«Паэтам няма замены!»

Літаратурна-музычная кампазіцыя,

прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча

«Хто мы такія? Толькі падарожныя, папутнікі сярод нябёс. Нашто ж на зямлі сваркі і звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор?»

М. Багдановіч

Гучыць фонавая мелодыя.

Выкладчык.

Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.

Каб светла-залатую яго ніць

Віць і далей – любоўю, справай дзейнай

Ды словам, што ад справы неаддзелена.

Тварыць!

Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.

Надзеяй, праўдай, мужным парываннем,

Высакародным, дружным намаганнем,

Што потым зоркай у вяках гарыць.

Тварыць!

Анатоль Вярцінскі

Добры дзень усім! Рада вітаць вас на літаратурна-музычнай кампазіцыі, прысвечанай 130-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча, – паэта з рэдкім мастацкім дарам, самай яркай зоркі пасля Янкі Купалы і Якуба Коласа на небасхіле беларускай паэзіі.

«Вялікі грамадзянін і патрыёт, ён усё сваё кароткае жыццё аддаў служэнню народу... Чалавек шырокай адукацыі, энцыклапедыст у самым поўным сэнсе гэтага слова, Максім Багдановіч ад самых пачаткаў сваёй творчасці быў у абсягу перадавых агульначалавечых ідэй, у якіх ён знаходзіў месца беларускай нацыянальнай думцы... Шчасце свайго народа ён бачыў у выхадзе яго на шырокую арэну агульначалавечай гісторыі», – так пісаў Кузьма Чорны пра Максіма Багдановіча.

Дэманструюцца слайды з партрэтамі М. Багдановіча, гучыць спакойная мелодыя. 1-шы чытальнік выконвае верш паэта «Мае песні».

Выходзяць вядучыя пад ціхую мелодыю.

Вядучы 1. Усе, хто асабіста ведаў Максіма Багдановіча, успамінаюць яго як надта прыгожага чалавека: высокага юнака з правільнымі рысамі твару, з хвалістай прычоскай буйных каштанавых валасоў (фота паэта), з адухоўленымі вачыма, якія то здаваліся цёмна-блакітнымі, то загараліся карычневымі іскаркамі, і тады станавіліся задуменнымі. І, кажуць, што ніводная з дайшоўшых да нас фатаграфій нават блізка не перадае абаяльнасць гэтага чалавека.

Вядучы 2. Ён пражыў вельмі кароткае жыццё – усяго 25 гадоў, але плёну гэтага жыцця, кароткага і яркага, як бліскавіца, суджана тое даўгалецце, якім лёс надзяляе ўсё сапраўды таленавітае на зямлі.

2-гі чытальнік выконвае верш паэта «Летапісец».

Вядучы 3. 9 снежня 1891 года ў Мінску (слайд – дом, дзе нарадзіўся паэт) запалілася яркая зорка сусвету: нарадзіўся чалавек незвычайнага таленту і незвычайнага лёсу. Таленту яму было дадзена ад прыроды столькі, што ён мог бы высякаць ім чароўны агонь паэзіі доўгія дзесяцігоддзі. Максім пісаў на роднай беларускай мове. Мове бацькоў і прадзедаў ён навучыўся з кніг.

Вядучы 1. Бацька паэта быў выдатным беларускім вучоным-этнографам, меў багатую бібліятэку самых разнастайных кніг пра Беларусь, якімі захапіўся ў дзяцінстве Максім. Менавіта гэтыя кнігі абудзілі ў ім цікавасць да роднага краю, яго трагічнага лёсу, яго людзей і прыроды – цікавасць, якая перарасла затым у самаахвярную любоў, вялікую мэту ўсяго жыцця.

Вядучы 2. Маці паэта, Марыя Апанасаўна Мякота, была адукаваным чалавекам. Яна скончыла настаўніцкія курсы, любіла літаратуру і нават сама спрабавала пісаць апавяданні, якія былі надрукаваны ў «Гродзенскіх губернскіх ведамасцях».

Вядучы 3. Ранняе дзяцінства будучага паэта прайшло ў Гродна, куды праз 8 месяцаў пасля нараджэння Максіма пераехалі бацькі. На 28 годзе жыцця ад сухотаў памірае маці Максіма. Пахавана ў г. Гродна.

Страта маці – дарагога і любімага чалавека – вострым болем адбілася ў сэрцы Максіма, а пазней і ў творчасці пакінула глыбокі след.

Вядучы 1. Пасля смерці маці сям’я Багдановічаў пераехала ў Ніжні Ноўгарад. Ад жыцця ў Ніжнім Ноўгарадзе ў Максіма засталіся цікавыя і радасныя ўспаміны. Незабыўнае ўражанне зрабілі на яго вялікі горад, Волга, сустрэча з новымі людзьмі. Тут Адам Ягоравіч знаёміцца, а потым і родніцца з Максімам Горкім.

Вядучы 2. Вучыцца Максім пачаў з шасці гадоў. Да гэтага з ім займаўся бацька, які меў педагагічную адукацыю, а ў 1902 годзе Максім паступае ў Ніжагародскую мужчынскую гімназію. Гэта быў удумлівы, крыху замкнуты, сціплы, не па гадах сур’ёзны хлопец. Рана пачаў ён задумвацца над жыццём. Гэтаму спрыялі абставіны.

Вядучы 3. У краіне нарастаў рабочы рух, а ў 1905 г. пачалася рэвалюцыя. Рэвалюцыйная бура дасягнула Ніжняга Ноўгарада. Паўсталі рабочыя Сормава. Пачаліся хваляванні і сярод вучнёўскай моладзі. Гімназісты «бунтавалі», патрабавалі свабоды, пратэставалі супраць рэакцыйна настроеных выкладчыкаў. У хваляваннях прымаў удзел і Багдановіч, за што набыў рэпутацыю «нядобранадзейнага» гімназіста.

Вядучы 1. Паэтычныя здольнасці Максіма праявіліся рана. Вершы ён стаў пісаць, калі яму было дзесяць гадоў, але толькі ў 1907 г. на старонках «Нашай нівы» з’явіўся яго першы твор – лірычнае апавяданне «Музыка». Гэта быў літаратурны дэбют М. Багдановіча, пачатак яго літаратурнай дзейнасці.

Дэманструецца слайд з выявай будынка гімназіі, факсімільнае выданне газеты «Наша ніва».

Вядучы 2. У 1908 годзе сям’я Багдановічаў пераехала ў горад Яраслаўль, куды быў пераведзены па службе Адам Ягоравіч. Максім паступіў у шосты клас Яраслаўскай гімназіі.

Вядучы 3. У сямнаццаць гадоў ён ўжо піша вершы, якія мы сёння называем хрэстаматыйнымі. Максімам-кніжнікам называлі яго бацька і сябры-гімназісты. Кнігі ляжалі ў яго на стале, ён прыносіў іх з гімназічнай і ліцэйскай бібліятэк, ад знаёмых – адусюль, дзе толькі можна было іх дастаць.

Вядучы 1. Малады чалавек, які амаль не памятаў роднага краю, адлучаны ад роднай беларускай зямлі сотнямі вёрст, заспяваў аб ёй велічную і прыгожую, бязрадасную і балючую песню. І заспяваў на роднай матчынай мове.

3-ці чытальнік выконвае верш паэта «Краю мой родны, як выкляты богам».

Вядучы 2. Максім быў чалавекам вялікага і палымянага сэрца, любіў жыццё ва ўсіх яго праявах і славіў красу зямнога жыцця, красу чалавека і прыроды, красу жанчыны і мацярынства.

4-ты чытальнік выконвае верш «Санет».

5-ты чытальнік выконвае верш «Па-над белым пухам вішняў».

Гучыць песня «Па-над белым пухам вішняў» (муз. І. Паліводы).

Вядучы 3. Бацька паэта быў выдатным беларускім вучоным-этнографам, меў багатую бібліятэку самых разнастайных кніг пра Беларусь, якімі захапіўся ў гады дзяцінства і Максім. Менавіта гэтыя кнігі абудзілі ў ім цікавасць да роднага краю, яго трагічнага лёсу, яго людзей і прыроды – цікавасць, якая перарасла затым у самаахвярную любоў, вялікую мэту ўсяго жыцця.

6-ты чытальнік выконвае верш паэта «Зімой».

Вядучы 1. Свае адносіны да свету прыроды, свае пачуцці, абуджаныя ёю, Багдановіч выказвае спакойна, стрымана. І толькі па тым, з якім майстэрствам стварае ён малюнкі, як тонка перадае хараство беларускіх пейзажаў, можна меркаваць аб яго вялікай сыноўняй павазе і любові да роднай зямлі, да яе чароўнай красы.

7-мы чытальнік выконвае верш «Замёрзла ноччу шпаркая крыніца».

8-мы чытальнік выконвае верш «Ціха па мяккай траве».

Вядучы 2. Як бы кідаючы бясстрашны выклік царскаму ўраду, які чыніў здзек над працоўным беларускім людам, аплёўваў яго духоўныя здабыткі, яго культуру і мову, малады чалавек, што амаль не помніў роднага краю, быў аддзелены ад Радзімы не толькі тысячамі вёрст, але і тысячамі сцен глухой і злоснай нянавісці, заспяваў аб ім велічную і прыгожую, бязрадасную і балючую, гнеўную і пяшчотную песню на роднай матчынай мове.

Вядучы 3. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, Багдановіч марыў аб вучобе ў Пецярбургскім універсітэце, хацеў прысвяціць сябе навуковай дзейнасці. Яго цікавіла беларуская філалогія. Але нязгода бацькі, слабае здароўе і матэрыяльная незабяспечанасць былі перашкодай для гэтага. У 1911 г. паэт паступіў у Яраслаўскі юрыдычны ліцэй.

Вядучы 1. Гады вучобы ў ліцэі – важны этап у духоўным і творчым развіцці Багдановіча. Гэта былі гады настойлівай працы над сабой, паглыблення ведаў. У гэты час ён напісаў свае лепшыя творы. Яго вершы і крытычныя артыкулы часта з’яўляліся ў «Нашай ніве», у рускіх газетах і часопісах «Голос», «Северная газета», «Русский экскурсант».

Вядучы 2. Край васільковых палёў усе гады няспынна вабіў Багдановіча. Ён імкнуўся ў Беларусь, на радзіму, дзе асабліва блакітнае неба, асабліва буйныя зоркі… І ў 1911годзе паэт упершыню наведаў Беларусь пасля доўгай разлукі (слайд – Багдановіч у Вільні).

Вядучы 3. Два месяцы працягвалася знаёмства з радзімай. І малады паэт шчыра расказваў пра народнае гора ў сваіх пранікнёных вершах. Ён адкрыў для сябе Беларусь як краіну, якая на ўсю Еўропу праславіла сябе слуцкімі паясамі (слайд – слуцкія паясы). Пасля наведвання Віленскага музея, дзе ён іх убачыў, паліліся радкі…

9-ты чытальнік выконвае верш паэта «Слуцкія ткачыхі».

Гучыць песня «Слуцкія ткачыхі»на верш М. Багдановіча.

Вядучы 1. У 1913 г. выйшаў з друку першы зборнік яго вершаў «Вянок». Гэта была яго першая і апошняя выдадзеная пры жыцці кніга. У ёй ён сказаў пра ўсё самае важнае, самае дарагое, чым жыла яго душа, чым поўнілася набалелае сэрца.

Вядучы 2. 3 жыццём Багдановіча цесна спалучаны лёс Ганны Какуевай (слайд – «Фотаздымак Ганны Какуевай»). Яна – сястра таварыша Максіма, гімназістка, удзельніца вясёлых вечарынак, якая на ўсё жыццё паланіла сэрца паэта. Светлае пачуццё кахання стала асновай паэмы «Вераніка», у якой паэт стварыў вобраз каханай, поўны высокай красы і чароўнасці.

10-ты чытальнік выконвае верш «І зноў пабачыў я сялібы».

Гучыць песня «Вераніка» (сл. М. Багдановіча, муз. I. Лучанка).

Вядучы 3. Сапраўдным шэдэўрам інтымнай лірыкі М. Багдановіча з’яўляецца раманс «Зорка Венера». Як кранае ён глыбокай задушэўнасцю, душэўнай чысцінёй, праўдзівасцю выказаных пачуццяў!

11-ты чытальнік выконвае верш «Зорка Венера».

Гучыць раманс «Зорка Венера» (сл. М. Багдановіча, муз. С. Рак-Міхайлоўскага).

Вядучы 1. Паэт усё больш занепадаў на здароўе. Адчуваў сябе вельмі дрэнна, блізілася трагічная развязка. Максім гэта ведаў і яшчэ больш настойліва працаваў, а думкі і пачуцці, якімі жыў, так і прасіліся на паперу. Сябры сабралі грошы, каб адправіць яго на лячэнне ў Крым.

Вядучы 2. Дарога ў Крым была цяжкай, яна стаміла паэта. Цяжка было адшукаць у Ялце кватэру. Нарэшце Максім натрапіў на пакой, які здавалі на другім паверсе (слайд – дом у Ялце, дзе памёр М. Багдановіч). Падняўшыся на сходах, зняможаны сеў на крэсла і сказаў гаспадыні: «Нікуды больш не пайду!»

Вядучы 3. Памёр Максім Багдановіч 25 (12 старога стылю) мая 1917 г. у Ялце. 3 ім не было ні родных, ні сяброў. За некалькі дзён да смерці ён напісаў бацьку: «Будзь здароў, стары верабей. Маладому вераб’ю блага».

Вядучы 1. Пахаваны паэт у Ялце на Ауцкіх (цяпер Брацкіх) могілках. У Мінску, блізка ад таго месца, дзе ён нарадзіўся, на Траецкай гары, недалёка ад Акадэмічнага тэатра оперы і балета, стаіць выліты з бронзы помнік выдатнаму паэту – даніна ўдзячнай памяці беларускага народа. У правай руцэ ён трымае букет васількоў – сімвал радзімы, роднага мастацтва.

Вядучы 2. Працуюць музеі Багдановіча ў Мінску, Гродна, Яраслаўлі; імя паэта носяць вуліцы ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, у Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі і Ялце, школы і бібліятэкі ў розных беларускіх гарадах.

Дэманструецца відэафільм пра музеі ў гонар М. Багдановіча.

Выкладчык. У народзе кажуць, што з нараджэннем чалавека на небе з’яўляецца новая зорка і ззяе да той пары, пакуль чалавек не памрэ. Зорка ж, якая з’явілася з нараджэннем М. Багдановіча, зіхаціць і па сённяшні дзень, бо гэты выдатны беларускі пясняр жыве ў памяці і ў сэрцы цэлага народа.

12-ты чытальнік чытае верш «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...».

Выкладчык. Вось і скончылася наша сустрэча з Максімам Багдановічам. Спадзяёмся, што вы разам з намі з задавальненнем прайшліся па сцяжынках жыцця і творчасці класіка літаратуры. Дзякуем усім, хто быў з намі, дзякуем кожнаму чалавеку, хто любіць Багдановічава слова, якое прабілася на прастор.