Шчаслівы выпадак
«Шчаслівы выпадак»: інтэлектуальная гульня
Мэта: садзейнічаць паглыбленню і абагульненню ведаў навучэнцаў, атрыманых на ўроках гісторыі, геаграфіі, мовы і літаратуры; ствараць умовы для развіцця пазнавальнай актыўнасці, інтэлектуальных магчымасцей і творчых здольнасцей навучэнцаў, іх камунікатыўнай культуры; спрыяць выхаванню павагі да роднай зямлі, свайго народа, яго культуры, падтрымліваць цікавасць да вывучэння беларускай мовы і літаратуры.
Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне: мультымедыйная прэзентацыя з музычным афармленнем, раздатачны матэрыял, аркушы паперы для членаў журы.
Ход мерапрыемства
1. Арганізацыйны момант.
2. Уступнае слова выкладчыка.
Паведамленне тэмы, мэты.
Прадстаўленне каманд, журы.
Правілы гульні:
Перад пачаткам гульні каманды аднаго ці паралельных груп займаюць месцы ў супрацьлеглых баках чытальнай залы. Насупраць размяшчаюцца гледачы, асобна – журы (навучэнцы іншых груп, педагогі). У вядучага маюцца карткі з пытаннямі для кожнай каманды.
Мерапрыемства варта праводзіць падчас Тыдня беларускай мовы і літаратуры для навучэнцаў 1 – 2 курсаў. Напярэдадні мэтазгодна арганізаваць з удзельнікамі гульні кансультацыі, каб растлумачыць дзецям, якія заданні і пытанні ім будуць прапаноўвацца: пытанні па мове і літаратуры, гісторыі Беларусі, тэорыі літаратуры; заданні закончыць прыказку ці прымаўку; замяніць фразеалагізм сінонімам; падабраць беларускі адпаведнік запазычанаму слову ці наадварот; пытанні жартоўнага зместу і г.д.
Прапанаваныя варыянты пытанняў падабраны з улікам іх цяжкасці: ад простых (для размінкі) да складаных. Выкладчыкі могуць выкарыстаць некаторыя пытанні на ўроках мовы і літаратуры, калі праводзяцца хвіліны адпачынку. Магчыма, нехта выкарыстае іх для гульні “Поле цудаў”.
Выкладчык. Добры дзень, дарагія дзеці, шаноўныя госці! Я вельмі рада вас бачыць і з вялікім задавальненнем запрашаю прыняць удзел у інтэлектуальнай гульні “Шчаслівы выпадак”.
Мы – беларусы. Нас называюць памяркоўнымі, гасціннымі, шчырымі людзьмі. Беларусы вылучаюцца ветлівай усмешкай і мілагучнай, напеўнай мовай, а таксама сваёй гісторыяй, літаратурай і традыцыямі. І жывём мы ў прыгожай краіне, якую Янка Сіпакоў назваў “зялёным лістком на планеце Зямля”.
Рабяты! Прапаную вам мерапрыемства, у ходзе якога вы зможаце ўзбагаціць свае веды пра культуру, гісторыю, геаграфію Беларусі, пра родную мову і літаратуру, а таксама праявіць свае творчыя здольнасці і прадэманстраваць уменне працаваць у камандзе. Жадаю вам станоўчых эмоцый, яркай гульні, прыемных перамог. Будзьце дзейнымі лідарамі, пакажыце на справе вынікі нашай з вамі працы!
Не будзем марнаваць час. Мы пачынаем!
3. Інтэлектуальная гульня “Шчаслівы выпадак”.
Адборачны тур.
Загадкі.
1.Ляцела сарока, за ёю сорак. Колькі ляцела? (Двое)
2.Хто гаворыць на ўсіх мовах? (Язык)
3.Які год цягнецца адзін дзень? (Новы год)
4.На што каню хамут кладуць? (На шыю)
5.Запалілі чатыры свечкі, адну патушылі. Колькі засталося? (Адна, бо тры згарэлі)
6.Чаму пастух пугу носіць? (Бо сама не ходзіць)
7.Несла гаспадыня ў кошыку дзесяць яек, а дно ўпала. Колькі засталося? (Усе разбіліся)
8.Якая мушка не лятае? (На стрэльбе)
9.Дзе гарады без людзей, а рэкі без вады? (На глобусе, на карце)
10. Што спачатку жанчына робіць з гаршком, калі пачынае варыць абед? (Паглядзіць у яго)
Гейм I. “Размінка”.
На абдумванне адказу даецца 10-15 секунд. За кожны правільны адказ залічваецца адзін бал.
Пытанні камандзе А:
1. Сталіца Рэспублікі Беларусь. (Мінск.)
2. Другі хлеб беларусаў. (Бульба.)
3. Птушка – сімвал Беларусі. (Бусел.)
4. Рэспубліканская дзіцячая газета на беларускай мове. (“Раніца”.)
5. Сапраўднае імя Янкі Купалы. (Іван Дамінікавіч Луцэвіч.)
Пытанні камандзе Б:
1. Хатні Дзед Мароз. (Халадзільнік ці маразільнік.)
2. Сталіца Вялікага Княства Літоўскага. (Вільня.)
3. Множны лік назоўніка “чалавек”. (Людзі.)
4. Перапынак падчас спектакля. (Антракт.)
5. Часопіс, які з’яўляецца пасля дажджу. (“Вясёлка”.)
Гейм II. “Далей, далей...”
На абдумванне адказаў адводзіцца 30 секунд. За кожны правільны адказ каманда атрымлівае два балы. Калі каманда не ведае адказу, у гульні ўдзельнічаюць гледачы (балельшчыкі.)
Пытанні камандзе А:
1. Вядомы з XVI стагоддзя лялечны тэатр на Беларусі. (Батлейка.)
2. З чаго робяць манныя крупы? (З пшаніцы.)
3. Першы згаданы ў летапісах полацкі князь. (Рагвалод.)
4. Вобад з металу ці гнуткага дрэва, які набіваецца на бочкі, кадушкі і падобныя да іх рэчы. (Абруч.)
5. Назавіце аўтара вершаваных радкоў:
Мой родный кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе не маю сілы!.. (Я. Колас.)
Пытанні камандзе Б:
1. Чым малолі зерне? (Жорнамі.)
2. Хто зрабіў славуты крыж Ефрасінні Полацкай? (Лазар Богша.)
3. Сыты галоднаму не… (Таварыш.)
4. Друкаванае або вуснае паведамленне, якое даводзіцца да ўсеагульнага ведама. (Аб’ява.)
5. Каму належаць словы :
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына. (Я. Купала.)
Музычная паўза.
Гучыць запіс песні “Я люблю Беларусь” у выкананні Анастасіі Віннікавай.
(На «Еўрабачанні – 2011» прадстаўляла нашу краіну, у фінал не прайшла.)
Гейм III. “Конкурс капітанаў каманд”.
Вядучы хутка чытае пытанні, на якія капітаны павінны адразу даць адказ. Першым адказвае капітан той каманды, якая ў мінулых геймах набрала большую колькасць балаў. За правільны адказ залічваецца адзін бал.
Пытанні капітану каманды А:
1. Які год лічыцца годам заснавання горада Гомеля? (1142 год.)
2. Маладая істота, якая нарадзілася ў каровы. (Цяля.)
3. Свецкае імя Ефрасінні Полацкай. (Прадслава.)
4. Арфаграфія. (Правапіс.)
5. Найбольшая рака Беларусі. (Дняпро.)
Пытанні капітану каманды Б:
1. Першае літаратурнае аб’яднанне на Беларусі. (“Маладняк”.)
2. Склоны, акрамя назоўнага. (Ускосныя.)
3. Сын Рагнеды і кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча. (Ізяслаў.)
4. Кніга для першапачатковага навучання грамаце і развіцця мовы. (Буквар.)
5. Урачыстая песня ў гонар важнай падзеі ці асобы. (Ода.)
Гейм IV. “Збяры прыказку”.
На таблічках (экране) напісаны пачатак прыказкі, а навучэнцы павінны яе ўспомніць цалкам. На абдумванне адводзіцца да 3 хвілін. За правільны адказ каманда атрымлівае 1 бал.
Узор: «Хто чужога не шкадуе... той свайго не мае».
Камандзе А:
Па адзенні сустракаюць... па розуму выпраўляюць.
Няма лепшай вадзіцы... як з роднай крыніцы.
Сем разоў адмерай... адзін раз адрэж.
Камандзе Б:
Новых сяброў набывай... а старых не забывай.
Чужая зямелька... як зморанаму пасцелька.
За двума зайцамі пагонішся... ні аднаго не зловіш.
Конкурс балельшчыкаў. Пытанні гледачам.
За правільны адказ даецца папяровы буслік.
1. Трэцяя зорка на небасхіле беларускай паэзіі. (Максім Багдановіч.)
2. Білінгвізм. (Двухмоўе.)
3. Прызначаная для друку, радыё, тэлебачання гутарка якой-небудзь асобы з карэспандэнтам. (Інтэрв’ю.)
4. Мастацкае азначэнне, прыметнік. (Эпітэт.)
5. Шаблонны выраз, трафарэт. (Штамп.)
6. Алфавіт, створаны хрысціянскімі прапаведнікамі Кірылам і Мяфодзіем. (Кірыліца.)
7. Вета. (Забарона.)
8. Тое, што з’яўляецца падабенствам чаго-небудзь. (Аналаг.)
9. Цар пушчы. ( Зубр.)
10. Як раней называлі канікулы? (Вакацыі.)
Гейм V. “Гонка за лідэрам”.
Перамагае каманда, якая хутчэй дасць правільны адказ.
1.Чалавек, ператвораны чараўніком у воўка, ці сам чараўнік у воўчым абліччы. (Ваўкалак)
2.Ноч з моцнымі грымотамі, маланкамі, страшэнным ветрам і праліўным дажджом, якая беларусамі штогод чакалася ў канцы лета. (Арабінавая, ці вераб’іная)
3.Полацкая князёўна з трыма імёнамі. Назавіце іх. (Рагнеда, Гарыслава, Анастасія)
4.Пагадовы запіс найбольш важных эканамічных, культурных і палітычных падзей у храналагічнай паслядоўнасці. (Летапіс)
5.Нарадзіўся ў Полацку, жыў у ХV- ХVІ стст., друкар. (Францішак Скарына)
6.Рака-вуліца ў старажытным Мінску. (Няміга)
7.Пункт вышэйшага напружання ў развіцці дзеяння, сюжэта мастацкага твора. (Кульмінацыя)
8.Аўтар камедыі “Хто смяецца апошнім”. (Кандрат Крапіва)
9.Слоўнік, у якім раскрываецца лексічнае значэнне слова. (Тлумачальны)
10.Антонім да слова арашэнне. (Асушэнне)
11.Зменная частка слова. (Канчатак)
12.Аўтар першай “Беларускай граматыкі”. (Браніслаў Тарашкевіч)
13.Аўтар зборніка “Гусляр”. (Янка Купала)
14.Дзявочы галаўны ўбор, які звычайна рабіўся з бярозавых галінак ці лубу, абцягваўся тканінай або скурай, вышынёй да 13 см. (Вяночак)
15.Невялікае паселішча на 1-5 двароў. У такім паселішчы нарадзіўся Янка Купала. (Фальварак)
4. Падвядзенне вынікаў мерапрыемства. Віншаванне ўдзельнікаў інтэлектуальнай гульні “Шчаслівы выпадак”.
Дэманструецца відэаролік “Беларусь”.
Журы падлічвае і аб’яўляе колькасць балаў, якія набралі каманды, называе пераможцу сярод іх. Узнагароджванне ўдзельнікаў гульні.
5. Рэфлексія.
Прапануецца прааналізаваць сваю працу ў камандзе.
Выкладчык.
Дзякую вам за ўдзел і падтрымку ў інтэлектуальнай гульні. Жадаю вам творчых поспехаў, моцнага здароўя і ўсяго найлепшага. Да новых сустрэч!