Багдановіч Лёля Уладзіміраўна нарадзілася 02 студзеня 1949 года ў пасёлку Градзянка Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці.
Бацька, Уладзімір Цітавіч, працаваў у лясгасе, маці, Вера Раманаўна - прадаўцом у краме. У сям'і было трое дзяцей: Лёля і двое братоў.
Лёля Багдановіч скончыла 8 класаў Градзянецкай школы. Затым працягвала вучобу ў горадзе Маладзечна, у палітэхнікуме (мукамольна-крупяная вытворчасць). Як і многія з дзяўчат, Л. Багдановіч марыла стаць артысткай, але лёс вызначыў інакш. З 1968 года Лёля працавала ў Асіповічах на камбінаце хлебапрадуктаў, потым — у хімічнай лабараторыі завода аўтаагрэгатаў. Заўсёды прымала ўдзел у мастацкай самадзейнасці.
З 1996 года пісьменніца жыла ў Барысаве. З’яўлялася членам клуба самадзейных паэтаў і кампазітараў «Жывіца» (г.Мінск). З мая 2006 года была прынята ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Працавала старшынёй барысаўскага літаб’яднання «Натхненне» (2012 - 2017).
Лёля Уладзіміраўна - шчаслівая матуля, бабуля і прабабуля. Выгадавала дачку Жанну, унучку і унука, а зараз яе кожны дзень радуюць трое праўнукаў. Менавіта яны натхняюць Лёлю Багдановіч на стварэнне новых дзіцячых вершаў і казак.
"З паэзіяй сябрую з дзяцінства. Асабліва падабаецца творчасць Пушкіна. А сама пісаць стала не так даўно, бо тую даўнюю спробу пяра, калі ў дзяцінстве напісала песню, не бяру ў разлік. Механізмам, які "ўключыў" у маёй душы паэтычны дар, лічу з’яўленне ўнукаў. Тады ўпершыню ўзялася за пяро. Цяпер пішу пастаянна. Думкі і пачуцці самі знаходзяць вершаванае адлюстраванне. Дзялюся імі з людзьмі розных узростаў і рада, што знаходжу падтрымку. Рэгулярна друкуюся ў часопісах "Бярозка", "Маладосць", "Полымя", газетах "Зорька", "Женский калейдоскоп" і іншай перыёдыцы. Выдала некалькі зборнікаў" - так гаворыць аб сваёй дзейнасці пісьменніца.