Да 420-годдзя парафii ў рэлікварыі нашага касцёла пачэснае месца занялі рэліквіі Святога Крыжа, святога Казіміра, святога Зыгмунта Шчэнснага-Фэлінскага, благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі, благаслаўлёнага ксяндза Ежы Папялушкі, благаслаўлёнага Стефана Вінцэнта Фрэліхоўскага, кавалачак тканіны габіта святой Фаўстыны.
Цяпер ужо ў храме святых рэліквій 28:
Калі ў 70 г. Ерузалем быў захоплены і разбураны рымлянамі, распачаліся вялікія пераследаванні рэлігіі Хрыста, якія працягваліся амаль 300 гадоў. Толькі пасля таго, як гэтыя пераследаванні былі спынены, маці рымскага імператара Канстанціна, св. Алена, загадала шукаць крыж, на якім памёр Пан Езус.
Пасля доўгіх пошукаў крыж быў знойдзены. Адносна даты гэтай падзеі гісторыкі не прыйшлі да згоды; найчасцей узгадваецца 320, 326 або 330 гады, што датычыць дня, то ўсе крыніцы падаюць 13 або 14 верасня.
У 614 г. на Святую Зямлю напалі персы на чале з палкаводцам Хазроем. Яны разбурылі ўсе касцёлы, у тым ліку і касцёл Гробу Пана. Ведаючы, як моцна ўшаноўваецца Крыж Пана Езуса, персы забралі яго з сабою. Увесь свет маліўся аб тым, каб святы Крыж быў знойдзены. Пасля перамогі, якую імператар Іраклій атрымаў над Хазроем, паводле мірнай дамовы персы вымушаныя былі вярнуць святую рэліквію (628 г.). Згодна з легендаю, сам імператар хацеў на сваіх плячах занесці Крыж Хрыста на Кальварыю, аднак змог гэта зрабіць толькі тады, калі зняў сваё імператарскае ўбранне. Гэта толькі легенда, бо са сведчання св. Кірыла Ерузалемскага (+ 387 г.) вядома, што ўжо ў яго часы шаноўная рэліквія была падзелена на дробныя часткі і разаслана амаль ва ўсе найбліжэйшыя касцёлы.
У Крыжы Езуса Касцёл заўсёды бачыў алтар, на якім Божы Сын збавіў свет. Таму кожная частка гэтай рэліквіі, так густа акропленая Яго Найсвяцейшаю Крывёю, заўсёды карысталася асабліваю пашанаю. І справа не ў аўтэнтычнасці паасобных рэліквій, а ў тым, што яны нагадваюць пра Крыж Хрыста і вялікую справу, якая здзейснілася на ім дзеля дабра чалавецтва.
Найбольшая частка святога Крыжа цяпер знаходзіцца ў катэдральным касцёле святога Міхала і святой Гудулы ў Бруселі. У базыліцы св. Пятра ў Рыме захоўваецца частка рэліквій, якую візантыйскія імператары насілі на грудзях падчас найбольшых урачыстасцяў. У скарбніцы парыжскай катэдры ёсць частка святога Крыжа, падораная польскаю каралеваю Ганнаю Ганзага, які яна, верагодней за ўсё, атрымала ад караля Яна Казіміра. Даволі вялікая частка святога Крыжа знаходзіцца таксама ў базыліцы святога Крыжа ў Рыме.
А цяпер кавалачак Святога Крыжа, найвялікшая рэліквія, акропленая Святой Крывёй Езуса, чакае ўсіх вернікаў і ў лепельскім касцёле святога Казіміра.
Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея
У той час, калі Езус гаварыў з імі, да Яго падышоў адзін кіраўнік і, пакланіўшыся Яму, сказаў: «У мяне толькі што памерла дачка, але прыйдзі і ўскладзі на яе руку сваю, і яна будзе жыць».
Тады Езус падняўся і разам са сваімі вучнямі пайшоў за ім. І вось жанчына, якая дванаццаць гадоў цярпела на крывацёк, падышла ззаду і дакраналуся да краю вопраткі Ягонай, бо казала сабе: «Калі хоць дакрануся да вопраткі Ягонай, выздаравею». Езус павярнуўся і, убачыўшы яе, сказаў: Будзь адважнай, дачка. Твая вера ўратавала цябе. І ад гэтага моманту жанчына была здаровай.
Калі Езус увайшоў у дом кіраўніка, Ён убачыў жалейнікаў і ўзрушаны натоўп і сказаў: «Выйдзіце, бо дзяўчынка не памерла, але спіць». І насміхаліся з Яго. А калі натоўп вывелі, Ён увайшоў і ўзяў дзяўчыну за руку, і яна ўстала. І разышлася пагалоска пра гэта па ўсёй гэтай зямлі.
Ян — адзін з дванаццаці апосталаў Езуса Хрыста, пакліканы сярод першых вучняў разам з ягоным братам Якубам. Ян і Якуб былі сынамі Зэбэдэя і Саламеі, адной з жанчын, якія служылі Пану сваёй маёмасцю. Абодва браты былі рыбакамі, і Езус паклікаў іх на беразе Генісарэцкага возера: пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў чаўне, яны пайшлі за Хрыстом (гл. Мц 4, 21; Мк 1, 19).
Як паведамляе евангеліст Марк, Езус назваў братоў «Сынамі грома», магчыма, за іх парыўчы характар, які праявіўся, між іншым, у жаданні спаслаць агонь з неба на самаранскую вёску, дзе іх не прынялі (гл. Лк 9, 54), а таксама ў просьбе даць ім сесці ў Валадарстве Нябесным праваруч і леваруч ад Хрыста (гл. Мк 10, 35–37).
З евангельскага аповеду вынікае, што Ян і яго старэйшы брат Якуб былі у блізкіх адносінах з апосталам Пятром і разам з ім уваходзілі ў лік выбраных вучняў — «фаварытаў», ад назвы гары Перамянення, на якую Пан павёў толькі іх траіх. Яны таксама асобна ад іншых апосталаў сталі сведкамі ўваскрашэння дачкі Яіра (гл. Мк 5, 37) і малітвы Хрыста ў Аліўным садзе (гл. Мк 14, 33). На Апошняй вячэры апостал Ян ляжаў на грудзях Збаўцы (гл. Ян 13, 23).
З апосталаў узгадваецца толькі адзін Ян сярод тых, хто быў пад крыжам Збаўцы. Паміраючы на крыжы, Езус Хрыстус менавіта яму даручыў у апеку сваю Маці, Найсвяцейшую Панну Марыю.
Паводле падання, пасля Унебаўзяцця Панны Марыі апостал Ян скіраваўся ў Эфес і іншыя гарады Малой Азіі, дзе абвяшчаў Евангелле. Яго пропаведзь суправаджалася шматлікімі вялікімі цудамі, таму колькасць тых, хто верыў у Хрыста паводле яго слова, з кожным днём павялічвалася.
Падчас пераследу хрысціянаў, развязанага імператарам Неронам, апостала Яна ў кайданах прывялі ў Рым. За вернасць Хрысту яго асудзілі на смерць. Аднак выпіўшы кубак з атручаным віном, апостал застаўся жывым. У памяць пра гэта ў свята св. Яна, апостала і евангеліста, у Касцёле існуе традыцыя благаслаўлення віна.
Сасланы на выспу Патмас, Ян пражыў там шмат гадоў. Менавіта там ён бачыў аб’яўленні апошніх часоў, якія апісаў у кнізе Апкаліпсісу.
Пасля працяглага выгнання апостал Ян атрымаў свабоду і вярнуўся ў Эфес, дзе працягваў сваю дзейнасць, асцерагаючы хрысціянаў ад ерасяў. Паміж 85 і 95 гадамі ён напісаў там Евангелле, непераўзыдзенае ў сваёй тэалагічнай узнёсласці, за што апостала і евангеліста Яна называюць таксама Багасловам, а яго сімвалам лічыцца арол.
Святы Ян заклікаў хрысціянаў любіць Пана і адзін аднаго, каб такім чынам выканаць закон Хрыста. Любоў да Бога і бліжняга ён прапаведуе ў трох сваіх пасланнях, якія ўвайшлі ў Новы Запавет, і сам з’яўляецца прыкладам любові.
Апостал Ян адышоў у вечнасць каля 100 г. Лічыцца, што ён — адзіны з апосталаў, які памёр сваёй смерцю. На абразах св. Яна, апостала і евангеліста, найчасцей выяўляюць у пажылым узросце, з кнігай, анёлам або арлом. Часам яго выяўляюць маладым юнаком без барады, якім ён быў у часы зямнога жыцця Збаўцы.
Дыякан, адзін з семярых памочнікаў апосталаў у ерузалемскім Касцёле. Першы, хто прыняў мучаніцкую смерць за Хрыста, якая апісана ў Дзеях Апосталаў. Існуе вялiкае падабенства смерці Езуса і Стэфана — ілжывыя сведкі, смерць па-за горадам, адданне Езуса Айцу, а Стэфана — Езусу, прабачэнне забойцам. Культ святога распачаўся з IV стагоддзя, а яго імя ўзгадваецца ў Рымскім каноне.
Кастуля жыў у Рыме, быў камергерам (ці афіцэрам, камердынерам) імператара Дыяклетыяна і мужам Ірыны Рымскай.
Звернуты ў хрысціянскую рэлігію, ён даваў прытулак хрысціянам у сваім доме і ўладкоўваў рэлігійныя службы ў палацы імператара, таму што гэта было апошняе месца, якое рымскія ўлады сталі б абшукваць.
Са сваім сябрам Тыбуртыем ён звярнуў у хрысціянства шмат якіх мужчын і жанчыні. Адным часам прывёў іх да Папы Кая для хросту, але выраканец Торкватус здрадзіў Кастулі і той быў дастаўлены да Фабіяна, прэфекта горада.
Кастулю катавалі і пакаралі смерцю, закапаўшы жывым у пясчаным кар'еры. Паводле традыцыі, Ірына пасля перахавала цела. Пазней яна сама прыняла пакутніцкую смерць, каля 288 года нашай эры.
Сын польскага караля Казіміра Ягелончыка і каралевы Альжбеты, нарадзіўся 3 кастрычніка 1458 г. у Вавельскім замку, што ў Кракаве. Яго выхавацелем быў гісторык і кракаўскі катэдральны канонік Ян Длугаш. Казімір рана пачаў удзельнічаць у палітычным жыцці, але разам з тым вылучаўся надзвычайнай пабожнасцю. Ён штодзённа ўдзельнічаў у святой Імшы, шмат маліўся, здзяйсняў учынкі міласэрнасці.
Казімір выклікаў вялікую прыхільнасць ва ўсіх, хто яго ведаў. Памёр ад сухотаў 4 сакавіка 1484 г. у Гродне. Яго рэліквіі знаходзяцца ў віленскай катэдры. У 1602 г. Папа Клімент VIII кананізаваў яго, а ў 1950 г. Папа Пій XII абвясціў яго апекуном літоўскай моладзі.
Святая Тэрэза Вялікая або святая Тэрэза Іспанская (28 сакавіка 1515 — 4 кастрычніка 1582) — іспанская законніца, містычная паэтэса, доктар касцёла, рэфарматар ордэна кармелітак, заснавальніца ордэна «босых» кармелітак.
У кляштары Уцелаўлення ў Авілю, пасля васямнаццаці гадоў свайго жыцця ў ролі мала дбайнай манахіні, яна па-сапраўднаму прыйшла да Бога. Гэта здарылася, калі яна аднойчы затрымалася даўжэй, чым заўсёды, перад выявай Убічаванага Езуса. Менавіта тады Тэрэза зразумела, што, няхайна ставячыся да свайго жыцця, яна здраджвае свайго Настаўніка, здраджвае Хрыста.
Святой Тэрэзе з Авілю мы павінны быць удзячны за глыбокую рэфлексію над тым, што ў душы кожнага хрысціяніна жывуць тры Боскія Асобы. Гэта яна пісала, што, калі мы пражываем сваё жыццё ў прасторы паміж кахаючым нас Айцом і яго ўзлюбленым Сынам, то з упэўненасцю можам сказаць, што ёсць з намі і Святы Дух, які нават у самай складанай сітуацыі нашага жыцця падкажа, што нам рабіць. Будучы адоранай незвычайнымі містычнымі ласкамі, якія яна атрымоўвала падчас малітвы, святая Тарэса заўсёды заставалася паслухмянай сваім спаведнікам і духоўным настаўнікам. Нават калі спатыкалася з нецярпеннем і незразуменнем. Сярод яе спаведнікаў былі, між іншымі, езуіт cвяты Францішак Боргіяш і францішканін cвяты Петр з Алкантры. Пэўны час cвятая спавядалася ў святара, які быў вядомы захаваннем выклікаючым неахвоту ў вернікаў, аднак яна з такой верай расказвала яму аб сваіх самых дробных грахах, што прывяла яго да значных унутраных пераменаў, дзякуючы чаму, ён змог вярнуцца да вернасці, якую атрымаў у ласцы святарства.
Калі Тэрэза зразумела, што лепшым, а можа і адзіным, лекам для гінучага ад адсутнасці адзінства Касцёла будзе шлях да жыцця, цалкам прысвечанага Богу праз малітву, адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту, нішто ўжо не магло перашкодзіць ёй заснаваць наступныя Кармэлі (кляштары сясцёр кармэлітанак). У гэтай працы яе падтрымліваў святы Ян ад Крыжа, які правёў рэформу мужчынскай галіны Кармэлітаў. Першым кляштарам, які заснавала св. Тэрэза, быў Кармэль св. Юзафа ў Авілю. Іспанская святая была вялікай прыхільніцай св. Юзафа і менавіта праз яго заступніцтва прасіла аб патрэбных ласках, калі хварэла ці сустракалася з нейкімі цяжкасцямі. Гэта была вельмі жыццярадасная і рашучая ў сваёй дейнасці жанчына, якая жыла малітвай. Яна любіла спяваць песні народа Кастыліі, танцаваць з кастаньетамі ў руках. Святая мела выдатнае пачуццё гумару, старалася ніколі не наракаць на жыццё. Яна пісала цудоўныя вершы, якія і сення кранаюць сэрцы людзей сваёй глыбінёй. Так, у адной з паэм чытаем: "Que muero porque no muero", што значыць: ”я таму паміраю, што памерці не магу”, каб хутчэй спаткацца з Боскім Жаніхом, Езусам Змёртвыхпаўсталым. Расказала яна і аб самай вялікай сваёй таямніцы, аб сяброўстве з Езусам. “Той, для каго Хрыстос – Сябар і вялікадушны Правадыр, той усё зможа вытрымаць. Езус сам прыходзіць з дапамогай, дае сілы, не пакідае нікога, Ён сапраўдны і шчыры сябар. Я дакладна бачу, што гэта жаданне Бога, каб, калі хочам мы падабацца Богу і атрымоўваць ад Яго розныя ласкі, то каб атрымоўвалі іх праз Найсвяцейшую Чалавечнасць Хрыста, якую Бог упадабаў”.
Біскуп Вероны, лацінскі багаслоў і пісьменнік. Шануецца як праваслаўнай так і каталіцкай цэрквамі. Мошчы знаходзяцца ў Вероне ў базыліцы Сан-Дзено Маджорэ, сам святы лічыцца заступнікам горада;
Місіянер ордэна лазарыстаў, першы ардынар апостальскага вікарыята Абісініі і тытулярны біскуп Нілаполя.
Пад час сваёй дзейнасці ў Абісініі Юстын дэ Якобис шмат пераследаваўся з боку мясцовых улад. Нягледзячы на пераследы Юстын дэ Якобіс заснаўваў шматлікія каталіцкія місіі і школы на тэрыторыі сучасных Эфіёпіі і Эрытрэі, спрыяючы ўтварэнню будучай Эфіёпскай каталіцкай царквы.
Св. Вінцэнт нарадзіўся 21 красавіка 1795 года ў знатнай сям’і ў Рыме. Атрымаў добрую адукацыю. У 1820 годзе быў высвечаны на святара. Працягваў вывучаць багаслоўскія навукі. Атрымаў званне прафесара тэалогіі, а затым стаў рэктарам царквы ў Санта-Спірыта-дэі-Напалетанэ.
Затым яго жыццё склалася так, што ён пачаў чытаць Евангелле ў самых бедных раёнах Рыма. Ён разумеў, што менавіта там ён патрэбен.
У 1835 годзе Палоцці заснаваў Таварыства Каталіцкага Апостальства. У 1848 годзе на чале з ім была арганізвана жаночая галіна кангрэгацыі. Пасля смерці Вінцэнта прадстаўнікі гэтых супольнасцей назваліся ад прозвішча свайго заснавальніка: палатыны і палатынкі. Яны ставілі перад сабой такія мэты: навяртанне няверуючых, ажыўленне духоўнага жыцця і дабрачыннасць у дычыненні да маламаёмасных.
Памёр Вінцэнт 22 студзеня 1850 года ў Рыме. 20 студзеня 1963 года быў кананізаваны. Каталіцкі Касцёл успамінае Святога Вінцэнта 22 студзеня.
Святую Марыю дэ Маціяс, заснавальніцу Супольнасці Сясцёр Адаратарак Крыві Хрыста, сёстры-паслядоўніцы слушна называюць «жанчынаю авангарду», гэта значыць, тою, якая была здольная змяняць свет... І нездарма за галоўную справу свайго жыцця, якую сама называла «справаю Божаю», яна абрала выхаванне дзяўчат і фармацыю жанчын, каб выклікаць у іх прагу да рэалізацыі прыгожага жаночага паклікання — змянення свету праз мацярынства, выхавальніцкую працу, паглыбленне веры ў сваёй сям’і і сваім атачэнні.
Марыя дэ Маціяс нарадзілася 4 лютага 1805 года ў Італіі, у горадзе Валекорсе, дзе жыццё ў той час няспынна ўскладнялася рознымі палітычнымі сутычкамі і разбоем. У 9 гадоў дзяўчынка стала сведкаю жорсткага забойства некалькіх чалавек на плошчы перад святыняю. У гэтай разаніне загінуў таксама хросны бацька маленькай Марыі. Усё гэта не магло прайсці бясследна для чулай дзіцячай душы.
Любоў да Бога і бліжніх у дзяўчынцы развіваў яе бацька, Джавані дэ Маціяс, які быў глыбока духоўным чалавекам. Дзякуючы яму Марыя з дзяцінства мела вялікі містычны вопыт малітвы.
Вырашальнаю ў жыцці Марыі дэ Маціяс стала сустрэча з місіянерам Найдаражэйшай Крыві Хрыста Касперам дэль Буфало, які ў 1822 годзе разам з іншымі канонікамі прыехаў у Валекорс для правядзення місій. Марыя настолькі шчыра адкрылася на яго казанні, што ёй здавалася, быццам Каспер дэль Буфало звяртаецца менавіта да яе, паказваючы Крыж і апавядаючы пра Любоў, дзеля якой Хрыстус праліў сваю Кроў. Неаднойчы дзяўчына адчувала жаданне падысці да Каспера і пагутарыць з ім, але была перакананая, што ён заняты больш важнымі справамі.
Праз два гады ў гарадок прыехаў іншы місіянер, Джавані Мерліні, каб праводзіць духоўныя практыкаванні з вернікамі ў часе Вялікага посту. На гэты раз Марыя набралася адвагі і падышла да яго, каб выказаць хваляванні свайго сэрца, моцнае жаданне місіянерстваваць, ушаноўваючы такім чынам пралітую Кроў Хрыста. Разважлівы айцец Джавані даў дзяўчыне выпрабавальнае заданне — даручыў ёй групу Дачок Марыі, што ўзнікла ў час місій. Дзяўчына з энтузіязмам узялася не толькі за гэтую справу, яна бегала па ўсім гарадку, збіраючы дзяўчат і жанчын і просячы святара аб тым, каб ён даў ім месца для сустрэчы. Дзевятнаццацігадовая Марыя была поўная творчай энергіі і новых ідэй, яна дарэшты аддавала сябе служэнню людзям, прыслухоўваючыся да парадаў а. Джавані Мерліні, які больш чым на 40 гадоў стаў яе духоўным кіраўніком.
У 1827 годзе, у надзвычай цяжкі для сям’і момант, калі бацька дзяўчыны, бурмістр горада, быў абвінавачаны ў змове з бандытамі і страціў працу, з-за чаго сям’я апынулася ў ганебным становішчы і ў цяжкіх матэрыяльных умовах, Марыя дэ Маціяс паступіла ў навіцыят Пабожных Настаўніц Трынітарак, каб стаць бліжэй да сваёй мэты — манаскага жыцця і выхавальніцкай працы. Школы для дзяўчат на той час былі нязвыклаю з’яваю ў грамадстве, Марыя ж марыла мець уласную школу, у якой навучалі б не толькі тым дысцыплінам, што могуць прыдацца ў вядзенні штодзённых справаў, але і хрысціянскім асновам жыцця. Мара будучай святой ажыццявілася ў 1834 годзе, калі Марыя паехала працаваць у горад Акута, з якім звязана ўсё яе далейшае жыццё.
Марыя была незвычайнаю настаўніцаю: вакол яе хутка групавалася ўся моладзь, і нават мужчыны, перад якімі яна, паводле тагачасных звычаяў, не магла выступаць, пакрыёма слухалі яе катэхезы. Паступова ў Марыі выспела мара пра заснаванне манаскай супольнасці, якая не толькі займалася б выхаваннем дзяўчат, але была б таксама цэнтрам фармацыі і духоўнасці. На шляху да рэалізацыі гэтага плану Марыя сутыкалася з вялікімі цяжкасцямі, якія, здавалася, разбуралі ўсё, што было ўжо зроблена. Аднойчы сёстры засталіся без даху над галавою і жылі ў страху за распачатую справу Божую. Але трэба было ўмець захоўваць спакой у час пакутаў і выпрабаванняў — у гэтым і выяўляецца давер да Божага Провіду...
Нягледзячы на цяжкія ўмовы і перашкоды, Марыя дэ Маціяс заснавала супольнасць, дух і харызму якой адчула яшчэ ў юнацтве, уражаная казаннямі Каспера дэль Буфало, — Супольнасць Сясцёр Адаратарак Крыві Хрыста. Як і з самага пачатку, так і цяпер сёстры выконваюць розную працу: акрамя выхавання дзяўчат, яны дапамагаюць у шпіталях і займаюцца рознаю парафіяльнаю дзейнасцю. Аднолькаваю ва ўсе часы застаецца матывацыя сясцёр: кожная іх справа павінна ажыццяўляцца дзеля ўшанавання Крыві Хрыста. У малітоўнай практыцы сёстры практыкуюць адпаведныя набажэнствы: Ружанец да Крыві Хрыста, Навэнну, Крыжовы шлях, Сем ахвяраванняў Крыві Хрыста, літанію і інш.
Адаратаркі захоўваюць у памяці аповеды пра цуды, якія былі ўчыненыя дзякуючы Марыі дэ Маціяс. Так, яшчэ пры жыцці святой адзін хлопчык моцна параніў палец падчас працы. Марыя апрацавала і перавязала рану, а калі дзіця вярнулася дадому і разам з матуляй спрабавала замяніць павязку, выявілася, што палец зусім здаровы. Гэтакім жа цудоўным чынам Марыя выратавала сясцёр, калі ў іх скончылася вада ў студні, — і да нашага часу гэтая студня застаецца невычарпальнаю...
Разам з памяццю пра гэтыя цуды сёстры адаратаркі стараюцца пераймаць ад старэйшых сясцёр і ад сваёй заснавальніцы энтузіязм і далікатнасць у працы з людзьмі, быць душою супольнасці, захавальніцамі веры... Менавіта праз гэта жанчына можа змяняць свет да лепшага...
Марыя дэ Маціяс памерла ў Рыме 20 жніўня 1866 года. Пасмяротны культ Марыі паслужыў падставаю для беатыфікацыйнага працэсу. 1 кастрычніка 1950 года Папа Пій ХІІ абвясціў яе благаслаўлёнаю, а 18 мая 2003 года Марыя дэ Маціяс была кананізаваная. Вернікі ўсяго свету звяртаюцца да святой з просьбамі аб заступніцтве ў справах, якія датычацца шчасця сям’і і айчыны, а таксама з малітвамі аб аздараўленні.
Пасвечаны ў сан святара ў 1863 годзе, у сан біскупа — у 1876 годзе.
Місіяй заснаваных ім арганізацый была пастырская дапамога мігрантам у партах адплыцця і прыбыцця судоў пад час масавай італьянскай эміграцыі на мяжы XX стагоддзя.
Заснаваў каталіцкі рух «Каталіцкая Акцыя», жаночую манаскую кангрэгацыю «Сёстры міссіянеркі Карла Барамеа».
Паходзіў з Уладзіміра Валынскага, з мяшчанскай сям’і. Нарадзіўся каля 1580 года. Юнаком па жаданні бацькоў накіраваўся ў Вільню, каб авалодаць прафесіяй купца. У Вільні ён сутыкнуўся з руплівымі духоўнікамі і ўключыўся ў інтэнсіўнае жыццё і справы маладой уніі. У 1604 годзе прыняў базыліянскі хабіт, а пазней — пасвячэнні пераддыяканату і дыяканату. Адначасова распачаў тэалагічнае служэнне, а ў 1609 годзе прыняў святарскія пасвячэнні і быў прызначаны апекуном навіцыяту.
У гэты час ён ужо апынуўся на першай лініі барацьбы, якая завязалася паміж абаронцамі і праціўнікамі уніі. Дзякуючы сваёй стараннасці быў празваны «душахватам». Настаяцелі давяралі яму новыя, усё больш адказныя пасады і працу. У 1613 годзе быў прызначаны архімандрытам у касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Вільні, а ў 1617 годзе атрымаў прызначэнне на месца полацкага каад’ютара. Неўзабаве памёр бродніцкі арцыбіскуп, і Язафат прыняў кіраванне на тэрыторыі велізарнай дыяцэзіі. Дзякуючы стараннаму служэнню было шмат навяртанняў, але ўсё больш з’яўлялася праціўнікаў яго дзейнасці, якімі кіраваў Мялецій Сматрыцкі.
Падчас візіту арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча на сейм у Варшаву на тэрыторыі яго дыяцэзіі пачаліся хваляванні. Пасля вяртання з Варшавы, у часе аднаго з такіх хваляванняў 12 лістапада 1623 г. у Віцебску, дайшло да дэманстрацыі перад яго домам. Калі арцыбіскуп выйшаў, каб супакоіць натоўп, два чалавекі напалі на яго, а іншы дабіў яго стрэламі ў галаву. Цела арцыбіскупа ўтапілі ў Дзвіне. Беатыфікацыю здзейсніў Папа Урбан VIII у 1642 г., а кананізацыю — Папа Пій XI у 1867 г. Рэліквіі, знойдзеныя ў 1916 г. у Белай Падляскай, былі перавезены ў Вену, а потым — у базыліку св. Пятра ў Рыме, дзе і захоўваюцца. Святы Язафат Кунцэвіч з’яўляецца галоўным апекуном Віцебскай дыяцэзіі.
Успамін 12 лістапада.
Святы Юзаф Каласанс (1557 — 25 жніўня 1648) — каталіцкі святар, заснавальнік ордэна піяраў.
Нарадзіўся ў Іспаніі, у мясцовасці Перальта-дэ-ла-Саль, у Каралеўстве Арагон. Распачаў навучанне ў калегіі ў Эстадзіла, пасля вывучаў права і філасофію ва ўніверсітэце ў Лерыда. Працягваў навучанне ў Валенсіі і Алькала-дэ-Генарэс.
У 1583 атрымаў святарскія пасвячэнні і распачаў душпастырскую працу. Спачатку — у якасці сакратара пры біскупе Каспара дэ ля Фігуэра, потым — як канонік Капітулы ва Ургелі, пробашч і эканом біскупа Андрэя Капілла.
Пасля абароны доктарскай дысертацыі ў галіне тэалогіі ў 1592 Юзаф дэ Каласанс накіраваўся ў Рым. Яго мэтай было атрыманне касцёльнага бенефіцыя. Аднак тут ён кардынальна змяняе свае планы. Прычынай былі асабістыя, унутраныя перажыванні. Вандруючы па бедным гарадскім раёне за Тыбрам, Іосіф дэ Каласанс сутыкнуўся з сумным лёсам дзяцей, якія не мелі магчымасці вучыцца і лічыліся адкідамі грамадства. Каласанс вырашыў, што не вернецца ў Іспанію, а займецца гэтымі дзецьмі.
У 1597 ўзнікла першая ў Еўропе бясплатная пачатковая школа, адчыненая для ўсіх, школа без абмежаванняў, даступная для дзяцей розных веравызнанняў, нацыянальнасцей і культур. Каласанс працаваў як настаўнік, выхавальнік, адміністратар. Да гэтай дзейнасці далучаюцца неўзабаве многія людзі, яны разам ствараюць супольнасць. Справа школаў развіваецца хутка і дынамічна — каралі шматлікіх грамадстваў, князі і мясцовыя рады звяртаюцца да Каласанса з просьбай прыслаць для працы братоў-манахаў. Школы ствараюцца ўжо не толькі ў Італіі ці Каралеўстве Неапаль, але таксама на Сіцыліі, Маравіі, у Польшчы, Іспаніі, у Германіі.
Апошнія гады жыцця Юзафа Каласанса былі сумнымі. Апостальская візітацыя (у выніку нявысветленых да канца абставін) прывяла да скасавання ордэна. Памёр Юзаф Каласанс ноччу з 24 на 25 жніўня 1648. Праз 8 гадоў ордэн быў адноўлены.
У 1748 Юзаф Каласанс беатыфікаваны, яшчэ праз нейкі час — кананізаваны. У 1948 Папа Пій XII абвяшчае яго "апекуном хрысціянскіх агульнаадукацыйных школ ва ўсім свеце".
Святы айцец Станіслаў Папчынскі, плануючы заснаваць Кангрэгацыю айцоў марыянаў, хацеў, каб дзейнасць супольнасці была падпарадкавана тром мэтам, якія з’яўляюцца харызмай канкрэтнай кангрэгацыі.
У свамі творы «Норма вітэ» («Правілы жыцця») наш заснавальнік так акрэслівае напрамкі дзейнасці айцоў і братоў марыянаў: 1) распаўсюджваць культ Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі 2) маліцца за памерлых, якія знаходзяцца ў чыстцы 3) дапамагаць пробашчам у душпастырскай дзейнасці.
Беззаганнае Зачацце
Святы а. Станіслаў прыняў ласку заснавання новай манаскай супольнасці як дар Духа Святога для дабра Касцёла. Тое, як ён прымаў таямніцу Хрыста і Касцёла, прывяло яго да марыйнага шляху ў хрысціянскім жыцці, на якім ён абраў асаблівае святло — таямніцу Беззаганнага Зачацця Маці Божай.
На чым грунтуецца гэтая таямніца жыцця Марыі? Касцёл бачыць у Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі Яе свабоду ад першароднага граху і яго наступстваў ужо з моманту Яе зачацця. Так адбылося дзякуючы моцы асаблівай ласкі і прывілею Усемагутнага Бога. Гэты дар з’яўляецца выразам любові Бога і Яго міласэрнасці. Марыя была захавана ад першароднага граху дзякуючы будучым заслугам смерці Хрыста. Змест гэтай таямніцы паказвае не толькі дагматычную праўду веры, але таксама жывы ўзор хрысціянскай дасканаласці тут, на зямлі.
Наш заснавальнік жыў у XVII стагоддзі. Як вядома, дагмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі быў абвешчаны 8 снежня 1854 года Святым Айцом Піем ІХ. У часы айца Станіслава сярод тэологаў існавалі дзве тэндэнцыі: адны пярэчылі гэтай праўдзе, іншыя яе прымалі. У такім кантэксце а. Станіслаў прымае паставу абаронцы таямніцы Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Наш заснавальнік выразна адзначаў, што асноўнай харызмай закладзенай Кангрэгацыі з’яўляецца распаўсюджванне культу Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Якім чынам, на яго думку, гэта павінна адбывацца? Найперш адданасць харызме бачная ў назве заснаванай ім манаскай супольнасці — Кангрэгацыя Айцоў і Братоў Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Далей — малітва. Штодзённым абавязкам з’яўлялася малітва Гадзінкамі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі і цэлым Ружанцам.
Знешнім выразам культу гэтай таямніцы стаў белы габіт. У якасці ўзору для яго быў абраны габіт айцоў піяраў. Чаму? Спачатку а. Станіслаў належаў да Ордэна Пабожных Школ, але праз пэўны час яе пакінуў. Падчас аднаўлення нашай супольнасці бл. Юрый Матулевіч у 1909 г., зыходзячы з гістарычнага кантэксту, атрымаў дазвол Апостальскай Сталіцы і замяніў белы габіт на чорную сутану. І так ёсць да сёння.
Іншым элементам распаўсюджвання культу Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, паводле нашага Заснавальніка, з’яўляецца наследаванне цнотаў Марыі ў штодзённым жыцці. Айцец Станіслаў казаў, што ніхто не ўбачыць Марыю ў небе, калі не будзе наследаваць Яе на зямлі. Ён пісаў, што жыццё Марыі павінна быць школай жыцця для ўсіх.
Малітва за памерлых
Святы Станіслаў ў Канстытуцыі Кангрэгацыі кажа аб тым, што марыяне па меры сваіх сіл старанна і пабожна павінны дапамагаць малітвай памерлым, якія знаходзяцца ў чыстцы, асабліва салдатам і тым, хто памёр ад чумы.
Можна вылучыць некалькі фактараў, якія паўплывалі на з’яўленне ў сэрцы нашага Заснавальніка ідэі дапамагаць церпячым у чыстцы.
У часы а. Станіслава існавала цесная сувязь паміж марыйнай пабожнасцю і малітвай за памерлых. Гэтая сувязь выразна бачная ў Гадзінках аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі: кожная гадзіна заканчваецца малітвай за памерлых.
Грамадска-палітычная сітуацыя Польшчы ў XVII стагоддзі — гэта шматлікія войны, прыродныя катаклізмы, розныя эпідэміі і хваробы, голад.
Містычны досвед — заснавальнік некалькі разоў меў бачанне чыстца. Мелі месца і дыскусіі з пратэстантамі, якія адмаўлялі існаванне чыстца. Падаючы гэтыя гістарычныя факты, хацеў паказаць крыніцы эсхаталагічнай харызмы ў духоўнасці нашай Кангрэгацыі.
Святога а. Станіслава можна назваць заступнікам памерлых і слугою канаючых. Чаму? Ён асабістым прыкладам паказвае важнасць малітвы за памерлых. Свае хваробы, працы, цярпенні, пост, розныя цялесныя ўстрыманні ён ахвяроўваў за памерлых.
У гэтым яго яшчэ больш пераконвалі містычныя бачанні чыстца, калі ён, дзякуючы Божай ласцы, трапляў туды і бачыў цярпенні памерлых. Ён заахвочваў дапамагаць не толькі памерлым, але і людзям, якія ў выніку пэўных акалічнасцяў знаходзяцца ў небяспецы смерці.
Наш заснавальнік называў дапамогу памерлым выключнай міласэрнасцю і найвышэйшым праяўленнем любові да бліжняга.
Марыя Тэрэза Гарэцці нарадзілася 16 кастрычніка 1890 г. у гарадку Карынальда, у беднай сям’і. Яе хрысцілі на наступны дзень пасля народзінаў.
Калі Марыі споўнілася 6 гадоў, бацька загадаў маці навучыць дачку паслухмянасці, малітвам, любові да Бога і Яго Святой Маці. Калі Марыі было 8 гадоў, уся сям’я пераехала на Пантыйскія Балоты. Бацька Марыі, яго кампаньён Сэрэнэлі і шаснаццацігадовы сын апошняга, Алесандро, уладкаваліся на працу ў графа Мазаліні. Марыетту, як яе часцей за ўсё называлі, усе любілі і шанавалі.
Бацька Марыі, Луіджы, сур’ёзна захварэў, ён падхапіў брушны тыф, малярыю, запаленне мазгавых абалонак, пнеўманію. Перад смерцю мужа Асунта правяла каля яго ложка 10 дзён. Дзесяцігадовая Марыя ўзяла на сябе гатаванне ежы, пакупкі і турботы аб малодшых дзецях. Пасля смерці Луіджы, Марыі прыйшлося ўзяць на сябе ролю «маці» і выконваць абавязкі гаспадыні ў сям’і Сэрэнэлі.
Вясной 1902 г. Марыя рыхтавалася прыняць Езуса ў Эўхарыстыі. У маі святар праэкзамэнаваў яе і прызнаў, што яна вельмі добра падрыхтавалася. Але дзяўчынка не магла купіць сабе белую сукенку, пацеркі і замест гэтага раніцай 29 мая прыбралася ў тое, што ёй ахвяравалі суседзі.
На працягу чэрвеня да Марыі два разы заляцаўся Алесандро Сэрэнэлі. Двойчы ён нават прыгразіў, што заб’е яе, калі яна каму-небудзь раскажа. На працягу ўсяго месяца Марыя старалася знаходзіцца як мага далей ад яго. Раніцай 5 ліпеня 1902 г. Гарэцці і Сэрэнэлі працавалі ў полі. Пасля абеду Сэрэнэлі заснуў, а астатнія вярнуліся ў поле. Марыя сядзелa на ганку і чыніла адзенне, прыглядаючы за маленькай сястрычкай. Іншыя дзеці былі разам з маці. Алесандро саступіў Асунце месца пры першай пары валоў і вярнуўся дамоў. Прайшоў каля Марыі ў свой пакой. Потым зноўку з’явіўся з хусткай у руках і спусціўся ў кладоўку, дзе, як пазней высветлілася, затачыў нож. Пасля зноў вярнуўся ў дом і паклікаў Марыю. Але яна адмовіла. Ён выйшаў на ганак і зацягнуў Марыю ў дом. Яму не хапіла смеласці дакрануцца да цела дзяўчынкі. Тады ён нанёс ёй 14 ран нажом. Ніхто не чуў крыкаў Марыі, бо ўсе былі ў полі. Калі знайшлі Марыю, прыехаў мясцовы ўрач. Калі ён перавязваў раны Марыі, яна крычала ад болю і час ад часу паўтарала: «Ах, Алесандро, які ж ты няшчасны! Ты патрапіш у пекла!»
Таму ж святару, які даваў Марыі Першую Камунію, давялося даць і апошнюю. Перад тым як даць ёй віятык, ён спытаў, ці ўсім сэрцам яна прабачае забойцу. «Так, я таксама, у імя любові да Езуса, прабачаю яго і жадаю, каб ён быў са мной у раі… Няхай Пан Бог яму даруе, таму што я ўжо гэта зрабіла», — адказала Марыя. Яна памерла 6 ліпеня.
Суд над Алесандро пачаўся 16 кастрычніка 1902 г. Яго прыгаварылі да 30 гадоў зняволення. У вязніцы ён правёў 8 гадоў без ніякіх прыкметаў пакаяння. Але аднойчы ноччу яму прыснілася Марыя Гарэцці, якая стаяла сярод поля, поўнага кветак, і працягвала яму белыя лілеі. 10 лістапада 1910 г. ён напісаў ліст біскупу, у якім прасіў прабачэння за свой учынак. У 1937 г., у вігілію Божага Нараджэння, Алесандро прыйшоў да Асунты, каб ад яе пачуць, што Марыя яму даравала.
Папа Пій Х прадставіў Марыю як прыклад праўдзівай адданасці Пану Богу — прыклад, які павінен натхняць моладзь. У 1947 г. папа Пій ХІІ далучыў Марыю да ліку благаслаўлёных. Яе кананізацыя адбылася 25 чэрвеня 1950 года.
Зыгмунт Шчэнсны нарадзіўся ў 1822 годзе ў Ваюціне на Валыні. Выхоўваўся ў рэлігійна-патрыятычнай атмасферы, з маленства ўшаноўваў і любіў Маці Божую. Паступіў у духоўную семінарыю і ў 1855 годзе прыняў святарскае пасвячэнне ў Санкт-Пецярбургу.
У 1857 г. заснаваў Кангрэгацыю сясцёр францішканак Сям’і Марыі, якой даручыў апеку над дзецьмі, хворымі і старымі.
Памёр у Арцыбіскупскім палацы ў Кракаве 17 верасня 1895 г. Арцыбіскуп Зыгмунт Шчэнсны Фелінскі быў беатыфікаваны 18 жніўня 2002 г. св. Янам Паўлам ІІ у Кракаве. Кананізацыю ў кастрычніку 2009 г. здзейсніў Папа Бэнэдыкт XVI.
Святая сястра Фаустына вядомая як найвялікшая прапаведніца Божай міласэрнасці. Яе “Дзённік” прыгадаў свету аб біблейскай праўдзе любові Госпада да чалавека і аказаў уплыў на шматлікія лёсы людзей. Што мы ведаем пра Божую абранніцу? Хто яна?
Сястра Фаустына нарадзілася 25 жніўня 1905 года ў вёсцы Глаговец (Польшча) у сям’і Мар’яны і Станіслава Кавальскіх. Была трэцім з дзесяцёра дзяцей. Праз два дні пасля нараджэння была ахрышчана, атрымала імя Хэлена.
Выхоўвалася ў сям’і, дзе жыццё вызначаў Бог. У доме Кавальскіх меўся маленькі алтар з металічным распяццем і дзвюма фаянсавымі фігуркамі – Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі. Маці з малых гадоў вучыла дзяцей праўдам веры. Рыхтавала іх да Першай святой Камуніі. Бацька зачытваў дзецям біяграфіі святых. Ранкам будзіў іх спевам рэлігійных песень, а па вечарах збіраў усю сям’ю на малітву.
Як успамінала маці, Хэлена моцна любіла маліцца. Нават ноччу ўставала і схіляла калені. Казала: “Матуля, мяне, напэўна, анёл будзіць, каб я не спала, а малілася”. Дзяўчынка з дзяцінства была чуллівай. Заўважала вакол сябе бедных людзей, імкнулася ім дапамагчы. Аднойчы надзела старое матчына адзенне і пад выглядам жабрачкі ха-дзіла з дома ў дом. Сабраныя грошы перадала праз мясцовага пробашча патрабуючым. Усе любілі і паважалі Хэлену. Яна была працавітай і добрай, вясёлай і ветлай, пакорнай і ціхай, “абранай і самай лепшай з дзяцей”, – узгадвала маці.
З ранніх гадоў дзяўчынка шмат распавядала дзецям пра святых, паломнікаў і пустэльнікаў, аб якіх даведвалася з кніг. “Казала нам, – успамінаў брат Станіслаў, – што калі вырасце, пойдзе ў манастыр, а мы смяяліся над гэтым. Мы не разумелі яе”.
Сваё пакліканне да службы Богу маленькая Хэлена адчула яшчэ ва ўзросце 7 гадоў. Скончыла няпоўныя тры класы школы. Каб дапамагчы сям’і, працавала ў багатых людзей.
У 16-гадовым узросце Хэлена папрасіла дазволу бацькоў уступіць у манастыр. Хоць Кавальскія і былі богабоязнымі людзьмі, ім не хацелася аддаваць сваё лепшае дзіця. Бацькі не пагадзіліся, спаслаўшыся на адсутнасць грошай на пасаг. Ва ўзросце 18 гадоў Хэлена паўторна звярнулася з той жа просьбай, і яны зноў адмовілі. Дзяўчына аддалася марнаму жыццю. Але душа яе ні ў чым не знаходзіла радасці.
“Пэўнага разу, – успамінае сястра Фаустына ў сваім «Дзённіку», – я была з адной са сваіх сясцёр на балі. Пакуль усе цудоўна забаўляліся, мая душа адчувала ўнутраныя пакуты. Пачаўшы танцаваць, я раптам убачыла паблізу сябе Езуса, змучанага, пазбаўленага адзення, усяго пакрытага ранамі, які сказаў мне наступныя словы: «Колькі яшчэ Я буду мірыцца з табою, і колькі яшчэ ты будзеш Мяне падманваць?»” (Дз. 9). Усхваляваная, Хэлена цвёрда вырашыла ўступіць у манастыр. “Наколькі магла, я адкрыла сястры тое, што адбылося ў маёй душы, загадала ёй перадаць маё «бывайце» бацькам і так, у адной сукенцы, без усяго, прыехала ў Варшаву” (Дз. 10).
Увайшла ў першы касцёл, які ўбачыла, і стала маліцца аб далейшай волі Божай. Пасля св. Імшы падышла да святара і адкрылася яму. Ксёндз накіраваў дзяўчыну да адной набожнай жанчыны, каб спынілася ў яе да той пары, пакуль не паступіць у манастыр. На працягу года Хэлена працавала памочніцай у доме, каб зарабіць сабе на сціплы манаскі пасаг. 1 жніўня 1925 года паступіла ў Кангрэгацыю Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. “Я адчувала сябе незвычайна шчаслівай, мне здавалася, што я ўступіла ў райскае жыццё. З сэрца майго вырывалася толькі падзячная малітва” (Дз. 17).
Праз некалькі тыдняў знаходжання ў манастыры настаяцельніца адправіла Хэлену ў Скалімаў для падтрымання здароўя, падарванага з-за практыкаваных у доме і на службе суровых пастоў, а таксама з-за духоўных перажыванняў адносна новага парадку жыцця. Настаўніца пастулята ўзгадвала, што Хэлена мела сваё асаблівае ўнутранае жыццё і, напэўна, з’яўляецца “мілай Госпаду Езусу душачкай”.
Пастулянтка-аднагодка сястра Шымона Налевайк захаплялася Хэленай, бо “ўсе заўвагі або знявагі яна прымала з пакорнасцю”.
Манаскае пасвячэнне адбылося 30 красавіка 1926 года. Падчас урачыстасці дзяўчына двойчы страчвала прытомнасць. Бог даў сястры пазнаць, як шмат ёй патрэбна будзе выпакутаваць. Яна ясна ведала, на што ідзе. Пасля чаго Бог зноў напоўніў яе душу радасцю. Хэлена атрымала новае імя – Марыя Фаустына.
Радасць сястры крыху згасла ў канцы першага года навіцыята, калі пачаўся перыяд балючага духоўнага вопыту. “Аднойчы ўва мне з’явілася думка аб тым, што я адрынута Богам. Гэтая страшная думка наскрозь працяла маю душу, ад гэтых пакут мая душа стала паміраць. Я хацела памерці, але не магла” (Дз. 23). Настаўніца навіцыята падтрымала сястру і растлумачыла, што праз гэтыя выпрабаванні Бог Айцец падрыхтоўвае яе душу да мацнейшага яднання з Ім.
Першыя манаскія абяцанні сястра склала 30 красавіка 1928 года. На ўрачыстасць прыбылі бацькі. Падчас сустрэчы сястра Фаустына сказала бацьку: “Той, каму я дала абяцанне, мой муж і твой зяць”. Гэты аргумент і шчасце дачкі пераканалі бацькоў, і яны больш не пярэчылі таму, каб яна жыла ў манастыры.
1 мая 1933 года сястра Фаустына склала вечныя манаскія абяцанні. Падчас урачыстасці яна даручала Езусу ўвесь святы Касцёл, сваю Кангрэгацыю, сям’ю, усіх грэшнікаў, паміраючыя і пакутуючыя ў чысцы душы. Дзякавала за неспасціжны гонар нявесты Хрыста і прасіла ў Маці Божай асаб-лівай апекі. З таго моманту зносіны сястры Фаустыны з Богам былі вельмі блізкімі, якімі да гэтага часу ніколі не былі.
У Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці сястра Фаустына пражыла 13 гадоў. Служыла ў Кракаве, Варшаве, Плоцку і Вільні. Працавала на кухні, у краме пры пякарні, у агародзе і пры манастырскай прыёмнай. Хварэла на сухоты лёгкіх і стрававода, таму больш за 8 месяцаў знаходзілася на лячэнні. Усе цярпенні (не толькі звязаныя з хваробай) пераносіла як добраахвотную ахвяру за грэшнікаў. Памерла ва ўзросце 33 гадоў 5 кастрычніка 1938 года ў манастыры ў Кракаве-Лагеўнікі. Да сённяшняга дня там знаходзяцца яе мошчы. У дзень свята Міласэрнасці 18 красавіка 1993 года папа Ян Павел II беатыфікаваў сястру Фаустыну, а 30 красавіка 2000 года прылічыў яе да ліку святых каталіцкага Касцёла.
5 цікавых фактаў:
1. Праз некалькі тыдняў пасля ўступлення ў манастыр манахіня перажыла спакусу перайсці ў іншую кангрэгацыю, бо мела мала часу на малітву. Увечары пайшла ў келлю і, лежачы крыжам, убачыла спакутаваны твар Езуса. Яна спытала: “Хто прычыніў Tебе такі боль? – Tы Мне прычыніш такі боль, калі выйдзеш з гэтага Ордэна. Сюды Я цябе паклікаў, а не куды-небудзь яшчэ, і падрыхтаваў мноства ласкаў для цябе” (Дз. 19). Сястра папрасіла прабачэння ў Хрыста і ў той жа момант змяніла прынятае рашэнне.
2. Пры жыцці манахіня была ўзнагароджана вялікімі Божымі ласкамі: дарам сузірання, бачаннямі, адкрыццямі, утоенымі стыгматамі, дарам прароцтва і “чытаннем” у душах людзей, дарам містычных заручын.
3. Калі ў манастыры стала вядома пра аб’яўленні сястры Фаустыны, іншыя сёстры пачалі скептычна ставіцца да яе: адны папярэджвалі, каб яна не паддавалася ілюзіям, іншыя прыгаворвалі, што яна істэрычка і выдумшчыца, а некаторыя з павагай казалі, што яна, па ўсёй верагоднасці, блізкая Езусу, калі з такім спакоем пераносіць столькі пакут.
4. Сястра засталася незадаволенай напісаннем абраза Езуса Міласэрнага. Вярнуўшыся ў манастырскую капліцу, яна паскардзілася Хрысту: “Хто Цябе напіша такім выдатным, якім Ты ёсць? У адказ пачула: Не ў харастве фарбаў або пэндзля заключаецца веліч гэтага абраза, а ў Маёй ласцы” (Дз. 313).
5. “Дзённік”, вядомы сёння ва ўсім свеце, сястра Фаустына вяла апошнія 4 гады жыцця.
Сям’я Вайтылы жыла даволі сціпла. Караль Вайтыла быў вельмі здольным хлопцам. Яшчэ ў дзяцінстве будучы Папа перажыў смерць самых блізкіх людзей — памерла яго маці і брат, а ў 1941 годзе памёр і яго бацька. У гэтым жа годзе Караль Вайтыла, які ўжо быў тады студэнтам факультэта польскай філалогіі Ягелонскага ўніверсiтэта, што ў Кракаве, кінуў вучобу і пайшоў працаваць на фабрыку. У 1943 годзе будучы Папа нечакана кінуў тэатр і вырашыў вывучаць тэалогію ў некалькіх падпольных навучальных установах. Пасля заканчэння вайны Вайтыла працягнуў вучобу ў Рыме і стаў святаром.
У 1963 годзе Караль Вайтыла быў прызначаны архібіскупам Кракаўскім, а праз 4 гады атрымаў тытул кардынала.
У 1978 г. урачыста распачаўся пантыфікат Вялікага Папы Яна Паўла II, які доўжыўся 27 гадоў і быў адным з самых працяглых пантыфікатаў у гісторыі Каталіцкага Касцёла.
Памёр у 2005 г.
У асобе Яна Паўла ІІ, яго вучэнні і святасці Касцёл і вернікі атрымалі вялікі дар, якім павінны жыць, а таксама натхняцца ў прыняцці новых выклікаў, якія з’яўляюцца перад імі.
Гэты каталіцкі святар, які нарадзіўся на Падляшшы і быў капеланам рабочых, звязаным з незалежным прафсаюзам «Салідарнасць», 29 кастрычніка 1984 года быў забіты супрацоўнікамі службы бяспекі камуністычнай Польшчы. У 2009 годзе Папа Бэнэдыкт XVI абнародаваў дэкрэт аб яго мучаніцтве, а ў чэрвені 2010 года ксёндз Ежы Папялушка быў абвешчаны благаслаўлёным.
«Падумай, які сэнс мае тваё жыццё, твая праца, твае клопаты, твая маёмасць, усё, што ты робіш. Падумай, што з’яўляецца істотнай і непрамінальнай каштоўнасцю ў тваім жыцці», — гэтыя словы ксяндза Ежы Папялушкі, прамоўленыя ім падчас казання ў Першую нядзелю Вялікага посту 1984 года, прагучалі на інаўгурацыі Года памяці з нагоды 40-годдзя з часу выкрадання і мучаніцкай смерці святара.
Ксёндз Міхал Сапоцька быў далучаны да ліку благаслаўлёных 28 верасня 2008 года.
Урачыстася беатыфікацыя адбылася на плошчы каля касцёла Божай Міласэрнасці ў Беластоку.
Нарадзіўся ў 1888 г. у Ашмянскім павеце (цяпер Валожынскі раён). Нягледзячы на цяжкія бытавыя ўмовы, бацькі паклапаціліся пра пачатковую адукацыю сына.
Вучыўся ў народнай школе ў Забрэззі, дзе часта ўдзельнічаў у набажэнствах у парафіяльным касцёле. Амаль кожны дзень прыслугоўваў на св. Імшы, у нядзелю спяваў разам з арганістам. Сапраўдны святарскі прыклад тагачаснага забрэзскага пробашча кс. Яна Куніцкага, яго палымяныя казанні, апостальская стараннасць і клопат пра належны Божы культ мелі вялікі ўплыў на Міхала, ажывілі ў ім жаданне стаць святаром, якое ён меў з дзяцінства.
Першыя гады святарскага служэння кс. Міхала Сапоцькі праходзілі паблізу Ашмянаў.
У Беластоку кс. Міхал працаваў амаль 30 гадоў жыцця, выкладаў у архідыяцэзіяльнай Вышэйшай духоўнай семінарыі, вёў інтэнсіўную акцыю цвярозасці, арганізаваў шэраг месячных і гадавых катэхетычных курсаў для законных сясцёр і свецкіх, чытаў адкрытыя лекцыі на рэлігійную тэму.
Міхал Сапоцька памёр у 1975 годзе ў гэтым горадзе, і там спачываюць яго рэліквіі.
Польскі ксёндз. Арыштаваны напачатку Другой сусветнай вайны. Гестапа зняволіла Стэфана ў некалькіх канцлагерах.
У канцлагеры Дахаў Стэфан Вінцэнта Фрэліхоўскі памёр ад захворванняў тыфам і пнеўманіяй, якімі заразіўся пад час догляду за хворымі зняволенымі.
Атмасфера ў сям'і і прыклад бацькоў вельмі моцна паўплывалі на яго жыццё: «Каханне да Радзімы было для яго першым пасля кахання да Бога». Бацькі перадалі яму гарачую і глыбокую веру, якую захаваў на працягу ўсяго свайго жыцця.
У чатырохгадовым узросце Эдмунд цяжка захварэў і быў вылечаны невытлумачальным для медыцыны спосабам. Яго маці прыпісвала гэта раптоўнае вылячэнне заступніцтву Боскай Маткі Скрушнай, да якой яна малілася.
Эдмунд Баяноўскі, не быўшы манахам, у 1850 годзе заснаваў жаночую манаскую кангрэгацыю з апостальскай харызмай.
13 ліпеня 1999 года Папа Ян Павел II сказаў: «Апостальства міласэрнасці напоўніла (…) жыццё шчаслівага Эдмунда Баяноўскага. (…) Яго вяло спачуванне чужой патрэбе, што дало пачатак выхаваўчай, дабрачыннай, культурнай і рэлігійнай дзейнасці.
Будучы благаслаўлённы нарадзіўся ў каталіцкай сям’і ва ўкраінскім Бердычыве ў 1904 г. Пасля атрымання прэзбітэрскага пасвячэння ў Кракаве асаблівым чынам прысвяціў сябе клопату аб хворых і працы з моладзю. З 1936 г. працаваў у Луцкай дыяцэзіі, дзе восенню 1940 г. быў арыштаваны НКУС. З пачаткам Другой сусветнай вайны на савецкай тэрыторыі апынуўся на свабодзе і арганізаваў харчовую і духоўную дапамогу палонным. У 1945 г. быў зноў арыштаваны савецкай уладай і асуджаны на дзесяць гадоў працоўных лагераў.
Лагер стаў для яго амбонай, з якой ён вучыў любові да Бога і міру з бліжнімі. Тут ён шмат маліўся, зрабіўшы ружанец з хлебных шарыкаў, пакуль спалі іншыя вязні цэлебраваў св. Імшу на лагерных нарах, нягледзячы на забарону спяваў рэлігійныя гімны, а адпраўляючыся на працу ў шахту, прасіў францішканаў, асуджаных разам з ім, распавядаць яму гісторыі пра Францішка Асізскага, святога пакоры і веры. Пасля дзесяці гадзін працы кс. Букавінскі знаходзіў сілы для таго, каб наведваць хворых, удзяляць сакрамэнты, прамаўляць духоўныя разважанні.
Пасля заканчэння тэрміну зняволення, у 1955 г. ён адмовіўся ад магчымасці вярнуцца на Радзіму і прыняўшы савецкае грамадзянства працягваў патаемна займацца душпастырскай дзейнасцю на тэрыторыі Казахстана. Пасярод прыніжанага і прыгнечанага народу ён быў чалавекам надзеі.
Паходзіў з літоўскай сям’і, быў малодшым з васьмі дзяцей. Вельмі рана страціў бацькоў, сіратой апекаваўся старэйшы брат. У 1878—1881 гадах наведваў пачатковую школу ў Мар’ямпалі, там жа скончыў гімназію. У 1889 пераехаў да свайго дзядзькі Яна Матулайціса ў Кельцы (Польшча), дзе той працаваў выкладчыкам замежных моў у Духоўнай семінарыі. 1 кастрычніка 1891 года паступіў у Келецкую семінарыю. У 1893 царскія ўлады зачынілі семінарыю і Матулевіч вымушаны быў пераехаць вучыцца ў Варшаву. Быў накіраваны ў Пецярбургскую духоўную акадэмію, у якой 20 лістапада 1898 атрымаў святарскае пасвячэнне. Пасля гадавой працы ў Келецкай дыяцэзіі Матулевіч распачаў навуку ў Каталіцкім універсітэце ў Фрыбуры (Швейцарыя). Атрымаўшы доктарскую ступень, айцец Матулевіч працаваў спачатку выкладчыкам у семінарыі ў Кельцах.
Разам са святаром Міхалам Гадлеўскім прыняў удзел у стварэнні Таварыства каталіцкіх работнікаў, для студэнтаў жа ён заснаваў таварыства «Адраджэнне» (польская філіял міжнароднага руху «Каталіцкае дзеянне»). У 1907 быў пераведзены ў Пецярбургу для таго, каб узначаліць кафедру сацыялогіі ў Духоўнай акадэміі. У 1909 узначаліў кафедру дагматычнага багаслаўя. У 1909 уступіў у Ордэн айцоў марыянаў, стаўшы адным з яго рэфарматараў. 14 ліпеня 1911 быў генералам ордэна марыянаў. Да канца свайго жыцця айцец Матулевіч выконваў функцыю генерала гэтага ордэна.
23 кастрычніка 1918 Матулевіч стаў віленскім біскупам. Асабістым дэвізам свайго кіравання абраў словы апостала Паўла — «Vince malum in bono» (з лаціны: «Перамагай ліха дабром»). Адразу пасля прызначэння спаткаўся з непрыязным прыёмам з боку польскага грамадства, якое ўспрыняло папскае прызначэнне як вынік ціску нямецкіх акупацыйных улад, што падтрымлівалі літоўцаў. Віленскі капітул разам з польскім духавенствам дыяцэзіі выказваў занепакоенасць з прычыны прызначэння біскупа літоўскай нацыянальнасці. Сам біскуп Матулевіч разлічваў пазбягаць палітычных канфліктаў. Аднак гэта аказалася немагчымым, паколькі з моманту яго прыезду ў Вільню як палякі, так і літоўцы моцна націскалі на біскупа, які прыняў праграмны прынцып пазбягання адназначных выказванняў на тэіу будучыні Віленшчыны. Дынамічныя змены рэчаіснасці Віленшчыны ў 1918—1919 гадах (адступленне немцаў, прыход бальшавікоў, захоп палякамі, паўторнае заняцце войскамі РСЧА) вымусілі каталіцкае грамадства абвінавачваць біскупа ў прыхаваных літоўска-беларускіх сімпатыях з-за імкнення Матулевіча да змякчэння найбольш крайніх выступленняў. Пасля заняцця Вільні ў жніўні 1920 года літоўскімі войскамі публічныя выступленні Матулевіча, а таксама яго кантакты з прадстаўнікамі новых улад былі ўспрынятыя як адназначна пралітоўскія і выклікалі шматлікія пратэсты польскіх жыхароў горада[4]. Падчас адной імшы ў Вострай Браме біскуп Матулевіч заклікаў «да спакою і любові, раячы памятаць, што выгнанне польскіх войскаў з’яўляецца актам Божай справядлівасці ў адказ на разбоі і злоўжыванні палякаў».
Біскуп ацэньваў дзеянні ўлад Літвы як перыяд «поўнай свабоды і спакою», а таксама з задавальненнм успрымаў стаўленне літоўцаў, якія не ўмешваліся ў справы касцёла і не чакалі ад яго аніякіх дэкларацый. У кастрычніку 1920 года Вільню занялі польскія часці генерала Л. Жалігоўскага. Пра настроі, якія панавалі ў той час на тэрыторыі Віленскай дыяцэзіі, біскуп Матулевіч пісаў біскупу Пшаздзецкаму.
У 1923 годзе ён заснаваў новы жаночы ордэн Сёстраў Служэбніц Ісуса ў Еўхарыстыі (Сёстры Еўхарысткі), і кляштар марыянаў у Друі. Новаму ордэну айцец Матулевіч вызначыў наступныя заданні: асноўная мэта — праца паміж беларусаў-каталікоў, шляхам заснавання школаў, майстэрняў, інтэрнатаў, дзіцячых садкоў, праз навучанне катэхізісу, распаўсюджанне добрых кніг і апеку над хворымі. На пасадзе архібіскупа Юрый Матулевіч змагаўся з паланізацыяй касцёла, уводзіў беларускую і літоўскую мовы, гэтак штонядзелю ў кафедры адбываліся казанні па-беларуску. Ён быў асабіста знаёмы з Адамам Станкевічам, якога шмат разоў абараняў ад нападак улад, і Браніславам Тарашкевічам. Айцец Юрый лічыў беларускую мову мостам, «які можа лучыць каталіцтва і праваслаўе». Апроч таго архібіскуп апекаваўся рускай дыяспарай: з дапамогай айца рускія дзеці-сіроты неаднойчы атрымлівалі дапамогу з-за мяжы, ён таксама спрычыніўся да заснавання дзіцячага дома для расійскіх эмігрантаў. За сваю дзейнасць архібіскуп неаднаразова падвяргаўся нападкам польскіх і літоўскіх нацыяналістаў. У 1925 годзе пасля шматлікіх просьбаў айца Матулевіча ён быў вызвалены ад пасады віленскага архібіскупа.
З 1925 года Матулевіч выконваў функцыю апостальскага візітатара ў Літве. У ліпені 1926 года Матулевіч удзельнічаў у Еўхарыстычным кангрэсе ў Чыкага, дзе прачытаў даклад пра апостальскае служэнне сярод праваслаўных. Пры жыцці айцец Матулевіч спаў на дошках і толькі тры гадзіны ў суткі, не здымаў з цела валасяніцы, бічаваўся, у яго цела ўпіваўся пас з дроту.
Памёр 27 студзеня 1927 года ў бальніцы Каўнаса пасля няўдалай аперацыі па выдаленні апендыцыту. Пахаваны быў у кафедральным саборы ў Каўнасе, у 1934 годзе рэшткі былі перанесены ў капліцу Марыямпальскай базілікі.
«Благаслаўлёныя і святыя — гэта не людзі нейкага “ўчора”, як бы даўно яны ні жылі, гэта заўсёды людзі “заўтра”, — людзі евангельскай будучыні чалавецтва і Касцёла, сведкі будучага свету», — так пісаў Папа Ян Павел ІІ.
5 сакавіка 2000 годзе Папа Ян Павел ІІ далучыў да ліку благаслаўлённых 11 сясцёр мучаніц з Навагрудка. Гэта была вельмі важная падзея ў жыцці Касцёла ў Беларусі. У беатыфікацыі прынялі ўдзел амаль усе сёстры назарэтанкі з Беларусі.
Сёстры назарэтанкi прыбылi ў Навагрудак 4 верасня 1929 г. па запрашэнні тагачаснага бiскупа Зыгмунта Лазiнскага, каб займацца выхаваннем дзяцей i моладзi і апекавацца касцёлам Перамянення Пана (Белай Фарай). У Навагрудку яны заснавалi кляштар пад назвай Хрыста Валадара, а ў 1931 г. таксама агульнаадукацыйную школу, дзе вучылi дзяцей шанаваць каталiцкую i патрыятычную традыцыю. Яны хутка зжылiся з жыхарамi, а iх праца i паслуга сталi неабходным элементам гарадскога жыцця.
Сястра Канута
Першай з 11 мучаніц у Навагрудак прыехала сястра Канута.
Яна нарадзілася ў вёсцы Рачын. Распачала працу ў кухні. Жыхары горада ведалі яе як сястру, якая вельмі шмат малілася. Законніцы прыгадвалі: «Калi ёй было цяжка, адразу iшла ў каплiцу». Падчас вайны с. Канута гадзiнамi ляжала крыжам у каплiцы, молячыся аб Божай мiласэрнасцi i аб тым, каб Божае Валадарсгва авалодала цэлым светам. У момант смерці ёй было 47 гадоў.
Сястра Даніэля
Праз год пасля прыезду с. Кануты ў Навагрудак, у вераснi 1932 г., да яе далучылася сястра Даніэла. Яна нарадзілася ў горадзе Поіздаве. У Навагрудку, яна апекавалася гасцямi, апрача таго, займалася сталоўкай сясцёр i школьнай кухняй. Па сведчаннi маленькiх падапечных, праца на школьнай кухнi надзвычай моцна паказала яе мацярынскую самаахвярнасць, асаблiвую ўвагу да патрэбаў найбяднейшых, найбольш бездапаможных і асiрацелых. У момант смерці ёй было 48 гадоў.
Сястра Сергія
Трэцяй у Навагрудак прыбыла сястра Сергія. Яна была родам з вёскі Рагочына. Ва ўспамiнах сясцёр i жыхароў Навагрудка с. Сергiя засталася ў памяці ціхай, пакорнай i шчырай, як дзiця. Будучы вельмi самаахвярнай, несла анёльскую дабрыню, нiкому не адмаўляла ў дапамозе. Яе малiтва «была прыкладам i надзеяй у пошуках шляху да дасканаласцi, насуперак паўсюднай нянавiсцi атручанага вайною свету. Гераiчна адданная Укрыжаванаму, яна жыла ў Iм, з Iм i для Яго, маючы ў сабе Божы спакой, якi ўсюды i заўсёды выпраменьвала. Яна часта казала, што не мае нiчога iншага, што магла б даць Пану Езусу за Яго любоў, акрамя асабiстага жыцця i што не баiцца мучанiцтва. У момант смерці яна мела 43 гадоў.
Сястра Раймунда
У Навагрудак сястра Раймунда, якая нарадзілася ў вёсцы Барнавішкі, прыехала пасля 1934 г. Працавала прыбiральшчыцай у школе, дапамагала сёстрам па хатняй гаспадарцы. Ва ўспамiнах сясцёр застаўся прыклад яе бескарыслiвай любовi, а таксама вялiкай i шчырай вернасцi статутам. У цяжкiя хвiлiны жыцця яна не раз паўтарала сёстрам: «Трымайцеся статутаў i Назарэта, бо ў гэтым наша сiла». Была вельмi пабожная i вольны час заўсёды праводзiла ў каплiцы. У момант смерці яна мела 51 год.
Сёстра Феліцыта
Сястра Феліцыта нарадзілася ў вёсцы Рудно. У Навагрудак была накіравана адразу пасля першых манаскіх абяцанняў. У Навагрудку яна займалася ўпарадкаваннем iнтэрната i дома сясцёр. Мала хто ведаў аб тым, што яна ад нараджэння мела хворае сэрца. Заўсёды ў добрым настроi выконвала тую цi iншую працу, не скардзячыся на жыццё. Любiлi яе i сёстры, i ўсё акружэнне. Кожны звяртаў увагу на яе цiхасць i пакорнасць. Старалася нiколi нiкому не перашкаджаць. У момант смерці ёй было 38 гадоў.
Сястра Геліадора
Пасля першых шлюбаў сястра Геліадора, якая нарадзілася ў вёсцы Старая Хута, таксама прыехала ў Навагрудак, дзе займалася рознымi справамi: прыбiрала ў школе, выконвала абавязкi брамнiцы, дапамагала ў кухнi. Што б яна нi рабiла, за што 6 ні бралася, усё выконвала спраўна i добра. Маючы добрае здароўе i фiзiчныя сiлы, была здольная за дзень зрабiць шмат справаў. Нiколi не бачылi яе без працы, нават калi вярталася са школы дадому, па дарозе вязала. У момант смерці ёй было 37 гадоў.
Сястра Стэла
Сястра была настаяцельніцай у Навагрудку. Нарадзілася будучая манахіня ў вёсцы Цясноўка, недалёка ад Нясвіжа.
Абавязкi настаяцельніцы ў Навагрудку яна прыняла напрыканцы верасня 1939 г. У цяжкiя для супольнасцi часы яны старалася падтрымліваць манаскае і супольнае жыцце. Збірала сясцёр на супольную малiтву ў касцёле Перамянення Пана. Калі супольнасць сясцёр ахапіла паніка і яны не ведалі, што рабіць далей і куды ісці, сястра Стэла сказала: «Куды нам ісці?! Да Езуса!»
Пачуўшы аб масавых арыштах, з гераiчнай непасрэднасцю прамовiла наступныя словы: «Мой Божа, калi патрэбна ахвяра жыцця, то няхай лепш нас расстраляюць, чым тых, хто мае сем'i... мы молiмся нават за гэта». Такiм чынам яна выказала гатоўнасць цэлай назарэтанскай сям’і ахвяраваць сваім жыццём. У момант смерці ёй было 55 гадоў.
Сястра Імэльда
У 1936 г. у Навагрудак прыехала і сястра Імэльда, якая нарадзілася ў Асвенцыме. 3 пачаткам вайны, калi ў сясцёр забралi школу, с. Iмэльда выконвала функцыi сакрыстыянкi ў Фарным касцёле. Навагрудчане з цеплынёй успамiналі сястру Iмэльду, называючы яе «жывым анёлам». Памяталі яе цудоўную здольнасць граць на аргане i прыгожы голас. У тыя цяжкiя для Касцёла часы яна да канца дзейсна i адважна выконвала свае абавязкi. У момант смерці ёй было 51.
Сястра Гвідона
У гэты час у Навагрудак таксама прыехала і сястра Гвідона, якая нарадзiлася ў Граноўцу. Яна працавала па гаспадарцы, у агародзе, а дадаткова яшчэ i ў пральнi. Была сардэчная i прыязная. Брала на сябе самую найцяжэйшую працу. Казала: «Нам трэба быць Хрыстовымi рыцарамi, трэба аддацца Яму цалкам за усiх — Яму i супольнасцi». Цяжкая сельскагаспадарчая праца не перашкаджала ёй займацца сузiральнасцю. Шчыра малiлася, i Бог благаславiў яе працу, якая прыносiла плённыя вынiкi. У момант смерці ёй было 43 гады.
Сястра Барамея
Апошняй сястрой і самай малодшай, якая прыехала ў Навагрудак, была сястра Барамея, якая нарадзiлася на Гродзеншчыне (Верцялішкі). У Навагрудак прыехала адразу пасля першых манаскіх абяцанняў, прыкладна за месяц да пачатку вайны. Маладыя гады, прыгажосць, мiлая усмешка, далiкатнасць i лагоднасць, сардэчнасць i адначасова прыроджаная нясмеласць — асноўныя рысы, якiя засталiся ў памяцi навагрудскiх сяброў сясцёр. У момант смерці ёй было 27 гадоў.
Нягледзячы на розныя характары, выхаванне, адукацыю, абавязкі, кожная з сясцёр была індывідуальнай, але іх супольнае жыццё было сканцэнтравана вакол асобы Хрыста. Яно выплывала з назарэтанскай духоўнасцi i з харызмы супольнасцi, у якой любоў да Збаўцы атаясамлялася з любоўю да Касцёла i да братоў.
«Нiхто не мае большай любовi за тую, калi хто жыццё сваё аддае за сяброў сваiх» (Ян 15,13). Гэтыя словы былi натхненнем сясцёр мучанiц, калi яны ахвяравалi свае жыццё, каб уратаваць 120 закладнікаў ад расстрэлу i адзiнага ў Навагрудку святара ад арышту.
Бог прыняў iх ахвяру 1 жнiўня 1943 года — ранiшнюю ахвяру пасля гестапаўскай ночы ў нямецкай вязнiцы. Такім чынам сёстры засведчылі, што любоў мацнейшая за смерць.
Святы Ян Павел ІІ падчас беатыфікацыі 11 сясцёр сказаў: «Вы найкаштоўнейшы скарб Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэта. Вы скарб ўсяго Хрыстовага Касцёла на ўсе часы, а асабліва Касцёла ў Беларусі».
Францішка Седліская нарадзілася 12 лістапада 1842 года ў багатай сям'і ў Польшчы. Яе бацькі клапаціліся аб агульным выхаванні сваёй дачкі. Але не клапаціліся наогул аб веры і духоўным жыцці – таму што яны былі рэлігійна абыякавымі. Францішка і яе брат жылі ў дастатку і камфорце, "у доме, дзе Бог не быў Госпадаром" – як яна напісала пазней. Гады дзяцінства былі адзначаны сур'ёзнай хваробай пазваночніка. Яна ездзіла на лячэнне ў самыя вядомыя санаторыі. Нягледзячы на гэта, яна адчувала моцны боль, які з часам ператварыўся ў хранічную хваробу. Сарамлівая, лагодная, шмат церпячая, ва ўзросце васьмі гадоў яна ўжо хацела ісці ў кляштар. Бацька быў супраць, бо марыў для яе пра артыстычную кар'еру, і таму затрымаў яе рашэнне.
У 1864 годзе ў Канах Францішка склала асабісты шлюб чысціні і моцна была супраць планам бацькі. Яе мэтай было поўнае прысвячэнне сябе Богу. Аднак, абяцала бацьку заставацца з сям'ёй да яго смерці. Яе бацька памёр паяднаны з Богам ў 1870 годзе.
Францішка стала манахіняй у тым жа годзе. Спачатку належыла да трэцяга францішканскага закону, пасля стварыла новае згарамаджэнне Святой Сям'і з Назарэту. У 1873 г. яна прыехала ў Рым і прадставіўшы папе Пію IX свае планы, атрымала яго благаслаўленне. У Польшчы, пасля скасавання кляштараў, не была магчымай афіцыйная дзейнасць. Першы кляштар новага зграмаджэння быў заснаваны ў 1875 годзе ў Рыме. Францішка прыняла імя Марыя ад Езуса Добрага Пастыра. З гэтага часу яна была занята ў арганізацыйных справах зграмаджэння, фарміраванні яго духоўнасці, размежаваннем апостальскіх мэтаў і заданняў.
У 1881 годзе быў створаны кляштар у Кракаве, дзе сёстры апекаваліся дзяўчатамі, якія працавалі. Хутка сёстры пачалі працаваць ў школах, дзіцячых дамах, інтэрнатах. Яны служылі маральнаму і рэлігійнаму адраджэнню сям'і. Сёстры апекаваліся беднымі, хворымі, адзінокімі людзьмі, інвалідамі, самотнымі матулямі і абаранялі жыццё ненароджаных. Яны клапаціліся пра адукацыю, асабліва рэлігійную дзяцей сірот.
Марыя ад Езуса Добрага Пастыра памерла 21 лістапада 1902 г. у Рыме.
Урывак з "Духоўнага дзённіка", калі Францішка склала законныя шлюбы.
Госпадзе, што за дзень, дзень Тваёй міласэрнасці! У гэты дзень я ўпершыню злучылася з Табою ў Святой Камуніі ў 1855 годзе. Сёння я зноў стаю перад Табою пасля столькіх гадоў, пасля такой цудоўнай Тваёй міласэрнасці, пасля столькіх ласкаў з Твайго боку, а так вялікай маёй няўдзячнасці, каб на векі, цалкам, непадзельна, належыць Табе. Ты прыняў мяне ў якасці сваёй уласнасці, за сваю, нявесту. О, мой Господзе, таму цяпер я нічога не хачу, проста быць Тваёй назаўсёды, не мець іншай волі, як толькі Тваю. Я не хачу мець розных пачуццяў, толькі любоў да Цябе, а ў Табе, любіць тых, каго Ты мне даў, ці як пасрэднікаў Тваёй ласкі, ці як душы, якія я маю прыблізіць да Цябе. Я не хачу мець іншых думак, як толькі Тваю праўду і запаведзі. Хачу зразумець і выканаць Тваё права. Ах! Мой Господзе, хто здольны Цябе праславіць, пачуць і падзякаваць за Тваю дабрыню, за тое, што Ты зірнуў на мяне, такую вялікую грэшніцу і выбраў да такой годнасці і велічы. Мой Госпад і Бог стаўся Жаніхом маёй душы: я маю свайго Госпада, я з'яўляюся Ягонай уласнасцю назаўжды. Законнымі шлюбамі я назаўсёды звязаная і злучаная з Ім. Ах, Госпадзе, Ты ведаеш, хто я. Тваёй любоў'ю звяжы мяне, умацуй сувязі, якія злучаюць нас, каб я ніколі не адышла ад Цябе, ніколі добраахвотна не пакрыўдзіла, але на векі вечныя была тваёй, назаўжды. Назаўсёды!
Нарадзілася ў 1862 г. у Польшчы. Ва ўзросце 22 гадоў уступіла ў ордэн Сясцёр Сям’і Марыі.
Працавала настаўніцай і выхавацелькай у Варшаве, Пецярбурзе, Адэсе і Сімферопалі. У 1905 г. заснавала ў Магілёве новы ордэн Місіянерак Святой Сям’і, а з 1913 г. сёстры ўжо працавалі на тэрыторыі Фінляндыі, Эстоніі, а таксама ў Рыме і ў Варшаве. Памерла 4 лютага 1946 г. Была беатыфікаваная Янам Паўлам ІІ 5 чэрвеня 1991 г. у Беластоку.
Успамін 29 студзеня.