Галоўная»Тэарэтычны раздзел»Тэма 6.3. Ніна Галіноўская
Галоўная»Тэарэтычны раздзел»Тэма 6.3. Ніна Галіноўская
Тэма 6.3. Ніна Галіноўская
Галіноўская Ніна Васільеўна (1935)
Дзіцячая паэтэса, аўтар паэм, вершаў, казак, жартаў, скорагаворак, лаўрэат Літаратурных прэмій імя Я. Маўра (2000) і імя В. Віткі (2006). Член Саюза пісьменнікаў БССР (1985). Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.
Псеўданім: Снегіна А.
У сучаснай беларускай дзіцячай літаратуры асаблівае месца належыць Ніне Васільеўне Галіноўскай. Ва ўсім, што яна напісала, выразна адчуваюцца дасканалы мастацкі густ і сапраўдная адданасць дзецям.
Нарадзілася будучая пісьменніца ў в. Вялікія Лазіцы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1955 г. скончыла Магілёўскае дашкольнае педагагічнае вучылішча. Працавала выхавальнікам у дзіцячым садзе торфапрадпрыемства “Калпеніца” на Брэстчыне, потым у дзіцячым доме ў мястэчку Лунна на Гродзеншчыне. У 1958 г. пераехала ў Мінск і пасля заканчэння журналісцкіх курсаў была карэктарам у рэдакцыі газеты “Мінская праўда” (1962-1963), друкарні выдавецтва “Звязда” (1963-1967), з 1967 г. рэдактарам мастацкіх фільмаў у газеце “Кинонеделя Минска”.
Першы верш Н. Галіноўскай “Весна” (на рускай мове) быў апублікаваны ў 1958 г. у скідзельскай раённай газеце “Красное знамя”. У рэспубліканскім друку пачала выступаць з 1960 г., з 1988 г. займаецца творчай працай [4].
Асноўнай сферай літаратурнай дзейнасці Н. Галіноўскай з’яўляецца паэзія для дзяцей дашкольнага ўзросту. Яна з аднолькавым поспехам працуе ў розных жанрах дзіцячай літаратуры. Піша вершы, казкі, жарты, небыліцы, смяшынкі, скорагаворкі, пацешкі, загадкі і нават “дзетсадаўскія” прыпеўкі. Выдала каля 15 кніжак, сярод іх:
“Давайце пазнаёмімся” (1962), “Размова сняжынак” (1968), “Кніжчыны сябры” (1975), “Незвычайны карагод” (1986), “Восень едзе ў магазін” (1990), “Гусіны капялюшык” (1994), “Клубок і калабок”(1999), “Камп’ютарныя сакрэты” (2002), “Палёт з Карлсанам” (2006), “Звяры ў трамваі”, “Леў смяецца”, “Калі я шчаслівы” (усе 2013), “Няма даравання вайне” (2014) [5].
Вершы, якія ўвайшлі ў гэтыя зборнікі, напісаны вобразнай мовай, з любоўю да маленькага чытача, пяшчотай, тонкім адчуваннем псіхалагічных асаблівасцей дзяцей. Іх аўтар упэўнена, што прыроджаная дабрата, душэўнасць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу слабейшаму – характэрныя якасці большасці дзяцей. Аднак Н. Галіноўская ў творах не ідэалізуе вобразы герояў і, выкарыстоўваючы сродкі сатыры, гумару, засяроджвае ўвагу на праявах дзіцячай хітрасці, гультайства, нявыхаванасці, жорсткасці. Пісьменніца лічыць, што вельмі важна ў адказны перыяд маленства, калі фарміруецца характар асобы, навучыць дзяцей ацэньваць свае ўчынкі і карэкціраваць іх. Творы Н. Галіноўскай, разнастайныя па тэмах і сюжэтах, адлюстроўваюць узаемаадносіны ў сям’і, школе, паміж сваякамі і сябрамі. Вартасць, чалавечая існасць дарослых і дзяцей вызначаюцца іх адносінамі да прыроды, якая ў творах паэтэсы зачароўвае і дорыць цудоўную казку хараства.
Сонейка ў яе вершы “Запрашае сонца” не проста свеціць і грэе, а сябруе з дзецьмі, разам з імі гушкаецца на арэлях, а раніцай ветліва будзіць. Лес вядзе расповед пра птушак і звяроў, паказвае, дзе шукаць грыбы (“Як мядзведзь без маскі за мёдам палез”). Да дзяцей з прыветнымі словамі звяртаюцца месяцы ў вершах “Верасень”, “Дзень добры, школа”, і кожны з іх мае сюрпрыз. Ёсць у пісьменніцы творы, прасякнутыя любоўю да роднай беларускай зямлі (“Званочкі”, “Хмарка”, “Што прыгажэй?”, “Радзіме”, “Ліпка”, “Дожджык”, “Луг у маі”, “Лісцёвая карусель”, “Фарбы восені”, “Да сустрэчы, церамок”).
Паэзія Н. Галіноўскай адметная шчырасцю, адкрытасцю, тонкім лірызмам. На яе меладычныя вершы беларускія кампазітары С. Галкіна, У. Казбанаў, А. Рэмізоўская, А. Чыркун, С. Альхімовіч, В. Карэтнікаў, В. Сярых напісалі музыку. Многія творы Н. Галіноўскай уключаны ў чытанкі для дзяцей дашкольнага ўзросту і хрэстаматыі, прызначаныя для навучэнцаў педагагічных каледжаў, студэнтаў ВНУ, у вучэбна-метадычныя выданні, калектыўныя зборнікі беларускай дзіцячай паэзіі [3].
Літаратура
Авяр’ян Сафонавіч Дзеружынскі на сайце анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”.
Беларуская дзіцячая літаратура : вучэбны дапаможнік / А. М. Макарэвіч [і інш.]; пад агульн. рэд. А. М. Макарэвіча. – Мінск : РІПА, 2008.
Беларуская энцыклапедыя : У 18 т. Т. 18. Кн.1. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2004. – С. 11.
Марціновіч А. “Бай з музычнай душой” //Літаратура і мастацтва. 2019. №10. С.7.