Раніца вясновага дня 5 красавіка над Лепелем узнялася асабліва чыстай і празрыстай, нібы само неба апранулася ў святочны белы строй. Над ціхімі вуліцамі, над дахамі дамоў, над спакойнай вадой Лепельскага возера разлівалася святло. Мяккае і чыстае, як першая радасць пасля доўгага чакання, як сустрэча замілаваных закаханых пасля сумнай разлукі.
І раптам электразваны касцёла Святога Казіміра прарвалі цішыню пераможнай, жыццядайнай песняй. Іх звон разнёсся над горадам, над людзьмі, над зямлёй, нібы вестка з самога неба: цемра адступіла, жыццё перамагло, Хрыстус уваскрос! Настала доўгачаканая Нядзеля Змёртвыхпаўстання Пана – галоўнае і самае светлае свята хрысціянскага календара.
Пасля суровых дзён посту, маўчання і глыбокіх разважанняў над Мукай Хрыста лепельская святыня зноў раскрылася перад людзьмі, як жывая кветка перад сонцам. Яна напоўнілася радасцю, водарам і зіхатлівым святлом. Нарадзілася спяваючая радасць.
Яшчэ свежыя ў сэрцах лепельскіх вернікаў успаміны пра мінулую ноч. Пасхальная Вігілія, цэнтр і вяршыня ўсяго літургічнага года, прайшла ўзнёсла і велічна, на адным дыханні веры і надзеі. Гэта быў час вялікай тайны і святога захаплення: ад асвячэння агню і запальвання Пасхала ў поўнай цемры перад уваходам у касцёл пад велічнай постаццю святога Яна Паўла ІІ да урачыстага гімна, які, нібы срэбны струмень святла, разліўся па святыні. І калі ўпершыню пасля доўгага маўчання прагучала радаснае «Хвала на вышынях Богу», здавалася, што само неба адгукнулася гэтай песні.
Асаблівасць Пасхальнай Вігіліі надаў сам біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўзначаліў святочную літургію. Яго прысутнасць стала знакам еднасці і глыбокай пашаны да гэтай вялікай падзеі. Пад яго малітоўным кіраўніцтвам лепельская святыня нібы напоўнілася яшчэ большым святлом, а кожнае слова і кожны абрад набывалі асаблівую вагу, дапамагаючы вернікам глыбей перажыць таямніцу Уваскрасення Хрыста.
Урачыстасць і прыгажосць лепельскай Вігіліі сёлета набылі асаблівы маштаб і вагу – святую Імшу здымала Тэлерадыёкампанія «Віцебск». Прысутнасць камер аніводным чынам не парушыла сакральнасці і глыбіні малітвы, але дазволіла захаваць гэтыя дасканалыя хвіліны для гісторыі. Дзякуючы працы тэлевізіёншчыкаў, цеплыня лепельскага касцёла, шчырыя твары вернікаў і глыбокія словы літургіі разляцеліся далёка за межы горада, несучы вестку пра Уваскрасенне тысячам гледачоў па ўсёй Віцебскай вобласці і нашай краіне.
А ўжо сённяшняй раніцай касцёл ізноў сустрэў людзей. Урачыстая Імша сабрала пад высокімі скляпеннямі цэлыя сем’і – ад паважаных старых парафіян да зусім маленькіх дзяцей. Алтар, яшчэ ў пятніцу аголены і смутны, цяпер зіхацеў беласнежнымі абрусамі і багатымі кветкавымі кампазіцыямі, пах якіх мякка змешваўся з водарам вясновай свежасці. І ў гэтай спалучанасці было нешта асабліва чыстае, урачыстае і кранальнае.
Словы пробашча лепельскай парафіі ксяндза Уладзіміра гучалі ў гэты дзень асабліва светла, радасна, урачыста і ўзнёсла. Ён нагадаў прысутным, што Змёртвыхпаўстанне Хрыста – гэта не толькі проста падзея далёкай мінуўшчыны, але і штодзённая крыніца нашай надзеі. Гэта ўпэўненасць у тым, што пасля кожнай ночы прыходзіць світанак, пасля кожнай бяды – суцяшэнне, пасля кожнага выпрабавання – Божая ласка. Гэта гарантыя таго, што дабро заўсёды мае апошняе слова. І ў гэтай упэўненасці адчувалася не толькі сіла лепельскага святара, але і вялікая ціхая радасць простага чалавека, які верыць у перамогу святла, у само жыццё.
Пасля заканчэння Імшы людзі доўга не разыходзіліся. Яны выходзілі з святыні насустрач сонцу, як на новы шлях, віншавалі адзін аднаго, шчыра ўсміхаліся, дзяліліся радасцю. І здавалася, што сам Лепель, абноўлены велікодным святлом, дыхае інакш – вольна, светла, урачыста.
Наступіў Вялікдзень. Час жыць, час любіць, час верыць у цуд. Бо гучнае лепельскае велікоднае «Алелюя!» дасягнула сёлета не толькі ўсіх закуткоў Віцебскай вобласці і многіх сэрцаў вернікаў па ўсёй нашай краіне, але і найвышэйшых нябёсаў. Са Святам!
Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!
Апошнія акорды Вялікага чацвярга пакінулі пасля сябе не пустату, а глыбокае, праніклівае маўчанне. Калі вернікі павольна пакідалі касцёл Святога Казіміра, алтар стаяў аголены – нібы сэрца, што аддало ўсё, нават апошняе дыханне. З яго ксёндз Уладзімір зняў пасля імшы ўсё абсталяванне і абрусы, як калісьці з Хрыста знялі адзенне перад укрыжаваннем. Прастора каталіцкай святыні была прасякнута трывожнай цішынёй. Гэта была цішыня ўсяго створанага сусвету перад болем Збаўцы.
Калі прыйшла Вялікая пятніца 3 красавіка, Лепель ахутала задуменнасць, нібы сам горад апусціў вочы. Гэта адзіны дзень у літургічным годзе, калі Касцёл не цэлебруе Святой Імшы, бо Хрыстус сам становіцца Ахвярай.
У святыні Святога Казіміра панавала суровая ўрачыстасць і спакой, поўны вялікай, нямой драматычнасці. Падчас Літургіі Мукі Пана словы Евангелля пра апошнія хвіліны зямнога жыцця Езуса гучалі дужа выразна з вуснаў мужных парафіянаў Алега і Аляксандра. Глыбока, як рэхам аддаваўся ў сэрцах голас пробашча парафіі. Кожны прысутны, слухаючы, нібы сам крочыў шляхам зняверанасці, крыжу і пакут – шляхам на Галгофу.
Цэнтральнай падзеяй гэтага вечара стала Адарацыя Святога Крыжа. Старыя падыходзілі, больш маладзейшыя падпаўзалі на каленях адзін за адным, дакраналіся вуснамі да светлага дрэва, якое стала сімвалам збаўлення ўсяго чалавецтва. Ціхі шоргат каленак па кіліму, ледзь чутнае дыханне, сур’ёзныя твары. У гэты момант маўчаў свет, бо ён глядзеў на Крыж. І ў кожным дакрананні было нешта большае, чым вонкавае дзеянне: гэта была асабістая размова душы з Богам пра шкадаванне, удзячнасць і надзею.
Як вернікі да крыжа, так і лепельская парафія крок за крокам разам з усім Каталіцкім Касцёлам несупынна ідзе шляхам ад цемры здрады да святла ласкі, ад болю цвікоў да радасці ўнебашэсця. Сэрцы людзей напаўняюцца чаканнем трапяткім і светлым. Яны гатовы пачуць тое вялікае слова, што разарве хутка цішыню: “Хрыстос Уваскрос!”
2 красавіка 2026 года над Лепелем павольна стаў разлівацца вечар – ціхі, светлы і задуменны, нібы сама зямля прыхінулася да нябёсаў у чаканні вялікай таямніцы. У парафіі Святога Казіміра гэты вечар стаў часам асаблівай духоўнай глыбіні, калі сэрцы вернікаў адкрыліся перад веліччу Вялікага чацвярга – дня, што распачынае Святы Пасхальны Трыдуум і вядзе чалавека да самых першых хвілін хрысціянскай гісторыі.
Касцёл Святога Казіміра напоўніўся людзьмі, але яшчэ больш – малітвай, цішынёй і ўнутраным святлом. Вернікі сабраліся тут, каб разам перажыць успамін пра апошнюю вячэру Пана. У тую незабыўную ноч Езус Хрыстус пакінуў нам скарб, роўнага якому няма ў свеце: Эўхарыстыю і святарства. У той вечар зямное нібы дакранулася да вечнага, а чалавечае сэрца – да Божай любові.
Калі ў касцёле загучаў урачысты гімн, святыня нібы напоўнілася апошнім прамяністым дыханнем радасці перад уваходам у маўклівы шлях пакуты. І вось яшчэ імгненне таму звонкія і святочныя поклікі душы сціхлі да самага Вялікадня. Іх месца нібы заняў глухаваты сумны стук, нібы водгук набліжэння Хрыстовых пакут.
Святая Імша праходзіла ва ўзнёслай урачыстасці, працятая спакоем і святлом. Словы пробашча лепельскай парафіі ксяндза Уладзіміра гучалі як мяккі, але моцны заклік да веры: хлеб і віно, асвечаныя малітвай, становяцца Целам і Крывёю Хрыста. Гэта ўсё пераўтвараецца ў хлеб душы, крыніцу сілы, суцяшэнне і надзею.
На імшы уздымалася і думка пра святарства – пра тых, каму Збаўца даручыў працягваць Яго місію ў свеце, сказаўшы: «Рабіце гэта на Маю памяць». У гэтых словах было і святло, і ахвяра, і вечная прысутнасць Божай любові.
Асабліва кранальна ў гэты вечар гучала малітва да абраза “Тайная вячэра”, створанага мясцовым мастаком Аляксандрам Саўчанкам. Лепельскія вернікі моўчкі дзякавалі ксяндза Уладзіміра за ціхую, няпростую, але такую неабходную службу, за яго вернасць, самаадданасць і духоўную апеку. У малітвах узносіліся просьбы пра здароўе, моц веры, мудрасць і благаслаўленне для тых, хто нясе людзям Божае слова і вядзе іх праз жыццё да святла Хрыста.
Напрыканцы Імшы лепельскія парафіяне шчыра павіншавалі свайго пробашча словамі: “Дарагі наш ксёндз Уладзімір! Віншуем Вас з Вашым святам! Быць святаром – гэта вялікая адказнасць і сапраўдны подзвіг любові. Дзякуем Вам за Вашае добрае сэрца, за кожную Святую Імшу, за словы падтрымкі і мудрыя парады. Няхай побач будуць верныя паплечнікі і шчырыя сябры – мы, Вашы парафіяне. Мы жадаем Вам, каб радасць ад служэння Богу ніколі не пакідала Вас. Няхай Пан Бог благаслаўляе кожны Ваш крок і кожную Вашую справу”.
Вернікі выходзілі з касцёла ціха, з засяроджанымі позіркамі і сэрцамі, поўнымі развагі. Наперадзе Вялікая пятніца і Вялікая субота – дні болю, маўчання і чакання. Але ў гэтым маўчанні ўжо дыхае надзея, бо за цемрай заўсёды прыходзіць святло, за слёзамі – радасць, а за Крыжам – Уваскрасенне.
Водгукі мітуслівага працоўнага дня павольна раствараюцца ў яшчэ халодным сакавіцкім паветры, якое дыхае з блакітнай плыні Лепельскага возера. Яно ўжо канчаткова абудзілася пасля зімовага сну. Вясна адваёўвае свае правы: на ўзбочынах яшчэ ляжаць дзе-нідзе шэрыя і брудныя астраўкі снегу, але ў паветры ўжо выразна адчуваецца той асаблівы, свежы водар абуджэння.
Адчыніўшы масіўныя аздобленыя жалезам дзверы касцёла Святога Казіміра, знешні свет з яго трывогамі і змрочнымі навінамі рэзка абрываецца. Замест гулу горада – прыглушанае рэха крокаў па бетоннай падлозе і ціхі говар малітваў. Унутры пануе асаблівы паўзмрок, разарваны толькі цёплым жоўтым святлом касцёльных лямпачак і жывым мігаценнем дзясяткаў свечак у бакавых нефах святыні.
Велічны белы будынак, чые магутныя вежы нібы прабіваюць вечаровае неба, сабраў лепельскіх вернікаў на ўрачыстасць. 19 сакавіка 2026 года тут адбылася Святая Імша ў гонар святога Юзафа – абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, які абвешчаны апекуном Сусветнага Касцёла, а таксама з’яўляецца апекуном паміраючых, нарачоных і працаўнікоў.
На свята гэтым вечарам сабраліся большасцю сталыя жанчыны, чые пальцы зусім лёгка і звыкла перабіраюць пацеркі ружанца, а вусны бязгучна варушацца ў такт малітве. Выдзяляюцца стомленыя пасля працы, але светлыя твары некалькіх мужыкоў. Іх прысутнасць сёння асабліва сімвалічная, бо святы Юзаф, звычайны назарэцкі цясляр, з'яўляецца нябесным апекуном мужчын.
Роўна ў васямнаццаць гадзін цішыню прарэзаў спачатку пераліўны звон з вежаў, а потым спеў Людмілы. Глыбокія, вібруючыя гукі запоўнілі сабой усю прастору. Спявалі ў гонар святога Юзафа з паперак. Няўмела яшчэ, але ў гэтай мелодыі было нешта такое, што прымушала расправіць плечы і пакінуць усе штодзённыя клопаты там, за ганкам.
З сакрыстыі выйшаў ксёндз Уладзімір. Пачалася літургія – старажытнае дзеянне, якое аб'ядноўвае парафіян у адну вялікую сям'ю. У сваім казанні святар звярнуўся да сутнасці свята, робячы акцэнт на тым, чаго так не хапае сучаснаму чалавеку.
Казанне пробашча лепельскай парафіі навеяла дзіўную думку, што на старонках Евангелля няма ніводнага сказанага Юзафам слова. Ён не пакінуў пасля сябе прамоў ці трактатаў. Яго мовай былі ўчынкі. Сёння, у свеце, які перапоўнены непатрэбнай інфармацыяй, бескантрольным Інтэрнэтам, пустымі абяцаннямі і трывогай, святы Юзаф вучыць нас мужнасці цішыні. Ён вучыць таму, што сапраўдная любоў – гэта адказнасць. Яго свята – гэта напамін нам: рабіце сваю справу сумленна, беражыце сваіх блізкіх і давярайце Богу нават тады, калі нічога не зразумела.
Кульмінацыяй вечаровай імшы стала Эўхарыстыя. Калі над алтаром узнялася белая Гостыя, у касцёле ўсталявалася такая цішыня, што, здавалася, можна было пачуць, як ласкава нашэптваюць 29 святых з рэлікварыума. Хоць звонку і горад з бурлівым жыццём, тут час нібыта спыніўся.
Людзі пачалі выстраівацца ў чаргу да прыняцця Святога Сакрамэнту, загучаў спеў. Галасы спевакоў зліваліся з электраарганам у прыгожую, крыху журботную, але светлую мелодыю. У гэты момант твары людзей, асветленыя мяккім касцёльным святлом, выглядалі асабліва спакойнымі. У іх вачах адлюстроўвалася надзея і ўдзячнасць.
Імша завяршылася. Лепельскія парафіяне традыцыйна не спяшаліся адразу разбягацца. Яны на ганку ціха абменьваліся парай словаў. Надышоў час вяртацца ў свой звычайны свет – да сваіх хат, сем’яў, працы і абавязкаў, у гэта клопатнае жыццё. Але з лепельскай святыні вернікі панеслі з сабой часцінку таго спакою, які нараджаецца там, дзе няма месца лішнім словам, а ёсць толькі ціхая прысутнасць і шчыры клопат. Як і ў жыцці назарэцкага цесляра, святога Юзафа.
1 сакавіка 2026 года Лепель прачынаўся. Над возерам жоўтых гарлачыкаў павольна падымаўся лёгкі туман, і яго бялёсыя клубы, як малітвы, цягнуліся да нябёсаў. Паветра было прасякнутае пахам ранняй вясны – зямля дыхала, абудзеная цёплым ветрам, і ўсё навокал быццам чакала вялікай падзеі.
Сёння горад святкаваў духоўны юбілей – 150 год касцёлу Святога Казіміра. Гэта святыня даўно стала не толькі месцам малітвы, але і душой самога Лепеля. Яе белыя сцены, што ўзвышаюцца над гарадскім паркам, памятаюць і пах попелу пажараў, і шэпт малітваў у часы пераследу, і звонкі смех дзяцей на велікодных службах, і горкія слёзы падчас цяжкіх гадоў, калі над Беларуссю навісала цемра, і святло твараў вернікаў, калі з новым зіхаценнем над горадам заззяла святло хрысціянскай веры.
Да 13 гадзіны да касцёла цягнуўся струмень людзей. Старэнькія жанчыны ў хустках, сем’і з дзецьмі, яскравая моладзь і прыбыўшыя на імшу святары – усе зліваліся ў адзін жывы паток. Хтосьці нёс кветкі, хтосьці проста ўсмешку і надзею ў вачах.
Над горадам ўжо чулася мелодыя з нядаўна ўстаноўленых электронных званоў. Моцная, велічная, быццам сэрца самой святыні, што білася ў такт радасці людзей.
Ксёндз Уладзімір, які служыць у Лепелі ўжо больш за дзесяць гадоў, вітаў прыходзячых з цёплай усмешкай. Ён ведаў амаль усіх па імёнах, для яго гэта былі не проста парафіяне – гэта сям’я.
Калі пачалася імша, памяшканне напоўнілася гукамі электрааргана. Ён граў не проста музыку – ён расказваў гісторыю пра пачатак распаўсюджвання каталіцкай веры на Лепельшчыне ў першай палове 17 стагоддзя. Пра драўляныя касцёлы, што не адзін раз знішчаліся ў полымі пажараў. Пра войны і навалы, што не раз чорнымі зданькамі праляталі па Лепельскай зямлі. Пра будаўнікоў святыні, што 150 гадоў таму ўзводзілі яе ў самым цэнтры тагачаснага Лепеля.
Пра гісторыю і сучаснасць касцёла расказаў на пачатку святочнай імшы мясцовы краязнаўца, парафіянін. Ён і сам прыйшоў на свята з трымя маленькімі дачушкамі-каталічкамі.
На ўрачысты юбілей прыбыў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Яго спакойны позірк і малітоўная пастава яшчэ больш напоўнілі касцёл урачыстасцю і пашанай. У сваім казанні біскуп прамовіў:
«Вернік падчас посту шукае сабе нейкіх пастаноў і пакут. Але ці трэба гэта? Можна проста пачаць жыць паводле дзесяці запаведзяў. Адразу ўсё стане на сваё месца, і гэта будзе сведчанне. Кожны крок веруючага чалавека – гэта крок да Бога, які не дазваляе нават упасці воласу з галавы справядлівага чалавека. Таму няхай наша сённяшняе святкаванне за гэты дом Божы, удзячнасць за касцёл, умацуюць нас у веры і зробяць з нас сведкаў Езуса Хрыста і прывядуць нас да нябеснай Айчыны».
Голас яго гучаў мякка, але ўпэўнена – так, што нават самым неспакойным душам хацелася замерці. Людзі схілялі галовы, слёзы радасці і памяці зіхацелі ў вачах. Час, здавалася, спыніўся, і ўсё навокал растварылася ў вечным святле свечак.
Адным з самых сімвалічных момантаў урачыстасці стала асвячэнне біскупам Вiцебскiм Алегам Буткевiчам копіi гравюры «Вяртанне блуднага сына». Цеплыя словы вiншаванняў парафіянам выказала намеснік старшыні Лепельскага райвыканкама Вераніка Хомбак.
Хтосці ўнутры будынка храма з уважлівай зацікаўленасцю разглядаў стэнды з чорна-белымі фотаздымкамі. На усіх – параўнанне сучаснай выявы святыні і касцёла у пасляваенныя гады: без крыжа, з дупламі ў сценах, з вялікімі разбурэннямі. Але нават тады ён стаяў – упарта, як народ, які не губляе надзею.
Пасля імшы на вуліцы ўжо стаяў сапраўдны сонечны дзень. Ля касцёла ўтвараліся групы людзей – вітаюць адзін аднаго, абменьваюцца ўспамінамі. Старыя ўспамінаюць часы, калі храм быў паўразбураны ў савецкія часы, выкарыстоўваўся то пад электрастанцыю, то пад гараж, то пад розныя сховішчы. Але яны ўсё роўна прыходзілі маліцца да сцен касцёла. Моладзь слухала ўважліва, у вачах – сапраўдная павага.
Былы пробашч лепельскага касцёла, а цяпер дырэктар нацыянальнага «Карытаса» ксёндз Андрэй Аніскевіч таксама прыехаў на ўрачыстую імшу. Ён развітваўся з кожным персанальна і жадаў коратка, але ёмка: «З Богам!» І гэта пажаданне самае лепшае, аб чым толькі можа думаць любы чалавек: быць па жыцці з Богам….
Увечары сцены касцёла зазіхацяць ружаватым ззяннем ад промняў знікаючага сонейка. У гэтым святле ён зноў уявіцца бы не з каменю, а з чыстага спакою і веры. Становіцца зразумелым: святыня – гэта не толькі будынак. Гэта жывое сэрца горада, якое стукае ў такт жыцця кожнага верніка. І пакуль мы будзем прыходзіць сюды з малітвай, святло святога Казіміра не згасне ніколі!
У лепельскіх землях, дзе неба такое ж блакітнае, як і азёры, якіх на лепельшчыне налічваецца ля 150 разам з рэчкамі, ужо 150 год узвышаецца мураваны вартаўнік духоўнай спадчыны нашай зямлі – касцёл Святога Казіміра. Нібы каменны валун ці стопяцідзесяцігадовае дубовае дрэва з глыбокімі каранямі, ён вытрымаў непагадзь цяжкай і велічнай гісторыі.
1 сакавіка 2026 года з цёплымі промнямі першага веснавога дня касцёл таксама заквітнее сваім юбілеем, запрашаючы лепельчан і гасцей горада на сустрэчу з мінулым, што жыве ў кожным камені.
Першыя звесткі пра рыма-каталіцкую парафію паходзяць з 1604 г., калі Леў Сапега падараваў Стары і Новы Лепель віленскаму жаночаму бэрнардынскаму кляштару. У 1604 г. ён фундаваў і багата абставіў касцел, які нагадваў ваялікі карабель. Гэта быў адзін з першых трох касцёлаў на полацкай зямлі.
Верагодна, што падчас ваенных дзеянняў у 1655 годзе касцёл быў спалены. Адбудаваўся і ў 1779 годзе зноў згарэў. Праз 20 год адноўлены і ў 1833 годзе згарэў. Лепельскі касцёл, бы птушка Фенікс, гарэў і зноў аднаўляўся з попела. І на гэты раз ужо мураваны касцёл пачаў сваё новае жыццё ў 1876 годзе.
Лепельскі касцёл Святога Казіміра – гэта сапраўдны шэдэўр архітэктуры, якая нібы чароўныя мелодыі высечана ў камені. Гэтыя гукі веры прывабліваюць да парафіі сваіх вернікаў і гасцей горада. Паломнікам і турыстам не толькі прыемна ахунуцца чароўнай ахалодай святыні, але і памаліцца ля рэлікварыя, які налічвае пад 30 святынь святых і бласлаўлёных.
Пры касцёле дзейнічаюць розныя рухі. Ініцыятыва «Маці ў малітве» аб'ядноўвае матуляў, група ананімных алкаголікаў «У возера» збірае людзей, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю. Нельга забыць і пра вялізарную дапамогу дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас».
…А з тыдзень таму на вежах святыні былі ўстаноўлены электронныя званы. І цяпер для кожнага гучыць мелодыя жывой духоўнасці, дабрыні, любові і велічнасці каталіцкай веры.
Увечары 18 лютага на лепельскіх вуліцах дужа слізка, яшчэ ляжыць лютаўскі снег і не згасае колкі мароз. Разам з тым калі і не адчуваецца, то ўжо сапраўды чакаецца няўлоўны подых вясны. Аднак для каталіцкай супольнасці Лепеля гэтая дата азначае надыход вясны іншага кшталту – вясны духоўнай. Адны парафіяне пакінулі свае хатнія справы, а іншыя прыбеглі хуценька з працы адразу ў святыню, каб паспець на імшу ў Папяльцовую сераду.
У велічным касцёле Святога Казіміра, чые вежы ўзвышаюцца над горадам як сімвал нязломнай веры, сёння запанаваў на пробашчы лепельскай парафіі фіялетавы колер – колер пакаяння і смутку. Але смутку светлага. Унутры касцёла панавала асаблівая цішыня, якую парушалі толькі ціхія крокі і шэпт малітваў. Уся атмасфера святыні нагадвала пра тое, што настаў велічны час устрымання.
Кульмінацыяй імшы стаў старажытны абрад пасыпання галоў попелам. Гэты попел быў падрыхтаваны са спаленых вербаў, якія асвячаліся летась у Пальмовую нядзелю. Глыбокі сімвал: тое, што некалі было зялёным і радасным, стала прахам, нагадваючы пра кругазварот жыцця і смерці.
Да алтара выстраілася доўгая чарга. Тут можна было ўбачыць людзей розных пакаленняў і сацыяльнага статусу. Але ўсе роўныя перад Богам. Кожнаму падыходзячаму верніку ксёндз Уладзімір пасыпаў попелам галаву і прамаўляў словы, якія ўжо амаль дзве тысячы гадоў чуюць хрысціяне па ўсім свеце: “Маліцеся і верце ў Евангелле”.
У сваім казанні ксёндз Уладзімір звярнуўся да прысутных з заклікам не ўспрымаць Вялікі пост фармальна. Ён падкрэсліў, што адмова ад мяса ці абмежаванне сябе ў чым фізічна – гэта толькі знешні сродак, а сапраўдная мэта – перамена духоўная. Усё ў гэтым свеце прамінае: слава, багацце, поспех. Папялец – гэта шанец пачаць усё з чыстага ліста. І Пан Бог дае нам гэту магчымасць зноў і зноў, бо Яго любоў да нас бязмежная. Але разам з тым, пробашч парафіі папярэдзіў, што пасціцца вернікі павінны так, каб ніхто не ведаў пра тое, што яны посцяцца. Сэнс посту – у персанальным глыбокім перажыванні і усведамленні асабістай еднасці з Панам.
Імша скончылася, але людзі не спяшаліся бегчы з касцёла дахаты. Шмат хто ізноў стаў на калені, гледзячы на крыж. З гэтага вечара ў Лепельскай парафіі пачынаецца саракадзённы перыяд падрыхтоўкі да Уваскрасення Хрыста. Наперадзе – традыцыйныя набажэнствы крыжовага шляху, малітвы і справы міласэрнасці, што пачаліся з Папяльцовага абраду. Але для лепельскіх парафіян гэты абрад – не цікавы звычай, а глыбокая ўнутраная патрэба.
– Я прыходжу сюды кожны год, – шэптам сказаў сівы ўжо парафіянін пасля імшы. – Калі ксёндз пасыпае галаву попелам, аж мурашкі па скуры. Адразу разумееш, што ўсе нашыя сваркі, крыўды – гэта такое пустое. Хочацца стаць лепшым і памірыцца з усімі навокал.
Выходзячы з храма ў цёмны лютаўскі вечар, вернікі неслі на сабе нябачны знак пакаяння, а ў сэрцах – надзею на тое, што пасля смутку посту абавязкова прыйдзе радасць Вялікадня, які вернікі таксама сустрэнуць у сценах такога роднага і мілага сэрцу касцёла Святога Казіміра.
8 лютага пад высокімі светлымі скляпеннямі лепельскага касцёла Святога Казіміра панавала асаблівая, кранальная атмасфера. Вернікі сабраліся на ўрачыстую Святую Імшу, якая аб'яднала ў сабе адразу тры прыгожыя і глыбокія каталіцкія традыцыі: бласлаўленне «хлеба святой Агаты», абрад з «блажэйкамі» і асвячэнне Грамнічых свечак. Гэтае набажэнства стала для лепельскіх вернікаў не проста імшой з малітвамі, а сапраўднай магчымасцю папрасіць здароўя для сябе і сваіх блізкіх і нябеснага заступніцтва дзеля абароны свайго жылля ад прыродных стыхій і катаклізмаў.
Нядзельная літургія ў кожнай парафіі – гэта час для малітвы і роздуму, але канкрэтна гэтая імша стала для вернікаў асабліва цёплай і запамінальнай. Ксёндз Уладзімір пачаў сваё казанне не з традыцыйных багаслоўскіх тэрмінаў, а з простых і шчырых слоў, якія адгукнуліся ў кожным сэрцы: «Я вас люблю!».
Гэтае прызнанне стала не проста прывітаннем, а ключом да разумення ўсяго хрысціянскага жыцця. Ксёндз падкрэсліў, што менавіта любоў з’яўляецца той сілай, якая здольная аб’ядноўваць супольнасць і даваць надзею ў складаныя часы. Калі пастыр любіць свой статак, а вернікі адчуваюць гэтую падтрымку, Касцёл становіцца сапраўдным домам.
Пераходзячы да Евангелля, святар узгадаў вядомыя словы Езуса: «Вы – соль зямлі». Гэта метафара стала цэнтральнай тэмай разважанняў. Ксёндз Уладзімір звярнуў увагу на некалькі важных аспектаў. Соль надае смак – як ежа без солі становіцца прэснай, так і свет без хрысціянскай любові і міласэрнасці губляе свой сэнс. Соль захоўвае ад псавання – вернікі пакліканы быць тымі, хто спыняе зло і несправядлівасць у грамадстве, захоўваючы маральныя каштоўнасці. Соль непрыкметная, але важная – яна не павінна быць напаказ, але яе прысутнасць мяняе ўсё вакол.
Казанне пробашча лепельскай парафіі завяршылася заклікам не проста слухаць словы, але быць «дзейнай соллю» ў сваіх сем’ях, на працы і ў адносінах з блізкімі. Любоў, пра якую заявіў святар на пачатку, павінна памнажацца праз непрыкметныя для людзей учынкі кожнага з прысутных. А яшчэ ксёндз Уладімір даў заданне кожнаму парафіяніну, пераступіўшы ганак свайго жытла сказаць родным і блізкім «Я вас люблю!»
Першая частка ўрачыстага бласлаўлення была прысвечана святой Агаце, панне і мучаніцы, памяць якой Касцёл ушаноўвае 5 лютага. З даўніх часін яна лічыцца заступніцай, якая аберагае ад пажараў і разбуральных стыхій.
Да алтара парафіяне прынеслі хлеб і ваду. Пробашч парафіі ксёндз Уладзімір здзейсніў абрад асвячэння, нагадаўшы прысутным пра глыбокі сімвалізм гэтых простых дароў. Асвечаны «хлеб святой Агаты» вернікі беражліва нясуць дадому.
Існуе пабожная традыцыя захоўваць кавалачак гэтага хлеба ў хаце, бо праз заступніцтва святой ён засцеражэ жыллё ад агню і маланкі, а сям'ю – ад голаду і няшчасцяў. Ваду ж выкарыстоўваюць для акраплення пакояў і гаспадарчых пабудоў. Гэты абрад нагадвае нам пра тое, што нават у простых матэрыяльных рэчах можа прысутнічаць Божая ласка, калі мы звяртаемся да яе з шчырай верай.
Не менш кранальным момантам імшы стала бласлаўленне ў гонар святога Блажэя, біскупа і мучаніка. Святы Блажэй вядомы як заступнік, які ацаляе ад хваробаў горла. Паводле падання, ён цудоўным чынам выратаваў хлопчыка, які паміраў, падавіўшыся рыбнай косткай. У літургічным календары яго дзень адзначаецца 3 лютага, але традыцыя бласлаўлення горла часта пераносіцца на бліжэйшыя службы, каб як мага больш людзей маглі прыняць у ёй удзел.
У памяць аб гэтым цудзе ксёндз Уладзімір здзейсніў адмысловы абрад з выкарыстаннем дзвюх скрыжаваных свечак – так званых «блажэек». Прыкладваючы свечкі да шыі кожнага, хто падышоў – і дарослага, і дзіцяці, – ксёндз прамаўляў словы спецыяльнай малітвы бласлаўлення: «Праз заступніцтва святога Блажэя, біскупа і мучаніка, няхай Бог захавае цябе ад хваробы горла і ўсялякага іншага зла».
У халодны зімовы час, калі прастуды такія частыя, гэты абрад успрымаецца парафіянамі з асаблівай надзеяй. Гэта момант асабістага кантакту, калі Касцёл праз рукі святара бласлаўляе кожнага індывідуальна, клапоцячыся не толькі пра душу, але і пра цялеснае здароўе.
Да сімвалізму солі сёння дадаўся яшчэ адзін магутны знак – Грамнічныя свечкі, што абараняюць ад розных прыродных стыхій. Пробашч асвяціў іх, нагадваючы пра старажытную традыцыю Грамніц. Асвячоная свечка, якую парафіяне панеслі ў свае дамы, стала фізічным працягам тых слоў любові, што прагучалі ў пачатку службы. Ксёндз заклікаў вернікаў быць такімі ж «грамнічкамі» для сваіх блізкіх – асвятляць ціха, але ўпэўнена, і захоўваць у сабе тую «салёнасць» веры, якая не дае сэрцу абыякавець.
Гэта святая Імша стала яскравым прыкладам таго, як жывая вера яднаецца з народнымі традыцыямі. Людзі выходзілі з касцёла Святога Казіміра з прасветленымі тварамі, трымаючы ў руках кавалачкі асвечанага хлеба і захоўваючы ў сэрцы водар ад свечкі Блажэя і цеплыню супольнай малітвы.
Такія святы нагадваюць нам пра галоўнае: мы не самотныя ў сваіх клопатах пра здароўе і бяспеку. З намі – малітва Касцёла, Пан Бог і дапамога святых, якія праз стагоддзі застаюцца вернымі заступнікамі хрысціян.
Сапраўдны студзеньскі мароз не перашкодзіў лепельскім парафіянам наведаць 11 студзеня касцёл Святога Казіміра на свята Хросту Пана. Хаця, як заўважыў ксёндз Уладзімір, свята ды не зусім свята. Правільней назваць гэту падзею Урачыстасцю.
Хрост Пана – гэта не толькі значная гістарычная падзея для хрысціян і рытмічны ўспамін гэтай падзеі. Гэта трапяткае зноўспатканне для кожнага верніка з Езусам, штогадовае аднаўленне еднасці з Хрыстом.
Пробашч лепельскай парафіі напомніў і пра абавязак хросных бацькоў прывесці хроснае дзіця да касцёла. Пра абяцанне хросных перад Панам Богам словам "Гатовы!" на першым хросце. З хростам чалавек атрымлівае адпушчэнне ўсіх грахоў. Адказнасць усіх сведкаў гэтай найважнейшай падзеі для хрысціяніна – падтрымліваць адзін аднаго ў імкненні да чысціні і аб’яднання з Панам. Не трэба забываць і нам пра сваіх хросных бацькоў: наведаць, спаткацца, запрасіць у госці.
Пасля асноўнай часткі імшы ксёндз Уладзімір блаславіў ваду, што вернікі прынеслі з сабой на свята ў касцёл.
Пробашч заўважыў, што гэта бласлаўлёная вада не павінна стаяць дзесьці ў шафе. Мы павінны ёю карыстацца кожны дзень. Калі выходзім з дому, наладкоўваючы сябе на цэлы дзень на еднасць з Хрыстом. Перажагнацца асвячонай вадой адразу пасля ўваходу ў сваё жытло пасля цяжкага будня, здымаючы з сябе ўсе штодзённыя клопаты, каб унесці да сваёй роднай сям’і толькі любоў і супакой.
Прывітаць маленькага Езуса прыйшлі тры мудрацы з усходу і прынеслі Дзіцятку свае дары: золата, ладан і смірну. І ў касцёл Святога Казіміра да зноўнароджанага Пана 6 студзеня а шостай гадзіне вечара завітала шмат лепельскіх вернікаў. Парафіяне, як і ўсходнія вешчуны, прыйшлі не з пустымі рукамі: хто нёс вадзіцу, хто ладанку, а хто і проста чыстае сэрца і добрыя думкі.
Сёння імша ў каталіцкай святыні прысвечана Аб'яўленню Пана. Менавіта на гэтую ўрачыстасць каталікі, загадзя падрыхтаваныя адвэнтовым постам і напоўненыя радасцю нараджэння Езуса, зноў аб'яўляюць Хрыста сваім Валадаром.
Мудрацы кіраваліся ў сваім імкненні да народжанага Дзіцяткі па зорцы ў небе. І праз няспыннае святло зорка прывяла іх да Пана. Пробашч парафіі засярэдзіў увагу на тым, што сам Езус стаўся той зоркай, тым святым зіхаценнем, якім мы павінны паўсюдна кіравацца ў сваім жыцці.
Напрыканцы імшы ксёндз Уладзімір асвяціў крэйду, ладанку, ваду і ўсіх вернікаў у касцёле.
Імша скончылася. Лепельскія парафіяне ўзялі сабе ў кішэню кавалачак асвячонай крэйды, каб сёння ж над сваімі дзвярымя вывесці надпіс "С+М+В+2026". Тры літары ў пачатку надпісу – скарачэнне лацінскага пажадання: "Christus mansionem benedicat" – "Хрыстус жытло благаславі". Прыгожы і правільны старажытны звычай, якім мы кожны раз, уваходзячы ў дом, сабе нагадваем, а іншым паказваем, што гэтае жытло і яго жыхары жывуць у еднасці з Панам Богам, з любоўю да блізкага і супакоем у сэрцы.
Першы дзень новага года лепельскія парафіяне сустрэлі ў касцёле святога Казіміра шанаваннем Святой Багародзіцы Марыі.
Мінулы год стаўся для касцёла плённым: шмат чаго было набыта, несупынна аздаблялася памяшканне святыні, упрыгожваліся сам будынак і панадворак касцёла. У святым рэлікварыі з’явілася шмат новых рэліквій святых.
Усё гэта цудоўна, але трэба яшчэ сказаць, што адным з важнейшых прыдбанняў каталіцкай святыні ў гэтым годзе з’явіліся душы новых вернікаў. Сапраўды, на святах ніколі не збіралася такая колькасць наведвальнікаў імшаў, як у гэтым годзе. І спрыяла гэтаму не толькі ўсе вышэй адзначанае, але і несупынная праца і шчыры клопат пробашча парафіі. Упершыню наведаўшыя касцёл зацікаўленыя лепельцы і госці горада, захапляліся казаннямі ксяндза Уладзіміра. Яны імкнуліся і ў наступную нядзелю прыйсці ў касцёл адпачыць душой, пры гэтым з салодкім здзіўленнем адчуваючы ў сабе імкненне тонкіх праменьчыкаў парасткаў веры.
Вось і на ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі з захапляльнага слова пробашча парафіі стала вядома, што першы дзень новага года мае своеасаблівую назву – Дзень Супакою. Марыя для нас ёсць прыкладам таго, што яна прыняла волю Пана Бога і нарадзіла Езуса Хрыста, які стаўся выратавальнікам Свету і прынёс супакой усім людзям. Таму і гэта ўрачыстасць – гэта свята той, каторая прынесла супакой усяму роду чалавечаму, усяму касцёлу, нашай парафіі і нашым сем'ям. І мы павінны шанаваць, берагчы і ганарыцца гэтым святлом супокою, якое падарыла нам Святая Сям'я.
І немагчыма прамінуць на гэта свята словы з цудоўнага медаліка: "О Марыя, без граху зачатая, маліся за нас хто ў цябе паратунку шукае".
Ці ж гэта сотні бэтлеемскіх зорак заззялі ўвечары 24 снежня ў лепельскім касцёле Святога Казіміра? Не, гэта вочы парафіян наліліся празрыстым святлом у чаканні нараджэння Пана Езуса.
Хоць афіцыйна на календары на сценцы вігілія Божага Нараджэння не выдзелена лічбай чырвонага колеру, але менавіта гэты вечар з'яўляецца часам сямейных сустрэч, узаемных цёплых пажаданняў сваім родным. Асвячоная аплатка, што лепельцы загадзя набылі ў ксяндза Уладзіміра, стала сімвалам еднасці сям'і, калі кожны са сваякоў адламаў маленькі кавалачак і даў любімаму чалавеку.
Пасля хатняй малітвы і вігілійнай вячэры амаль усе каталікі лепельскай парафіі сабраліся на ўрачыстасць ў касцёле. Святочна прыбранае аздабленне храма адразу з уваходу ўразіла сваёй чароўнасцю. Пастараліся актыўныя парафіяне, за што ксёндз Уладзімір асабіста падзякаваў іх пад час імшы.
Пад час свайго слова пробашч лепельскай парафіі засяродзіў сваю ўвагу на сям'і. Дакладней кажучы на любові ў сям'і, на заўсёднай падтрымцы сваіх родных і блізкіх, на павазе да сваякоў. На веры ў тое, што сям'я і нашы родныя – гэта сапраўдны падарунак Пана Езуса, нараджэнне якога мы штогод адзначаем, каб памятаць пра любоў, з якой Бог аддаў свайго адзінага Сына нам у свет.
Імша на вігілію Божага Нараджэння скончылася. Але цуды працягваюцца. Дзетак з раніцы павіншуе падарункамі святы Мікалай. І вось у дзіцячых позірках мы яшчэ раз убачым тое цудоўнае зіхаценне бэтлеемскай зоркі, якое павінна ў жыцці ніколі не згаснуць.
Вось і на Лепельшчыну 20 снежня завітаў Бэтлеемскі агонь. Каталіцкія скаўты даставілі гэты гарачы подых веры акурат ля васямнаццатай гадзіне. Дарэчы, для сустрэчы бэтлеемскага святла суботняя раратняя імша была перанесена на вечар.
Нажаль скаўты не змаглі застацца на ўсю імшу. Ім трэба спяшацца аднесці святло веры, надзеі і любові да хрысціян у іншыя парафіі, якія радасным адвэнтовым часам чакаюць нараджэння Пана.
А лепельскія парафіяне разлілі бэтлеемскі агеньчык паміж сабой. Маленькі струменьчык цеплыні з лампадак сагрэў рукі і асвятліў сэрцы ў прыцемках раратняй імшы.
14 снежня на ІIІ Нядзелю Адвэнту лепельскі касцёл Святога Казіміра наведала сястра Ірына з Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці.
"Лепельская парафія – 47-я па ліку, якую мы наведалі за тры гады. Нас у Беларусі ўсяго дзевяць сясцёр Міласэрнасці. Гэта зусім мала. Таму прашу, каб вы сталі нашымі апосталамі і дапамагалі распаўсюджваць Цудоўны медалік" – заклікала лепельскіх парафіян сястра Ірына. Далей была распаведзена захапляльная гісторыя медаліка Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Цудоўны медалік – ёсць плён аб'яўленняў Найсвяцейшай Панны Марыі, якія адбыліся ў 1830 годзе. Хутка будзе 200 год з часу яго з'яўлення. За гэты шматгадовы тэрмін засведчаны шматлікія і неверагодныя цуды, аздараўленні і навяртанні. Аб некаторых з іх распавяла сястра Ірына.
Ксёндз Уладзімір у сваю чаргу заўважыў, што падчас войнаў салдаты зашывалі медалік у вопратку. Можа гэта і не выратоўвала ваяроў-вернікаў ад жахаў вайны, але зразумела тое, што з Цудоўным медалікам яны не гублялі сваю годнасць і веру да апошняга імгнення.
Сястра міласэрнасці заўважыла, што i лепельскім вернікам трэба актыўна далучыцца да ініцыятывы распаўсюджвання Цудоўнага медаліка. Напрыканцы Святой Імшы ўсім прысутным сястра Ірына з памочніцамі раздалі ўжо асвячоныя медалікі лепельскім парафіянам.
Хто задаволіўся адным, а іншыя ўзялі некалькі, каб уручыць Цудоўны медалік родным, знаёмым і распавесці пра візію Панны Марыі з зямным шарам у далонях. А таксама нагадаць, што можна атрымаць асаблівыя ласкі ад Беззаганнай Марыі, калі насіць Цудоўны медалік з вераю і прамаўляць заклік "О Марыя, без граху зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае".
7 снежня пасля Святой Імшы на ІІ нядзелю Адвэнту ва ўтульным прыкасцёльным будынку адбылася чарговая сустрэча лепельскіх парафіянаў. Дакладней кажучы не парафіянаў, а парафіянак, бо спаткаліся жанчыны. Гэта сустрэча мела канкрэтную мэту – памаліцца за сваіх дзетак.
Ініцыятыва малення за дзяцей пачалася з наведвання лепельскага касцёла 26 кастрычніка арганізатарак сусветнага руху "Маці ў малітве" з Віцебскай дыяцэзіі. Тады віцяблянкі заахвочвалі лепельчанак далучыцца да малітвы за сваіх дзетак і аб'яднацца пад агульным дэвізам руху "З’яднаўшыся ў малітве, мы выратуем нашых дзяцей". Вядома ж, такі заклік не мог застацца непачутым, і каардынацыю руху "Маці ў малітве" на Лепельшчыне на сябе ўзяла парафіянка Алеся Азаранка.
Спантанасці тут быць не павінна, таму рыхтаваліся, хоць і нядоўга, але дасканала. Першая сустрэча лепельскай групы адбылася 9 лістапада. Удзельніц руху напачатку сабралося шэсць чалавек. Гэта няшмат, але кожную сустрэчу далучаюцца яшчэ матулі. Ды ўвогуле галоўнае не колькасць, а бязмежная любоў.
Словамі спадарыні Алесі Азаранкі: "На сустрэчы кожная матуля піша ў кружочку імя свайго дзіця, кроснага дзіця, ненароджанага (па нейкай прычыне) дзіця. Мы агульна молімся, пяем песні, разважаем над прачытаным фрагментам са Святога Пісання. Складаем кружочкі з імёнамі дзяцей у скрыначку і з даверам аддаем іх Пану Богу (кладзецца скрыначка ля абраза Езуса Міласэрнага).
Яшчэ мы п'ем гарбату, разважаем над рознымі жыццёвымі сітуацыямі, дзелімся думкамі, уражаннямі, вопытам. Гэтыя сустрэчы вельмі аб'ядноўваюць, дапамагаюць пазнаёміцца, пазнаць адзін аднаго. Я лічу, што ў гэтых сустрэчах ёсць і псіхалагічны аспект. Калі хочацца падзяліцца нейкай жыццёвай абставінай, думкамі, праблемамі, сітуацыямі. Гэта давер, дзе цябе не абразяць, нікому не раскажуць, не пасмяюцца з цябе.
Наша супольнасць – месца, куды можна прыйсці, калі табе цяжка. Ты не ведаеш, што рабіць, і ў хвіліне маўчання пачуць адказ на свае пытанні. Гэта не проста гучныя словы. Гэта сапраўды так.
Я вельмі рада, што ў нас пачала дзейнічаць такая група. Справа не ў колькасці чалавек, а ў адкрытым сэрцы кожнай маці, якая давярае сваё дзіця Богу".
30 лістапада лепельскія каталікі запалілі першую адвэнтовую свечку. Навошта? Адвэнт – гэта чароўны час радаснага чакання святога нараджэння Езуса. Адвэнтовая свечка – гэта як бліскавіца ў цемры, якая паказвае, што мы цябе чакаем наш велічны Пан. Мы вось тут, асветленыя тонкім зіхаценнем маленькага агеньчыка, прыйдзі да нас на адвэнтовае святло.
І Нядзеля Адвэнту ў лепельскім касцёле Святога Казіміра пачалася з запалення і асвячэння першай з чатырох адвэнтэвых свечак. Ксёндз Уладзімір зачытаў пастырскае пасланне Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на Адвэнт 2025 года. "Адвэнт абвяшчае, што Бог блізка, вельмі блізка. Таму найперш трэба імкнуцца духоўна падрыхтавацца да перажывання гэтай незвычайнай падзеі — Уцелаўлення Сына Божага. Гэты кароткі перыяд таксама прызначаны для таго, каб падрыхтаваць нас, асабліва ў першай яго частцы, да другога прыйсця Хрыста" – так сказана ў лісце.
Адвэнт – гэта ў першую чаргу пост. Таму падчас Адвэнту патрэбна прытрымлівацца пэўных абмежаванняў. Даўней гэты час да свята Нараджэння Божага называўся пастом "вушэй, вачэй і роту". Гэта значыць, што забараняецца наведваць розныя забаўляльныя мерапрыемствы, спажываць спіртавыя напоі. Таму дзіўна бачыць лепельскіх каталікоў на навагодніх агеньчыках, якія адбываюцца акурат перад Ражаством.
Адвэнт – гэта не час паўсюдных абмежаванняў, але наадварот іх зняцця. Больш радасці і ўсмешак на працы ды на вуліцы, больш прызнання ў любові кожны дзень да родных і блізкіх, больш добрых учынкаў і прабачэння паўсюдна да ўсіх. Нам часам цяжка і нават бывае сорамна так рабіць. Вось тут Адвэнт і навучае нас як жыць кожны дзень і кожную хвіліну.
Тры маленькія дачушкі аўтара гэтых радкоў, якіх завуць Радаслава, Святаслава і Вяліслава, спыталі першай адвэнтовай раніцай: "Тата, а што такое Адвэнт?" "Гэта час заўсёднай Радасці, імкнення да Святасці і аб'яднання з Вялікай Славай Пана нашага Езуса Хрыста". Яны, звязаўшы гэта са сваімі імёнамі, вядома ж запомняць. А мы?
8 лістапада лепельскі касцёл святога Казіміра адзначыў ужо традыцыйнае штогадовае свята святога Губерта.
На падыходзе да касцёла незвычайнасць сённяшняга кантынгенту чулася ўжо здалёк: звонка "размаўлялі" гаворкія гончыя ды нешта весела абмяркоўвалі ляпістыя паляўнічыя. Старажытнасці атмасферы свята надавалі гукі загадкавай дуды, што ліліся з выканання нейкага музычнага гурта ў сярэднявечным адзенні.
Святочная Імша пачалася з урачыстага ўваходу ў касцёл святога Губерта. І адразу ж стала зразумела прысутнасць у храме з паўсотні паляўнічых, бо святы Губерт – нябесны заступнік паляўнічых і леснікоў.
Вядома ж такая вялікая для сённяшняга свята асоба сама не йшла - абраз святога Губерта святочна быў унесены на чале працэсіі, у сэрцы якой з добрай усмешкай крочыў біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска.
Дапаможны біскуп у Пінску павітаў лепельскіх хрысціян каталіцкай і праваслаўнай канфесій. Апошніх, праўда, было сёння большасць у касцёле. І гэта здорава і зразумела, бо Губерт Льежскі — гэта святы, які жыў да падзелу хрысціянскага Касцёла, яго святасць вызнае не толькі Каталіцкі Касцёл, але і Праваслаўная Царква. Каталікі заўсёды вітаюць з павагай у сваіх сценах усіх вернікаў, якія вызнаюць Хрыста за збаўцу, якія наведваюць каталіцкую святыню, каб дакрануцца да неабсяжнай велічы Пана – менавіта на гэтым засяродзіў увагу ў сваім слове біскуп Андрэй Зноска.
Падчас абавязковай літаніі памаліліся за ўсё звычайнае і незвычайнае, што можа адбыцца з паляўнічым на паляванні ці ў лесе.
Завяршылася Святая Імша асабістым бласлаўленнем біскупа. Андрэй Зноска асвяціў паляўнічых, іх сабак і транспартныя сродкі. Каларытна і дарэчы пасля свята ўпісалася шурпа (поліўка з ялавічыны ці то ласяціны, бульбай і прыправамі) ад турыстычнага комплекса "Заранка", бясплатная салодкая вата ад лепельскіх парафіян Арлоўскіх і яскравы гумар пінскага біскупа Андрэя Зноскі.
Месяц лістапад пачынаецца з двух светлых і прыгожых свят. 1 лістапада каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых і акурат на наступны дзень 2 лістапада – Успамін усіх памерлых вернікаў.
Касцёл як Цела Езуса Хрыста, нібы з жывых камянёў, складаецца з людзей: і тых, якія цяпер жывуць, і тых, якія ўжо адышлі ў вечнасць. І каталікі лепельскай зямлі дужа шануюць сваіх памерлых, спачыўшых у вечным супакоі. Добра, што сёлета абодва святы трапілі па календару на вольныя ад працы дні, і шмат хто з вернікаў мелі магчымасць трапіць на могілкі, загадзя іх крыху прыбраўшы.
Ксёндз Уладзімір у суботу наведаў могілкі ў вёсках Красналучка і Весялова, памаліўся за памерлых коратка, але шчыра на старым могільніку, на "Галодніках", не прамінуў жывых і спачыўшых вернікаў на новым могільніку.
2 лістапада, як і ўчора, Святая Імша пачалася з чытання імён памерлых і малення за іх супакой. Адбывалася гэта даволі доўга, але светла і лёгка, бо ў вечнай еднасці памерлыя, бы жывыя, маліліся разам побач з лепельскімі парафіянамі. І адчувалі гэта ўсе прысутныя.
Ад святога ж рэлікварыя, што ў лепельскім касцёле, адыходзіла нібы святло жыцця, бо ўсе 29 рэліквій святых (спіс якіх можна ўбачыць ТУТ), зіхацелі бы зоркі ў промнях веры. Яны не памерлі, а перайшлі ў вышыню. І назіраюць, і ахоўваюць, і дапамагаюць нам кожнае імгненне гэтага кароткага жыцця. Дык будзь жа, каб мы не знікалі з погляду спачыўшых ахоўнікаў-родных, благаслаўлёных і святых: святло вечнае няхай ім свеціць!
Вельмі прыемна назіраць, што ўсебаковая папулярызацыя касцёла святога Казіміра ў Лепелі дае свой плён. Нават на звычайную нядзельную імшу ў Лепель імкнуцца вернікі з розных рэгіёнаў.
Вось і Святая Імша 26 кастрычніка распачалася са спеваў каталіцкіх скаўтаў з Полаччыны. Наогул уся Святая Імша прайшла пад скаўцкія чароўныя мелодыі гітары і мілагучныя галасы. Дарэчы, прыехалі яны за дзень да гэтага з Полацкай зямлі і напярэдадні на Святой Імшы з пробашчам парафіі маліліся за ўсіх скаўтаў Беларусі і аб супакоі на зямлі.
А вось з абразом святога Губерта, які ахінаў сваёй светлай постаццю лепельскую парафію ля года, надышоў час развітацца. Ён адбывае да сябе на радзіму 26 кастрычніка акурат пасля вечаровай імшы. Але лепяльчанам няма чаго смуткаваць – ад'язжае абраз, але не сам святы Губерт. Першародны лепельскі драўляны абраз святога Губерта вяртаецца ў сваю родную каталіцкую святыню.
Апасля Святой Імшы адбылася сардэчная сустрэча яшчэ з аднымі гасцямі лепельскага касцёла – вернікамі з абласной сталіцы. Арганізатаркі руху "Маці ў малітве" з Віцебскай дыяцэзіі заахвочвалі лепельскіх вернікаў далучыцца да малітвы за сваіх дзяцей і аб'яднацца пад агульным дэвізам руху "З’яднаўшыся ў малітве, мы выратуем нашых дзяцей". Вядома ж такі заклік не мог застацца непачутым, і каардынацыю руху "Маці ў малітве" на Лепельшчыне на сябе ўзяла парафіянка Алеся Азаранка.
Увогуле, цудоўна тое, што ў лепельскім касцёле з'яўляецца ўсё болей прысутных на імшы. І гэта відавочна. Даўней было зашмат свабодных месцаў, а цяпер нават і сесці няма куды спазніўшамуся верніку. Святло веры, цеплыню сэрцаў, любоў і супакой – вось што адчуваюць наведвальнікі каталіцкай святыні, калі ўпершыню наведваюць касцёл. А яшчэ Святога Духа – у мілагучных спевах і ў шчырых словах агульнай малітвы.
У Лепельскім касцёле святога Казіміра з'явілася новая рэліквія. Чарговае пачэснае месца святога рэлікварыя заняла святыня Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, панны і доктара Касцёла
Тэрэза Мартэн нарадзілася 2 студзеня 1873 г. у Алянсоне (Францыя). У пятнаццацігадовым узросце здзейснілася яе самае вялікае жаданне: нягледзячы на вельмі малады ўзрост, ёй было дазволена ўступіць у кармэліцкі кляштар у Лізьё. Сёстры з супольнасці часта яе не разумелі і ставіліся да яе скептычна. Духоўныя пакуты Тэрэзы абцяжарваліся пакутамі фізічнымі, якія яна цярпела з-за цяжкай формы сухотаў, на якія захварэла ў кляштары. Гэтыя цярпенні Тэрэза жадала ахвяраваць за грэшнікаў.
Маладая кармэлітка зносіла выпрабаванні з годнай здзіўлення мужнасцю: з яе твару ніколі не знікала ўсмешка, а сама яна заўсёды была гатовая служыць бліжнім. Свой духоўны вопыт Тэрэза апісвае ў кніжцы «Гісторыя адной душы». Святасць яна разумее як бязмежны давер да Бога і стаўленне дзіцяці ў адносінах да Яго міласэрнай любові. Свой «малы шлях» да святасці Тэрэза ад Дзіцятка Езус прайшла праз поўнае прысвячэнне сябе Богу і ахвяры за збаўленне свету. Яна адышла ў вечнасць 30 верасня 1897 г. ва ўзросце 24 гадоў. У 1997 г. падчас Сусветнага дня моладзі ў Парыжы Слуга Божы Ян Павел ІІ абвясціў святую Тэрэзу, якую часам называюць «Малой», доктарам Касцёла. У гісторыі Касцёла яна стала трэцяй святой жанчынай, якая атрымала гэты тытул.
Успамін 1 кастрычніка.
18 кастрычніка 2025 года каталікі лепельскай парафіі здзейснілі Вялікую пілігрымку па юбілейных касцёлах Віцебшчыны. Паспелі своечасова, бо Святы Год у Віцебскай дыяцэзіі, абвешчаны Папам Францішкам, завяршаецца 28 снежня 2025 года. І ў гэты час у юбілейных святынях праз сакрамэнт пакаяння, праз падмацаванне святой Камуніяй і малітвай у інтэнцыях Святога Айца са скарбніцы Касцёла можна атрымаць поўны адпуст, прабачэнне і адпушчэнне сваіх грахоў.
Чаму так патрэбна было лепяльчанам ехаць у іншыя гарады, у іншыя касцёлы, бо сам Лепельскі касцёл святога Казіміра з'яўляецца юбілейнай святыняй? Справа ў тым, што поўны адпуст можна атрымаць менавіта толькі падчас канкрэтна пілігрымкі. Такі шанец лепельскія парафіяне страціць не маглі і рушылі па восеньскай дарозе ажно на двух аўтобусах.
Першай наведанай юбілейнай святыняй стаў катэдральны касцёл пад тытулам Езуса Міласэрнага ў Віцебску. Чакаць адкрыцця касцёла патрэбы не было, бо кіраўніком пілігрымкі лепельскіх каталікоў быў сам пробашч Віцебскай кадэдральнай парафіі ксёндз Валерый Марціноўскі. Падчас Святой Імшы пілігрымы мелі магчымасць скарыстацца сакрамэнтам пакаяння, памаліліся ў інтэнцыях Святога Айца са скарбніцы Касцёла, падмацаваліся святой Камуніяй і рушылі далей.
Першым супынкам пасля катэдральнага касцёла стала месца забойства святога Язафата Кунцэвіча ў цэнтры Віцебска. Памаліліся за ўсіх і канкрэтных памерлых і рушылі ў Наваполацк.
Па дарозе ўбачылі яшчэ здалёк шумілінскі касцёл Маці Божай Фацімскай і не стрымаліся - заехалі. Ужо мінула 108 год з таго моманту, калі Маці Марыя скіравала да дзяцей у Фаціме наступныя словы: "Я – Маці Божая Ружанцовая. Трэба працягваць штодзённа маліцца на ружанцы". А, дарэчы, ружанцовая малітва - гэта першае, што прачыталі лепельскія пілігрымы, як толькі селі ў свае аўтобусы яшчэ ў Лепелі. Даведаўшыся пра сучаснае развіццё і праблемы шумілінскай парафіі рушылі далей у дарогу. Вядома ж з ружанцовай малітвай.
Другая па ліку наведаная юбілейная святыня - касцёл пад тытулам Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста ў Наваполацку - сустрэла велічнасцю і дажджом. Але пахмурнае надвор'е ніколькі не змрочыла лепельскіх пілігрымаў, а наадварот, надало грандыёзнасці наваполацкай святыні. Памаліліся, павіталіся з пробашчам касцёла і... ледзь не засмуціліся. Справа ў тым, што мясцовы ксёндз не паспеў прывезці персанальна для пілігрымаў арганістку-навапалачанку. Выручыла лепельская парафіянка Людміла Кунчэўская. Сэрцы напоўніліся верай, надзеяй і любоўю, калі чароўныя рукі Людмілы паплылі па клавішах аргана. Калі скончылася музыка, не заўважыў ніхто, бо душы пілігрымаў яшчэ ляталі ў неверагодных арганных гуках.
Верхнядзвінскі ксёндз Аляксандр Грыцкевіч адразу пры першым поглядзе ўлюбіў у сябе лепельскіх пілігрымаў. Яго мілагучны голас і яскравы гумар завалодалі сэрцамі лепяльчан. Ксёндз Аляксандр распавёў пра гісторыю касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі яшчэ з сераднявечнай даўніны. Год пабудовы сучаснага будынка таксама заслугоўвае адзнакі - 1809. Асаблівую ўвагу ксёндз надаў асобе благаслаўлёнага ксяндза Мечыслава Багаткевіча, які нёс служэнне ў Верхнядзвінску ў гады Другой сусветнай вайны і прыняў пакутніцкую смерць за веру. Памаліліся ў невялічкай капліцы, зрабілі агульны фотаздымак і рушылі далей у Росіцу.
Што такое росіцкая каталіцкая святыня? Гэта памяць, боль і гонар. У 1943 годзе толькі за тры дні ў Росіцы былі знішчаны 1528 чалавек. Двое росіцкіх благаслаўлёных ахвяравалі сябе за душы загінуўшых. Ксяндза Антонія Ляшчэвіча расстралялі за тое, што вымольваў вызваліць дзяцей. Ксёндз Юрый Кашыра быў спалены з 600 росіцкімі ахвярамі.
Лепельскія пілігрымы прайшлі Крыжовы шлях са стацыямі, малітвамі, спевамі і слязамі на вачах. Люты восеньскі холад і ледзяны вецер ніхто не заўважаў на шляху ад касцёла Найсвяцейшай Тройцы да месца спалення мірных жыхароў. Перад вачыма стаяў і адчуваўся толькі той жудасны боль і жах, які вытрымалі пакутнікі. Асабістае пажаданне заступніцтва пілігрымы вымольвалі пацалункам крыжа, які ўстаноўлены на месцы трагедыі.
Пілігрымка завяршылася. Што засталося ў думках і сэрцах? Чысціня, супакой і вера ў Пана Бога і ў людзей. Мы зможам усё калі будзем разам з Езусам, Марыяй, усімі святымі і благаслаўлёнымі, са сваімі духоўнымі айцамі і з тымі, хто кожную імшу побач з намі - нашымі супольнымі парафіянамі. Вось каментарый пасля пілігрымкі лепельчанкі Алесі: "Дзякую ўсім за цудоўную пілігрымку!!! Уражанні і эмоцыі незабыўныя!!!" І гэта сапраўды так.
З Богам!
31 жніўня 2025 года парафіяне лепельскага касцёла падчас Святой Імшы адзначалі ажно два святы. Па-першае, сама Святая імша была прысвечана блаславенню дзяцей і настаўнікаў да новага навучальнага года. Ксёндз Уладзімір павіншаваў вучняў і навучэнцаў, настаўнікаў і педагогаў.
Асобна зазначыў, што гэты перыяд важнейшы ў жыцці чалавека, бо менавіта цяпер вырашаецца, з якой літары, асоба ці Асоба, чалавек будзе крочыць па жыцці. Найважнейшая роля ў гэтым і настаўніка. І тут пытанне ідзе не толькі пра прафесію. Настаўнікамі могуць быць і бацькі, і хросныя, і, вядома ж, духоўныя айцы.
Галоўны ж духоўны настаўнік парафіяніна - гэта яго ксёндз. Вось сёння мы адзначаем і другое свята - менавіта 31 жніўня - дзень нараджэння ксяндза Уладзіміра. Павіншавалі і памаліліся за яго таксама.
Малітва перад вучобаю
О добры Божа, прасвятлі нас Духам Тваім Святым, які дае розум і ўмацоўвае духоўныя сілы, каб мы ўважліва спасцігалі ўсе навукі і раслі Табе, Стварыцелю нашаму, на славу, бацькам і настаўнікам нашым на радасць і ўцеху, Касцёлу і Бацькаўшчыне на дабро і славу. Амэн.
25 ліпеня Касцёл адзначае ўспамін св. Крыштафа, які з’яўляецца апекуном тых, хто знаходзіцца ў дарозе. У гэты дзень у каталіцкіх святынях адбываецца бласлаўленне кіроўцаў і транспартных сродкаў. Традыцыя бласлаўляць машыны і іншы транспарт ва ўспамін святога Крыштафа з’явілася ў 1934 годзе.
27 ліпеня 2025 года парафіяне лепельскага касцёла пасля Святой Імшы таксама мелі магчымасць асвяціць свае транспратныя сродкі і атрымаць ад кзяндза Уладзіміра благаслаўленне на кіраванне аўтамабілямі, мотатэхнікай і веласіпедамі.
Малітва вадзіцеля
Божа, дай мне ўпэўненую руку і зоркае вока, каб я нікому не прычыніў шкоды ў дарозе. Даўца жыцця, не дазволь, каб я стаў прычынаю смерці альбо прычынаю калецтва тых, каму Ты даў жыццё. Захавай, Пане, ад няшчасных выпадкаў тых, хто падарожнічае са мною. Навучы мяне карыстацца аўтамабілем для дабра маіх бліжніх і стрымай спакусу празмернай хуткасці. Учыні, каб хараство свету, створанага Табою, і радасць Тваёй ласкі заўсёды мне спадарожнічалі. Амэн.
29 чэрвеня 2025 года парафіяне лепельскага касцёла адзначылі ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла.
Чым жа асаблівым адзначаліся Пётр і Павел сярод безлічы іншых рыбакоў і фарысеяў? Чаму Хрыстос менавіта іх выбраў на сваіх апосталаў? Наўрад ці справа тут у нейкіх надзвычайных здольнасцях ці рысах характару. Было ў іх штосьсці такое, што найбольш неабходна ў эфектыўным апостальстве – веданне Хрыста. Гаворка тут ідзе не пра знаёмства, а пра нейкае глыбіннае бачанне, якое дазволіла ім убачыць у Езусе Кагосьці нашмат большага, чым чалавека з цела і крыві. Гэта сам Бог так сфарміраваў іх, што яны глядзелі на Цела і Кроў Хрыста як чалавека, а бачылі сапраўднага Бога і адзінага Збаўцу. Толькі калі ёсць ў апостала падобнае бачанне і глыбокая ўпэўненасць, што сапраўдны Бог гэта Езус, ён можа быць па-сапраўднаму годным даверу сведкам велічы Хрыста.
А вось што за пытані мы, каталікі, верныя браты ў Хрысце, павінны паставіць перад сабой: Наколькі мае ўяўленні пра Езуса згодныя з навучаннем адзінага святога каталіцкага і апостальскага Касцёла? Наколькі я маю права быць сапраўдным паслядоўнікам святых апосталаў Пятра і Паўла? Ці падтрымліваю я духоўную братэрскую еднасць з Папам Рымскім і сваім святаром?
"I Я кажу табе, што ты — Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. І дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе." – гэта Слова Пана.
22 чэрвеня 2025 года напрыканцы нядзельнай імшы адбылася працэсія Божага Цела. Нягледзячы на дождж парафіяне лепельскага касцёла прайшлі вакол будынка свайго храма.
Шанаванне Найсвяцейшаму Сакрамэнту ў непагадзь лепельскія каталікі паказвалі ўкленчаўчы. Маленькія і дарослыя вернікі схіліўшы галовы слухалі Слова Божае, якое з гонарам прамаўляў ксёндз Уладзімір ля кожнага з чатырох алтароў.
Эўхарыстычныя дары, у якіх прысутны Хрыстус, — гэта самае святое, што ёсць на свеце.
«Вашае жыццё павінна быць саткана вакол Эўхарыстыі. Скіруйце свае вочы на Яго, які з’яўляецца святлом; наблізьце свае сэрцы як мага бліжэй да Яго боскага Сэрца; прасіце Яго аб ласцы, каб пазнаць Яго, аб любові, каб любіць Яго, аб мужнасці, каб служыць Яму. З палкасцю шукайце Яго».
Св. Маці Тэрэза
19 чэрвеня 2025 года на ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста ксёндз Уладзімір асаблівым чынам памаліўся за ўсіх прысутных у касцёле Святога Казіміра лепельскіх парафіян.
Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста Касцёл адзначае ў чацвер пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы як напамін пра тое, што сакрамэнт Эўхарыстыі быў устаноўлены Езусам Хрыстом у Вялікі чацвер. У гэты дзень мы асаблівым чынам, з падзякай і праслаўленнем, ушаноўваем нашага Збаўцу, прысутнага ў Святых Дарах.
Кожны раз, калі мы прымаем Цела і Кроў Хрыста, мы становімся жывымі манстранцыямі, выносім жывога Езуса з касцёла, а Яго благаслаўленне - у сям'ю, на працу. Аб гэтым важна задумвацца, памятаць.
Эўхарыстая - гэта наша шчасце, наш прывілей. Няхай кожная наша Эўхарыстыя будзе падзякай і заканчваецца працэсіяй, у якой мы выносім у сабе Езуса ў свет.
15 чэрвеня 2025 года парафіяне лепельскага касцёла Святога Казіміра адзначылі ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы.
Найсвяцейшая Тройца, адзінства Божых Асоб — Айца, Сына і Духа Святога — назаўсёды застанецца таямніцай веры. Аднак гэта не таямніца ў значэнні таямнічых ведаў, дасяжных толькі выбраным, паінфармаваным. Бог сам захацеў нам аб’явіць гэту таямніцу, аб’явіць сябе самога ў Асобах Айца, Сына і Духа. Аб’яўляючыся ў Старым Запавеце як Айцец выбранага народу, Ён аб’яўляецца ў Новым Запавеце ў асобе Езуса Хрыста — адзінароднага Сына Божага, Бога-Чалавека, Збаўцы свету, а пасля ўнебаўшэсця Хрыста ў асобе Духа Святога — Суцяшыцеля, Духа праўды і адзінства.
Бог аб’яўляецца чалавеку, як любячы Айцец-Стварыцель, як Сын Божы, які прыносіць збаўленне, як Бог-Чалавек, Брат і асвячаючы Дух Святы Суцяшыцель. І для нас важна не тое, якія ўнутраныя адносіны ў Найсвяцейшай Тройцы, а тое, што Бог любіць нас, што прагне нас збавіць і асвяціць, прагне аддаць нам сябе.
Таму варта не губляць час на разуменне таго, што і так будзе нам у поўні адкрыта ў будучым жыцці. Лепш прысвяціць яго шуканню спосабаў збаўлення.
1 чэрвеня 2025 года парафіяне лепельскага касцёла Святога Казіміра напрыканцы Святой Імшы на 7-ю Велікодную нядзелю мелі магчымасць натхніцца духоўным абагачэннем не толькі благаслаўленнем ксяндза Уладзіміра, але і чароўнымі гукамі цудоўнай скрыпічнай музыкі.
Невялікі канцэрт арганізавалі ў каталіцкім храме навучэнцы музычнага аддзялення Лепельскай школы мастацтваў.
Музыка дапамагае слухачу лепш адчуць прыгажосць свету, адкрыцца Богу і іншаму чалавеку. Сам Мікола Паганіні казаў, што "трэба самому мець вялікія пачуцці, каб выклікаць гэтыя пачуцці ў іншых".
Музыка – гэта полымя душы, агеньчык веры, зіхаценне надзеі, подых любові. І менавіта гэта паказалі навучэнцы Лепельскай музычнай школы сваім выкананнем скрыпічных мелодый у духоўным сэрцы лепельскіх парафіян – касцёле святога Казіміра.
11 мая 2025 года у лепельскім касцёле Святога Казіміра адбылася Святая Імша, прысвечаная Нядзеле Добрага Пастыра.
Са слоў арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, "святарскае пакліканне з’яўляецца актуальным прыярытэтам для нашага Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Гэта ні ў якім разе не змяншае прыхільнасці да служэння свецкіх жанчын і мужчын, аднак без святароў не было б Эўхарыстыі, а без Эўхарыстыі не было б Касцёла. Таму заўсёды патрэбны добрыя, святыя, адданыя святары. Пакліканне сапраўды з’яўляецца Божым дарам, аб якім трэба няспынна маліцца.
Касцёл — гэта перадусім людзі, супольнасць; можна сказаць, што Касцёл — гэта ўсе тыя, хто праз веру і хрост становяцца дзецьмі Божымі, членамі Хрыста і святыняй Духа Святога.
Як хрысціяне моцаю сакрамэнту святога хросту мы належым да народа Новага Запавету, утвараем супольнасць Касцёла — аўчарню Хрыста, Добрага Пастыра. Другі Ватыканскі Сабор звяртае ўвагу на тое, што Касцёл ва ўсім свеце — гэта адна супольнасць веры, надзеі і любові, яднае паміж сабою вызнаўцаў Езуса Хрыста, хто б яны ні былі і дзе б ні знаходзіліся, а таксама на тое, што ў супольнасці мясцовага дыяцэзіяльнага Касцёла вызнаўцы Хрыста знаходзяць веру і літургію, выражаную моваю ўласнай культуры, знаходзяць шляхі любові, вызначаныя ў той сітуацыі, у якой яны жывуць, знаходзяць таксама пачуццё братэрства ў Хрысце.
Дарагія браты і сёстры, вялікі дзякуй вам ужо цяпер за ахвярнае сэрца. Няхай Добры Бог адудзячыць кожнаму!"
На Нядзелю Божай Міласэрнасці 27 красавіка 2025 года ксёндз Уладзімір засяродзіў увагу парафіянаў касцёла святога Казіміра на тым, што гэта свята з'яўляецца адным з важнейшых для вернікаў.
Свята Міласэрнасці – не толькі дзень вялікага пакланення Богу ў таямніцы Яго Міласэрнасці, але таксама дзень велізарнай ласкі, бо Пан Езус звязаў з ім вялікія абяцанні. Найбольшае датычыцца ласкі поўнага адпушчэння правінаў і караў. Божая Міласэрнасць дае кожнаму чалавеку шанец на выпраўленне. Але і менавіта мы самі павінны праяўляць міласэрнасць да людзей вакол нас: сваякоў, сяброў і асабліва непрыяцеляў.
Божая Міласэрнасць, падараваная нам самім Езусам, з'яўляецца найвялікшай каштоўнасцю. Як жа гэта цудоўна - разумець, што Езус саўсёды побач з табой і, нават калі ты аступішся, ён падтрымае цябе сваёй бязмежнай Божай Ласкай і Міласэрнасцю.
І ранішняя Святая Імша на Вялікдзень распачалася 20 красавіка 2025 года не ў самім касцёле святога Казіміра, а звонку.
Лепельскія парафіяне першыя крокі абноўленага года і абноўленага ахвярай Езуса жыцця вырашылі зрабіць разам з Хрыстом каля свайго роднага храма. Каталіцкія вернікі, натхнёныя цудам Уваскрасення, пачэсна і з гонарам прайшліся вакол будынка касцёла святога Казіміра.
Са слоў біскупа Віцебскага Алега Буткевіча "Уваскрасенне Хрыста – гэта свята надзеі. Няхай яна ніколі нас не пакідае, але хай схіляе нашыя сэрцы да той крыніцы Жыцця і Праўды, крыніцы Міласэрнай Любові, якую мы маем ва Уваскрослым Хрысце! Яго блаславенне няхай спачне на кожнай вашай сям’і, на кожным доме і на ўсёй нашай роднай Беларусі!"
Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Са Святам!
19 красавіка 2025 года вернікі каталіцкай канфесіі сустрэлі ў Лепельскім касцёле святога Казіміра Вялікдзень.
А 22-й гадзіне ўвечары Святая імша пачалася ля вогнішча, што было раскладзена каля ўваходу ў касцёл. Святы Ян Павел ІІ назіраў, як ксёндз Уладзімір стварае Святы агонь, што лепельскія вернікі потым абавязкова разнясуць па сваіх хатах.
Шмат чаго было сказана на чытанне Слова Божага, але найбольшая ўвага была адзначана ксяндзом Уладзімірам на цуд Уваскрасення. Што застанецца праз сто год? Помнікі, памяць, нашчадкі? Невядома. А вось што сапраўды ёсць ужо цяпер - гэта падараванае Езусам Уваскрасенне. Дык вось дзякуючы гэтаму, застануцца і праз сто год і праз тысячу нашы бессмяротныя душы, якія будуць мець ласку быць навекі з Панам Богам. Але каб быць пасля змёртвыхпаўстання з Панам Богам, трэба праз усё жыццё імкнуцца да гэтага праз яднанне з Езусам, Духам Святым і Панам Богам.
Хрыстос Уваскрос! Чаго Ён і нам жадае! Са Святам!
13 красавіка 2025 года Пальмовая нядзеля распачала ў Лепельскім касцёле святога Казіміра Вялікі тыдзень. У гэты дзень у літургіі ўзгадаўся ўрачысты ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем за пяць дзён да Яго ўкрыжавання. Лепельскія парафіяне, як сучаснікі Хрыста, слалі на дарозе "аліўныя і пальмавыя галінкі".
На літургію ксёндз Уладзімір апрануўся ў літургічнае адзенне чырвонага колеру. Падчас святой Імшы чыталася з падзелам на ролі апісанне Мукі Хрыста. Таму другая назва Пальмовай нядзелі — нядзеля Мукі Пана. Нягледзячы на гэта, урачыстасць мела радасны характар, бо з яе пачаўся літургічны ўспамін падзеяў, у якіх здзейснілася збаўленне свету.
На пачатку літургіі Пальмовай нядзелі чыталася Евангелле пра трыумфальны ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем, пасля чаго ксёндз Уладзімір асвяціў галінкі вербаў, прынесеныя вернікамі, а потым адбылася ўрачыстая імша. Пазней асвячоныя галінкі спаляць, а попелам, які ад іх застанецца, будуць пасыпаны галовы вернікаў у Папяльцовую сераду наступнага года.
Але не будзем чакаць наступнага года, бо святкаванні ўжо распачаліся зараз, і мы ўвайшлі у гэты святы час – час жаданы, час збаўлення!
Будзем жа рыхтаваць да гэтага часу не толькі свае дамы і святочныя сталы, але перш за ўсё зробім парадак у сваім сэрцы! Адкрыемся на дзеянне Божай ласкі, дазволім, каб Хрыстус мог да нас дакрануцца. Адчуем на сабе дотык і позірк Езуса Хрыста, які ўрачыста ўязджае ў Ерузалем!
Дзякуй Богу, у касцёле святога Казіміра з'явілася яшчэ адна адметная святыня – рэліквія святой Марыі дэ Маціяс. Дарэчы, Лепельская парафія мае ўжо 27 святых рэліквій (падрабязна з якімі можна азнаёміцца ТУТ).
Святую Марыю дэ Маціяс, заснавальніцу Супольнасці Сясцёр Адаратарак Крыві Хрыста, сёстры-паслядоўніцы слушна называюць «жанчынаю авангарду», гэта значыць, тою, якая была здольная змяняць свет... І нездарма за галоўную справу свайго жыцця, якую сама называла «справаю Божаю», яна абрала выхаванне дзяўчат і фармацыю жанчын, каб выклікаць у іх прагу да рэалізацыі прыгожага жаночага паклікання — змянення свету праз мацярынства, выхавальніцкую працу, паглыбленне веры ў сваёй сям’і і сваім атачэнні.
Вернікі ўсяго свету звяртаюцца да святой з просьбамі аб заступніцтве ў справах, якія датычацца шчасця сям’і і Айчыны, а таксама з малітвамі аб аздараўленні.
9 сакавіка 2025 года ксёндз Уладзімір на Святой Імшы благаславіў вернікаў Лепельскага касцёла на 1-ю нядзелю Вялікага посту. Наперадзе 41 велікапостных дзён, а значыць – 41 дзень малітоўнага чування, духоўнага і цялеснага ўдасканалення, міласціны і добрых спраў.
У гэты Вялікі Пост Бог заклікае нас праверыць, ці здольныя мы ў нашым жыцці, у нашых сем’ях, на месцах, дзе мы працуем, у нашай парафіі ці рэлігійных супольнасцях ісці з іншымі, слухаць, пераадольваць спакусу ўкараніцца ў самарэферэнцыяльнасці і клапаціцца толькі пра ўласныя патрэбы.
Касцёл і Панна Марыя, Маці і Настаўніца, запрашаюць нас падрыхтаваць нашыя сэрцы і адкрыцца на Божую ласку, каб з вялікай радасцю святкаваць пасхальную перамогу Хрыста Пана над грахом і смерцю. Няхай Панна Марыя, Маці Надзеі, заступаецца за нас і суправаджае нас на нашым велікапосным шляху!
5 сакавіка 2025 года ў Лепельскiм касцёле ксёндз Уладзімір на Святой Імшы благаславіў усіх вернікаў пасыпаннем галоваў попелам на Вялікі пост, які распачаўся аккурат у гэту сераду, што яшчэ мае назву Папяльцовай.
Сімвалічнае пасыпанне галоваў попелам вядомае ў многіх культурах і традыцыях. У літургіі Касцёла гэтая практыка з’явілася ў VIII стагоддзі. Першыя ўспаміны пра благаслаўленне попелу адносяцца да Х стагоддзя. У наступным стагоддзі Папа Урбан ІІ зрабіў гэты звычай абавязковым ва ўсім Касцёле. З таго ж часу прынята, каб попел быў са спаленых галінак вярбы, благаслаўлёных у Пальмовую нядзелю мінулага года.
Пост служыць асабістаму навяртанню, духоўнаму аднаўленню і ўмацаванню сувязі з Богам праз малітву, устрыманне і справы міласэрнасці. Насамрэч, кожны ў адпаведнасці са сваёй канкрэтнай жыццёвай сітуацыяй бярэ такія пастановы, якія сапраўды дапамогуць яму змяніцца да лепшага і стаць чалавекам больш духоўным.
2 сакавіка 2025 года ў Лепельскiм касцёле на Святой Імшы адбыўся успамін святога Казіміра, дзень якога прыпадае на 4 сакавіка.
Каралевіч Казімір, які жыў у XV стагоддзі, рысамі свайго характару, а асабліва любоўю да Бога і чалавека, не перастае захапляць і сучаснікаў і з’яўляецца святым таксама нашага часу: яго асоба не загінула ў змроку гісторыі.
На ўзор святога каралевіча сучасныя людзі павінны шукаць шляхі да Бога і чалавека, пераадольваць у саміх сябе і навокал розныя формы абыякавасці і душэўнай акамянеласці. У пераадоленні гэтай абыякавасці дапаможа малітва, якой нельга пагарджаць, і важна памятаць пра ўчынкі міласэрнасці да бліжняга, якія няхай будуць сапраўды канкрэтнымі, хоць і малымі.
Памяць пра святога Казіміра, які здаўна ўшаноўваецца на лепельскай зямлі і якога лёс назаўжды злучыў з Лепелем, абавязвае з адвагай і велікадушнасцю любіць Бога і іншага чалавека.
9 лютага 2025 года ў Лепельскiм касцёле адбылася звычайная Святая Імша на 5-ю звычайную нядзелю. А вось заканчэнне Імшы адбылося дужа незвычайна.
Напрыканцы Святой Імшы ксёндз Уладзімір асвяціў хлеб з вадой у гонар святой Агаты. Маладая дзяўчына, якая, прагнучы захаваць чыстасць і вернасць Хрысту, прыняла мучаніцкую смерць у Катаніі на Сіцыліі каля 250 г. Праз год пасля яе смерці адбылося вывяржэнне вулкана Этна. Патокі лавы пагражалі знішчыць увесь горад, але яны спыніліся, калі жыхары Сіцыліі, просячы ў малітвах заступніцтва Агаты, паклалі на іх шляху вэлюм, што належаў святой. Дзякуючы гэтаму цуду Агату пачалі лічыць апякункай, якая ахоўвае ад пажараў.
Благаслаўлёны ў касцёле хлеб трымаюць у доме, каб ён ахоўваў пабудовы ад пажару, а ваду святой Агаты п’юць дзеля ўтаймавання «ўнутраных пажараў» жарсцяў і неўпарадкаваных прывязанасцяў, напрыклад, як паратунак ад прагі «вогненнай вады» — алкаголю — ці ад грахоўнай пажадлівасці. Заступніцтва Агаты просяць таксама жанчыны, якія пакутуюць ад хваробаў грудзей.
Пасля асвячэння хлеба з вадой ксёндз Уладзімір благаславіў свечкі ў гонар святога Блажэя, спалучыўшы гэта са спецыяльнай малітвай аб захаванні ад хваробаў горла і належным выкарыстанні дару голасу. Прыменены гэты святы дар асабіста да кожнага верніка ў касцёле.
2 лютага 2025 года ў Лепельскiм касцёле адзначалася святочнае набажэнства на Свята Ахвяравання Пана, якое традыцыйна называюць яшчэ святам Маці Божай Грамнічнай або Грамніцамі.
У гэты дзень у літургіі ўспаміналася прынясенне Дзіцятка Езуса ў святыню для выканання абраду ахвяравання, прадпісанага законамі Старога Запавету. Ужо ў самым пачатку зямнога жыцця Збаўцы Бог сведчыць, што Езус прыйшоў у свет не парушыць закон, а выканаць яго.
Ва ўсходняй традыцыі яно называецца «Стрэчаннем», бо ў дзень, калі Марыя з Юзафам прынеслі Дзіцятка Езуса ў святыню, Месія ўпершыню сустракаецца са сваім народам. Згодна з апавяданнем евангелістаў, першымі людзьмі, якія сустрэлі Пана, пазнаўшы ў маленькім Дзіцятку самога Хрыста, былі прарок Сімяон і старая ўдава па імені Ганна, якая няспынна прабывала ў святыні.
На пачатку Святой Імшы адбылося асвячэнне свечак.
Свечка — сімвал Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам. А на Грамніцы свечка таксама сімвалізуе Марыю, пакорную слугу Пана, поўную ласкі, у душы якой заўсёды гарэла святло веры, надзеі і любові.
26 студзеня 2025 года разам з паўсюдным Касцёлам цэлебравалася ўжо ў чацвёрты раз Нядзеля Божага слова. Дэвіз, які абраў Папа Францішак на гэтае святкаванне, узяты з кнігі Псальмаў: «На Слова Тваё спадзяюся» (Пс 119 (118), 74).
30 верасня 2019 года быў абнародаваны Апостальскі ліст Папы Францішка Aperuit illis з нагоды 1600-й гадавіны смерці вялікага знаўцы і перакладчыка Святога Пісання святога Гераніма. У гэтым дакуменце ў форме motu proprio, які з’явіўся з уласнай ініцыятывы Святога Айца, Папа Францішак пастанавіў, што кожная Трэцяя нядзеля Звычайнага перыяду будзе святкавацца як Нядзеля Божага слова.
На думку Папы Францішка, гэты дзень павінен быць асаблівым чынам прысвечаны цэлебрацыі, спалучанай з разважаннем над Божым словам і яго распаўсюджваннем.
Гэта, па словах Пантыфіка, з’яўляецца адказам на ініцыятыву шматлікіх вернікаў, якія даўно аб гэтым прасілі.
Папа Францішак нагадвае, што Божае слова стварае прапаведнікаў, «бо мы пакліканы быць лаўцамі людзей. Наша місія заключаецца ў тым, каб шукаць згубленых, прыгнечаных і знявераных, каб прынесці ім не саміх сябе, але суцяшэнне Слова, наватарскае абвяшчэнне Бога, якое перамяняе жыццё, радасць ад усведамлення таго, што Ён — Айцец, што Ён звяртаецца да кожнага».
12 студзеня 2025 года у касцёле Святога Казіміра адбылася Святая Імша на Урачыстасць Хросту Пана.
"...І сталася, калі хрысціўся ўвесь народ, і калі Езус, атрымаўшы хрост, маліўся, раскрылася неба, і Дух Святы ў цялесным выглядзе, як голуб, сышоў на Яго, і быў голас з неба, які прамовіў: "Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я".
Каб словы, якія гучаць з адкрытых нябёсаў для Езуса і для нас, не заставаліся чымсьці далёкім, мы жадаем адчуць і прыняць іх глыбока ў сваім сэрцы: у іх заключана намашчэнне, якое і мы атрымалі ў сакрамэнце хросту і якое нагадвае нам няспынна, што Бог любіць кожнага з нас унікальным чынам.
З другога боку, мы па-сапраўднаму спазнаем «смак» Божай любові, калі самі адважымся стаць яе ўцелаўленнем для іншых. Менавіта таму ў сваіх пісаннях святы Ян апостал няспынна падкрэслівае сувязь Божай любові да нас, нашай любові да Бога ў адказ і любові да бліжніх — Божых дзяцей і нашых братоў і сясцёр. Такім чынам, як піша апостал, мы выконваем Божыя запаведзі — не як наказы, а як запрашэнне ў гэтым свеце быць актыўнымі Яго супрацоўнікамі.
Езус сёння атрымлівае намашчэнне, каб распачаць сваю збаўчую місію — і ў гэтым Ён узор для ўсіх сваіх братоў і сясцёр, бо кожны з нас пасланы ў гэты свет, каб здзейсніць справу, якая даручана кожнаму асабіста. Няхай Дух Святы адновіць сёння ў нас жаданне выконваць нашую жыццёвую місію на ўзор Езуса, нашага Збаўцы, Брата і Сябра.
6 студзеня 2025 года пад час Святой Імшы на Урачыстасць Аб'яўлення Пана ксёндз Уладзімір асвяціў крэйду, кадзіла і ваду. Крэйдаю мы пішам на дзвярах сваіх дамоў сімвалічны надпіс: «C+M+B+дата бягучага года», што азначае Christus mansionem benedicat — «Няхай Хрыстус благаславіць гэты дом». Вадою мы акрапляем дом на знак таго, што прынялі ў сваё жыццё ўцелаўлёнае Божае Слова, а прыемны водар кадзіла ўзносіцца з нашымі малітвамі да Бога.
Урачыстасць Аб’яўлення Пана, якая традыцыйна называецца святам Трох Каралёў, — гэта адно з самых старажытных хрысціянскіх святаў. Яно моцна звязана са святкаваннем Божага Нараджэння і мае вельмі багаты духоўны змест.
Трое незвычайныя вандроўнікі: натхнёныя Богам, яны адправіліся ў далёкую дарогу, каб сустрэцца з Нованароджаным Валадаром і пакланіцца Яму. Ім давялося здзейсніць доўгае нялёгкае падарожжа, каб дабрацца да Бэтлеема. Няпроста ім было пераадолець дыстанцыю і ў рэлігійным вымярэнні: у той час, калі габрэі мелі яснае аб’яўленне Бога ў словах Святога Пісання, мудрацы мелі толькі невыразнае касмічнае аб’яўленне — зорку на Усходзе. Аднак яны былі поўныя надзеі і не пашкадавалі сілаў, каб знайсці Нованароджанае Дзіця.
Гэтак жа, як тры мудрацы, язычнікі, пакланіліся Езусу і прызналі ў Ім праўдзівага Бога і свайго Пана, так і ўвесь свет павінен адмовіцца ад сваіх ілжывых вераванняў і працягнуць пілігрымаванне чалавецтва за адзінаю Зоркаю — Валадаром Езусам Хрыстом, які кіруе сусветам.
1 студзеня 2025 года святая імша ў лепельскім касцёле прайшла ў гонар Урачыстасці Святой Багародзіцы Марыі і Сусветнага дня малітваў за мір. Са слоў арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, у імя Маці Божай, Святой Багародзіцы Марыі, распачаўся Новы, 2025 год, Юбілейны год хрысціянства.
"Ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі мы яшчэ раз перажываем праўду аб прысутнасці Бога сярод нас. Менавіта Яна з’яўляецца для нас крыніцай сілы і благаслаўлення. Гэта непарушны цэнтр нашай надзеі, гэта гарачае ядро, якое падтрымлівае наша існаванне. Таму той, хто не глядзіць на крызіс у святле Евангелля, як падкрэслівае Папа Францішак, — глядзіць на крызіс без евангельскай надзеі, той успрымае крызіс без надзеі. А той, хто мае адвагу нагадваць нам, што Бог усё яшчэ з намі на караблі Касцёла, што Ён з намі ва ўсім і ўсюды — той знойдзе сілу ў Яго, а ў супярэчнасцях ці разгубленасці ніколі не будзе адчуваць сябе прыгнечаным.
Божа, благаславі Беларусь, благаславі ўсіх нас, каб дзякуючы адданай веры і чуйнасці нашага сэрца на патрэбы бліжняга мы змаглі паспрыяць якаснаму будаванню нашай сучаснасці, каб яна сталася трывалым і прыгожым падмуркам веры, надзеі і любові ў пілігрымцы надзеі".
25 снежня 2024 года на святой імшы вернікі лепельскай парафіі павіншавалі адзін аднаго са Святам Божага Нараджэння.
Са слоў арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Божае Нараджэнне — гэта непаўторнае свята жыцця і надзеі. Таямніца, якую мы перажываем, дапамагае нам адчуць блізкасць Бога і адкрыцца на іншых людзей. Усіх нас любіць Бог, які з любові да кожнага з нас пажадаў жыць на зямлі: «з намі Бог». Бог прыходзіць, — як у той час, так і цяпер, — каб прынесці супакой людзям добрай волі. Ён пажадаў асвятліць складаныя чалавечыя шляхі, вырашыў падараваць радасць тым, каго ахапіў смутак. Хоць не ўсе пазналі Бога, які ляжаў на сене ў яслях, сваёю любоўю Ён вырашыў пераламіць ход гісторыі, клапоцячыся пра кожнага са сваіх дзяцей, «бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага».
Дарагія браты і сёстры, жадаю вам перш за ўсё здароўя, пастаяннага ўзрастання ў веры, вялікай радасці ад Нованароджанага, незнішчальнага багацця, духоўнага святла і спакою ў сэрцы.
У ноч з 24 на 25 снежня 2024 года ў касцёле Святога Казіміра адбылася Святая Імша на вігілію Нараджэння Пана.
З віншавання біскупа Алега Буткевіча на Божае Нараджэнне 2024:
"Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, шаноўныя суайчыннікі!
Каб па-сапраўднаму перажыць свята Божага Нараджэння, патрэбная вера. Вера ў тое, што мы не прыходзім у гэты свет выпадкова, што жыццё чалавека мае сэнс, а гэты свет мае сваю разумную Прычыну. Прыняцце гэтай праўды чыніць чалавека здольным будаваць гарманічны і ўпарадкаваны свет, жыць у згодзе з падобнымі сабе людзьмі і прыродай. Больш за тое, дазваляе без страху і роспачы сустракаць жыццёвыя выпрабаванні, як і само заканчэнне жыццёвай вандроўкі ў гэтым свеце. У такім выпадку маленькае Дзіця, пакладзенае ў яслях, упрыгожаныя елкі, святочная ілюмінацыя і падрыхтаваныя падарункі не будуць толькі пустой дэкарацыяй да чарговага свята ці выключнай справай бізнэсу, але знакам адкрытасці нашага сэрца на падараваную гэтаму свету Божую Любоў.
Хрыстос прыйшоў да ўсіх! Няхай Яго Нараджэнне ў нашым жыцці стане крыніцай супакою, згоды, узаемнай павагі і прымірэння! Няхай у кожнае сэрца, кожны дом і ўсёй Беларусі прынясе радасць, духоўнае Святло, здароўе і шчодрае бласлаўленне!
Са святам Божага Нараджэння і шчаслівага Новага, 2025 года!"
Вечарам 21 снежня 2024 года ў лепельскую святыню Святога Казіміра каталіцкія скаўты ўрачыста ўнеслі Бэтлеемскі агонь.
У гэтым годзе Бэтлеемскі агонь плануецца даставіць у болей за 140 каталіцкіх і парафій Беларусі.
Прыгожую перадкалядную традыцыю распаўсюджваць Бэтлеемскі агонь упершыню правялі ў 1986 годзе, каб падтрымаць людзей з інваліднасцю напярэдадні Калядаў. Яе тут жа падхапілі еўрапейскія скаўты і зрабілі яе штогадовай. З тых часоў напярэдадні каталіцкага Раства аўстрыйскія скаўты бяруць агонь ад негасімай лампады ў базыліцы Нараджэння ў Бэтлееме і самалётам дастаўляюць яго ў Аўстрыю. Пасля ўрачыстых набажэнстваў часцінкі святога полымя раз'язджаюцца па еўрапейскіх краінах, у тым ліку і ў Беларусь.
Кожны лепелец, незалежна ад канфесіі, зможа прыйсці сюды, каб памаліцца, запаліць ад Бэтлеемскага агню сваю свечку або лампадку і аднесці яе дадому. У каталіцкай традыцыі падчас сямейнай вячэры напярэдадні Калядаў на стале павінна стаяць свечка, запаленая ад Святога негасімага агню.
8 снежня 2024 года на Святую Імшу ў Лепелі завітаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Мэтай яго наведвання парафіі Святога Казіміра стала асвячэнне новаз'яўленага ў касцёле абраза "Мала веры", які выканаў мясцовы мастак Аляксандр Саўчанка.
Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч звярнуўся да парафіян са словамі падзякі за прысутнасць у святыні, за тое, што захавалі веру, якой у іх зусім не мала, і перадаюць яе сваім дзецям і ўнукам.
А яшчэ на імшы запалілі другую свечку ў адвэнтовым вянку. Свечка, запаленая ў другую нядзелю Адвэнту, сімвалізуе веру патрыярхаў ізраэльскага народу, як удзячнасць за дар — Абяцаную Зямлю.
1 снежня 2024 года адбылася Святая Імша на пачатак Адвэнту.
Слова Адвэнт мае лацінскае паходжанне і азначае прыйсце, у нашым выпадку — прыйсце Хрыста. Пры гэтым трэба заўважыць, што мова ідзе не выключна пра нараджэнне Збаўцы 2000 гадоў таму ў Бэтлееме, але пра тры Ягонах прыйсці. Першае — гэта прыйсце Сына Божага ў наш свет у чалавечым целе. Другое — напрыканцы часоў. Трэцяе — у Божым слове і сакрамэнтах.
Такім чынам, Адвэнт ахоплівае мінулае, сучаснасць і будучыню. Неўзабаве, а менавіта 24 снежня, распачнецца Юбілейны 2025 год, дэвіз якога: «Пілігрымы надзеі».
Сёння, калі распачынаем Адвэнт, які ўводзіць нас у Юбілейны Год, Хрыстус заклікае кожнага з нас быць чуйным, пільным, гатовым і падрыхтаваным да Яго прыйсця пілігрымам надзеі. Не проста працягваць пасіўна чакаць Збаўцу, але не прапусціць Яго прыйсця і сустрэцца з Ім.
Няхай гэты час стане для нас часам навяртання і духоўнай падрыхтоўкі да сустрэчы з прыходзячым Збаўцам, каб мы былі сапраўднымі хрысціянамі, якія жывуць згодна з духам Евангелля.
За кароткі прамежак часу ў касцёле Святога Казіміра з'явілася яшчэ адна новая рэліквія — Святога св. Станіслава Папчынскага. І гэта рэліквія стала ўжо 26-й святой рэліквіяй у нашай скарбонцы.
Святы айцец Станіслаў Папчынскі, плануючы заснаваць Кангрэгацыю айцоў марыянаў, хацеў, каб дзейнасць супольнасці была падпарадкавана тром мэтам, якія з’яўляюцца харызмай канкрэтнай кангрэгацыі.
У свамі творы «Норма вітэ» («Правілы жыцця») наш заснавальнік так акрэслівае напрамкі дзейнасці айцоў і братоў марыянаў: 1) распаўсюджваць культ Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі 2) маліцца за памерлых, якія знаходзяцца ў чыстцы 3) дапамагаць пробашчам у душпастырскай дзейнасці.
У касцёле Святога Казіміра з'явілася новая рэліквія — Святога Юзафа Каласанса, святара. Гэта рэліквія сталася юбілейнай, бо ў нашай рэлігійнай скарбонцы з яе з'яўленнем ужо 25 святых рэліквій.
Успамін Святога Юзафа Каласанса — 25 жніўня. Ён заснавальнік Ордэна бедных рэгулярных хрысціянскіх школ у імя Божай Маці (піяры). Нарадзіўся ў мясцовасці Перальта-дэ-ла-Саль, што ў Каралеўстве Арагон (Іспанія). Вывучаў права і філасофію ва універсітэце. У 1583 г. атрымаў святарскае пасвячэнне і распачаў душпастырскую працу. Спачатку з’яўляўся сакратаром біскупа Каспары дэ ла Фігуэра, потым — канонікам Капітулы ва Ургелі, пробашчам і эканомам біскупа Андрэя Капілла.
У 1748 г. Юзаф Каласанс беатыфікаваны, яшчэ праз нейкі час — кананізаваны. У 1948 г. папа Пій XII абвяшчае яго «апекуном хрысціянскіх агульнаадукацыйных школ ва ўсім свеце».
9 лістапада 2024 года Святая Імша ў касцёле Святога Казіміра адбылася незвычайная. Менавіта ў гэты дзень парафіяне, лепяльчане і госці горада шанавалі Святога Губерта, які з'яўляецца апекуном паляўнічых і леснікоў.
А дзясятай гадзіны раніцы пачалася святая літургія, якую ўзначаліў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, архібіскуп Юзаф Станеўскі. Урачыста ў будынак касцёла пад час імшы быў унесены абраз Святога Губерта, прывезены ажно з Пінскай дыяцэзіі. Дарэчы, гэты цудадзейны абраз будзе знаходзіцца ў лепельскай парафіі цэлы год.
Ксёндз Уладзімір Заянчкоўскі адзначыў, што служба праводзіцца менавіта для паляўнічых, у якіх ёсць свой апякун. А людзей у паляўнічых камуфляжах на гэта Свята назбіралася цэлая зала касцёла, што свабодных месцаў нават і не было.
Напрыканцы літургіі архібіскуп Юзаф Станеўскі благаславіў паляўнічых з сабакамі і гасцей мерапрыемсва. Ад касцёла людзі, паляўнічыя, наезнікі, сабакі, коні, святары рушылі ўрачыстым шэсцем да цэнтральнай плошчы горада на чале працэсіі з абразом Святога Губерта.
Для жыхароў і гасцей горада свята працягнулася ў межах гарадскога парка, дзе гандлявалі рамеснікі сваімі вырабамі і латочнікі сувенірамі, валанцёры раздавалі бясплатна найсмачнейшую шурпу, грэчку з тушанінай і чай, спявалі прадстаўнікі самадзейнасці, а дзеткі фатаграфаваліся з конікамі з сярэднявечных казак.
Паляўнічыя працягнулі сваё свята выездам на месца правядзення палявання ў в. Тадуліна, дзе адбылася забаўляльная праграма з выступленнем мясцовых калектываў і палявой кухняй.
Малітва да Святога Губерта
Святы Губерце, апякуне паляўнічых і леснікоў, вазьмі мяне пад сваю апеку. Сваім магутным заступніцтвам перад Богам падтрымай мяне ва ўсіх маіх патрэбах і выпрасі для мяне ласку наследавання тваіх цнотаў. Захавай мяне ад дрэнных схільнасцяў, ад пыхі і пажадлівасці, ад нанясення шкоды людзям і прыродзе, ад парушэння закону, адсутнасці пашаны да Божых дароў і ласкаў. Кіруй маім розумам, зрокам і ўчынкамі, каб я выканаў свае заданні згодна з законам Стварыцеля. Сцеражы мяне ад злых прыгодаў і давядзі да вечнага збаўлення. Амэн.
3 лістапада 2024 года адбылася Святая Імша на ўспамін усіх памерлых вернікаў.
Магілы нашых родных і блізкіх, якія спачываюць на могілках нашай краіны, асвятляюцца ззяннем знічоў і свечак. Мы таксама ўпрыгожваем іх месца пахавання жывымі кветкамі, якія сімвалізуюць жыццё і нашу любоў. Гэты старажытны звычай з’яўляецца знакам нашай веры ў нашае ўваскрасенне. Таму мы наведваем могілкі, стаім каля магілаў родных і блізкіх, запальваем знічы і молімся за іх, бо наша надзея сягае далей, за мяжу смерці. Мы верым, што яны жывуць надалей; верым, што таксама і нашае жыццё не скончыцца на могілках. Касцёл умацоўвае гэтую веру, заахвочваючы нас словамі Святога Пісання здзяйсняць учынкі любові ў адносінах да нашых блізкіх памерлых.
У гэты дзень мы засяроджваемся на іншым вымярэнні чалавечага жыцця — жыцця, якое змяняецца, але ніколі не заканчваецца. Таму, наведваючы могілкі, памятайма, што там, у магілах, спачываюць толькі парэшткі нашых блізкіх, якія чакаюць канчатковага ўваскрашэння.
Апасля імшы ксёндз Уладзімір Заянчкоўскі правёў маленне за душы памерлых на могілках горада Лепеля.
5 – 6 кастрычніка 2024 года адбылася сумесная пілігрымка вернікаў з лепельскай парафіі Святога Казіміра і суседніх парафій па святынях Заходняй Беларусі.
Пачалася пілігрымка з наведвання касцёла Святога Андрэя Апостала ў Нарачы. Па Божаму Провіду менавіта ў гэтым касцёле лепельскіх парафіян сустрэла рэліквія Святога Казіміра, а лепельскі касцёл мае ў сваёй назве канкрэтна гэта ганаровае імя.
Далей былі наведаны касцёл Святога Міхала Арханёла ў Міхалішках, дзе была ахрышчана адна з лепельскіх каталічак, касцёл Святой Тройцы ў Гервятах, які ўразіў пілігрымаў несусветнай прыгажосцю.
Касцёл Святых Касмы і Дам’яна ў Астраўцы сустрэў пілігрымаў з добразычлівым ксяндзом, а касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі сустрэў разам з найпрывабнейшым манахам кармелітам, які ўразіў усіх сваёй магнітнай дабрынёй.
Касцёл Святога Міхала Арханёла ў Ашмянах асаблівы для нашага ксяндза Уладзіміра, бо ён наведваў яго яшчэ ў калысцы. Дарэчы, такой колькасці дзетак у адным касцёле аўтар гэтых слоў ніколі не бачыў. Прыемна ўразіла!
Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Барунах напаіў пілігрымаў святой крынічнай вадзіцай, якая струменіцца прама з пад муроў касцёла. Дарэчы, менавіта сёння тут асвячаліся алтары беларускімі біскупамі, бо касцёл рыхтуецца да каранацыі абраза Святой Марыі.
Касцёл Святых Пятра і Паўла ў Іўі сустрэў статуяй Хрыста з распасцёртымі рукамі, бы ў Рыа-дэ-Жанэйра. Вядома ж фатаграфаваліся там усе.
Вячэралі пілігрымы смачнымі галубцамі і начавалі ў кляштары сёстраў-назарэтанак у Навагрудку. Паміж вячэрай і сном манахіня-назарэтанка праводзіла пілігрымаў у Фару Вітаўта, дзе падрабязна распавяла пра гісторыю касцёла і парафіі. Слязамі плакалі амаль усе, слухаючы сумную, але велічную гісторыю ахвяры адзінаццаці манахіняў-назарэтанак пад час другой сусветнай вайны. А ўжо дакрануцца да труны з святымі рэліквіямі манахіняў-мучаніц – найлепшы падарунак гэтага дня, а можа і жыцця...
Зноў рушылі ў падарожжа па святыням наступным днём, даследаваўшы крушні навагрудскага замка і паўдзельнічаўшы ў ранішняй святой імшы ў фары Вітаўта (фарны касцёл Перамянення Пана ў Навагрудку). Дарэчы, святую імшу праводзіў лепельскі ксёндз Уладзімір Заянчкоўскі.
У Гродна пілігрымы наведалі міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семiнарыю. Гэта вышэйшая каталіцкая спецыяльная навучальная ўстанова для падрыхтоўкі святароў. Вядзе падрыхтоўку святароў для служэння ў Гродзенскай і Віцебскай дыяцэзіях і ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Апошняй наведанай святыняй стаў катэдральны касцёл Святога Францішка Ксаверыя. Нельга словамі апісаць і перадаць прыгажосць і велічнасць гродзенскай катэдры. Можна толькі моўчкі захапляцца, забыўшыся пра ўсё, акрамя Веры, Надзеі і Любові!
1 верасня адбылася Імша, на якой ксёндз Уладзімір урачыста асвяціў вучняў, школьныя прылады і прысутных настаўнікаў.
З пастырскага ліста на новы навучальны і катэхетычны год 2024/2025 арцыбіскупа Юзафа Станеўскага:
"Сёння асаблівым чынам мы молімся аб вашых поспехах у навучанні і катэхізацыі. Мы молімся аб вашых поспехах у навучанні, таму што ад таго, як пройдзе ваша станаўленне, ваша адукацыя, ваша выхаванне, залежыць, якой будзе наша краіна.
Духоўнае развіццё — гэта важны аспект нашага жыцця, які дапамагае нам зразумець саміх сябе, нашую ролю ў свеце і адносіны з Богам. Давайце не забывацца, што духоўная адукацыя патрабуе такой жа ўвагі, як і кожная іншая. Удзел у занятках катэхезы пры парафіях — гэта шлях да разумення веры, да паглыблення адносін з Богам і адно з адным. Розум і дух павінны ісці поруч.
Дарагія дзеці, вы — найкаштоўнейшы скарб вашых любячых бацькоў, грамадства і Касцёла. Ахвотна атрымлівайце веды і вучыцеся імі карыстацца. Мы ўваходзім у новы навучальны год, напоўнены надзеямі і новымі магчымасцямі."
25 жніўня для парафіянаў касцёла святога Казіміра імша была асаблівая. Рэліквія адзення Езуса Хрыста прыбыла ў храм, і ў вернікаў з’явілася магчымасць дакрануцца да яе.
Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея
"У той час, калі Езус гаварыў з імі, да Яго падышоў адзін кіраўнік і, пакланіўшыся Яму, сказаў: «У мяне толькі што памерла дачка, але прыйдзі і ўскладзі на яе руку сваю, і яна будзе жыць».
Тады Езус падняўся і разам са сваімі вучнямі пайшоў за ім. І вось жанчына, якая дванаццаць гадоў цярпела на крывацёк, падышла ззаду і дакраналуся да краю вопраткі Ягонай, бо казала сабе: «Калі хоць дакрануся да вопраткі Ягонай, выздаравею». Езус павярнуўся і, убачыўшы яе, сказаў: Будзь адважнай, дачка. Твая вера ўратавала цябе. І ад гэтага моманту жанчына была здаровай.
Калі Езус увайшоў у дом кіраўніка, Ён убачыў жалейнікаў і ўзрушаны натоўп і сказаў: «Выйдзіце, бо дзяўчынка не памерла, але спіць». І насміхаліся з Яго. А калі натоўп вывелі, Ён увайшоў і ўзяў дзяўчыну за руку, і яна ўстала. І разышлася пагалоска пра гэта па ўсёй гэтай зямлі".
Дарэчы, гэта найвялікшая рэліквія цяпер назаўсёды застанецца ў касцёле святога Казіміра.
15 жніўня Лепельскі касцёл Святога Казіміра адзначаў урачыстасць унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Праз гэтую ўрачыстасць касцёл паказвае нам праўду веры, паводле якой Найсвяцейшая Панна Марыя, Маці Божага Сына Езуса Хрыста, была ўзятая ў неба з целам і душою. Сённяшняя ўрачыстасць паказвае нам Найсвяцейшую Панну Марыю як дасканалы плод зямлі, які, нібы колас, даспеў для Божага жніва. Праўда веры пра Найсвяцейшую Панну Марыю, узятую на неба з душою і целам, нагадвае нам пра бясконцую любоў Бога да чалавека. Гэтая любоў выяўляецца ў факце спаслання на зямлю Сына Божага, Адкупіцеля чалавека.
Традыцыйна сённяшняе свята нашы продкі таксама называлі святам Маці Божай Зельнай. На заканчэнне Імшы ў касцёле адбылося благаслаўленне кветак, зёлак і ўраджаю.
28 ліпеня ў Лепельскім касцёле Святога Казіміра адбылася Святая Імша, прысвечаная Сусветнаму дню бабуль і дзядуль.
На Імшы ксёндз Уладзімір заахвоціў лепельскіх парафіян памаліцца за сталых людзей і абавязкова наведаць не толькі жывых, але і памерлых сваякоў на могілках.
Апасля ў гонар Святога Крыштофа былі асвечаны ўсе прысутныя транспартныя сродкі вернікаў.
6 ліпеня лепельскія парафіяне наведалі і прынялі ўдзел у Будслаўскім фэсце.
У Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай падчас сёлетняга фэсту адбылося прысвячэнне Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.
Яно адбылося па ініцыятыве Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Юзафа Станеўскага з нагоды 125-гадовага юбілею з часу інтранізаці Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў паўсюдным Касцёле, што адбылася на заклік Папы Льва ХІІІ. Прысвячэнню папярэднічала духоўная падрыхтоўка на працягу года, які быў таксама Годам падзякі Маці Божай за 25-годдзе з часу каранацыі цудудзейнага Будслаўскага абраза папскімі каронамі, што адзначалася год таму з удзелам Папскага Легата кардынала Клаўдыё Гуджэроцці.
16 чэрвеня адбылася святочная Імша. У парафію святога Казіміра ўрачыста прыбыў ружанец ад Папы Францішка.
У мінулым годзе ў кастрычніку, падчас малітоўнага набажэнства «Мільён дзяцей моліцца на ружанцы», Папа Францішак перадаў дзеткам Беларусі ў падарунак гэты ружанец і заахвоціў маліцца аб міры ва ўсім свеце.
Таксама ксёндз Уладзімір пад час літургіі слова заахвоціў маліцца на ружанцы за мір у сям'і і прасіць Пана Бога аб любові, бо яна - вялікі дар для нашых сем'яў, нашых блізкіх і родных.
16 чэрвеня у касцёл святога Казіміра ў Лепелі прыбудзе ружанец ад Папы Францішка. Будзе ён у святыні на Лепельшчыне на працягу усяго тыдня.
Гэты ружанец вандруе па усёй нашай краіне для супольнай малітвы, асабліва для дзяцей. У чэрвені мы молімся асаблівым чынам гэтай прыгожай Ружанцовай малітвай.
Ружанец перадаецца з парафіі ў парафію, каб запрашаць як мага больш дзяцей і дарослых маліцца аб міры у свеце.
2 чэрвеня пасля Святой Імшы ў касцёле адбыўся канцэрт харавой музыкі «Не змоўкне ніколі напеў жывы» з удзелам узорнага хору «Акварэль» (кіраўнік Інга Бельская, канцэртмайстар Ксенія Развадоўская) Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў і народнай вакальны групы «Кампанэла» (кіраўнік Ірына Сакалоўская).
Выхаванцы школы і выканаўцы вакальнай групы выканалі розныя спевы на рэлігійную, народную і іншыя тэматыкі, да душы праняўшы усіх слухачоў.