Сёння нельга ўявіць адукацыйнага працэсу без дыягностыкі. Дзякуючы ёй педагогі атрымоўваюць дакладную і аб'ектыўную інфармацыю адносна ступені засваення праграмнага матэрыялу вучнямі і выніковасці ўласнай адукацыйнай дзейнасці, выбіраюць рацыянальныя сродкі навучання, перадавыя методыкі і прыёмы, эфектыўна кіруюць адукацыйным працэсам, аказваючы дапамогу вучням, якія па нейкай прычыне не паспяваюць, прагназуюць вынікі навучання, ступень сфарміраванасці ўменняў і навыкаў, атрымоўваюць дадзеныя пра маральна-каштоўнасную арыентацыю асобы.

Вопыт паказвае, што класічныя спосабы праверкі ведаў і ўменняў вучняў часта становяцца прычынай стрэсаў вучняў і страты веры ў сябе, а выкананне тыповых заданняў не спрыяе павышэнню ўнутранай матывацыі школьнікаў, развіццю іх здольнасцей і схільнасцей. Таму сучасны педагог зацікаўлены ў адборы эфектыўных прыёмаў педагагічнай дыягностыкі, што дазваляюць стварыць на ўроках беларускай мовы і літаратуры псіхалагічна камфортныя ўмовы, пры якіх вучні атрымліваюць магчымасць развіваць унутраную матывацыю да навучання, здольнасці і схільнасці.

Мною распрацавана праграма майстар-класа “Педагагічная дыягностыка ведаў і ўменняў вучняў як адна з умоў аптымізацыі працэсу навучання”.

Мэта майстар-класа – стварэнне ўмоў для паўнавартаснага праяўлення і развіцця педагагічнага майстэрства яго ўдзельнікаў на аснове арганізацыі прасторы для прафесійных зносін па абмене вопытам арганізацыі педагагічнай дыягностыкі ведаў і ўменняў вучняў.

Задачы майстар-класа:

  • стварыць умовы для прафесійнага самаўдасканалення настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры;

  • перадаць вопыт работы шляхам дэманстрацыі найбольш эфектыўных прыёмаў педагагічнай дыягностыкі, паказаць іх практычную значнасць у працэсе адукацыі;

  • у працэсе педагагічнай камунікацыі распрацаваць дыдактычны матэрыял па тэме вопыту, які дэманструецца;

  • адрэфлексаваць уласнае прафесійнае майсэрства ўдзельнікаў майстар-класа.

Мэтавая аўдыторыя майстар-класа: настаўнікі беларускай мовы і літаратуры.

Прагноз вынікаў работы ўдзельнікаў майстар-класа: мяркуецца, што ўдзельнікі майстар-класа павысяць узровень уласнай інфармацыйнай кампетэнцыі, атрымаюць магчымасць авалодаць прыёмамі арганізацыі педагагічнай дыягностыкі на ўроках беларускай мовы і літаратуры і змогуць самастойна выкарыстоўваць іх для развіцця ўнутранай матывацыі школьнікаў да навучання, для аптымзацыі працэсу навучання ўвогуле.

Майстар-клас уключае тры заняткі.