Рэліквіі

Да 420-годдзя парафii ў рэлікварыі нашага касцёла пачэснае месца занялі рэліквіі Святога Крыжа, святога Казіміра, святога Зыгмунта Шчэнснага-Фэлінскага, благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі, благаслаўлёнага ксяндза Ежы Папялушкі, благаслаўлёнага Стефана Вінцэнта Фрэліхоўскага, кавалачак тканіны габіта святой Фаўстыны.

Рэліквія Святога Крыжа

Калі ў 70 г. Ерузалем быў захоплены і разбураны рымлянамі, распачаліся вялікія пераследаванні рэлігіі Хрыста, якія працягваліся амаль 300 гадоў. Толькі пасля таго, як гэтыя пераследаванні былі спынены, маці рымскага імператара Канстанціна, св. Алена, загадала шукаць крыж, на якім памёр Пан Езус.

Пасля доўгіх пошукаў крыж быў знойдзены. Адносна даты гэтай падзеі гісторыкі не прыйшлі да згоды; найчасцей узгадваецца 320, 326 або 330 гады, што датычыць дня, то ўсе крыніцы падаюць 13 або 14 верасня.

У 614 г. на Святую Зямлю напалі персы на чале з палкаводцам Хазроем. Яны разбурылі ўсе касцёлы, у тым ліку і касцёл Гробу Пана. Ведаючы, як моцна ўшаноўваецца Крыж Пана Езуса, персы забралі яго з сабою. Увесь свет маліўся аб тым, каб святы Крыж быў знойдзены. Пасля перамогі, якую імператар Іраклій атрымаў над Хазроем, паводле мірнай дамовы персы вымушаныя былі вярнуць святую рэліквію (628 г.). Згодна з легендаю, сам імператар хацеў на сваіх плячах занесці Крыж Хрыста на Кальварыю, аднак змог гэта зрабіць толькі тады, калі зняў сваё імператарскае ўбранне. Гэта толькі легенда, бо са сведчання св. Кірыла Ерузалемскага (+ 387 г.) вядома, што ўжо ў яго часы шаноўная рэліквія была падзелена на дробныя часткі і разаслана амаль ва ўсе найбліжэйшыя касцёлы.

У Крыжы Езуса Касцёл заўсёды бачыў алтар, на якім Божы Сын збавіў свет. Таму кожная частка гэтай рэліквіі, так густа акропленая Яго Найсвяцейшаю Крывёю, заўсёды карысталася асабліваю пашанаю. І справа не ў аўтэнтычнасці паасобных рэліквій, а ў тым, што яны нагадваюць пра Крыж Хрыста і вялікую справу, якая здзейснілася на ім дзеля дабра чалавецтва.

Найбольшая частка святога Крыжа цяпер знаходзіцца ў катэдральным касцёле святога Міхала і святой Гудулы ў Бруселі. У базыліцы св. Пятра ў Рыме захоўваецца частка рэліквій, якую візантыйскія імператары насілі на грудзях падчас найбольшых урачыстасцяў. У скарбніцы парыжскай катэдры ёсць частка святога Крыжа, падораная польскаю каралеваю Ганнаю Ганзага, які яна, верагодней за ўсё, атрымала ад караля Яна Казіміра. Даволі вялікая частка святога Крыжа знаходзіцца таксама ў базыліцы святога Крыжа ў Рыме.

А цяпер кавалачак Святога Крыжа, найвялікшая рэліквія, акропленая Святой Крывёй Езуса,  чакае ўсіх вернікаў і ў лепельскім касцёле святога Казіміра.

Рэліквія святога Яна, евангеліста

Ян — адзін з дванаццаці апосталаў Езуса Хрыста, пакліканы сярод першых вучняў разам з ягоным братам Якубам. Ян і Якуб былі сынамі Зэбэдэя і Саламеі, адной з жанчын, якія служылі Пану сваёй маёмасцю. Абодва браты былі рыбакамі, і Езус паклікаў іх на беразе Генісарэцкага возера: пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў чаўне, яны пайшлі за Хрыстом (гл. Мц 4, 21; Мк 1, 19).

Як паведамляе евангеліст Марк, Езус назваў братоў «Сынамі грома», магчыма, за іх парыўчы характар, які праявіўся, між іншым, у жаданні спаслаць агонь з неба на самаранскую вёску, дзе іх не прынялі (гл. Лк 9, 54), а таксама ў просьбе даць ім сесці ў Валадарстве Нябесным праваруч і леваруч ад Хрыста (гл. Мк 10, 35–37).

З евангельскага аповеду вынікае, што Ян і яго старэйшы брат Якуб былі у блізкіх адносінах з апосталам Пятром і разам з ім уваходзілі ў лік выбраных вучняў — «фаварытаў», ад назвы гары Перамянення, на якую Пан павёў толькі іх траіх. Яны таксама асобна ад іншых апосталаў сталі сведкамі ўваскрашэння дачкі Яіра (гл. Мк 5, 37) і малітвы Хрыста ў Аліўным садзе (гл. Мк 14, 33). На Апошняй вячэры апостал Ян ляжаў на грудзях Збаўцы (гл. Ян 13, 23).

З апосталаў узгадваецца толькі адзін Ян сярод тых, хто быў пад крыжам Збаўцы. Паміраючы на крыжы, Езус Хрыстус менавіта яму даручыў у апеку сваю Маці, Найсвяцейшую Панну Марыю.

Паводле падання, пасля Унебаўзяцця Панны Марыі апостал Ян скіраваўся ў Эфес і іншыя гарады Малой Азіі, дзе абвяшчаў Евангелле. Яго пропаведзь суправаджалася шматлікімі вялікімі цудамі, таму колькасць тых, хто верыў у Хрыста паводле яго слова, з кожным днём павялічвалася.

Падчас пераследу хрысціянаў, развязанага імператарам Неронам, апостала Яна ў кайданах прывялі ў Рым. За вернасць Хрысту яго асудзілі на смерць. Аднак выпіўшы кубак з атручаным віном, апостал застаўся жывым. У памяць пра гэта ў свята св. Яна, апостала і евангеліста, у Касцёле існуе традыцыя благаслаўлення віна.

Сасланы на выспу Патмас, Ян пражыў там шмат гадоў. Менавіта там ён бачыў аб’яўленні апошніх часоў, якія апісаў у кнізе Апкаліпсісу.

Пасля працяглага выгнання апостал Ян атрымаў свабоду і вярнуўся ў Эфес, дзе працягваў сваю дзейнасць, асцерагаючы хрысціянаў ад ерасяў. Паміж 85 і 95 гадамі ён напісаў там Евангелле, непераўзыдзенае ў сваёй тэалагічнай узнёсласці, за што апостала і евангеліста Яна называюць таксама Багасловам, а яго сімвалам лічыцца арол.

Святы Ян заклікаў хрысціянаў любіць Пана і адзін аднаго, каб такім чынам выканаць закон Хрыста. Любоў да Бога і бліжняга ён прапаведуе ў трох сваіх пасланнях, якія ўвайшлі ў Новы Запавет, і сам з’яўляецца прыкладам любові.

Апостал Ян адышоў у вечнасць каля 100 г. Лічыцца, што ён — адзіны з апосталаў, які памёр сваёй смерцю. На абразах св. Яна, апостала і евангеліста, найчасцей выяўляюць у пажылым узросце, з кнігай, анёлам або арлом. Часам яго выяўляюць маладым юнаком без барады, якім ён быў у часы зямнога жыцця Збаўцы.

Рэліквія святога Стэфана, першамучаніка

Дыякан, адзін з семярых памочнікаў апосталаў у ерузалемскім Касцёле. Першы, хто прыняў мучаніцкую смерць за Хрыста, якая апісана ў Дзеях Апосталаў. Існуе вялiкае падабенства смерці Езуса і Стэфана — ілжывыя сведкі, смерць па-за горадам, адданне Езуса Айцу, а Стэфана — Езусу, прабачэнне забойцам. Культ святога распачаўся з IV стагоддзя, а яго імя ўзгадваецца ў Рымскім каноне.

Рэліквія святога Кастулі

Кастуля жыў у Рыме, быў камергерам (ці афіцэрам, камердынерам) імператара Дыяклетыяна і мужам Ірыны Рымскай.

Звернуты ў хрысціянскую рэлігію, ён даваў прытулак хрысціянам у сваім доме і ўладкоўваў рэлігійныя службы ў палацы імператара, таму што гэта было апошняе месца, якое рымскія ўлады сталі б абшукваць. 

Са сваім сябрам Тыбуртыем ён звярнуў у хрысціянства шмат якіх мужчын і жанчыні. Адным часам прывёў іх да Папы Кая для хросту, але выраканец Торкватус здрадзіў Кастулі  і той быў дастаўлены да Фабіяна, прэфекта горада.

Кастулю катавалі і пакаралі смерцю, закапаўшы жывым у пясчаным кар'еры. Паводле традыцыі, Ірына пасля перахавала цела. Пазней яна сама прыняла пакутніцкую смерць, каля 288 года нашай эры.

Рэліквія святога Казіміра

Сын польскага караля Казіміра Ягелончыка і каралевы Альжбеты, нарадзіўся 3 кастрычніка 1458 г. у Вавельскім замку, што ў Кракаве. Яго выхавацелем быў гісторык і кракаўскі катэдральны канонік Ян Длугаш. Казімір рана пачаў удзельнічаць у палітычным жыцці, але разам з тым вылучаўся надзвычайнай пабожнасцю. Ён штодзённа ўдзельнічаў у святой Імшы, шмат маліўся, здзяйсняў учынкі міласэрнасці.

Казімір выклікаў вялікую прыхільнасць ва ўсіх, хто яго ведаў. Памёр ад сухотаў 4 сакавіка 1484 г. у Гродне. Яго рэліквіі знаходзяцца ў віленскай катэдры. У 1602 г. Папа Клімент VIII кананізаваў яго, а ў 1950 г. Папа Пій XII абвясціў яго апекуном літоўскай моладзі.

Рэліквія святой Тэрэзы Авільскай, дзевы

Святая Тэрэза Вялікая або святая Тэрэза Іспанская (28 сакавіка 1515 — 4 кастрычніка 1582) — іспанская законніца, містычная паэтэса, доктар касцёла, рэфарматар ордэна кармелітак, заснавальніца ордэна «босых» кармелітак.

У кляштары Уцелаўлення ў Авілю, пасля васямнаццаці гадоў свайго жыцця ў ролі мала дбайнай манахіні, яна па-сапраўднаму прыйшла да Бога. Гэта здарылася, калі яна аднойчы затрымалася даўжэй, чым заўсёды, перад выявай Убічаванага Езуса. Менавіта тады Тэрэза зразумела, што, няхайна ставячыся да свайго жыцця, яна здраджвае свайго Настаўніка, здраджвае Хрыста.

Святой Тэрэзе з Авілю мы павінны быць удзячны за глыбокую рэфлексію над тым, што ў душы кожнага хрысціяніна жывуць тры Боскія Асобы. Гэта яна пісала, што, калі мы пражываем сваё жыццё ў прасторы паміж кахаючым нас Айцом і яго ўзлюбленым Сынам, то з упэўненасцю можам сказаць, што ёсць з намі і Святы Дух, які нават у самай складанай сітуацыі нашага жыцця падкажа, што нам рабіць. Будучы адоранай незвычайнымі містычнымі ласкамі, якія яна атрымоўвала падчас малітвы, святая Тарэса заўсёды заставалася паслухмянай сваім спаведнікам і духоўным настаўнікам. Нават калі спатыкалася з нецярпеннем і незразуменнем. Сярод яе спаведнікаў былі, між іншымі, езуіт cвяты Францішак Боргіяш і францішканін cвяты Петр з Алкантры. Пэўны час cвятая спавядалася ў святара, які быў вядомы захаваннем выклікаючым неахвоту ў вернікаў, аднак яна з такой верай расказвала яму аб сваіх самых дробных грахах, што прывяла яго да значных унутраных пераменаў, дзякуючы чаму, ён змог вярнуцца да вернасці, якую атрымаў у ласцы святарства.

Калі Тэрэза зразумела, што лепшым, а можа і адзіным, лекам для гінучага ад адсутнасці адзінства Касцёла будзе шлях да жыцця, цалкам прысвечанага Богу праз малітву, адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту, нішто ўжо не магло перашкодзіць ёй заснаваць наступныя Кармэлі (кляштары сясцёр кармэлітанак). У гэтай працы яе падтрымліваў святы Ян ад Крыжа, які правёў рэформу мужчынскай галіны Кармэлітаў. Першым кляштарам, які заснавала св. Тэрэза, быў Кармэль св. Юзафа ў Авілю. Іспанская святая была вялікай прыхільніцай св. Юзафа і менавіта праз яго заступніцтва прасіла аб патрэбных ласках, калі хварэла ці сустракалася з нейкімі цяжкасцямі. Гэта была вельмі жыццярадасная і рашучая ў сваёй дейнасці жанчына, якая жыла малітвай. Яна любіла спяваць песні народа Кастыліі, танцаваць з кастаньетамі ў руках. Святая мела выдатнае пачуццё гумару, старалася ніколі не наракаць на жыццё. Яна пісала цудоўныя вершы, якія і сення кранаюць сэрцы людзей сваёй глыбінёй. Так, у адной з паэм чытаем: "Que muero porque no muero", што значыць: ”я таму паміраю, што памерці не магу”, каб хутчэй спаткацца з Боскім Жаніхом, Езусам Змёртвыхпаўсталым. Расказала яна і аб самай вялікай сваёй таямніцы, аб сяброўстве з Езусам. “Той, для каго Хрыстос – Сябар і вялікадушны Правадыр, той усё зможа вытрымаць. Езус сам прыходзіць з дапамогай, дае сілы, не пакідае нікога, Ён сапраўдны і шчыры сябар. Я дакладна бачу, што гэта жаданне Бога, каб, калі хочам мы падабацца Богу і атрымоўваць ад Яго розныя ласкі, то каб атрымоўвалі іх праз Найсвяцейшую Чалавечнасць Хрыста, якую Бог упадабаў”.

Рэліквія святога Зянона Веронскага

Біскуп Вероны, лацінскі багаслоў і пісьменнік. Шануецца як праваслаўнай так і каталіцкай цэрквамі. Мошчы знаходзяцца ў Вероне ў базыліцы Сан-Дзено Маджорэ, сам святы лічыцца заступнікам горада;

Рэліквія святога Юстына дэ Якобіса

Місіянер ордэна лазарыстаў, першы ардынар апостальскага вікарыята Абісініі і тытулярны біскуп Нілаполя.

Пад час сваёй дзейнасці ў Абісініі Юстын дэ Якобис шмат пераследаваўся з боку мясцовых улад. Нягледзячы на пераследы Юстын дэ Якобіс заснаўваў шматлікія каталіцкія місіі і школы на тэрыторыі сучасных Эфіёпіі і Эрытрэі, спрыяючы ўтварэнню будучай Эфіёпскай каталіцкай царквы.

Рэліквія святога Вінцэнта Палоцці

Св. Вінцэнт нарадзіўся 21 красавіка 1795 года ў знатнай сям’і ў Рыме. Атрымаў добрую адукацыю. У 1820 годзе быў высвечаны на святара. Працягваў вывучаць багаслоўскія навукі. Атрымаў званне прафесара тэалогіі, а затым стаў рэктарам царквы ў Санта-Спірыта-дэі-Напалетанэ.

    Затым яго жыццё склалася так, што ён пачаў чытаць Евангелле ў самых бедных раёнах Рыма. Ён разумеў, што менавіта там ён патрэбен.

    У 1835 годзе Палоцці заснаваў Таварыства Каталіцкага Апостальства. У 1848 годзе на чале з ім была арганізвана жаночая галіна кангрэгацыі. Пасля смерці Вінцэнта прадстаўнікі гэтых супольнасцей назваліся ад прозвішча свайго заснавальніка: палатыны і палатынкі. Яны ставілі перад сабой такія мэты: навяртанне няверуючых, ажыўленне духоўнага жыцця і дабрачыннасць у дычыненні да маламаёмасных.

    Памёр Вінцэнт 22 студзеня 1850 года ў Рыме. 20 студзеня 1963 года быў кананізаваны. Каталіцкі Касцёл успамінае Святога Вінцэнта 22 студзеня.

Рэліквія святога Джавані Батыста

Пасвечаны ў сан святара ў 1863 годзе, у сан біскупа — у 1876 годзе.

Місіяй заснаваных ім арганізацый была пастырская дапамога мігрантам у партах адплыцця і прыбыцця судоў пад час масавай італьянскай эміграцыі на мяжы XX стагоддзя.

Заснаваў каталіцкі рух «Каталіцкая Акцыя», жаночую манаскую кангрэгацыю «Сёстры міссіянеркі Карла Барамеа».

Рэліквія святой Марыі Гарэцці, панны і мучаніцы

Марыя Тэрэза Гарэцці нарадзілася 16 кастрычніка 1890 г. у гарадку Карынальда, у беднай сям’і. Яе хрысцілі на наступны дзень пасля народзінаў.

Калі Марыі споўнілася 6 гадоў, бацька загадаў маці навучыць дачку паслухмянасці, малітвам, любові да Бога і Яго Святой Маці. Калі Марыі было 8 гадоў, уся сям’я пераехала на Пантыйскія Балоты. Бацька Марыі, яго кампаньён Сэрэнэлі і шаснаццацігадовы сын апошняга, Алесандро, уладкаваліся на працу ў графа Мазаліні. Марыетту, як яе часцей за ўсё называлі, усе любілі і шанавалі.

Бацька Марыі, Луіджы, сур’ёзна захварэў, ён падхапіў брушны тыф, малярыю, запаленне мазгавых абалонак, пнеўманію. Перад смерцю мужа Асунта правяла каля яго ложка 10 дзён. Дзесяцігадовая Марыя ўзяла на сябе гатаванне ежы, пакупкі і турботы аб малодшых дзецях. Пасля смерці Луіджы, Марыі прыйшлося ўзяць на сябе ролю «маці» і выконваць абавязкі гаспадыні ў сям’і Сэрэнэлі.

Вясной 1902 г. Марыя рыхтавалася прыняць Езуса ў Эўхарыстыі. У маі святар праэкзамэнаваў яе і прызнаў, што яна вельмі добра падрыхтавалася. Але дзяўчынка не магла купіць сабе белую сукенку, пацеркі і замест гэтага раніцай 29 мая прыбралася ў тое, што ёй ахвяравалі суседзі.

На працягу чэрвеня да Марыі два разы заляцаўся Алесандро Сэрэнэлі. Двойчы ён нават прыгразіў, што заб’е яе, калі яна каму-небудзь раскажа. На працягу ўсяго месяца Марыя старалася знаходзіцца як мага далей ад яго. Раніцай 5 ліпеня 1902 г. Гарэцці і Сэрэнэлі працавалі ў полі. Пасля абеду Сэрэнэлі заснуў, а астатнія вярнуліся ў поле. Марыя сядзелa на ганку і чыніла адзенне, прыглядаючы за маленькай сястрычкай. Іншыя дзеці былі разам з маці. Алесандро саступіў Асунце месца пры першай пары валоў і вярнуўся дамоў. Прайшоў каля Марыі ў свой пакой. Потым зноўку з’явіўся з хусткай у руках і спусціўся ў кладоўку, дзе, як пазней высветлілася, затачыў нож. Пасля зноў вярнуўся ў дом і паклікаў Марыю. Але яна адмовіла. Ён выйшаў на ганак і зацягнуў Марыю ў дом. Яму не хапіла смеласці дакрануцца да цела дзяўчынкі. Тады ён нанёс ёй 14 ран нажом. Ніхто не чуў крыкаў Марыі, бо ўсе былі ў полі. Калі знайшлі Марыю, прыехаў мясцовы ўрач. Калі ён перавязваў раны Марыі, яна крычала ад болю і час ад часу паўтарала: «Ах, Алесандро, які ж ты няшчасны! Ты патрапіш у пекла!»

Таму ж святару, які даваў Марыі Першую Камунію, давялося даць і апошнюю. Перад тым як даць ёй віятык, ён спытаў, ці ўсім сэрцам яна прабачае забойцу. «Так, я таксама, у імя любові да Езуса, прабачаю яго і жадаю, каб ён быў са мной у раі… Няхай Пан Бог яму даруе, таму што я ўжо гэта зрабіла», — адказала Марыя. Яна памерла 6 ліпеня.

Суд над Алесандро пачаўся 16 кастрычніка 1902 г. Яго прыгаварылі да 30 гадоў зняволення. У вязніцы ён правёў 8 гадоў без ніякіх прыкметаў пакаяння. Але аднойчы ноччу яму прыснілася Марыя Гарэцці, якая стаяла сярод поля, поўнага кветак, і працягвала яму белыя лілеі. 10 лістапада 1910 г. ён напісаў ліст біскупу, у якім прасіў прабачэння за свой учынак. У 1937 г., у вігілію  Божага Нараджэння, Алесандро прыйшоў да Асунты, каб ад яе пачуць, што Марыя яму даравала.

Папа Пій Х прадставіў Марыю як прыклад праўдзівай адданасці Пану Богу — прыклад, які павінен натхняць моладзь. У 1947 г. папа Пій ХІІ далучыў Марыю да ліку благаслаўлёных. Яе кананізацыя адбылася 25 чэрвеня 1950 года.

Рэліквія святога Зыгмунта Шчэнснага-Фелінскага

Зыгмунт Шчэнсны нарадзіўся ў 1822 годзе ў Ваюціне на Валыні. Выхоўваўся ў рэлігійна-патрыятычнай атмасферы, з маленства ўшаноўваў і любіў Маці Божую. Паступіў у духоўную семінарыю і ў 1855 годзе прыняў святарскае пасвячэнне ў Санкт-Пецярбургу.

У 1857 г. заснаваў Кангрэгацыю сясцёр францішканак Сям’і Марыі, якой даручыў апеку над дзецьмі, хворымі і старымі.

Памёр у Арцыбіскупскім палацы ў Кракаве 17 верасня 1895 г. Арцыбіскуп Зыгмунт Шчэнсны Фелінскі быў беатыфікаваны 18 жніўня 2002 г. св. Янам Паўлам ІІ у Кракаве. Кананізацыю ў кастрычніку 2009 г. здзейсніў Папа Бэнэдыкт XVI.

Рэліквія святой Фаўстыны Кавальскай

Святая сястра Фаустына вядомая як найвялікшая прапаведніца Божай міласэрнасці. Яе “Дзённік” прыгадаў свету аб біблейскай праўдзе любові Госпада да чалавека і аказаў уплыў на шматлікія лёсы людзей. Што мы ведаем пра Божую абранніцу? Хто яна?

Сястра Фаустына нарадзілася 25 жніўня 1905 года ў вёсцы Глаговец (Польшча) у сям’і Мар’яны і Станіслава Кавальскіх. Была трэцім з дзесяцёра дзяцей. Праз два дні пасля нараджэння была ахрышчана, атрымала імя Хэлена.

    Выхоўвалася ў сям’і, дзе жыццё вызначаў Бог. У доме Кавальскіх меўся маленькі алтар з металічным распяццем і дзвюма фаянсавымі фігуркамі – Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі. Маці з малых гадоў вучыла дзяцей праўдам веры. Рыхтавала іх да Першай святой Камуніі. Бацька зачытваў дзецям біяграфіі святых. Ранкам будзіў іх спевам рэлігійных песень, а па вечарах збіраў усю сям’ю на малітву.

    Як успамінала маці, Хэлена моцна любіла маліцца. Нават ноччу ўставала і схіляла калені. Казала: “Матуля, мяне, напэўна, анёл будзіць, каб я не спала, а малілася”. Дзяўчынка з дзяцінства была чуллівай. Заўважала вакол сябе бедных людзей, імкнулася ім дапамагчы. Аднойчы надзела старое матчына адзенне і пад выглядам жабрачкі ха-дзіла з дома ў дом. Сабраныя грошы перадала праз мясцовага пробашча патрабуючым. Усе любілі і паважалі Хэлену. Яна была працавітай і добрай, вясёлай і ветлай, пакорнай і ціхай, “абранай і самай лепшай з дзяцей”, – узгадвала маці.

З ранніх гадоў дзяўчынка шмат распавядала дзецям пра святых, паломнікаў і пустэльнікаў, аб якіх даведвалася з кніг. “Казала нам, – успамінаў брат Станіслаў, – што калі вырасце, пойдзе ў манастыр, а мы смяяліся над гэтым. Мы не разумелі яе”.

    Сваё пакліканне да службы Богу маленькая Хэлена адчула яшчэ ва ўзросце 7 гадоў. Скончыла няпоўныя тры класы школы. Каб дапамагчы сям’і, працавала ў багатых людзей.

    У 16-гадовым узросце Хэлена папрасіла дазволу бацькоў уступіць у манастыр. Хоць Кавальскія і былі богабоязнымі людзьмі, ім не хацелася аддаваць сваё лепшае дзіця. Бацькі не пагадзіліся, спаслаўшыся на адсутнасць грошай на пасаг. Ва ўзросце 18 гадоў Хэлена паўторна звярнулася з той жа просьбай, і яны зноў адмовілі. Дзяўчына аддалася марнаму жыццю. Але душа яе ні ў чым не знаходзіла радасці.

    “Пэўнага разу, – успамінае сястра Фаустына ў сваім «Дзённіку», – я была з адной са сваіх сясцёр на балі. Пакуль усе цудоўна забаўляліся, мая душа адчувала ўнутраныя пакуты. Пачаўшы танцаваць, я раптам убачыла паблізу сябе Езуса, змучанага, пазбаўленага адзення, усяго пакрытага ранамі, які сказаў мне наступныя словы: «Колькі яшчэ Я буду мірыцца з табою, і колькі яшчэ ты будзеш Мяне падманваць?»” (Дз. 9). Усхваляваная, Хэлена цвёрда вырашыла ўступіць у манастыр. “Наколькі магла, я адкрыла сястры тое, што адбылося ў маёй душы, загадала ёй перадаць маё «бывайце» бацькам і так, у адной сукенцы, без усяго, прыехала ў Варшаву” (Дз. 10).

    Увайшла ў першы касцёл, які ўбачыла, і стала маліцца аб далейшай волі Божай. Пасля св. Імшы падышла да святара і адкрылася яму. Ксёндз накіраваў дзяўчыну да адной набожнай жанчыны, каб спынілася ў яе да той пары, пакуль не паступіць у манастыр. На працягу года Хэлена працавала памочніцай у доме, каб зарабіць сабе на сціплы манаскі пасаг. 1 жніўня 1925 года паступіла ў Кангрэгацыю Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. “Я адчувала сябе незвычайна шчаслівай, мне здавалася, што я ўступіла ў райскае жыццё. З сэрца майго вырывалася толькі падзячная малітва” (Дз. 17).

    Праз некалькі тыдняў знаходжання ў манастыры настаяцельніца адправіла Хэлену ў Скалімаў для падтрымання здароўя, падарванага з-за практыкаваных у доме і на службе суровых пастоў, а таксама з-за духоўных перажыванняў адносна новага парадку жыцця. Настаўніца пастулята ўзгадвала, што Хэлена мела сваё асаблівае ўнутранае жыццё і, напэўна, з’яўляецца “мілай Госпаду Езусу душачкай”.

   Пастулянтка-аднагодка сястра Шымона Налевайк захаплялася Хэленай, бо “ўсе заўвагі або знявагі яна прымала з пакорнасцю”.

    Манаскае пасвячэнне адбылося 30 красавіка 1926 года. Падчас урачыстасці дзяўчына двойчы страчвала прытомнасць. Бог даў сястры пазнаць, як шмат ёй патрэбна будзе выпакутаваць. Яна ясна ведала, на што ідзе. Пасля чаго Бог зноў напоўніў яе душу радасцю. Хэлена атрымала новае імя – Марыя Фаустына.

    Радасць сястры крыху згасла ў канцы першага года навіцыята, калі пачаўся перыяд балючага духоўнага вопыту. “Аднойчы ўва мне з’явілася думка аб тым, што я адрынута Богам. Гэтая страшная думка наскрозь працяла маю душу, ад гэтых пакут мая душа стала паміраць. Я хацела памерці, але не магла” (Дз. 23). Настаўніца навіцыята падтрымала сястру і растлумачыла, што праз гэтыя выпрабаванні Бог Айцец падрыхтоўвае яе душу да мацнейшага яднання з Ім.

    Першыя манаскія абяцанні сястра склала 30 красавіка 1928 года. На ўрачыстасць прыбылі бацькі. Падчас сустрэчы сястра Фаустына сказала бацьку: “Той, каму я дала абяцанне, мой муж і твой зяць”. Гэты аргумент і шчасце дачкі пераканалі бацькоў, і яны больш не пярэчылі таму, каб яна жыла ў манастыры.

    1 мая 1933 года сястра Фаустына склала вечныя манаскія абяцанні. Падчас урачыстасці яна даручала Езусу ўвесь святы Касцёл, сваю Кангрэгацыю, сям’ю, усіх грэшнікаў, паміраючыя і пакутуючыя ў чысцы душы. Дзякавала за неспасціжны гонар нявесты Хрыста і прасіла ў Маці Божай асаб-лівай апекі. З таго моманту зносіны сястры Фаустыны з Богам былі вельмі блізкімі, якімі да гэтага часу ніколі не былі.

    У Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці сястра Фаустына пражыла 13 гадоў. Служыла ў Кракаве, Варшаве, Плоцку і Вільні. Працавала на кухні, у краме пры пякарні, у агародзе і пры манастырскай прыёмнай. Хварэла на сухоты лёгкіх і стрававода, таму больш за 8 месяцаў знаходзілася на лячэнні. Усе цярпенні (не толькі звязаныя з хваробай) пераносіла як добраахвотную ахвяру за грэшнікаў. Памерла ва ўзросце 33 гадоў 5 кастрычніка 1938 года ў манастыры ў Кракаве-Лагеўнікі. Да сённяшняга дня там знаходзяцца яе мошчы. У дзень свята Міласэрнасці 18 красавіка 1993 года папа Ян Павел II беатыфікаваў сястру Фаустыну, а 30 красавіка 2000 года прылічыў яе да ліку святых каталіцкага Касцёла.

5 цікавых фактаў:

       1. Праз некалькі тыдняў пасля ўступлення ў манастыр манахіня перажыла спакусу перайсці ў іншую кангрэгацыю, бо мела мала часу на малітву. Увечары пайшла ў келлю і, лежачы крыжам, убачыла спакутаваны твар Езуса. Яна спытала: “Хто прычыніў Tебе такі боль? – Tы Мне прычыніш такі боль, калі выйдзеш з гэтага Ордэна. Сюды Я цябе паклікаў, а не куды-небудзь яшчэ, і падрыхтаваў мноства ласкаў для цябе” (Дз. 19). Сястра папрасіла прабачэння ў Хрыста і ў той жа момант змяніла прынятае рашэнне.

    2. Пры жыцці манахіня была ўзнагароджана вялікімі Божымі ласкамі: дарам сузірання, бачаннямі, адкрыццямі, утоенымі стыгматамі, дарам прароцтва і “чытаннем” у душах людзей, дарам містычных заручын.

    3. Калі ў манастыры стала вядома пра аб’яўленні сястры Фаустыны, іншыя сёстры пачалі скептычна ставіцца да яе: адны папярэджвалі, каб яна не паддавалася ілюзіям, іншыя прыгаворвалі, што яна істэрычка і выдумшчыца, а некаторыя з павагай казалі, што яна, па ўсёй верагоднасці, блізкая Езусу, калі з такім спакоем пераносіць столькі пакут.

    4. Сястра засталася незадаволенай напісаннем абраза Езуса Міласэрнага. Вярнуўшыся ў манастырскую капліцу, яна паскардзілася Хрысту: “Хто Цябе напіша такім выдатным, якім Ты ёсць? У адказ пачула: Не ў харастве фарбаў або пэндзля заключаецца веліч гэтага абраза, а ў Маёй ласцы” (Дз. 313).

    5. “Дзённік”, вядомы сёння ва ўсім свеце, сястра Фаустына вяла апошнія 4 гады жыцця.

Рэліквія святога Яна Паўла II

Сям’я Вайтылы жыла даволі сціпла. Караль Вайтыла быў вельмі здольным хлопцам. Яшчэ ў дзяцінстве будучы Папа перажыў смерць самых блізкіх людзей — памерла яго маці і брат, а ў 1941 годзе памёр і яго бацька. У гэтым жа годзе Караль Вайтыла, які ўжо быў тады студэнтам факультэта польскай філалогіі Ягелонскага ўніверсiтэта, што ў Кракаве, кінуў вучобу і пайшоў працаваць на фабрыку. У 1943 годзе будучы Папа нечакана кінуў тэатр і вырашыў вывучаць тэалогію ў некалькіх падпольных навучальных установах. Пасля заканчэння вайны Вайтыла працягнуў вучобу ў Рыме і стаў святаром.

У 1963 годзе Караль Вайтыла быў прызначаны архібіскупам Кракаўскім, а праз 4 гады атрымаў тытул кардынала.

У 1978 г. урачыста распачаўся пантыфікат Вялікага Папы Яна Паўла II, які доўжыўся 27 гадоў і быў адным з самых працяглых пантыфікатаў у гісторыі Каталіцкага Касцёла.

Памёр у 2005 г.

У асобе Яна Паўла ІІ, яго вучэнні і святасці Касцёл і вернікі атрымалі вялікі дар, якім павінны жыць, а таксама натхняцца ў прыняцці новых выклікаў, якія з’яўляюцца перад імі.

Рэліквія благаслаўлёнага Юрыя Папялушкі

Гэты каталіцкі святар, які нарадзіўся на Падляшшы і быў капеланам рабочых, звязаным з незалежным прафсаюзам «Салідарнасць», 29 кастрычніка 1984 года быў забіты супрацоўнікамі службы бяспекі камуністычнай Польшчы. У 2009 годзе Папа Бэнэдыкт XVI абнародаваў дэкрэт аб яго мучаніцтве, а ў чэрвені 2010 года ксёндз Ежы Папялушка быў абвешчаны благаслаўлёным.

«Падумай, які сэнс мае тваё жыццё, твая праца, твае клопаты, твая маёмасць, усё, што ты робіш. Падумай, што з’яўляецца істотнай і непрамінальнай каштоўнасцю ў тваім жыцці», — гэтыя словы ксяндза Ежы Папялушкі, прамоўленыя ім падчас казання ў Першую нядзелю Вялікага посту 1984 года, прагучалі на інаўгурацыі Года памяці з нагоды 40-годдзя з часу выкрадання і мучаніцкай смерці святара.

Рэліквія благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі

Ксёндз Міхал Сапоцька быў далучаны да ліку благаслаўлёных 28 верасня 2008 года.

Урачыстася беатыфікацыя адбылася на плошчы каля касцёла Божай Міласэрнасці ў Беластоку.

Нарадзіўся ў 1888 г. у Ашмянскім павеце (цяпер Валожынскі раён). Нягледзячы на цяжкія бытавыя ўмовы, бацькі паклапаціліся пра пачатковую адукацыю сына.

Вучыўся ў народнай школе ў Забрэззі, дзе часта ўдзельнічаў у набажэнствах у парафіяльным касцёле. Амаль кожны дзень прыслугоўваў на св. Імшы, у нядзелю спяваў разам з арганістам. Сапраўдны святарскі прыклад тагачаснага забрэзскага пробашча кс. Яна Куніцкага, яго палымяныя казанні, апостальская стараннасць і клопат пра належны Божы культ мелі вялікі ўплыў на Міхала, ажывілі ў ім жаданне стаць святаром, якое ён меў з дзяцінства.

Першыя гады святарскага служэння кс. Міхала Сапоцькі праходзілі паблізу Ашмянаў.

У Беластоку кс. Міхал працаваў амаль 30 гадоў жыцця, выкладаў у архідыяцэзіяльнай Вышэйшай духоўнай семінарыі, вёў інтэнсіўную акцыю цвярозасці, арганізаваў шэраг месячных і гадавых катэхетычных курсаў для законных сясцёр і свецкіх, чытаў адкрытыя лекцыі на рэлігійную тэму.

Міхал Сапоцька памёр у 1975 годзе ў гэтым горадзе, і там спачываюць яго рэліквіі.

Рэліквія благаслаўлёнага Стэфана Вінцэнта Фрэліхоўскага

Польскі ксёндз. Арыштаваны напачатку Другой сусветнай вайны. Гестапа зняволіла Стэфана ў некалькіх канцлагерах. 

У канцлагеры Дахаў  Стэфан Вінцэнта Фрэліхоўскі памёр ад захворванняў тыфам і пнеўманіяй, якімі заразіўся пад час догляду за хворымі зняволенымі.

Рэліквія благаслаўлёнага Эдмунда Баяноўскага

Атмасфера ў сям'і і прыклад бацькоў вельмі моцна паўплывалі на яго жыццё: «Каханне да Радзімы было для яго першым пасля кахання да Бога». Бацькі перадалі яму гарачую і глыбокую веру, якую захаваў на працягу ўсяго свайго жыцця.

У чатырохгадовым узросце Эдмунд цяжка захварэў і быў вылечаны невытлумачальным для медыцыны спосабам. Яго маці прыпісвала гэта раптоўнае вылячэнне заступніцтву Боскай Маткі Скрушнай, да якой яна малілася.

Эдмунд Баяноўскі, не быўшы манахам, у 1850 годзе заснаваў жаночую манаскую кангрэгацыю з апостальскай харызмай.

13 ліпеня 1999 года Папа Ян Павел II сказаў: «Апостальства міласэрнасці напоўніла (…) жыццё шчаслівага Эдмунда Баяноўскага. (…) Яго вяло спачуванне чужой патрэбе, што дало пачатак выхаваўчай, дабрачыннай, культурнай і рэлігійнай дзейнасці.

Рэліквія благаслаўлёнага Уладзіслава Букавінскага

Будучы благаслаўлённы нарадзіўся ў каталіцкай сям’і ва ўкраінскім Бердычыве ў 1904 г. Пасля атрымання прэзбітэрскага пасвячэння ў Кракаве асаблівым чынам прысвяціў сябе клопату аб хворых і працы з моладзю. З 1936 г. працаваў у Луцкай дыяцэзіі, дзе восенню 1940 г. быў арыштаваны НКУС. З пачаткам Другой сусветнай вайны на савецкай тэрыторыі апынуўся на свабодзе і арганізаваў харчовую і духоўную дапамогу палонным. У 1945 г. быў зноў арыштаваны савецкай уладай і асуджаны на дзесяць гадоў працоўных лагераў.

Лагер стаў для яго амбонай, з якой ён вучыў любові да Бога і міру з бліжнімі. Тут ён шмат маліўся, зрабіўшы ружанец з хлебных шарыкаў, пакуль спалі іншыя вязні цэлебраваў св. Імшу на лагерных нарах, нягледзячы на забарону спяваў рэлігійныя гімны, а адпраўляючыся на працу ў шахту, прасіў францішканаў, асуджаных разам з ім, распавядаць яму гісторыі пра Францішка Асізскага, святога пакоры і веры. Пасля дзесяці гадзін працы кс. Букавінскі знаходзіў сілы для таго, каб наведваць хворых, удзяляць сакрамэнты, прамаўляць духоўныя разважанні.

Пасля заканчэння тэрміну зняволення, у 1955 г. ён адмовіўся ад магчымасці вярнуцца на Радзіму і прыняўшы савецкае грамадзянства працягваў патаемна займацца душпастырскай дзейнасцю на тэрыторыі Казахстана. Пасярод прыніжанага і прыгнечанага народу ён быў чалавекам надзеі.

Рэліквія благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча

Паходзіў з літоўскай сям’і, быў малодшым з васьмі дзяцей. Вельмі рана страціў бацькоў, сіратой апекаваўся старэйшы брат. У 1878—1881 гадах наведваў пачатковую школу ў Мар’ямпалі, там жа скончыў гімназію. У 1889 пераехаў да свайго дзядзькі Яна Матулайціса ў Кельцы (Польшча), дзе той працаваў выкладчыкам замежных моў у Духоўнай семінарыі. 1 кастрычніка 1891 года паступіў у Келецкую семінарыю. У 1893 царскія ўлады зачынілі семінарыю і Матулевіч вымушаны быў пераехаць вучыцца ў Варшаву. Быў накіраваны ў Пецярбургскую духоўную акадэмію, у якой 20 лістапада 1898 атрымаў святарскае пасвячэнне. Пасля гадавой працы ў Келецкай дыяцэзіі Матулевіч распачаў навуку ў Каталіцкім універсітэце ў Фрыбуры (Швейцарыя). Атрымаўшы доктарскую ступень, айцец Матулевіч працаваў спачатку выкладчыкам у семінарыі ў Кельцах.

Разам са святаром Міхалам Гадлеўскім прыняў удзел у стварэнні Таварыства каталіцкіх работнікаў, для студэнтаў жа ён заснаваў таварыства «Адраджэнне» (польская філіял міжнароднага руху «Каталіцкае дзеянне»). У 1907 быў пераведзены ў Пецярбургу для таго, каб узначаліць кафедру сацыялогіі ў Духоўнай акадэміі. У 1909 узначаліў кафедру дагматычнага багаслаўя. У 1909 уступіў у Ордэн айцоў марыянаў, стаўшы адным з яго рэфарматараў. 14 ліпеня 1911 быў генералам ордэна марыянаў. Да канца свайго жыцця айцец Матулевіч выконваў функцыю генерала гэтага ордэна.

23 кастрычніка 1918 Матулевіч стаў віленскім біскупам. Асабістым дэвізам свайго кіравання абраў словы апостала Паўла — «Vince malum in bono» (з лаціны: «Перамагай ліха дабром»). Адразу пасля прызначэння спаткаўся з непрыязным прыёмам з боку польскага грамадства, якое ўспрыняло папскае прызначэнне як вынік ціску нямецкіх акупацыйных улад, што падтрымлівалі літоўцаў. Віленскі капітул разам з польскім духавенствам дыяцэзіі выказваў занепакоенасць з прычыны прызначэння біскупа літоўскай нацыянальнасці. Сам біскуп Матулевіч разлічваў пазбягаць палітычных канфліктаў. Аднак гэта аказалася немагчымым, паколькі з моманту яго прыезду ў Вільню як палякі, так і літоўцы моцна націскалі на біскупа, які прыняў праграмны прынцып пазбягання адназначных выказванняў на тэіу будучыні Віленшчыны. Дынамічныя змены рэчаіснасці Віленшчыны ў 1918—1919 гадах (адступленне немцаў, прыход бальшавікоў, захоп палякамі, паўторнае заняцце войскамі РСЧА) вымусілі каталіцкае грамадства абвінавачваць біскупа ў прыхаваных літоўска-беларускіх сімпатыях з-за імкнення Матулевіча да змякчэння найбольш крайніх выступленняў. Пасля заняцця Вільні ў жніўні 1920 года літоўскімі войскамі публічныя выступленні Матулевіча, а таксама яго кантакты з прадстаўнікамі новых улад былі ўспрынятыя як адназначна пралітоўскія і выклікалі шматлікія пратэсты польскіх жыхароў горада[4]. Падчас адной імшы ў Вострай Браме біскуп Матулевіч заклікаў «да спакою і любові, раячы памятаць, што выгнанне польскіх войскаў з’яўляецца актам Божай справядлівасці ў адказ на разбоі і злоўжыванні палякаў».

Біскуп ацэньваў дзеянні ўлад Літвы як перыяд «поўнай свабоды і спакою», а таксама з задавальненнм успрымаў стаўленне літоўцаў, якія не ўмешваліся ў справы касцёла і не чакалі ад яго аніякіх дэкларацый. У кастрычніку 1920 года Вільню занялі польскія часці генерала Л. Жалігоўскага. Пра настроі, якія панавалі ў той час на тэрыторыі Віленскай дыяцэзіі, біскуп Матулевіч пісаў біскупу Пшаздзецкаму.

У 1923 годзе ён заснаваў новы жаночы ордэн Сёстраў Служэбніц Ісуса ў Еўхарыстыі (Сёстры Еўхарысткі), і кляштар марыянаў у Друі. Новаму ордэну айцец Матулевіч вызначыў наступныя заданні: асноўная мэта — праца паміж беларусаў-каталікоў, шляхам заснавання школаў, майстэрняў, інтэрнатаў, дзіцячых садкоў, праз навучанне катэхізісу, распаўсюджанне добрых кніг і апеку над хворымі. На пасадзе архібіскупа Юрый Матулевіч змагаўся з паланізацыяй касцёла, уводзіў беларускую і літоўскую мовы, гэтак штонядзелю ў кафедры адбываліся казанні па-беларуску. Ён быў асабіста знаёмы з Адамам Станкевічам, якога шмат разоў абараняў ад нападак улад, і Браніславам Тарашкевічам. Айцец Юрый лічыў беларускую мову мостам, «які можа лучыць каталіцтва і праваслаўе». Апроч таго архібіскуп апекаваўся рускай дыяспарай: з дапамогай айца рускія дзеці-сіроты неаднойчы атрымлівалі дапамогу з-за мяжы, ён таксама спрычыніўся да заснавання дзіцячага дома для расійскіх эмігрантаў. За сваю дзейнасць архібіскуп неаднаразова падвяргаўся нападкам польскіх і літоўскіх нацыяналістаў. У 1925 годзе пасля шматлікіх просьбаў айца Матулевіча ён быў вызвалены ад пасады віленскага архібіскупа.

З 1925 года Матулевіч выконваў функцыю апостальскага візітатара ў Літве. У ліпені 1926 года Матулевіч удзельнічаў у Еўхарыстычным кангрэсе ў Чыкага, дзе прачытаў даклад пра апостальскае служэнне сярод праваслаўных. Пры жыцці айцец Матулевіч спаў на дошках і толькі тры гадзіны ў суткі, не здымаў з цела валасяніцы, бічаваўся, у яго цела ўпіваўся пас з дроту.

Памёр 27 студзеня 1927 года ў бальніцы Каўнаса пасля няўдалай аперацыі па выдаленні апендыцыту. Пахаваны быў у кафедральным саборы ў Каўнасе, у 1934 годзе рэшткі былі перанесены ў капліцу Марыямпальскай базілікі.