Ушанаванне памяці Максіма Багдановіча ў бібліятэцы № 8 імя Максіма Багдановіча
Ушанаванне памяці Максіма Багдановіча ў бібліятэцы № 8 імя Максіма Багдановіча
16 жніўня 1951 года было прынята Рашэнне Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных пра адкрыццё ў г. Мінску гарадской публічнай бібліятэкі імя М. Астроўскага. Загадам па Упраўленні культуры Мінгарвыканкама № 141 ад 12 верасня 1966 года бібліятэка імя М. Астроўскага была перайменавана ў бібліятэку імя М. Багдановіча. Адрас, дзе цяпер размяшчаецца бібліятэка: г. Мінск, вул. Даўгабродская, 12/2.
З гэтага часу бібліятэка актыўна ўшаноўвае памяць пісьменніка, імя якога носіць. У 1991 годзе ў сувязі са 100-годдзем з дня нараджэння Максіма Багдановіча ў бібліятэцы быў зроблены рамонт, тут стала прыгожа і ўтульна.
Да 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча 8 снежня 2016 года ў бібліятэцы прайшла літаратурная гасцёўня “Паэт радзімы васілька”, якая знаёміла з жыццёвым і творчым шляхам таленавітага беларускага паэта. Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, пісьменнік, празаік, мовазнавец, перакладчык Міхась Пазнякоў прачытаў свае вершы, прысвечаныя паэту; прагучалі песні ў выкананні барда Аляксандра Вашчанкі на вершы Багдановіча. Літаратурная гасцёўня “Вершаў любімых радкі” сабрала карэспандэнтаў газеты “Звязда”, студэнтаў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, якія чыталі вершы паэта на сваіх мовах (кітайскай, украінскай, дагестанскай, іспанскай і іншых).
М. Пазнякоў на мерапрыемстве ў бібліятэцы № 8 імя М. Багдановіча. 13.12.2022
13 снежня 2022 года ў бібліятэцы № 8 імя М. Багдановіча прайшла літаратурная сустрэча “Радзімая зямля, прытуліўся я да цябе”, прысвечаная жыццю і творчасці беларускага паэта і пісьменніка Максіма Багдановіча. На сустрэчу з навучэнцамі сярэдняй школы № 69 быў запрошаны пісьменнік, перакладчык Міхась Пазнякоў. Вучні даведаліся шмат цікавага пра жыццё маладога і таленавітага паэта, уступалі ў дыскусію, задавалі пытанні, а самым знаходлівым, дапытлівым і разумным дасталіся прызы.
8 снежня 2023 года ў бібліятэцы № 8 імя М. Багдановіча прайшоў літаратурны конкурс чытальнікаў вершаў М. Багдановіча “Пясняр чыстае красы” да дня нараджэння народнага паэта. У склад журы ўвайшлі старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў, які ў 1981–1983 гг. узначальваў Літаратурны музей Максіма Багдановіча, і мастацкі кіраўнік Мінскага гарадскога тэатра паэзіі Вольга Багушынская. У конкурсе прынялі ўдзел навучэнцы СШ № 69 і № 86. Вершы чыталі дзеці рознай узроставай катэгорыі (3–8 класы), усяго выступіла 10 навучэнцаў. Былі прачытаныя вершы: “Зіма”, “Перапісчык”, “Санет”, “Раманс” і іншыя. 15 снежня 2022 года адбылося падвядзенне вынікаў і ўручэнне прызоў пераможцам конкурсу.
Літаратурна-пазнавальная сустрэча “Кніжны свет сям’і М. Багдановіча”. 23.02.2024
23 лютага 2024 года ў бібліятэцы № 8 імя М. Багдановіча адбылася літаратурна-пазнавальная сустрэча “Кніжны свет сям’і М. Багдановіча” ў рамках праекта “Светлы след паэта”, прысвечанага жыццю і творчасці беларускага паэта Максіма Багдановіча. Мэтай праекта з’яўляецца папулярызацыя творчасці Максіма Багдановіча, прыцягненне ўвагі грамадскасці да творчай спадчыны паэта. На сустрэчу з загадчыкам літаратурнага музея М. Багдановіча Міхаілам Бараноўскім прыйшоў намеснік начальніка па выхаваўчай рабоце ўстановы адкрытага тыпу № 35 Арцём Сікіржыцкі са сваімі падапечнымі.
11 красавіка 2024 года адбылася яшчэ адна сустрэча праекта “Светлы след паэта” – “Максім Багдановіч: жыццё і творчасць”, прысвечаная жыццю і творчасці беларускага паэта Максіма Багдановіча. На сустрэчу з загадчыкам літаратурнага музея М. Багдановіча Міхаілам Бараноўскім прыйшлі навучэнцы Мінскага каледжа камерцыі і гандлю. Міхаіл Аляксандравіч распавёў пра творчасць паэта і цікавыя факты з яго жыцця. Навучэнцы з вялікай цікавасцю слухалі пісьменніка, задавалі пытанні, уступалі ў дыскусію, а ў завяршэнне сустрэчы Міхаіл Аляксандравіч выканаў песні на вершы народнага песняра.
6 снежня 2024 года ў бібліятэцы № 8 імя М. Багдановіча чарговы раз прайшоў літаратурны конкурс чытальнікаў вершаў Максіма Багдановіча “Песняр чыстае красы”, прымеркаваны да дня нараджэння беларускага песняра. Сябрамі журы конкурсу выступілі старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, пісьменнік, празаік, мовазнаўца, перакладчык, Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Міхаіл Пазнякоў; мастацкі кіраўнік Мінскага гарадскога тэатра паэзіі Вольга Багушынская і літаратуразнаўца, загадчык аддзела бібліятэказнаўства Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Таццяна Лаўрык. У конкурсе ўзялі ўдзел вучні СШ № 69 и № 86. Вершы Максіма Багдановіча “Зімой”, “Перапісчык”, “Санет”, “Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы”, “Зімовая дарога” і іншыя прагучалі ў выкананні дзяцей рознай узроставай катэгорыі (4–10 класы). Пасля падвядзення вынікаў конкурсу “Песняр чыстае красы” сябрамі журы былі ўручаны прызы ад Саюза пісьменнікаў Беларусі, граматы лаўрэатаў і дыпломы фіналістаў.
Фота і матэрыялы прадастаўлены бібліятэкай № 8 імя Максіма Багдановіча ДУ “Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска”.