ПРАКТЫКА
Аповесць
Пасля нуднага гудзення і працяглага руху па бездарожжы стары брудны ЛАЗ чмыхнуў апошні раз і прыпыніўся ля нязграбнай аўтобуснай станцыі – драўлянай пабудовы без шыльды і надпісу. Нешматлікія пасажыры, якія дабіраліся ў мястэчка разам з Алачкай і Марыйкай, растварыліся ў ранішнім тумане з такой хуткасцю, што дзяўчаты і вокам не паспелі маргнуць.
Студэнткі нерашуча сышлі з прыступак аўтобуса, апусцілі свае небагатыя пажыткі на вільготную шашу і пачалі разгублена азірацца па баках.
Вадзіцель, па ўсім відаць, чалавек тутэйшы, весела запытаў:
– Што, дзяўчаткі-птушаняткі, не ведаеце, куды ляцець? Упершыню тут, у Жылічах?
– Так, дзядзечка, упершыню. На практыку мы ў саўгас-тэхнікум прыехалі, – адказалі дзяўчаты разгубленымі галасамі.
– Дык вам трэба прама ісці, вось па гэтай брукаванай вуліцы, а там налева звернеце, яшчэ метраў дзвесце пройдзеце. Убачыце ліпавыя алеі, інтэрнаты – гэта і ёсць саўгас-тэхнікум, – весела, з нейкім гарэзлівым пасміханнем, растлумачыў кіроўца.
Трэба заўважыць, што першыя крокі па саўгаснай зямельцы былі не надта прыемнымі для студэнтак-практыкантак. Алачка ўвесь час бурчала:
– Ну вось, прыехалі...
І, здаецца, у гэтыя простыя словы яна хацела ўкласці ўсю сваю незадаволенасць: гэта і тое, што раптам сапсавалася надвор’е і прыходзіцца ісці пад дажджом, і тое, што яе пажыткі досыць важкія, і што на вуліцы ў ранішні час пуста і няма каму іх паднесці, і яшчэ немаведама што. Адным словам – прыехалі.
Марыйка ж, наадварот, была ў добрым гуморы. Па-першае, яе здзівіў гэты нязвыклы, ні на што не падобны дождж-туман. Ідучы па змакрэлай шашы ў накірунку да саўгаса-тэхнікума, дзяўчына летуценна ўяўляла, як вельмі мажная ганарлівая спадарыня хмара плыла ў паднябессі, несучы сваё пухнатае і даволі ёмістае дажджавое цела, і раптам па якойсьці прычыне звалілася ніц. Трапіўшы на зямлю, грузная хмара расплылася, зачапілася за кроны вялізных разлапістых дрэў і цяпер не можа скрануцца з месца. Знаходзіцца ў такім становішчы ёй вельмі няёмка, але нічога не паробіш, трэба змірыцца і паціху марнець, пераўтварацца ў вільгаць. Каб апасля, калі ўзыдзе сонейка пераўтварыцца ў вадзяную пару і зноў узняцца ў нябёсы.
Разважаючы такім чынам, Марыйка ўсміхнулася і працягнула сваю вузкую дзявочую далонь наперад, каб дакрануцца да хмары, паспрабаваць яе навобмацак. Аднак нічога не адчула – рука свабодна прайшла праз туман, хмара была няпругкая.
Знаходзіцца «ў хмары» было прыемна. Кропелькі, з якіх складалася спадарыня хмара, былі зусім дробнымі, як быццам яшчэ недарослымі, яны не паспелі набыць форму і вагу сапраўдных вадзяных кропель і насіліся ў паветры, нібы незлічоная армія прывідаў-ліліпутаў. Не зважаючы на зямное прыцягненне ды іншыя законы фізікі, мініяцюрныя дажджынкі свабодна віравалі ў паветры. Яны прыемна казыталі твар, асядалі на валасах, траплялі на вейкі і вусны. З кожным удыхам, яны пранікалі ў лёгкія і, здаецца, нават там працягвалі свой бязладны хаатычны рух. Ад усведамлення таго, што гэтыя маленькія жэўжыкі знаходзяцца так блізка і нават усярэдзіне яе, Марыйцы самой хацелася вар’яцець і рабіць глупствы.
Наступная прычына, якая бударажыла свядомасць Марыйкі і падымала настрой, быў дзіўны пах. Як толькі яны выйшлі з душнага салона аўтобуса, дзяўчына адразу адчула своеасаблівы салодкі водар навакольнага паветра. Было такое ўражанне, што ўся прастора насычана густым мядовым амбрэ, і з кожным крокам ён, гэты пах, рабіўся ўсё больш выразным, больш прываблівым. Дзяўчына доўга не магла зразумець, што ж так моцна пахне, што з'яўляецца крыніцай гэтага чароўнага водару:
– Дык гэта ж ліпы, як я адразу не здагадалася? – нарэшце ўцяміла яна, калі дзяўчаты падышлі бліжэй да месца прызначэння.
Саўгас-тэхнікум літаральна патанаў у шматлікіх ліпавых алеях. Дрэвы абапал дарогі, па якой ішлі дзяўчаты, былі тоўстымі, з нязграбнымі сукаватымі лапамі. Часам сярод іх сустракаліся сапраўдныя дрэвы-волаты, якіх можна было хоць сёння заносіць у Кнігу рэкордаў Гінэса, настолькі былі яны старымі і неабдымнымі. На ўсіх гэтых шматлікіх дрэвах-таўстунах толькі-толькі пачыналі распускацца маленькія жаўтлявыя кветачкі ліпавага цвету. І, нягледзячы на непагадзь, уся гэтая залатая квецень выдзяляла салодкі мядовы водар.
– Знайшла чаму здзіўляцца, ліпы як ліпы, – злосна сказала Алачка ў адказ. – Ты б лепш дапамагла мне з чамаданамі ўправіцца, а то выйшла на вуліцу, бы на шпацыр.
* * *
Дырэктар саўгаса-тэхнікума – даволі прыемны, мажны мужчына сярэдняга ўзросту ў добрым, дарагім касцюме і нават пры гальштуку – сустрэў практыкантак цёплай бацькоўскай усмешкай:
– Праходзьце, праходзьце, сядайце, калі ласка. Будзем знаёміцца. Марыя Альшэўская і Ала Бурак, так? – запытаўся дырэктар, углядаючыся ў пададзеныя дзяўчатамі накіраванні на практыку.
– Так, гэта мы, – усміхнуліся студэнткі, займаючы месцы за дырэктарскім сталом.
– Дык вы кажаце з акадэміі да нас, добра. А на якім факультэце займаецеся?
– На эканамічным, трэці курс закончылі. Вось на практыку прыехалі ў саўгас. А затым і канікулы пачнуцца, – занадта таропка адказала Марыйка, як быццам саромеючыся сваім працяглым адказам адняць лішнюю хвіліну часу ў такой важнай асобы.
Выслухаўшы Марыйку, дырэктар працягваў:
– Акадэмію я добра ведаю, сам там вучыўся, праўда, не на эканаміста, а на агранома. Добры час быў.
Кажучы гэта, Валянцін Адамавіч Герасімовіч (а менавіта так ён прадставіўся) задумліва ўсміхнуўся. І ў гэты момант яго вочы напоўніліся нейкай таямнічай радасцю. Лагодная ўсмешка асвяціла шырокі, як дагледжаны палетак, твар, і на ім, на гэтым твары, разгладзіліся першыя, яшчэ зусім не глыбокія маршчыны, а вочы, быццам блакітныя кветкі квітнеючага лёну, успыхнулі, загарэліся чыстай сіняй фарбай. Па ўсім было відаць, што ў гэты момант прыпомніў ён нешта прыемнае, магчыма, звязанае са сваім юнацтвам і вучобай у Горках:
– Ну добра, дзяўчаты, зараз я падкіну вас да канторы, пазнаёмлю са сваімі работнікамі – спецыялістамі саўгаса-тэхнікума. Наведаемся ў планавы аддзел – менавіта туды вам прыйдзецца нейкім чынам упісвацца. Потым дапамагу ўладкавацца ў інтэрнат, пакажу сталоўку і іншыя пабудовы нашага сацкультбыту. Сёння аглядайцеся, адпачывайце з дарогі, а ўжо з заўтрашняга дня пачынайце практыкавацца. Згода? – прапанаваў ён свой распарадак працы.
– Згода, – усміхнуліся ў адказ маладыя практыканткі.
* * *
Ніна Пятроўна Жуёнак – кастэлянка першага жаночага інтэрната саўгаса-тэхнікума ўважліва сачыла за ўсім, што адбывалася ў даручанай ёй гаспадарцы. Яна была ўпэўнена, што ў яе працоўныя абавязкі ўваходзіць не толькі выдаваць бялізну і размяркоўваць навучэнцаў па пакоях, але і падтрымліваць дысцыпліну ў інтэрнаце, ведаць усё да апошняй дробязі пра кожнага жыльца. Хто, дзе і з кім сустракаецца, што кажа, да каго прыходзіць… Яна была ў курсе ўсіх сардэчных спраў і заляцанняў на падначаленай ёй тэрыторыі і нават за яе межамі. «І камар носа не падточыць», – любіла яна ўставіць пры размове без дай прычыны.
Вось і цяпер Ніна Пятроўна раней за іншых заўважыла дзвюх маладых асоб, якіх прывёз на сваім уазіку дырэктар.
Першая дзяўчына, якая выйшла з дырэктарскага аўтамабіля і накіроўвалася ў інтэрнат, была высокая, спрытная, з доўгімі цёмна-каштанавымі валасамі ў прыталенай блакітнай сукенцы. З твару яна была даволі прыемная: усе рысы правільныя, вытанчаныя, бы ў паненкі. У руках дзяўчына трымала не надта ёмкі студэнцкі чамадан. «Ну мадэль: ні дабавіць, ні адняць», – адзначыла пра сябе кас тэлянка. Гэтая цёмнавалосая прыгажуня адразу не спадабалася спрактыкаванаму воку пажылой жанчыны: «Гора з ёй не абярэшся», – падвяла яна рысу пад сваімі меркаваннямі.
Другая спадарожніца дырэктара, як паспела заўважыць кастэлянка, была не надта высокай. Фірменныя пацёртыя джынсы-бананы занадта цесна аблягалі яе паўнаватую фігуру. На галаве дзяўчына мела невялікі каптурык высветленых і завітых па апошняй модзе валасоў. З твару была звычайнай сялянкай: шырокі нос з выразнымі ноздранымі дзірачкамі, карыя вочы, нешматлікае дробнае рабацінне. Яна, наадварот, атрымала станоўчую характарыстыку спрактыкаванай гаспадыні інтэрната: «Ну, гэта яшчэ нічога. Як кажуць: другі сорт – не брак».
Пакуль кастэлянка разглядала дзяўчат і разважала такім чынам, Валянцін Адамавіч ужо расчыніў дзверы і, прапусціўшы дзяўчат паперад, выгукнуў зычным голасам:
– Вось, прымайце, Ніна Пятроўна, практыкантак. Прыехалі да нас з Горак, з акадэміі, тры курсы ўжо закончылі. Выдайце ім усё неабходнае, пакажыце сталоўку, іншыя нашы выгоды... Ды вы і самі ведаеце не горш за мяне, што ў такіх выпадках трэба рабіць.
* * *
Ужо праз гадзіну-другую Марыйка з Алачкай, уладкаваўшыся ў сваім інтэрнацкім пакоі, крочылі ў тую самую саўгасную сталоўку, пра якую казаў дырэктар. Яны ўжо забыліся аб невялікіх ранішніх нязручнасцях, якія ўзніклі па прыбыцці да месца прызначэння, і цяпер з цікаўнасцю разглядалі ўсё навокал.
Дождж-туман, які сапсаваў настрой Алачцы і так моцна ўразіў Марыйку ў першыя моманты знаходжання ў Жылічах, нарэшце скончыўся, і зараз праз павуціну хмар ужо спрабавала выглядаць сонейка. Ад яго пяшчотных позіркаў рабілася цёпла і хораша. Па-добраму здзівіла дзяўчат тое, што на тэрыторыі саўгаса-тэхнікума была нязвыклая, дбайная чысціня. Як у хаце добрай гаспадыні перад вялікім святам: дагледжаныя кветнікі і газоны, акуратна падстрыжаныя кусты, нідзе ніводнай кінутай паперкі ці цыгаркі. Усюды паміж вучэбнымі карпусамі і інтэрнатамі зручныя асфальтаваныя дарожкі.
– Ну што, Алачка? Што ты цяпер запяеш? – са здзекам зачапіла Марыйка сваю сяброўку, калі яны крышачку звыкліся з новымі абставінамі. – Як табе саўгас-тэхнікум?
– А нічога не запяю. Яшчэ рана спяваць хвалебныя гімны, тым больш – рабіць нейкія высновы. Паглядзім, што будзе далей, – ганарліва зазначыла тая ў адказ.
Але Марыйка бачыла, што настрой у сяброўкі значна палепшыўся і выгляд яна мела задаволены і бадзёры.
Тым часам, рухаючыся ў накірунку саўгаснай сталоўкі, практыканткі наблізіліся да невялікага гурта навучэнцаў мясцовага тэхнікума.
Вясёлая хлапечая кампанія размясцілася ля старога перафарбаванага ў сіні колер аўтобуса ЛАЗ-699. Гэты даперабудовачны рарытэт быў пераабсталяваны і выкарыстоўваўся тут у якасці памяшкання. Стаяў аўтобус без колаў з вялізным надпісам «ЦІР» пасярэдзіне. Як толькі дзяўчаты падышлі бліжэй да ціра, адразу адчулі сябе ніякавата пад прыцэльнымі задзірыстымі позіркамі юнакоў.
– Вось гэта кралі ў нашым краі! Гы-гы-гы!
– А тая нічога паненка, ды не пасуе сукенка... Гы-гы-гы, – пачулі не зусім добразычлівыя кпіны і смех дзяўчаты.
– Адкуль будзеце, прыгажуні? – паспрабаваў перайначыць сітуацыю атлетычна складзены светлавалосы юнак.
– Адгэтуль не відаць, – адбіла першую атаку Алачка і, задаволеная сабой, хуценька прабегла некалькі прыступак, якія вялі да расчыненых дзвярэй у саўгасную сталоўку.
Ну, вядома ж, усур’ёз ніхто не ўспрымаў такія звароты і заляцанні, але ж моладзь ёсць моладзь. І хлапечы гурт ёсць хлапечы гурт.
* * *
Сярод дзяўчат існуе павер’е, што на новым месцы сняцца прарочыя сны. Усё, што прысніцца ў першую ноч, праведзеную на новым месцы, абавязкова павінна спраўдзіцца. Праўда, дзеля гэтага трэба прашаптаць у падушку: «Першы раз на новым месцы – прысніся жаніх нявесце» і хуценька заснуць. Магчыма, некаму і сняцца такія прарочыя сны, але чамусьці ні Алачцы, ні Марыйцы ў першую ноч, праведзеную ў інтэрнаце саўгаса-тэхнікума, нічога такога не прыснілася.
Прачнуўшыся а палове восьмай гадзіны, яны паснедалі на скорую руку, папілі гарбаты і пабеглі ў кантору на практыку. Падышлі да канторскага будынка хутка, нават раней, чым планавалася. Дзверы ў кабінет галоўнага эканаміста, якія запрыкмецілі дзяўчаты яшчэ ўчора пры першым знаёмстве са спецыялістамі гаспадаркі, былі зачыненыя.
Алачка не стрымалася:
– Я ж табе казала, што трэба яшчэ паспаць. Вось цяпер сядзі тут пад дзвярыма. І чаму табе, Марыйка, заўсёды больш за іншых трэба?
– Складанае пытанне, адразу і не адкажаш, – Марыйка задумалася, пры гэтым спахмурнела і крышачку зморшчыла лоб. – Магчыма, у мяне такая жыццёвая пазіцыя. І мне, напрыклад, было б сорамна ў першы дзень практыкі спазняцца. А калі і пачакаем хвіліну-другую, што з таго, карона з галавы не зваліцца. Давай лепш агледзім увесь будынак, няйначай, гэта нейкі старажытны замак ці нават палац.
Дзяўчаты абышлі «кантору» звонку і ўпэўніліся, што гэта і сапраўды не звычайны будынак, а сапраўдны палацава-паркавы ансамбль. Некалі, хутчэй за ўсё ў васямнаццатым ці дзевятнаццатым стагоддзі, ён меў форму квадрата з утульным унутраным дворыкам пасярэдзіне, але цяпер, у сярэдзіне васьмідзясятых гадоў дваццатага стагоддзя, адной пабудовы як быццам бы не хапала, і палац меў П-падобную форму.
З параднага ўваходу захаваўся сапраўдны шасцікалонны порцік з дэкарыраваным франтонам, такія ж калоны знаходзіліся і ў тарцах галоўнага корпуса. Але там былі ўжо не шасці-, а чатырохкалонныя порцікі. Як заўважылі дзяўчаты, бакавыя порцікі былі значна пашкоджаныя, патрабавалі тэрміновай рэстаўрацыі. Па перыметры будынка пад самай страхой быў прымацаваны ляпны карніз у выглядзе лісцевых гірляндаў. Незвычайныя арачныя праёмы вокнаў вельмі ўдала ўпісваліся ў архітэктурную кампазіцыю.
Усё выглядала вельмі стыльна, гарманічна, пасавала да месца. Самая высокая пабудова – дамавая капліца мела чатыры паверхі, а сам палацавы ансамбль быў двухпавярховым. Паверхі архітэктурнага збудавання былі не такія сціплыя, як у сучасных цагляных пабудовах, а значна вышэйшыя, метры чатыры, а то і пяць у вышыню. У памяшканнях столь не «ціснула» на галаву, а, наадварот, здавалася высокім купалам.
Калі дзяўчаты прыгледзеліся, то заўважылі, што вонкавыя сцены палаца мелі такую таўшчыню, што сучасным праектантам і будаўнікам нават і не снілася. Тут жа, непадалёку, на тэрыторыі комплексу знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы: флігель, свіран і іншыя дробныя збудаванні.
– Глядзі, якія тут таўшчэзныя сцены! Метр, а то і болей. Уяўляеш, Алачка, колькі цэглы пайшло на ўзвядзенне ўсяго палаца! Колькі часу спатрэбілася майстрам-будаўнікам, каб усё гэта скласці, давесці да розуму! Не раўня нашым сучасным шматпавярхоўкам, – зазначыла Марыя. – Я думаю, што тут, пад шатамі, нават у самыя спякотныя дні захоўваецца прахалода. А залы! Якія яны велічныя, прасторныя! Шкада, што мы не можам убачыць, якое ўбранства было тут гадоў гэтак сто назад. Якія тут былі шпалеры, дываны, якая гучала музыка? Цікава, якія людзі тут жылі, што рабілі, аб чым марылі?
– Зноў твае летуценні, Марыйка. Сумна.
Алачка не падзяляла захапленняў сяброўкі старажытнай архітэктурай і іншымі мастацкімі непатрэбнасцямі.
– А па мне лепей было б працаваць у сучаснай канторы, і каб у кабінеце быў зроблены еўрарамонт. А то што тут – сыра, холадна, як у падзямеллі, – завяршыла яна сваю думку.
* * *
Праз нейкі час, седзячы ўдзвюх за адным канторскім сталом, дзяўчаты пачалі ёрзаць і раз-пораз пазіраць на гадзіннік: «Ці хутка абед? Што ні кажы, а есці хочацца», – пераглядваліся яны паміж сабой.
– Можна мы крышачку раней пойдзем, Галіна Міхайлаўна? – нарэшце не вытрымала Алачка, звярнулася з просьбай да галоўнага эканаміста гаспадаркі.
– Чаму ж не, ідзіце, дзяўчаткі, ідзіце. Бачыш, якія старанныя, ад нашых папер галоў не адрываюць. Паабедайце, адпачніце крыху, а потым прыходзьце зноў. Нікуды ваша практыка не дзенецца.
Сталоўка ў саўгасе-тэхнікуме была добрая, і кармілі тут танна і смачна, аднак, як вядома, студэнты – народ небагаты, і нават такія нязначныя выдаткі не заўсёды ім па кішэні. Узяўшы тое-сёе, у першую чаргу арыентуючыся на ўласны густ і цану страў, дзяўчаты прыселі за кутні столік.
– На такіх харчах доўга не працягнеш. Трэба самім нешта гатаваць, – нездаволена пачала Алачка ў звычайнай сваёй манеры і тут жа прыціхла. Да іхняга століка набліжаліся два незнаёмыя юнакі.
– Тут свабодна? – запыталіся яны.
– Калі ласка, – дзяўчаты пасунуліся, даючы юнакам месца за сталом.
Алачка ваўкавата зыркнула ў бок Марыйкі. І ў гэтае імгненне на твары ў дзяўчыны адбілася ўсё тое, аб чым яна падумала. А падумала яна аб тым, што Марыйка – зграбная і прыгожая – падабаецца хлопцам з першага позірку, а ёй, Алачцы, трэба прыкласці столькі намаганняў, столькі сіл, каб запаланіць сэрца якога-небудзь вартага ўхажора. Але гэты раўнівы позірк застаўся нікім не заўважаным, бо ў наступны момант Алачка апамяталася і перамяніла выраз твару: прыветліва заўсміхалася хлопцам, і нават гаворка яе зрабілася больш выразнай і пранікнёнай:
– Які ў вас прыгожы тэхнікум! Столькі кветак, дрэў! А маёнтак, сапраўдны палац! – захаплялася яна мясцовымі адметнасцямі, пры гэтым не зводзячы свой зацікаўлены позірк з чарнявага, даволі высокага і спрытнага юнака ў модных «варонках».
Гэтыя выбеленыя джынсавыя порткі з замежнымі цэтлікамі ігралі немалаважную, калі не сказаць галоўную, ролю ў працэдуры заляцання, бо ў Алачкі былі свае падыходы да выбару кавалераў, і падчас знаёмстваў яна ў першую чаргу звяртала ўвагу на адзенне.
Побач з Марыйкай прысеў не надта высокі светлавалосы юнак з выразнымі цёмна-карычневымі вачамі і з нейкай занадта дзёрзкай манерай паводзін, якая выдавала ў ім свайго мясцовага разбітнога хлопца, якому і мора па калена, і любая бяда не бяда. Пра такіх у народзе часта кажуць: «кампанейскі хлопец», альбо яшчэ трапней – «прайдоха».
– А я вас тут ніколі раней не бачыў, – смела пачаў ён гаворку.
– А мы тут ніколі раней і не былі, – адказала Алачка, хоць звяртаўся ён да Марыйкі.
Дзіўна, але ў першы момант знаёмства гэты мясцовы хлопец не выклікаў у Марыйкі ніякіх адмоўных эмоцый, як гэта здаралася раней пры знаёмстве з хлопцамі-аднагодкамі. Наадварот, юнак прыйшоўся ёй даспадобы. Чамусьці ў размове з ім яна не адчувала звыклай скаванасці і няёмкасці. Гаворка цякла неяк нязмушана, сама сабой, як быццам між іншым.
Магчыма, менавіта гэтая акалічнасць і паспрыяла таму, што дзяўчына не адчула небяспекі, не асцераглася і незнарок прапусціла адну невялікую, але такую вострую стралу Амура ў сваё дзявочае сэрца...
– І як жа завуць такую мілую незнаёмку? – праз нейкі час пацікавіўся суразмоўца, спрабуючы злавіць яе позірк.
– Маша, Марыйка, – сказала і тут жа паправіла дзяўчына, пры гэтым чамусьці сарамліва зачырванелася.
– А мяне клічуць Леанідам, – у сваю чаргу смела назваўся юнак і працягнуў руку.
Дзяўчына асцярожна падала руку і адчула цеплыню яго далоні. У гэты момант іхнія позіркі сустрэліся, і ўжо было позна некуды бегчы, хавацца, шукаць нечага іншага. Марыйка адчула, што нешта моцна запякло, затрапятала ў грудзях, загрукала ў скронях дробнымі малаточкамі і расцяклося па ўсім целе мяккай асалодай. Так яны і застылі, гледзячы адзін аднаму ў вочы. У гэтую хвіліну Марыйка зразумела: вось яно і прыйшло, доўгачаканае, такое незнаёмае пачуццё – КАХАННЕ.
* * *
Надвор’е стаяла цудоўнае. У перыяд летняга сонцастаяння дзённае свяціла не скупілася на цяпло і шчодра раскідвала па ўсёй акрузе сваё пякучае чэрвеньскае праменне. Пасля наведвання сталоўкі дзяўчаты зайшлі да сябе, у выдзелены ім інтэрнацкі пакойчык.
– Можа пойдзем пазагараем хоць паўгадзіны, паглядзі якое хараство навокал! – прапанавала Алачка.
– Пайшлі, – лёгка пагадзілася сяброўка.
Трэба сказаць, што ў той час (магчыма, як і зараз) сярод студэнтаў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі існавала своеасаблівая мода: у вольны ад заняткаў час падымацца на інтэрнацкія дахі і там прымаць сонечныя ванны. Гэта было досыць зручна. Па-першае, такі занятак не патрабаваў шмат вольнага часу, не трэба было нікуды ехаць, каб там застацца сам-насам з нябесным свяцілам. А па-другое, як заўважылі студэнты ўсё той жа акадэміі, гэты дахавы загар клаўся на скуру неяк вельмі хутка і надзейна. Што ні кажы, а ўсё ж хоць на дзясятак метраў, ды бліжэй да крыніцы святла. Але, напэўна, гэты модны павеў яшчэ не дайшоў да аддаленага куточка нашай радзімы, бо калі дзяўчаты апынуліся на плоскім, пакрытым чорнай смалой інтэрнацкім даху Жыліцкага саўгаса-тэхнікума, ніводнага чалавека, які б прымаў сонечныя ванны, там не было.
Марыйка хуценька зняла вопратку, заняла зручнае месца і раскрыла кнігу. Яна заўсёды што-небудзь чытала, падстаўляючы сваю спіну і бакі сонейку. Але на гэты раз зрабіць гэта ёй чамусьці не ўдавалася. Чорныя друкаваныя літары і мудрагелістыя словазлучэнні скакалі перад вачамі, быццам рухавыя тэнісныя мячыкі, а думкі былі недзе зусім у іншым месцы.
Алачка пачала размову першай:
– Ну як табе новыя знаёмцы?
– Ды так, нічога асаблівага, – насцярожылася Марыйка.
– А мне гэты местачковы хлопец дык нават вельмі спадабаўся. Праўда, малады ён яшчэ, зусім зялёны. Як першы гурок. Але з гонарам. Сяржук – прыгожае імя, ці так?
Падчас гэтага свайго маналогу Алачка ляжала спінай на разасланай прама на прасмоленую аснову даху казённай коўдры і падстаўляла сонейку пярэднюю частку свайго маладога пругкага цела. Амаль увесь твар Алачкі быў прыкрыты квяцістым капелюшом.
– А ты заўважыла, што ўсе яго клічуць Тузом, – працягвала яна гаворку, – а твайго знаёмца, ну гэтага, бялявага, – Лёхам.
Кажучы гэта, Алачка прыўзняла капялюш і паглядзела на Марыйку:
– Ну чаму ты зноў маўчыш, быццам вады ў рот набрала. Бачыла я, як вы пазіралі адзін на аднаго, нябось ужо закахалася?!
Ад гэтых слоў у Марыйкі ажно мурашкі пабеглі па скуры: «Ну якая ёй справа ў рэшце рэшт, закахалася я ці не. Ну навошта ўсё так па-свінску псаваць, а было так хораша на душы, так цёпла...»
У роспачы падхапілася яна са свайго месца і пачала збірацца:
– Добра, хопіць валяцца, пайшлі ў кантору, зачакаліся нас там ужо, няйначай, – толькі і прамовіла ў адказ Марыйка.
* * *
Ніна Пятроўна ўжо чакала дзяўчат на прыступках інтэрната, калі тыя ў другой палове дня вярталіся з практыкі.
– Не ведаю, дзяўчаты, чым вы там у сваёй акадэміі займаецеся, але тут, у маім інтэрнаце (яна зрабіла націск на слове «маім»), загараць на даху я вам катэгарычна забараняю, – пачала яна без уступу. – Бач ты іх, якія бессаромніцы, перад усёю акругаю красуюцца амаль што голыя, у адных купальніках. А яшчэ студэнткі, трэцякурсніцы, – голасна адчытвала жылічак кастэлянка, прыцягваючы ўвагу ўсіх жыхароў шматпавярхоўкі. – Вы павінны прыклад падаваць нашым навучэнцам, а не круціць голымі задніцамі направа і налева. Запомніце, даражэнькія мае, у нас, у Жылічах, ва ўсім павінен быць парадак і дысцыпліна. Гэта гавару вам не я – гэта гаворыць вам наш дырэктар, Валянцін Адамавіч, – і дадала, ужо, мабыць, ад сябе: «Каб камар носа не падтачыў».
Прамовіўшы гэты свой любімы ўстойлівы выраз, жанчына, здаецца, крышачку збавіла абароты, але працягвала павучаць:
– Запомніце, у дзесяць гадзін інтэрнат зачыняецца. Калі вы гэтага не ведаеце, майце на ўвазе, а то будзеце начаваць дзе-небудзь пад плотам. І ніякіх наведвальнікаў, вы мяне зразумелі? Ніякіх заляцанняў!
– А ты, Надзея, чаго рот разявіла? Што табе тут трэба? – раптам перамяніла накірунак сваёй вымовы кастэлянка, заўважыўшы ў фае інтэрната дзяўчыну зусім юнага ўзросту. – Ведаем мы цябе, золатка, як аблупленую ведаем. Усе ўжо тут у курсе, хто да цябе прыходзіць і чым вы там займаецеся, так сказаць... Ну што за моладзь пайшла! – у роспачы ўсклікнула кастэлянка, разводзячы рукамі.
Дзяўчына Надзея, якая так своечасова з’явілася ў фае і адцягнула ўвагу кастэлянкі, і гэтым сваім учынкам выпадкова дапамагла дзяўчатам пазбегнуць далейшых натацый і настаўленняў, была навучэнкай тутэйшага сельскагаспадарчага тэхнікума. Не ведаючы гэтай акалічнасці, можна было б сказаць – школьніцай, вучаніцай старэйшых класаў. Была яна яшчэ амаль падлеткам: з даверлівым дзіцячым позіркам, прыпухлымі вуснамі і немудрагелістай манерай паводзінаў. Валасы на галаве навучэнкі былі прычасаныя, але не прыбраныя. Надзея нават не спрабавала іх укладваць у якую-небудзь прычоску – яны звісалі прамымі пасмачкамі ўздоўж даволі прыемнага і адкрытага твару дзяўчынкі-падлетка. Калі Ніна Пятроўна пайшла, Надзея сказала:
– Ды не слухайце вы нашу «Жуйку». Па праўдзе кажучы, яна мне ўжо ў пячонках сядзіць. І тое не рабі, і туды не хадзі. Надаела горш за чорную рэдзьку. Бачыце, якія рашоткі на вокны паставіла: «Камар носа не падточыць», а мы ўсё роўна як хадзілі, так і ходзім гуляць.
Пасміхаючыся, дзяўчаты пайшлі разам па калідоры, падняліся на трэці паверх, а потым запрасілі Надзею да сябе ў пакой. Працягваючы пачатую размову, новая знаёмка
казала:
– Ёсць у нас тут і танцпляцоўка, і кінатэатр. Дыскатэкі ў Доме культуры праводзяцца рэгулярна – два разы на тыдзень, а то і часцей. А што тычыцца дысцыпліны, то яно так – у дзесяць дзверы на замок. Але ж хіба гэта перашкода? – кажучы гэта, дзяўчына зрабіла адпаведны шырокі рух рукамі, прыгарнула дзяўчат да сябе і паціху, як найвялікшую тайну, прашаптала:
– У нас ёсць свой лаз у абшчагу, я вам потым пакажу. Дарэчы, калі цікавіцеся, у нашым інтэрнаце жывуць не толькі дзяўчаты, хоць ён і завецца жаночым. Не так даўно на першым паверсе пасялілі каманду спартсменаў-бодзібілдэраў. Яны тут быццам бы адпачываюць і адначасова да спаборніцтваў рыхтуюцца. А ў асноўным усе пакоі цяпер заняты студэнтамі-завочнікамі – у іх хутка выпускныя экзамены, рыхтуюцца…
Пакуль госця так складна ўсё распавядала, гаспадыні пакоя паспелі лепш прыгледзецца да сваёй суразмоўцы. Надзея, хоць і была на некалькі год малодшай за Алачку і Марыйку, аднак мела да канца сфарміраваную жаночую фігуру. Праз адзенне можна было назіраць выразныя лініі пругкіх дзявочых грудзей і акругласці бёдзер. Доўгія непрыбраныя валасы былі не надта чыстымі, засаленымі. Твар гэтай юнай асобы «ўпрыгожвала» дэкаратыўная касметыка вельмі яркіх, няўдала падабраных адценняў – гэта надавала яе знешнасці неахайны выгляд. Па ўсім было відаць, што ёй хацелася выглядаць больш дарослай і прывабнай, ды не хапала ўмення догляду за сабой.
– Ну добра, – перапыніла яе аповед Алачка, – калі ты так добра арыентуешся, ведаеш становішча ў інтэрнаце і тут, у мястэчку, то, напэўна ж, можаш нам крыху расказаць і пра моладзь, што тут кіруе. Напрыклад, ці чула ты што-небудзь пра Туза і Лёху?
– А хто іх не ведае... – пачала было на ўсіх парах Надзея, ды раптам схамянулася, як быццам прыпомніўшы нешта агіднае, не надта прыемнае, зачырванелася і замаўчала. – А навошта вам?
– Ды так, проста спытала, – абыякава паціснула плячамі Алачка.
Пасля гэтага «няўдалага» пытання размова неяк адразу разладзілася, і ў хуткім часе Надзея пачала развітвацца.
* * *
Набліжаўся вечар. Саўгас-тэхнікум быў напоўнены сваім звычайным жыццём: студэнты-завочнікі карпелі над падручнікамі, старанна рыхтаваліся да здачы выпускных экзаменаў, навучэнцы дзённай формы навучання адпачывалі пасля напружанага працоўнага дня: вытворчая практыка ў іх толькі-толькі пачалася. Спартсмены-бодзібілдэры, якія жылі недзе тут, на першым паверсе жаночага інтэрната, драмалі пасля дзённай трэніроўкі. Мясцовая моладзь, якая не падпарадкоўвалася ніякім тэхнікумаўскім законам і правілам супольнага жыцця, проста швэндалася туды-сюды ў пошуках прыгод ці чаго-небудзь цікавага.
Аднекуль здалёк даносіліся гукі бадзёрай музыкі, чуліся звонкія маладыя галасы і смех.
У невялікім інтэрнацкім пакойчыку бавілі свой вольны час дзяўчаты-практыканткі, што прыехалі сюды з Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Сядзелі яны асобна, кожная ў сваім кутку, і марылі таксама паасобку. Кожная думала аб нечым сваім, асабістым.
Алачка разважала аб тым, што няблага было б сёння ўвечары прагуляцца са сваім новым знаёмцам. Марыйка ж ніяк не магла зразумець, чаму так моцна ўсхвалявала яе гэтае новае выпадковае знаёмства ў сталоўцы. «Раней са мной ніколі такога не здаралася, ён проста падышоў, загаварыў, працягнуў мне руку і ўсё – маё сэрца растала. Дзіўна…» – думала яна.
Раптам нешта ціхенька грукнула ў шыбіну. Марыйка з Алачкай здзіўлена пераглянуліся між сабой, бо іхні пакой быў аж на трэцім паверсе і пастукацца ў акно знадворку ніхто не мог. Калі ж яны падышлі да месца здарэння, то ўсё зразумелі. Каля ўваходу ў інтэрнат стаялі Туз і Лёха. Гэта яны кінулі дробны каменьчык такім чынам, каб ён трапіў менавіта ў іх шыбіну, а цяпер махалі рукамі, запрашаючы дзяўчат выйсці на вуліцу.
Праз хвілін пятнаццаць-дваццаць Алачка і Марыйка ўжо пры поўным парадзе шпацыравалі на свае першыя местачковыя спатканні. Адразу юнакі прапанавалі пайсці на дыскатэку патаньчыць, канечне, калі паненкі не маюць нічога супраць такога баўлення часу. Танцаваць Марыйка ўмела і любіла, таму адразу пагадзілася. Пасля гэтага Алачцы нічога не заставалася, як далучыцца да кампаніі.
Вокны прасторнай танцавальнай залы мясцовага Дома культуры былі занавешаны вельмі шчыльнай светанепранікальнай тканінай. Улічваючы гэтую акалічнасць, у пакоі, дзе праходзіла дыскатэка, павінен быў быць поўны змрок, аднак тут працавала спецыяльная светамузыка. Рознакаляровыя ліхтарыкі рытмічна мільгалі і бліскалі не горш чым на сапраўднай гарадской дыскатэцы. Гэтая імітацыя ночы вельмі спадабалася дзяўчатам, бо яны ўсё думалі-гадалі, як гэта таньчыць, калі на вуліцы яшчэ так светла.
Лёха танцаваў лёгка, спраўна, з нейкай адметнай неўтаймаванай дзёрзкасцю. У яго ўсё спрытна атрымлівалася: і сучасны шэйк, і павольнае танга, і іншыя танцы. Ён нават мог выбіваць чачотку, чым здзіўляў і смяшыў дзяўчат.
Марыйка ж настолькі тонка адчувала мелодыю і з такой лёгкасцю пераймала розныя рухі і танцавальныя «па», што, гледзячы на яе, складвалася ўражанне, што яна ўсё жыццё толькі гэтым і займаецца: таньчыць, таньчыць… Як падхопленая ветрам пушынка, кружылася і віравала яна ў бясконцай музычнай прасторы разам са сваім вёрткім кавалерам.
З іх атрымалася цудоўная танцавальная пара. Старонняму назіральніку было б нават складана вызначыць, хто з гэтых двух маладых людзей танцуе лепш: прыгожая пластычная дзяўчына альбо ўвішны, апантаны музыкай юнак. Яны былі настолькі рознымі ў сваім праяўленні танцавальнага рытму і настолькі блізкімі па агульнаму настрою, што іх сумесны танец выклікаў пачуццё зачаравання.
Як полымя ў кастрышчы разгараецца мацней у прысутнасці свежага паветра, як маладая лістота пакрывае галінкі дрэў пад уздзеяннем сонечнага жыватворнага святла, так і гэтыя двое, знайшоўшы адзін аднаго, набылі нешта вельмі вартае, невымоўна-прыгожае, захапляючае, якое патрабавала працягу. Ад іх нельга было адвесці вачэй. Яны таньчылі так, быццам выконвалі нейкі дзівосны, толькі ім вядомы абрадавы танец – танец «узаемнага кахання». Гэта было так відавочна, гэтага нельга было ўтаіць
і, здаецца, гэтаму ніколі не было б скону, калі б працягвала гучаць музыка...
– А чаму цябе ўсе завуць Лёхай, калі ты Леанід? – запыталася Марыйка ў той момант, калі яны выйшлі на вуліцу з душнага памяшкання дыскатэчнай залы.
– Клікуха.
– Я разумею, але вось скажы – хто-небудзь, ну хоць адзін чалавек на свеце, цябе называе сапраўдным імем?
– Не, здаецца ніхто.
– Тады я буду цябе так зваць, добра, Лёня?
Яна вымавіла гэта з такой лагодай і з такім хараством, што хлопец міжволі ўсміхнуўся:
– Дзіўная ты дзяўчына, Марыйка. Ну ўжо ж, напэўна, не на першым курсе займаешся ў сваёй акадэміі, а ўсё роўна як дзіця.
– Я ведаю, – збянтэжылася Марыйка, – я не ўмею размаўляць з хлопцамі. Ты крыўдуеш?
– Ды не, што ты. Проста ты такая цудоўная, ажно не верыцца...
– Паглядзі, ужо амаль што дзесяць, – захваляваўся хлопец, – пабеглі хутчэй, трэба паспець у інтэрнат, пакуль ён яшчэ не зачыніўся, а то «Жуйка» цябе проста з’есць.
* * *
– Галіна Міхайлаўна, а чаму ў саўгасе за апошні год так рэзка ўпала рэнтабельнасць? У мінулыя гады сорак і нават больш працэнтаў была, а тут усяго дваццаць чатыры?
– Наша гаспадарка мае свае асаблівасці, – адказала Галіна Міхайлаўна Комлева, галоўны эканаміст саўгаса-тэхнікума. – Па-першае, гэта тэхнікум. Мы ж іх, нашых навучэнцаў, і вучым, і кормім, і апранаем, можна сказаць. Кожны год частка прыбытку, як правіла, ідзе на ўтрыманне тэхнікума. Але ёсць і другая прычына: яшчэ не так даўно быў у нас свой спіртзавод. Напэўна, вы заўважылі, колькі ў нас тут навокал садоў: яблыневых, грушавых, слівавых? Аснову пладовай гаспадаркі заклаў яшчэ шляхціц Ігнат Булгак у сярэдзіне дзевятнаццатага стагоддзя, калі пачаў узводзіць палацава-паркавы комплекс. Да гэтага часу існуюць асобныя даўгавечныя пладовыя дрэвы ад той панскай гаспадаркі, ёсць, вядома ж, і новыя пасадкі. Садоўніцтвам зараз займаюцца навучэнцы нашага тэхнікума. Адным словам, кожную восень мы збіраем неблагі ўраджай садавіны. Тут ёсць і яблыкі, і грушы, і слівы, і іншыя пладовыя і ягадныя культуры.
Не быў выключэннем і апошні – восемдзесят шосты год, але... У мінулым годзе зачынілі наш вінаробчы завод. Як Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў увёў «сухі» закон, так завод і зачынілі. Цяперачы спрабуем наладзіць лінію па вырабу безалкагольных напояў, але ці хутка тое будзе, аднаму Богу вядома. Наладзіць вытворчасць не так проста, да таго ж патрэбны стабільны попыт. Як вядома, на спіртныя напоі попыт існуе заўсёды. А ці будзе карыстацца попытам наша новая, безалкагольная прадукцыя? Вось па гэтай прычыне рэнтабельнасць у мінулым годзе і ўпала ўдвая. А сёлета і таго не будзе.
Было відаць, што, распавядаючы аб эканамічным становішчы гаспадаркі, Галіна Міхайлаўна хвалюецца, ставіцца да такіх новаўвядзенняў з боку ўлад, мякка кажучы, не зусім прыязна.
Неадназначна адносіліся да гарбачоўскіх новаўвядзенняў і самі дзяўчаты. Як кажуць: «Пітушчы чалавек латамі трасе, а ў карчму апошняе нясе». А калі чалавек вядзе цвярозы лад жыцця, што дасць яму гэты «сухі» закон, акрамя нейкага непатрэбнага тлуму і клопату? – разважалі яны між сабою.
Але што зробіш, на тое яна і дзяржава, каб прымаць такія валявыя рашэнні. Ідэя ж, пакладзеная ў аснову гэтага новага закона, была вельмі добрая – барацьба з п’янствам і алкагалізмам.
– А што гэта за чэкавая форма кантролю затрат? Я яшчэ нават аб такой і не чула, – пацікавілася Марыйка.
– Гэта ўсё наш дырэктар. Пачуе дзе што новае, цікавае – і давай хутчэй у саўгасе прымяняць. Вось і з гэтай формай так выйшла: нідзе няма, а ў нас ужо больш чым паўгода працуе і нават вынікі свае пачала даваць. А сутнасць яе ў тым, што кожны цэх, а іх у нас пяць, гэта значыць цэх раслінаводства, жывёлагадоўлі, механізацыі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і цэнтральны склад паміж сабою разлічваюцца чэкамі і вядуць самастойны ўлік выдаткаў. Вядома, і складанасцей хапае. Цяпер прыходзіцца кожную капеечку лічыць, не так, як раней. Але ж затое і адказнасць на месцах павысілася. У канцы года пры эканоміі выдаткаў кіраўнікі гаспадарча-разліковых падраздзяленняў будуць прэміравацца, а пры перарасходзе матэрыяльных каштоўнасцей страты будуць спагнаны з адказных асоб.
– Галіна Міхайлаўна, скажыце, а вам ваша праца падабаецца? – запыталася ў галоўнага эканаміста гаспадаркі Алачка.
Жанчына ўсміхнулася:
– Усе прафесіі складаныя, калі да іх сур’ёзна ставіцца. Памятаю, на пачатку маёй працоўнай кар’еры дырэктар мне не давяраў. Усё палічу дакладна, пастаўлю лічбу ў справаздачу, а ён не верыць, сам яшчэ сем разоў пералічыць і толькі тады прымае. А цяпер у нас зусім іншыя адносіны, ведае, калі стаіць мой подпіс, то лічба вывераная і абгрунтаваная.
Калі ж рыхтую вытворчы план развіцця гаспадаркі на наступны год, то ў першую чаргу ўлічваю пажаданні і просьбы дырэктара, а потым ужо вырашаю, якую лічбу паставіць, каб яна – гэтая планка – не аказалася для нашай гаспадаркі непад’ёмнай.
Адно я хачу вам сказаць, дзяўчаты: кожны павінен несці адказнасць за даручаную яму справу і добрасумленна выконваць свае працоўныя абавязкі.
* * *
– Марыйка, давай я пакажу табе наш парк, – прапанаваў Леанід пры наступнай сустрэчы. – Вы ж, як прыехалі, нічога акрамя саўгаснай канторы і інтэрната яшчэ не бачылі.
– Мы і самі збіраліся сёння пахадзіць тут навокал, паглядзець, – весела пачала Марыйка, а потым спахмурнела, – але як жа я пайду гуляць з табой і пакіну сяброўку ў адзіноце?
– А давай я паклічу Туза, і мы пойдзем гуляць усе разам, учатырох. Весялей будзе.
– Ну тады згода. А чаму ты Сяржука завеш Тузам? Гэта таксама клікуха ці статус?
– Не, гэта прозвішча ў яго такое: Тузінец, а мы скарачаем, і атрымліваецца Туз, – растлумачыў хлопец.
Марыйка пабегла ў інтэрнат, каб падзяліцца навіною з Алачкай і запрасіць яе ў такую, так бы мовіць, вандроўку па тутэйшых выдатных мясцінах.
Напачатку яны вырашылі прайсціся да палацавага комплексу і паслухаць сваіх новых знаёмцаў. Цікава было даведацца пра гісторыю мястэчка, тым больш – пачуць яе з вуснаў такіх маладых і прыемных на пагляд юнакоў.
Леанід ахвотна ўзяў на сябе абавязкі гіда і пачаў расказваць:
– Палац быў пабудаваны напрыканцы дзевятнаццатага стагоддзя. Ігнат Булгак – мясцовы паніч і будучы ўладальнік маёнтка – марыў жыць як сапраўдны вяльможа. За ўзор будучага свайго жытла ён узяў Версальскі палац у Парыжы. І калі вядомы ў той час архітэктар Караліс Падчашынскіс узяўся за падрыхтоўку праекта, то абавязковай умовай было стварэнне шыкоўнага палацавага комплексу, не маючага аналага ў гэтых мясцінах. Будаўніцтва вялося ў некалькі этапаў. Першым быў пабудаваны вось гэты галоўны П-падобны корпус. Яго ўзвядзенне завяршылася ў трыццатых гадах мінулага стагоддзя. Потым, пасля смерці Ігната Булгака, будаўніцтва працягнуў яго малодшы сын Эдгар Булгак. Калі ж будоўля завяршылася, палац налічваў каля сотні пакояў, сярод якіх былі бальная зала, бібліятэка, гасцёўня, сталовая, зброевая і іншыя памяшканні. У паўднёвай частцы палаца – вось тут – знаходзіўся зімовы сад. Менавіта ён і «зачыняў» дворык і палац, пасля яго будаўніцтва набыў форму чатырохкутніка.
Дзяўчаты ўважліва абследавалі месца, якое некалі адводзілася пад зімовы сад, але акрамя разбураных падмуркаў, кавалачкаў цэглы, гліняных чарапкоў, камення, дзікай зеляніны, якая пачынала буяць, нічога цікавага не ўбачылі.
– А калі разбурылі аранжарэю? – пацікавіліся дзяўчаты.
– Зімовы сад быў разбураны ў час Вялікай Айчыннай вайны. Магчыма, трапіў снарад, ці што іншае здарылася, я гэтага не ведаю. Адным словам, фашысты прыклалі да гэтага руку. Падчас акупацыі амаль тры гады ў палацы размяшчаўся нямецкі шпіталь. На жаль, мы зараз не можам убачыць тых прыгожых кветак: руж, цюльпанаў, геацынтаў ды іншых экзатычных раслін, якія вырошчвалі Булгакі ў сваім ацепленым зімовым садзе, – выказаў шкадаванне хлопец.
– Вось тут, на гэтым забалочаным месцы, прама перад правым порцікам палацавага комплексу, – працягваў экскурсію Леанід, – знаходзіўся штучны вадаём. Мясцовыя жыхары кажуць, што раней тут гняздзіліся прыгожыя белыя лебедзі, часам на возера наведваліся чаплі, гагары ды іншыя рэдкія ў нашых краях птушкі. Магчыма, дзеля развядзення птушак пасярэдзіне штучнага вадаёму былі насыпаны два астравы. Адзін з астравоў насіў назву «Галубіны», другі – «Салаўіны». Па возеры можна было плаваць на лодках, рыбачыць, што і рабілі шматлікія наведвальнікі і госці гаспадара памесця.
Тое, аб чым так прыгожа і падрабязна распавядаў юнак, цяпер можна было ўбачыць, толькі маючы добрае ўяўленне. Бо насамрэч на тым месцы, дзе раней было возера з птушынымі астравамі, зараз было забалочанае месца, дзе раслі асака ды чарот, а над ім у паветры лёталі звычайныя чорныя шпакі ды вароны.
– Ну а цяпер прыпынюся на «графскім парку», як яго ў нас называюць, – працягваў свой аповед Леанід. – На пачатку будоўлі пад азеляненне было выдзелена васямнаццаць гектараў зямлі. Як вы бачыце, палац з усіх бакоў акружаны алеямі і зялёнымі насаджэннямі. Для антуражу тут выкарыстоўваліся рэдкія пароды дрэў, такія як клён серабрысты, ясень пенсільванскі, лістоўніца еўрапейская. Пры стварэнні палацава-паркавага комплексу паны не грэбавалі і звычайнымі дрэвамі: дубамі, хвойнымі, арэхам, але больш за ўсё на адведзенай плошчы было пасаджана ліп. Можна нават сказаць, што гэта вялізарны ліпавы парк, які мае правільную прамавугольную форму. Але гэты ліпавы парк не зусім звычайны – так, так не здзіўляйцеся, ён мае сваю таямніцу.
– І што гэта за таямніца? Няўжо тут закапаны клад? – ажывіліся дзяўчаты, пачуўшы гэтыя словы.
– Ну, пра клад я не ведаю, хаця ўсё можа быць. Багацця ў Булгакаў хапала, а калі адбылася Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя і да ўлады прыйшлі бальшавікі, то асаблівых каштоўнасцей у палацы не аказалася. Магчыма, іх вывезлі гаспадары, калі давалі драла ад дзікуноў-рэвалюцыянераў, а магчыма, закапалі тут, у парку, частку свайго багацця. Але я хацеў расказаць аб іншай таямніцы. Дык вось, ліпавыя алеі, якіх тут, як вы самі бачыце, вельмі шмат, былі спланаваны і пасаджаны такім чынам, што калі на іх зірнуць з вышыні птушынага палёту, то можна прачытаць ініцыялы заснавальніка – Ігната Булгака.
– Ну не такія ўжо і складаныя ініцыялы. Цікава, на якой мове яны тады размаўлялі – на рускай ці на беларускай? Якую літару «І» выкарыстоўвалі? – спытала Алачка.
– Хутчэй за ўсё на французскай, памятаеце ў Пушкіна: «Он по-французски совершенно мог изъясняться и писал…», – выказала сваё меркаванне Марыйка. – Хаця я ведаю, што польская шляхта, якая жыла на тэрыторыі Заходняй Беларусі, размаўляла на польскай мове. А наша, мясцовая, калі Беларусь была ў складзе Вялікага княства Літоўскага, і пазней, аж да васямнаццатага стагоддзя, вяла справаздачу, пісала і размаўляла па-беларуску. Французская ж мова з’явілася тут значна пазней, якраз на пачатку дзевятнаццатага стагоддзя.
– Я думаю, нашы паны ведалі некалькі моў, у тым ліку беларускую і французскую. Яны ж мелі магчымасць вандраваць, выязджаць за мяжу. Ну, напэўна ж, Ігнат Булгак быў
у Парыжы і бачыў Версальскі палац, калі даў такое даручэнне архітэктару: пабудаваць міні-Версаль на сваёй зямлі, – выказаў сваё меркаванне Сяржук.
– Дык вось, – працягваў свой змястоўны аповед Леанід, – яшчэ падчас свайго стварэння парк быў упрыгожаны такімі сяміметровымі пагоркамі, прыгожымі мосцікамі і скульптурамі. Зараз, вядома ж, многае разбурана, але нават тое, што засталося, заслугоўвае ўвагі. Вось паглядзіце, якая прыгожая альтанка захавалася з таго часу.
Маладыя людзі зайшлі ў панскую альтанку, каб крыху адпачыць і мець магчымасць уявіць, як тут некалі прагульваліся і бавілі час гаспадары памесця.
– Во жылі людзі, бы сыр у масле каталіся. Што ні кажы, а паны тут шыкавалі, – пачаў разважаць Сяржук. – Гэта ж колькі трэба было мець грошай, каб усё гэта пабудаваць, а потым даглядаць гаспадарку, спраўляць балі, ездзіць за мяжу, набываць розныя каштоўнасці?
– А што ты зайздросціш Булгакам, чым нам цяпер горш жывецца, – абурана стала пярэчыць Марыйка. – Зараз мы з вамі маем такія ж магчымасці, якія некалі былі толькі ў паноў і паненак. Вось зараз праходжваемся тут, карыстаемся альтанкамі і іншымі пабудовамі тых часоў. Нават можам, пры жаданні, наведацца ў палац. Дарэчы, зараз дзверы ўсіх палацаў свету расчынены перад намі. Перыяд «жалезнага занавесу» і ізаляцыі нашай краіны скончыўся: перабудова, галоснасць, дэмакратыя… – кажучы гэта, Марыйка ўзрушана пачырванела.
– Дзверы то расчынены, ды не хапае ў нас чагосьці, на мой погляд, вельмі важнага, – упарта не пагаджаўся Сяржук. – Не стае ў нас пачуцця гонару, пачуцця ўлады, якое мела шляхта. А гэта многае мяняе. Мы ходзім тут як экскурсанты. Прыйшлі, паглядзелі і пайшлі. А яны – гэтае шляхецтва – хадзілі тут гаспадарамі і ўласнікамі. У гэтым асноўнае адрозненне паміж намі.
– Вось і я кажу: не ўмеем мы жыць па-людску і весці гаспадарку не ўмеем так, як гэта рабілі раней нашы продкі. Ці, да прыкладу, як яе вядуць цяперашні час у замежжы, – з запалам прамовіла Алачка, паглядаючы ў бок свайго кавалера.
Па праўдзе кажучы, Алачка ніколі не праяўляла асаблівай павагі да існуючага дзяржаўнага ладу і да тых парадкаў, якія тут, на нашай зямлі, былі ўсталяваны. Яна з пагардай ставілася да тых юнакоў і дзяўчат, якія апраналіся «ва ўсё савецкае». Алачцы заўсёды хацелася апранацца ў замежныя рэчы, якія з вялікай цяжкасцю ёй удавалася набываць у фарцоўшчыкаў і замежных студэнтаў. І хаця яна ніколі не была за мяжой і не ведала, як там вядзецца гаспадарка, але была ўпэўнена, што там намнога лепш, бо там усяго хапае і няма дэфіцыту.
– А як жа саўгас-тэхнікум? У іх ведаеце якія паказчыкі, лепшая гаспадарка ў вобласці, – працягвала бунтарыць Марыйка. – І што, па-вашаму, Валянцін Адамавіч не ўмее кіраваць? Хіба ён горшы гаспадар, чым той жа Булгак ці сучасныя капіталісты?
– Ды хто спрачаецца, вядома ж, Валянцін Адамавіч – кіраўнік ад Бога. Такога гаспадара, як ён, трэба яшчэ пашукаць. Я аб іншым. Раней багацце належала аднаму сямейству. Яны тут жылі, гаспадарылі, усталёўвалі свае парадкі. Напэўна ж, няблага ўпраўляліся са сваёй гаспадаркай, бо мелі добры прыбытак, і грошай на ўсё хапала – і на будоўлю, і на забавы. А ў наш час што, дзе гэтае багацце? – запытаўся Сяржук, разводзячы рукамі.
– Дык вось і добра. Няма такіх багацеяў, як раней, няма і жабракоў, беззямельных, прыгонных. Я лічу, што сённяшні час лепшы, і магчымасцей у нас з вамі намнога больш, чым было тады, у дзевятнаццатым стагоддзі, у звычайных людзей. Цяпер кожны з нас – патэнцыяльны Булгак, я так лічу, – хвалявалася Марыйка. – Паслухайце радыё: перабудова, новыя метады кіравання. Сябры, мы з вамі маем неабмежаваныя магчымасці. Цяпер мы можам і павінны пакараць вяршыні. Раней гэта рабілі толькі адзінкі – паны ды вяльможы, а цяпер гэтыя магчымасці ёсць у кожнага з нас.
Маладыя людзі не сталі далей сварыцца і высвятляць, хто мае рацыю. Усе ведалі, што ў краіне пачалася перабудова, і ўсім хацелася спадзявацца, што яна прывядзе да нейкіх значных станоўчых вынікаў. Таму ўвесь запал спрэчкі скончыўся гэтак жа хутка, як і ўзнік.
* * *
Пакінуўшы альтанку, моладзь раздзялілася на пары, і кожная пара пайшла асобна. Ішлі наўздагад, асабліва не выбіраючы дарогі. Балазе месцаў прыдатных для такіх сардэчных вандраванняў у «графскім парку» Булгакаў было дастаткова.
Ліпы, бы магутныя волаты, стаялі абапал алей старажытнага палацава-паркавага комплексу. Яны ўважліва сачылі за ўсімі наведвальнікамі гэтых цяністых мясцін і слухалі ўсе тыя шматлікія размовы, якія вяліся тут, у зацішку, удалечыні ад чужых вушэй.
Яны – гэтыя маўклівыя драўляныя вартаўнікі – шмат чаго ведалі, былі сведкамі розных драматычных падзей. Яшчэ зусім маладымі дрэўцамі яны назіралі, як Булгакі гаспадарылі на гэтай зямлі, будавалі свой «Версаль». Бачылі, як на пачатку стагоддзя гаспадары таропка пакінулі сваё памесце, як прыйшлі камісары з чырвонымі зорачкамі на гімнасцёрках і будзёнаўках. Абыякава глядзелі веліканы, як праводзілася калектывізацыя, ствараўся саўгас. Потым ліпы былі сведкамі нашэсця нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яны слухалі гаворку раненых нямецкіх салдат, якія праходжваліся тут, між дрэў, па алеях яшчэ не зусім старога парку, залечваючы свае франтавыя раны. Квітнеючыя ліпы сталі сведкамі вызвалення гэтай тэрыторыі Савецкай Арміяй у чэрвені 1944 года. Не забыліся яны і пра тыя святочныя моманты, калі ў палацы Булгакаў стварылі саўгас-тэхнікум. Ва ўстанове пачалі набываць веды будучыя аграномы і кіраўнікі сельскагаспадарчай вытворчасці. Зусім свежымі былі ўспаміны дрэў аб адкрыцці новага вучэбнага корпуса, будаўніцтве інтэрнатаў, Дома культуры, вучнёўскай сталоўкі.
З тых самых урачыстых хвілін і да сённяшняга дня не сціхалі тут, у парку, маладыя ўзрушаныя галасы навучэнцаў установы адукацыі. З іх вуснаў часам зляталі вельмі смелыя меркаванні, юнацкія летуценні, мары аб нечым высокім і недасягальным. Але часцей за ўсё, прагульваючыся тут, моладзь гаварыла аб каханні, аб гэтым светлым і высокім пачуцці. Колькі абяцанняў, слоў надзеі, гарачых прызнанняў і пацалункаў чулі і бачылі ліпы, стоячы абапал утульных алей гэтага велізарнага зялёнага масіву.
Ліпы, гэтыя маўклівыя сведкі гісторыі, ніколі не ўмешваліся ў справы людзей, не давалі ім сваіх парад, не павучалі і не выказвалі свайго адабрэння ці папроку. Навошта? Яны з вопыту пражытых дзён ведалі, што не заўсёды трэба выказваць сваё меркаванне, уступаць у спрэчку, а тым больш некага вінаваціць. Пройдзе час, і ўсё зменіцца. Час – ён такі, ён усё расставіць па сваіх месцах. «Час – найлепшы суддзя і дарадчык», – былі перакананы дрэвы.
Штогод на пачатку ліпеня веліканы пакрываліся безліччу жаўтлявых кветачак ліпавага цвету. Кожнае суквецце імкнулася выдзеліць як мага больш смачнага мядовага нектару. Пчолы рупліва збіралі гэтую чароўную вадкасць і пераўтваралі ў каштоўны і такі неабходны жыхарам мястэчка ліпавы мёд. Векавыя дрэвы прыносілі карысць людзям і бачылі сэнс свайго існавання менавіта ў гэтым.
Вось і цяпер, калі Марыйка з Леанідам прагульваліся па парку, ліпы старанна выконвалі сваю высакародную справу. Кволыя кветачкі ліпавага цвету цягнуліся сваімі далікатнымі пялёстачкамі да сонца, распускаліся і мёдатварылі.
З кожным днём, з кожнай гадзінай ліпавай квецені станавілася ўсё больш і больш. І зараз духмяныя кветкі пакрывалі не толькі вершаліны дрэў, як гэта было некалькі дзён таму, калі Алачка з Марыйкай прыехалі на практыку, але і сярэднія, і часткова ніжнія галіны. Ліпавыя дрэвы набылі незвычайны купчасты выгляд і сталі падобнымі на святочна ўпрыгожаныя навагоднія ёлкі. Здавалася, што пышныя гірлянды ліпавага цвету спускаюцца з верхавін магутных дрэў, ахутваючы ўсе галіны і лісце прыгожым жаўтлявым дыванком. Гэта радавала вока і ў той жа момант насычала навакольнае паветра такім духмяным і салодкім водарам, што ажно кружылася галава.
* * *
– Марыйка, ну навошта так хвалявацца? Навошта гэтая залішняя перабудовачная апантанасць? Няўжо ты насамрэч думаеш, што мы зараз будзем мець рэальную магчымасць разбагацець і жыць прыпяваючы, як гэта некалі рабілі Булгакі? Пра якія вяршыні ты гаворыш? – не ўтрымаўся Леанід ад працягу размовы, калі яны засталіся сам-насам.
– Пра розныя, – працягвала Марыйка сваю думку, – магчыма, нехта пачне займацца бізнесам, нехта будзе маляваць карціны, пісаць кнігі, наладжваць вытворчасць, аказваць нейкія паслугі, будаваць дарогі – колькі розных накірункаў, каб праявіць сябе, усталявацца як асоба.
– І што, ты хочаш сказаць, што да гэтага часу ў нас такой магчымасці не было, а зараз, калі аб’явілі, што ў краіне дэмакратыя і галоснасць, усё вокамгненна пераменіцца і, як манна нябесная, на нас усё гэта пасыплецца, – не даваў веры юнак.
– Я думаю, што зараз у нас з’явіліся магчымасці для самарэалізацыі, жыццё нам дае шанц…
– Баюся цябе расчараваць, – перабіў дзяўчыну Леанід, – але, як вучыць гісторыя і кажуць на Усходзе: не дай вам Бог жыць у эпоху перамен. Сысці са звыклых рэек гаспадарання, ой, як лёгка, а ўскараскацца на нейкі новы шлях, дасягнуць нейкіх станоўчых вынікаў досыць складана. Баюся, каб і нас такое ж не спасцігла. Мы спадзяёмся на лепшае жыццё, а можа атрымацца так, што страцім апошняе.
– Ды што нам губляць, Леанід, мы ж толькі набываем. Гэта ў гады застою і дэфіцыту мы згубілі адчуванне рэчаіснасці. Напачатку, пасля ўсталявання савецкай улады, ды і ў пасляваенныя гады, усё было добра: будавалі сацыялізм, паказчыкі раслі, дабрабыт таксама паляпшаўся. Вытворчасць набывала моц. А потым што – згубілі арыенцір, аказалася, што гэта дарога ў нікуды, – хвалявалася дзяўчына.
– Во-во, і я пра тое ж. А дзе ўпэўненасць, што сёння мы абралі той арыенцір, які нам патрэбны? Ці правільна тое, што мы робім зараз? Ты ж сама бачыш, што не ўсё так гладка і цяперачы. Хоць бы ўзяць гэты не так даўно прыняты «сухі» закон. Амаль уся саўгасная пладова-ягадная гаспадарка пайшла пад нож. Зачынілі бровар, спынілі вытворчасць алкагольнай прадукцыі, што далей? Куды мы прыйдзем з такімі падыходамі?
– Няўжо і ты згодны з Тузам і лічыш, што пры панах было лепей? – пакрыўдзілася Марыйка. – Няўжо мы ні на што не вартыя, не можам нават выбраць, куды нам ісці і як развівацца?
– Не, Марыйка, я так не лічу, – ужо больш лагодна прамовіў юнак. – Што нам да гэтых паноў, іх дні мінулі, а ў нас з табой яшчэ ўсё наперадзе. А што датычыцца перабудовы, то час пакажа, хто з нас правы, а хто не. Вось гэтыя ліпы будуць нашымі сведкамі, згода?
Леанід зірнуў на сваю пакрыўджаную суразмоўцу і ўсміхнуўся. Усмешка яму пасавала. Пры гэтым усё яго аблічча з даволі суровымі, правільнымі рысамі твару і цяжкім валявым падбародкам раптам перамянілася, напоўнілася нейкім святлом і лагодай. Марыйка таксама ўсміхнулася ў адказ.
– Згода, – працягнула яна сваю вузкую дзявочую далонь.
* * *
Яшчэ хвіліну-другую – і дзяўчаты спазніліся б у інтэрнат. Ім так спадабалася вандраванне па тутэйшых запаветных мясцінах і хлапечая кампанія, што яны перасеклі ахоўную мяжу кастэлянкі ў самы апошні момант перад закрыццём жыллёвага аб’екта.
Ніна Пятроўна Жуёнак на гэты раз нічога не сказала, толькі асуджальна паківала галавой. Ну-ну, маўляў, паглядзім, што з вас будзе далей.
Алачка ляцела на трэці паверх як на крылах:
– Маша, ён мяне пацалаваў, – казала яна, абдымаючы і прыціскаючы да сябе сяброўку. – Мы цалаваліся ўвесь час, пакуль хадзілі па гэтых зарасніках, – ажно пішчала ад задавальнення Алачка.
– Ды сціхні ты, дурніца, суседзі пачуюць, – сердавала Марыйка, адбіваючыся ад абдымкаў сяброўкі.
– А няхай чуюць, і чаго мне саромецца? Я ж нічога дрэннага не раблю. А ты ведаеш, Маша, колькі ім год? Я ж табе казала, што яны яшчэ зусім маладыя, зялёныя, ім толькі па васямнаццаць. Яны нават у войску яшчэ не былі. Ну ды нічога, цалавацца ён ужо ўмее. Ды яшчэ як!
Не паспелі дзяўчаты падняцца на свой паверх і падзяліцца новымі ўражаннямі, як нехта ціхенька пастукаўся да іх у дзверы.
– Заходзьце, калі ласка, – прамовілі дзяўчаты ў здзіўленні.
– Добры вечар, а я тут ваша суседка. У мяне малое спіць, вы крышачку цішэй, калі ласка, – зазірнула ў пакой маладая, ладна складзеная кабета ў квяцістым, не надта доўгім халаціку з выразнымі рабацінкамі на прыгожым кірпатым носіку.
– А калі прачнецца немаўлятка, то заходзьце ў госці, на чай. Тады і пазнаёмімся бліжэй, – добразычліва прапанавала суседка.
Пасля гэтага прыйшлося Алачцы суняць свой неўтаймоўны запал і выказваць свае ўражанні ад сустрэчы з юнаком напаўголасу.
Марыйка ж не мела такой звычкі – распавядаць чужым людзям аб усіх сваіх унутраных перажываннях і пачуццях. Яна проста ўсміхалася, думаючы аб тым, які добры і далікатны яе Лёня, як гараць яго вочы, калі ён пазірае на яе, Марыйку.
* * *
Як высветлілася, суседка Алена – навучэнка завочнага аддзялення саўгаса-тэхнікума – рыхтавалася да выпускных экзаменаў, а разам з ёй прыехаў атрымліваць дыплом і яе маленькі сыночак Змітрок, які яшчэ нават з пялёнак не выкараскаўся, а ўжо свае абавязкі добра ведаў і падаваў раз-пораз свой зычны мужчынскі голас: «А-гу, а-гу!»
На наступны дзень, адразу пасля знаёмства, Алачка ўзяла суседскага хлопчыка на рукі. Усмешка замілавання кранула яе вусны. А Алена тым часам завяла размову:
– Ой, дзяўчаткі, хіба ж я думала, што так усё здарыцца? Пачынала вучыцца і думаць не думала аб замужжы, а вось сёлета і з дзіцем прыехала на выпускныя экзамены. Жыццё – яно такое, бярэ сваё, – кажучы гэта, жанчына ласкава зірнула на немаўлятка, як быццам ахутваючы яго сваёй бясконцай матчынай любоўю і спагадай. – Добра, што Валянцін Адамавіч увайшоў у маё становішча, дазволіў з дзіцем тут, у інтэрнаце, знаходзіцца.
– Глядзі ты, усміхаецца, кавалер расце ў цябе, Алена, – пажартавала Алачка і адразу запыталася: – А раджаць як, вельмі цяжка?
– Нават не ведаю, што вам адказаць, дзяўчаткі, і цяжка, і не. Калі хочаш даць жыццё другому чалавеку, калі любіш сваё дзіцятка яшчэ да яго з’яўлення на свет – тады лёгка раджаць. Тады пра сябе ўвогуле забываеш, думаеш толькі аб ім, вось аб гэтым маленькім стварэнні. Ды гэтага нават нельга растлумачыць, гэта свайго роду мацярынскі інстынкт – самаахвярнасць.
– Алена, а вы свайго мужа любіце? – пацікавілася Алачка, забаўляючы малога хлопчыка.
– Ну, вы ўжо ўсё хочаце ведаць, – засаромелася жанчына і адказала жартам:
– Каб не любіла, то замуж не пайшла б.
Простая вясковая жанчына, Алена спадабалася Алачцы і Марыйцы сваёй шчырай адкрытай усмешкай і шчодрымі пачастункамі. У яе, як у добрай гаспадыні, заўсёды былі напагатове каўбаса, сала і іншыя вясковыя прысмакі. Вадзіліся ў суседкі і дарагія пачастункі: пячэнне, цукеркі, фрукты. Калі і хто іх дастаўляў маладой матулі, дзяўчаты не ведалі, але вельмі хутка ўзялі за звычку наведвацца да Алены «на чай».
* * *
– Эканаміст павінен усё ведаць і ўсё ўмець, – сцвярджаў галоўны заатэхнік гаспадаркі Уладзімір Васільевіч Карпенка. Чалавек ён быў даволі памяркоўны і разважлівы, аднак умеў досыць пераканаўча і грунтоўна данесці сваю думку да слухача. А калі таго патрабавала справа, мог гучна прыкрыкнуць і спагнаць страту з вінаватага.
– Вы павінны ведаць не толькі як лічбы складваць і паказчыкі лічыць, але быць гатовымі і карову падаіць, і сена накасіць, – працягваў ён свае настаўленні, – а спатрэбіцца, дык і трактар завесці. Быць на ўсе рукі майстрамі.
Ну вось, напрыклад, што вы будзеце рабіць, калі ў вас у гаспадарцы зламалася даільная ўстаноўка альбо каровы галодныя стаяць і няма каму падвезці зялёнай масы? Не ведаеце, а я што кажу: вы павінны самі ўсё ўмець – быць універсальнымі спецыялістамі. Тады вам і павага, і любоў ад людзей будзе. А фермы нашы? Ды што казаць пра фермы, самі ўсё ўбачыце – чысціня і парадак у нас на фермах.
Калі нашы навучэнцы праходзяць практыку, мы абавязкова даём ім магчымасць даглядаць статак самастойна. Як кажуць, сваімі рукамі памацаць і карову, і кармавую базу, навучыцца не толькі лічыць «кармавыя адзінкі», але і ўмець іх правільна, рацыянальна выкарыстоўваць: прыгатаваць сена, сенаж, сілас, розныя кармавыя сумесі. Наша задача – дабівацца ўдалага спалучэння кармоў, каб аддача ад адной выкарыстанай кармавой адзінкі была максімальнай.
Жыццё ў вёсцы складанае, не кожнаму прыйдзецца даспадобы. Вось я, напрыклад, увесь год то ў гразі, то ў навозе. І рана ўстань, і позна ляж, і да кожнай фермы своечасова дастанься, у любое надвор’е, без выхадных дзён, а без гэтага ніяк не абыдзешся. У нас тут, як у «гарачым» цэху, здараецца рознае, усяго нельга прадугледзець.
– А малакаправод у вас на фермах дзейнічае? – запыталася Марыйка, бо ведала, што гэта – апошняя навінка сучаснай жывёлагадоўлі, і хацела на яе зірнуць хоць адным вокам.
– Усё ёсць, усё дзейнічае: і малакаправоды, і кармакухні, – задаволена ўсміхнуўся мужчына.
– І колькі ж вашы падапечныя кароўкі даюць малака пры такім удалым доглядзе ды збалансаваным харчаванні? – пацікавіліся практыканткі.
– Розныя ёсць рагулі, – зноў пачаў тлумачыць Уладзімір Васільевіч, – кожная са сваім норавам, са сваім характарам, як і вы – жанчыны. Да кожнай кароўкі свой асобны падыход патрэбен.
Вось, пазнаёмцеся, – гэта наша рэкардыстка, карова Мацільда. Пры добрай пашы ад яе можна атрымаць дваццаць–дваццаць пяць літраў малака ў дзень. А ў сярэднім па гаспадарцы на адну карову атрымліваецца пятнаццаць–шаснаццаць літраў малака ў суткі. Трэба адзначыць, што мы вядзём мэтанакіраваную племянную работу, штогод паляпшаем статак. Рэзервы ў нас ёсць, і немалыя. У наступным годзе Валянцін Адамавіч абяцаў купіць высокапрадуктыўных галандскіх цялушак. Калі тое будзе, то можна планаваць надой малака ўдвая большы.
* * *
Спасцігаючы прамудрасці сельскагаспадарчай вытворчасці, Марыйка ўвесь час жыла мараю аб новай сустрэчы з Леанідам Кірэевым.
«І чаму гэты хлопец не выходзіць у мяне з галавы? – думала яна. – Што гэта са мною сталася насамрэч? Колькі юнакоў заляцалася на першых курсах акадэміі, прапаноўвалі мне сваю дружбу і каханне, ды ніводзін не закрануў майго сэрца. А гэты вясковы залётнік ужо там, ён нахабна ўварваўся ў маё жыццё, пасяліўся ў маёй свядомасці і цяпер жыве там і пасміхаецца, – разважала дзяўчына. – Гэты занадта ўпэўнены ў сабе Лёха без асаблівых намаганняў зрабіў тое, што іншым кавалерам было не па зубах: прыйшоў, убачыў, перамог…»
Перапоўненая нейкім незямным шчасцем і спадзяваннямі на самае лепшае, адчуваючы трапяткую лёгкасць ва ўсім целе, бегла яна ўвечары на наступнае спатканне.
– Леанід, мы ўжо не першы раз сустракаемся, а я пра цябе амаль нічога не ведаю. Раскажы мне што-небудзь аб сваім жыцці. Чым ты захапляешся, якія ў цябе планы на будучыню? – лагодна папрасіла Марыйка пры сустрэчы.
– А што расказваць, – не вельмі ахвотна пачаў юнак. – Жыву з мамай у аднапакаёвай кватэры. Пайшоў у тэхнікум ну проста так, каб час не губляць перад войскам. Трэба ж было нечым заняцца. Увогуле я мару паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, на гістарычны факультэт. Цікавая гэта навука – гісторыя. Памятаеш, нехта з вядомых казаў: «Народ, які не ведае сваёй гісторыі, не мае будучыні». Таму вось цікаўлюся гісторыяй свайго краю, гэтага мястэчка. Мне цікавяць гістарычныя кнігі, часта думаю аб тых людзях, якія жылі тут, на нашай зямлі, шмат вякоў таму назад, раблю нейкія свае высновы і заключэнні.
Распавядаючы ўсё гэта, Леанід уважліва сачыў за рэакцыяй дзяўчыны на гэтыя аўтабіяграфічныя звесткі. Марыйка ж прыязна слухала яго гаворку і пагаджалася, пры гэтым лёгенька ківала галавой.
– Ну што, спадабалася? – запытаўся хлопец з нейкай іранічнай, здзеклівай усмешкай і кінуў прамы, дзёрзкі позірк у бок дзяўчыны, зазірнуў у яе зялёныя з дробнымі залацінкамі вочы.
– А цяпер паслухай і іншае. Я не на самым лепшым рахунку ў тэхнікуме, ды і ў школе мяне не хвалілі. Магу і заняткі прагуляць, і ў бойку ўвязацца, а з дзяўчатамі дык наогул доўга не цырымонюся, – прадоўжыў свой біяграфічны аповед Леанід ужо зусім іншым тонам.
Марыйка нават не паспела нічога адказаць, як ён пачаў гаварыць зноў.
– Праўда, за гэтыя дні, што мы з табой знаёмы, у маім жыцці ўсё перайначылася, – цяпер ён гаварыў ціха, з пакутай. – Я сам сябе перастаў пазнаваць. Вось сяджу побач з табой і нават баюся даткнуцца. Ну як быццам ты нейкая не такая, як усе – незямная істота...
Цягучае, казытлівае маўчанне павісла ў перапоўненым мядовым водарам навакольным паветры. Было цяжка дыхаць. Здавалася, што ўжо не паветра, а сам церпкі мядовы нектар з мільярдаў маленькіх ліпавых кветачак аб’яднаўся нейкім неверагодным чынам у вялізную мядовую раку і цёк у грудзі, апякаючы і раз’ядаючы там усё нутро.
– Марыйка, скажы, а ты кахала каго-небудзь? – запытаўся юнак, каб перапыніць гэтае балючае маўчанне.
– Я? Я не ведаю, – нерашуча пачала Марыйка. – Да гэтага моманту я думала, што не. Мне ўжо здавалася нават, што я нейкая не такая. Ну не зусім такая, як усе дзяўчаты, разумееш? Я не магла нікога пакахаць, адкрыць сваю душу іншаму чалавеку, даверыцца... Я нават ужо пачала вывучаць спецыяльныя медыцынскія тэрміны, якія адпавядаюць такому стану арганізма чалавека: эмацыянальная халоднасць, сенсітыўны тэмперамент…
– Ты лічыш сябе халоднай і не здольнай кахаць? – уразіўся юнак.
– Так. Вось у нас, у акадэміі, разам вучацца і хлопцы, і дзяўчаты, – працягвала яна тлумачыць, – каханне, слёзы, перажыванні там на кожным кроку. А я ўвесь час адна. У гэтым жыццёвым водавароце мне чамусьці заўсёды было сумна…
– А цяпер табе таксама сумна? – запытаў Леанід, беручы яе за руку.
– Не, з табой мне ніколі не бывае сумна, нават калі ты маўчыш, мне зусім не сумна.
Хлопец нерашуча дакрануўся да яе прыгожых кучаравых валасоў. Лёгенька-лёгенька, ледзь чутна правёў пальцамі па шчацэ, быццам незнарок закрануў вусны. І яна страпянулася, як быццам адчула напружанасць электрамагнітных хваль кахання, якія ішлі, нібы з электрычнай падстанцыі, з яго сэрца і напаўнялі ўсё яго цела.
Ад гэтага звычайнага дотыку яго рукі яна як быццам бы прачнулася. У жаночым арганізме пачалі адбывацца хімічныя рэакцыі і фізіялагічныя працэсы, якія фарміраваліся доўгія дзевятнаццаць год і аб існаванні якіх яна яшчэ нават не здагадвалася. Гэта было досыць дзіўна – як быццам Леанід націснуў на нейкую нікому нябачную кнопку і гэтым самым уключыў механізм жаданняў і жаночых патрэб Марыйкі.
Напружанасць дотыкаў расла, і зараз ужо здавалася, што яго рукі кончыкамі пальцаў выпраменьваюць нейкую невядомую непераможную касмічную энергію, гіпнатызуюць і клічуць за сабой. Яна здагадалася, што яны, гэтыя пальцы, трымцяць ад нястрымнага мужчынскага жадання, імкнуцца да нечага намнога большага, усёабдымнага і вечнага. Не маючы сіл больш змагацца са сваімі пачуццямі, дзяўчына заплюшчыла вочы, падалася наперад – насустрач яго гарачым, трапяткім абдымкам. Іхнія вусны сустрэліся.
– Марыйка, любая мая...
* * *
Праз некалькі дзён Ніна Пятроўна Жуёнак, высветліўшы, хто з кім сустракаецца і да каго ходзіць на свіданкі-цалаванкі, палічыла сваім прамым абавязкам папярэдзіць студэнтак аб магчымых наступствах такіх недальнабачных паводзінаў. Коратка пастукаўшыся, яна рашуча адчыніла дзверы і ўвайшла ў пакой.
Алачка з Марыйкай нават не здзівіліся яе няпрошанаму візіту, бо недзе падсвядома ведалі, што так і будзе, і ўнутрана рыхтаваліся да размовы з кастэлянкай.
– Ну як, абжыліся, асвоіліся? – запытала яна з парога, каб неяк пачаць размову.
– Ды так, тое-сёе прыкупілі. Прыстасаваліся, Ніна Пятроўна. Вось, як бачыце, і гарбата, і цукар, і пячэнне ў нас ёсць. А вы з намі чайку не вып’еце, я зараз свежага завару? – прапанавала Алачка.
– Не, дзякуй, дзякуй, даражэнькая. Не трэба чайку. Я да вас, так сказаць, па справе зайшла. Бачу, вы дзяўчаты нядрэнныя, старанныя, кожны дзень у саўгасную кантору бегаеце, паперы розныя там вывучаеце, усім цікавіцеся – гэта добра.
Кастэлянка зрабіла паўзу, студэнткі пераглянуліся між сабой, во, маўляў, дажыліся, што нават «Жуйка» нас хваліць. А тым часам жанчына працягвала:
– Вось толькі вопыту жыццёвага вам не стае. Ды хіба ж вы не бачыце, дзяўчаткі дарагія, з кім вы звязаліся? Гэтыя хлопцы – апошнія хуліганы ды распуснікі ў мястэчку. І Сяржук, якога Тузом клічуць, і гэты Лёха твой – з аднаго цеста.
Пачуўшы гэта, дзяўчаты адразу спахмурнелі.
– Што вы насы вернеце, адварочваецеся? – працягвала «Жуйка». – Яшчэ папомніце мае словы, ды позна будзе. Ім бы толькі гарэлку піць ды баб шчупаць. Вучобу закінулі. Вунь маці Кірэева сама казала: «Каб хутчэй майго Лёню ў войска забралі, не ведаю нават, што з ім рабіць. Зусім ад рук адбіўся».
Горшых за іх няма ва ўсёй акрузе, а вы вушы развесілі, пра каханне слухаеце, цьфу. Можа яшчэ з Надзькі-прастытуткі прыклад браць будзеце? Яна ўжо з кожным з іх пераспала. Калі не верыце мне, спытайцеся ў самой Надзі. Балазе не трэба далёка хадзіць. Павалтузілі яе, дабіліся ад дзяўчыны, чаго хацелі і кінулі. А цяпер гэтыя салодкія палюбоўнічкі – Лёха ды Туз – Надзею за чалавека не лічаць, б’юць яе, здзекуюцца як хочуць. Вось, мае любыя, якое яно – сучаснае каханне.
* * *
Дырэктар саўгаса-тэхнікума Валянцін Адамавіч Герасімовіч – асоба ў гаспадарцы прама-такі легендарная. Куды б ні йшлі дзяўчаты, аб чым бы ні запытвалі ў кіраўнікоў вытворчых падраздзяленняў ці звычайных вясковых працаўнікоў – усюды ў размове прыходзілася чуць: «Наш Валянцін Адамавіч ведае цану кожнаму працоўнаму дню», «Сам час не марнуе і іншым не дае сядзець без справы». Альбо: «Валянцін Адамавіч глядзіць далёка наперад, ён сур’ёзна ставіцца да вырашэння жыллёвай праблемы», «Развіццю сацкультбыту ў нашым мястэчку ўдзяляецца асаблівая ўвага».
Расказвалі людзі рознае: і пра жорсткія правілы гаспадарання, уведзеныя дырэктарам у саўгасе-тэхнікуме, і пра дысцыпліну на вытворчасці, і пра спагадлівыя адносіны да моладзі, і пра вытворчыя дасягненні, але больш за ўсё падабалася вяскоўцам распавядаць аб тым, як Валянцін Адамавіч аднойчы прылюдна даў слова не піць саракаградуснай і больш ніколі не ўжываў спіртных напояў. І на вясковых вяселлях, і на хрэсьбінах, і на шматлікіх юбілеях, куды ахвотна запрашалі дырэктара аднавяскоўцы, ён, як кажуць, нават у рот не браў. А праз нейкі час і курыць кінуў. «Навошта вырошчваць і песціць гэтыя дрэнныя звычкі, калі яны замінаюць справе і здароўе псуюць?» – лічыў Валянцін Адамавіч.
Неяк пасля агульнага знаёмства з гаспадаркай і вытворчасцю Алачка з Марыйкай звярнуліся да галоўнага эканаміста саўгаса-тэхнікума з пытаннем:
– Галіна Міхайлаўна, нам па праграме практыкі трэба зрабіць хронаметраж працоўнага дня кіраўніка гаспадаркі. Як вы лічыце, ці дазволіць Валянцін Адамавіч, каб мы крыху за ім паназіралі, пахадзілі побач?
– Я не магу вам нічога гарантаваць, дзяўчаты, чалавек ён вельмі заняты, але любіць калі моладзь цікавіцца справай. Вы спытайцеся дазволу напрамую ў яго самога, а потым, калі дасць дабро, уставайце ў пяць гадзін раніцы, і дай вам Бог паспяваць занатоўваць і канспектаваць усё тое, што спраўляецца рабіць наш дырэктар на працягу свайго працоўнага дня. Дзе ён толькі не бывае, чым толькі не займаецца, якія пытанні не вырашае!
* * *
Кіруючыся добрымі намерамі, на наступны ж дзень сяброўкі ўсталі ні свет ні зара, каб папрысутнічаць на ранішняй нарадзе спецыялістаў, якую штодня праводзіў дырэктар.
Растлумачыўшы дырэктару сваю патрэбу і жаданне выканаць праграму практыкі як мага лепш, яны напрасіліся да яго ў спадарожніцы на цэлы дзень.
Нарада кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадаркі пачалася са слоў:
– Галоўная задача сённяшняга дня – нарыхтоўка кармоў. Звярніце асаблівую ўвагу на тэрміны нарыхтоўкі сена і сенажу, – казаў Валянцін Адамавіч. – Усе сілы, калі ласка, у гэтым накірунку. Якія ў каго будуць прапановы на гэты конт – давайце, будзем разглядаць, – нешматслоўна па-дзелавому праходзіла нарада.
Дзяўчаты з цікаўнасцю слухалі жывую выразную гутарку, слушныя прапановы, указанні і даручэнні дырэктара:
– Заўтра ж накіраваць групу навучэнцаў на прыдняпроўскія заліўныя лугі. Касьба там ідзе поўным ходам, пакуль стаіць спёка, у нас ёсць магчымасць хуценька падварушыць, падсушыць пакос – і можна цюкаваць.
– Тэрмінова падрыхтаваць сенасховішчы, уключыць вентылятары, каб сена «даходзіла» да патрэбнай вільготнасці ўжо на месцах захоўвання.
– Напрыканцы тыдня пачаць закладваць сенаж, для гэтага падрыхтаваць сянажныя траншэі і ямы, атрымаць кансерванты, – коратка, па пунктах, даваў указанні Валянцін Адамавіч.
Нарада праходзіла хутка, зладжана, кожны падначалены адказваў за тыя пытанні, якія яму былі даручаны раней. Пасля справаздачы кожны спецыяліст выслухоўваў дырэктара, атрымліваў новыя ўказанні, браў на заметку яго даручэнні. Размова вялася ў добразычлівай, спакойнай абстаноўцы. На планёрцы кожны меў права выказваць свае думкі, адстойваць свой пункт гледжання.
Валянцін Адамавіч у сваёй працы прытрымліваўся думкі, што задача кіраўніка не ў падаўленні ініцыятывы падначаленых, а ў яе падтрымцы. «Ініцыятыву трэба падтрымліваць і накіроўваць у патрэбнае вытворчае русла», – казаў ён часта.
Далей, пасля нарады, студэнткі працягвалі свой хронаметраж у дырэктарскім уазіку.
– Валянцін Адамавіч, а з чаго вы пачыналі? – запыталіся дзяўчаты.
– Пачынаў я неаднойчы, можна сказаць, што ўсё маё жыццё – гэта новыя пачынанні. Адразу, калі сеў за руль вось такога трактара МТЗ, – пачынаў сваю працоўную дзейнасць, – распавядаў дырэктар гаспадаркі, ужо аглядаючы машынны двор і тэхніку, якая стаяла на рамонце. – Затым пачынаў вучобу...
А ў саўгасе-тэхнікуме я пачынаў з дарог. Добрыя дарогі ў сельскай гаспадарцы – гэта палова поспеху. І тэхніка не ломіцца, і ўраджай не губляецца паміж полем і складам. Усё адно да аднаго. Добра, што ў той час у нашай гаспадарцы, як, дарэчы, і зараз, працаваў свой асфальтавы завод.
– А якія яшчэ прамысловыя прадпрыемствы ёсць у саўгасе-тэхнікуме? – спытала Марыйка.
– Прамысловасць засталася нам у «наследства» ад паноў. Булгакі былі дбайнымі гаспадарамі, і тут, непадалёку ад памесця, наладзілі вытворчасць крухмалу, цукру. Былі ў іх свае млыны, бровар. Дарэчы, наш спіртзавод – гэта і ёсць той самы панскі бровар, дзе раней варылі піва, гналі гарэлку, займаліся вырабам іншых спіртавых напояў. Для гэтага была створана адпаведная сыравінная база. Паглядзіце, якія ў нас тут навокал сады, колькі яблыневых, слівавых дрэў тут пасаджана. Але гэта ўжо не тыя старыя панскія пасадкі – гэта справа рук навучэнцаў нашага саўгаса-тэхнікума.
Яшчэ мы займаемся пчалярствам – было б сапраўдным глупствам не выкарыстоўваць такі вялізарны ліпавы масіў у якасці меданоснай базы. Я ўжо не кажу пра нашы жывёлагадоўчыя фермы, якія даюць асноўную частку прыбытку.
– Мы ведаем, што не так даўно ваш спіртзавод зачынілі. Гэта звязана з увядзеннем у краіне «сухога» закону, барацьбой з п’янствам. Як вы лічыце, Валянцін Адамавіч, ці апраўданая гэта мера?
– Што тут скажаш, нават і сказаць няма чаго, – уздыхнуў Валянцін Адамавіч. – Думаю, вы і самі разумееце, што гэта не тыя метады барацьбы з гэтай згубнай звычкай, якія трэба было прымяняць. Для нас жа гэта стала самай сапраўднай праблемай. Ды не толькі для нас. У мінулым годзе я з сям’ёй ездзіў адпачываць у Крым, дык там такое ўбачыў, што нават страшна вымавіць: усе вінаграднікі знішчаны, уся вытворчасць дарагіх крымскіх він і напояў спынена. Баліць душа, калі бачыш такі дзікунскі падыход да выканання законаў. Хаця сам я не ўжываю спіртнога і вам не раю.
Вось цяпер толькі і чуеш усюды – і па радыё, і па тэлебачанні: «перабудова, паскарэнне, дэмакратыя…», – працягваў Валянцін Адамавіч, – а я так думаю, што кожны чалавек павінен пачынаць перабудову з самога сябе, са сваіх адносін да працы. А то часам і такое бывае, што пад гэты нездаровы шумок добра жывецца гарлапанам ды гультаям.
Дарэчы, дзяўчаты, заўтра ў вас будзе ўнікальная магчымасць паназіраць за тым, як мы працуем, як наладжана нарыхтоўка сена ў Жыліцкім саўгасе-тэхнікуме. Сядайце зранку ў саўгасны аўтобус – і айда разам з нашымі навучэнцамі на Дняпро сена сушыць!
І неяк ужо па-іншаму, цёпла, па-бацькоўску, запытаўся:
– А плаваць вы ўмееце, ці як?
– Умеем, Валянцін Адамавіч, і сена варушыць умеем, і плаваць ужо навучыліся, а калі спатрэбіцца, то і трактар завесці зможам.
Дзяўчатам было прыемна, што Валянцін Адамавіч адносіцца да іх з вялікай чалавечай павагай, як да роўні, і нават выказвае сваю бацькоўскую спагаду.
* * *
На наступны дзень, седзячы ў саўгасным аўтобусе, які вёз навучэнцаў на нарыхтоўку сена, Марыйка баялася падняць вочы і паглядзець у бок Леаніда. Яна была ўпэўнена, што хлопец аб усім здагадаецца, калі яна на яго зірне.
Пасля апошняга чуллівага спаткання, якое яе так моцна ўразіла і нават напалохала, і той інфармацыі, якая кампраметавала яе абранніка, якую паслужліва прадаставіла дзяўчатам усюдыісная «Жуйка», яна цвёрда вырашыла больш не сустракацца з юнаком. «Хопіць. Мне патрэбны іншы, больш сталы, ураўнаважаны, з вышэйшай адукацыяй, – угаворвала Марыйка сама сябе. – Ён толькі пацешыцца і тут жа кіне мяне, як рабіў гэта раней, і не аднойчы».
Але, на здзіўленне, Леанід нават і не спрабаваў падысці, загаварыць. Седзячы на заднім месцы аўтобуса, ён толькі здаля памахаў ім рукой, калі яны, Алачка і Марыйка, у апошні момант ускочылі ў адыходзячы саўгасны транспарт. Дзяўчаты прыселі на свабодныя месцы, якія знаходзіліся наперадзе, побач з кіроўцам, і прыслухаліся да размовы, што вялі паміж сабою навучэнцы:
– Глядзі, вунь спартсмены-бодзібілдэры трэніруюцца. Мне б такую накачаную фігуру, усе б дзяўчаты проста ачмурэлі, – казалі хлопцы, назіраючы за тым, як мажныя «качкі» выконваюць розныя практыкаванні на вучнёўскім стадыёне.
– Ды што фігура, тут галоўнае сіла, ніхто б нават блізка не падышоў. Адной левай – бац, як мух бы ўсіх насмешнікаў і бандзюкоў паразганяў, паспрабавалі б мне тады пярэчыць, – зайздросціў сіле і мужнасці спартсменаў нягеглы белабрысы юнак з рэдкімі, бы рэшата, зубамі.
– Ну ты і дурань, Валодзька, хіба ж сіла для таго, каб людзей палохаць ды біцца?
– А што, не? Цяпер хто дужэйшы, той і разумнейшы.
– Ну гэта яшчэ як паглядзець. Нездарма ж кажуць у народзе: за дурною галавою і нагам няма спакою. Я лічу, што ў першую чаргу трэба мець галаву на плячах, а астатняе з гадамі прыйдзе, – адказваў рэдказубаму яго сябра, такі ж хілы, ды, відаць, здатны да навукі навучэнец у акулярах.
– А мы сёння вернемся дахаты ці не? – запыталася ў вадзіцеля Марыйка. Бо не ўяўляла сабе ні далечыні гэтага вандравання, ні яго працягласці.
– Напэўна ж, вернемся, як управімся – так і па дамах, – не надта ўпэўнена адказаў той. – Вунь дырэктар усю тэхніку на Дняпро адпраўляе. Гарачая пара.
І праўда, дзяўчаты глянулі ў акно і ўбачылі, як Валянцін Адамавіч Герасімовіч кіруе адпраўкай тэхнікі: трактары, касілкі, прэс-падборшчыкі, грузавікі – усе яны разам з працоўным дэсантам навучэнцаў тэхнікума накіроўваліся на ўборку сена.
– Сёння папацець прыйдзецца не менш, чым гэтым бодзібілдэрам, – кпілі хлопцы.
– Ім бы не жалеза цягаць, а кулі з сенам на прычэп падаваць, во пайшла б работа.
Вясёлай гаворкай і кпінамі навучэнцаў поўніўся аўтобус.
Алачка таксама з цікаўнасцю назірала за трэніроўкай бодзібілдэраў і, магчыма, нешта матала сабе на вус. Бо па ўсім было відаць, што заляцанні Туза ўжо не надта яе задавальнялі і не прыводзілі ў поўнае захапленне, як гэта было ў першы дзень іх знаёмства.
Марыйка ж на бодзібілдэраў не спакусілася. Яна чамусьці падумала, што яны нейкія несапраўдныя, як быццам штучныя, надзьмутыя, ці што. «Не могуць звычайныя людзі мець такія формы біцэпсаў, напэўна ж, прымаюць нейкія спецыяльныя прэпараты – стэроіды для росту мускулатуры», – падумала яна.
Не тое, што Марыйку гэта абурала ці неяк напружвала – не. Кожны мае права распараджацца сваім жыццём, сваім целам па-свойму, лічыла яна. Але навошта так здзекавацца над сваім арганізмам? Калі толькі дзеля таго, каб на цябе звярнулі ўвагу дзяўчаты, як казаў усё той жа белабрысы Валодзька, – гэта адно, а для дасягнення спартыўных поспехаў – гэта зусім іншае.
* * *
Дарога заняла ні многа ні мала паўтары гадзіны.
– А чаму вашы заліўныя лугі так далёка знаходзяцца? – зноў спытала Марыйка ў шафёра.
– Ды гэта яшчэ Булгакі гэтыя лугі набывалі, а калі савецкая ўлада прыйшла, то палічылі, што так таму і быць. І пакінулі лугі за нашым саўгасам-тэхнікумам. Для нас гэтыя лугі, можна сказаць, асноўная кармавая база. Такога сена і такой зялёнай масы, якая расце тут, каля Дняпра, нідзе ў гаспадарцы больш няма.
Калі ў рэшце рэшт аўтобус з навучэнцамі і іншымі памочнікамі дабраўся да месца і прыпыніўся ля шырокай плыннай ракі, жарты і падколкі працягваліся:
– Усё, дарога скончылася, далей уплаў…– кпілі хлопцы, паглядваючы на дзяўчат.
– А ну, малайцы, хто смелы пераплыць Дняпро? – ці то жартам, ці то ўсур’ёз падбухторваў кіроўца аўтобуса навучэнцаў тэхнікума. – Што, мужыкі, няма добраахвотнікаў?
Алачка з Марыйкай пераглянуліся. Яны былі частымі наведвальнікамі акадэмічнага басейна і лічыліся сярод сваіх аднакурснікаў нядрэннымі плыўчыхамі:
– Давай паспрабуем, Алка, – падахвоціла сяброўку Марыйка, – давай пакажам ім, на што мы здатныя. Паглядзі, гэта такі ж самы басейн, які мы з табой пераплывалі сто разоў, а то і болей, нічога тут страшнага няма.
Не доўга думаючы, дзяўчаты знялі верхняе адзенне і, паклаўшы яго і іншыя свае рэчы ў лодку, вырашылі пераадольваць водную перашкоду ўплаў.
Вада ў Дняпры была мутная, насычаная мноствам невялікіх ілістых часцінак; па гэтай прычыне мела колер жаўтлявы, месцамі нават буры. Нягледзячы на спёку, тэмпература вады ў рэчцы была не надта высокай. Плыннае цячэнне не давала магчымасці добра прагрэцца верхняму слою вады, як гэта адбывалася ў стаячай азёрнай вадзе ці рэчцы з павольнай плынню. Тут жа, пад Рагачовам, Дняпро меў свой нораў, і вада ў ім увесь час бурліла, перамешвалася.
Марыйка плавала добра, яна хутка ўвайшла ў рытм, перабірала рукамі ўпэўнена, як сапраўдная плыўчыха. Праз роўныя прамежкі часу яна набірала і выпускала паветра. Яе рух па паверхні вады быў раўнамерным і паступальным. Даплыўшы да сярэдзіны ракі, дзяўчына крыху запаволілася. Было відаць, што бурлівае цячэнне замінае ёй, скрадвае хуткасць, але Марыйка ўпарта працавала рукамі, працягваючы грэбці і прасоўвацца да другога берага. Алачка ж даплыла да сярэдзіны ракі ў сваім звычайным павольным тэмпе, яна ўвогуле не любіла плаваць хутка. І тут здарылася непрадбачанае.
Усе прысутныя з заміраннем сэрцаў пачалі назіраць, як дзяўчына раз-пораз выкідвала рукі ўперад, што ёсць моцы грабла да другога берага, але рух вады ў рацэ быў такі ж хуткі і напорысты, як і яе намаганні. Алачка не аддалялася і не прыбліжалася да берагоў, як быццам завісла ў пратоцы, хаця, па ўсім было відаць, старалася што было моцы, прыкладала да гэтага ўсе свае намаганні. У рэшце яна зусім аслабла, і дзяўчыну пачало зносіць цячэннем.
Лёха першым заўважыў няладнае і, пакуль усе астатнія ўражана глядзелі на гора-плыўчыху, ён ужо быў на сярэдзіне Дняпра. Спусціўшыся ўніз па цячэнні, ён своечасова падплыў да студэнткі-практыканткі і працягнуў сваю руку:
– Не бойся, усё будзе добра, – прашаптаў хлопец. – Бачыш бераг, плыві туды, а я буду дапамагаць. Вось так, давай разам.
Марыйка, моцна сапучы, знясіленая, выпаўзла з вады і толькі тут заўважыла, што сяброўкі няма побач. Устрывожаная, яна пачала азірацца па баках і неяк інстынктыўна яе позірк скіраваўся ўніз па цячэнні ракі. Там яна і знайшла тое, што шукала. Над вадой, бы маленькі штучны астравок, тырчаў пучок пафарбаваных валасоў яе сяброўкі, а побач з дзяўчынай узвышаліся мускулістыя хлапечыя плечы. Відаць, нехта дапамог Алачцы. У гэты момант Марыйка прыпомніла, як ёй было нялёгка перамагчы хуткае цячэнне вады пасярэдзіне ракі, як яна амаль з апошніх сіл імкнулася да берага – і ўсё зразумела. Але хто гэты смяльчак, які так своечасова прыйшоў на дапамогу, не пабаяўся ні хуткаплыннага цячэння ракі, ні адлегласці? Хто выратаваў Алачку?
Тым часам на вялікай драўлянай лодцы пераправіліся праз раку і ўсе астатнія саўгасныя памочнікі. І як папрок пачула Марыйка ў свой адрас:
– Ну што, наплавалася? Каб не наш Лёнька Кірэеў, карміла б твая Алачка шчупакоў на дне рачным.
* * *
За ўвесь працоўны дзень на сенажаці ў дзяўчат не выдалася ніводнай вольнай хвіліны, каб прысесці, адпачыць. Гул матораў, крыкі дапаможных работнікаў, падбухторванне брыгадзіраў – усё гэта адначасова даносілася з розных бакоў. Нарыхтоўка сена ішла адладжана і паслядоўна, як па канвееры: адны варушылі, другія цюкавалі, трэція грузілі на высокія прычэпы, чацвёртыя адвозілі гатовае сена ў велізарныя крытыя сенасховішчы. Усе хлопцы і дзяўчаты працавалі на славу, ды ці можна было тут працаваць неяк па іншаму!
Увечары «на пераправе» ўсё ж такі сустрэліся Лёха і Марыйка.
– Можаш нічога не гаварыць, – першым пачаў размову хлопец. – Я ўсё ведаю, вас ужо праінфармавалі наконт мяне з Тузам. Размалявалі ў самых што ні ёсць непрывабных фарбах. Ніна Пятроўна сваю справу добра ведае, камар носа не падточыць, – здзекліва прамовіў Леанід.
– Так, заходзіла да нас кастэлянка, не буду пярэчыць…
– Ну дык я ж табе казаў, сама павінна была здагадацца. Знайшла пай-хлопчыка.
– Прабач, але...
– А што прабач, мы і не сварыліся, – не даў ёй дагаварыць юнак. – Ты ж хацела пагаварыць, я ж бачыў, як ты мучылася ўвесь дзень. Дык вось, я замест цябе ўсё і сказаў. Мы вельмі розныя, мы не падыходзім адзін аднаму, табе патрэбны зусім іншы, ва ўсіх адносінах станоўчы хлопец, так? Ты гэта хацела мне паведаміць?
– Так, толькі не гэта. Я хацела сказаць, – зусім ціха прамовіла Марыйка, – зусім іншае... Пойдзем сёння гуляць?!
* * *
У суботу, пасля напружанага працоўнага дня, пасля спатканак-заляцанак дзяўчаты спалі дапазна. Сонечныя промні ўжо даўно прытаміліся, скачучы па пасцельнай бялізне, сценах і мэблі, спрабуючы разбудзіць маладых паненак. Урэшце Марыйка соладка пацягнулася, расплюшчыла вочы і адразу заўсміхалася. У свядомасці ўсплыло ўчарашняе: «Якая ж ты любая і прыгожая, Марыйка!» – і зноўку, як і ўчора ўвечары, пацямнела ад шчасця ў вачах, перахапіла дыханне. «Каханне! Такое ўражанне, быццам ідзеш па самым краёчку бездані, адзін крок – і цябе няма...» – падумала дзяўчына.
– Алка, а ты яго кахаеш? – загаварыла на гэты раз першай Марыйка, калі заўважыла, што сяброўка таксама не спіць.
– Ну ты даеш, Марыйка, – пырснула смехам у адказ Алачка, – такія ўзнёслыя паняцці не для мяне. Усе носяцца з гэтым няўлоўным каханнем, як курыца з яйкам. Ёсць, няма, а мне да гэтага якая справа? Ну вядома ж ёсць нейкая сімпатыя, нейкія пачуцці, прыязнасць. Адзін чалавек, да прыкладу, падабаецца больш, другі крыху менш.
А калі ты хочаш даведацца, ці было паміж намі што-небудзь сур’ёзнае, як у дарослых, – яна зрабіла выразны жэст рукамі, – так прама і гавары, а я адкажу: пакуль што не было, але ж вельмі ўжо трымціць. А што, хлопец ён прывабны, і апранаецца па-моднаму, і не задаецца, як іншыя, – усё, як я люблю. Хоць і кажа наша «Жуйка», што ненадзейныя яны кавалеры і да дзяўчат вельмі ахвочыя, а ўсё ж хочацца верыць у нейкую сапраўдную мужчынскую добрапрыстойнасць,
абавязак. Так што, сяброўка, не ведаю нават, што і рабіць у такім становішчы. Вось такія справы. А цяпер давай пойдзем паснедаем, – лёгка змяніла тэму размовы Алачка.
Марыйка паверыла словам сяброўкі, бо ведала, што Алачка – дзяўчына не промах. Як кажуць, свайго не ўпусціць, але ўмее калі-нікалі раскінуць мазгамі і вызначыць, што ёй выгадна, а што не.
– Пара нам з табой, Марыйка, шукаць больш сур’ёзныя, дарослыя адносіны. А то што гэтая «зеляніна», ім у войска ўвосень ісці, яны нават, каб і хацелі, не ажэняцца, няма і нам рэзону з імі швэндацца, – заключыла яна.
* * *
Увесь дзень з-за дзвярэй суседняга пакоя, таго, дзе жыла Алена з дзіцем, даносіўся прыемны мужчынскі барытон, чуліся спевы і брынканне гітары.
– Няйначай у нашай Аленкі госці, давай паглядзім, хто там музіцыруе, няўжо гэта муж да Алены прыехаў, ды яшчэ і з песнямі? – прапанавала Алачка.
– Дзень добры ў хату, як ідзе падрыхтоўка да экзаменаў? – завіталі яны ў суседні пакой.
– Ды вось рыхтуемся як можам, – не вельмі збянтэжылася гаспадыня, – Ігарок толькі на хвілінку зазірнуў. Знаёмцеся, гэта Алачка, а гэта Марыйка – студэнткі БСГА, практыку тут праходзяць, – прадставіла гаспадыня дзяўчат свайму знаёмцу.
– Вельмі прыемна, Ігар Львовіч Міразевіч, – назваў сябе мужчына, схіляючы галаву.
– Ой, людцы, і навошта так афіцыйна, – не ўтрымалася ад заўвагі Алена, завіхаючыся ля стала.
Ігару Львовічу на першы позірк можна было даць гадоў трыццаць, ну ад сілы трыццаць пяць. Смуглявы, цёмнавалосы, з даволі прыемнымі рысамі твару, усе мускулы яго цела былі ў меру падкачанымі. Ды і ўвесь ён быў нейкі занадта гладкі і дагледжаны. Здавалася, што Ігар Львовіч так і свеціцца сілай і здароўем.
– Ігар Львовіч – вядомы чалавек, спартсмен, у зборную рэспублікі па культурызме ўваходзіць, – не сунімалася гаспадыня, нахвальваючы свайго госця. – Ён галоўны трэнер нашай зборнай па бодзібілдынгу. Можа бачылі тут, як яго каманда трэніруецца? Дарэчы, тут у нас, у Жылічах, паветра вельмі здаровае, не засмечанае ніякай хіміяй, ды і трэнажорны зал – адзін з лепшых у рэспубліцы, вось з гэтай нагоды кожнае лета саўгас-тэхнікум і прымае спартсменаў. У дапаўненне мы можам і харчаванне наладзіць, і вольны час спартсменаў арганізаваць.
– Бачу, што культурная праграма ў вас тут самая шырокая і разнастайная, – не вытрымала, падсунула шпільку Алачка.
У гэты момант у яе на твары можна было прачытаць:
«Вось дык «штучка», гэтая Алена, сама тут з дзіцем, прыкідваецца любячай і вернай жонкай, а на самай справе шашні водзіць з іншымі мужчынамі, спартсмена-бодзібілдэра, бач, падчапіла! І хто б мог падумаць?»
– Дзяўчаты, давайце я вам чайку арганізую, вось Ігар Львовіч торцік смачны прынёс. Частуйцеся, – запрасіла практыкантак да стала Алена.
– Ды не, дзякуем, мы як-небудзь наступным разам, – таропка развіталіся дзяўчаты. – Баімся сапсаваць культурную праграму.
* * *
На гэты раз Лёха і Туз не грукалі каменьчыкамі ў шыбіну і не крычалі пад вокнамі інтэрната, запрашаючы студэнтак-практыкантак на спатканне. Яны, як звычайныя людзі, пастукаліся ў дзверы і ўвайшлі ў пакой, які займалі дзяўчаты. Але Марыйка ад такой нечаканасці ледзь не звалілася з крэсла. Першым яе пытаннем было:
– Няўжо вас «Жуйка» прапусціла?
– І не думала нават, – пралілі свет на сітуацыю хлопцы, – яна сёння ўзяла адгул, таму для нас не склала ніякай цяжкасці трапіць у інтэрнат.
– А я нават ад такой неспадзяванкі падумала, што вы падкоп пад будынак зрабілі, як у сярэднявеччы, – пажартавала Марыйка. – На што толькі не ішлі тады рыцары, каб убачыць сваіх абранніц – названых дам сэрца.
– Пакажы-пакажы, што ты там чытаеш? – зацікавіўся Леанід кнігай, якую трымала ў руках дзяўчына. – Дык вось чым ты тут займаешся: Генрых Сянкевіч. «Крыжаносцы». Усё зразумела, дыягназ – сярэдневяковая адсталасць поглядаў. Тэрмінова патрэбна шпіталізацыя, «хуткая дапамога» ўжо прыйшла: «Ту-та-та-ту!» Адным словам, сёння ўвечары ідзём на танцы ў суседнюю вёску.
* * *
З інтэрната выйшлі загадзя, каб яшчэ быў час да намечанай начной вандроўкі. Хацелася прайсціся па парку, пачаставацца першымі суніцамі, а ўжо пасля, як пачне змяркацца, накіравацца на танцы.
Вечарэла.
Марыйка не адразу заўважыла, што яны пакінулі ўтульны вучнёўскі гарадок і выйшлі за ваколіцу паселішча. Апошнім часам яна так звыклася з усюдыісным духмяным пахам і безліччу разлапістых дрэў-веліканаў поруч з сабою, што зараз было такое ўражанне, нібы стары ліпавы парк па нейкім недарэчным недаглядзе расчапіў свае духмяныя абдымкі і выпадкова выпусціў маладую пару пагуляць на прасторы.
Яны ішлі па адкрытай мясцовасці, накіроўваючыся ў суседнюю вёску, дзе меліся быць танцы. Наваколле поўнілася новымі, нязвычнымі для Марыйкі вечаровымі гукамі і пахамі. Недзе далёка ў лясным балоце крумкалі жабы, у траве абапал дарогі гулка стракаталі конікі, часам ластаўкі, пралятаючы нізка-нізка над зямлёй, кідалі свой баявы кліч і зноўку ўзносіліся ў нябёсы.
Надвор’е было цудоўнае. Лагоднае цёплае паветра, быццам бязважкае пуховае покрыва, ахутвала сумежныя лясы, палі і ўсю навакольную прастору. Неба на захадзе ўсё яшчэ працягвала пунсавець і свяціцца, але самога дзённага свяціла ўжо не было відаць. Толькі асобныя сонечныя прамяні, бы намаляваныя залатыя струменьчыкі, падсвечвалі невялікія пухнатыя аблокі на ўскраіне небасхілу.
– Марыя, а ты не баішся ісці са мною? – неяк вельмі сур’ёзна пацікавіўся Леанід, калі яны ступілі на даволі вузкую палявую сцяжыну, якая ішла ўздоўж засеянага жытам палетка.
– Што ты, чаго мне баяцца? – усміхнулася Марыйка і яшчэ шчыльней прытулілася да моцнага хлапечага пляча. – З табой я нічога не баюся.
Яе насцярожыў гэты зварот і тон, якім Леанід вымавіў словы «ісці са мною».
– А табе не прыходзіла ў галаву, што я… што мне... – па ўсім было відаць, што ён шукаў і не знаходзіў патрэбных слоў, каб выказаць сваю думку. І, памаўчаўшы хвіліну-другую, пачаў спачатку, як бы здаля:
– Вось табе падабаецца са мною гуляць, праходжвацца туды-сюды па парку, цалавацца, мілавацца?
Марыйка матнула галавой у знак згоды.
– А мне, так бы мовіць, гэтага недастаткова. Для мяне гэта нясцерпная мука мець цябе побач і... Адным словам, сёння ты павінна сама вырашыць, сустракацца нам далей ці не.
Прамовіўшы ўсё гэта, Леанід з палёгкай уздыхнуў, быццам скінуў з сябе ўвесь цяжар адказнасці за магчымыя вынікі.
Вядома, Марыйка здагадалася, аб чым ідзе размова. Ёй хацелася нейкім чынам дапамагчы хлопцу, пайсці яму на ўступкі, але разам з тым ёй было так сорамна і нават страшна думаць аб ГЭТЫМ, што дзяўчына ціха прамовіла ў адказ:
– Не... я не магу, я не гатова.
І ў той жа самы момант, нічога болей не кажучы, не просячы прабачэння, Лёха развярнуўся і пайшоў прэч. З кожным імгненнем яго постаць рабілася ўсё менш і менш прыкметнай, пакуль зусім не знікла ў цемры, якая напаўзала з усіх бакоў.
* * *
Марыйка яшчэ крыху пастаяла, няўцямна пазіраючы яму ўслед і ўсё яшчэ не даючы веры таму, што здарылася. «Ён пакінуў мяне тут? Адну, сярод гэтага незнаёмага мне вясковага поля, нават за межамі мястэчка. А што, калі на мяне хто-небудзь нападзе: сабака ці які-небудзь дрэнны чалавек? Няўжо яму ўсё роўна, што са мной будзе?»
Слёзы падступілі да вачэй пакрыўджанай дзяўчыны, але яна не заплакала. Недзе ў глыбіні душы яна разумела, што ён па-свойму правы. Што так і павінна было здарыцца, не магло гэтае вар’яцтва, гэтыя неўтаймаваныя дзікія пачуцці працягвацца бясконца. Але сэрца не хацела пагаджацца з такой развязкай.
Увесь час, пакуль яна блукала, шукаючы зваротную дарогу, думала аб тым становішчы, у якое трапіла. У галаве няспынна круціліся ўрыўкі нейкіх залётных, раней пачутых выказванняў: «Зялёныя яны... Восенню ў войска пойдуць... Не ажэніцца ён… Двоечнік... Распуснік... Паздзекаваліся і кінулі...»
* * *
Інтэрнат паўстаў перад дзяўчынай чорнай глыбай са шкла і каменю. І толькі тут Марыйка ўспомніла, што дзверы ўжо даўно зачынены, а на вокнах і балконах першага паверха пабудовы стаяць жалезныя рашоткі. І ў дабавак да ўсяго – у яе не аказалася ключа ад свайго пакоя. Адзіны ключ, які яны атрымалі ад Ніны Пятроўны Жуёнак пры засяленні ў інтэрнат, зараз знаходзіўся ў Алачкі.
«Недзе павінен быць лаз, Надзька ж казала, што яны не зважаюць на гэтыя краты і ходзяць гуляць, калі захочуць», – прыпомніла Марыйка колішнюю размову. У гэты ж момант праз расчыненую фортку пачуўся плач дзіцяці. «Гэта ў Алены гарыць агеньчык, дзіцятка, відаць, не спіць яшчэ. Вось і добра, у яе і пераначую, толькі б як-небудзь трапіць у інтэрнат», – таропка падумала практыкантка.
Абышоўшы і абследаваўшы будынак з усіх бакоў, Марыйка ўсё ж такі знайшла слабае месца жыллёвай крэпасці кастэлянкі. Яна заўважыла, што ў адным месцы пруточкі замацаванай рашоткі як быццам не такія шчыльныя. «Магчыма, можна будзе праціснуцца ўсярэдзіну, калі ўскараскацца на балкон», – падумала дзяўчына.
Сабраўшы ўсе свае фізічныя сілы і напружыўшы мускулы, яна падцягнулася і ступіла-такі нагамі на бетонную пліту балкона, пралезла праз падрыхтаваны лаз – расхіленыя кімсьці раней пруточкі – затым праз нейкія падсобныя памяшканні, сушыльні яна навобмацак прабралася ўглыб інтэрната, выйшла на лесвіцу і ў хуткім часе апынулася перад дзвярыма адведзенага ім з Алачкай пакоя.
«А што, калі Алачка дома?» – мільганула думка. Пастукалася – цішыня. Пастукалася ў дзверы суседняга пакоя – таксама няма адказу.
– Алена, адчыні, гэта я – Марыйка, – папрасілася дзяўчына. – У мяне ключа няма. Пусці пераначаваць. – Зноў цішыня з абодвух бакоў.
Што тут паробіш? Прысеўшы на падлогу, прыціскаючыся да гладкай пафарбаванай у зялёны колер калідорнай сцяны, яна падумала: «Алена ўсё ж павінна быць дома, дзіця ж плакала, я сама чула. Тады чаму не адчыняе? Можа, моцна заснула і не чуе? Яшчэ раз пастукаць ці не турбаваць, тут ноч бавіць?» І ў гэты момант дзверы суседскага пакоя расчыніліся, Алена запрасіла:
– Заходзь, Маша, не будзеш жа ты тут усю ноч на голай падлозе сядзець.
Марыйка крыху здзівілася, але не паспела нічога ні спытаць, ні растлумачыць. Яна ўвайшла ў расчыненыя Аленай дзверы і пры цьмяным святле начной лямпы ўбачыла тое, што паслужыла прычынай такіх дзіўных паводзінаў суседкі-завочніцы.
Алена ў пакоі была не адна. Не лічачы малога дзіцяці, у пакоі быў яшчэ адзін чалавек. І гэтым начным наведвальнікам маладой матулі быў не хто іншы, як Ігар Львовіч – той самы трэнер-бодзібілдэр, які спяваў песні і частаваў Алену рознымі прысмакамі ўдзень. Марыйка адразу яго пазнала: цёмная, амаль чорная шавялюра і загарэлы твар спартсмена выразна кантраставалі з белымі інтэрнацкімі прасцінамі.
* * *
Назаўтра раніцай Алена апраўдвалася:
– Маша, ты павінна мяне зразумець. Я ніколі нічога падобнага сабе не дазваляла. Я заўсёды такая стрыманая, цвярозадумаючая, запраграмаваная. Вось вы запытвалі ў мяне, ці люблю я свайго мужа? Ну, канешне ж, люблю, але па-іншаму, не так, як Ігара. Мой Міхась – ён такі ціхі, спакойны, нават муху не пакрыўдзіць, – вінавацілася Алена. – Калі мы ажаніліся, ён цэлы тыдзень не мог справіцца са сваімі шлюбнымі абавязкамі. Не атрымлівалася ў яго. А Ігар, тут зусім іншае. Калі хочаш ведаць, я з ім упершыню сябе жанчынай адчула.
Марыя ж не хацела нічога гэтага слухаць і бачыць. У гэты момант ёй хацелася заткнуць вушы рукамі і бегчы... бегчы... бегчы… Немаведама куды, куды-небудзь, куды вочы глядзяць, толькі б нічога не чуць і не ведаць.
* * *
Час ляцеў. Штодня дзяўчаты наведваліся ў кантору. Праграма практыкі была ўжо выканана больш чым напалову. Ужо былі перапісаны і вывучаны вытворча-фінансавыя планы гаспадаркі, гадавая справаздача, нарматыўна-тарыфікацыйная дакументацыя. Марыйка з Алачкай паспелі пабываць і на ранішняй планёрцы спецыялістаў саўгаса-тэхнікума, і на фермах, і нават зрабіць хронаметраж працоўнага дня механізатараў на нарыхтоўцы сена.
Усё падабалася практыканткам у Жылічах, усё было добра арганізавана і прадумана да драбніц у гэтай гаспадарцы.
Адно засмучала дзяўчат: пасля той няўдалай вандроўкі на танцы Лёха і Туз перасталі да іх наведвацца. За мінулы ты-
дзень Марыйка бачыла Лёху толькі двойчы.
Першы раз яна заўважыла хлопца ў глядзельнай зале кінатэатра. У той дзень Алачка выцягнула яе з інтэрната на прагляд фільма польскага рэжысёра Юліюша Махульскага «Новыя амазонкі». У перапоўненай зале Марыя знайшла вачамі свайго нядаўняга кавалера. Ён сядзеў наперадзе, у другім радзе прасторнай глядзельнай залы, побач з высокай маладой дзяўчынай. У час сеанса Лёха, як быццам наўмысна, раз-пораз схіляў сваю бялявую галаву набок і нешта нашэптваў сваёй спадарожніцы на вуха.
Другі раз яна ўбачыла свайго абранніка праз акно інтэрната. Тады Леанід прагульваўся ўсе з той жа цыбатай сяброўкай прама ў іх пад вокнамі.
Заўважыўшы раўнівы позірк Марыйкі ў дачыненні да гэтай парачкі, суседка Алена не вытрымала, выказала сваё меркаванне:
– Паглядзі, як твой выгульваецца. Быццам знарок тут праходжваецца, на нервы капае. – І са скрухаю ў голасе дадала:
– Гэта ж трэба, такую дзяўчыну пакрыўдзіў, дурачына.
Марыйка нічога не адказала. А што тут было тлумачыць: усе людзі розныя, па-рознаму адчуваюць, па-рознаму будуюць свае адносіны.
Яна моўчкі адышла ад акна, уткнулася носам у казённую падушку і пачала слухаць, як гулка цікае будзільнік. Апошнім часам яна так заўсёды рабіла, калі ёй рабілася нясцерпна-балюча ад успамінаў, калі кружылася галава і ныла невядомай да гэтага лета пакутай усё цела, калі слёзы падступалі так блізка, што не было сіл іх стрымліваць, але і плакаць таксама было нельга...
Тады яна пачынала лічыць: «Цік-так, яшчэ адна хвіліна прайшла. Цік-так, я не кахаю цябе. Цік-так, ты не кахаеш мяне. Цік-так, хутка скончыцца ліпень, скончыцца практыка. Цік-так, і мы болей не сустрэнемся...».
А перад вачамі міжволі зноў і зноў паўставаў прывабны хлапечы вобраз, утрапёныя зрэнкі-жалудкі. Менавіта яны, гэтыя спакуслівыя вочы, свідравалі яе свядомасць, здзекаваліся з яе дзявочых пакут. І тое, што яна так старанна хавала і тушыла ў сваім неспрактыкаваным дзявочым сэрцы, разгаралася і палымнела ўсё мацней і мацней. Здавалася, языкі гэтага знішчальнага, пажадлівага полымя вось-вось вырвуцца на паверхню: яны моцна казыталі нервы, высушвалі скуру, яна ўся гарэла і не знаходзіла сабе месца.
* * *
Напрыканцы тыдня, у пятніцу, суседка Алена забегла да дзяўчат і, шчасліва ўсміхаючыся, паведаміла, што апошні экзамен паспяхова здадзены і сёння адбудзецца ганаровае ўручэнне дыпломаў выпускнікам саўгаса-тэхнікума завочнай формы навучання.
– Дзяўчаткі, любыя мае, – шчабятала Алена. – Якая ж я шчаслівая! Мне толькі дваццаць, а ў мяне ўжо ўсё ёсць. І муж, і дзіця, вось ужо і дыплом спецыяліста сельскагаспадарчай вытворчасці на падыходзе. Абавязкова прыходзьце сёння ў Дом культуры. Там Валянцін Адамавіч нам, выпускнікам, будзе ўручаць дыпломы, а пасля гэтага будуць танцы! Сапраўдныя, чуеце мяне, не дыскатэка, а сапраўдныя танцы з жывой музыкай, уяўляеце! – свяцілася ад шчасця Алена.
– Забылася паведаміць, што і палюбоўнік таксама маецца, – са здзекам прамовіла Марыйка, калі Алена пайшла. – Усё ў яе ёсць, аж смешна, – сумлення ў яе няма.
– Ну навошта ты так, Марыйка, – заступілася за суседку Алачка. – Ёй добра, яна шчаслівая, чаго тады нам умешвацца ў яе сардэчныя справы? Можа, яна сапраўды закахалася ў гэтага Ігара Львовіча.
Алачка была ў курсе таго, што ў Алены з трэнерам бодзібілдэраў усё сур’ёзна і па-даросламу.
– «Можа закахалася»… Алачка, ты чуеш сама, што ты вярзеш? – абурылася Марыйка яшчэ больш. – Яна замужам, у яе ёсць муж і дзіця, а яна тут…
– І што з таго? Што, на гэтым жыццё заканчваецца? Замужам… Сёння з адным – заўтра з другім, жыццё яно такое, зменлівае. Будзь прасцей, сяброўка.
* * *
– Хутчэй за ўсё, на наступным тыдні я паеду да бацькоў, – паведаміла Алачка, калі яны выйшлі з інтэрната і накіраваліся ў студэнцкую сталоўку. – Праведаць старых трэба, ды і падсілкавацца нам з табой не пашкодзіла б. Надаеў ужо гэты малочны суп ды бульба без гарніру, што даюць нам у сталоўцы. Ты тут не вельмі сумуй без мяне, чуеш, Марыйка? А то апошнім часам мне боязна за цябе. Глядзі, як схуднела, адны вочы на твары засталіся. Не пазнаю я цябе, сяброўка, ой, не пазнаю. Раней усім цікавілася, ад тваіх пытанняў у Галіны Міхайлаўны галава кругам ішла, а цяпер што? Увесь час моўчкі перакладваеш паперы альбо ляжыш на ложку ды аб нечым уздыхаеш. Што з табою здарылася?
– Нічога, – запаволена выціснула з сябе Марыйка і паўтарыла ўжо больш гучным голасам: – Уся справа ў тым, што са мною НІЧОГА не здарылася.
Але Алачку не так проста было абвесці вакол пальца. Яна добра ведала сваю паплечніцу-сяброўку і здагадвалася, што паслужыла прычынай такіх радыкальных змен у паводзінах дзяўчыны. Інтуітыўнае жаночае чуццё падказвала ёй, што нешта ў іх (у Марыйкі з Леанідам) не заладзілася тады, у той злашчасны вечар. Бо Лёха больш не паказваўся ім на вочы, а Марыйка моўчкі гаравала і сохла. І, здавалася, увесь свет ёй стаў нялюбы.
– Марыйка, ну прызнайся, ён што, цябе абразіў? Можа, ён кахае другую? – запытвала зноў і зноў Алачка, але Марыйка як быццам і не чула гэтых пытанняў.
– Не, не абразіў, не хвалюйся за мяне, сяброўка.
* * *
У актавай зале ўжо пачалося ўрачыстае ўручэнне дыпломаў, калі Алачка з Марыйкай, праціснуўшыся праз натоўп, падышлі да адведзеных ім месцаў.
Валянцін Адамавіч у адпрасаваным святочным касцюме і белай кашулі займаў ганаровае месца на сцэне. Побач з ім былі і іншыя выкладчыкі саўгаса-тэхнікума, якія прымалі
ўдзел у мерапрыемстве. Выпускнікі былі таксама пры парадзе. Хлопцы ў белых кашулях, дзяўчаты ў святочных сукенках. Яны падыходзілі па чарзе да кіраўніка вучэбнай установы, з гонарам і ўдзячнасцю прымалі з яго рук дыпломы.
Падчас цырымоніі Валянцін Адамавіч жартаваў, стараўся сказаць хоць некалькі цёплых слоў кожнаму выпускніку асабіста. Як і планавалася, з гэтай нагоды ў Дом культуры былі запрошаны музыканты, якія выконвалі ўрачысты марш штораз, калі на сцэне з’яўляўся новы выпускнік.
Усё было арганізавана так сардэчна і прыгожа, што дзяўчаты залюбаваліся.
– Дыплом уручаецца Алене Дзмітрыеўне Скрыпак, – пачулі дзяўчаты са сваіх месцаў. У гэты момант іхняя суседка Алена паднялася па прыступках на сцэну, падышла да Валянціна Адамавіча.
– Ну што, Алена, ты ў нас маці-гераіня. Двух зайцоў злавіла адначасова: і дыплом атрымала, і сына нарадзіла. Няхай і далей у цябе ўсё складваецца ў жыцці як мага лепш. Поспехаў, здароўя, усяго самага найлепшага.
Валянцін Адамавіч паціснуў жанчыне руку і ўручыў дыплом. У гэты момант грымнуў урачысты марш. У адказ Алена ўсміхалася, дзякавала, але дзяўчаты, седзячы ў зале, не чулі яе слоў.
– Наша сельская гаспадарка не прападзе, пакуль будуць у нас такія жанчыны, як Алена Дзмітрыеўна, – яшчэ раз пажартаваў Герасімовіч. – «Коня на скаку остановит, в горящую избу войдет!» – гэта пра яе, пра нашу Алену пісаў Някрасаў у сваёй паэме. Пабольш бы нам такіх спецыялістаў і такіх гаспадынь, як Алена Дзмітрыеўна!
Пасля ўрачыстага ўручэння дыпломаў у Доме культуры меліся быць танцы. Алачка з Марыйкай ведалі гэта, таму апрануліся ў вячэрнія сукенкі і абулі туфлі на высокіх абцасах.
Хаця адразу пасля запрашэння суседкі Марыйка не была настроена станоўча на святочнае мерапрыемства, Алачка змагла яе пераканаць. Яна прапанавала:
– А давай сёння расфуфырымся, бы тыя паненкі, зробім прычоскі і пойдзем на танцы. Няхай твайму Лёнчыку завідна будзе. Што ты ўсё па ім сохнеш? Няхай і ён памучыцца, залётак.
Гэта было слушнай прапановай, бо і сапраўды Марыйцы ўжо надакучыла гараваць і лічыць хвіліны да заканчэння гэтага, так бы мовіць, фізіялагічнага выпрабавання.
– Твая праўда, Алачка, давай пойдзем. І туфлі я сёння абую свае любімыя, на высокіх абцасах, і новую сукенку з блёсткамі, і танцаваць буду ад душы. І няхай яму будзе зайздросна.
Трэба адзначыць, што калі Марыйка сустракалася з Леанідам, наўмысна не абувала туфлі на абцасах, каб не быць вышэйшай за хлопца, бо яны былі амаль аднолькавага росту. Сёння ж, ідучы на святочнае мерапрыемства, яна магла сабе дазволіць і абцасы, і іншыя вольнасці, бо хлопец перастаў звяртаць на яе ўвагу.
Дзяўчаты таму і прыпазніліся на ўручэнне дыпломаў, што вельмі ўжо доўга і старанна збіраліся, наводзілі глянец. У такіх выпадках трэба, каб усё было як мае быць, лічылі яны: і рукі дагледжаныя, і пазногці з манікюрам, і прычоска, і макіяж – усё павінна стасавацца, адпавядаць вопратцы і агульнаму іміджу.
Калі ж яны выйшлі на вуліцу, то былі вельмі задаволеныя сваім знешнім выглядам.
– Сёння ўсе кавалеры будуць нашы. Не дрэйф, сяброўка, – падбадзёрвала Алачка сваю спадарожніцу. – Яшчэ ўсё ў нашым жыцці наперадзе.
* * *
І праўда, калі пачаліся танцы, кавалераў у Алачкі з Марыйкай было хоць адбаўляй. Запрашалі студэнтак-практыкантак патаньчыць і маладыя спецыялісты гаспадаркі, і студэнты-завочнікі, і мясцовая моладзь. Не было ў зале толькі дваіх – Туза і Лёхі.
Недзе ў сярэдзіне святочнай вечарыны да дзяўчат падышлі нейкія дзіўныя, на першы погляд не надта дагледжаныя маладыя людзі. Іх вопратка значна адрознівалася ад святочных касцюмаў выпускнікоў, не была яна падобнай і на тое адзенне, якое насілі юнакі савецкай краіны штодзённа. Хлопцы былі апрануты ў надзвычай шырокія баваўняныя порткі, спартыўныя фуфайкі і пінжакі простага, «піжамнага» крою. Аднак новыя знаёмцы паводзілі сябе досыць упэўнена і вольна. Гэтая адметная, не падобная на звыклае адзенне тутэйшай моладзі вопратка, не надавала ім імпэту, але і не псавала агульны выгляд. Магчыма, прычына была ў тым, што ўсе апранутыя рэчы былі замежнай вытворчасці. Аб гэтым сведчылі адпаведныя, амаль непрыкметныя лейблы.
Як высветлілася ў хуткім часе, маладыя людзі былі студэнтамі Вроцлаўскага ўніверсітэта Польскай Народнай Рэспублікі. Яны гэтак жа, як і Алачка з Марыйкай, прыехалі на практыку ў Жыліцкі саўгас-тэхнікум.
Дзяўчаты былі на сёмым небе ад задавальнення.
– Гэта тое, аб чым я марыла, – шапнула Алачка на вуха сяброўцы.
Марыйку запрасіў на танец высокі хударлявы пан з рэдкімі валасамі, сабранымі на патыліцы ў пучок. На ягоным высокім ілбе ўжо пачыналі з’яўляцца першыя залысіны. Вочы ў хлопца былі цёмна-сінія, глыбока пасаджаныя, нос доўгі, з арыстакратычным горбікам, на яго няголеным твары расла рэдзенькая кволая бародка.
– Збышак Кахоўскі, – прадставіўся паляк. – Дазвольце запрасіць.
– Марыя Альшэўская, – з гонарам адказала дзяўчына, ведаючы цану свайму панскаму прозвішчу.
– О, што я чую, у вас польскае прозвішча!
– Так, я родам з Заходняй Беларусі. Некалі, яшчэ да вайны, мая бабуля наведвала польскую школу. Многія з маіх землякоў, якія былі «пад Польшай», тады-сяды прыпамінаюць той час і ведаюць польскую мову.
– Атрымліваецца, каб не гэтае ганебнае пагадненне паміж Сталінам і Гітлерам, якое выклікала падзел Польшы, то мы б з вамі зараз жылі ў адной дзяржаве, – неяк няўдала пажартаваў Збышак.
– Не ўпэўнена, беларусы заўсёды імкнуліся да дзяржаўнай еднасці і суверэнітэту, – парыравала Марыйка. – Кожны народ мае права мець сваю мову, сваю нацыянальную культуру і сваю тэрыторыю.
Калі музыка скончылася, пан пацалаваў Марыйцы руку і праводзіў на месца.
Дзяўчына збянтэжана ўсміхнулася: яна не прывыкла да такіх звышправільных адносін паміж прадстаўнікамі розных палоў.
Алачка таксама танцавала з палякам. Яе партнёр па танцы быў невысокага росту, залішне поўны на свае юначыя гады. Як і Збышак, Алчын кавалер меў праблему з валасамі, але крыху іншага плану: у яго, як гэта часта бывае ў людзей разумных, самай праблемнай зонай валасянога покрыва галавы была пярэдне-цемянная, дзе ўжо намячалася лысіна. Танцаваў юнак шпарка, рухава, і па ўсім было відаць, што чалавек ён добры, незласлівы і нават вясёлы, завадны.
Знаходзячыся побач з ім, Алачка ўвесь час усміхалася, матляла галавой у знак згоды, нешта адказвала, магчыма, нават не зусім тое, што трэба, бо не ўсё разумела з таго, аб чым вёў размову паляк.
Замежныя госці былі галантнымі, добра выхаванымі, з дзіўнымі заходнееўрапейскімі звычкамі: яны часта цалавалі паненкам рукі, прапаноўвалі сваю дапамогу, папярэджвалі кожнае іх жаданне. Гэта забаўляла дзяўчат. Радавала і тое, што студэнты з Вроцлава добра рухаліся, адчувалі музычны такт і, у адрозненне ад тутэйшых юнакоў, з лёгкасцю маглі выканаць такія складаныя танцы, як вальс, танга, мазурку.
Праз нейкі час высветлілася, што танцы ў іх, у Польшы, уваходзяць у абавязковую праграму школьнага навучання. «Таму ўсе палякі ўмеюць нядрэнна таньчыць», – запэўнілі дзяўчат паны.
Было відавочна, што Марыйка з Алачкай падабаюцца замежным студэнтам. Увесь астатак вечара яны не адыходзілі ад іх, запрашалі на ўсе павольныя музычныя кампазіцыі і былі вельмі задаволеныя тым, што дзяўчаты не адмаўляюць ім, ідуць таньчыць з ахвотаю.
Збышак дзівіўся прыгажосці рухаў абранай ім юнай грацыі:
– І што, Марыся, вы хочаце сказаць, што ніколі не вучыліся танцаваць? – з недаверам пытаўся ён.
– Так, у нас танцы не выкладаюць у агульнаадукацыйных навучальных установах. Ні ў нашай вясковай школе, дзе я вучылася раней, ні ў сельскагаспадарчай акадэміі, дзе я зараз займаюся, я не вучылася гэтаму майстэрству. Так, неяк само атрымліваецца, – усміхалася дзяўчына ў адказ.
Яшчэ пану падабалася спрытная спартыўная фігура Марыйкі, ён нават запытаўся, колькі разоў на тыдзень яна наведваецца ў трэнажорную залу. І зноў быў уражаны, пачуўшы ў адказ, што яна спортам не займаецца.
– Штодня раблю ранішнюю гімнастыку, калі-нікалі плаваю ў басейне. У акадэміі пачала займацца аэробікай. А так не, няма ў нас такіх залаў, каб захацелася туды пайсці і займацца, – шчыра адказала дзяўчына.
– Чаму няма? Тут, у саўгасе-тэхнікуме, ёсць спартыўная зала, нам сённячы паказвалі, вельмі нават нядрэнная. Усе неабходныя трэнажоры і спартыўныя снарады там маюцца, – стаў пярэчыць Збышак.
– Зала ёсць, ды не для ўсіх. Гэта для спартсменаў ды для замежных гасцей. Нас туды нават не запрашаюць. Ды, па праўдзе кажучы, і не вельмі хочацца. Неяк жылі без гэтых спартыўных залаў да гэтага часу, і далей абыдземся.
Так неўзабаве вечарына і закончылася. Па прычыне выпускнога балю студэнтаў-завочнікаў строгі інтэрнацкі рэжым быў зменены на больш лагодны, і дзверы ў жаночы інтэрнат гэтым вечарам зачыняліся значна пазней. З гэтай нагоды дзяўчаты з новымі знаёмцамі пайшлі прагуляцца ў парк.
Ізноў, як і тыдзень таму, Марыйка ішла з хлопцам па брукаванай паркавай алеі, абапал якой стаялі мажныя старыя ліпы. Збышак трымаў яе за руку, нешта ўсхвалявана гаварыў, распавядаў, на яго погляд, нешта вельмі цікавае, але чамусьці дзявочае сэрца не адгукалася на яго словы і заляцанні, не напаўнялася любасцю і захапленнем. Ёй было сумна.
* * *
На наступны дзень паны прыйшлі ў госці. «Жуйка» не чыніла ім ніякіх перашкод. Наадварот, праводзіла да самых дзвярэй і пастукалася.
– Дзяўчаты, да вас наведвальнікі, – прамовіла яна, прапускаючы палякаў уперад.
Дзяўчаты частавалі іх гарбатай з ліпавага цвету, бо, як кажуць, на бязрыб’і і рак рыба. Навошта купляць гарбату, калі навокал сапраўдны батанічны сад?
– Проста трэба правільна заварыць, – дзялілася сваім кулінарным сакрэтам Алачка. – Вось глядзіце: адразу заліваем ліпавы цвет кіпнем, накрываем шклянку сподачкам. А зараз увага! Назаўтра – гэта ўжо не бясколерная празрыстая вадкасць, а сапраўдная заварка – карычневая, пахкая. Паспрабуйце, яна мае прыемны саладкаваты смак, як быццам мы паклалі ў кубачак мёду, а насамрэч гэта ліпавы мядовы нектар. Не верыце? Паспытайце! І гэта яшчэ не ўсё – такі чай вельмі карысны, лекавы, яго добра ўжываць пры розных прастудных захворваннях і нават для зняцця жару.
Алачка рэкламавала ліпавую гарбату быццам сапраўдны менеджэр па збыту гэтай прадукцыі і прапаноўвала ўсім пакаштаваць прыгатаваны ёю пахкі напой.
– А што ўжываюць у ежу ў Польшы? – пацікавілася яна, калі ўсе ацанілі смак прыгатаванай такім чынам гарбаты.
– Ды ўсё тое ж, што і ў Беларусі. Мы ж тут побач, – не сталі ўдавацца ў гастранамічныя падрабязнасці польскія студэнты. – Добра, што цяпер мы маем магчымасць зносін, у нас жа адны карані, адна культура, – казалі яны. – Калі зазірнуць крышачку назад, у гісторыю, то высветліцца, што не так даўно мы з вамі, беларусамі, жылі ў адной краіне.
– Гэта вы маеце на ўвазе Вялікае княства Літоўскае? – удакладніла Алачка.
– Так, а затым Рэч Паспалітая. Заходняя Беларусь увогуле да 1939 года была пад Польшай, – тлумачыў Марэк. – Мовы нашы вельмі падобныя і сугучныя, культуры не значна розняцца. Чаму б нам не сябраваць? – кажучы гэта, хлопец шчыра ўсміхаўся, паказваючы рад не надта шчыльных зубоў.
– А мы тут днямі хадзілі ў кіно. Глядзелі польскую кінастужку, – пачала гаворку Марыйка, – «Новыя амазонкі».
– Так, гэта ў нас ужо не надта «свежае» кіно, – прамовіў Збышак, робячы памылку пры ўжыванні прыметніка. – У Польшы ёсць шмат новых фільмаў. Нядаўна выйшлі ў пракат «Хроніка любоўных вандраванняў», «Я кахаю вампіра», «Зігфрыд»…
– Я хацела сказаць пра іншае, – перапыніла яго Марыйка. – Вось мне цікава, няўжо ў вас дазволена здымаць такія фільмы? У газетах пішуць, што нам, савецкім гледачам, і палову не паказалі з таго, што там было напачатку. Так бы мовіць, нам прывезлі скарочаны варыянт, адны рожкі ды ножкі. Але і таго, што засталося, нам было досыць. Яны ж, гэтыя амазонкі, на экране зусім голыя…
– І што з таго? У Польшы зараз іншыя парадкі, больш вольныя адносіны між паламі. Цяпер няма таго ўплыву СССР, які быў раней. Зараз мы арыентуемся на Захад. І дзяўчаты ў нас больш эмансіпіраваныя, дазваляюць сабе шмат вольнасцей, акцёры могуць распранацца перад камерай. Ды што казаць пра акцёраў? Да прыкладу, нашы жанчыны не носяць станікаў.
– Што? – не зразумелі дзяўчаты.
– Ну вось гэтай штуковіны, – Збышак правёў па грудзях. – Я ўчора, калі таньчыў з Марысяй, адчуваў пад рукой нешта такое…
Марыйка сарамліва паружавела. Алачка пырснула са смеху.
– А як жа яны без станікаў ходзяць, у іх што, грудзей няма? – пацікавілася яна.
– Грудзі ёсць, а станікаў няма, – не пераставаў запэўніваць іх у гэтым Збышак. Марэк таксама яму паддакваў:
– Нашы паненкі гэтага не носяць.
– Але гэта добра, што вы такія. Мне вельмі падабаюцца беларускія паненкі, – працягваў Збышак Кахоўскі. – Гэта вам пасуе. Вы вельмі прыгожыя, прывабныя кабеты і вельмі
сціплыя.
Дзяўчаты выправадзілі сваіх новых знаёмцаў толькі пад вечар, бо было ў іх столькі пытанняў, столькі цікавых тэм для абмеркавання, што, здавалася, гэтаму абмену інфармацыяй не будзе канца.
Ім, хлопцам, было цікава ўсё: як жывуць людзі ў Беларусі, як адбываецца дзяржаўнае кіраванне, якія законы прымаюцца тут, на месцах, а якія ідуць зверху, ці ўмешваецца царква ў выхаванне моладзі, дзе можна добра адпачыць у Беларусі і гэтак далей.
Алачка з Марыйкай, наадварот, задавалі пытанні аб тым, як апранаюцца польскія паненкі, колькі што каштуе за мяжой, ці можна там вольна набываць фірменныя рэчы, ці судзяць там за фарцоўку і «нездаровыя» палітычныя погляды, і многае іншае. У другой палове дня яны ўжо былі на кароткай назе. Ці то смехам, ці то ўсур’ёз, але паны хацелі, каб дзяўчаты былі побач з імі ўвесь вольны час. Яны не хацелі развітвацца і нават запрашалі паненак ехаць разам з імі ў Польшу.
* * *
Калі ж яны ўрэшце засталіся ўдзвюх, Марыйка спытала ў Алачкі:
– Ну як табе нашы кавалеры?
– Мой Марэк дык не дужа відны ўхажор. Занадта поўны, лысаваты, нейкі зусім не прадстаўнічы, – са скрухаю ў голасе адказала Алачка. – Ну а твой Збышак дык нішто сабе хлопец.
– І чым жа ён лепшы за твайго Марэка? – пацікавілася Марыйка.
– Ну, па-першае, высокі, хоць і залішне худы. Разумны, па ўсім відаць, не бедны і, галоўнае, з цябе вачэй не зводзіць. Можаш лічыць, што ён ужо па вушы ў цябе закаханы і праз дзень-другі, можа, нават замуж пакліча.
– Твой Марэк таксама разумны і вясёлы, і апрануты, як ты любіш, ва ўсё фірменнае. Пагляд жа яго таксама не заставаўся абыякавым, асабліва, калі ты, разліваючы чай, паказвала вяршкі грудзей. Але ты чамусьці яму на шыю не вешаешся, не пішчыш ад задавальнення і не думаеш аб замужжы, як тады, тыдзень назад – пасля першага спаткання з Тузам.
Паны прыходзілі ў госці амаль штодня, а потым запрашалі дзяўчат на танцы ці ў парк пагуляць.
У адзін з такіх вечароў Збышак паспрабаваў пацалаваць Марыйку ў вусны, але ёй чамусьці не хацелася з ім цалавацца. Яго абдымкі і пацалункі здаваліся Марыйцы непрыемнымі, нейкімі прыкрымі. Тады, не ведаючы, у чым справа, пан прапанаваў:
– Хочаш, мы возьмем шлюб? Марыся, ты толькі скажы, я ўсё дзеля цябе зраблю. Забяру цябе ў Польшу. У мяне там свой дом, гаспадарка. Я не бедны чалавек, ты не думай. У мяне хутка будзе вышэйшая адукацыя, ты працягнеш вучобу ў нашай краіне. Будзем жыць, як сапраўдныя паны, усё ў нас будзе. Ты толькі не маўчы, Марыся. Прашу цябе, скажы што-небудзь. Ты згодна стаць маёй жонкай?
– Не, я не згодна. Я не кахаю цябе. Прабач, Збышак, – таропка прамовіла Марыйка, вырываючыся з нялюбых абдымкаў.
Яна моўчкі пайшла прэч, нават не азірнулася, не паглядзела, як яму балюча ў гэты момант.
«А як было б цудоўна, каб гэтыя словы я пачула не ад Збышака Кахоўскага, а ад Леаніда Кірэева, – падумала дзяўчына. – Калі б ён так сказаў, я б на ўсё пайшла. Нават чакала б яго з войска».
* * *
На наступны дзень Алачка, як і казала раней, паехала да бацькоў.
Каб хоць неяк развеяцца, Марыйка выйшла на вуліцу, і ногі самі панеслі яе ў тыя мясціны, дзе зусім нядаўна яна ўпершыню адчула сябе шчаслівай і закаханай.
Надвор’е ў гэты дзень было дрэннае. Вецер насіўся між старых паркавых дрэў, бы звар’яцелы. Ён то адрываў ад нізкіх дажджавых хмар велічэзныя вільготныя кавалкі і кідаў на зямлю прыгаршчы дробных кропель, то ляцеў ураганам і грукаў у шыбы панскага маёнтка, то зноў шпарка падымаўся ў верхавіны дрэў, страсаючы з наседжаных гнёздаў птушыную жыўнасць. Ліпы дрыжалі і гайдаліся пад яго неўтаймоўнымі парывамі, скрыгаталі і рыпелі іх здранцвелыя лапы-галіны.
Марыйка не зважала на непагадзь. Ёй здавалася, што вецер і дождж неяк паспрыяюць, астудзяць полымя яе пачуццяў да Леаніда Кірэева. Яна ішла насуперак ветру, і слёзы, што так доўга не знаходзілі выйсця, цяклі двума салёнымі ручайкамі па яе змакрэлых шчоках. Яна плакала і радавалася, што ніхто не бачыць гэтых слёз роспачы, нават яе сяброўкі, старыя ліпы, не маглі распазнаць, адрозніць дажджавую вільгаць ад гэтай, здрадлівай, пачуццёвай. Марыйка на хвіліну прыпынілася ля тоўстага векавечнага дрэва, прытулілася да яго ўсім сваім юным целам, адчула шурпатасць загрубелай ліпавай кары.
– Не, цябе не падманеш, – ласкава прамовіла яна, звяртаючыся да волата-дрэва, як да жывога, – ты ўсё ведаеш, усё бачыш.
А дрэва і сапраўды, як быццам у адказ на яе словы, загуло, зашапацела лісцем, абсыпала сотнямі дажджавых кропель.
– І ты плачаш, відаць, нялёгкая доля выпала і табе. Вунь як скарабацілася, распухнела твая «скура», як пагнуліся твае лапы-галіны, а калісьці і ты была маладою і прыгожаю ліпкаю. Магчыма, ты таксама некага кахала, строіла яму свае зялёныя з залацінкамі вочы, гатова была кінуцца ў яго абдымкі і нават падараваць яму сваё юнае жыццё, а цябе лічылі нявартай увагі. Як балюча быць нікому не патрэбнай, – чулліва гаравала дзяўчына.
На што старая ліпа адказвала лёгкім шапаценнем верхавіны і ледзь бачным рухам заскарузлых галін. Менавіта ў гэты момант, стоячы ў абдымкі з магутным ліпавым дрэвам, Марыйка адчула нешта неверагоднае. Ёй падалося што дрэва не засталося абыякавым, маўклівым назіральнікам яе дзявочага гора. Яно як быццам выпраменьвала цяпло, спачувала ёй, надзяляючы яе, Марыйку, сваёй бязмернай прагай жыцця і жыццёвай мудрасцю. Пасля гэтай «размовы» с драўляным волатам дзяўчына неяк адразу супакоілася, як быццам паздаравела.
Вяртаючыся да сябе ў інтэрнат, яна заўважыла на дарозе Туза. Ён таксама пазнаў яе:
– Марыйка, дзе ты была? Чаму ты такая бледная, уся змакрэлая, – уражана прамовіў хлопец. – Зараз ты падобная на прывід, што заблукаў у нашым запусцелым парку, – паспрабаваў ён пажартаваць.
– Так, сапраўды, я заблудзілася... Заблудзілася ў сабе і ў сваіх пачуццях, – адказала дзяўчына, перад тым як падняцца на ганак жаночага інтэрната.
* * *
Валянцін Адамавіч зайшоў развітацца:
– Мне Галіна Міхайлаўна сказала, што ў вас сёння апошні дзень практыкі.
– Так яно і ёсць, Валянцін Адамавіч, чамаданы ўжо спакаваныя, засталося толькі падпісаць разліковы ліст у Ніны Пятроўны – і адзью, можна ехаць дадому.
– Ну і якое ўражанне ў вас застанецца пасля наведвання нашай гаспадаркі? Ці апраўдалі мы вашы высокія надзеі і спадзяванні?
– Уражанне самае найлепшае. І людзі тут у вас добразычлівыя, і прырода цудоўная. Само паветра, здаецца, маладосцю і каханнем дыхае. А што датычыцца гаспадарання, то тут не прыдзярэшся – дысцыпліна, парадак, чысціня. І ў вучнёўскім гарадку, і на палях, і на фермах – усюды адчуваецца ваша цвёрдая гаспадарская рука. Узяць, да прыкладу, Дом культуры, стадыён, спартыўную залу – усё на самым высокім узроўні зроблена. «Камар носа не падточыць» – як кажа наша кастэлянка. Ды і заробкі ў вашых работнікаў неблагія. Што яшчэ трэба сельскаму жыхару? Жыві ды радуйся!
– Праўду вы кажаце, – пагадзіўся з дзяўчатамі-практыканткамі дырэктар, – люблю я гэты куток, гэта мястэчка, ой як люблю. Колькі разоў прапаноўвалі мне на павышэнне ісці, у горад перабірацца. Ды не, не магу, трымае маці-зямелька.
Валянцін Адамавіч добразычліва ўсміхнуўся, углядаючыся ў спагадлівыя дзявочыя твары, і працягваў:
– Добрую вы спецыяльнасць выбралі, дзяўчаты. Эканамісты зараз у сельскай гаспадарцы патрэбны, як ніколі. Ды і здольнасці, я бачу, у вас ёсць. А астатняму жыццё навучыць. Усяго вам найлепшага, бывайце.
* * *
«Апошні вечар у саўгасе-тэхнікуме. Калі я яго сёння не ўбачу, то, напэўна, памру. Няхай будзе, што будзе, – вырашыла Марыйка і выбегла з інтэрната на вуліцу. – Толькі дзе яго шукаць? – на нейкі момант яна разгубілася, не ведаючы, у які бок рушыць. – Што рабіць? Я нават не ведаю, дзе ён жыве, дзе знаходзіцца яго кватэра. А калі б і ведала, то няўжо б у мяне хапіла дзёрзкасці самой пастукацца да яго ў дзверы? Не, наўрад ці. Вось каб выпадкова сустрэць яго тут, у парку, тады іншая справа».
З такімі думкамі яна абышла амаль усё старое памесце, заглянула на танцпляцоўку, прайшлася ля сталоўкі і Дома культуры. І ў рэшце рэшт ёй пашанцавала. Яшчэ здаля дзяўчына пазнала фігуру Туза, які, як заўсёды апошнім часам, ашываўся ля жаночага інтэрната.
– Сяржук, прывітанне. Як добра, што я цябе сустрэла, – першай пачала гаворку Марыйка. – Ты, вядома ж, надзейны сябар і, калі я цябе аб нечым папрашу, выканаеш маю просьбу?
– А ў чым асабіста справа, здаецца, вы заўтра збіраецеся ад’язджаць? – адказаў пытаннем на пастаўленае пытанне хлопец.
– Так, але... Я хачу цябе папрасіць аб адной невялікай паслузе, толькі ты паабяцай, што выканаеш, – настойліва прамовіла Марыйка.
Туз назіраў за яе разгубленымі паводзінамі і, як падалося дзяўчыне, нахабна ўсміхаўся:
– Добра, гавары. Выканаю тваю просьбу, – урэшце выказаў згоду юнак.
Сабраўшыся з духам, дзяўчына глянула яму ў твар і рашуча прамовіла:
– Знайдзі Лёху.
Туз здзівіўся, нават уразіўся, яго цёмныя, рэзка акрэсленыя бровы ненаўмысна падскочылі ўгару:
– Ну вы зусім чокнутыя, няйначай з глузду з’ехалі. Што ён, што ты.
З гэтага выказвання вынікала, што ён ведае намнога больш, чым яна думала, аб узаемаадносінах яе, Марыйкі, і Леаніда.
– Навошта ён табе?
І тут жа неяк вельмі па-даросламу сур’ёзна спытаў:
– Ты гэтага сапраўды хочаш?
– Так, я тут пастаю, а ты ідзі, прывядзі яго, – упэўнена прамовіла дзяўчына.
* * *
Цёмныя сілуэты старых ліпавых дрэў з усіх бакоў акружылі прагаліну, на якой стаяла Марыйка, чакаючы свайго каханага. Яны ціха шамацелі лісцем, нібыта перашэптваліся паміж сабою і паведамлялі адзін аднаму найвялікшую тайну, – тайну, якую людзі ніяк не могуць разгадаць, жывучы на зямлі, а яны, дрэвы, спасціглі:
– Навош-ш-шта ты жывеш-ш-ш? – пыталася адно дрэва ў другога.
– Я ж-жыву, каб трымаць на сваім голлі маленькія кволыя кветачкі. Каб з году ў год напаўняць мядовым водарам наваколле, каб вецер расчэсваў мае зялёныя валасы і разносіў сямянкі, кідаў іх ва ўрадлівую глебу, каб зноў працягвалася ж-жыццё.
– Добра-ш-ш, добра-ш-ш ты жы-ве-ш, – адказвала першае дрэва і зноў пыталася:
– Навош-ш-шта ты жывеш-ш-ш?..
Марыйка прыслухоўвалася да гэтай таямнічай размовы дрэў і напаўнялася ўдзячнасцю. «Выбачайце вы мне, ліпы-веліканы, я ўсяго толькі звычайны чалавек. Я не маю той непахіснай трываласці, якая б утрымлівала мяне гэтак жа моцна, як трымаюць вас вашы драўляныя ногі-карані; я не маю тоўстай і шурпатай скуры, якая б аберагала мяне ад ветру і сцюжы, але я маю тую ж прагу жыцця, што і вы, і я хачу кахаць, хачу, каб і на маім голлі нараджалася новае неўтаймаванае жыццё. Выбачайце ж вы мне, мае мудрыя сябры, калі я ў нечым памыляюся і раблю нешта не так!»
Марыя не ведала, колькі часу ёй прыйшлося чакаць, слухаючы перашэптванне дрэў-веліканаў, але раптам яна адчула яго прысутнасць. Дзяўчына азірнулася і заўважыла цьмяную постаць юнака, які набліжаўся да яе: «Гэта ён – гэта мой Лёнька». І сэрца адразу затрапятала ў грудзях, нібы маленькі кволы лісточак. Нічога не кажучы, хлопец падышоў і абняў яе за плечы. І яна прыхінулася да яго ўсім сваім целам. Што ёсць моцы прыціснулася да шырокіх хлапечых грудзей, як быццам хацела зліцца з ім у адзінае цэлае і застацца тут назаўжды.
– Ты прыйшоў! Я так баялася, што заўтра паеду і больш ніколі цябе не ўбачу, – прашаптала Марыйка.
Ён адказаў на яе словы пацалункам. Яны цалаваліся доўга, чулліва і пяшчотна. Ад гэтага займала дыханне і кружылася галава. Ніколі на сваім нядоўгім жыццёвым шляху яна не была такой шчаслівай. Зноў, як і тады, у першы тыдзень практыкі, ад дотыку ягоных пальцаў, ад яго моцных і гарачых пацалункаў яна губляла прытомнасць.
А Лёха? Лёха ўвесь час чакаў гэтай сустрэчы. Марыў менавіта аб гэтым. Так, ён таксама кахаў Марыйку, але нейкае мужчынскае самалюбства, ганарыстасць не давалі яму прыйсці да яе, папрасіць прабачэння за той недарэчны выпадак.
«Марыйка, мая Марыйка, што ж ты робіш, неразумная? Ты ж ужо не зможаш быць ранейшай нечапанай дзяўчынкай. Ты ж згубіш сваю анёльскую прыгажосць і прывабнасць. Зараз ты самая лепшая, узнёслая і недасягальная дзяўчына – сапраўдная дама майго сэрца», – думаў ён у гэты момант.
І хоць у такіх справах ён быў прызнаным майстрам і ніколі раней, як казаў ён сам, не цырымоніўся з дзяўчатамі, асабліва не лічыўся з іхнімі пачуццямі, цяпер, абдымаючы і цалуючы Марыйку, упершыню моцна засумняваўся ў сваёй праўдзе.
Ён не ведаў, што яму рабіць. «Хто я такі? Задзіра, двоечнік, спакуснік – усе гэта ведаюць. Гэта мой дакладны партрэт, – дакараў сябе хлопец. – А яна, Марыйка, самая чыстая, самая прыгожая, самая мілая дзяўчына ва ўсім свеце. І я ведаю, я амаль упэўнены, што мы ніколі не будзем разам, а ламаць чужое жыццё я не маю права».
– Паслухай, Марыйка, паслухай мяне. Ты, маё маленькае неразумнае птушаня, паслухай. Зараз ты сама не ведаеш, што робіш. Павер, у гэтым жыцці цябе чакае шчасце. Будзе ў цябе яшчэ каханне, сапраўднае вялікае пачуццё. Абавязкова будзе! Ты знойдзеш яго – свайго рыцара, сапраўднага спадарожніка па жыцці, годнага чалавека. А я... можа так здарыцца, што нашы шляхі больш ніколі не перасякуцца. Няхай жа ўсё застанецца так, як ёсць. Памятаеш, як мы сустрэліся: цёплы чэрвеньскі ранак, пробліскі сонечнага святла, першы ліпавы цвет – і ты, у лёгкай блакітнай сукенцы, дорыш мне сваю чароўную ўсмешку. Я кахаю цябе, любая. І маё каханне не дазваляе мне зрабіць тое, аб чым ты потым будзеш моцна шкадаваць.
* * *
Назаўтра стары запылены ЛАЗ гучна пыхнуў і прыпыніўся ля нязграбнай аўтобуснай будкі, забраў дзвюх студэнтак-практыкантак, якія стаялі са сваімі небагатымі пажыткамі на ўзбочыне дарогі, і пакаціў па асфальтаванай шашы ў накірунку абласнога цэнтра.
Практыка скончылася.
г.п. Круглае Магілёўскай вобласці
1996–1998 гг.
Палац Булгакаў пасля рэстаўрацыі, 2023 год