Гісторыя

Першыя звесткі пра рыма-каталіцкую парафію паходзяць з 1604 г, калі Леў Сапега падараваў Стары і Новы Лепель віленскаму жаночаму бэрнардынскаму кяштару. У 1604 г. ён фундаваў і багата абставіў касцел, які нагадваў ваялікі карабель. Гэта быў адзін з першых трох касцёлаў на полацкай замлі.

У XVII стагоддзі бэрнардынкі падарылі лепельскаму касцёлу цудатворны Абраз Маці Божай, што зрабіла касцёл лакальным марыйным санктуарыем.

Верагодна, што падчас ваенных дзеянняў у 1655 годзе касцёл быў спалены. Каля 1674 г. візітар, апісваючы стан святыні, напісаў: "...спалены, маецца маленькі будынак", — у якім служыў ксёндз Станкевіч. 

На падставе дакументаў візітацыі, якія датуюцца прыкладна 1700 г. вядома, што касцёл на той час меў пяць алтароў, у тым ліку тытулярны святога Казіміра.

8 верасня 1779 года драўляны лепельскі касцёл згарэў. Верагодна, св. Імша цэлебравалася на плябаніі, бо касцёл быў адбудаваны толькі праз больш 20 гадоў.

У 1781 г. парафія налічвала 1055 католікаў. З 1783 парафія знаходзілася ў Магілёўскай архідыяцэзіі.
Каля 1805 г. быў пабудаваны касцёл у новай парафіяльнай структуры, цяпер названай Лепель Завадзіцкі. Ён быў драўляны, з часанага лесу на каменным падмурку. Аднак у 1833 г., калі пробачшам быў ксёндз Юзаф Мікашэй, уначы з 27 на 28 красавіка драўляны касцёл згарэў.
Пасля пажару 1833 г. набажэнствы для католікаў адбывалася ў старым драўляным касцёле, перабудаваным з плябаніі і жылой хаты. У самім горадзе Лепелі ў гэты час было ўсяго 16 дамоў католікаў. Іншыя парафіяне жылі бліжэй да касцёлу ў Чашніках, Ушачах, Камені. Таму ўлады лічылі, што адну з капліц трэба зрабіць парафіяльным касцёлам або далучыць парафіян лепельскага касцёла да іншых парафій.

На працягу наступных 20-ці гадоў уздымалася пытанне пра будаўніцтва ў Лепелі каталіцкага храма. Ў 1836 г. на месца будаўніцтва былі прывезеныя камяні, цэгла і дрэва. Ксёндз Віняровіч, пробачш у 1835-1836 гг., ужо збіраўся пачаць будаўніцтва, але паліцыя папярэдзіла, што без зацверджанага плана гэтага нельга рабіць. Нарэшце ў студзені 1857 г. дазвол атрыманы, а 13 ліпеня 1857 г. зацверджаны план будаўніцтва касцёла. Шляхціц з Лепельскага павета Пётр Мальчэўскі прапанаваў пабудаваць касцёл на свае сродкі і летам 1857 г. пачаў закладку падмурка. Падмурак быў асвечаны мітрапалітам Вацлавам Жылінскім.

8 снежня 1876 г. адбылося асвячэнне касцёла.

У 1895 г. парафію наведаў біскуп Францыск Альбін Сымон, які кансэкраваў касцёл і ўдзяліў парафіянам сакрамэнт канфірмацыі.

У 1900 г. парафія налічвала 2697 католікаў, у 1912 г. – 2956, у 1917 г. – 2976.

У 1898-1900 гг. пробашчам парафіі быў ксёндз Юліян Бандза (1863-1887-?), у 1901-1905 гг. ксёндз Антоній Ожал (1862-1887—17.10.1938). З 1905 г. служэнне ў парафіі пачаў ксёндз Павел Карповіч (1868-1893-пасля 1931?). 

Святар быў арыштаваны 5 красавіка 1927 г. і высланы на 3 гады ў Вяцкую вобласць. У лісце з высылкі ў Польскі Чырвоны Крыж за 9 студзеня 1931 г. святар пісаў, што захварэў на сухоты. Пасля вызвалення ксёндз вярнуўся ў Беларусь і жыў у вёсцы каля Магілёва, а далейшы яго лёс невядомы. Па іншых звестках, святар быў арыштаваны 4 сакавіка 1935 г., ва ўрачыстасць святога Казіміра. Калі ў касцёле пачыналася святая Імша, туды зайшлі энкавэдысты і загадалі выйсці з яго ксяндзу  Карповічу разам з арганістам і двума яго сынамі, а каля брамы іх чакаў “чорны воран”. Вернікам таксама было загадана выйсці з касцёла. Магчыма, што, адбыўшы пакаранне пасля першага арышту, святар вярнуўся ў сваю парафію, дзе і быў арыштаваны другі раз, альбо ў 1935 г. быў арыштаваны іншы святар.

Пасля арышту святара касцёл быў зачынены, потым з касцёла былі знесены вежы і яго пераўтварылі ў электрастанцыю. Аднак вернікі змагаліся за свой касцёл. У 1936 г. яны збіраліся на малітвы па хатах касцёльных актывістаў, а парафіянка па прозвішчы Навіцкая збірала подпісы за адкрыццё касцёла. У 1937 г. дэлегацыя вернікаў падала заяву з просьбай аб адкрыцці закрытага раней касцёла, аднак беспаспяхова.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны з душпастырскай паслугай усходнія раёны Беларусі пачалі наведваць ксяндзы-місіянеры. Так, 7 ліпеня 1941 г. у Лепель прыбыў ксёндз Нікадэм Маслоўскі з Бабруйшчыны.

У пасляваенны час вернікі збіраліся на малітвы ў хатах як у самім Лепелі, так і ў навакольных вёсках. Для атрымання сакрамэнтаў яны выязджалі ў дзейныя касцёлы – у Валкалату, у Маскву, у касцёлы Літвы. Напрыканцы 1954 і на пачатку 1955 гг., а таксама ў 1958 г. вернікі даслалі некалькі заяў у розныя інстанцыі з просьбай вярнуць ім касцёл і даць дазвол на прыезд святара. Перад гэтым з падобным пытаннем яны асабіста звярталіся да старшыні Лепельскага райсавета дэпутатаў працоўных. Аднак кожны раз вернікам у гэтым адмаўлялі

У пасляваенны час у касцёле размяшчалася электрастанцыя, у 1970-1980 гг. – гараж. У прыкасцёльных будынках размяшчаліся розныя ўстановы накшталт хімчысткі.

З 1989 г. Лепель з душпастырскай паслугай пачалі прыязджаць святары, сярод якіх быў і ксёндз Уладзіслаў Блін з Магілёва. У 1991 г. у Лепель прыехаў малады святар з Польшчы Мечыслаў Янчышын. На вакзале яго сустрэла некалькі жанчын з кветкамі, а на першую Ішму прыйшло дзесьці 20-30 чалавек. Малады святар адрадзіў парафію і адрамантаваў касцёл. У працы святару дапамагалі сёстры змёртвыхпаўстанкі, якія працавалі тут у 1996-2003 гг.

Прыкладна ў той час мясцовыя рыбакі вылавілі з лепельскага возера драўляную фігуру Езуса Хрыста са скручанымі рукамі. Нейкі час фігура знаходзілася ў гаражы аднаго з рыбакоў, а калі пра гэта даведаўся ксёндз Янчышын – апынуўся ў касцёле. Гэта адзінае, што захавалася з касцёльных рэчаў, якія былі ў касцёле да яго закрыцця.

З 1993 г. у касцёле пачалі цэлебраваць святую Імшу. 28 кастрычніка 1995 г. кардынал Казімір Свёнтэк нанова кансэкраваў касцёл.

3 мая 2000 г. да восені 2002 г. вікарыем у парафіі служыў ксёндз Ян Пугачоў, які фактычна выконваў абавязкі адміністратара. З восені 2002 г. яго замяніў ксёндз Генрык Дамашка, які пабудаваў новую плябанію і катэхетычны дом. У 2005 г. святар трагічна загінуў. У 2005-2015 гг. пробашчам парафіі быў ксёндз Андрэй Аніскевіч. У 2012-2015 гг. абавязкі вікарыя выконваў ксёндз Віталій Галец.

З 2015 г. пробашчам парафіі з'яўляецца ксёндз Уладзімір Заянчоўскі.