Яна францужанка, i гэтым усё сказана. Напэўна, яна лiчыць, што так i павiнна здымацца кiно. Нарэшце з-пад лёгкай нейлонавай коўдрачкі паказваецца маленькi зграбны ступачок...
МАСТАЧКА
Апавяданне
1
– Сharmant, c’est tres bien, j’aime ca, je t’aime![1] Я кахаю цябе, любы...
У мяне кружыцца галава, дрыжаць рукі, кроў дробнымі малаточкамі грукоча ў скронях, робіцца невыносна горача. І гэтае відавочнае ўсім напружанне не знаходзіць выйсця… Я губляю кантроль над рэчаіснасцю. Усё плыве перад вачамі: «Дзе я знаходжуся, насамрэч, што са мною? Гэтая жанчына звар’яцела. Яна натуральна мяне заводзіць. Ды й што на самай справе адбываецца?»
Да гэтага часу мне ўжо неаднойчы даводзiлася iграць любоўныя сцэны, скажам так, iмiтаваць каханне на тэатральных падмостках, але такое са мной здараецца ўпершыню. Яна гарыць i трапечацца ад дотыку маiх пальцаў. Я не магу заставацца проста артыстам у такiм становiшчы. Я ж чалавек – мужчына, як-ніяк.
– Стоп, камера, знята. Можаце апранацца, – гучыць голас рэжысёра. – На сёння ўсё, працоўны дзень закончаны.
Я расплюшчваю вочы і разумею, што я ўсё яшчэ на зямлі, на здымачнай пляцоўцы, у адным ложку з прывабнай жанчынай. Апусціўшы пагляд, устаю з ложка i адчуваю, як кроў кiдаецца мне ў твар. Мне сорамна. Здаецца, што ўся здымачная група глядзiць на мяне са здзекам. Маўляў, што ж ты, донжуан, здрэйфiў? Так, я здрэйфiў.
Эдзiт Мано, так завуць маю партнёрку па сцэне, не спяшаецца ўставаць. Яна францужанка, i гэтым усё сказана. Напэўна, яна лiчыць, што так i павiнна здымацца кiно. Нарэшце з-пад лёгкай нейлонавай коўдрачкі паказваецца маленькi зграбны ступачок, затым другi; стройныя, пакрытыя бронзавым загарам ножкi агаляюцца да непрыстойнай вышынi. І раптам з-пад пакрывала выслiзгвае ЯНА – зусiм голая, нiбы тая багiня Афрадыта, якая выйшла на сушу з марскiх хваляў. Я не магу адарваць пагляду ад гэтага спрытнага, маладога і пругкага цела: вузкая талiя, акругленыя лiнii бёдзер i рук, а пасярэдзiне два залацiстыя бугаркi грудзей.
– Гэта тое, ад чаго ты адмовiўся, – помслiва шэпча мне на вуха Цёма Мiцкевiч, калi яна праходзiць у грымёрную.
– Дык я ж не мог… Яна ж яшчэ хвiлiну назад была напалову апранутай, – разгублена мармычу я ў адказ.
– А ты што, ужо развучыўся здымаць жаночую бялiзну?
– Сяржук, ну ты, хлопец, нас падводзiш. Кажуць, чаго хоча жанчына, таго хоча сам Бог, – кпяць з мяне хлопцы на здымачнай пляцоўцы.
Я злосна агрызаюся:
– Паспрабавалi б самi.
Не, не тое што Эдзiт мне не падабаецца, наадварот. Але ж…
Гэта мой дэбют у кiно. Раней я iграў у тэатры, казалі нават, што няблага. Мне падабалася мая прафесiя. Было нешта невымоўна-прыцягальнае ў тым, як падымаецца заслона, разыгрываецца дзея. На сцэне, як у бутэльцы з канцэнтратам, усё было гiпербалiчна перабольшанае, эсенцыяванае: пачуццi, жаданнi, матывы дзеяння. Звычайнае жыццё так – сiропчык, разведзены вадзiчкай. А мне падавай сурагат, каб ажно кiпела i пiшчала ў грудзях. Гэтак я думаў да сустрэчы з Эдзiт. Яна ж, Эдзiт, не была акцёркай. Не ведаю нават, дзе яе адшукаў наш Улад (гэта мы мiж сабою так завём нашага галоўнага рэжысёра Уладзiслава Iванавiча Бельскага). Яна, здаецца, вучылася ў нейкай мастацкай студыi, ці што. Прыехала ў Расiю пераймаць вопыт нашых майстроў. Круцiлася ў асяроддзі багемнай моладзi i нейкiм чынам трапiла ў поле зроку нашага галоўнага рэжысёра.
Невялiкая, рухавая, з пафарбаванымi ў ружовы колер валасамi i апранутая ў лёгкую спартыўную фуфаечку з’явiлася яна на здымачнай пляцоўцы. І з таго часу паўсюдна чулася яе нязвычнае нашаму вуху, гартаннае шчабятанне: бонжур, масье, сiльву пле, пардон. Праўда, яна часам ужывала і рускія словы. І, здаецца, разумела ўсё, аб чым яе прасіў Уладзіслаў Іванавіч.
Першыя кiнапробы паказалi, што Эдзiт, не маючы акцёрскага вопыту, зусім не псуе карціну, а, наадварот, надае ёй нейкi своеасаблівы жыццёвы каларыт, робiць яе больш рэалістычнай. Ёй хацелася верыць, на яе хацелася глядзець. Улад быў задаволены, ён казаў: «Такая iгра магчыма ў двух выпадках: калi на здымачнай пляцоўцы вопытная, таленавiтая актрыса i калi гэта робiш упершыню, не iграеш, а жывеш у кадры». Эдзiт жыла.
Я губляўся побач з гэтай апантанасцю i адкрытасцю пачуццяў. У параўнаннi з ёй я выглядаў нейкай прымітыўнай амёбай, закаванай у рамкi прыстойнасцi. Часта губляў непасрэднасць, сердаваў i быў незадаволены сабою. Што й ка-
заць, я разумеў, што страчу працу, калi не перастану азiрацца па баках, шукаючы падтрымкі рэжысёра.
– Не трымайся бяздумна сцэнарыя, – казаў спагадліва Улад. – Жывi ў кадры, як гэта робіць яна. Падыгрывай, імправізуй, але i кiдацца ў вiр пачуццяў не спяшайся – нельга перабольшваць. Памятай, гэта кіно, вобраз – тут усё павінна быць прыгожа, прывабліва.
Лёгка сказаць – жывi, імправізуй. Вось зараз, ідучы дахаты, – я жыву: вось выходжу са студыi, вось адчыняю дзверцы свайго джыпа (мне падабаюцца машыны з магутным рухавiком. І хоць палiва цяперачы каштуе нямала, я не спяшаюся мяняць даўнiшняга сябра на малалiтражку). Вось я заводжу рухавік, націскаю на педаль счаплення, знаходжу першую перадачу i пацiху цiсну на газ. Машына кранаецца з месца – я жыву. А там, перад камерай… Не, я не благi акцёр, i ўсё было добра, пакуль не з’явiлася ЯНА. Я прыпомнiў сённяшняе здарэнне на здымачнай пляцоўцы i моцна вылаяўся. Машына набiрала хуткасць i лёгка ляцела наперад – на душы лягчэла.
– Бабы ёсць бабы, – сказаў я ўголас i ўпершыню, пасля таго як пакінуў здымачны павільён, усмiхнуўся.
2
Назаўтра ў студыі ўсё кiпела. Я яшчэ здаля заўважыў Уладзiслава Іванавiча. Ён шырокiм размашыстым крокам хадзiў з аднаго кута залы ў другi i патрэсваў рукамi, нiбы крыламi. Пiнжак на ім быў расшпiлены, а паслаблены гальштук з’ехаў набок. Ён голасна казаў:
– Ну што, дабiлiся свайго, чэрці? Закапрызiла, пакрыў-
дзiлася. Яна ж жанчына! Францужанка! Як вы не разумееце? Што рабiць? Я вас пытаюся, што мы будзем рабiць? – ужо каторы раз паўтараў ён, хапаючыся за галаву. – Лiчы, працэнтаў на семдзесят карцiна знята, застаўся ўсяго тыдзень працы на здымачнай пляцоўцы – i можна пачынаць мантаж.
– Не, вы не разумееце, – не сунiмаўся Улад. – Грошы патрачаны, а справа не завершана. Гэта там, у Францыi, можна сказаць: «Хачу – не хачу», а ў нас гэта недапушчальна.
– А, вось i ты!... – зароў голасам Карабаса-Барабаса галоўны рэжысёр, заўважыўшы маю збянтэжаную фiзiяномiю. І тут я зразумеў, што ўсё мною пачутае – гэта толькі рэпетыцыя, а сапраўдная размова яшчэ наперадзе.
– А ў чым, уласна кажучы, справа? – прамямліў я, не пазнаючы свайго голасу і ўжо iнтуiтыўна шукаючы паратунку.
– І ты яшчэ пытаешся ў чым справа, прыкiдваешся гэтакiм неразумным цялём?
Вiдаць, у гэты момант у сваiх неўтаймаваных пачуццях рэжысёр дайшоў да кульмiнацыі, бо твар яго моцна пачырванеў i пакрыўся потам, а рот адкрываўся i хаўкаў, як у жабы. Ён усё яшчэ хацеў сварыцца, крычаць – i не мог, бо задыхаўся ад злосцi. У сваю чаргу я таксама не хацеў заставацца «неразумным цялём», i ў мяне пачалi расцi рогi бунтарства.
– Значыцца так, значыцца я ва ўсiм вiнаваты? Ды вы, ды вы, ведаеце што! – гарэў я абурэннем. – Тады пашукайце іншага, лепшага акцёра на маё месца, а мне досыць, нацярпеўся.
– Сяржук, паслухай, не гарачыся, – супакойвалi мяне сяб-
ры, – усялякае здараецца. Улад, ён заўсёды так, пакрычыць-пакрычыць, а потым і пахваліць, i прэмiю выпiша. Дарма ты так, уладкуецца ўсё. Гэта ён з-за яе, Эдзiт. Францужанка наша нораў паказала – адмовiлася здымацца. А фiльм амаль завершаны, разумееш?
Да Уладзiслава Іванавiча тым часам падбегла сакратарка, падсунула яму пад язык нейкую пiлюліну, прыклала да iлба мокры ручнiк i настойлiва прасiла прылегчы:
– Уладзіслаў Іванавіч, вам нельга хвалявацца. Вось так, прыляжце. Зараз усё пройдзе.
«Якое тут ужо кiно? Не да жыру – быць бы жыву», – думаў я. Але паступова, як пасля навальніцы, наступiла зацiшша. Не-
дзе каля адзiнаццацi раніцы Уладзiслаў апрытомнеў і запрасiў мяне ў свой кабiнет для размовы. Выгляд у яго быў нездаровы. Рэжысёр усё яшчэ цяжка дыхаў i выцiраў пот наскрозь прамоклай, не надта свежай сурвэткай. Вялiкi, як бурбалка, нос усё яшчэ быў чырвоны, вусны сасмяглі, а пад вачамi заляглі шэрыя кругі. Гаварыў ён павольна, быццам узважваючы кожнае слова:
– Добра, хлопец, пагарачылiся i досыць, пара за справу брацца. Паспрабуй наладзiць адносiны з Эдзiт. Калi справа выгарыць, заплачу ўдвая. Ты мяне зразумеў? – па-жаночы малая, мяккая рука Улада лягла на маё пакрытае лёгкiм загарам юначае запясце. «Я нiколi не заўважаў, што ў яго такiя кароткiя растапыраныя пальцы», – чамусьці падумаў я.
– Запрасi яе ў рэстаран, заiнтрыгуй, ды хiба мне цябе вучыць, маладога, прываблiвага? – працягваў Улад.
Кроў кiнулася мне ў твар ад гэтай прапановы, а яшчэ болей – ад дотыку гэтых пульхных, сардэлькападобных пальцаў, але пярэчыць я не стаў. Апусцiўшы вочы, цiха прамовiў:
– Паспрабую.
3
Рэстаран «Асторыя» – лепшае месца ў горадзе. На фоне пунсовых падушачак i дываноў, пры цьмяным штучным асвятленнi валасы Эдзiт не здавалiся ўжо ружавымі пялёсткамі, як на здымачнай пляцоўцы, а набылi адценне каштоўнага ружовага перламутру. Вытанчаны французскi макiяж, густыя павекі, падобныя на матылькоў, якія пырхаюць у паветры, вочы – спелыя вiшнi, па-дзiцячы прыпухлыя вусны i глыбока дэкальтаваная чорная сукенка – усё гэта, быццам з густам падабраная аправа, дапаўняла карцiну незвычайнай прыгажосцi.
«Куды дзелася тая гарэзніца Эдзіт, тая дзяўчынка-дзіця, да якой мы прывыклі на здымачнай пляцоўцы? – здзіўлена думаў я. – Зараз яна падобна на нейкую казачную царэўну, якая нарэшце вызвалілася ад чараў зласлівай вядзьмаркі».
Я чамусьцi губляўся ў яе прысутнасці i не ведаў, як па-
чаць размову. Увесь час мяне перапаўняла пачуццё няёмкасцi. Я павiнен быў запытаць па-французску, чаму яна адмовiлася здымацца, нават спрабаваў прамаўляць гэтую фразу дома перад люстэркам, але цяпер, у яе прысутнасцi, разгублена маўчаў і глытаў сліну. Эдзiт загадкава ўсміхнулася і пачала размову першай. Яна ўжо няблага размаўляла па-
руску, i я нават усцешыўся, калi яна запытала:
– Гэта вас Улад паслаў, так?
– Так, Эдзiт, – не змог схлусіць я. – Выбачайце, але… І тут я зразумеў, што ёй нельга гаварыць пра скарыстаны бюджэт, пра нейкiя нашы чыста расейскiя складанасцi, а трэба… Я заплюшчыў вочы i вырашыў кiнуцца прама ў вiр.
– Эдзiт, прабачце. Учора на здымачнай пляцоўцы я паводзiў сябе не самым лепшым чынам. Вы мне падабаецеся… – Тут я міжволі падняў вочы і глянуў на яе аблічча. І ў гэты момант мне падалося, што я зноў чую ўчарашнія, сказаныя ёю словы: «Я кахаю цябе, любы...». Гэта было нешта настолькi незвычайнае, ашаламляльнае, быццам з нябёсаў сышла невядомая мне дагэтуль сіла: ударыў гром, і нутро апаліла маланка кахання.
– Моцна падабаецеся, – працягваў я, як заварожаны, але ўжо не разумеў сэнсу тых слоў, якія зляталі з маіх вуснаў, не памятаў сцэнарыя. – Проста ў нас не прынята аб гэтым гаварыць на людзях. Вы разумееце мяне? Мне было вельмі прыемна разам з вамі там, у ложку, прабачце…
Яна яшчэ раз усмiхнулася, мiла i загадкава:
– Гэта я па-вiнна прасiць у вас пра-ба-чэння. Я так дав-но сярод рускiх i не ведаю, как себя па-во-дзiць. У Парыжы всё по-другому.
Нарэшце я ўздыхнуў з палёгкай. Здаецца, яна не крыўдуе за ўчарашняе і не заўважае майго збянтэжанага стану.
– Эдзiт, нам трэба часцей сустракацца, блiжэй пазнаёмiцца. Вы не супраць?
– Сi, так, я не су-праць. Разумееце, Серёжа, я хачу по-нять русская душа.
– Вы хочаце зразумець рускую душу?
– Так, рускія – геніяльны народ. Жывапіс, кіно, літаратура... Рускае мастацтва мне вельмі, вельмі падабаецца.
Мы пiлi лёгкае французскае вiно i закусвалi мiдыямi. Мне было сорамна прызнацца, што я ўпершыню спрабую гэтую экзатычную страву. І, заўважыўшы, як Эдзiт лёгка спраўляецца з запечанымi малюскамi, я пачырванеў:
– Вы любiце мора? – запытаўся я, каб хоць неяк згладзiць зноў узнiкшую няёмкасць.
– Так, я вырасла на беразе мора. І зараз прыхо-жу да мора ловить золотая рыбка.
Я быў уражаны:
– Вы чыталi Пушкiна?
– Как можно по-нять Россию без Пушкина? – адказала яна ўтрапёна. – Рускія тонка адчуваюць прыроду, я хачу вучыцца ў іх.
Эдзіт загадкава ўсміхалася, а матылькі яе павек, быццам выконваючы таямнічы танец, то апускаліся, то лёгка ўспырх-
валі ўгару, і тады мы сустракаліся позіркамі. У гэтыя моманты мне здавалася, што казачныя вішнёвыя вочы мастачкі дражняцца, здзекуюцца з мяне.
– Я люблю вывучаць твары, – прызналася Эдзіт і паказала рукой на сваё аблічча. – «Твары», я правильно говорить? На вулі-цах вашых га-ра-доў много заклапочаных і змрочных твараў. Усе некуды спяшаюцца, нечым незадаволены.
– Бо ўсе задаволеныя ездзяць на аўтамабiлях, а не хо-
дзяць пешкі, – няўдала пажартаваў я.
Паступова памiж намi наладжвалiся даверлiвыя, сяброўскiя адносiны. Эдзiт смяялася, распавядала мне пра Францыю, пра тое, як яна выбiрае сюжэты сваiх будучых карцiн, як складана перадаць iмпрэсiю на палатне. Яна казала, што карцiна – гэта не проста здымак рэчаіснасці, карцiна – гэта цэлы сусвет. Сапраўдны мастацкi твор павiнен перадаваць настрой і iмкненнi аўтара, не пакідаць абыякавым, прымушаць думаць i разважаць. Сённячы моладзь празмерна захапiлася абстракцыянiзмам, дзе нярэдка за знешнiмi формамi губляецца сэнс. «А мне так падабаецца руская класiка», – казала Эдзiт з хваляваннем у голасе, і было вiдаць, што яна сапраўды фанатычна любiць жывапiс.
Цудоўны вечар падыходзiў да завяршэння. Я трымаў маленькiя жаночыя пальчыкi з намаляванымi перламутравымi пазногцямi ў сваiх па-мужчынску нязграбных далонях, i мне не хацелася яе адпускаць.
– Ведаеце, Эдзiт, аб чым я толькi што падумаў? – Яна гулліва страсянула галавой i ўсмiхнулася. – Я падумаў, што трымаю ў руках залатую рыбку i яна зможа выканаць тры мае жаданнi.
– Тры жаданні, як у Пушкіна?
– Так, абяцайце мне, што выканаеце. Па-першае, я хачу пабачыць Вашы карцiны, – казаў я, пранікнёна гледзячы ёй у вочы.
– Хорошо. Вы па-ба-чы-це, я абяцаю.
– Па-другое, я хачу, каб вы не адмаўлялiся здымацца ў нашым фiльме.
Яна спахмурнела, але не адмовiла.
– Трэцяе ваша жаданне? – Эдзіт глядзела на мяне з цікаўнасцю, прыкрыўшы павекі і быццам выпрабоўваючы глыбіню маёй дзёрзкасці.
– Я хачу паказаць вам сапраўдную рускую прыроду, – сказаў я, не адводзячы вачэй.
– Путешествие по России?! – яе вочы бліснулі маланкавым агнём.
– Так.
– Ну што ж, Вы меня за-ин-три-говать. Як сапраўдная чараўніца, я выканаю вашы жаданні, а зараз я павінна развітацца.
4
Час бег хутка. Праз тыдзень наша праца на здымачнай пляцоўцы была завершана. Улад, як старшы пiянерважаты, задаволена пацiснуў мне руку:
– Малайчына, так трымаць, – сказаў ён на развітанне. – Ты гэта, хлопец, глядзі... таго, не закахайся. Яны, францужанкі, ведаеш якія, узбаламуцяць ваду, а тады шась да Парыжу – і няма.
Атрымаўшы павялiчаны ганарар, я з задавальненнем пачаў збiрацца ў адпачынак з Эдзiт. У тым, што гэта будзе дзiвосная рамантычная вандроўка, я не сумняваўся.
Мне снiліся ружовыя сны. Аграменная водная прастора, быццам вялiзная ружовая медуза, ахутвала мяне, песцiла i падкiдвала на лагодных хвалях. Мне было прыемна i лёгка плыць над безданню, адчуваць на сваёй скуры лёгкі незнаёмы дотык яе нервовых канчаткаў... Ды не, гэта зусiм не вада і не бясформенная медуза – гэта жанчына з ружовымi валасамi… Я прачынаўся з думкай: «Яна будзе маёй». З гэтым жа жаданнем я клаўся спаць. І ўсю ноч гэтыя надакучлівая мроі не пакідалі мяне.
Эдзiт сустрэла мяне шчырай дзiцячай усмешкай i напоўнiла салон аўтамабiля нi з чым не параўнальным жаночым пахам.
– Salut, сябра! – кінула яна на французскі манер.
– Бонжур, мадам! – жартам падхапіў я.
Сучасная «сiўка-бурка» iрванула з месца i панеслася галопам. Мы імчалі па гладкай брукаванай шашы, Эдзіт шчабятала бесперастанку, смяялася, закідваючы галаву, а яе ружовыя валасы пранізваў вецер. У мяне на душы было лёгка і радасна. Раз-пораз я паглядваў на яе кiрпаценькi носiк, усміхаўся i яшчэ мацней цiснуў на газ.
У сярэдняй паласе Расii сустракаюцца куточкi прыроды дзiўнай прыгажосцi. На беразе невялiкага возера раслi магутныя, як абняць, сосны. За шматгадовы прамежак часу з дня іх народзінаў і да сённяшняга дня ля iх падножжа ўтварыўся досыць тоўсты насцiл з апалай хвоi. Там-сям, на больш асветленых мясцінах, расла папараць i чарнiчнiк. Густая бурштынавая смала паволі сцякала па магутных ствалах, быццам сосны-асілкі плакалi, залечвалі свае душэўныя раны. Недзе ў вышыні, у вершалiнах соснаў зрэдку, як быццам напаўголасу верашчалi птушкi. Напэўна, яны былi заняты сваiмi штодзённымi клопатамi: магчыма, выкормлiвалi запозненых птушанят ці рыхтаваліся да зімы. Менавіта гэты куток, перапоўнены нейкай першароднай чысцінёй і цнатлівасцю, я абраў, каб здзівіць і ўразіць маю замежную прыгажуню.
Святочная цiшыня i хатні спакой ахутвалi нас з усіх бакоў. Эдзiт прысмiрэла, як быццам пагрузiлася ў сябе. Яна моўчкі ўспрымала наваколле, убіраючы ў сябе ўсе пахі і гукі.
«Як у храме перад вячэрняй, – прыпомніў я дзяцінства. – Такое ўражанне, што вось зараз пачнуць біць званы: бом-бом-бом». Я заплюшчыў вочы і пачаў чакаць. «Калі зараз я пачую звон, значыць, так таму і быць. Эдзіт стане маёй жонкай», – задумаў я патаемнае жаданне. Я лавіў кожны шоргат, кожны гук: шапаценне ветру ў вершалінах дрэў, манатонны перасвіст дразда, шчабятанне ластавак, глухія аддаленыя ўдары дзятла па струхлелым дрэве. Нават, здаецца, я чуў, як тупацяць лапкамі рупліўцы мурашы, прабягаючы па маіх далонях і твары... Але бомаў не было. Навокал была ні на што не падобная, цягучая і цёплая лясная цішыня. Цішыня таксама ўмела гучаць. Вядома ж, званы былі – яны былi ў маёй свядомасці, у маёй душы, у маім сэрцы. Там усё так і звінела ўрачыстым маршам, але з нябёсаў плыла мядовая цішыня.
Эдзiт ляжала на мяккай лясной посцілцы, апусцiўшы павекi, і, здаецца, нават не дыхала – настолькі глыбока ўвабрала ў сябе гэтую неруш лесу. Цеплынёй і любасцю была напоўнена ўся яе істота. Гладкая, нібы адпаліраваная скура з блакітнымі пульсуючымі пражылачкамі на скронях, тыя ж па-дзiцячы прыпухлыя вусны, якія так моцна мяне ўсхвалявалi тады, у рэстаране, і яшчэ раней – на здымачнай пляцоўцы. І цяперачы, гледзячы на іх, нейкае мужчынскае непераможнае пачуццё асляпіла маю свядомасць. Я не змог стрымацца, каб не пацалаваць яе. І ў гэты момант, калі нашы вусны сустрэліся, мяне апаліла дзікунскае жаданне завалодаць гэтай жанчынай. Зараз жа, прама тут, на лясной дарозе. «Завалодаць сiлай, зламаць супрацiўленне, дабiцца свайго», – як быццам кроў далёкiх продкаў-варвараў, закiпела ў маіх жылах.
Эдзiт здагадалася, аб чым я думаю. Быццам дзiкая кошка, ускочыла яна на ногі, бліснула вачыма і стала ўцякаць, смеючыся і спрытна хаваючыся за дрэвы. Я разумеў, гэта проста гульня – жаданне перапаўняла нас абаіх. З кожным iмгненнем я хацеў яе ўсё больш i больш. Нарэшце я схапiў яе за руку, моцна прытулiў да сябе, усiм целам адчуваючы, як яна трапечацца, як гараць яе вусны, як б’ецца яе сэрца. Яна была прывабнай i жаданай. Я шаптаў самыя ласкавыя, самыя прыемныя словы, але не чуў i не разумеў iхняга сэнсу. Я не мог адарваць свой позiрк ад яе жаночай, акругленай і такой не падобнай на маю фiгуры. У мяне так моцна кружылася галава ад захаплення, што на нейкi момант я разгубiўся: «Я не змагу». – Але тут жа моцная хваля жадання зноў накрыла мяне…
– Я кахаю! – усё спявала ўва мне i крычала сотнямi разнамоўных галасоў:
– Я кахаю цябе, Эдзіт! Я кахаю!
5
Назаўтра Эдзiт знiкла… Пакiнула толькi невялiчкi шматок паперы: «Прабач». Я адчуў, як бяздонная пустэча запоўніла ўсё маё нутро. Мне здавалася, што толькі на момант я зазірнуў у чароўную кнігу жыцця і зразумеў нейкі патаемны сэнс свайго існавання на гэтай планеце – і тут жа гэтая кніга закрылася. Кожная клетачка майго стомленага цела казала мне: любоў – гэта найвялікшая сіла. Быццам спружына, якая доўгі час знаходзiлася ў сцiснутым стане, вызвалілася, і каханне вырвалася вонкі; яно мне муляла і крывавіла душу. Мая свядомасць, маё сэрца, маё цела патрабавалі гэтага неразумнага ўсёпаглынальнага пачуцця. Здавалася, што дзеля яе, гэтай маленькай кволай жанчыны, я гатоў быў перавярнуць горы, спынiць рэкi i дастаць усе зоркi з нябёсаў. Яна мне ўяўлялася найвышэйшым шчасцем, самай прыгожай, самай прывабнай і жаданай. «Што я буду рабіць без яе?» – ужо каторы раз задаваў я сам сабе адно і тое ж пытанне. І адказам на яго было маўчанне дрэў-веліканаў.
Праз тыдзень я атрымаў бандэроль. У прыгожай пазалочанай аправе партрэт: вочы колеру квiтнеючага лёну, цёмныя, амаль чорныя, валасы, чысты адкрыты твар i амаль непрыкметная iранiчная ўсмешка на тонкіх вуснах – гэта я. У сцэнiчным касцюме маладога барчука на фоне сучасных гарадскіх гмахаў. Дзiўнае ўражанне – кожны дзень я глядзеў на сябе ў люстэрка i не бачыў, а яна разгледзела. Як тонка яна падкрэслiла на палатне ўсе рысы майго характару: шырокую рускую натуру, пагардлiвыя адносiны да жыцця, неўтаймаванасць жаданняў – такiм я быў, пакуль не сустрэў яе – Эдзiт. Я быццам зiрнуў на сябе ўчарашняга і схамянуўся.
Пярэднi план карцiны мяне настолькi заваражыў і ўразіў, што я не адразу заўважыў, што на другiм плане, ля высокага мураванага падмурка, на цвёрдай неўрадлівай глебе расце невялiкая ружовая кветачка. Здавалася, што яна хiстаецца ад кожнага парыву ветру, штодня яе імкнуцца затаптаць усюдыісныя пантофлі гараджанак, яна пакутуе ад бязводдзя i пакрываецца халоднаю расою ў прадчуваннi першых сонечных прамянёў. Але яна жыве. Гэтая кволая iстота змагаецца. Я ўсё зразумеў.
Эдзiт была сапраўднай МАСТАЧКАЙ.
г.п. Круглае 2001г.
[1] Цудоўна, гэта вельмі добра, мне падабаецца, я кахаю цябе! (франц.)