У 2018 годзе музею прысвоена званне НАРОДНЫ,
у 2023 годзе званне падцверджана
Міхась Васілёк (Міхаіл Восіпавіч Касцевіч) нарадзіўся 14 лістапада 1905 года ў вёсцы Баброўня Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці ў сям'і лесніка
Гады дзяцінства прайшлі ў роднай вёсцы. З набліжэннем фронту імперыялістычнай вайны сям'я вымушана была эвакуіравацца ў былую Казанскую, а затым у Саратаўскую губерніі
У 1922 годзе сям'я пераехала на Гродзеншчыну. Вучыцца сыну бедняка ў панскай Польшчы не было магчымасці, ён павінен быў працаваць на гаспадарцы. На самім сабе Васілёк адчуў панскі прыгнёт і пагарду да працоўнага селяніна. За рэвалюцыйную дзейнасць польскія ўлады шмат разоў арыштоўвалі Васілька.
М.Васілёк не быў на роднай зямлі і не перажываў разам з землякамі радасных дзён вызвалення Заходняй Беларусі ў верасні 1939 года. У той год, мабілізаваны ў польскую армію, трапіў у нямецкі палон, адкуль уцёк толькі ў жніўні 1941 года, калі Беларусь была акупіравана фашысцкай Германіяй
Васілёк пачаў друкавацца ў 1926 годзе ў часопісе "Маланка". Першы зборнік лірыкі "Шум баравы" (1929 г., Вільня) канфіскавала паліцыя. Рукапіс другога зборніка быў забаронены (1934 г.) і знішчаны.
У 1937 годзе ў Вільні выйшаў зборнік "З сялянскіх ніў".
У савецкі час выдадзены кнігі паэзіі "Выбраныя вершы" (1950), "Выбраныя творы" (1955), "Зоры над Нёманам (1963), "Вершы" (1973)
Яго імем названы вуліцы ў гарадах Гродна і Скідзель.
У 1964 годзе ва ўрачыстай абстаноўцы на доме па вуліцы Карбышава ў Гродна, дзе жыў у апошнія гады паэт, устаноўлена мемарыяльная дошка
У 2012‑м у Баброўні дзякуючы намаганням энтузіястаў адкрыты Памятны камень. Надпіс там на мемарыяльнай дошцы: “У вёсцы Баброўня нарадзіліся слаўныя сыны беларускай зямлі, дзеячы беларускага нацыянальна-вызваленчага руху: паэты Міхась Васілёк (Міхаіл Восіпавіч Касцевіч) 14.11.1905–03.09.1960 і Макар Краўцоў (Макар Мацвеевіч Касцевіч) 18.08.1891–1939”
Да 80-годдзя паэта скульптуру Міхася Васілька зрабіў Гродзенскі майстар Алесь Ліпень
Да 100-годдзя паэта Міхася Васілька
Калі ў сэрцы зіма
І прасвету няма,
І пакуль маім грудзям балесне,
Браце мой, не пытай -
Я ад плуга, ратай,
Не дзівіся, што сумныя песні.
Не паэт я - о не,
Нарадзіла мяне,
Маю песню - пакута, нядоля.
Я ўсяго - васілёк,
Лёс, відаць, назнарок
Мяне кінуў на сумнае поле.
Мяне сонца пячэ,
Дождж асенні сячэ
І пяскамі вятры засыпаюць,
Але верыцца мне,
Што няволя міне,
Прыйдзе шчасця пара залатая.
1925 г.