На жаль, пераважная большасць бердаўскіх помнікаў даўніны згубленыя. Мізэрную колькасць з іх мы можам убачыць на старых аматарскіх фотаздымках. Пра некаторыя даведваемся з успамінаў старажыхароў, з мясцовых тапонімаў і паданняў. Тыя, што захаваліся, часцей знаходзяцца не ў вельмі прывабным стане. Але па-ранейшаму здаюцца таямнічымі і прыцягальнымі, бо дыхаюць гісторыяй роднай зямлі. Сёння самы папулярны архітэктурны помнік у гасцей і турыстаў, натуральна, бердаўскі палац. Радуе, што хаця б з сучаснай рэканструкцыяй, але ён захаваўся і можа годна прывітаць наведвальнікаў.
У любым выпадку, вызначаныя намі аб'екты турыстычнага маршруту - сведкі падзей, якія адбываліся тут на працягу стагоддзяў, і памятаюць асоб, якія тварылі беларускую гісторыю.
Ніжэй мы палічылі важным прапанаваць вельмі коратка - практычна пункцірнымі рысачкамі - яшчэ крыху гістарычных звестак, звязаных з бердаўскай сядзібай
У 1643 г. у дакументах на валоданне Бердаўкай адзначаецца, што тут маецца бровар з лазняй, шоп піўны і гарэлачны; пусты стаў з млынам; 5 сажалак; капліца, якая з канца ХVІ ст належала Жыжмянскай царкве
25 красавіка 1698 г. — згадваецца Бердаўская царква
У 1784 г. набажэнствы ў Бердаўцы служылі каталіцкія ксяндзы (мяркуецца, што з гэтага часу тут і з'явіліся рыма-каталіцкія вернікі)
1913 г. — Дамбавецкі распрадае землі маёнтка і іншую ўласнасць.
1915-пач.1919 гг. — у маёнтку Бердаўка стаіць нямецкі гарнізон
1922 г. — пераходзіць у скарб Польскай дзяржавы
1925-1927 гг. — судовыя справы па вяртанні земляў маёнтка сям'і Захватовічаў
Канец 1927 г. — лясы маёнтка Бердаўка перададзены Станіславу Захватовічу, сыну высланага Вінцэнта Захватовіча, а ралля засталася маёмасцю скарбу.
Фотаздымак 1933 г. Ад левай стаяць — ляснік, Ян Захватовіч, перад ім Вітольд, сын Мечыслава, далей за Янам — Мечыслаў Захватовіч і Станіслаў Захватовіч (спадкаемец Вітольда Захватовіча)
Фотаздымак 1933 г. Бердаўскія лясы і іх уладальнікі — (ад левай) Ян, Вітольд, Браніслава і Мечыслаў Захватовічы
20-я гг. — у маёнтку пабудаваны драўляны касцёл ў стылі мадэрн (быў размешчаны ў так называемым Кір'янаўскім двары; фотаздымак 1920-х гг)
Арганізуецца дзейнасць польскай школы.
Пачатак 1926 г. — пачынае працаваць сельскагаспадарчая школа (школа ральніча) у Бердаўцы. Тут вырошчвалі лазу і выраблялі з яе посуд і іншыя прадметы побыту.
1926 г. — з'явіўся кааператыў па перапрацоўцы малака.
Красавік 1928 г. — пачалася меліярацыя на землях Бердаўкі і навакольных вёсак.
Красавік 1929 г. — пачынае працаваць тэлефонная сувязь у паштовым аддзяленні Бердаўкі.
11 верасня 1932 г . — першыя ўрачыстыя Дажынкі
1934 г. — арганізуецца дзейнасць конезавода (працуе да канца 1940-х). Завозяцца племянныя жарабцы англійскіх і шведскіх крывей. Тут пабудаваны тры стайні і дамы для работнікаў
Фотаздымак 1950-х гг. Наезнік Вайцяховіч на адным з бердаўскіх жарабцоў быў першым на спаборніцтвах у Пскове
Для дырэктара конезавода будуецца асобны дом з мансардай. Будынак захаваўся. Зараз гэта памяшканне мясцовай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі
Да гэтага тут перш працавала бухгалтэрыя райплемстанцыі, пазней (з 1963 да 1985) — дзіцячы садок
Фотаздымак сярэдзіны 1980-х гг. Выхаванцы з выхавацелямі на ганку Бердаўскага дзіцячага садка (уваход з унутранага двара)
У савецкі пасляваенны час будынкі сядзібы і землі пераходзяць мясцовым калектыўным гаспадаркам:
1951-1957 — сельскагаспадарчая арцель (калгас) імя Молатава,
1957-1969 — сельскагаспадарчая арцель (калгас) «Барэц»,
1969-1975 — калгас «Барэц».
З 1975-2020 — цэнтральная сядзіба калгаса «Бердаўка» (форма ўласнасці змянялася ў адпаведнасці з павевамі часу). У бягучы момант землі былой сядзібы апрацоўваюцца КСУП «Ёдкі-Агра»