Кастусь Губарэвіч
1907-1987
Нарадзіўся 5 студзеня 1907 года ў в. Радучы Чавускага павету Магілёўскай губерніі (цяпер Чавускі раён Магілёўскай вобласці) у небагатай сялянскай сям’і.
У 1927 г. скончыў Магілёўскі педагагічны тэхнікум, настаўнічаў на Гомельшчыне. Выпускнік сцэнарнага аддзялення Дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі ў Маскве (1932). Працаваў у газеце «Палеская праўда», рэдактарам на кінастудыі «Белдзяржкіно» ў Ленінградзе, на Беларускім радыё ў Мінску.
У гады Вялікай Айчыннай вайны – рэдактар на радыёстанцыі «Савецкая Беларусь». У пасляваенныя гады працаваў на Беларускім радыё, у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», быў членам рэпертуарнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». У 1966–1974 гг. – галоўны рэдактар рэпертуарнай калегіі Міністэрства культуры БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1947 г.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, двума ордэнамі «Знак Пашаны» і медалямі. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1966).
Выступаць у друку пачаў у 1926 г. з вершамі і апавяданнямі. Першая кніга – зборнік апавяданняў «Гайда туды і Жывыя шрубы» (1930). Працаваў пераважна ў галіне драматургіі, тэатра і кіно. Аўтар гісторыка-рэвалюцыйных і ваенна-патрыятычных п’ес: «Цытадэль славы» (1949), пад назвай «Брэсцкая крэпасць» – у 1953; «Брэсцкі мір» (1969), «Партызанская зона» (1976) і іншых, у якіх выяўляецца вастрыня і драматызм канфліктаў, дынамічнасць сюжэтаў, дакументальнасць грамадска значных фактаў.
У кінадраматургіі дэбютаваў сцэнарыем «Баям насустрач» («Пераможцы», 1932). Па яго сцэнарыях зняты мастацкія фільмы: «Дзяўчынка шукае бацьку» (1958), «Анюціна дарога» (1968), «Паланез Агінскага» (1971), «Неадкрытыя астравы» (1973), «Дрэвы на асфальце» (1984), некалькі дакументальных фільмаў, а таксама тэлефільмы «Галоўная стаўка», «Далёкая песня».
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1972), прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1968).
Імя аўтара п’есы «Брэсцкая крэпасць» добра вядома ў Брэсце. У 2009 годзе яго імя прысвоена СШ № 12 г. Брэста. 1 верасня 2011 года на будынку школы імя К.Л.Губарэвіча ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар драматурга. У Музеі абароны Брэсцкай крэпасці прадстаўлены матэрыялы пра дзейнасць драматурга і яго п’есу “Брэсцкая крэпасць”.
П’еса “Цытадэль славы”/ “Брэсцкая крэпасць”/ “Людзі і каменне”
У беларускай літаратуры да тэмы Брэсцкай крэпасці звярталіся розныя аўтары. Першым, хто стварыў гераічную трагедыю брэсцкай эпапеі, быў драматург Кастусь Губарэвіч. Гэта надарылася па свежых слядах горкіх ваенных падзей. Сам аўтар пра гэта так расказваў: «Мала хто ведаў тады пра ўсё, што адбывалася ў крэпасці ў першыя дні вайны. Перада мной па сутнасці былі толькі руіны крэпасці, а ў сэрцы – няўтольнае жаданне напісаць аб іх. Пісаць даводзілася, абапіраючыся больш на інтуіцыю, чым на факты. Некаторыя падзеі ўгадаў, а пасля выявілася, што яны мелі рэальную падставу. Абарона была паказана ў п'есе такой, якой яна магла быць, як мне хацелася бачыць яе, але не зусім так, як было. У сапраўднасці ж яна была больш трагічная і цяжкая».
Пры амаль адсутнасці звестак пра абаронцаў крэпасці ў першыя пасляваенныя гады драматургу даводзілася мадэляваць ідэялізаваны вобраз падзей, якія намалявала яму творчае ўяўленне. Героі твора – кадравыя вайскоўцы, камандзіры, байцы, жанчыны пагранічнага гарнізона – паўстаюць у той узвышанай мары аб подзвігу і ахвярнасці, што была характэрна для ўзнёсла-рамантычный сацыяльнай псіхалогіі пакалення 40-х–50-х гадоў XX стагоддзя.
З-пад пяра драматурга п’еса «Цытадэль славы» (1949) была пастаўлена рэжысёрам К.М.Саннікавым у Беларускім драматычным тэатры імя Янкі Купалы. Прэм’ера адбылася 4 кастрычніка 1950 года.
Першы варыянт п’есы, быў, па сутнасці, толькі своеасаблівым пошукам вырашэння тэмы. Спектакль жаданага поспеху не прынёс. I для Брэсцкага абласнога тэатра К. Губарэвіч напісаў амаль новы варыянт п ’есы пад назвай «Брэсцкая крэпасць» (1953).
Прэм’ера адбылася 19 сакавіка 1953 года. Гераічная драма ў 4 актах 9 карцінах пастаўлена рамантычна ўзнёсла, з напружаным унутраным дзеяннем, яркімі характарамі. Спектакль стаў падзеяй у тэатральным жыцці рэспублікі і творчасці калектыву тэатра.
На працягу пятнаццаці гадоў тэатр ездзіў з гэтым спектаклем па розных гарадах Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы. Паглядзелі спектакль больш за 350 тысяч гледачоў. 17 верасня 1960 года ён быў паказаны на сцэне Крамлёўскага тэатра ў Маскве. Тэлевізійны запіс спектакля дэманстраваўся на Маскоўскім і Кіеўскім тэлебачанні. Адбылося больш за тысячу паказаў, не ўлічваючы шматлікіх паўтораў ў радыёзапісе.
П’еса с поспехам ішла за межамі Беларусі. Пад назвай «Цытадэль славы» яе паставілі ў Чувашскім рэспубліканскім тэатры юнага гледача (1953), Сыктыўкарскім аб’яднаным драматычным тэатры (1953), Валынскім украінскім абласным драматычным тэатры імя Т. Шаўчэнкі (Луцк, 1954), Петрапаўлаўскім абласным тэатры драмы імя М. Пагодзіна (1970).
На рэдкасць аднадушнай была ацэнка прэсы. «Известия», «Красная Звезда», «Литературная газета», «Советская культура», газеты Украіны, Беларусі, Прыбалтыкі адзначалі незвычайны поспех спектакля». З вялікім поспехам прайшоў спектакль на Дэкадзе беларускай літаратуры і мастацтва ў Маскве ў пастаноўцы Дзяржаўнага рускага тэатра імя М. Горкага (рэжысёр В. Фёдараў).
Аўтар п’есы быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
У 1968 г., праз 20 гадоў пасля напісання першага варыянта п’есы, К. Губарэвіч, абапіраючыся на новыя дакументальныя матэрыялы пра гераізм абаронцаў Брэсцкай крэпасці, апублікаваныя пісьменнікам С.С.Смірновым, зноў звярнуўся да твора. «Каторы год, – пісаў драматург, – мне карцела сесці і перапісаць п ’есу. I вось напісаў, бадай, новую. Нават з новай назвай. 3 максімальным набліжэннем да сапраўдных падзей і людзей». Нягледзячы на тое, што аўтар у новы варыянт без змен уключыў некаторыя сцэны, герояў, драму «Людзі і каменне» (1968) нельга разглядаць як чарговы варыянт п ’есы «Брэсцкая крэпасць», гэта, па сутнасці, новы твор. Ён адрозніваецца ад папярэдняга сваім стылем, трактоўкай падзей, вобразаў (многія персанажы выступаюць пад іншымі прозвішчамі). Драматург сваю ўвагу скіроўвае не толькі на батальныя сцэны, яго цікавіць і тое, што адбываецца ў падзямеллі, дзе пакутавалі параненыя байцы, дзеці, жанчыны. П ’еса набыла больш драматычнае гучанне. Затым былі рэдакцыі 1972 і 1981 гг.
Прапануем праслухаць радыёкампазіцыю спектакля “Цытадэль славы” Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Янкі Купалы па аднайменнай п’есе, перайшоўшы па ссылцы:
1-я частка:
http://www.staroeradio.ru/audio/31695
2-я частка:
http://www.staroeradio.ru/audio/31725
Выкарыстаная літаратура:
Электронный архив библиотеки МГУ имени А.А. Кулешова
https://libr.msu.by/bitstream/123456789/6400/1/6140m.pdf