Алесь Махнач
1922-2001
Значны след у летапісе беларускага пісьменства пакінуў таленавіты пісьменнік, драматург Алесь (Аляксандр Іванавіч) Махнач. Ён належаў да таго пакалення пісьменнікаў, творчы і жыццёвы шлях якіх склаўся пад уздзеяннем нялёгкіх, але гераічных падзей Вялікай Айчыннай вайны.
Аляксандр Іванавіч Махнач нарадзіўся 27 жніўня 1922 г. у в. Забалацце Уздзенскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў восем класаў Уздзенскай сярэдняй школы і паступіў у Мінскае ваеннае пяхотнае вучылішча (1939). У 1940–1941 гг. – курсант Калінкавіцкага пяхотнага вучылішча, якое скончыў у званні лейтэнанта і быў накіраваны на службу ў гарнізон Брэсцкай крэпасці.
15 чэрвеня 1941 г. лейтэнант Аляксандр Махнач прыбыў па месцы назначэння – у 455-ы стралковы полк 42-й стралковай дывізіі, які размяшчаўся ў Цытадэлі Брэсцкай крэпасці. Тут у якасці камандзіра ўзвода сустрэў Вялікую Айчынную вайну. Камандаваў групай чырвонаармейцаў і малодшых камандзіраў па абароне Цэнтральнага вострава крэпасці. 27 чэрвеня яго, цяжка параненага, захапілі ў палон. Да 9 красавіка 1945 г. Аляксандр Махнач знаходзіўся ў лагеры ваеннапалонных і канцлагерах на тэрыторыі Польшчы, Германіі (Бяла-Падляска, Чанстахова, канцлагер «Везуве»).
Пасля вызвалення з канцэнтрацыйнага лагера ў 1945 г. знаходзіўся на лячэнні ў ваенных шпіталях. У 1947 г. дэмабілізаваны, інвалід вайны. Вярнуўся ў родную вёску. Працаваў загадчыкам Прысынкаўскай сельскай бібліятэкі Уздзенскага раёна, бібліятэкарам рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». Скончыў завочна Мінскі бібліятэчны тэхнікум (1954) і Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве (1960). У 1956–1968 гг. – літаратурны супрацоўнік аддзела культуры газеты «Літаратура і мастацтва». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1957 г.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені (за абарону Брэсцкай крэпасці), ордэнам Айчыннай вайны I ступені (1985), юбілейнымі медалямі.
Ён адзін з першых абаронцаў прыехаў у Брэсцкую крэпасць у 1954 г. разам з пісьменнікам Сяргеем Сяргеевічам Смірновым і на месцы бязлітасных баёў расказаў пра падзеі, што тут адбываліся ў чэрвені 1941 года, пра подзвігі таварышаў, горыч страт і веру ў Перамогу. З’яўляецца адным са складальнікаў і членаў рэдакцыі зборніка ўспамінаў абаронцаў Брэсцкай крэпасці «Героическая оборона» (1961).
Алесь Махнач у сваёй творчасці шмат увагі надаваў асэнсаванню героікі Вялікай Айчыннай вайны. Пісаў пераважна для дзяцей. Веданне жыцця дапамагло стварыць вобразы юных герояў. Алесю Махначу належаць дакументальныя аповесці: «Дзеці крэпасці» (1988), «Камандзір Усходняга форта» (1991). Складальнік зборніка нарысаў «Люди границы» (1989). Некаторыя творы аўтара перакладаліся, ставіліся ў тэатрах, на беларускім радыё і тэлебачанні.
У 1980 г. пісьменніку было прысвоена званне «Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР». У 2001 г. у эфір выйшаў дакументальны тэлефільм «...Я – лейтэнант Махнач» (рэжысёр В. Жыгалка), прысвечаны гераічнай абароне Брэсцкай крэпасці.
У мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» ушанавана памяць пра героя і пісьменніка: прадстаўлены матэрыялы пра яго жыццёвы, баявы і творчы шлях.
А.І.Махнач памёр 8 жніўня 2001 г., пахаваны на малой радзіме ў в. Забалацце.
Раім прачытаць творы Алеся Махнача:
«Камандзiр Усходняга форта»: дакументальная аповесць / Алесь Махнач. – Мінск : Юнацтва, 1991.
«Люди границы»: очерки / [составитель Алесь Махнач]. – Минск: Мастацкая літаратура, 1989.
«Дзеці крэпасці»: дакументальная аповесць / Алесь Махнач. – Мінск: Юнацтва, 1988.
«Гаўрошы Брэсцкай крэпасці»: п’есы / Алесь Махнач [і інш.]. – Мінск: Юнацтва, 1984.
«Няхай красуе жыццё»: п’есы, драмы, камедыі / Алесь Махнач. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1982.
«Не кажы»: мая хата з краю...: п’есы / Алесь Махнач. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1980.
«П’есы»/ Алесь Махнач. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1974.
«Маленькія салдаты»: гераічная драма / Алесь Махнач. – Мінск : Беларусь, 1971.
«Аднаактовыя пъесы»: для гурткоў мастацкай самадзейнасцi / Алесь Махнач. – Минск: Дзяржвыд БССР, 1961.
«Перад бурай»: п’еса у адной дзеi / Алесь Махнач. – Мінск : Дзяржвыд БССР, 1958.
«Не померкнет слава боевая» / А. И. Махнач // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1.
«Камандзір Усходняга форта»
У цэнтры ўвагі – вобраз камандзіра, Героя Савецкага Саюза Пятра Міхайлавіча Гаўрылава, які падчас абароны Брэсцкай крэпасці ў чэрвені 1941 года быў кіраўніком абароны Усходняга форта – аднаго з мацнейшых ачагоў супраціўлення ў крэпасці. У творы адлюстраваны гераічныя і трагічныя падзеі пачатку Вялікай Айчыннай вайны, раскрыты характары абаронцаў, у тым ліку і лейтэнанта Махнача.
«Дзеці крэпасці»
Кніга расказвае пра мужных абаронцаў цытадэлі над Бугам у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. У цэнтры ўвагі пісьменніка – удзельніка і сведкі тых гераічных падзей – дзеці Брэсцкай крэпасці: юныя Пеця Васільеў, Коля Новікаў, Валодзя Казьмін, Валя Зенкіна, Нюра Кіжаватава і інш., якія стаялі насмерць побач з байцамі і камандзірамі ў цяжкія дні абароны.