Спіс твораў для дадатковага чытання
па вучэбным прадмеце «Беларуская літаратура»
5 клас
Беларускія народныя казкі.
Янка Брыль. «Цюцік».
Эдуард Валасевіч. «Дняпроўскі чарадзей».
Уладзімір Дубоўка. «Як сінячок да сонца лётаў».
Міхась Зарэмба. «Арэхавы Спас».
Уладзімір Караткевіч. «Кацёл з каменьчыкамі».
Астрыд Ліндгрэн. «Браты Львінае Сэрца».
Міхась Лынькоў. «Міколка-паравоз».
Георгій Марчук. «Чужое багацце».
Алена Масла. «Таямніцы закінутай хаты».
Эрых Распэ. «Прыгоды барона Мюнхаўзена».
Пятро Сіняўскі. «Зачараваная гаспадарка».
Аляксей Якімовіч. «Рыжык».
Хлопчык i крынiчка
Адзін хлопчык натрапіў за вёскай на празрыстую крынічку і пакаштаваў з яе вады. З тае пары, дзе б ён ні быў, заўсёды бег да крынічкі. З ёй, струменістай і гаманлівай, хлопчык ніколі не сумаваў. Нагуляўшыся і напіўшыся з крынічкі, ён любіў ляжаць на беражку і кідаць у ваду каменьчыкі. Крынічка ўскрыквала ад болю, але хлопчык нiбы не чуў яе. (59)
Прайшло шмат часу. І столькі накідаў хлопчык каменьчыкаў у крынічку, што тая не змагла больш трываць крыўду і прапала ў зямлі. (80)
Раззлаваўся хлопчык і стаў таптаць нагамі тое месца, дзе некалі быў струменьчык. А потым пайшоў каштаваць ваду з іншых крынічак. Але нідзе не мог напіцца. Зразумеў хлопчык, што дарэмна пакрыўдзіў сваю крынічку. Пабег за вёску, пачаў адкідваць убок каменьчыкі:
— Даруй мне, крынічка! Цяпер я ніколі не пакрыўджу цябе. (128)
Крынічка пачула яго. Спачатку з зямлі прабіўся тоненькі струменьчык, а потым яна забруілася, заіскрылася, весела заспявала, быццам і не маўчала, заціснутая каменьчыкамі. (150)
— Жывая мая крынічка! — узрадаваўся хлопчык. — Не загінула, даравала мне! (159)
Упаў хлопчык на калені і заплакаў ад радасці. А крынічка змыла з яго твару слёзы і зноў напаіла жывой вадою. (179 слоў)
Паводле Р. Дамброўскай
Пытаннi:
1. Як хлопчык спачатку ставiўся да крынiчкi?
2. Што ён любiў рабiць, лежачы на беражку?
3. Чаму крынiчка знiкла?
4. Як хлопчык папрасiў у крынiчкi прабачэння?
Жылі-былі вельмі хваравітыя брацік і сястрычка — Стах і Міхалінка. Чаго толькі бацькі не рабілі дзеля здароўя сваіх дзетак: і на цёплае мора вазілі, і вітамінамі кармілі, і загартоўвалі — нічога ім не дапамагала. Варта было ветрыку дыхнуць на дзетак — і пачыналі яны кашляць, тэмпературыць... З ног збіліся мама і тата, шукаючы ратунку ад хвароб, але ўсе іх старанні былі марнымі.
А трэба дадаць, што дзеткі былі нядружныя. Не паб’юцца, дык пасварацца. Не пасварацца, дык паб’юцца. Пра такіх кажуць: жывуць як кот з сабакам.
Гэта вельмі засмучала бацькоў, і яны не раз казалі дзецям: «Такія вы кволыя, а сілы свае не беражаце́, усе на сваркі пускаеце. Глядзіце, даскачыцеся, забярэ вас да сябе на службу баба Сварабабка».
Звязацца са Сварабабкай — жыццё загубіць. На тухлым балоце жыць, пад пнём начаваць, жаб і вужоў на абед спажываць. А да людзей выходзіць толькі дзеля таго, каб нешта дрэннае абцяпаць.
Але дзеці не слухалі таго, што ім кажуць бацькі, і заўзята крыўдзілі адзін другога.
І вось аднойчы, калі яны ў каторы раз пабіліся нізашто, акно з грукатам расчынілася, і ў пакой увалілася брыдкая істота з кудлатымі валасамі, адвіслай губой, пранырлівымі злоснымі вачыма і вялізнымі кулакамі. Вопратка на ёй была падранай, а за плячыма матлялася торба.
Дзеці зашыліся ў куток і спалохана ўзіраліся на страшную госцю. Яна ж па-гаспадарску развалілася ў крэсле.
— Папаліся, забіякі, нявыхаваныя абзывакі! — хрыпата прамовіла яна пасля нядоўгага маўчання і вышчарылася. — Вы такія благія брацік і сястрычка, што сярод мноства неслухаў — самыя мае любімыя ўнукі!
У Стаха і Міхалінкі, якія ніколі за словам у кішэню не лезлі, мову адняло. Здагадаліся яны, што перад імі сама Сварабабка.
А яна дастала з кішэні зашмальцаваны нататнік, пагартала яго і пачала пералічваць:
— На вашым рахунку якраз столькі сінякоў ад боек, колькі патрэбна для службы ў мяне, больш нормы пралітых слёз і пад завязку скаргаў адзін на другога...
— Мы і не думалі вам служыць,— паспрабаваў запярэчыць Стах.
— Мы сварыліся жартам! — падтрымала Стаха Міхалінка.
— «Не думалі»! «Жартам»! — перадражніла іх Сварабабка. — Сваё здароўе вы даўно ўжо пускаеце на маё ўтрыманне. Цяпер засталося толькі афіцыйна залічыць вас у сваю світу. Будзеце цяпер за мной хадзіць, плёткі разносіць, падманваць, нос не ў свае справы торкаць — адным словам, дапамагаць людзей сварыць.
Пасля Сварабабка зняла з плячэй торбу і паставіла яе на падлогу.
— У гэтай торбе сабраныя ўсе вашы добрыя словы. Нямнога іх, але давялося пабегаць, на іх палюючы. Зараз я выпушчу з торбы слоўцы, а вы іх... знішчыце! Трэба толькі на кожнае добрае слова сказаць адну з мянушак і абзыванак, якімі вы карыстаецеся штодзень.
І Сварабабка стала абяцаць дзецям розныя выгоды:
— Пяройдзеце ў маё вечнае падпарадкаванне — цукеркамі асыплю, дазволю ад світанку да позняй ночы ад тэлевізара не адыходзіцца, а ля камп’ютара — начаваць!
Сварабабка нездарма не скупілася на абяцанкі. Не мела яна ўлады над добрымі словамі і сама іх знішчыць не магла. А калі хоць адно добрае слоўца ў чалавека за душой ёсць, не зусім ён прапашчы.
Сварабабка развязала мех і з яго сталі вылятаць істоты, падобныя на малюсенькіх анёлачкаў. Яны весела віталіся і лагодна перамаўляліся паміж сабой.
Сварабабка гідліва скрывілася і крыкнула дзецям:
— Я падганю да вас гэтых лагодненькіх, а вы абзывайце іх, не саромцеся!
Дзеці загаласілі наўзрыд, але гэта ўжо былі не слёзы злосці або крыўды. Слёзы пакаяння цяклі з іх вачэй. Мала было ў іх добрых слоўцаў, але і яны напомнілі дзецям пра светлыя хвіліны сяброўства... Як яны разам кніжкі чыталі. Як падарункі на святы майстравалі. Як дапамагалі маме пірагі пячы...
А добрыя слоўцы, якіх падганяла бізуном Сварабабка, шапталі: «Дзякуй! Зрабі ласку! Пагуляем разам...»
Дзеці кінуліся насустрач адзін другому.
— Міхалінка, родненькая, даруй! Ніколі больш я цябе не пакрыўджу! — крыкнуў Стах.
— І ты мне даруй, брацік!!!
Варта было дзецям вымавіць чароўныя словы, як Сварабабку нібы вадой размыла. А вакол віліся, радасна смеючыся, добрыя слоўцы і паўтаралі:
— Не сварыцеся! Беражыце адзін другога! Тады нас стане многа-многа і Сварабабка не адважыцца прыйсці да вас!
Дзеці радасна засмяяліся, узяліся за рукі і разам пабеглі гуляць на двор... З той пары за вярсту абыходзіць браціка і сястрычку Сварабабка — нечым ёй каля іх пажывіцца, не трацяць яны на яе больш сваіх сіл. Перасталі дзеткі хварэць. Павесялелі іх мама і тата. І калі знаёмыя пытаюцца рэцэпт цудадзейных лекаў, Стах і Міхалінка шчыра адказваюць:
— Ніякіх цудаў! Проста мы навучыліся сябраваць!
Паводле А. Масла
Пытаннi:
1. Кім з'яўляюцца адзін аднаму Стах і Міхалінка?
2. Што рабілі бацькі для таго, каб дзеці не хварэлі?
3. Чаму на самай справе, на думку бацькоў, дзеці хварэлі?
4. Чаму бабку завуць Сварабабкай?
Заданнi:
Дапоўні фразеалагізмы і растлумач сэнс гэтых выразаў.
Нос не ў свае справы торкаць – …
Жыць як кот з сабакам – …
За словам у кішэню не лезці – …
Мову адняць – …
Карыстайся словамі для даведак: хутка адказаць; раптам замаўчаць; жыць дрэнна, ругацца; лезці ў чужыя справы.