Праблема арганізацыі адукацыйнага працэсу на беларускай мове ва ўстановах дашкольнай адукацыі з’яўляецца дастаткова актуальнай. Арганізацыя дадзенай дзейнасці вядзецца па розных накірунках.
Аднак, як паказвае практыка, дзеці не толькі не размаўляюць на беларускай мове, але нават у старэйшым дашкольным узросце часта не разумеюць яе. Чаму так?
Адной з галоўных прычын з’яўляецца тое, што сучасныя беларускія дзеці з самага нараджэння чуюць і вучацца размаўляць на рускай мове, маюць зносіны на ёй. А вось беларускую мову ў шырокім ужытку чуюць мала, таму і маюць бедны слоўнікавы запас. Такім чынам, вельмі важным з’яўляецца стварэнне камунікатыўнага асяроддзя якое б спрыяла ўзбагачэнню слоўніка дзяцей, давала магчымасць для элементарных зносін на беларускай мове, садзейнічала развіццю маўленчых навыкаў дашкольнікаў. Згадзіцеся, што ў вырашэнні дадзенай задачы вядучая роля належыць установе дашкольнай адукацыі. І тут узнікае супярэчнасць: выхавацелі павінны мець зносіны з выхаванцамі на беларускай мове, але не заўсёды могуць гэтага зрабіць, таму што самі не дасканала валодаюць ёю і не маюць магчымасці практычна развіваць ці ўдасканальваць свае маўленчыя навыкі.
Як жа вырашыць гэту праблему максімальна эфектыўна і практыка-арыентавана? Тут многае залежыць ад зацікаўленасці кіраўнікоў дашкольных устаноў у прапагандзе беларускай мовы і нацыянальнай культуры, жадання саміх педагагічных работнікаў авалодаць сродкамі роднай мовы. Папоўніць веды можна праз самаадукацыю і арганізацыю разнастайных форм метадычнай работы.
Менавіта на распрацоўку такіх метадычных мерапрыемстваў і была накіравана дзейнасць абласной творчай групы намеснікаў загадчыкаў па асноўнай дзейнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі Мінскай вобласці ў 2019 годзе.