Адам апрытомнеў, і першае, каго ён убачыў, – быў твар анёла і яго блакітна-задуменныя вочы.
– Здаецца, я памёр і мяне нясуць анёлы…Так?
АДАМ
Апавяданне
Адам заўсёды нервуецца, калі яму прыходзіцца матляцца з аднаго канца горада ў другі. Моцны пах перагару, нямытых мужчынскіх шкарпэтак перамешваецца ў салонах гарадскіх аўтобусаў з саладкаватым амбрэ жаночых духоў і губной памады.
«Гнюсы!.. – першае слова, якое прыходзіць на розум хлопцу ў такія моманты. – І як могуць людзі вось так жыць? Бы чарвякі, набіваюцца ў аўтобусы, упіраюцца локцямі ў спіны
і грудзі адзін аднаму… Ну ды нічога, не доўга засталося чакаць... – радаваўся Адам. – Вось куплю машыну!..»
Ён даўно і канчаткова для сябе вырашыў, што сэнс жыцця – у багацці. Грошы – гэта і павага, і каханне, і сяброўства. Крутое цеста дабрабыту, як правіла, замешваецца на іншаземных «зялёненькіх» паперках. Так, даўно ўсім вядома: светам кіруюць «баксы».
Знаёмая гандлярка Міла весела ўсміхнулася і кіўнула галавой, маўляў, я зараз, пачакай.
Каля малочнага аддзела, які яна абслугоўвала, стаяла чарга. Сказаць проста «чарга» – гэта нічога не сказаць: чарга паўзла і выкручвалася, нібы тая вужака, паміж стоек і прылаўкаў – і заканчвалася амаль ля ўваходу ў магазін. А людзі стаялі, і, здаецца, у іх пабляклых вачах можна было ўбачыць і ўпартасць абаронцаў Брэсцкай крэпасці, і незатухальнае святло надзеі будаўнікоў камуністычнай будучыні. Людзі стаялі моўчкі. Чарга пасоўвалася паволі: пакуль гандлярка знойдзе патрэбнае прозвішча ў спісах, пакуль адважыць вызначаныя грамы, дасць паперку ў касу – заплаці, адрэж купоны, а потым зноў падыходзь, атрымлівай масла… Цэлая працэдура.
Праз хвілін дзесяць Міла адсунула сшытак з прозвішчамі ўбок і пабегла ў падсобнае памяшканне, дзе чакаў яе Адам.
– Чаму так доўга?
– Не магла вылучыць момант. Сёння яны такія злосныя, бы ваяры… Гавары хутчэй, што трэба, а то магазін разнясуць.
– Ды не разнясуць, кантынгент не той… Бачу, ты масла атрымала?
– Ну атрымала… Па спісах продаем… Людзей шкада.
– Што ты пра людзей думаеш? Пра сябе трэба клапаціцца ў першую чаргу… Пяць скрынак пакінь, чуеш? Я знайду тачку – і заўтра на Расію рванём.
– Не магу, – заўпарцілася Міла, – кажу ж табе – людзей шкада, паглядзі, у магазіне пустыя прылаўкі.
– Мілэдзі, ну што з табою стала? Раней ты людзей не шкадавала. Я табе яшчэ вось што скажу, прыгажуня: калі ўсё атрымаецца, як я задумаў, то будзем мы з табой у наступным месяцы на «Фордзе» катацца. Ты мяне разумееш? «Форд» – гэта табе не «Масквіч», гэта шыкоўная замежная тачка.
У Мілы ад задавальнення ажно вочы засвяціліся:
– Ты купляеш іншамарку?
– Няўжо я падобны на тых, хто жартуе? Кажу табе, што ўсё ўжо вырашана. Так што выручай, Мілок. – Адам прытуліў да сябе ружовашчокую маладзіцу і чмокнуў у вусны. – Я ведаў, што ты мне не адмовіш.
А чарга ўжо выходзіла з берагоў – чуліся адчайныя выкрыкі:
– Ну што за парадкі?!.
– Пайшлі да загадчыцы!..
Міла ўвайшла як ні ў чым не бывала, разгарнула сшытак і спакойна спытала ў першачаргоўца:
– Ваша прозвішча, вуліца, нумар дома?.. – узважыла пакуначак масла і, як бы між іншым, зазначыла:
– Гандлярка таксама чалавек. Па патрэбе выходзіла, а вы адразу ў крык!..
Міла амаль аўтаматычна адразала і ўзважвала кавалкі масла, углядалася ў спісы, шукала патрэбныя прозвішчы, а думкі маладзіцы, бы тыя птахі, што выпырхнулі з клеткі, лёталі недзе далёка-далёка. Яна ўяўляла, як сядзе з Адамам у шыкоўны замежны аўтамабіль, як будуць ёй зайздросціць знаёмыя і сяброўкі. Ад такіх прыемных уяўленняў на душы рабілася цёпла і радасна. Міла ўсміхалася.
А праз тыдзень Адаму прыйшлося ўгаворваць знаёмага вадзілу, каб той дапамог выпісаць службовы аўтамабіль на выхадныя. Яны наплялі свайму начальству, што недзе пад Смаленскам Адамава цётка аддае Богу душу. І вось «любімы пляменнік» ужо імчаў у бок расійскай мяжы, а яго сябрук памінаў «нябожчыцу» поўнай шклянкай гарэліцы, купленай на Адамавы грошы.
Прадпрымальны хлопец хваляваўся: «Добра, калі пашэнціць і памежнікі не будуць занадта строгімі».
«Галоўнае, даць на лапу… Ніколі не трэба шкадаваць грошай, калі справа таго патрабуе. Скупы губляе двойчы – народная мудрасць», – разважаў Адам.
Кірмаш быў перапоўнены гатункамі з Беларусі: масла, сыры, смятана, каўбасы… Усё ішло нарасхват. Ну, вядома ж, хто пойдзе ў краму, калі на базары і танней, і якасць задавальняе. Хаця, гаворачы пра якасць, тут варта было б і паспрачацца. Часам наваяўленыя гандляры-прадпрымальнікі ішлі на розныя хітрыкі: смятану, каб яна здавалася больш густой і тлустай, змешвалі з манкай, а каб мела прыемны жаўтаваты колер – з яйкамі…
Адам умеў дагаджаць пакупнікам і за словам у кішэню не лез:
– Бабулечка, вазьмі масліца! Свежанькае, толькі што з-пад кароўкі.
А бабуля ў адказ:
– А ці ты, сыночак, бачыў хоць раз у сваім жыцці тую кароўку?..
Гумар прываблівае пакупнікоў. Але ў душы Адам заўсёды трымаў нейкую грэблівасць да простых людзей. Неаднойчы думаў ён пра таго-сяго з пакупнікоў, хто чым-небудзь не прыйшоўся яму даспадобы, так: «Падавіся ты, гад, гэтым маслам!»
Машына не бегла – ляцела. Адам адчуваў найвышэйшае задавальненне. У гэты момант у яго было лёгка і прыгожа на душы. Адным словам, ён быў у захапленні ад купленай машыны колеру спелай вішні, па капоце якой таропка прабягалі промні ўзыходзячага сонца. Яны, гэтыя промні, зіхацелі і адлюстроўваліся вясёлкай на злёгку прагнутых шыкоўных шыбах замежнага аўто.
Адам усё жыццё марыў менавіта аб гэтым, і ў рэшце рэшт яго мары здзейсніліся. І гэта не проста дзівосна-летуценны сон, не – гэта ява! «Я лячу ў бясконцай касмічнай прасторы, і мой зорны шлях асыпаны рознакаляровымі промнямі!..» – мроіў ён і задаволена ўсміхаўся.
Адам добра разбіраўся ў тэхніцы і мог, калі што не так, хутка знайсці непаладку. Але машына гула, як пчолка, і душа яе гаспадара спявала ад задавальнення.
Яшчэ здалёк Адам заўважыў, што на ўзбочыне дарогі стаіць легкавік. Ну так і ёсць, малады «вадзіла», перапэцканы ў мазуту, бездапаможна махае рукамі – просіць прыпыніцца. І Адам, пэўна ўпершыню ў сваім жыцці, паспачуваў чужому гору, збавіў хуткасць і прытармазіў. Запытаў:
– Што, браток, не заводзіцца?
Адам выйшаў з машыны, але не зрабіў і пяці крокаў, як атрымаў моцны ўдар па галаве. Ён не ўпаў, утрымаўся на нагах, яшчэ спрабаваў абараняцца, некаму ламаў косці, малаціў кулакамі налева і направа. І ўсё ж пасля другога моцнага ўдару па галаве асунуўся. Нядобрыя людзі працягвалі яго дабіваць і рукамі і нагамі, але гэтага ён ужо не памятаў – страціў прытомнасць…
Калі Адам прыйшоў да памяці, то першае, аб чым ён успомніў, была прыгажуня іншамарка: «Машына… Дзе мая машына?»
Маленькі жоўценькі лісток, што прыліп да ілба, перашкаджаў глядзець. Ён хацеў павярнуцца набок, каб агледзецца навокал, уцяміць, дзе ён знаходзіцца, што з машынай, як невыносны тупы боль пранізаў усё цела. З грудзей вырваўся стогн. Правальваючыся ў нябыт, ён яшчэ паспеў заўважыць, што нейкая неахайная жанчына ў брудным жабрацкім адзенні падышла да яго і, зняўшы шурпатаю рукою прыліплы да твару ліст, спачувальна прашаптала:
– Хто цябе гэтак, сыночак?
Больш ён нічога не памятаў. Не ведаў ён і таго, як бяздомная жанчына, збіраючы пакінутыя на абочыне дарогі пустыя бутэлькі, выпадкова наткнулася на яго непрытомнае цела, а пасля, выбіваючыся з сіл, цягнула яго да шашы. Як маліла яна Госпада Бога, каб той дапамог гэтаму зусім невядомаму ёй маладому чалавеку.
Не бачыў Адам і потных устрывожаных твараў хірургаў, якія змагаліся за яго жыццё. Не адчуваў той вастрыні ляза, па якім хадзіў і па адзін бок якога было жыццё, а па другі – спраўляла баль спадарыня смерць…
Нічога гэтага Адам не адчуваў і не ведаў.
Міла стаяла воддаль, непадалёку ад аўтобуснага прыпынку, і думала пра сваё, жаночае: «Адам не заходзіць і не тэлефануе. А я, дурніца, спадзявалася… Не, гэта не той выпадак… Ізноў я ў пралёце, і так усё жыццё. І трэба ж быць такой дурніцай, паверыла…»
Падышоў аўтобус.
Міла хацела бегчы да дзвярэй, каб неяк ушчаміцца ў перапоўнены салон грамадскага транспарту, але перадумала – засталася стаяць на месцы. Яна глядзела на рэальнае наваколле, як быццам на экран тэлевізара. Мільгалі кадры – лю-
дзі, твары, аўтамабілі, чулася невыразная гаворка, моцныя мацюкі, нечыя папрокі…
«Божухна, няўжо Адам кажа праўду? Гэта ж не людзі, гэта ж статак жывёл…»
Адам апрытомнеў, і першае, каго ён убачыў, – быў твар анёла і яго блакітна-задуменныя вочы.
– Здаецца, я памёр і мяне нясуць анёлы…Так? – запытаўся ён здзіўлена.
– Маўчыце, вам нельга размаўляць, – пачуўся далікатны голас анёла ў адказ.
І раптам Адаму стала добра і ўтульна на сваім бальнічным ложку ад усведамлення таго, што ён яшчэ не нябожчык і што гэта не анёл, як яму падалося напачатку, а дзяўчына-сястрычка ў бялюткім, як першы снег, халаце. І ў гэты першы момант іх знаёмства яна, такая амаль нерэальная, з пасмачкай светла-русых непаслухмяных кудзеркаў, якія выбіваліся з-пад медыцынскай шапачкі, і лагоднай усмешкай на далікатным твары, падалася яму эталонам чысціні і дзявоцкасці…
г.п. Круглае 1996 г.