, нельга пісаць кніжкі, як на іншых мовах... Але няпраўда гэта! Мова наша – прыгожая, багатая, еўрапейская.

Сённяшняе мерапрыемства будзе своеасаблівым падарожжам у часе, у якім мы звернемся да гістарычнай і культурнай спадчыны нашай краіны, прыгадаем імёны тых, хто зрабіў усё, каб беларускае слова жыло ў вяках.

(Слайд 6)

Ля вытокаў беларускага друкаванага слова стаяў Францыск Скарына – асветнік, гуманіст, вучоны-медык, пісьменнік, які з’яўляецца сімвалам усёй беларускай культуры эпохі Адраджэння. Ён першы, хто ва Усходняй Еўропе адкрыў кнігадрукаванне і зрабіў кнігу даступнай вялікаму колу людзей. Францыск Скарына быў наватарам у выдавецкай справе: увёў тытульны ліст і аркушавую нумарацыю старонак замест сшыткавай. Шрыфтам, які распрацаваў Скарына, карысталіся яшчэ стагоддзе. Ён таксама быў публіцыстам, паэтам і нават мастаком. Зрабіў ілюстрацыі да асобных эпізодаў Бібліі, намаляваў аўтапартрэт, упрыгожыў тэкст застаўкамі і канцоўкамі. У Празе ў 1517 годзе заснаваў першую друкарню.

Многія беларускія пісьменнікі прысвячалі Ф.Скарыну ўзнёслыя словы:

Чытальнік 1.

Асветнік, вучоны

І першадрукар,

Наш гонар –

Францішак Скарына.

Запомні ўсім сэрцам,

Як велічны дар,

Радзімы

Славутага сына.

Праклаў ён дарогу

Да Слова, святла,

За матчыну мову

Паклікаў змагацца,

Каб вольнай заўсёды

Між вольных магла

Дзяржаваю

Белая Русь

Называцца.

Міхась Пазнякоў.

Выкладчык. Першая кніга «Псалтыр» Ф. Скарыны пабачыла свет 6 жніўня 1517 г. Таму галоўнай падзеяй у 2017 г. у першую чаргу стала 500-годдзе з пачатку выдавецкай дзейнасці нашага першадрукара, а Дзень беларускага пісьменства прайшоў на Радзіме Ф. Скарыны ў горадзе Полацку і быў прысвечаны гэтай знакавай даце.

(Слайд 7)

Дэманструецца фільм “Францыск Скарына”.

(Слайд 8)

Выкладчык. Некалькі слоў пра паслядоўнікаў Ф. Скарыны. Сымон Будны – асоба шматгранная. Мысліцель і пісьменнік, перакладчык і выдавец, адзін з самых адукаваных людзей свайго часу. Заснаваў у Нясвіжы друкарню. Там у 1562 г. была выдадзена на старабеларускай мове кніга “Катэхізіс”, у якой узнімаліся надзвычай актуальныя на той час праблемы чалавечага і грамадскага жыцця.

(Слайд 9)

Дэманструецца дакументальны фільм пра жыццё і асветніцкую дзейнасць Сымона Буднага.

(Слайд 10)

Выкладчык. Васíль Ця́пінскі – беларускі гуманіст-асветнік; таксама заснаваў друкарню, дзе надрукаваў “Евангелле” – адзін з лепшых узораў беларускай патрыятычнай публіцыстыкі 16 стагоддзя.

Міко́ла Гусо́ўскі – паэт Вялікага Княства Літоўскага і асветнік эпохі Адраджэння, прадстаўнік новалацінскай усходнееўрапейскай школы паэзіі. Аўтар паэмы “Песня пра зубра” (1523), якая распавядала свету пра беларусаў, нашым побыце, звычаях і вераваннях.

(Слайд 11)

Ефрасіння Полацкая – святая, якую здаўна шануюць як нябесную заступніцу беларускай зямлі. Свецкае імя – Прадслава. Нарадзілася ў Полацку, вучылася ў школе пры Сафійскім саборы. Рана пастрыглася ў манашкі. Займалася перакладчыцкай дзейнасцю, перапісваннем кніг Святога Пісання. Непадалёку ад Полацка Ефрасіння заснавала мужчынскі і жаночы манастыры, была фундатарам Спасаўскага сабора. Па яе заказе майстрам Лазарам Богшам быў зроблены славуты крыж. У канцы жыцця Ефрасіння Полацкая здзейсніла паломніцтва ў Іерусалім, дзе і памерла.

(Слайд 12)

Дэманструецца дакументальны фільм пра жыццё і асветніцкую дзейнасць Ефрасінні Полацкай.

(Слайд 13)

Выкладчык. Кірыла Тураўскі займае выключнае месца ў беларускай гісторыі. Манах-аскет, ахвярны пастыр, таленавіты пісьменнік і прапаведнік, “другі Залатавусны”, як называлі Кірылу за красамоўства, стаўся адным з найбольш вядомых усходнеславянскіх духоўных дзеячаў ХІІ стагоддзя.

(Слайд 14)

Дэманструецца дакументальны фільм “Жыццё і дзейнасць беларускага “Златавуста” Кірылы Тураўскага”.

(Слайд 15)

Гучыць музыка.

Выкладчык. У кожнага народа ёсць песняры, якія сілай свайго таленту вызначаюць не толькі шляхі развіцця роднай мовы, літаратуры, культуры, але і фарміруюць нацыянальную самасвядомасць, увасабляюць нацыянальную ідэю, даючы мэту і сэнс існавання не аднаму пакаленню. Яны становяцца сімваламі свайго народа. Для беларусаў імі з’яўляюцца Янка Купала і Якуб Колас.

Абодва нарадзiлiся ў адзiн год. I мэту выбралi для сябе адну. I ўсё жыццё аддана служылі ёй. Можа, таму яны вельмi блiзкiя па сваiх эстэтычных поглядах, грамадскiх iдэалах. Але ж розныя па творчай манеры: у кожнага свой голас, стыль, свой непаўторны жыццёвы шлях, чалавечы характар.

Сёлета мы адзначаем 140-годдзе з дня нараджэння нашых слынных класікаў нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.

(Слайд 16)

Дэманструецца дакументальны фільм “Песняры зямлі беларускай. Янка Купала”.

(Слайд 17)

Чытальнік 2.

Спадчына

Ад прадзедаў спакон вякоў

Мне засталася спадчына;

Памiж сваiх i чужакоў

Яна мне ласкай матчынай.

Аб ёй мне баюць казкi-сны

Вясеннiя праталiны,

I лесу шэлест верасны,

I ў полi дуб апалены.

Аб ёй мне будзiць успамiн

На лiпе бусел клёкатам

I той стары амшалы тын,

Што лёг ля вёсак покатам;

I тое нуднае ягнят

Бляянне-зоў на пасбiшчы,

I крык варонiных грамад

На могiлкавым кладбiшчы.

I ў белы дзень i ў чорну ноч

Я ўсцяж раблю агледзіны,

Цi гэты скарб не збрыў дзе проч,

Цi трутнем ён не з'едзены.

Нашу яго ў жывой душы,

Як вечны светач-полымя,

Што сярод цемры i глушы

Мне свецiць мiж вандоламi.

Жыве з iм дум маiх сям'я

I снiць з iм сны нязводныя…

Завецца ж спадчына мая

Усяго Старонкай Роднаю.

Янка Купала


(Слайд 18)

Дэманструецца дакументальны фільм “Песняры зямлі беларускай. Якуб Колас”.

(Слайд 19)

Чытальнік 3.

О край родны, край прыгожы!

О край родны, край прыгожы!

Мілы кут маіх дзядоў!

Што мілей у свеце божым

Гэтых светлых берагоў,

Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,

Дзе бары-лясы гудуць,

Дзе мядамі пахнуць грэчкі,

Нівы гутаркі вядуць;

Гэтых гмахаў безгранічных

Балатоў тваіх, азёр,

Дзе пад гоман хваль крынічных

Думкі думае прастор;

Дзе ўвосень плачуць лозы,

Дзе вясной лугі цвітуць,

Дзе шляхом старым бярозы

Адзначаюць гожа пуць?

Якуб Колас

Выкладчык. А цяпер правядзём невялікую віктарыну і праверым, наколькі вы ўважліва слухалі інфармацыю пра жыццё і творчасць Я. Купалы і Я. Коласа.

(Слайд 20)

II. Віктарына.

1. У якім годзе нарадзіліся Янка Купала і Якуб Колас?

(1882)

2. Месца нараджэння Янкі Купалы.

(ф. Вязынка)

3. Дзе знаходзіцца радзіма Якуба Коласа?

(з. Акінчыцы)

4. Назавіце сапраўднае імя Янкі Купалы.

(Іван Дамінікавіч Луцэвіч)

5. Сапраўднае імя Якуба Коласа.

(Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч)

6. Назавіце першыя вершы паэтаў.

(Я.Колас “Наш родны край”, Я. Купала “Мужык”)

7. У гонар якога пісьменніка ў Мінску названа плошча?

(Якуба Коласа)

(Слайд 21)

III. Дзень беларускага пісьменства.

Выкладчык. Для кожнага жыхара Беларусі першая нядзеля верасня асаблівая. Гэтым днём мы адзначаем вельмі значнае ў нашым духоўным жыцці свята – Свята Слова – Дзень беларускага пісьменства.

Традыцыйна месцамі яго правядзення з’яўляюцца гарады – цэнтры культуры і асветы нашай краіны – Полацк, Тураў, Нясвіж, Орша, Мір, Камянец, Хойнікі і г.д. Сёлета, 4 верасня, святочную эстафету прыме Добруш. Менавіта тут адбудзецца XXIX Дзень беларускага пісьменства.

(Слайд 22)

Відэаролік аб падрыхтоўцы да Дня беларускага пісьменства.

(Слайд 23)

Добрушская папяровая фабрыка “Герой працы” – адно з найстарэйшых прадпрыемстваў папяровай галіны на паўднёвым усходзе Рэспублікі Беларусь, якое адзначыла ў 2020 годзе сваё 150-годдзе.

Ідэя “зладзіць фабрыку, каб рабіць пісчай паперы” ў Добрушы належыць знакамітаму ваеннаму дзеячу Расійскай імперыі, уладальніку Гомельскага маёнтка генерал-фельдмаршалу графу І. Ф. Паскевічу, які яшчэ ў 1849 годзе даваў адпаведныя распараджэнні. Аднак ажыццявіць гэтую задуму змог толькі яго спадчыннік, генерал-ад’ютант Ф. І. Паскевіч (1870 г.). І ўжо праз два гады на фабрыцы пачалася вытворчасць некалькіх відаў папер: абгортачнай для ўпакоўкі цукру і тытуню, “запалкавай” для друкавання этыкетак, пісчай, друкаванай, газетнай. Палівам служылі дровы, з 1913 ‒ вугаль. У 1894 на фабрыцы уведзены 8 ‒ 9-гадзінны рабочы дзень. Да канца 19-га стагоддзя Добрушская папяровая фабрыка стала найбуйнейшым прадпрыемствам у краіне, займаючы ў “Спісе фабрык і заводаў Расійскай імперыі” 8-е месца.

(Слайд 24)

Высакаякасную фарфора-фаянсавую прадукцыю і посуд выпускае Добрушскі фарфоравы завод”.

(Слайд 25)

Знакамітым ураджэнцам Добрушскага краю з’яўляецца класік нацыянальнай літаратуры – пісьменнік, сцэнарыст і драматург Іван Шамякін. У мінулым годзе наша краіна адзначала 100-годдзе з дня нараджэння беларускага пісьменніка. Да дня беларускага пісьменства ў Добрушы ўсталявалі помнік Івану Шамякіну.

(Слайд 26, 27)

Дэманструецца дакументальны фільм “Іван Шамякін. Жыццё і творчасць”.

IV. Падвядзенне вынікаў мерапрыемства.

(Слайд 28)

Гучыць песня Андрэя Кунца “Гэта Беларусь мая”.

Выкладчык. Вось наша падарожжа пра развіццё беларускага пісьменства і славутых асветнікаў скончылася. Сёння беларуская мова, якую наш народ пранёс праз вякі, з’яўляецца найвялікшым нацыянальным скарбам. Ад вас, моладзі, залежыць яе лёс. Авалодвайце яе таямніцамі, беражыце яе залатыя россыпы, каб вашы нашчадкі змаглі з гонарам сказаць: “Жывое ў вяках беларускае слова!”.

V. Рэфлексія.

Выкладчык. Паважаныя навучэнцы! Выстаўце, калі ласка, наперад свае далоні і ўявіце: на адну трэба пакласці веды, якія вы атрымалі на мерапрыемстве, а на другую – пачуцці, эмоцыі, якія перапаўнялі вас падчас падарожжа, і цяпер злучыце іх (гучаць апладысменты).

(Слайд 29)

Дзякуй за ўвагу! Да новых сустрэч!