Наши ветераны
Кучун Канстанцін Фёдаравіч
У 1944 годзе Канстанціну Фёдаравічу Кучун, дзядулі нашай настаўніцы інфарматыкі Дзейкала І.Ф., споўнілася 18 гадоў, ён быў прызваны на службу. Першы месяц служыў у 42 запасным вучэбным палку ў г. Мінску. Затым адправілі на фронт. Папаў на 3-ці Беларускі ва Усходнюю Прусію (галоўнакамандуючы М. Чарняхоўскі). Служыў у 5-й арміі, 144 дывізіі, 785 стралковым палку, у 3-ім узводзе кулямётчыкам. Першы месяц салдаты мацавалі абарону: ставілі міны, нацягвалі дрот, па начах капалі траншэі. Абарону нашых рубяжоў трымалі да апошняга. Вораг ажыццяўляў наступленне толькі па начах, а днём не давалі спакою іх снайперы. У час одной з абарон Канстанціна Фёдаравіча два разы аглушыла, а пры абстрэле на яго вачах загінуў таварыш.
Зіма 1944 года была суровай. Частыя абмаражэнні, асабліва ног, недахоп прадуктаў. Штодзённа байцам выдавалася па 850 грам хлеба, табак, трошкі цукру, гарэлка для сугрэву.
13 студзеня 1945 года па загаду галоўнакамандуючага фронтам пайшлі ў наступленне. Прарваўшы абарону праціўніка, рухаліся ў накірунку г. Несцерава ва Усходняй Прусіі. Пад час наступлення Чырвоная Армія несла вялікія страты. Быў смяротна ранены генерал арміі М. Чарняхоўскі. Пры штурме горада Канстанцін Фёдаравіч быў ранены ў локцевы сустаў правай рукі. Трапіў у медсанбат, урачы зрабілі аперацыю, пасля якой два месяцы знаходзіўся ў франтавым шпіталі ў г. Вільнюс. Раненне было цяжкім, спатрэбілася яшчэ два месяцы лячэння ў шпіталі г. Тэйкава Іванаўская вобласці. Там далі інваліднасць і камісавалі дадому.
Раніцай 8 мая 1945 года вярнуўся ў родную вёску. А назаўтра – 9 мая – наступіў доўгачаканы Дзень Перамогі.
За ўдзел у ваенных дзеяннях Кучун К.Ф. узнагароджаны медалём “За адвагу”, медалём “За перамогу над Германіяй”, ордэнам Чырвонай Зоркі. Усяго 12 баявых узнагарод.
Пасля заканчэння вайны пяць гадоў працаваў на фанерным заводзе, а пасля працягваў сваю працоўную дзейнасць у Мастоўскай установе электрычных сетак. У 1985 годзе пайшоў на заслужаны адпачынак [4].
Зараз Канстанцін Фёдаравіч пражывае ў роднай вёсцы. Выгадаваў чатырох сыноў, выраслі ўнукі, падрастаюць праўнукі. Але успаміны аб той страшнай вайне жывыя і цяпер. Часто сняцца сны пра вайну, усплываюць твары загінуўшых таварышаў – саслужыўцаў. І галоўнае пажаданне гэтага чалавека, які прайшоў праз усе цяжкасці і нягоды ваеннай пары, які бачыў смерць і гора, каб былі мір і спакой, каб смяяліся дзеці, каб памяталі тых, хто цаной свайго жыцця заваяваў для нас шчасце жыць пад мірным небам.
Дзедавец Міхаіл Іосіфавіч
Дзедавец Міхаіл Іосіфавіч нарадзіўся 21 лістапада 1921 года ў невялікай вёсачцы Рэцімля на Навагрудчыне. У гады Міхасёвага маленства яго родная вёска была глухім кутком. Цяпер, вядома, многа перайначылася, але пэўныя сляды тых ужо даўніх часоў усё ж засталіся: “Вёска ў купчастых ліпах…Яшчэ моцная хата, былая пачатковая школа, дзе Міхась канчаў першы клас…”
Бацькі Міхася – Іосіф Іванавіч і Вера Уладзіміраўна – звычайныя беларускія сяляне, адметныя сваёй працавітасцю.
З 1930 па 1936 год быў пастухом, а потым батраком у мясцовы кулакоў.
Вайна сустрэла 20-гадовага хлопца на радзіме. 4 ліпеня 1941 года ў паўразбураны бомбамі і снарадамі Навагрудак уварваліся фашысцкія танкі. Змрочныя хмары навіслі над нашай зямлёй.
Дзедавец быў першым з тых нямногіх, хто ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны стаяў ля вытокаў стварэння партызанскага атрада. Атрад гэты потым пераўтварыўся ў грозную сілу для акупантаў і разам з іншымі атрадамі дзейнічаў на тэрыторыі Навагрудскага і суседніх раёнаў. Адтуль у ліпені 1944 года ён быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі.
З успамінаў Міхаіла Іосіфавіча: ”Перачытваю старонкі партызанскага дзённіка, і міжволі паўстаюць у памяці падзеі тых далёкіх гадоў. Вость толькі адзін з баявых эпізодаў суровага ваеннага часу – бой за Любчу.
Партызанская брыгада імя Дзяржынскага сіламі пяці партызанскіх атрадаў, што ўваходзілі ў яе, зрабіла баявы рэйд па ліквідацыі нямецка – паліцэйскіх гарнізонаў у Вераскове і Любчы. У дні, якія папярэднічалі паходу на райцэнтр, нашы разведчыкі вялі сярод асабовага складу Любчанскага гарнізона вялікую агітацыйную работу. Былі распаўсюджаны лістоўкі.
Смелы ўдар партызан вызначыў перавагу сіл народных мсціўцаў. Не вытрымаўшы рашучага націску, гарнізон ворага капітуляваў. У палон тады ўзялі 206 чалавек. Дасталіся і трафеі: мінамёт, ручныя кулямёты, аўтаматы, склады з харчаваннем.
2 ліпеня 1944 года райцэнтр Любча быў вызвалены. На будынку райкама, у якім размясціўся штаб брыгады, узвіўся чырвоны сцяг. Жыхары райцэнтра сустрэлі партызан як вызваліцеляў. Запрашалі ў свае дамы, частавалі. У будынку школы іграў гармонік. Аднак да канчатковай перамогі было яшчэ далёка.
Раніцай 6 ліпеня 1944 года вораг пачаў наступленне, ахапіўшы Любчу паўкальцом. Камандзір групы спецыяльнага прызначэнння Іван Малуха і яго таварышы па разведцы Павел Курапата і я выявілі на падыходзе да вёскі Ачукевічы некалькі нямецкіх танкаў і бронемашын. Аб гэтым паведамілі ў штаб брыгады, якая неадкладна заняла абарону. Жорсткі бой разгарэўся на ўчастку. На касцёле нашы ўстанавілі кулямёт, непадалёку была гармата. Па лініі абароны ў патрэбных месцах устанавілі мінамёты. Але снарадаў і мін не хапала.
Шостую гадзіну ішоў жорсткі бой. Партызанскай брыгадай адбіты пяць атак гітлераўцаў. Нягледзячы на вялікія страты ў жывой сіле і тэхніцы, вораг насядаў на ўчастак абароны атрада імя Жданава. Ён імкнуўся прарваць лінію абароны і вырвацца да пераправы праз Нёман.
Партызаны мужна ўтрымлівалі свае пазіцыі. Сярод іх было каля 20 чалавек былых паліцэйскіх і самаахоўцаў, якія добраахвотна перайшлі на наш бок. Некаторыя з іх нават не паспелі змяніць варожую форму. Не раз, будучы побач з імі ў момант бою, у мяне ўзнікалі думкі аб іх ненадзейнасці. Аднак яны дзейнічалі рашуча, спадзяваючыся крывёю змыць сваю віну перад народам і Радзімай.
Раніцай 8 ліпеня 1944 года партызанскія брыгады і перадавыя часці Чырвонай Арміі, выгнаўшы захопнікаў, увайшлі ў Любчу”.
У верасні 1942 года Міхаілу Іосіфавічу можна сказаць “пашанцавала”, бо ён быў толькі паранены. Але смерць, якая шмат разоў штодзённа, а то і шточасна падпільноўвала кожнага з франтавікоў, тады прайшла зусім побач. Вырваў яго з яе ўжо растапыраных учэпістых лап франтавы таварыш, камандзір Іван Малуха. Ён у апошні момант падарваў гранатай фашысцкі танк, што насцігаў параненага ў нагу Дзедаўца, які таксама хвілінай раней спрабаваў бараніцца супрацьтанкавай гранатай, але прамахнуўся. Небяспека была настолькі блізкай, што і пасля выбуху гранаты варожая машына ледзь спынілася.
Але і на гэтым драматычныя падзеі тых дзён яшчэ не скончыліся.
З успамінаў ветэрана: “Мы паспелі дабрацца да сціртаў, потым да палявой дарогі, там былі нашы фурманкі. Мяне прывезлі ў сяло, якое стаяла ў лагчыне.
У хаце набралася чалавек 15 параненых… Раніцай сяло зноў атакавалі нямецкія танкі, разбілі абарону. Я выпаўз з хаты на дарогу, дзе мяне падабрала апошняя фурманка. Адзін танк спыніўся насупраць нашай хаты і растраляў яе. Хата загарэлася. Вось так мне пашанцавала….”
Сустракаючы ўпартае супраціўленне з боку насельніцтва, фашысты прыбягалі да розных правакацый і насілля. Яны праводзілі масавыя аблавы, знішчалі мясцовае насельніцтва, адпраўлялі ў Германію на прымусовыя работы.
Адступаючы пад ударамі савецкіх войск, гітлераўскія захопнікі імкнуліся пераўтварыць пакідаемую тэрыторыю ў пустыню. Яны палілі населеныя пункты, разбіралі чыгунку, масты, забіралі з сабою каштоўную маёмасць, прадукты харчавання.
Доўгія вёрсты вайны нікому з тых, хто мужна прайшоў праз яе пякельны агонь, не даліся лёгка. Поўнай мерай зведаў яе цяжар і Міхаіл Іосіфавіч Дзедавец. Але ўжо тое, што ён вярнуўся жывым, было вялікім шчасцем, якое выпала не многім яго равеснікам.
За мужнасць і адвагу, праяўленыя ў баях з ворам, ён узнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За Перамогу над Германіяй”, юбілейнымі медалямі
Сёння Міхаіл Іосіфавіч жыве ў г. Масты. Выгадаваў траіх дзяцей, мае пяць унукаў, сем праўнукаў. Цяжкая хвароба не раз спрабавала прымусіць адказацца ад барацьбы. Але прадзядуля не здаецца і выходзіць пераможцам. У свае 93 гады ён поўны энергіі і аптымізму. Нягледзячы на ўзрост, чытае літаратуру і перыёдыку без акуляраў і вельмі здатна пляце кошыкі.