Заняткі ў беларускай школцы праводзяцца для дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад 3 да 16 год. Тэматыка заняткаў ахоплівае шырокі спектр тэмаў, уключаючы мовы (беларускую, літоўскую, ангельскую), гісторыю, культуру, навуку, розныя віды творчасці і інш. У цэнтры навучальнага працэсу знаходзяцца навучэнцы, якія ў супрацы з іншымі навучэнцамі і выкладчыкамі разам засвойваюць веды і спазнаюць свет вакол іх. Выкарыстаньне інтэрактыўных метадаў навучаньня дазваляе зрабіць заняткі больш жывымі, развіць творчы патэнцыял навучэнцаў, камунікатыўныя навыкі і навыкі працы ў групе.
Беларуская мова (3-5)
Выкладчыца: Юлія Сарокіна
Трапляючы ў маленькую краіну казак мы будзем знаёміцца з беларускай мовай у займальнай форме. Кожны занятак праводзіцца ў інтэрактыўнай форме, уключае ў сябе казку, размову, гульні і творчасць па матывах казкі, а таксама размінку (бо калі табе 3 гады – на месцы зусім не сядзіцца!)
Беларуская мова (6-9)
Выкладчыца: Эдзіта Шукевіч
Прастора для творчасці па-за рамкамі звычайных урокаў. Разам паглыбляем веды і болей карыстаемся беларускай мовай, узбагачаем і актывізуем свой слоўнік, стымулюем жаданне размаўляць па-беларуску, палюбіць яе мілагучнасць і меладычнасць, знаёмімся з беларускімі абрадамі, традыцыямі, фальклёрнымі святамі. На занятках мы вучым словы, фразы з дапамогай гульняў, творча і актыўна вывучаем лексіку па тэмах.
Беларусазнаўства (9-12)
Выкладчыцы: Тамара Мацкевіч і Алена Маслюкова
Мэтай навучання з’яўляецца паступовае фармаванне ў дзяцей ведаў, асабістага практычнага досведу і каштоўнасцяў, неабходных для захавання беларускай ідэнтычнасці, эфектыўнай камунікацыі на роднай мове, захавання гістарычнага досведу і культурнай спадчыны сучаснай беларускай нацыі. Тэматыка заняткаў разнастайная.
Заняткі праходзяць у інтэрактыўнай форме з выкарыстаннем метадаў выкладання, заснаваных на супрацы: гульні, праекты (сацыяльныя, даследчыя), эксперыменты, групавыя заданні і г.д. Навучэнцы уключаюцца ў супольную дзейнасць, што спрыяе іх сацыялізацыі, развіццю крытычнага мыслення, творчых і камунікатыўных здольнасцяў.
Літоўская мова (6-9)
Выкладчыца: Эдзіта Шукевіч
Заняткі для тых, хто паважае краіну, у якой жыве, і хоча вучыцца разумець яе жыхароў і размаўляць на літоўскай мове, удасканальваць дыялагічнае маўленне.
Ангельская мова (6-9)
Выкладчыца: Тацьцяна Поклад
На нашых занятках мы не дублюем школьныя праграмы, а робім акцэнт на камунікацыі, на размоўнай мове, на вымаўленні і на тым, што цікава самім дзецям, спрабуючы размаўляць толькі на ангельскай.
Творчая майстэрня (6-8, 9-12)
Выкладчыца: Юлія Сарокіна
Штораз мы адкрываем для сябе нешта новае, рэалізуем крэатыўныя ідэі, вучымся бачыць незвычайнае ў звычайным. Мы знаёмімся з рознымі тэхнікамі хэндмэйду: роспісам тканіны і посуду, дэкупажам, лепкай, валяннем з воўны і шмат чым іншым. Пагружэнне ў творчую атмасферу, прыемныя знаёмствы і беларуская мова – у нас заўжды цікава!
Выяўленчае мастацтва (9-12)
Выкладчык: Іван Болашаў
Тэатральная студыя (6-10)
Выкладчыца: Яраслава Федчанка
На студыі дзеці знаёмяцца з тэатральнымі практыкамі ў гульнявой форме, працуюць над пастаноўкай голасу і дыкцыі, шукаюць сваю акторскую выразнасць, фантазіруюць і пераўвасабляюцца ў розныя вобразы. У творчай прасторы дзеці могуць заявіць пра сябе сусвету і адчуць магію тэатральнага ўзаемадзеяння.
Хор (6-16)
Выкладчыца: Вольга Семянчук
З аднаго боку асабісты падыход да кожнага, іх прагрэс у музыцы, з іншага – стварэнне творчага, каманднага духу, дзе адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго, дзе хор – як другая сям’я, дзе дзеці вучацца адказваць за свае дзеянні, бо ад гэтага залежыць якасць агульнага цэлага. Хор – гэта і яскравыя лідэры, і камандны дух адначасова.
Курс "Выдавецтва" (11-16)
Выкладчыца: Паліна Сокал
Разам мы малюем, праектуем, ствараем Новую візуальную культуру. У пачатку кожнага семестра ўдзельнікі курса разам вырашаюць, якім будзе выніковы праект. Выкладчыца дапамагае навучэнцам стварыць праект, раскрываючы сакрэты мастацкага майстэрства.
Робататэхніка (9-12)
Выкладчык: Павел Абрамовіч
У сучасным свеце нас паўсюль атачаюць робаты. Гурток дапамагае лепш зразумець прынцыпы, па якіх яны функцыянуюць, і дазваляе рэалізаваць свае інжынерныя задумкі. Навучанне праходзіць з выкарыстаннем набораў LEGO Mindstorms EV3. На занятках дзеці вучацца абмяркоўваць пастаўленыя задачы і шукаць найлепшае інжынернае рашэнне, вывучаюць прынцыпы працы кожнага механізма і датчыка, вучацца пераўтвараць свае думкі ў код, які будзе кіраваць робатам, атрымліваюць задавальненне ад працы ў камандзе і вучацца паважаць адно аднаго. А яшчэ гэта добры настрой і падвышаная самаацэнка, у канцы кожнага занятку дзіця бачыць вынік!
Псіхалагічны клуб для падлеткаў (12-16)
Выкладчык: Ілля Багуцкі
Курс для падлеткаў накіраваны на самапазнанне, развіццё навыкаў узаемадзеяння і пошук спосабаў пераадолення жыццёвых складанасцяў.
Нейра-атыповая група
Выкладчыца: Кацярына Шулякоўская
Карэкцыйныя групавыя заняткі па распрацаванай аўтарскай методыцы для дзяцей ад 3 год з такімі асаблівасцмі як дзіцячы ранні аўтызм, сіндром Дауна, СДВГ, ДЦП, інтэлектуальная недастатковасць, цяжкасці ў навучанні і інш.