Літаратурная творчасць Максіма Багдановіча
Літаратурная творчасць Максіма Багдановіча
Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш, Абрабіць яго трэба з цярпеннем.
Як ударыш ты ім, ‒ ён, як звон, зазвініць, Брызнуць іскры з халодных каменняў.
Максім Багдановіч
З дзейнасцю Максіма Багдановіча звязана ідэйна-эстэтычнае і жанравае ўзбагачэнне нацыянальнай літаратуры.
Найбольш поўна ён праявіў сябе ў сферы паэзіі. “Багдановіч… адразу ж заявіў пра сябе як спелы – і што да зместу і што да мастацкай формы – паэт. Ён – бадай што ці не адзіны ў гісторыі нашай паэзіі, у каго – ад першых радкоў, напісаных у 17-гадовым узросце, і да апошняга перадсмяротнага чатырохрадкоўя – амаль усё ішло на хрэстаматыйна-класічным узроўні”, – сцвярджаў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.
Максім Багдановіч лічыцца пачынальнікам беларускай філасофскай і пейзажнай лірыкі, першы ў беларускай літаратуры звярнуўся да ўрбаністычных матываў. Асабліва яркія вобразы створаны Максімам Багдановічам у любоўнай лірыцы.
Максім Багдановіч тварыў у многіх паэтычных жанрах. Сярод яго вершаў ёсць узоры як прыродаапісальнай, пейзажнай (“Ноч” (1908 г.), “Зімовая дарога”, “Зімой”, “Перад паводкай”, “Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог”, “Вечар на захадзе ў попеле тушыць” (усе 1910 г.), “Добрай ночы, зара-зараніца!” (1911 г.) і інш.), так і інтымнай лірыкі (“Ў космах схаваліся кветы чырвоныя” (1908–1909), “Жывая лялечка! Не душу і не сэрца” (1910 г.), “Ўчора шчасце толькі глянула нясмела” (1910–1913), “Апусціўшы густыя расніцы” (1912 г.), “Маладыя гады” (1915–1916). Асобна трэба адзначыць верш Максіма Багдановіча “Раманс” (Зорка Венера ўзышла над зямлёю) (1912) , які пазней стаў шырокавядомай песняй, канкрэтнага адрасата не мае.
Часта ў яго вершах сустракаюцца і міфалагічныя матывы, найперш звязаныя з беларускай народнай міфатворчасцю (“Вадзянік”, “З цыкла “Лясун”, “Хрэсьбіны лесуна” (усе 1909 г.), “Возера” (Стаяў калісь тут бор стары) (1910 г.) і інш.).
Максім Багдановіч, як чалавек надзвычай грунтоўных ведаў і шырокай эрудыцыі ў галіне літаратуры, добра ведаў творчасць многіх класікаў сусветнай паэзіі. Ён захапляўся вершамі А. Пушкіна, А. Фета, Т. Шаўчэнкі. Быў знаёмы і з творчасцю многіх паэтаў – прадстаўнікоў такога актуальнага ў той час літаратурнага накірунку, як сімвалізм. Асаблівую цікавасць ён праяўляў да творчасці французскага паэта П. Верлена. Творчасць аднаго з заснавальнікаў сімвалізму мела значны ўплыў на фарміраванне паэтычных прыхільнасцей Максіма Багдановіча (напрыклад, верш “Маёвая песня” (Па-над белым пухам вішняў) (1910).
Падчас знаходжання ў Вільні малады паэт азнаёміўся ў прыватным беларускім музеі братоў Луцкевічаў з калекцыямі старажытных рарытэтаў і пад уражаннем ад іх напісаў верш “Слуцкія ткачыхі” (1912 г.) з цыкла “Старая Беларусь”. Васілёк з лёгкай рукі Максіма стаў адным з сімвалаў Беларусі. Яшчэ адным вынікам паездкі сталі вершы “За дахамі места памеркла нябёс пазалота” (1911 г.), “Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць”, “У Вільні” (1912 г.) і іншыя з цыкла “Места”, прысвечаныя старажытнай беларускай сталіцы. Максім Багдановіч – першы ў беларускай літаратуры паэт-урбаніст, гарадскія вобразы займаюць у яго творчасці даволі істотнае месца, а “Места” – першы ўрбаністычны цыкл у беларускай літаратуры.
У 1909–1913 ён стварыў рукапісны зборнік паэзіі “Зеленя”, які прызначаўся для яго стрыечнай сястры Г. Гапановіч, меркаванне якой малады паэт вельмі цаніў. У зборнік ён уключыў тры вершы на рускай мове і 19 аўтаперакладаў сваіх жа беларускіх вершаў на рускую мову.
1 студзеня 1909 г. у газеце “Наша ніва” з’явілася першая паэтычная публікацыя Максіма Багдановіча – верш “Над магілай”. У сакавіку газета надрукавала яшчэ адзін верш – “Прыйдзе вясна”, аднак многія вершы, якія Багдановіч дасылаў у “Нашу ніву”, былі адпраўлены ў архіў рэдакцыі. Некаторыя члены рэдкалегіі палічылі іх “дэкадэнцкімі”, незразумелымі простаму народу, тым чытачам, на якіх, як яны лічылі, арыентуецца газета. С. Палуян у 1909 г., азнаёміўшыся з вершамі Багдановіча, змог належным чынам ацаніць яго наватарства, імкненне да ўзбагачэння форм мастацкага слова, пашырэння абсягу тэм маладой беларускай літаратуры, ён жа дабіваўся, каб вершы паэта друкаваліся пазней у “Нашай ніве”.
У пачатку 1914 г. у Вільні, у друкарні Марціна Кухты, выдадзены адзіны прыжыццёвы зборнік паэзіі Максіма Багдановіча “Вянок” (на тытуле пазначаны 1913 г.) з прысвячэннем: “Вянок на магілу С.А. Палуяну (памёр 8 красавіка 1910 г.)”. У зборніку каля 100 вершаў (лірычнага і патрыятычнага характару) і 2 паэмы. Ён, паводле сведчання А. Лойкі, стаў у гісторыі нацыянальнай паэзіі “адным з лепшых узораў паэтычнага майстэрства, універсітэтам класічнай паэтыкі”. У ім выкарыстоўваліся класічныя формы верша: трыялет, санет, рандо, актавы, тэрцын; а таксама розныя спосабы рыфмоўкі і метрыка – ад гекзаметра да народна-песеннага рытміка-інтанацыйнага складу.
Плённа працаваў Максім Багдановіч над мастацкай прозай. У 1913–1916 ён напісаў шэраг апавяданняў і нарысаў не толькі на беларускай (“Апавяданне аб іконніку і залатару…”, “Шаман”, “Марына”, “Гарадок”, “Сярод глухой пушчы”, “Вясной”), але і на рускай мове (“Несчастный случай”, “Колька”, “Преступление”, “Мадонна”, “Сон-трава”, “Страшное”, “Именинница”, “Чудо маленького Петрика”, “Экзамен”, “Из летних впечатлений”, “Катыш”, “Около театра миниатюр”, “Волгари”, “На углу”, “Около билетов”). Гэта невялікія па аб’ёме творы з разнастайнай тэматыкай: усхваленне жанчыны, любаванне прыродай, апісанне розных мясцовасцей, жыццёвых акалічнасцей і цяжкасцей вайны, ёсць аўтабіяграфічныя замалёўкі, гучаць рэлігійныя, казачныя і гістарычныя матывы і інш.
Багдановіч імкнуўся да таго, каб узбагаціць беларускую літаратуру набыткамі сусветнай класікі. Малады паэт добра ведаў літаратуры найперш славянскія: рускую, украінскую, польскую, не абмінаў увагай і творчасць антычных і сучасных заходнееўрапейскіх аўтараў. Ён прыкладаў намаганні, каб па меры магчымасці пазнаёміць прадстаўнікоў розных народаў з тым, што створана суседзямі. Пры гэтым ён імкнуўся як да дакладнасці ва ўвасабленні арыгінала на іншай мове, так і да перадачы яго мастацкай адметнасці.
Максім Багдановіч пераклаў на беларускую мову некаторыя вершы нямецкіх класікаў Г. Гейне, Ф. Шылера, многія з якіх з’явіліся на старонках “Нашай нівы”. Таксама перакладаў творы бельгійскага паэта Э. Верхарна, рускага класіка А. Пушкіна.
Максім Багдановіч унёс значны ўклад і ў развіццё іншых жанраў беларускай літаратуры. Талент і майстэрства Багдановіча яскрава праявіліся ў публіцыстыцы, адметныя рысы якой – сцісласць формы і паўната зместу і сёння з’яўляюцца ўзорнымі. Максім Багдановіч стаіць у шэрагу піянераў беларускага нацыянальнага адраджэння, якія спрабавалі паказаць месца і ролю беларускага народа ў гісторыі і часе, сфармуляваць нацыянальную ідэю беларусаў, асэнсаваць шляхі далейшага развіцця беларускай нацыі.
Заслуга Багдановіча ў параўнанні з іншымі беларускімі пісьменнікамі таго часу заключаецца ў тым, што ён даследваў не толькі беларускае, але і агульнаславянскае адраджэнне. Максім Багдановіч быў адным з нямногіх беларускіх пісьменнікаў, чые творы друкаваліся па-за межамі нацыянальнага рэгіёна і былі вядомы тагачаснаму агульнарасійскаму чытачу.
Творчасць Багдановіча трывала ўвайшла ў духоўную скарбніцу беларускага народа. На думку перакладчыка твораў паэта на англійскую мову Веры Рыч з Вялікабрытаніі, Максім Багдановіч “уваходзіць у пантэон вялікіх паэтаў свету, як роўны сярод роўных”.
Не менш значнымі падаюцца энцыклапедычнасць ведаў Максіма Багдановіча ў галіне культуры, гісторыі і філалогіі, атрыманых за кошт самаадукацыі, а таксама разнастайнасць накірункаў і форм яго творчасці, глыбіня дасведчанасці і навуковага пранікнення, наватарства і аб’ём зробленага ўсяго за дзясяцігоддзе.
Асоба і творчасць Максіма Багдановіча высока ацэнены нашчадкамі. Ушанаванне яго памяці грамадскасцю Беларусі пачалося ўжо з першай гадавіны яго смерці і доўжыцца да сённяшняга дня. Творчую спадчыну Максіма Багдановіча вывучае адна з галін беларускай літаратурнай навукі – багдановічазнаўства.
Яго творы неаднаразова выпускаліся асобнымі выданнямі, друкаваліся ў сродках масавай інфармацыі. Збор твораў паэта ў двух тамах выходзіў у Мінску ў 1927–1928 гг. і ў 1968 г. Поўны збор твораў у трох тамах выдадзены ў Мінску ў 1992–1995 гг. і ў 2001 г. У 1927 г. у Вільні з’явілася 2-е выданне зборніка “Вянок”, а ў 1981 і ў 1985 гг. у Мінску выпушчана факсімільнае выданне зборніка “Вянок”.
У 2000 г. у праекце “100 беларускіх кніг XX стагоддзя” зборнік паэтычных твораў Максіма Багдановіча “Вянок” стаў пераможцам з вялікім адрывам, а аўтар быў прызнаны лепшым паэтам.
Выкарыстаны матэрыялы з сайта https://archives.gov.by
Богданович, М. Узор василька : избр. лирика / М. Богданович ; [сост. С. Панизник]. – Минск : Маст. лiт., 1985. – 142 с. – (Белорусская поэзия).
Классик белорусской поэзии Максим Богданович – человек самобытного таланта и необычной судьбы. Он ушел из жизни на двадцать шестом году, оставив после себя небольшое, но яркое наследие, которое имеет мировое значение. В настоящем однотомнике представлены переводы наиболее известных произведений замечательного поэта Беларуси.
Богданович, М. А. Венок : лирика / М. Богданович ; сост., пер. с белорус. Б. Спринчана]. – Минск : Юнацтва, 1991. – 125, [1] с.
В сборник произведений выдающегося мастера белорусской поэзии Максима Богдановича вошли полностью воссозданный на русском языке сборник «Венок», а также избранные стихотворения разных лет.
Багдановіч, М. А. Мае песні : выбр. вершы / М. Багдановіч ; уклад. Л. Смолій. – Мінск : Беларус. т-ва. «Кніга», 1991. – 99, [4] с.
В сборнике представлены стихи классика белорусской литературы Максима Богдановича на белорусском языке и в переводе на русский.
Издание коллекционное, открывает серию «Скарбы беларускай літаратуры і фальклору».
Багдановіч, М. А. Шыпшына : вершы, апавяданні, нарысы, крытыка, публіцыстыка / М. Багдановіч ; [уклад. С. Панізнік]. – Мінск : Юнацтва, 1991. – (Школьная бібліятэка).
У зборніку класіка беларускай літаратуры прадстаўлена лірыка, пераклады з Пушкіна, Гейнэ, Верлена і іншых майстроў мастацкага слова, крытыка, публіцыстыка.
Багдановіч, М. А. Выбраныя творы / М. Багдановіч ; [уклад. С. Заблодскай і інш.]. – Мінск : Беларус. кнігазбор, 1996. – 495 с. – (Беларускі кнігазбор).
У аднатомнік класіка беларускай літаратуры ўвайшлі ўсе найбольш значныя яго творы. Яны даюць добрае ўяўленне пра вельмі прывабны воблік гэтага выдатнага паэта, пра яго незвычайны талент.
Багдановіч, М. А. Поўны збор твораў : у 3 т. / М. Багдановіч ; [рэдкал. : В. В. Зуёнак i інш.]. – 2-е выд. – Мінск : Беларус. навука, 2001. – Т. 1 : Вершы, паэмы, пераклады, наследаванні, чарнавыя накіды / [рэд., прадм. А. А. Лойка ; падрыхт. тэкстаў, камент. Э. А. Золатавай i інш.]. – 751, [1] с.
У першы том уключаны вершы, пераклады, чарнавыя накіды, а таксама паэтычныя творы, якія прыпісваюцца М. Багдановічу.
Багдановіч, М. А. Поўны збор твораў : у 3 т. / М. Багдановіч ; [рэдкал. : В. В. Зуёнак i інш.]. – 2-е выд. – Мінск : Беларус. навука, 2001. – Т. 2 : Мастацкая проза, пераклады, літаратурныя артыкулы, рэцэнзіі, нататкі, чарнавыя накіды / [рэд. М. І. Мушынскі ; падрыхт. тэкстаў, камент. С. В. Забродскай i інш.]. – 599, [1] с.
У другі том уключаны празаічныя творы М. Багдановіча: апавяданні, пераклады, літаратурна-крытычныя артыкулы, рэцэнзіі, нататкі.
Багдановіч, М. А. Поўны збор твораў : у 3 т. / М. Багдановіч ; [рэдкал. : В. В. Зуёнак i інш.]. – 2-е выд. – Мінск : Беларус. навука, 2001. – Т. 3 : Публіцыстыка, лісты, летапіс жыцця і творчасцi / [рэд., паслясл. У. М. Конана ; падрыхт. тэкстаў, камент. С. В. Забродскай i інш.]. – 460, [1] с.
У трэці том уключаны публіцыстыка, лісты, летапіс жыцця і творчасці, а таксама празаічныя творы, якія прыпісваюцца М. Багдановічу.
Багдановіч, М. А. Маладыя гады : выбранае / М. Багдановіч ; [уклад., біягр. даведка Э. А. Золавай]. – Мінск : Маст. літ., 2001. – 334, [1] с. – (Беларуская паэзія ХХ стагоддзя).
Творчасць Максіма Багдановіча напоўнена вобразамі-сімваламі роднага краю. Вершы паэта вызначаюцца гармоніяй думкі і пачуцця, тонкай музычнай мілагучнасцю.
У кнігу ўвайшлі вершы, пераклады, наследванні, чарнавыя накіды.
Багдановіч, М. А. Інтымны дзённік : выбр. творы / М. Багдановіч ; [уклад. У. Сіўчыкаў]. – Мінск : Радыёла-плюс, 2006. – 526, [1] с.
У кнігу ўвайшлі выбраныя творы класіка беларускага прыгожага пісьменства Максіма Багдановіча – вершы, наследванні, пераклады, апавяданні, артыкулы і лісты. Прадмову да яе напісаў народны паэт Беларусі, намінант Нобелеўскай прэміі па літаратуры Рыгор Барадулін.
Багдановіч, М. А. Творы / М. А. Багдановіч ; [уклад., камент. Ю. В. Пацюпы] ; навук. рэд. А. С. Ліс. – Мінск : Маст. літ., 2014. – 669, [1] с. – (Залатая калекцыя беларускай літаратуры).
Сёмы том «Залатой калекцыі беларускай літаратуры» аўтарскі. У яго ўвайшлі амаль усе паэтычныя творы і проза, большасць крытычных артыкулаў, рэцэнзіі, нататкі і публіцыстычныя нарысы М. Багдановіча (1891—1917), а таксама некаторыя ўспаміны пра паэта, раннія спробы спасціжэння паэтыкі “Вянка”, якія заклалі падмурак наступных даследванняў. Частка матэрыялаў друкуецца пасля доўгага забыцця і без купюраў. Публікацыі нанова спраўджаныя з першакрыніцамі, суправаджаюцца падрабязнымі каментарамі, дзе раскрываюцца невядомыя аспекты Багдановічавых твораў. Рускамоўныя тэксты ўпершыню перакладзеныя на беларускую мову.
Кніга адрасуецца як шырокаму колу чытачоў, так і спецыялістам-філолагам, выкладчыкам, аспірантам.
Багдановіч, М. А. Выбраныя творы / М. Багдановіч. – Мінск : Маст. літ., 2021. – 254, [1] с.
Дадзенае выданне распачынае новы кніжны праект “Народная бібліятэка”. Народная таму, што змест кніг складаюць творы, якія прапанавалі ўключыць самі чытачы. Свае меркаванні выказваюць настаўнікі, студэнты, пісьменнікі, навукоўцы, бібліятэкары і г. д. – праз асабістае апытанне і інтэрнэт-галасаванне. У выніку, у зборнік “Максім Багдановіч” увайшлі амаль усе паэтычныя творы, пераклады крытыка, публіцыста, перакладчыка і самага маладога класіка беларускай літаратуры.
Багдановіч, М. Вянок : вершы / М. Багдановіч ; [уклад. А. Бадак]. – Мінск : Маст. літ., 2023. – 126 с. – (Новая бібліятэка беларускай паэзіі).
Перад вамі ўсе творы Максіма Багдановіча, якія паэт уключыў у свой знакаміты “Вянок”, што пабачыў свет у 1913 годзе. Яны размешчаны ў той жа паслядоўнасці, як і першакрыніцы, паўтараючы змест і структуру кнігі, несумненна, адной з самых любімых у гісторыі айчыннага прыгожага пісьменства для многіх пакаленняў беларусаў.
Багдановіч, М. А. Цвяток радзімы васілька : вершы / М. Багдановіч ; уклад. В. Шніп. – Мінск : Звязда. 2024. – 112 с.
Кніга змяшчае паэтычныя творы класіка айчыннай літаратуры Максіма Багдановіча са сборніка “Вянок”, а таксама вершы розных гадоў. Творчасць паэта уяўляе сабой яркі прыклад беларускай філасофскай, пейзажнай, грамадзянскай і любоўнай лірыкі.