Эфектыўным прыёмам педагагічнай дыягностыкі на ўроках беларускай літаратуры лічу прыём «Твор ад А да Я». У аснову яго назвы пакладзены фразеалагізм «ад А да Я» – ад самага пачатку да канца. Гэта своеасаблівая камбінаваная праверачная работа па літаратурным творы, якая дазваляе праверыць цэласнае ўспрыманне і разуменне літаратурнага твора, уменне аналізаваць і інтэрпрэтаваць мастацкі тэкст.

У рабоце прапануюцца заданні, звязаныя з валоданнем зместам твора, веданнем сістэмы вобразаў і асаблівасцей кампазіцыйнай будовы, уменнем пазнаваць героя па яго характарыстыцы (партрэтнай, моўнай, самахарактарыстыцы, характарыстыцы іншымі персанажамі), разуменнем узаемасувязі падзей, учынкаў, уменнем аргументаваць свае думкі і эмацыянальна ацэньваць твор, вызначаць яго праблематыку. Выкананню такой работы папярэднічае плённая сумесная праца над творам.

Плюсы прыёму:

  • матывуе вучняў чытаць твор у арыгінале, а не па кароткім змесце,

  • садзейнічае развіццю ўмення рабіць комплексны аналіз літаратурнага твора,

  • спрыяе ўзнікненню неабходнасці эмацыянальна адгукнуцца на твор,

  • у класах, дзе літаратура вывучаецца толькі раз на тыдзень, у настаўніка з’яўляецца магчымасць ацаніць усіх.