Майстэрства адчуваць прыгажосць прыроды, бачыць яе непаўторнае хараство ў карцінах якія пастаянна змяняюцца, можа толькі творча адораны чалавек. Вершы Лёлі Багдановіч, прымушаюць слухачоў адчуць асляпляльную прыгажосць марознай раніцы, атрымаць асалоду ад раскошы фарбаў восеньскага лесу, убачыць чароўнае вясновае абнаўленне прыроды.
Мама навучыла паэтку любіць зямлю, прыроду, людзей, родную мову. Любоў да Радзімы, да роднай мовы яна ўвабрала ў сябе з матчыным малаком, яе пяшчотай, яе любоўю. Таму большасць вершаў напісана на беларускай мове, бо гэта мова яе бацькоў і прадзедаў. Яна ганарыцца тым, што яна беларуска.
"Тут мая вёсачка шчарбатая,
Кіёчак згорблены ля ганка.
Тут гурбы снегу роўны з хатамі.
Прыстанак дум маіх – Градзянка"
Першы верш Лёля Уладзіміраўна Багдановіч напісала пра маму ў 1998 годзе. Яе першыя творы друкаваліся ў раённай газеце "Запаветы Леніна" (зараз "Асіповіцкі край"). З 1999 года вершы ўбачылі свет на старонках рэспубліканскіх, абласных і мясцовых газет і часопісаў. Творы паэткі былі надрукаваны ў шматлікіх калектыўных зборніках: "Дзень паэзii–2005", "Душа не можа памылiцца", "Званы памяці" , "З усмешкай і ўсур’ёз", "Ад калыханкі да забаўлянкі" і інш.
Яе паэтычныя творы друкаваліся і працягваюць друкавацца ў газетах і часопісах: "Женский калейдоскоп", "Любимая", "Сельская газета", "Зорька", "Настаўніцкая газета", "Асіповіцкі край", "Літаратура і мастацтва", "Алеся", "Гаспадыня", "Вясёлка", "Пачатковае навучанне", "Вожык", "Маладосць", "Нёман", "Знамя юности", "Пенсионерская зорька", "Единство" і іншых. На радыё "Мінская хваля" ў праграме "Бабуліна казка" на працягу 2017-2019 гадоў прагучаў цэлы цыкл добрых, павучальных казак Лёлі Багдановіч. Яна з’яўляецца сааўтарам шматлікіх калектыўных зборнікаў, аўтарам песень "Падает снег", "Свечи", "Каштаны" (музыка Я. Хаменка), "Кто бы мог поверить" (музыка Л.Шурмана).
У 2013 годзе пры падтрымцы Беларускай асацыяцыі "Конкурс" выйшаў першы зборнік вершаў пісьменніцы на беларускай мове "Зорны кошык", у 2015 годзе — "Вясёлкавы масток".
У апошнія гады Лёляй Багдановіч выдадзены зборнік вершаў "Звездопад сердцебиений" (2020), зборнікі казак "Казка — у жыцці падказка" (2023), "Зорныя карункі" (2024), "Зорныя арэлі" (2025).
Адметнымі рысамі творчасці Лёлі Багдановіч можна лічыць цеплыню, лірызм, шчырасць, дабрыню, уважлівасць да ўсяго, што нас акружае. Яе вершы выхоўваюць пачуццё любові да роднага краю, роднай мовы, вучаць дабрыні, спачуванню.
Акрамя вершаў Лёля Багдановіч піша і празаічныя творы. У 2021 годзе выйшла кніга "Скарбы зямлі беларускай". Гэта зборнік казак, у аснове якіх легенды і паданні, прысвечаныя сімвалам нашай Радзімы. У займальнай форме падлеткам распавядаецца пра беларускую культуру і міфалогію.
Пісьменніца стала заснавальніцай серыі "Бабуліны казкі" куды ўвайшлі выданні для дашкольнікаў і малодшага школьнага ўзросту "Сарочыны байкі", "Як смайлік у лазню хадзіў", "Бабуліны пончыкі", "Чароўная крынічка".
Яе вершы надрукаваны ў вучэбных дапаможніках, зборніках для пазакласнага чытання, якія прызначаны для вывучэння школьнікамі беларускіх школ.
Лёля Уладзіміраўна — актыўны ўдзельнік фестываляў, міжнародных кніжных выстаў-ярмарак, Дзён беларускага пісьменства, шматлікіх творчых сустрэч у навучальных установах, дзіцячых садках і бібліятэках Мінскай і Магілёўскай абласцей.
Яе творчая дзейнасць не засталася незаўважанай. Паэтэса ўзнагароджана Граматай грамадскага аб’яднання "Саюз пісьменнікаў Беларусі" за значны творчы ўклад у беларускую літаратуру, Граматай Мінскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання "Саюз пісьменнікаў Беларусі" за папулярызацыю сучаснай беларускай паэзіі і актыўную грамадскую дзейнасць, граматамі і дыпломамі за стварэнне твораў хрысціянскай, ваеннай і дзіцячай тэматыкі.
Лёля Багдановіч з’яўляецца лаўрэатам Мінскай абласной прэміі ў галіне літаратуры ў намінацыі "Дзіцячая і юнацкая літаратура" (2017, 2025 гг.), Міжнароднага літаратурнага конкурсу "Семья–Единение–Отечество" (2-я прэмія, 2014), Міжнароднага літаратурна-музычнага фестывалю нацыянальных культур "Созвездие" (1-я прэмія, 2025).