Мастацкі летапіс абароны Брэсцкай крэпасці пачаў стварацца адразу па гарачых слядах падзей. Ужо ў канцы ліпеня 1941 г. Канстанцін Сіманаў напісаў верш “Маёр прывёз хлапчука на лафеце...”, дзе згадваецца г. Брэст і Брэсцкая крэпасць – “он вёз его из крепости, из Бреста”.
Аўтар верша пазней успамінаў: “У напісаным у канцы ліпеня 41-га года вершы ёсць згадка пра хлопчыка, якога вязуць на лафеце пушкі артылерысты, якія адступалі з-пад Брэста. Як мне помніцца, гэта не з паветра ўзята; дзесьці ў Беларусі я бачыў у тыя дні менавіта такую карціну. Трэба думаць, людзі мне адказалі на маё пытанне, што ідуць з-пад Брэста, можа быць не з самога Брэста, а адкульсьці адтуль. Інакш як бы з’явіцца менавіта слову “Брэст”, яно не дзеля рыфмы ўзялося”. У гэтым вершы абарона крэпасці паўстае найперш у трагічным арэоле. Дзіця, перажыўшы пачатак вайны ў цытадэлі над Бугам, ссівела і асірацела, страціўшы маці. Бацька знайшоў сыну адзінае бяспечнае месца – лафет пушкі. Невыпадкова вобраз ссівелага дзіцяці выклікае ў лірычнага героя прагу помсты фашыстам.
У адным з нумароў газеты “Красное знамя” быў апублікаваны ўрывак з рамана Кузьмы Чорнага “Вялікі дзень”. Над ім пісьменнік пачаў працаваць у 1941 г. Адзін з герояў рамана Уладзімір Вялічка – случак. Вайна яго заспела пад Брэстам на вайсковых зборах. Вайна ўцягвае героя ў свой крывавы вір.
Пісьменнік дакладна, з веданнем справы перадае адметнасць баёў у Брэсцкай крэпасці, толькі Кузьма Чорны перанёс іх у горад: адсутнасць агульнага камандавання, асобныя раёны змагання ў горадзе, барацьба за кожны дом, артылерыйскі і авіяцыйныя абстрэлы, прапанова абаронцам здавацца, бо яны акружаны, голад і смага, адсутнасць боепрыпасаў. Пасля дзевяці дзён змагання ў Брэсце галоўным героям удаецца ноччу вырвацца з захопленага фашыстамі горада. Усё гэта сведчыць пра тое, што Кузьма Чорны чуў з першых вуснаў, што адбывалася ў Брэсцкай крэпасці ў чэрвені 1941 г. у пачатку вайны.
У першыя пасляваенныя гады з’яўляюцца новыя творы пра змаганне ў Брэсцкай крэпасці: Вершы Льва Ашаніна “Легенда пра абаронцаў Брэста” (1945), Максіма Танка “У Брэсце” (1946), Міколы Засіма “Брэст”, “Памяці Наганава і Гарохава” (1950), п’еса Канстанціна Губарэвіча “Брэсцкая крэпасць”. Пісьменнікі ў гэтых творах ішлі ад тых рэальных фактаў, якія пакінула вайна ў самой крэпасці (яе агульны выгляд, надпісы на сценах), ад скупых дакументальных звестак, якія знаходзілі пры разборцы руінаў цытадэлі, успамінаў берасцейцаў і жыхароў навакольных вёсак, іх асэнсавання таго, што адбывалася ў Брэсце ў гады вайны.
У духу свайго часу напісана і п’еса Канстанціна Губарэвіча “Брэсцкая крэпасць” (першапачатковая назва “Цытадэль славы”). Хоць у канцы твора героі гінуць, аднак чытачамі і гледачамі таго часу гэта ўспрымалася як аптымістычная трагедыя. “Брэсцкая крэпасць” Губарэвіча набыла сваю шырокую вядомасць, дзякуючы Брэсцкаму драмтэатру. Доўгі час яна не проста не сыходзіла з афішаў тэатра, а была своеасаблівай яго візітоўкай.
Большасць вершаў, якія прысвечаны Брэсту, услаўляюць подзвіг абаронцаў крэпасці, іх стойкасць і мужнасць, вернасць салдацкай клятве аддаць жыццё за чэсць, гонар, незалежнасць радзімы (П. Броўка “Крэпасць над Бугам”, А. Бачыла “Песня пра герояў Брэсцкай крэпасці”, Е. Лось “Гавораць бессмяротныя”, П. Прануза “Аўтографы мужнасці”, Р. Раждзественскі “Калі б каменні маглі гаварыць...”, Ашот Грашы “Дрэва над Бугам” і інш.). Асобныя мастакі слова паэтызуюць подзвіг канкрэтных абаронцаў Брэсцкай крэпасці, у тым ліку і С.С. Смірнова, які вяртаў іх подзвіг для людзей (П. Панчанка “Капітан Шаблоўскі”, С. Гаўрусёў “Сцяг Брэсцкай крэпасці”, М. Дарызо “Вершы пра двух салдатаў”, А. Пухаеў “Песня пра Брэсцкую крэпасць” і інш.).
Многія паэты разважаюць пра маральныя ўрокі для наступнікаў, якія далі ім абаронцы крэпасці (Г. Бураўкін “Брэсту”, М. Рудкоўскі “Каменні цытадэлі”, М. Зідараў “Летам зноў вярнуся...”, І. Калеснік “Брэсту” і інш.).
Тэма гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці займае значнае месца ў творчасці паэтаў нашага краю. Распачаў яе яшчэ Мікола Засім. Эстафету падхапілі паэты наступных пакаленняў: Міхась Рудкоўскі, Алесь Разанаў, Васіль Жуковіч, Мікола Пракаповіч і інш. Верш Міхася Рудкоўскага “Каменні цытадэлі” належыць да ліку творчых удач паэта. Баладзе належыць адно з пачэсных месцаў у ліку вершаў пра абарону Брэсцкай крэпасці.
Матыў гісторыя і сучаснасць праз памяць пра Брэсцкую крэпасць і яе мемарыял з’яўляецца вызначальным у паэме Алеся Разанава “Назаўжды”. Сваю даніну пашаны героям Брэста аддае Іван Арабейка ў паэме “Сцяна”. Сапраўдным творчым набыткам у мастацкім летапісе абароны Брэсцкай крэпасці з’яўляецца раман Б. Васільева “У спісах не значыўся”, апублікаваны ў 1974 г.
У творах другой паловы пяцідзесятых гадоў і наступных дзесяцігоддзяў агульнае паняцце гераічнай абароны крэпасці пачало раскрывацца праз непаўторныя лёсы рэальных людзей. Гэтыя лёсы сталі вядомыя, дзякуючы пошукам рускага пісьменніка-франтавіка С.С. Смірнова.
Тэмай Брэсцкай крэпасці ён пачаў займацца ў 1953 г. Пісьменнік стаў найперш аднаўляць саму гісторыю абароны крэпасці, вяртаць з нябыту імёны яе абаронцаў, многім і добрае імя воіна-салдата, які не па сваёй віне апынуўся ў нямецкім палоне. Паралельна з пошукамі ён папулярызаваў гэты гераічны эпізод – абарона Брэсцкай крэпасці – у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. С.С. Смірноў выступаў па радыё і тэлебачанні, публікаваў свае знаходкі ў саюзным друку, звяртаўся за дапамогай да ўсіх, хто гатовы дапамагчы ў пошуках. Пачалі з’яўляцца і кнігі пісьменніка, прысвечаныя Брэсту: “У пошуках герояў Брэсцкай крэпасці”, “Апавяданні пра невядомых герояў”, “Брэсцкая крэпасць” і інш.
За другое выданне “Брэсцкай крэпасці” С.С. Смірноў у 1964 г. атрымаў Ленінскую прэмію, самую пачэсную на той час. Сказаўшы тое, што хацеў пра абарону Брэсцкай крэпасці, свой архіў перадаў музею крэпасці. Берасцейцы высока ацанілі зробленае пісьменнікам. Пасля смерці мастака слова ўшанавалі яго памяць у назве адной з вуліц горада. У значнай меры знойдзенае С.С.Смірновым у гісторыі абароны Брэсцкай крэпасці дало падставу для прысуджэння ёй у 1965 г. ганаровага звання “Крэпасць-герой” з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”. Пачалося ўзвядзенне мемарыяльнага комплекса “Брэсцкая крэпасць-герой”.
Брэст стаў месцам паломніцтва. Сюды ішлі і ехалі людзі з усіх куткоў былога СССР, наведвалі і замежныя госці. Многа пабывала ў крэпасці і пісьменнікаў, якія свае ўражанні выказвалі вершамі. Паэтычны вянок гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці стваралі беларускія, рускія, украінскія, армянскія, літоўскія паэты і прадстаўнікі іншых народаў СССР. Свае вершы прысвяцілі Брэсту балгарскія мастакі слова Мікола Зідараў і Стэфан Паптонеў, грэк Алексіс Парніс, чэх Уладзіслаў Махуркі і інш. Той вянок складаецца з лірычных і публіцыстычных вершаў, з баладаў і паэмаў. Яго плялі паэты, якія самі прайшлі франтавымі дарогамі: Леў Ашанін, Аляксей Пысін, Пімен Панчанка і многія іншыя.
Выкарытаная літаратура:
«Літаратурная карта Берасцейшчыны», пад рэдакцыяй А. Крэйдзіча, ААТ “Брэсцкая друкарня”, 2008