Цікавыя факты, звязаныя з Максімам Багдановічам

Максім Багдановіч – унікальная з’ява не толькі ў беларускай , але і ў сусветнай літаратуры.

Нарадзіўся паэт у г. Мінску 9 снежня 1891 г. на тагачаснай Аляксандраўскай вуліцы ў доме Карказовіча на Траецкай гары, што насупроць сённяшняга сквера Нацыянальная вялікага тэатра оперы і балета. Гэты дом быў знесены падчас будаўніцтва так званага Дома Чыжа. Пры гэтым была юрыдычна аформлена дамоўленасць з фірмай “Трайпл” аб аднаўленні дома, але фірма так і не выканала пагадненне. Замест гэтага быў пастаўлены знак аб тым, што на гэтым месцы калісьці стаяў дом, у якім нарадзіўся пісьменнік. Сёння Аляксандраўская вуліца носіць імя нашага славутага песняра, а ў доме № 7 а знаходзіцца Літаратурны музей Максіма Багдановіча. 

Ніна Ватацы, 1950-я гг. З фондаў НББ

Галоўны бібліёграф аддзела беларускай літаратуры Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У. І. Леніна (сёння Нацыянальная бібліятэка Беларусі) Ніна Барысаўна Ватацы зрабіла найвялікшы ўнёсак у справе адкрыцця музеяў Максіма Багдановіча. Дзякуючы Паўлу Адамавічу Багдановічу, стрыечнаму брату пісьменніка, у Беларусь вярнулася вялікая колькасць рукапісаў Максіма Багдановіча, якія знаходзіліся ў Яраслаўлі, у яго сясцёр у Ніжнім Ноўгарадзе (у 60-ых гг. – Горкі), таксама рукапісы захоўваліся ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Я. Купалы НАН Беларусі. Гэты каштоўны фонд быў падзелены на чатыры часткі. Першая – склала 153 сямейны фонд Багдановічаў у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ), другая – у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча; трэцяя – у Ракуцёшчыне, а апошняя чацвёртая – у Гродне. На вялікі жаль, Павел Адамавіч Багдановіч памёр ад анкалогіі ў 1968 г., так і не дажыўшы да адкрыцця пералічаных музеяў брата. Як і не дажыў да ўстаноўкі надмагільнага помніка на старых Ялцінскіх могілках.

Апошнія лісты да Ніны Барысаўны ён дыктаваў ці сваёй жонцы, ці каму-небудзь з наведвальнікаў, якія дастаўлялі іх даследчыцы. Часцей за іншых у іх бываў Алесь Бачыла і большасць лістоў Паўла Адамавіча Багдановіча да Ніны Барысаўны Ватацы была дастаўлена ім з Яраслаўля. Праз невыносныя болі ў Паўла Багдановіча не гнуліся пальцы, і ён не мог пісаць сам. Але ўсё роўна, пакуль мог гаварыць, паведамляў Н. Ватацы ўсё новыя і новыя факты з жыцця свайго старэйшага і вельмі таленавітага брата.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча ў Мінску па вул.М. Багдановіча, 7а

На тэрыторыі Беларусі дзейнічае чатыры музея паэта: Літаратурны музей Максіма Багдановіча, філіял Літаратурнага музея Максіма Багдановіча “Беларуская хатка” (дом Змітрака Бядулі) ў Мінску; Ракуцёўшчына і дом-музей сям’і Багдановічаў у Гродне. 

Беларуская хатка. Фота з сайта planetabelarus.by

Інтэр’ер дома “Беларускай хаткі” быў адноўлены, дзякуючы успамінам і фотаздымкам Зоські Верас, Лявона Зайца і Змітрака Бядулі. Арыгінальная мэбля пакоя Максіма Багдановіча не захавалася, але была адноўлена адпаведнай, па фотаздымках Зоські Верас, мэбляй канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. 

Ніна Барысаўна Ватацы дамовілася з Інстытутам літаратуры імя Я. Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь пра захаванне творчай спадчыны Максіма Багдановіча. Яна падаравала частку рукапісаў паэта філіялу Літаратурнага музея Максіма Багдановіча (сёння “Беларуская хатка” – філіял Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры). Пасля доўгай і карпатлівай рэстаўрацыі, якая доўжылася каля дзесяці год, у доме Змітрака Бядулі 25 чэрвеня 1991 г. адчыніўся новы літаратурны музей Максіма Багдановіча.

Спачатку неабходна было адрамантаваць сам дом, зрабіць праект экспазіцыі, а потым па ім падрыхтаваць і адкрыць саму экспазіцыю. 

Дом-музей Максіма Багдановіча ў Гродне захаваўся на старым месцы на вуліцы 1 Мая, 10. 

6 мая 1965 г. на доме была ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Прайшло гэта мерапрыепрыемства з удзелам стрыечнай сястры Максіма Багдановіча – Ганны Кіпріянаўны Грязновай і стрыечнай пляменніцы Наталлі Глебаўны Кунцэвіч.

Дом-музей Максіма Багдановіча ў Гродне. З фондаў ЛММБ

Фота з асабістага архіва Д. Бічэль.

Дом быў пабудаваны 1888 г. і захаваўся ў арыгінальным выглядзе па сённяшні дзень. У 1982 г. пастановай упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама было вырашана адчыніць у гэтым доме аддзел Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. У 1985 г. вялося афармленне экспазіцыі “Максім Багдановіч – класік беларускай літаратуры і яго эпоха”. Аўтарам гэтага праекта з’яўляецца паэтэса Данута Бічэль, а разам з ёй над экспазіцыей працавалі мастакі – А. Ступень і В. Кічко. 15 мая 1986 г. экспазіцыя была адкрыта для наведвальнікаў. Тады яна размяшчалася ўсяго на 52 м². Наведвальнікі маглі пазнаёміцца з фотаздымкамі старога Гродна, са зборнікам “Вянок” (1913), з дзейнасцю выдавецкай суполкі “Загляне сонца і ў наша аконца”, газеты “Наша ніва”, у якой актыўна друкаваўся Максім Багдановіч. Дом давялося крыху адрамантаваць і прыбраць прыбудовы пазнейшага гаспадара. Аб гэтым добра сказаў Генадзь Александравіч Каханоўскі ў сваёй кнізе “А сэрца ўсё імкне да бацькоўскага краю…” (1991). 

Месяцы, якія паэт правёў у фальварку Ракуцёўшчына, адыгралі важную ролю ў жыцці і творчасці Максіма Багдановіча. Тое, што паэт убычыў і пачуў ад аднавясковаўцаў, склала трывалы падмурак далейшай творчасці Максіма. Ён не будзе паэтам, калі не будзе карыстацца трапным народным словам.

Фальварак Ракуцёшчына

Дом гаспадара ў Ракуцёўшчыне. Фота з фондаў ЛММБ

Камяні каля Ракуцёўшчыны. З фондаў ЛММБ

Летам 1915 г. М. Багдановіч прыязджаў на лячэнне ў Стары Крым, жыў у Феадосіі, Кактэбелі. Трэцяя паездка Багдановіча ў Крым (пачатак 1917 г.) была апошняй. Пасяліўся ён у Ялце, здароўе яго ўсё больш пагаршалася, але ён працягваў працаваць: нанова пераглядаў сваю кнігу “Вянок”, адбіраў вершы для наступных выданняў, складаў беларускі буквар. Тут, у Ялце, напісаны апошнія яго вершы: “Набягае ён…”, “Пралятайце, вы, дні…”, “У краі светлым, дзе я паміраю…”. У Ялце, 12(25) мая 1917 г. у росквіце свайго паэтычнага таленту М. Багдановіч памёр. 

У Ялце дзейнічае гісторыка-літаратурны музей, на будынку якога размешчана мемарыяльная дошка. Яго філіялам з’яўляецца аддзел “Культура Ялты ХІХ – пачатку ХХ ст.”. Менавіта там дзейнічае цудоўная экспазіцыя, прысвечаная нашаму песняру. А на вул. М. Багдановіча (былая Крымская), 4 быў дом, у якім паэт правёў свае апошнія месяцы. Сёння на месцы гэтага дома стаіць клуб санаторыя Чарнаморскага флота, але ялцінцы спадзяюцца на тое, што калісьці ў іх горадзе з’явіцца самастойны музей Максіма Багдановіча. І нават месца пад яго адведзена – стары замак, які стаіць непадалёку ад будынка гісторыка-літаратурнага музея. Работа над яго экспазіцыяй вядзецца з 2019 г. з дапамогай Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску. 

Гісторыка-літаратурны музей у Ялце

Дом, у якім памёр Максім Багдановіч, цяпер на яго месцы стаіць будынак клуба санаторыя Чарнаморскага флота

Мемарыяльная дошка, якая была на доме № 4 у Ялце, у якім памёр М. Багдановіч

Яраслаўль б’е рекорды па захаванасці будынкаў, звязаных з Максімам Багадановічам. Гэта Яраслаўская гімназія, некалькі сядзіб Какуевых, дом-музей сям’і Багдановічаў у Яраслаўлі. Нашчадкі Ганны Какуевай сёння жывуць у Сакт-Пецярбурзе.

Дом-музей Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі. З фондаў ЛММБ

У 1980 г. падымалася пытанне аб пераносе парэшткаў Максіма Багдановіча ў Мінск, але зрабіць гэта не атрымалася. 

Успаміны пра Максіма Багдановіча

Вось з такімі успамінамі выступіў Змітрок Бядуля на вечарыне памяці песняра, якая праходзіла 25 мая 1923 г. Гэта былі шостыя ўгодкі з дня смерці паэта. З кнігі «Шлях паэта» (1975).

Змітрок Бядуля. З фондаў БДАМЛМ

Змітрок Бядуля 

Мае успаміны (урыўкі)

К вечару памяці М. Багдановіча


Пазнаёміўся я з М. Багадановічам увосень 1916 г.,калі ён прыехаў з цэнтру Расіі ў беларускі Мінск на працу. Гэта быў першы раз, калі наш паэт парашыў працаваць у цеснай сям’і беларускіх адраджэнцаў.

Беларускія адраджэнцы перажывалі тады ў Мінску цяжкі час царскай рэакцыі. Беларускае друкаванае слова, як “небяспечнае” на лініі фронту, было забаронена. Беларускія культурныя дзеячы групаваліся каля Беларускага камітэту пацярпеўшым ад вайны, які быў заложаны ў 1915 г. Працы было шмат: трэба было даваць прытулак і яду тысячам сялян-уцекачоў, якія вялікай хваляй рынулі з Віленшчыны, Гродзеншчыны і часткі Міншчыны.

Беларуская культурная праца тады зусім заглохла. Гэта значыць, што абставіны працы былі для беларускага песняра самыя неспрыяючыя.

Пры гэтым яшчэ трэба заўважыць, што Максім Багдановіч быў моцна хворы на сухоты, і тэмпература ў яго была пастаянна павышаная.

Я тады жыў на Малагеоргіеўскай (сёння вуліца Льва Талстога) вуліцы і прапанаваў Максіму перабрацца да мяне на кватэру. Каля шасці месяцаў да самага выязду ў Ялту М. Багдановіч жыў у мяне.

Нягледзячы на слабое здароўе М. Багдановіч прыняў службу ў земстве, дзе надта шмат працаваў. У вольны ад службы час ён або сядзеў у Пушкінскай бібліятэцы, або дома і займаўся літаратурнай працай. Сядзеў пры керасінавай лямпе штодня да гадзін 3-4 ночы. Галоўным чынам ён тады студ’яваў тэхніку вершаў. Па гэтай галіне ён здабыў сабе шмат кніжак як на рускай, так і на іншых мовах.Ён меў спецыяльны тоўсты сшытак, які цалкам быў запоўнены матэматычнымі вылічэннямі і георогліфамі – узорамі розных памераў вершаў.

***

Яго рабочы стол быў праўдзівай лабараторыяй паэтычнай творчасці. Ён мог папраўдзе свядома гартаваць і шліфаваць свае паэтычныя перлы, бо быў чалавекам з еўрапейскім выхаваннем: ведаў старакласічныя і новыя еўрапейскія мовы і меў з чаго браць прыклады для маладой беларускай паэзіі.

Але пры гэтым сумна было глядзець, як побач з кіпамі рукапісаў на яго рабочым стале былі расстаўлены бутэлькі з мікстурамі, якія ён часта прымаў, а ў час працы ўночы дык па некалькі разоў мераў сваю тэмпературу, якая павышалася ў яго болей 38 градусаў.

Раз на тыдзень у адной з беларускіх сталовак для ўцекачоў ладзіліся нелегальныя вечарынкі-суботнікі, дзе збіралася наша моладзь. На гэтых вечарах Багдановіч заўсёды выступаў з рэфератамі і дэкламацыямі сваіх вершаў. Гаварыў ён заўсёды натхнёна, з пад’ёмам і вельмі красамоўна.

Трэба адзначыць, што здароўя свайго М. Багдановіч не шкадаваў, не зварочваў увагу на яду і вопраткі. Заўсёды хадзіў у студэнцкай старой вопратцы, а гарбату піў без цукру.

“Як я магу дазволіць сабе такую роскаш і ўжываць цукар, – гаварыў ён, – калі ў гэты самы час нашыя ўцекачы хлеба не маюць…”.

І сапраўды, ён быў ідэалістам-фанатыкам, чалавекам надзвычай добрым і ўважлівым да людзей, хаця на першы погляд ён казаўся суровым і замкнутым. Невялікую казённую пенсію сваю раздаваў направа і налева, а для самога сябе быў бездапаможным, як малое дзіця.

За шэсць месяцаў сумеснага жыцця з М. Багдановічам я не прымячаў, каб ён, нягледзячы на сваю хворасць, сядзеў хоць хвіліну без працы. Калі часам я скардзіўся яму на сваю нудную працу ў камітэце, ён знаходзіў для мяне адно лякарства – з памяці дэкламаваць вершы вялікіх паэтаў, тады адразу сэрца палягчае…

Вось да чаго даходзіла яго любоў да паэзіі і красы!..

Паэзія была найлепшай ўцехай яго жыцця. Пры ёй забываўся ён аб сваёй хваробе, забываўся аб тым, што дні яго жыцця злічаны…

У Ялту на лекі выправілі яго гвалтам – не хацеў ехаць з бацькаўшчыны…

З асаблівым смуткам успамінаю я апошнія месяцы сумеснага жыцця з М. Багдановічам, калі ён гарэў на сваім уласным агні, з асаблівай радасцю ўспамінаю знаёмства з ім. Яго светлы вобраз не выходзіць з памяці тых, хто яго блізка знаў. 

1923

Зоська Верас падчас працы у Беларускім бежанскім Камітэце разам з Максімам Багдановічам у 1917 г. З фонду БДАМЛМ

Зоська Верас

Пяць месяцаў у Мінску (урыўкі)

У хуткім часе ў Мінск прыедзе Максім Багдановіч!

Калі?

Надоўга?

Што ён піша?

Максім Багдановіч піша, што хоча пажыць у Мінску, у сваім родным горадзе, дыхнуць паветрам Бацькаўшчыны, пачуць жывую беларускую мову. Просіць паклапаціцца аб працы для яго, а калі канкрэтна прыедзе, яшчэ напіша або папярэдзіць тэлеграмай.

Нас ахапіла і радасць і трывога. Радасць, што пазнаем нашага дарагога паэта, і трывога за яго здароўе, за яго жыццё…

Як доўга ён з намі будзе?

Было гэта недзе ў палове верасня 1916 г

У “Беларускай хатцы” на Захар’еўскай вуліцы, № 18 – сталоўцы Таварыства помачы ахвярам вайны – кожны вечар збіраліся як сябры, так і працаўнікі Камітэта Таварыства, каб разам скаратаць вечар, падзяліцца думкамі і ўражаннямі перажытага дня.

Цяпер вестка аб прыездзе М. Багдановіча дала новую тэму для гутарак і адначасова новыя абавязкі. Трэба было падумаць загадзя, дзе ён будзе жыць. Перабіраючы розныя магчымасці, затрымаліся на тым, што найлепш будзе наняць пакой ў Бядулі.

Зм. Бядуля з сёстрамі Рэняй і Чэрняй (правільна Геняй) жыў на маленькай вуліцы Малой Грыгор’еўскай (насамрэч Малагеоргіеўскай) у доме Рэдзькі. Дамок стаяў у глыбіні панадворка. За домам быў садок, студня. Ціха, спакой, добрае паветра. Кватэра (там больш ніхто не жыў) мела тры пакоі: два займаў Зм. Бядуля з сёстрамі, а трэці – вялікі, светлы, з асобным уваходам – цалкам стаяў пусты. (У гэтым пакоі я пасля жыла некалькі месяцаў са сваёй маці).

З Бядуляй хутка дагаварыліся. Ён быў рады мець пад сваёй страхой такога госця. 

Нарэшце ў канцы верасня ці то пачатку кастрычніка М. Багдановіч прыехаў у “Беларускую хатку”, дзе мы цэлай грамадой чакалі іх з нецярплівасцю.

Сардэчны, скромны і просты М. Багдановіч адразу заваяваў агульную сімпатыю. Ужо ў канцы вечара здавалася, што ён даўно з намі, што блізкі і дарагі. Тым больш трывожыла яго бледнасць і бліскучыя ад гарачкі вочы. Кашляў зусім мала.

Дагаварыліся, што Багдановіч будзе сталавацца, як і мы ўсе, у сталаўцы, але будзе тут мець і снеданні, і вячэры.

Мая маці ў той час была загадчыцай сталоўкі, і мы жылі тут на месцы. Так што мы з Багдановічам бачыліся па тры разы на дзень, а вечары, як заўсёды, праводзілі разам з цэлай нашай грамадкай: М. Багдановіч, Фальскі, Галубок, часта Ядвігін Ш, я…

Праз пару дзён выявіліся, што Максім вельмі мала дбае аб сваім здароўі. Найчасцей забываўся прыняць лякарствы, не прыносіў іх з сабой. Як кожны такі хворы, не любіў, калі яму прыпаміналі аб лякарствах, а тым самым аб хваробе.

Тады ўмяшалася мая маці. Угаварыла яго аддаць ёй усе лякарствы і сама яму давала ў адпаведны час. Новыя дозы хто-небудзь з нас прыносіў з аптэкі, так што ён не патрабаваў аб сваім лячэнні думаць і клапаціцца. Не толькі да лячэння, але да ўсіх спраў, што датычылі яго самога, адносіўся дзіўна абыякава.

***

Неяк у канцы кастрычніка прыехала да мяне з фронту медсестра, мая сяброўка з “Гродзенскага гуртка беларускай моладзі” Марыся Бобрык. Прыехала на адзін дзень і ўвечары позна выязджала. Я сабралася яе правесці на вакзал. Мы ўжо выходзілі, як падышоў Максім і пытаецца: “Можна мне з вамі?” – “Разумеецца, калі ласка”. Вуліцы былі пустыя, нідзе нікога. Не ведаю, чаму мы ішлі не па тратуары, а пасярод вуліцы. Мы з сяброўкай успаміналі Гародню (Гродна), наша там жыццё, працу ў Гуртку. Багдановіч з зацікаўленнем слухаў, заўважыўшы, што жыў у Горадні як быў маленькі, і што там пахавана яго маці.

Варочаліся зноў пасярэдзіне вуліцы па-маленьку, не спяшаючыся. І тады Максім пачаў гаварыць аб сабе… “Я ўжо пагадзіўся са сваёй хваробай і з тым, што жыць асталося не шмат. Але вельмі мне цяжка, што не магу мець сям’і. Я так люблю дзяцей. Ведаеце, калі я пачаў пісаць і друкаваць вершы – на жаль, не ў сваёй мове, а па-руску, бо я гадаваўся ў рускім асяродзі, як ні горка да гэтага прызнацца, я напісаў калыханку і аддаў яе ў друк, падпісаўшы псеўданімам. Усе, хто яе чытаў, думалі, што гэтую калыханку напісала жанчына і то жанчына-маці. У гэты твор я ўлажыў усё сваё пачуццё”. 

Пасля наша гутарка перайшла на Мінск і ўражанні ад усяго пазнанага і пабачанага. М. Багдановіч, паводле яго слоў, чуўся паміж намі добра, як у сям’і. “Маю толькі адно прыкрае перажыванне, якое адбірае мне спакой. Можа вы чулі, што я ўжо даўжэйшы час перапісваўся з адной асобай з Мінску (назавём яе N.). Завязалася лістоўная прыязнь, шчырасць. Вось, прыехаўшы, і пазнаёміўшыся асабіста, уся мая прыязнь да яе развеялася. Не магу ёй адказаць тым самым, не магу… і гэта так мучыць! Раблю чалавеку прыкрасць… Ці ж гэта можа не балець?”

Як я пераканаліся ў далейшым, чуласць Максіма на чужую крыўду была выключнай.

***

Прачуваўся ўжо блізкі канец вайны і змены, якія могуць наступіць у жыцці народаў. Мы часта гаварылі аб тым, што, можа, хутка дачакаемся сваіх беларускіх школ, а падручнікаў да навукі няма. Лемантары сякія-такія был, а вось чытанкі пасля лемантара няма.

Трэба было падбіраць матэрыялы. М. Багдановіч меў заняцца паэзіяй – падбіраць адпаведныя вершы з беларускай літаратуры, рабіць пераклады і пісаць іх самому.

Шмат вечароў прасядзелі мы ў сталоўцы ў познія гадзіны, калі нашы штодзённыя госці расходзіліся.

Кожны з нас ужо пакрысе напісаў, але далей ужо супольна працаваць не прыйшлося. Надыходзіла вясна, дажджы, вільгаць. Максім чуўся горш. Тэмпература падымалася… Трэба было яму змяняць клімат. Пастанавілі на супольных нарадах, што паедзе ў Ялту. Здабылі грошы, прыступілі ад’едзіны. Мы ўсе хацелі правесці яго на цягнік, але Максім запратэставаў: “Развітаемся тут, у “Беларускай хатцы”. Мне будзе цяжэй развітвацца з вамі ўсімі пры натоўпе чужых людзей”. Жагналі мы яго са слязамі на вачах, як бы прадчувалі, што жагнаем яго назаўсёды. Маці мая абняла яго і пацалавала галаву. Мне ён сказаў: “Я вам напішу”. Не напісаў. Можа, не хапіла сілы… а можа, і напісаў, а чужыя людзі не парупіліся выслаць? Хто ведае?

Але калі прыйшла вестка аб яго смерці, такой цяжкай, у адзіноце, мы не маглі сабе дараваць зробленай памылкі. Нашто было выпраўляць яго, не парадзіўшыся з доктарам, не маючы пэўнасці, што гэта яму дапаможа. Як недарэчна! Трэба было запэўніць тут на месцы больш выгоды, больш сардэчнай апекі. Смерць, на жаль, яго б не мінула, але няхай бы паміраў паміж нас, паміж сваіх, адданых яму шчыра прыяцеляў, у роднай старонцы. Ён жа гэтага хацеў… А можа, згадзіўся ехаць, маючы крыху надзеі, што яшчэ падлечыцца і вернецца? Хто ведае?.

Прайшло паўвеку, а успаміны аб гэтых пяці месяцах усё жывыя. 

1967