Напiсанае застаецца

(Слайд 1)

“Напісанае застаецца...”

(падарожжа-віктарына)

Мэта: абагульніць і пашырыць веды навучэнцаў пра развіццё беларускага пісьменства і культуры; выклікаць цікавасць да культурна-гістарычнай спадчыны беларусаў; стварыць умовы для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, фарміравання іх камунікатыўных уменняў і культуры маўлення; развіваць творчыя здольнасці; садзейнічаць выхаванню грамадзянскасці, пачуцця патрыятызму, гонару за Радзіму, павагі і любові да роднай мовы.

Абсталяванне: партрэты беларускіх асветнікаў; выстава кніг, прысвечаных тэме; мультымедыйная прэзентацыя.

Запісы на дошцы выказванняў мастакоў слова пра родную мову:

Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў (Францыск Скарына).

Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову (Якуб Колас).

Мова — гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ (Іван Мележ).

Хто не шануе родную мову, той не шануе сябе самога, ні свой род, ні сваіх дзядоў-бацькоў, якія той жа мовай гаварылі (Вацлаў Ластоўскі).

Хто забыў сваіх продкаў — сябе губляе, хто забыў сваю мову — усё згубіў (Уладзімір Караткевіч).

Форма правядзення: падарожжа-віктарына.

(Слайд 2)

Эпіграф:

Бясследна нішто не міне,

Гісторыю слова адродзіць.

Ты мост, па якім да мяне

Мінуўшчына ў госці прыходзіць.

Пятрусь Макаль.

Ход мерапрыемства

(Слайд 3)

Гучыць песня “Спадчына” (муз. І.Лучанка, сл. Я.Купалы) у выкананні ансамбля “Песняры”.

Чытальнік.

Слова наша роднае, хапала

На стагоддзі доўгія цябе.

Багдановіч, Колас і Купала

Прыпадалі да цябе ў журбе.

...Вымытае ў гулкіх навальніцах,

Нам як запавет перадалі,

Каб пілі і не маглі напіцца

I ўзнялі наўздзіў усёй зямлі.

Мова продкаў нашых і нашчадкаў —

Шэпт дубровы і пчаліны звон, —

Нам цябе ласкава і ашчадна

Спазнаваць ажно да скону дзён.

Па чужых краях не пабірацца.

Не аддаць цябе на забыццё.

Наша невычэрпнае багацце,

Наша несмяротнае жыццё.

Генадзь Бураўкін.

(Слайд 4)

Гучыць беларуская музыка.

I. Уступнае слова выкладчыка.

Выкладчык. Добры дзень, шаноўныя сябры! Рада вітаць вас у чытальнай зале. Жадаю атрымаць асалоду і задавальненне ад сённяшняга мерапрыемства, каб добры настрой не пакідаў вас увесь дзень.

«Родная мова... Яна ўваходзіць у наша жыццё з вуснаў маці. Прыгожае гучанне роднага слова мы пачынаем успрымаць з матчыных песень, цудоўных беларускіх казак, легендаў, паданняў. 3 роднай мовай мы пакідаем бацькоўскі парог, адпраўляючыся ў далёкія вандраванні. I пачуццё роднай зямлі, якое неяк губляецца, калі ты жывеш на ёй,

асабліва абвастраецца, калі апынаешся дзесьці далёка. I гэта невыпадкова. Бо мова — душа народа, векавая праца многіх пакаленняў, люстэрка духоўнага жыцця і творчасці грамадства, наш галоўны нацыянальны скарб. «Гэта мова першай матчынай калыханкі і апошняга "бывай", мова пажаўцелых статутаў і мова кахання», — пісаў Уладзімір Караткевіч.

Сённяшняе мерапрыемства будзе своеасаблівым падарожжам. Падчас гэтага падарожжа мы звернемся да гістарычнай і культурнай спадчыны нашай краіны, прыгадаем імёны тых, хто зрабіў усё, каб беларускае слова жыло ў вяках.

1-ы вядучы. Наша азбука і жывое беларускае слова, як і кожны чалавек, мае свой лёс, у якім бывалі і светлыя дні, і змрочныя часы. Кожная літара і да сёння захоўвае не адну таямніцу. Яна з’яўляецца своеасаблівым адбіткам лёсу кожнага з беларускіх першаасветнікаў, якія сваё жыццё прысвяцілі служэнню Слову.

2-і вядучы. Вось, напрыклад, літара “Б”.

(Слайд 5)

1-ы вядучы. Будны Сымон – асоба шматгранная. Мысліцель і пісьменнік, перакладчык і выдавец, адзін з самых адукаваных людзей свайго часу. Заснаваў у Нясвіжы друкарню. Там у 1562 г. была выдадзена на старабеларускай мове кніга “Катэхізіс”, у якой узнімаліся надзвычай актуальныя на той час праблемы чалавечага і грамадскага жыцця. Сымон Будны з’яўляецца аўтарам твораў рэлігійнага характару “Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам”, “Пра дзве сутнасці Хрыста” і інш.

(Слайд 6)

Дэманструецца дакументальны фільм пра жыццё і асветніцкую дзейнасць Сымона Буднага.

2-і вядучы. А літара “Е”?

(Слайд 7)

1-ы вядучы. З гэтай літары пачынаецца славутае імя асобы, якая за свае вялікія справы завецца святой Ефрасінняй. Без гэтага імя не магчыма ўявіць не толькі духоўнае жыццё Беларусі ХІІ ст., але і гісторыю нашай Радзімы. Ахвярная праца Ефрасінні Полацкай і яе славутых сучаснікаў (Клімента Смаляціча, Кірылы Тураўскага) дазволіла ўзняць культуру на вельмі высокі ўзровень.

2-і вядучы. Свецкае імя — Прадслава. Нарадзілася ў Полацку, вучылася ў школе пры Сафійскім саборы. Рана пастрыглася ў манашкі. Займалася перакладчыцкай дзейнасцю, перапісваннем кніг Святога Пісання. Непадалёку ад Полацка Ефрасіння заснавала мужчынскі і жаночы манастыры, была фундатарам Спасаўскага сабора. Па яе заказе майстрам Лазарам Богшам быў зроблены славуты крыж. У канцы жыцця Ефрасіння Полацкая здзейсніла паломніцтва ў Іерусалім, дзе і памерла.

(Слайд 8)

Дэманструецца дакументальны фільм пра жыццё і асветніцкую дзейнасць Ефрасінні Полацкай.

1-ы вядучы. Літара “К”.

(Слайд 9)

2-і вядучы. Кірыла Тураўскі займае выключнае месца ў беларускай гісторыі. Манах-аскет, ахвярны пастыр, таленавіты пісьменнік і прапаведнік, “другі Залатавусны”, як называлі Кірылу за красамоўства, стаўся адным з найбольш вядомых усходнеславянскіх духоўных дзеячаў ХІІ стагоддзя.

1-ы вядучы. Жыццёвы шлях Кірылы Тураўскага, гэтага выдатнага сына нашай зямлі, пачаўся ў старажытным Тураве ў сям’і багатых бацькоў. Але гэта яго не вабіла. Спачатку ў бацькоўскім доме, а потым у мясцовым епіскапскім манастыры будучы пісьменнік атрымаў высокую адукацыю, засвоіўшы веды і ідэі і візантыйскага, і рымскага свету. З-пад ягонага пяра выходзілі натхненныя аповесці, “словы”, прыпавесці (прытчы), пасланні і павучанні. Вялікая колькасць рукапісных твораў сведчыць пра папулярнасць святога Кірылы не толькі сярод беларусаў, але ва ўсім славянскім свеце.

(Слайд 10)

Дэманструецца дакументальны фільм “Жыццё і дзейнасць беларускага “Златавуста” Кірылы Тураўскага”.

2-і вядучы. Літара “П”.

(Слайд 11)

1-ы вядучы. Полацкі Сімяон – беларускі пісьменнік, перакладчык, асветнік, грамадскі і царкоўны дзеяч, аўтар кнігі “Букварь языка славенска”.

Нарадзіўся Самуіл Гаўрылавіч Пятроўскі-Сітніяновіч (гэта сапраўднае імя і прозвішча паэта) у Полацку ў заможнай купецкай сям’і. Скончыў Кіева-Магілянскую калегію і, па меркаванні некаторых даследчыкаў, Віленскую езуіцкую акадэмію. У 1656 г. вярнуўся ў Полацк, дзе, прыняўшы манаства, выкладаў у брацкай школе пры Багаяўленскім манастыры. У час прыезду цара Аляксея Міхайлавіча ў Полацк і Віцебск Сімяон прадэманстраваў свой паэтычны і педагагічны талент “расійскаму манарху”: 12 яго вучняў віталі цара тэатралізаванымі хвалебнымі “метрамі”. Гэта з’явілася адной з прычын запрашэння Сімяона Полацкага пераехаць у Маскву.

2-і вядучы. У Маскве ён быў сакратаром і перакладчыкам александрыйскага і антыяхійскага патрыярхаў, узначальваў лацінскую школу для царскіх людзей з Прыказа таемных спраў. З 1667 года быў прызначаны выхавальнікам і настаўнікам царскіх дзяцей, што, безумоўна, садзейнічала росту яго аўтарытэту. Памёр у жніўні 1680 года, пахаваны ў маскоўскім Заіконаспасаўскім манастыры.

(Слайд 12)

Дэманструецца відэафільм “Сімяон Полацкі”.

1-ы вядучы. А які лёс у літары “С”?

(Слайд 13)

Выкладчык. Скарына – слаўны сын полацкай зямлі. Яшчэ адно славутае імя, якое вядома ўсяму свету. Асоба Францыска Скарыны займае адно з ганаровых месцаў сярод дзеячаў эпохі Адраджэння і Рэфармацыі ў Беларусі. Гэты чалавек увайшоў у гісторыю нашай дзяржавы як першадрукар і вучоны, асветнік і гуманіст, паэт і медык, батанік і астраном. Сэнс усёй сваёй дзейнасці ён бачыў у служэнні народу. Скарына імкнуўся далучыць суайчыннікаў да набыткаў агульначалавечай культуры і рабіў гэта праз кнігі. Менавіта ён – Францыск Скарына – “прынёс свае кнігі дадому і сцвярджаў упэўнена, што “напісанае застаецца”.

Многія беларускія пісьменнікі прысвячалі Ф.Скарыну ўзнёслыя словы:

Чытальнік.

Асветнік, вучоны

І першадрукар,

Наш гонар –

Францішак Скарына.

Запомні ўсім сэрцам,

Як велічны дар,

Радзімы

Славутага сына.

Праклаў ён дарогу

Да Слова, святла,

Паклікаў змагацца,

Каб вольнай заўсёды

Між вольных магла

Дзяржаваю

Белая Русь

Называцца.

Міхась Пазнякоў.

Выкладчык. Першая кніга “Псалтыр” Ф. Скарыны пабачыла свет 6 жніўня 1517 г. Таму галоўнай падзеяй у 2017 г. у першую чаргу стане 500-годдзе з пачатку выдавецкай дзейнасці нашага першадрукара. Традыцыйна ў першую нядзелю верасня адзначаецца Дзень беларускага пісьменства, які ў 2017 г. пройдзе на Радзіме Ф. Скарыны ў горадзе Полацку і будзе прысвечаны гэтай знакавай даце.

(Слайд 14)

Дэманструецца фільм “Францыск Скарына”.

(Слайд 15)

Гучыць беларуская музыка.

Выкладчык. Сапраўды, напісанае застаецца. Засталася памяць пра людзей, якія стваралі кнігі на пергаменце і паперы, багата аздобленыя і сціплыя, рукапісныя і друкаваныя – яны захоўваюць традыцыі і звычаі, нашу мову, культуру, гісторыю.

Бацькаўшчына... Радзіма… Айчына… Родны край… Старонка родная… Нам трэба ведаць гісторыю нашай зямлі, ведаць імёны і шанаваць подзвігі продкаў, несці подых стагоддзяў у будучыню. Не пагарджаць сваім мінулым, а быць вартым яго... Звесткі пра сівую даўніну, пра падзеі даўно мінулых гадоў мы, безумоўна, можам знайсці ў летапісах.

(Слайд 16)

Чытальнік.

Душой стаміўшыся ў жыццёвых цяжкіх бурах,

Свой век канчае ён у манастырскіх мурах…

Ён пільна летапіс чацвёрты піша год.

І бачанаму ім – ён годны веры сведак.

Што тут чынілася ў даўнія гады,

Што думалі, аб чым спрачаліся тады,

За што змагаліся, як баранілі веру, –

Узнаюць усё гэта патомкі праз паперу!

Максім Багдановіч.

(Слайд 17)

1-ы вядучы. Першыя звесткі пра падзеі на тэрыторыі сучаснай Беларусі можна знайсці ў “Аповесці мінулых гадоў”. Яе склаў у пачатку ХII ст. манах Кіева-Пячэрскага манастыра Нестар.

2-і вядучы. Шлях да пісьменнасці быў доўгім і складаным. Прынята лічыць, што пачатак яму быў пакладзены каля шасці тысяч гадоў таму, прыкладна ў чацвёртым тысячагоддзі да нашай эры. Кніга ж на Беларусі з’явілася ў Х ст., разам з хрысціянствам. Яна прыйшла ўрачыста, на самае пачэснае месца. Якія б высокія, мураваныя ці драўляныя ні былі дамы ў горадзе і вёсцы, над кожным паселішчам велічна ўзвышаўся храм. А ў цэнтры храма, на спецыяльным прастоле, было месца кнігі – Евангелля – яго ўрачыста выносілі, яго цалавалі, як ікону, на Евангеллі прысягалі сведкі на судах.

Выкладчык. Першы крок да святла, да спазнання свету – гэта кніга... А цяпер правядзём віктарыну і праверым вашы веды па гісторыі і культуры нашай краіны.

(Слайд 18-21)

II. Віктарына.

1. Назавіце стваральнікаў славянскай азбукі. (Кірыла і Мефодзій)

2. Якая шрыфтаваная графіка ўжывалася ў беларускім пісьменстве? (Кірыліца)

3. Назавіце імя першай беларускай асветніцы. (Ефрасіння Полацкая)

4. Назавіце свецкае імя асветніцы. (Прадслава)

5. Назавіце імя майстра, які па заказе Ефрасінні зрабіў славуты крыж. (Лазар Богша)

6. Хто беларускі першадрукар? (Францыск Скарына)

7. Дзе і ў якой сям’і нарадзіўся Скарына? (Полацк, у сям’і купца)

8. Як называлася першая кніга, надрукаваная Ф.Скарынам, і ў якім горадзе была выдадзена? (“Псалтыр”, у Празе)

9. Каго з дзеячаў беларускай культуры ХІІ ст. называюць “Златавустам”? (Кірылу Тураўскага)

10. Хто выдаў у Нясвіжы першую беларускую кнігу “Катэхізіс”? (Сымон Будны)

11. Як па-іншаму называецца першапачатковы летапіс (Нестараў летапіс)? (Аповесць мінулых гадоў)

12. Колькі год з пачатку кнігадрукавання адзначае Беларусь у 2017 годзе? (500 год)

III. Падвядзенне вынікаў мерапрыемства.

(Слайд 22)

Гучыць песня “Гэта мая Беларусь”.

Выкладчык. Наша падарожжа-віктарына пра развіццё беларускага пісьменства і славутых асветнікаў скончылася. Сёння беларуская мова, якую наш народ пранёс праз вякі, з'яўляецца найвялікшым нацыянальным скарбам. Ад вас, моладзі, залежыць яе лёс. Авалодвайце яе таямніцамі, беражыце яе залатыя россыпы, каб вашы нашчадкі змаглі з гонарам сказаць: «Жывое ў вяках беларускае слова!».

(Слайд 23)

Гучыць ціхая музыка.

Мая родная мова

У свеце шмат моў існуе,

І кожны народ сваёй ганарыцца.

Мілая сэрцу і родная мне,

Якая з часоў Скарыны іскрыцца.

І колькі б ні ганьбілі мову маю,

Яна для мяне святая спрадвеку.

У ёй адчуваю Радзіму сваю,

Блакітнасць азёр і шыр палеткаў.

Ад продкаў засталася ў спадчыну нам

Пявучая, звонкая, родная мова.

Няхай узнясецца насустрач вятрам

Адвечнае, моцнае, беларускае слова!

Iна Казлова

IV. Рэфлексія.

Выкладчык. Паважаныя навучэнцы! Выстаўце, калі ласка, наперад свае далоні і ўявіце: на адну трэба пакласці веды, якія вы атрымалі на мерапрыемстве, а на другую – пачуцці, эмоцыі, якія перапаўнялі вас падчас падарожжа, і цяпер злучыце іх (гучаць апладысменты).

(Слайд 24)

Гучыць песня “Вечна жыві, мая Беларусь”.

Дзякуй за ўвагу! Да новых сустрэч!