Дыктанты

                                                                                    Бусел

Ходзіць па зялёнай лугавіне бусел. Павольна перастаўляе свае чырвоныя ногі. А дзюбу звесіў уніз, уважліва вывучае глебу. 

Гэты сур'ёзны птах з'яўляецца часткай беларускага краявіду. З людзьмі ён жыве ў дружбе. Гнёзды будуе часта на стрэхах, на дрэвах каля хат. За што народ любіць бусла, лічыць яго добрым суседам чалавека? Бусел назаўсёды стаў сімвалам ціхага, спакойнага, мірнага і шчаслівага жыцця.

(Паводле В. Вольскага)

(60 слоў)

                                                                         Салдацкая крыніца

      Ля вёскі Сасноўка салдаты вучыліся ваяваць. Была спёка. Хацелася піць. Адзін салдат ўзяў рыдлёўку і расчысціў крынічку. Другі паглыбіў яе. Крынічка забруіла, напоўнілася да берагоў.                                                        

На наступны дзень салдаты прынеслі да крыніцы бярвенцы і зрабілі зруб. Хтосьці сплёў кошык з бяросты і павесіў на алешыне.                                                                                                                                                                 

Праз тыдзень салдаты паехалі. А што ж крынічка? Яна і зараз пераліваецца тонкімі струменьчыкамі. Каля крынічкі кіпіць жыцце. Палявым мышкам цікава паслухаць яе чароўную музыку. Блакітныя незабудкі зазіраюць у яе люстэрка.                                                                                                                                                            

Уся веска п'е ваду з крынічкі. Добрую памяць пакінулі салдаты.

(Паводле В. Хомчанкі)

(87 слоў) 

                                                                                 Жаўрукі

      Жаўрукі вяртаюцца на Беларусь у сярэдзіне сакавіка. Яшчэ кусаецца мароз. Сонца не паспела злізаць снег. А маленькія птушачкі звіняць ужо над полем, над лесам.                                                                                                    

Як жа з'явіліся жаўрукі на беларускай зямлі? Пра гэта расказвае паданне.                                                               

Добры чараўнік хацеў дапамагчы селяніну пахаць камяністую глебу. Стаў браць ён у рукі каменне і кідаць у неба. Зазвінелі ў паднябессі шэрыя птушачкі. Весялей пацягнуў саху знясілены конь. Упершыню за цэлы дзень усміхнуўся селянін.                                                                                                                                                       

А жаўрукі з таго часу гняздзяцца проста на ўзмежку поля. Іх птушанят не заўважыш. Колерам пярынак яны нагадваюць шэрыя каменьчыкі.

(Паводле У. Ягоўдзіка)

(90 слоў) 

                                                                             Рака Бярэзіна

     Цераз невялікі балоцісты луг мы прабіраемся да ракі Бярэзіны. Павольна нясе рака свае воды сярод заліўных лугоў. Рачныя берагі звілістыя. Ля самай вады растуць кустамі лаза і вольха. На зялёных лугавінах квітнее жоўтымі плямамі кураслеп. На гарызонце цямнеюць лясы. Па ўзлесках бялеюць тонкія і стройныя бярозкі. Можа ім абавязана рака Бярэзіна сваёй назвай. 

( 55 слоў)

Граматычнае заданне.

1. Падбярыце з тэксту аднакаранёвыя словы да слова  луг  і разбярыце іх па саставе.

2. Пазначце склон назоўнікаў у сказе.

На гарызонце цямнеюць лясы.

3. Падкрэсліце галоўныя члены сказа.

Павольна нясе рака свае воды сярод заліўных лугоў.

                                                                                  Вясной

      Лес яшчэ голы. Але на бярозах ужо лопаюцца пупышкі. З іх выбіваюцца клейкія лісточкі. На высокіх кустах алешніку красуюцца жоўтыя і зялёныя шышачкі.                                                                                                  

Ажываюць маленькія паляны. Сярод ігліцы і леташняга лісця цвітуць пралескі. Фіялетавыя кветкі дзівосным дываном упрыгожваюць лес. А на нізінах пад кустамі алешніку белымі галоўкамі цягнецца да сонца ветраніца. Гэта першыя веснавыя кветкі.

Граматычнае заданне

Варыянт 1

1. Вызнач род назоўнікаў.

На высокіх кустах алешніку красуюцца жоўтыя і зялёныя шышачкі.

2. Вызнач склон прыметнікаў.

На высокіх кустах алешніку красуюцца жоўтыя і зялёныя шышачкі.

3. Вызнач час дзеясловаў.

Цягнецца, зацвітуць, красаваўся.

Варыянт 2

1. Вызнач род назоўнікаў.

Сярод ігліцы і леташняга лісця цвітуць пралескі.

2. Вызнач склон прыметнікаў.

Фіялетавыя кветкі дзівосным дываном упрыгожваюць лес.

3. Вызнач час дзеясловаў.

Ажываюць, цвілі, пацягнецца.

                                                                            Веснавая госця

Зіма яшчэ не пакінула зямлю. Сонца свеціць часцей, але грэе слаба. У лагчынах ляжыць снег. Палі раніцай бялеюць ад марозу. Але на пагорках зелянее маладая траўка. Па ўскрайку лесу паміж сухога лісця выглядае ліловае вочка пралескі. Тэта першая весняя кветачка. Пралеска першая прачынаецца ад зімовага сну і абвяшчае пачатак вясны.

Праз нейкі час лес і поле пакрыюцца рознымі краскамі. Але гэтую першую госцю вясны будуць помніць усе. (69 слоў)

3 буквара

Граматычныя заданні

I варыянт

II варыянт