Галоўная»Тэарэтычны раздзел»Тэма 3.5. Змітрок Бядуля
Галоўная»Тэарэтычны раздзел»Тэма 3.5. Змітрок Бядуля
Тэма 3.5. Змітрок Бядуля
Самуіл Яфімавіч Плаўнік (1886-1941)
Асноўныя паняцці і тэрміны: канфлікт, мастацкая дэталь, псіхалагізм, сімвалізм.
Кароткія біяграфічныя звесткі, агляд творчасці Змітрака Бядулі для дзяцей.
Змітрок Бядуля – казачнік. Казкі “Казачка-цацачка”, “Іванка-прастачок”, “Скарб”. Творчае развіццё традыцыйнай фальклору, выхаваўчае значэнне казак.
Кароткі агляд паэмы-казкі “Мурашка Палашка”. Аўтарская фантазія, гумар ў творы. Услаўленне непераможнасці калектыву.
Змітрок Бядуля – майстар лірычнай прозы. Апавяданні “Малыя дрывасекі”, “Пяць лыжак заціркі ”, “Тулягі”. Вобразы дзяцей, іх гаротны лёс. Псіхалагізм, майстэрства мастацкай дэталі ў творах.
Апавяданне “Дзе канец свету?”. Вобраз пастушка Янкі. Гармонія душэўнага стану дзіцяці і прыроды.
Вершы Змітрака Бядулі для дзяцей. Удалае спалучэнне тэмы шчаслівага дзяцінства і тэмы прыроды (“Мае забавы”, “Люцік”, “Дудачка”, “Калыханка”). Лірызм, меладычнасць, напеўнасць, пейзажнай лірыкі (“Сняжынкі”, “Вясной”). Гумар, казачная аснова вершаў “Гаспадарка”, “Лісічка”.
Дакладнасць вобразнасці паэтычнай мовы, дынамічнасць сюжэта.
Цікава ведаць. У сям’і будучага пісьменніка ўсе валодалі нейкім рамяством. Маці шыла каптуры, дзед Лейзар рабіў меднае начынне – імбрыкі, конаўкі, чарпакі, місы. Ды і Змітрок Бядуля вучнем падзарабляў разьбой па дрэве. Выразаў для аднакласнікаў пеналы, скрынкі, нават цацачныя скрыпачкі.
Першы апублікаваны ў газеце “Наша ніва” твор пісьменніка “Пяюць начлежнікі” (1910) – імпрэсіянісцкі.
У савецкі час Змітрок Бядуля супрацоўнічаў з газетай “Савецкая Беларусь” і быў рэдактарам аднаго з першых дзіцячых часопісаў “Зоркі”. Выданне стала лагічным працягам той працы, якую праводзіла Цётка ў “Лучынцы” – Змітрок Бядуля актыўна друкаваў у часопісе ўласныя творы для дзяцей, уключаў тэксты пазнавальнага, выхаваўчага зместу Янкі Купалы, Якуба Коласа, Міхася Чарота, Янкі Журбы, таксама песні з нотамі, гульні, народныя казкі, загадкі, тры казкі [3].
У 1921 годзе Якуб Колас прысвяціў Змітраку Бядулю адну са сваіх “Казак жыцця” – казку “Кучаравае дрэва”. Назва была звязана са знешнасцю Бядулі і яго каранямі. Кучаравае, адрознае ад іншых дрэва з твора Якуба Коласа гаворыць: “Так сталася. Я тут вырасла. Сокі гэтай зямлі, куды ўрасло маё карэнне, пераліліся ў сэрца маё і ў думкі мае, і гучаць яны ў песнях маіх…!”
Кнігі былі запалам Змітрака Бядулі. Змітрок Бядуля вышукваў іх самымі рознымі спосабамі. Выпісваў з Вільні, Масквы і Пецярбурга, выпрошваў у паноў, шукаў у школах, якія знаходзіліся непадалёк.
Вялікая Айчынная вайна прымусіла пісьменніка пакінуць Беларусь. Ён апынуўся ў Саратаўскай вобласці, дзе нарэшце злучыўся з сям’ёй, якая з’ехала раней. Здароўе падводзіла – і ў 1941 годзе ва Уральску падчас аднаго з пераездаў, даганяючы цягнік, Змітрок Бядуля памёр ад інфаркту. Хавалі пісьменніка акцёры Другога беларускага дзяржаўнага тэатра (сёння Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа (Віцебск).
Прынёс адзнаку інтэлігентнасці ў беларускую літаратуру. У маладосці Змітрок Бядуля быў блізкі да сімвалістаў, але элементы сімвалізму ў яго творчасці грунтаваліся на беларускай глебе, на фальклорна-міфалагічных вытоках. [9].
Сапраўднай класікай у гісторыі беларускай літаратуры сталі апавяданні Змітрака Бядулі: “Пяць лыжак заціркі”, “Малыя дрывасекі”, “На каляды к сыну”, “Велікодныя яйкі”, “Летапісцы”.
У вёсцы Пасадзец (панадворак школы імя Змітрака Бядулі) знаходзіцца музей, дзе захоўваецца яго аўтограф на рамане “Язэп Крушынскі”. Таксама музей Змітрака Бядулі ёсць у горадзе Уральск, Казахстан.
Не любіў піць алкаголь, але шчодра частаваў іншых. Паводле Заіра Азгура: “Бядуля не любіў піць, але калі да яго прыходзілі сябры, ён вельмі любіў частаваць і рабіў выгляд, што пʼе чарку за чаркай”.
Прызначэнне жанчыны – выйсці замуж і гадаваць дзяцей. Паводле слоў яго сына, Яфіма Плаўніка: “Змітрок Бядуля з трапятаннем і павагай ставіўся да жанчыны. Але лічыў, што тая абавязкова павінна выйсці замуж і быць асновай сям’і, нарадзіць дзяцей”.
Іранічна ставіўся да сваёй знешнасці. На прапанову Заіра Азгура пазіраваць адказваў: “На мой твар трэба вельмі шмат гліны, і гэта вельмі вялікая работа, таму што маё аблічча прарэзана зморшчынамі, як тое ўзгоркавае поле пад Лагойскам” [7].
Сваім найлепшым сябрам лічыў Кузьму Чорнага. Па ўспамінах Заіра Азгура: “…Бядуля з надзвычайнай цеплынёй, як роднага брата, успамінаў Кузьму Чорнага. Ён вельмі шкадаваў, што няма яго вось тут, разам з намі (у той час Кузьма Чорны быў зняволены ў турме), і што нельга, як звычайна, пажартаваць, пасмяяцца з промахаў у літаратурных творах сваіх субратоў”.
Па ўспамінах Зоські Верас: “Адно было дзіўна: дома з сёстрамі гаварыў па-беларуску, пісаў па-беларуску, але, відаць, не ўсім беларусам давяраў. Можа, баяўся, што знойдуцца паміж намі людзі, якія аднясуцца да яго непрыхільна? Адным словам, антысэміты… Бо ніколі не прымаў удзелу ў ніякіх паседжаннях, сходах, з’ездах, вечарынах. Сёстры, асабліва малодшая Чэрня, бывалі ўсюды на людзях, ён – ніколі. З паасобнымі людзьмі: Ядвігіным Ш., Вандай Лявіцкай, Аркадзіем Смолічам, Галубком, Фальскім, – адносіны былі як найлепшыя, але ў грамадзе, у таварыстве, агульна з усімі, яго ніхто ніколі не бачыў” [7].
Выступаў супраць дыялектных выразаў у літаратуры. Змітрок Бядуля пісаў: “…Шмат хто з нашых пісьменнікаў ужывае ў мастацкіх творах закавырыстыя слоўцы сваёй ваколіцы. Вельмі часта такія словы незразумелыя не толькі чытачам, але і спецыялістам. Такія грашкі здараюцца ў некаторых пісьменнікаў і старэйшага пакалення. Кожны з іх з’яўляецца як бы патрыётам сваёй воласці – прызнае толькі мову сваёй невялічкай ваколіцы. А ўжо надыходзіць пара пакончыць з жарганізмамі ў нашай літаратуры. Кожны пісьменнік павінен мець свой асобны стыль, але мова павінна быць адна, зразумелая для ўсіх”.
Артыстычна ярка чытаў свае творы. Заір Азгур успамінаў: “Ён чытаў мне асобныя часткі з „Цудоўнай табакеркі“. Як заўсёды, чытаў ціха і вельмі па-артыстычнаму. Мне здаецца, што з усіх пісьменнікаў бадай адзін Бядуля чытаў свае творы так па-майстэрску. У яго сказ неяк варушыўся, і я выразна сабе ўяўляў не толькі падзеі, але і рух – настолькі скульптурна ўсё было пададзена. Здавалася, Бядуля не чытае, а проста бачыць і расказвае, што адбываецца”.
У гонар Змітрака Бядулі названы вуліца і плошча ў Мінску, а таксама вуліцы ў горадзе Жабінка Брэсцкай вобласці, у Маладзечне Мінскай вобласці і ў Віцебску. Адметна тое, што вуліца ў Жабінцы не мае цотнай нумарацыі дамоў.
У 2011 годзе, да 125-годдзя пісьменніка, беларускае паштовае ведамства выпусціла марку з выявай Змітрака Бядулі.
У 2016 годзе, да 130-годдзя пісьменніка, на прышкольнай тэрыторыі аграгарадка Ілья Вілейскага раёна Мінскай вобласці (Змітрок Бядуля вучыўся ў Ільянскай ешыве ў 1899-1901 гг.) была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная беларускаму пісьменніку.
У 2013 і 2017 гадах грамадскімі актывістамі ўздымалася пытанне аб перапахаванні астанкаў Змітрака Бядулі на тэрыторыі Беларусі, аднак ажыццявіць гэтую прапанову атрымалася толькі ў 2020 годзе.
Дом, дзе жыў Змітрок Бядуля ў горадзе Мінску, стаў філіялам музея Змітрака Бядулі [8].
Уклад у развіццё літаратуры
Змітрок Бядуля праз адаптацыю еўрапейскага вопыту жанрава ўзбагаціў беларускую літаратуру жанрамі беларускай дзіцячай прозы. Ён стаяў ля вытокаў беларускай дзіцячай літаратуры. Яго праца як рэдактара, тэарэтыка і, галоўнае, мастака слова ў гэтай галіне дзейнасці сведчыла пра заклапочанасць пісьменніка лёсам падрастаючага пакалення. Створаныя ім вершы, паэмы, казкі, апавяданні і аповесці сапраўды з’яўляюцца высокамастацкімі творамі і не страцілі сваё выхаваўча-адукацыйнае значэнне для сучасных чытачоў.
Змітрок Бядуля надаў беларускай літаратуры “адзнаку інтэлігентнасці, культ пачуцця”.
Пісьменнік стаў распрацоўшчыкам літаратурных казак “Мурашка Палашка”, “Скарб”. Позняя творчасць Змітрака Бядулі ў гэтым жанры ўзнімалася да высокага філасофскага абагульнення, глыбокага разумення быцця (“Сярэбраная табакерка”).
Мова твораў Змітрака Бядулі была настолькі апрацаваная і багатая, што само існаванне яго тэкстаў паўплывала на плённае развіццё беларускай літаратурнай мовы.
Самуіл Яфімавіч Плаўнік больш вядомы пад псеўданімам Змітрок Бядуля, аднак у пісьменніка былі і іншыя: Ясакар, Саша Пл-ік, Сымон Пустэльнік, Іскра, Святагор і Ярыла Чырвоны [5].
Аналіз вершаў, апавяданняў і казак Змiтрака Бядулi, якiя ўваходзяць у дзiцячае чытанне
У апавяданнях пісьменніка выразна прасочваюцца 2 кiрункi:
1) тэма загубленага дзяцiнства (“Малыя дрывасекi”, “Пяць лыжак зацiркi”) у гэтых апавяданнях адчуваецца пратэст пiсьменнiка супраць бязрадаснага дзяцiнства i сацыяльна-грамадскiх умоў, якiя пазбаўляюць дзяцей шчасця;
2) творы, у якiх З. Бядуля iмкнецца пранiкнуць ва ўнутраны свет маленькага чалавека, раскрыць яго псiхалогiю, паказаць яго здольнасцi i таленты (“Велiкодныя яйкi”, “Дзе канец свету”) [1].
Апавяданне “Пяць лыжак зацiркi” падымае праблему жыцця вёскі. На прыклазе сям’і хворага Антося i Агаты можна прасачыць становішча большасці сялян. Падзеі адбываюцца вясною, калі па вёсках пануе галадуха. Агаце пашанцавала выенчыць фунт мукi ў суседа, i прыгатаванае снеданне стала вялiкiм святам для шчаслiвай у той момант сям’i. Вялiкiм няшчасцем стаў прыход не менш галоднай суседкi Сцёпчыхi, якая з’ела паць лыжак зацiркi.
Апавяданне „Малыя дрывасекi” падымае праблему масавага абеззямельвання сялян, па якой яны вымушаны былі наймацца на лесараспрацоўкі. Галоўныя героi 2 браты. Старэйшаму Цiшку – 10г, а меншаму Халiмону – 8г. Бацька iх працаваць не мог, ён быў кульгавы. Ι хлопчыкi вымушаны былi iсцi ў лес на заробкi. Калi ўзнялася завея, усе дрывасекi разбеглiся па дамах, а Цiшка i Халiмон засталiся, баялiся, каб бацька не наракаў, што зарана прыйшлi з лесу. А калi вырашылi ўсё ж пайсцi, то заблудзiлiся i замерзлi. Яны бачылi сон, у якім збылося iх жаданне адно на дваiх: “Сядзяць яны за сталом, матка i бацька рады, што яны прыйшлi. Яны пад’елi i на печы паснулi”. Аўтар яскрава паказаў, што, выконваючы дарослую працу, псіхалагічна хлопчыкі заставаліся дзецьмі і менавіта таму не вытрымалі – загінулі.
Апавяданне “Велiкодныя яйкi” – галоўны герой Сцяпанка па мянушцы Пяцкун, бо ён захапляўся маляваннем. Нiхто яго не разумеў. Толькi на Вялiкдзень яму куплялi фарбы i дазвалялi фарбаваць яйкi. Калi загiнуў бацька, то мацi не змагла купiць сыну фарбы. Ι тады хлопчык на велiкодных яйках сваёй крывёю намаляваў партрэт бацькi, забiтага на вайне. Заканчваецца апавяданне аптымiстычнымi спадзяваннямi на лепшую будучыню мастака. Чутку аб дзiўных велiкодных яйках пачулi студэнты з суседняй вёскi i падарылi Сцяпанку скрыначку з рознымi фарбамi. Яны абяцалi яго вучыць i ў горад забраць, гаварылі, што з яго выйдзе вялiкi чалавек.
Апавяданне „Дзе канец свету” адлюстроўвае ўнутраны свет хлопчыка Янкі, які увесь час разважае, фантазiруе, захапляецца таямнiцамi навакольнай прыроды. Але больш за ўсё яго хвалюе пытанне: Дзе канец свету? Дарослыя не даюць яму адказа (бацька працуе i яму няма часу, баба Аўдоцця не ведае, дзядзька Арцём смяецца з яго пытанняў). Аднойчы хлопчык вырашае, што сонейка ведае, дзе канец свету, ён пакiдае свой статак гусей i бяжыць услед за iм. Канчаецца апавяданне тым, што Янка разважае: “Увосенi ў школу пайду, вучыцца буду i аб усiм даведаюся” [6].
Змітрок Бядуля да формы казкі звярнуўся ўжо ў першай палове 20-х гг. ХХ ст. пад уплывам сваёй рэдактарскай дзейнасці. Большасць казак З. Бядулi створана на аснове фальклорных матываў, пiсьменнiк напаўняў казкi новым зместам i ўзбагачаў iх мастацкiя асаблiвасцi (“Ιванка-прастачок” ) У казцы “Скарб” галоўны герой наслухаўся дзедавых казак аб багатых скарбах i адпраўляецца iх шукаць у купальскую ноч. У лесе хлопчык сустракаецца з хохлiкам, якi паказвае яму свае падземныя скарбы i знаёмiць са сваёй сям’ёй, кожны з якой заняты сваёй працай. Хлопчык зразумеў, што „матка-зямля мае шмат багацця. Яна шчодрая да тых, хто любiць працаваць”. У вобразе хлопчыка Саўкi праяўляюцца тыповыя для яго ўзросту рысы характару (цiкаўнасць, спалох, задзiрыстасць).
“Мурашка-Палашка” – узнята тэма калектыўнай працы, неабходнасцi абароны свайго дому. Дабро ў казцы звязана з вобразам Палашкi. Зло – у вобразе мядзведзя. Ён дужы i самаўпэўнены, ён гвалтаўнiк-прыгнятальнiк. Адмоўныя героi i воўк з лiсой, яны прыслужваюць прыгнятальнiку працоўных. Мурашкi працавiтыя, воўк жорсткi, лiса хiтрая.
Аповесць-казка “Сярэбраная табакерка” – у аснову сюжэта пакладзена народная казка аб паланеннi палешуком смерцi, якую ён пасадзiў у табакерку, на зямлi перастала гнiць усё жывое. Казка падобна да фальклорнай (жывёлы размаўляюць i дзейнiчаюць як людзi). Адметнасць кампазiцыi казкi заключаецца ў спалучэннi рэалiстычна-бытавога плана з казачна-фантастычным. Першыя старонкi твора гэта рэалiстычная карцiна вячэры звычайнай сям’i зайчыкаў, дзе акрамя бацькоў прысутнічаюць стары дзед. Дзед расказвае гiсторыю аб тым, як апынулася гэта табакерка ў прадзеда сям’i леснiка. I ад iмя дзеда пачынае казку пра смерць, якая трапiла ў табакерку iх далёкага продка Дзiда-дзеда i што з гэтага атрымалася. Фантастычны план уключаецца ў дзеянне непасрэдна з апавядання старога казачнiка. Тут адбываюцца дзiвосныя пераўтварэннi i незвычайныя прыгоды з героямi казкi. Дзiда-дзед – заяц, ажывае такая мiстычная iстота, як смерць, сарока ператвараецца ў каралеву Лялю, кардынал Банiфацый пераапранаецца прафесарам Джыованнi Чарэнца, аптэкар Савiцкi стварае мясныя буракi, якiя растуць на градках, i сонныя парашкi, што ўсыпляюць людзей. Сюжэт аповесцi-казкi пабудаваны на барацьбе памiж Дзiда-дзедам, яго сябрамi (дзяўчынка Люсенька, шавец Юрка Дратва, паляўнiчы Саўка, аптэкар Савiцкi, скамарохi) i памагатымi Смерцi (панi Сарачынская, кароль Пінг-Понг, кардынал банiфацый, папа Кiй дзесяты). Смерць iмкнецца вырвацца з дзедавай табакеркi [2].
Пазнавальна-выхаваўчае значэнне аповесцi-казкi “Сярэбраная табакерка” ў тым, што ў творы ярка i вобразна паказана чалавечае жыццё i адносiны памiж людзьмi, створаны незабыўныя малюнкi роднай прыроды, якiя выхоўваюць патрыятычныя i эстэтычныя пачуцці ў чалавеку.
Гласарый
Канфлікт – супрацьстаянне, сутыкненне супрацьлеглых поглядаў дзейных асоб у літаратурным творы.
Мастацкая дэталь – выяўленчая і выразная падрабязнасць, рыса або элемент прадмета, партрэта, інтэр’ера, пейзажу і іншага лiтаратурнага твора, якая нясе значную iдэйна-эмацыянальную i сэнсавую нагрузку.
Псіхалагізм – мастацка-вобразнае адлюстраванне і выяўленне ў мастацкім творы ўнутранага жыцця асобы, што абумоўлена каштоўнасцямі аўтара, яго ўяўленнямі аб асобе і задумай, канцэпцыяй твора.
Сімвалізм – літаратурная плынь, якая вызначаецца зваротам да філасофскіх таямніц, выкарыстаннем сімволікі, недасказанасці, намёкаў, загадкавых вобразаў. Сімвал – знак, што злучае рэальны і рэальны свет.
Пытанні
1. Звярніце ўвагу на гады жыцця пісьменніка. Як называлася Беларусь на працягу гэтых гадоў?
2. З якімі творамі аўтара вы знаёміліся ў школе?
3. Паразважайце, чаму пісьменнік абраў сабе такі псеўданім? Назавіце іншыя псеўданімы пісьменніка.
4. Як бы вы вызначылі (на прыкладзе казак “Скарб”, “Мурашка Палашка”) грані адрознення ў жанры казкі: празаічная казка, вершаваная казка і паэма-казка?
5. Сястра Змітрака Бядулі Соф’я называла яго “кнігапаклоннікам”. Паразважайце над сутнасцю гэтай характарыстыкі?
6. Разгледзьце схему, пракаменціруйце яе на прыкладзе вобраза Янкі з апавядання “Дзе канец свету?” Вызначце элементы сюжэта апавядання Абгрунтуйце свой адказ.
7. Вядома, Змітрок Бядуля – майстар лірычнай прозы. У апавяданнях “Малыя дрывасекі”, “Пяць лыжак заціркі”, “Тулягі” паказаны вобразы дзяцей, іх гаротны лёс. Дакажыце, што псіхалагізм і мастацкая дэталь дапамагаюць паказаць развіццё канфлікту ў творах.
8. Прачытайце апавяданні (“Малыя дрывасекі”, “Тулягі”, “Пяць лыжак заціркі”, “Дзе канец свету?”, “Велікодныя яйкі”), вызначце тэматыку і мастацкія асаблівасці, гуманістычны пафас; зрабіце іх літаратуразнаўчы аналіз па прапанаванай схеме. Гл. Дадатак №7
9. Дакажыце, што псіхалагічная глыбіня апавяданняў “Малыя дрывасекі”, “Пяць лыжак заціркі”, “Тулягі” абумоўлена развіццём канфлікту як у рэальнасці, так і ў свядомасці персанажаў.
10. Паназірайце за мовай апавяданняў. Вызначце асаблівасці стылю прозы Змітрака Бядулі: сродкі мастацкай выразнасці, ускладненасць кампазіцыі, насычанасць перыпетыямі.
11. Прачытайце паэтычныя тэксты “Мае забавы”, “Люцік”, “Дудачка”, “Калыханка”, “Сняжынкі”, “Вясной”, “Гаспадарка”, “Лісічка”:
а) занатуйце ўражанні ад іх у чытацкі дзённік;
б) размяркуйце вершы па розных узроставых групах дзіцячага сада; свой выбар абгрунтуйце радкамі з вершаў;
в) вызначце лірызм, меладычнасць, напеўнасць пейзажнай лірыкі;
г) размяркуйце названыя творы па тэматычных групах, падмацоўваючы размеркаванне цытатамі з тэкстаў.
12. Вывучыце верш на памяць “Гаспадарка”. Паразважайце, хто ёсць хто ў сям’і. Чаму?
13. Зрабіце агульную характарыстыку аповесці-казкі “Сярэбраная табакерка”:
а) асаблівасці рэцэпцыі твора ў кантэксце гістарычнай рухомасці яго сэнсу;
б) сатыра і гумар (моўнае выражэнне сродкаў сатыры і гумару, з дапамогай якіх ствараюцца адпаведна адмоўныя і станоўчыя героі), свае вывады падмацуйце цытатамі;
в) філасафічнасць вобразаў-сімвалаў.
г) асаблівасці кампазіцыі тэксту, спалучэнне і ўзаемадзеянне ў ім розных планаў − рэалістычнага і фантастычнага.
14. Запоўніце табліцу:
15. Выканайце тэст
Літаратура
Беларуская дзіцячая літаратура : вучэб. дапам. / А.М. Макарэвіч [і інш.] ; пад агульн. рэд. А.М. Макарэвіча, М.Б.Яфімавай. – Мінск: Выш.ш., 2008.
Беларуская дзіцячая літаратура : вучэбны дапаможнік / А. М. Макарэвіч [і інш.]; пад агульн. рэд. А. М. Макарэвіча. – Мінск : РІПА, 2016.
Беларуская літаратура : вучэбны дапаможнік для 10 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання / пад рэд. А.П.Бязлепкінай-Чарнякевіч, І.Д.Воюш. – Мінск : РІПА, 2020.
Бядуля Змітрок // Тэатральная Беларусь : у 2 т. / пад агульнай рэдакцыяй А. В. Сабалеўскага. Мінск: 2002. Т. 1.
Кульбянкова, І. М. Эвалюцыя лірычнай творчасці Змітрака Бядулі: ідэйна-тэматычны і вобразны аспекты : метадычны дапаможнік / І. М. Кульбянкова. – Магілёў: 2004.
Кульбянкова, І. М. Змітрок Бядуля – майстар “малой прозы” : вучэбны дапаможнік / І. М. Кульбянкова. – Магілёў: 2000.
Навуменка, І. Я. Змітрок Бядуля / Іван Навуменка. – 2-е выд. – Мінск : Беларуская навука, 2004.
Навуменка, І. Я. Змітрок Бядуля (1886–1941) / Іван Навуменка // Слова пра літаратуру і літаратараў: літаратурна-крытычныя артыкулы па беларускай літаратуры : у 2 кн. / уклад. В. В. Ашмян і інш. Мінск: 2001.
Максімовіч, В. А. Дакастрычніцкая творчасць Змітрака Бядулі: сувязь з эстэтыкай сімвалізму і імпрэсіянізму / В. А. Максімовіч // Эстэтычныя пошукі ў беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзя / В. А. Максімовіч. Мінск: 2000.