Праз мінулае ў сучаснасць
Праз мінулае ў сучаснасць
Аўтар: Трахімік Георгій Сяргеевіч
Кіраўнік : Карпуць Валянціна Іосіфаўна
Уводзіны
Перасягнуўшы парогі школы і класа, на першым у сваім жыцці ўроку маленькі беларус пачуў словы: Беларусь, Радзіма, Бацькаўшчына, продкі, нашчадкі, патрыёт. З той самай хвіліны ён вырашыў, што стане сапраўдным патрыётам сваёй любімай сінявокай краіны. Вырашыў… А з чаго пачаць шасцігадоваму хлопчыку, каб зтрымаць сваё слова? Спачатку ён проста захапляўся прыгажосцю навакольнага свету, рабіў фотаздымкі на памяць на ўлонні прыроды, наведваў паседжанні аматарскага аб’яднання “Экалагічны буквар” ў раённай бібліятэцы, па-дзіцячы аберагаў прыроду і падрастаў. Пазней на ўроку “Чалавек і свет” дзесяцігадовы хлопчык Жорка пазнаёміўся са словамі: гісторыя, летапіс, мінулае, сучаснасць, славутыя дзеячы… І вырашыў ён тады, што пачне свой шлях патрыёта з вывучэння гісторыі сваёй школы. Цяпер гэтаму хлопчыку 12 гадоў і вось аб чым ён можа паведаміць малодшаму браціку і сястрычцы, сваім сябрам і ўсім, хто будзе цікавіцца гісторыяй яго школы і ўважліва слухаць. Дарэчы, хлопчык Жорка – гэта я, Георгій – аўтар гэтай работы. А напісаў я яе, таму што мне прыйшла думка пра тое, што сапраўднаму патрыёту неабходна пакінуць для наступных пакаленняў сведчанні відавочцаў, удзельнікаў школьнага жыцця, вяршыцелей яе гісторыі.
Гісторыя станаўлення і развіцця адукацыі ў Бераставіцкім раёне
Першыя школы на тэрыторыі цяперашняга раёна існавалі ўжо ў пачатку XVI стагоддзя. Як правіла, утой час яны ствараліся пры храмах. Як сцвярджае расійскі даследчык П.Баброўскі, пры касцёле Прасвятой Дзевы Марыі ў Вялікай Бераставіцы ў 1620г. дзейнічала школа для дзяцей прыхаджан. У 1781г. яе наведвалі 10 вучняў (6 з шляхецкіх сем'яў і 4 з гараджан, гэта значыць, з мястэчка). У 1782г. школа мела 9 вучняў (2 з шляхты, 6 з гараджан і 1 мужыцкага паходжання), а ў 1828 – 16 вучняў. Пры касцёле ў Эйсмантах таксама была школа, якую ў 1781г. наведвалі 6 вучняў (4 шляхецкага паходжання і 2 мужыцкага). Згодна з весткамі за 1822г., дзейнасцьшколы аплачвала шляхта.
Першага верасня 1886г. у вёсцы Клепачы было адкрыта сельскае прыхадское вучылішча, у якім займаліся 32 хлопчыкі і адна дзяўчынка. Першым кіраўніком школы быў выхаванец Свіслацкай настаўніцкай семінарыі С.Р.Багдановіч.
У 1912г., згодна з даведачнай кнігай Гродзенскай губерні, у Клепачах існавалі мужчынскае і жаночае народныя вучылішчы. Першым загадваў М.Сахарчук, другім – В.Прыжанская. У Малой Бераставіцы пры праваслаўнай царкве дзейнічала мужчынская прыхадская школа, а ў 1907 – 1909гг. недалёка ад яе пад кіраўніцтвам свяшчэннiка Канстанціна Давідовіча за дзяржаўны кошт была пабудавана жаночая прыхадская школа, якая праіснавала да ваеннага 1914г.
У час польскай улады (1921 – 1939 гг.) усе дзяржаўныя школы працавалі на польскай мове.
На 1 студзеня 1940г. у раёне была 71 школа, у тым ліку 55 пачатковых, 3 няпоўных сярэдніх з агульнай колькасцю вучняў 11321 чалавек. Настаўнікаў працавала 297 чалавек.
Пасля вызвалення Бераставіччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у верасні 1944 г. на тэрыторыі былога Крынкаўскага раёна адчынілі дзверы 10 сямігодак і 37 пачатковых школ. Аддзел адукацыі ў гэты час узначальваў А.І.Віннічэнка. Не хапала не толькі мэблі, наглядных дапаможнікаў, падручнікаў, сшыткаў, але і настаўнікаў. Многія педагогі былой польскай школы не валодалі ў дастатковым аб'ёме беларускай і рускай мовамі. Таму ў школы раёна ў першыя пасляваенныя гады прыехала значная колькасць настаўнікаў з Віцебскай, Мінскай і Гомельскай абласцей , а таксама з Расіі. На 1 студзеня 1946г. у раёне было 273 настаўніка, з іх толькі тры з вышэйшай адукацыяй. Усё яшчэ не хапала 142 настаўнікаў.
У 1946/1947 навучальным годзе ў раёне працавалі 49 школ – адна сярэдняя, 5 сямігодак і 43 пачатковых. Навучалася ў іх 5477 вучняў. Улічваючы, што ў раёне пражывала насельніцтва розных нацыянальнасцей, былі адкрыты адна руская, 41 беларуская i 7 школ з польскай мовай навучання.
Аднак палітыка русіфікацыі мясцовага насельніцтва, якая праводзілася цэнтральнымі ўладамі, ужо ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе прывяла да закрыцця ўсіх польскіх і часткова беларускіх школ. Незразумела, на чым грунтаваліся падобныя рашэнні. У Ёдкаўскай сямігодцы, напрыклад, сярод 211 вучняў 108 былі беларусамі, 101 – палякамі і толькі два – рускімі. Тым не менш, школа была ператворана з польскай у рускую. У Вішнеўцы і Ігнатавічах наогул не было ніводнага вучня рускай нацыянальнасці, але школы таксама сталі рускімі.
У 1950/1951 навучальным годзе руская мова навучання замест беларускай загучала ў Старадварэцкай, Плябанаўскай, Лапенеўскай, Малаэйсмантаўскай, Галынкаўскай школах.
Як спадчына ад панскай Польшчы па вёсках засталася вялікая колькасць непісьменных людзей рознага ўзросту. Таму ў першыя пасляваенныя гады перад установамі адукацыі стаяла задача па ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці.
Гэта работа пачалася адразу пасля ўз'яднання Беларусі, але галоўныя падзеі прыйшліся на пачатак 1950-х гадоў.
У 1950/1951 навучальным годзе ў раёне заставалася 1270 непісьменных і малапісьменных. Для іх былі створаны тры школы, у якіх навучалася 544 чалавекі. Для індывідуальнага навучання былі прыцягнуты настаўнікі, культармейцы, камсамольцы, лепшыя старшакласнікі. Да 1952г. ліквідацыя непісьменнасці ў асноўным была закончана. Паколькі ў час вайны школьныя будынкі часткова былі знішчаны, заняткі праводзіліся ў непрыстасаваных арандаваных памяшканнях. Таму перад раённымі ўладамі стаяла задача будаўніцтва тыпавых школьных будынкаў.
У 1949 годзе былі распачаты работы па будаўніцтве Рымуцеўскай пачатковай школы на 80 вучнёўскіх месцаў. На 1950/1951 навучальны год запланавалі стварэнне 13 пачатковых школ метадам народнай будоўлі. У тым жа годзе Рудаўлянская, Русакоўская, Жорнаўская, Бераставічанская школы былі пераведзены з арандаваных будынкаў у дзяржаўныя. Рымуцеўская і Каенеўская аб'ядналiся ў новым будынку Рымуцеўскай школы. Курчоўская школа злілася з Макараўскай сямігодкай.
У 1951/1952 навучальным годзе вялося планавае будаўніцтва школ у Бераставіцы на 280 месцаў, сямігодак у Алекшыцах і Кватарах, пачатковых школ у Жорнаўцы і Карпаўцах. У 1970-х гадах для павышэння якасці навучання пачатковыя школы былі ліквідаваны [2, с.454].
У цяперашні час адукацыйная прастора Бераставіцкага раёна ўключае 11 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (5 сярэдніх школ, 6 вучэбна-педагагічных комплексаў), 5 устаноў дашкольнай адукацыі.
Функцыянуюць: 1 ўстанова дадатковай адукацыі, 1 ўстанова спецыяльнай адукацыі, 1 сацыяльна-педагагічны цэнтр, 1 дзіцячы аздараўленчы лагер.
Летапіс ДУА “Вялікабераставіцкая сярэдняя школа імя С.В.Прытыцкага”
Гісторыя Вялікабераставіцкай СШ сыходзіць сваімі каранямі ў 1620 год, калі пры касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі была адкрыта першая парафіяльная школа. У 1890-1915 гадах функцыянавала чатырохкласная школа, а ў 1921-1939 гадах ужо існавала сямігадовая школа, навучанне ў якой вялося на польскай мове.
У 1939-1941гг. у Вялікай Бераставіцы была арганізавана адна з трох няпоўных сярэдніх школ раёна. Яе дырэктарам быў І.С.Шчогалеў. Выкладанне вялося на рускай мове.
У час гітлераўскай акупацыі ў 1941-1944гг. у пасёлку дзейнічалі нелегальныя польская і беларуская школы. У беларускай школе выкарыстоўваліся падручнікі савецкага часу, толькі партрэты правадыроў ў гэтых кнігах былі знішчаны. У польскай школе дзяцей вучыла Яніна Малыніч. У беларускай – Уладзімір Генадзевіч Гаховіч і Аляксей Барысавіч Леська.
Пасля вызвалення Бераставіччыны аднавіла дзейнасць рускамоўная сярэдняя школа. Яна размяшчалася па вул. Савецкай, 34. У 1948г. 13 вучняў гэтай школы сталі яе першымі выпускнікамі [Дадатак 1]. Дырэктарам школы з 1946г. па 1952г. была Марыя Аляксееўна Плоткіна (Блінова). (Зараз у старым будынку школы размешчаны Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі г.п. Вялікая Бераставіца і Бераставіцкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі) [Дадатак 2].
Так як ў беларускіх вёсках засталася вялікая колькасць непісьменных людзей рознага ўзросту, то ў першыя пасляваенныя гады перад установамі адукацыі стаяла задача па ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці. Гэтая праца пачалася ў нашым раёне ў 1945 годзе. Згодна з Загадам № 174 ад 25.10.1945г. была адкрыта школа сельскай моладзі з 01.11.1945г. дырэктарам Бераставіцкай школы быў прызначаны А.Г.Дробат. Арганізацыя работы па ліквідацыі непісьменнасці была звязана з вялікімі цяжкасцямі: бракавала настаўнікаў, не было падручнікаў, сшыткаў, памяшканняў для заняткаў. Былі мабілізаваны ў вёскі настаўнікі Бераставіцкай школы: Кончыц М.А., Слюнькова А.М., Бабровіч К.А., Францішава Т.М. і многія іншыя. Прымалі ўдзел у гэтай працы камсамольцы-актывісты і старшакласнікі.
У 1952г. праца па ліквідацыі непісьменнасці была ў асноўным завершана. Пасля гэтага на базе Бераставіцкай школы была адкрыта вячэрняя школа. Узначальваў вячэрнюю школу Багдановіч Мікалай Іосіфавіч, затым яго змяніў Мацэпура Яўген Пятровіч [Дадатак 3]. У вячэрняй школе былі навучэнцы рознага ўзросту. Днём яны працавалі, а ўвечары атрымлівалі няпоўную сярэднюю і сярэднюю адукацыю.
З гадамі змянялася школа, мяняліся і яе кіраўнікі. У розны час школу ўзначальвалі: Каракіна Ксенія Піліпаўна (1952-1954гг.), Благіраў Ісідар Дзмітрыевіч (1954-1957гг.), Манчыц Павел Паўлавіч (1957-1958гг.), Яхімчык Уладзімір Уладзіміравіч (1958-1960гг.), Мядзведзеў Іван Ціханавіч (1960-1961гг.), Бойка Іван Ерамеевіч (1961-1968гг.), Ботвіч Іван Юльянавіч (1968-1973гг.), Зайко Уладзімір Уладзіміравіч (1973-1975гг.), Кадач Міхаіл Андрэевіч (1975-1988гг.), Кратынскі Віктар Вацлававіч (1989-1997гг.), Кажанеўская Таццяна Канстанцінаўна (1997-2006гг.), Пачобут Наталля Максімаўна (2006-2024гг.), Красоўская Надзея Леанідаўна (з 2 верасня 2024г. па цяперашні час).
1972г. – школе прысвоена імя С.В. Прытыцкага [Дадатак 4].
10 лістапада 1973г. – школа пераехала ў новы чатырохпавярховы будынак на вул. Міхайліна, 2 [Дадатак 5].
“Самае прыгожае, светлае, лепшае людзі аддаюць дзецям. І гэта заканамерна, што самы прыгожы будынак чатырохпавярховай школы ў гарадскім пасёлку Бераставіца таксама пабудаваны для дзяцей. Другую чвэрць пачалі вучні ў новай школе. Яшчэ ўчора тут гаспадарамі былі будаўнікі [Дадатак 6]. Гэтая школа – вынік іх працы. А сёння школьны прыгожы будынак па вуліцы Леніна напоўнены звонкімі дзіцячымі галасамі. Радуюцца не толькі настаўнікі і школьнікі. На адкрыццё школы прыйшлі і бацькі вучняў. Раніцай 10 лістапада сабраліся ўсе вучні і настаўнікі Вялікабераставіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы імя С.О.Прытыцкага каля старой школы, якая дала пуцёўку ў жыццё многім яе выхаванцам. Пастроіўшыся ў калону, школьнікі накіроўваюцца да помніка У.І.Леніну, каб ускласці тут букеты жывых кветак. Мітынг, прысвечаны адкрыццю новай школы імя С.О.Прытыцкага, адкрыў старшыня выканкама раённага Савета дэпутатаў працоўных І.П.Марцулевіч”… (Раённая газета “За камунізм” №134 ад 13 лістапада 1973 года).
У розны час у калектыве працавалі адданыя педагагічнай справе настаўнікі: Яўген Пятровіч Мацэпура, Лідзія Яфімаўна Дабрыян, Зінаіда Васільеўна Жых, Рэвека Абрамаўна Мандросова, Леў Мікалаевіч Піхун, Ала Генрыхаўна Піхун, Аляксандра Флоровна Гаховіч, Яўген Макаравіч Кажамякін, Ніна Антонаўна Марозава, Лідзія Максімаўна Чапега, Яўгенія Фамінічна Каравай, Ганна Андрэеўна Цяслюк, Надзея Іванаўна Дзешка, Алена Адамаўна Лосева, Марыя Баляславаўна Круглая, Яўгенія Ціханаўна Кадач, Вера Іванаўна Смалей, Людміла Андрэеўна Пацэнка, Людміла Уладзіміраўна Кузняцова і інш.
За час існавання школы яе сцены пакінулі тысячы выпускнікоў. Сярод іх вядомыя людзі: доктар філасофскіх навук М.І.Бароўскі, доктар тэхнічных навук Г.М. Скапец, доктар медыцынскіх навук В.А.Леська; кандыдаты тэхнічных навук О.В.Хакала, В.М.Дарашкевич, Г.Н.Гарбацэвіч; кандыдаты гістарычных навук В.А.Хілюта і І.Ф.Дзешка, генерал-палкоўнік В.М.Круглік, генерал-маёр А.А.Зайцаў, намеснік генеральнага дырэктара ААТ "МАЗ" – кіруючая кампанія холдынгу "БелаўтаМАЗ" – дырэктар па эканоміцы А.С.Ігнацюк і інш.
Каштоўнасці школьнага музея
Сёння Вялікабераставіцкая СШ размяшчаецца ў чатырохпавярховым будынку. Агульная плошча памяшканняў школы складае 4170 м2. За гэтыя гады змянілася аблічча школы, ўмацавалася матэрыяльна-тэхнічная база. Зараз у школе 29 вучэбных кабінетаў, 2 кабінеты інфарматыкі, 1 лінгафонны кабінет, 1 кабінет абслугоўваючай працы, 1 тэхнічная майстэрня, 1 кабінет лагапеда, 1 спартыўная зала, 1 актавая зала, 2 спальных памяшкання, ІБЦ з 37-тысячным фондам мастацкай і вучэбнай літаратуры, музей гісторыі школы, кабінеты адміністрацыйнай службы і СППС, медыцынскі кабінет, харчаблок [Дадатак 7].
Усе школьныя памяшканні прыгожыя і ўтульныя, але самым важным для кожнага навучэнца з’яўляецца музей “З гісторыі школы”, рашэнне адкрыць які было прынята ў 2005 годзе. Тады за працу ўзяліся дружна і настаўнікі, і вучні, і бацькі: прыносілі старыя фатаграфіі, школьныя атэстаты, падручнікі і многае іншае. І вось 11 чэрвеня 2006 г. музей «Школьны» Вялікабераставіцкай сярэдняй школы гасцінна расчыніў свае дзверы на плошчы 54 м2. Профіль музея – гісторыя школы. Усяго ў музеі налічвалася 383 экспаната, у тым ліку асноўнага фонду – 250, сярод іх нямала прадметаў побыту. На жаль, некаторы час, у сувязі з капітальным рамонтам школы, музей не функцыянаваў. За гэты час прыкметна парадзеў і асноўны фонд музея. Немалая частка экспанатаў была перададзена ў раённы Музей Вавёркі. У 2014г. школьны музей аднавіў сваю працу ў новым памяшканні. А у мінулым, 2023г., наш музей зноў змяніў сваё аблічча і па-ранейшаму гасцінна прымае сваіх наведвальнікаў. [Дадатак 8]
Юныя экскурсаводы заўсёды з асаблівым пачуццём удзячнасці паказваюць вучням і гасцям школы экспазіцыю “Памяць”. [Дадатак 9] Бывае, што экскурсію праводзіць даўно не юная, але па сённяшні час энергічная Дзегцярова М. А., шмат гадоў нязменны кіраўнік клуба “Пошук”. Тады падрастаючае пакаленне слухае экскурсавода яшчэ больш уважліва, стараючыся запомніць кожнае слова. Бо хто, як ні гэтыя юныя наведвальнікі музея, зберажэ звесткі пра тых, хто цаною асабітага жыцця здабываў мірнае неба над нашай Радзімай, родным пасёлкам, любімай школай. Я лічу, што настаўнікі нашай школы выхоўваюць сапраўдных патрыётаў. Мы абавязкова вырасцем і будзем расказваць сваім нашчадкам пра ветэранаў. Але, я ўпэўнены, што і пра гісторыю станаўлення і развіцця адукацыі на Бераставіччыне не забудзем. Бо трэба, нават неабходна, ведаць гісторыю і захоўваць памяць. Гэта наш маральны абавязак перад сабой і перад будучым пакаленнем. Не сумнявайцеся, мы пакажам маленькім бераставічанам піянерскі гальштук, акцябрацкі значок, школьную форму, чарнільныя ручкі і чарнільніцу-непралівайку, сшытак у вузкую лінейку з прамакаткай і іншыя экспанаты школьнага музея. [Дадатак 10]
З усіх экспанатаў школьнага музея мяне больш за ўсё ўразіла школьная форма для дзяўчынак. [Дадатак 11] Яна складалася з карычневай ваўнянай сукенкі, белага фартуха, белага каўнерыка і белых абшывак. Зрэшты, белы фартух апраналі толькі па святах і на школьныя лінейкі. А ў штодзённасці насілі чорны фартух. Каўнерыкі і абшыўкі былі здымнымі. Па меры патрэбы іх адпорвалі, мылі, гладзілі і зноў прышывалі да формы. Цікава, як бы выглядалі мае аднакласніцы ў такой школьнай форме.
Мне і маім сябрам вельмі падабаюцца ўрокі гісторыі, классныя і інфармацыйныя гадзіны, якія праводзяцца ў школьным музеі. [Дадатак 12]
Дадатак 1 Дадатак 2
Дадатак 3
Дадатак 4
Дадатак 5 Дадатак 6
Дадатак 7
Дадатак 8
Дадатак 9
Дадатак 10
Дадатак 12