Збудаванні ў неагатычным стылі для многіх служаць натхненнем. Архітэктура ў стылі неаготыкі прыцягвае сваёй веліччу, гісторыяй, энергетыкай
На тэрыторыі Беларусі неагатычныя касцёлы, сядзібы і палацы з'явіліся на стыку ХІХ і ХХ стст. Іх асабліва заўзятае будаўніцтва пачалося адразу пасля 1905 года, калі імператарам Мікалаем II быў падпісаны Найвышэйшы Маніфест аб удасканаленні дзяржаўнага парадку. Дарэчы, гэты дакумент адмяняў забарону на пабудову каталіцкіх цэркваў
Будаўніцтва палаца ў неагатычным стылі ў Бердаўцы пачалося па ініцыятыве новага гаспадара сядзібы Аляксандра Станіслававіча Дамбавецкага ў канцы 1860-х гг. Выкарыстоўвалася цэгла ўласнай вытворчасці (з літарным кляймом «Б»). Для яе вырабу быў спецыяльна пабудаваны завод (цагельня) непадалёку ад Бердаўкі. Гэта месца (ваколіца суседняй вёскі Харужаўцы) дагэтуль у мясцовых старажылаў мае назву «цагельня», хаця самога завода даўно няма.
Двухпавярховы прастакутны будынак плошчай 381,4 м.кв. быў накрыты двухскатнай страхой, гладкай, ацынкaванай бляхай
Будынак палаца аформлены рызалітам, які выступае за асноўную лінію фасада па ўсёй яго вышыні і складае з ім адно цэлае. Вертыкальная дамінанта – квадратная ў сячэнні вежа (вышынёй 14 метраў, з адкрытымі шасцю праёмамі) завершана каменнай каланадаю і чатырохкутнымі пінаклямі. Па ўсім перыметры будынка праходзяць тры гарызантальныя карнізы: адзін – пад вокнамі першага паверха, другі (раздзяляльны) – паміж першым і другім паверхамі, трэці (завяршальны) падтрымлівае дах будынка і засцерагае страху ад вады. Фасад палаца з 16 вузкімі высокімі вокнамі раздзелены вертыкальнымі выступамі па паверхні сцяны – пілястрамі, шырыня якіх раўняецца 0,5 м і якія служаць для члянення фасада будынка з мэтай надання яму большай выразнасці. З правага і з левага бакоў на даху перпендыкулярна пілястрам устаноўлены па два пінаклі, а з тыльнага – па вуглах – па адным пінаклі. У дэкоры выкарыстаны паўцыркулярныя завяршэнні крайніх аконных праёмаў, філёнгі, профілі і інш.
Існуе версія, што ў ХІХ ст палац будаваўся на фундаменце больш ранняга перыяду. Гэта пацвярджаецца наяўнасцю ў каменнай кладцы падмурка цэглы-пальчаткі
Так званая «цэгла-пальчатка» (цэгла с праціснутымі пальцамі палосамі) выкарыстоўвалася на тэрыторыі Беларусі ў ХІІІ-ХVІІІ стст.
Палац меў тры ўваходы. Цэнтральны ўваход быў зроблены ў выглядзе арачнага порціка з балконам, агароджаным літай чыгуннай балюстрадай. Для стварэння рытмічнасці ў паўночна-заходняй сцяне палаца маецца 7 блендаў (ніш), якія імітуюць аконныя праёмы і маюць абрамленне ў выглядзе ліштваў.
Таўшчыня сценаў першага паверха ад 1 м з усходняга боку да 1,2 м з заходняга і другога – ад 0,6 да 0,7 м.
Пад будынкам маюцца сутарэнні (скляпенні) агульнай плошачай 74 кв.м., якія падзеленыя магутнымі цаглянымі сценамі на тры памяшканні са зводчатымі столямі. Глыбіня склепавых памяшканняў складае 3,2 м.
Сёння спусціцца ў сутарэнні можна праз адмысловы ўваход, які зроблены з тыльнага боку палаца і аформлены металічнай каванкай са стылізаванай манаграмай былога ўладальніка «АД».
Менавіта ў склепавым памяшканні нават ўдзень можна пазнаёміцца з ...плазмоідамі!
ЧЫТАЙ паданне пра будаўніцтва палаца ТУТ
Раней спусціцца ў скляпенні магчыма было толькі знутры па лесвічным спуску і тамбуры, даўжыня якога 6 м, а шырыня – 1,8 м. У кожным са склепавых памяшканняў у сценах маюцца нішы і адтуліны для вентыляцыі. Таўшчыня сценаў скляпення дасягае 1,5 м.
Унутраныя сцены палаца распісваліся маслянымі фарбамі. Падлога была з дубовага паркету, які націраўся масцікай. Абаграваўся палац галандскімі печамі, зробленымі з белай паліванай кафлі з малюнкамі і ўпрыгожаннямі. Дымаходы праходзілі ўнутры сценаў
Унутраная лесвіца на другі паверх
(сучасны выгляд)
Фае другога паверха
Тут размяшчаецца сёння экспазіцыя прадметаў побыту нашых продкаў
Толькі адзін з пакояў, магчыма сталовая, амаль захаваў свой першапачатковы выгляд: крыжападобная зводчатая столь, арачныя невялікія дзвярныя праёмы, нішы ў магутных (да 1,2 м) унутраных сценах
У нашы дні тут можна ўбачыць партрэт былога ўладальніка сядзібы А. С. Дамбавецкага, цэглу з кляймом «Б», фотаматэрыял, прысвечаны гісторыі самога палаца і беларускім сядзібна-палацавым комплексам
У 80-х гадах ХІХ ст. да палаца быў прыбудаваны невялікі аднапавярховы будынак (плошча 77 м.кв.) з двухскатнай страхой. Ён служыў кухняй і каморай
Бердаўскі КДЦ і Музей сям'і
З 1952 года ў памяшканні палаца пачаў працаваць мясцовы клуб. Сёння гэта Бердаўскі культурна-дасугавы цэнтр.
У 2018 годзе ў двух палацавых пакоях першага паверха адкрыты Музей сям'і
ЧЫТАЙ паданне пра сядзібныя клён і ліпу ТУТ
Сучасная версія-рэканструкцыя сядзібнага парка ў Бердаўцы (паводле Федарука А. Т.)
Падчас будаўніцтва палаца быў разбіты пейзажны парк плошчай у 3 га. Ён уяўляў сабой дзве часткі: партэрную перад палацам і пейзажную на паўночна-ўсходнім і паўднёва-ўсходнім схілах узгорка. У планіроўцы адкрытыя прагулачныя алеі, з курцінамі (асобнымі або свабодна згрупаванымі дрэвамі). У парку высадзілі больш за 30 відаў дрэў і кустоў (у тым ліку дуб, лістоўніцу еўрапейскую, блакітную елку, ясень, піхту, акацыю, кедр, воцатнае і коркавае дрэвы), а таксама вялікую колькасць разнастайных кветак
Сёння сядзібны парк мае падабенства пейзажнай планіроўкі з прыродным ланшафтам. На жаль, рэдкія дэкаратыўныя насаджэнні не захаваліся. Апошняе коркавае дрэва ў парку было спілавана адносна нядаўна — у пачатку 2000-х гг.
Сучасны выгляд сядзібнага парка ў Бердаўцы
Драўляны жылы дом быў пабудаваны з ініцыятывы шляхцічаў Захватовічаў
Уяўляў сабой прастакутны будынак з мансардай. З кожнага боку меў асобны ўваход. Два з іх (па шырокіх супрацьлеглых баках) аформлены ў выглядзе порціка на высокім мураваным ганку. Страха порцікаў абапіралася на дзве пары драўляных калонаў.
У 30-я гг мінулага стагоддзя з'яўляўся вучэбным памяшканнем школы ральнічай (сельскагаспадарчай агранамічнай; з польскай — szkoła rolnicza). Непадалёку размяшчаўся гадавальнік садовых раслін. Пазней тут рос калгасны сад. І да сёння гэтае месца мясцовыя старажылы называюць «шкулкамі».
У гады Вялікай Айчыннай вайны тут кватараваліся нямецкія салдаты.
У 60-90-я гг ХХ стагоддзя ў былым шляхецкім доме жылі сем'і работнікаў калгаса «Бердаўка».
Сядзібны дом Захватовічаў разбураны ў пачатку 2000-ых гг. На яго месцы высаджаны паркавыя дрэвы
Непадалёку ад цэнтральнага ўвахода палаца, бліжэй да сажалкі, якая сёння ў Бердаўцы называецца «Старым возерам», знаходзілася піўніца — зрубны склеп для захоўвання прадуктаў харчавання. Мясцовыя старажылы кажуць, што пасля сярэдзіны ХХ ст. гэтай пабудовы на тэрыторыі панскай сядзібы ўжо не было
Піўніца - гэта род склепа (пограба) для захоўвання піва, квасу, соку, воцату, малака, агародніны, садавіны і іншых прадуктаў. Як традыцыйна было прынята ў XVI-пачатку XX стагоддяў для панскіх сядзібаў, размяшчалася пры жылым доме побач з гаспадарчай зонай. Непадалёк знаходзіўся бровар, а таксама, відавочна, сад і агарод. Высокая верагоднасць, што піўніца сумяшчалася з лядоўняй (склепам з лёдам для захоўвання мясных, рыбных прадуктаў). Такая версія тлумачыцца найперш блізасцю сажалкі, што спрыяла зручнаму назапашванню лёду
Наколькі вядома, мураваная піўніца існавала як склеп пад збудаваннем палаца. Таму наяўнасць яшчэ і надворнага падобнага збудавання сёння нам гаворыць пра вялікія памеры сядзібнай гаспадаркі і яе заможнасць
ЧЫТАЙ паданне-быль пра бердаўскую крыніцу ТУТ
Размешчана ў паўночным накірунку ад палаца ў бок ракі Вядроўкі ўнізе ўзгорка ў яры ля берага сажалкі. Уяўляе сабой студню глыбінёй 1,0-1,5 метра
Крынічны каптаж з жалезнага кольца і навакольнай абкладкі камянямі. Зверху крыніца накрыта дошкамі. Па цэнтры каптажнай сістэмы маецца праліў вады ў сажалку. У вадаёме пасяліліся бабры і ўладкавалі гаць, праз гэта стаў ператварыўся ў багністую мясцовасць. Змяніўся ўзровень грунтовых вод. Раней крыніца знаходзілася вышэй за люстэрка сажалкі, зараз часта на вясновай паводцы і на працягу года крыніца можа падтапляцца вадой з сажалкі. Сажалка звязана з ракой Вядоўкай
Двухпавярховы мураваны дом з падстрэшшам быў пабудаваны для прыслугі і работнікаў сядзібы ў канцы ХІХ ст у адзін час з палацам. Будынак прастакутны ў аснове, з двухскатнай страхой. Захаваны добра
У савецкія часы выкарыстоўваўся ў якасці калгаснага жылля. З пачатку 2000-х жылы дом перайшоў у прыватную ўласнасць. Напэўна, гэта акалічнасць не дазваляе цяпер беспрытульным
ЧЫТАЙ пра тое, калі трэба ў лазню хадзіць, ТУТ
Як вядома з існуючых крыніц, у сядзібе мелася і ўласная лазня — спецыяльнае памяшканне з печчу, дзе мыюцца і парацца. Гэта магла быць курная рубленая лазня, нізкая, невялікіх памераў.
Пабудаваная, як было прынята раней, без падмурка, з першым вянком, пакладзеным на зямлю або на камяні па вуглах. У такіх лазнях традыцыйна знізу зруб абсыпалі зямлёй. Столь у такой лазні рабілася з дошак або абчэсаных жэрдак і засыпалася зверху лісцем ці кастрыцай, а вышэй пяском ці глінай. Падлога была драўляная. Печ стаяла ля ўвахода і палілася па-чорнаму. Уздоўж сцен размяшчаліся нізкія лавы. Лазня магла мець таксама прылазнік (прадбаннік, або прымыльнік) з некалькімі лавамі. Тут не было столі або падлогі.
Калі ж меркаваць, што лазня будавалася пры Дамбавецкім, то яна магла ўжо быць і «белай». Бо на пачатку ХІХ стагоддзя ў Беларусі пачынаюць з'яўляцца такія лазні. Дым у іх выходзіў праз комін удасканаленай печы. Гісторыкі гавораць, што ў заходняй частцы Беларусі такія лазні будавалі па берагах рэк і сажалак. І наша сядзібная лазня размяшчалася таксама непадалёку ад сажалкі. Гэта акалічнасць дазваляла тым, хто папарыўся ў лазні, хуценька з берага нырнуць у сажалку і апаласнуцца ў халоднай вадзе. А сёння побач з месцам, дзе раней купаліся насельнікі сядзібы, ёсць незвычайны мосцік
ЧЫТАЙ паданне (быль) пра мосцік кахання на рацэ Вядроўцы ТУТ
Калі старую сядзібную лазню разбурылі, невядома. Аднак ніхто са старэйшых мясцовых жыхароў яе не памятае. Верагодна, гэта адбылося ў 30-50-я гг. мінулага стагоддзя
Яшчэ цікава, чаму лазня мае такую назву? Па адной з версій, першыя лазні былі паўзямлянкамі і ўваход у іх рабіўся праз нізкія дзверы. І ў такое збудаванне з нізкім праходам можна было толькі пралезці. Паводле іншай версіі, лазня мае такую назву, бо ў ёй, каб парыцца і мыцца, трэба было залазіць на высокія палкі (паліцы)
Традыцыйная халодная, без ацяплення, гаспадарчая пабудова для захоўвання збожжа, прадуктаў, адзення, хатняга начыння. Разнавіднасць амбара — сві́ран або клець
У Беларусі пашыраны да сярэдзіны XX ст., да XIX ст. будаваліся пераважна ў вялікіх шляхецкіх гаспадарках. Пераважна з дрэва (бярвення, бруса, дыляў, плашак) як аднакамерныя зрубы, ставілі на штандары або камяні. Накрытыя 2-х або 4-схільнай страхой з драніцы, гонты, саломы, часам выкарыстоўвалася камбінаванае пакрыццё драніцамі ў ніжняй частцы страхі, саломай у верхняй. У прызначаных для захоўвання збожжа рабіліся аддзяленні (засекі, пасекі, аруды) з бярвёнаў, дошак або дыляў, перад уваходам меліся сенцы або ганак — насціл з дошак на выпусках бярвёнаў ніжніх вянкоў. Так мог утварацца драўляны прыклетнік, пераклець або галерэя.
Летам будынак мог служыць жытлом. Бяднейшыя сяляне замянялі яго каморай — невялікім памяшканнем адгароджаным у сенцах. Наяўнасць амбара ў бердаўскай сядзібе гаворыць пра заможнасць яе тагачасных гаспадароў
На Беларусі ў замках і сядзібах бровар вядомы з ХVІ ст. Размяшчалі бровар каля рэк і сажалак, у асобных выпадках — у дварах. Будавалі пераважна драўляныя, пазней мураваныя. Дакладна невядома, але можна меркаваць, што бровар у сядзібе Дамбавецкага быў таксама мураваным. Часта ў комплекс бровара ўваходзілі саладоўня з сушыльняй, варыўня, дзе захоўвалі гародніну і харчовыя прыпасы, лазня, а таксама жыллё. Як бачым, бердаўскі броварны комплекс адпавядаў практычна ўсім класічным патрабаванням і меў адпаведныя складнікі. Як мінімум, вядома, дзе размяшчаліся мясцовая лазня і саладоўня
Саладоўня (мясцовая назва соладня) — памяшканне, дзе рыхтавалі зерне для вырабу соладу. Тут здзяйсняўся працэс салажэння — прарошчвання зерня. Захавана традыцыйнае размяшчэнне дадзенага збудавання ў коплексе з броварам і лазняй
На Беларусі ў замках і сядзібах бровар вядомы з ХVІ ст. Размяшчалі бровар каля рэк і сажалак, у асобных выпадках — у дварах. Будавалі пераважна драўляныя, пазней мураваныя. Дакладна невядома, але можна меркаваць, што бровар у сядзібе Дамбавецкага быў таксама мураваным. Часта ў комплекс бровара ўваходзілі саладоўня з сушыльняй, варыўня, дзе захоўвалі гародніну і харчовыя прыпасы, лазня, а таксама жыллё. Як бачым, бердаўскі броварны комплекс адпавядаў практычна ўсім класічным патрабаванням і меў адпаведныя складнікі
Драўляны аднапавярховы будынак, які мае каменны падмурак і шаляваныя звонку сцены. Прастакутны ў аснове. Мае два ўваходы з супрацьлеглых бакоў па шырыні
Разлічаны для пражывання чатырох сем'яў. У савецкія часы выкарыстоўваўся як калгаснае жыллё
Плацінны колавы млын — узор вясковага прамысловага дойлідства. Прастакутны аднапавярховы будынак выкананы з дрэва на высокім каменным падмурку. Выкарыстоўваўся найперш для памолу і прасейвання збожжа
Калі меркаваць па здымку першай паловы ХХ ст, бердаўскі млын быў з колам верхняга бою — вада накіроўвалася на верхнюю частку кола і такім чынам яно рухалася
Размяшчаўся справа ад сучаснага моста па трасе Ліда-Іўе. У месцы, дзе рака Вядроўка выбягае са штучнага става.
У канцы XIX-пачатку ХХ стст. млын, як і сама вёска, належыў уласніку маёнтка Бердаўкі А.С. Дамбавецкаму. Змяняліся ўласнікі вёскі, і адпаведна — уласнікі млына.
Пасля Другой сусветнай вайны млын, відавочна, быў нацыяналізаваны і перададзены на баланс мясцовага калгаса. Яшчэ ў пачатку 60-х гг мінулага стагоддзя працаваў.
Пазней (каля 1980) быў разабраны да каменнага падмурка. Рэшткі падмурка былі знішчаны ў 2006-2007 гг, калі адбываўся капітальны рамонт моста падчас рэканструкцыі вёскі.
БОЛЬШ пра млыны ў Бердаўцы ТУТ.
Вернемся да нашых зданяў. Здаўна лічылася, што гаспадар млына - млынар - гэта самы багаты чалавек, бо забяспечваў усіх людзей мукой, за што тыя яму шчодра плацілі. Нашы мудрыя продкі часта пра чалавека, які разбагацеў, казалі «Пасябрыўся з Белуном». У сувязі з гэтым успамінаецца і цікавая мясцовая легенда.
ЧЫТАЙ легенду пра назву вёскі Бялундзі ТУТ
Вясковая майстэрня, у якой выраблялася ручная апрацоўка металу, як правіла, коўкай. Абавязковымі складнікамі быў ачаг (горн) і кавадла.
Верагодна, кузню будавалі яшчэ да XIX стагоддзя. Магчыма, пры Дамбавецкім адбылося яе ўдасканаленне. Яшчэ ў сярэдзіне 70-х гадоў ХХ ст кузня працавала як калгасная. Потым была перамешчана ў двор механізатараў ("палявы стан" побач з фермай "Філіпкі). Сёння на гэтым месцы праваслаўнымі вернікамі ўсталяваны крыж
У кузні вырабляліся практычна ўся першасная апрацоўка металу: плавілі, залівалі яго ў форму, здзяйснялі вольнае каванне, кавальскую зварку, горнавую пайку медзі, тэрмічную апрацоўку вырабаў, загартоўку, штампоўку, валачэнне, выгін, скрут, чаканку і гэтак далей. Таму каваль заўжды быў у працы: ладзіў коням падковы, вырабляў і папраўляў часткі для гужавога транспарту, для вупражы і збруі, прылады працы і побыту, каваў дэкаратыўныя рэчы — агароджы, надворнае аздабленне, магільныя крыжы
У 30-я гг мінулага стагоддзя былі пабудаваны чатыры аднолькавыя шасцікватэрныя дамы для польскіх асаднікаў — перасяленцаў у заходнебеларускія землі. Кожны з дамоў уяўляе сабой прастакутны ў аснове аднапавярховы будынак з мансардай. Падмурак мураваны. Сцены драўляныя з шалёўкай. З кожнай супрацьлеглай шырокай сцяны зроблены ўваходы з высокімі прыступкамі. Аформлены ўваходы ў выглядзе простага порціка на дзвюх драўляных калонах
Тут рассялілі 16 сем'яў. Пазней у адным з будынкаў пэўны час працавала польская школа, дзіцячы садок. Да сёння першапачатковы свой выгляд захавалі тры дамы. Некалькі кватэр у іх дагэтуль выкарыстоўваецца як арэнднае жыллё для работнікаў і пенсіянераў мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства. Адзін быў выкуплены ў сярэдзіне 1990-х гг прыватнай асобай і перабудаваны пад уласнае жыллё
Высокі, але невялікі па плошчы мураваны будынак крамы узводзіўся на высокім каменным падмурку. Цэнтральным уваходам служыў высокі ганак з прыступкамі. Будынак размяшчаўся літаральна пры самай дарозе — сучаснай аўтамабільнай трасе Ліда-Іўе. Якраз з боку дарогі былі ўваход і два акны па абодва бакі ад яго
У другой палове ХХ стагоддзя ў будынку працавала крама прамысловых тавараў. Да сярэдзіны 1990-х гг – пункт па нарыхтоўцы другаснай сыравіны. Быў разбураны ў першым дзесяцігоддзі ХХІ ст
Гумно́ (або ток, клуня, рыга) — драўлянае гаспадарчае збудаванне сялянскай сядзібы прызначанае для прасушвання і абмалоту снапоў зерня.
Канструкцыйнымі асаблівасцямі і знешняй формай гумно адрозніваецца ад іншых гаспадарчых пабудоў сялянскага двара. Звычайна яго ставілі ў канцы сядзібнага ўчастка, па магчымасці выносілі за межы гэтага ўчастка для проціпажарнай бяспекі. Гумно без сушні (асець) магло непасрэдна прымыкаць да асноўнага комплексу пабудоў. У плане яно мела форму мнагагранніка, квадрата або падоўжанага прамавугольніка шырынёй 5,5-18,5 м, даўжынёй 7-23 м. Нізкія сцены і апушчаная амаль да зямлі страха надавалі яму прысадзісты выгляд. Стрэхі былі 4-схільныя, радзей — з усечаным зверху франтонам і 2-схільныя. Вароты ў гумнах рабілі з тарца або ў сярэдзіне падоўжнай сцяны.
Амбар у бердаўскай сядзібе ўяўляў сабой драўляны прастакутны будынак. Страха двухсхільная, з цэнтральнага боку мела выразаны край. Цэнтральная частка амбара аформлялася ў выглядзе скразной каланады з дэкаратыўнымі элементамі. Тут жа размяшчаліся вароты ў гумно.
У сярэдзіне мінулага стагоддзя, па ўспамінах вясковых старажыхароў, у амбары захоўваліся сухія кармы (сена, салома) для буйной рагатай жывёлы.
Будынак знішчаны ў пачатку 2000-х гг.
Па-іншаму — каню́шні. Стайня — гаспадарчая пабудова для ўтрымання коней. Вядома са старажытнасці ў многіх народаў свету
На Беларусі пашырана з X-XI стст. З XVI ст. вядомы стайні драўляныя, мураваныя і мяшанай канструкцыі ў тэхніцы «прускага муру» або дрэва ў цагляныя слупы — шулы, мелі розную канструкцыю і кампазіцыю. Канструкцыяй і кампазіцыяй бердаўскія сядзібныя стайні нагадваюць мураваныя хлявы. У складзе гаспадарага комплексу пастаўлены поруч з палацам. Сёння складана гаварыць пра матэрыял (саломай, драніцай або гонтай), якім былі накрытыя гэтыя гаспадарчыя будынкі. Ці былі на даху традыцыйныя для сядібных стайняў упрыгожанні (напрыклад, маглі быць металічныя флюгеры), таксама нам невядома. Хутчэй за ўсё, пры Дамбавецкіх у сваім складзе комплекс меў вазоўню (гаспадарчую пабудову, дзе захоўваліся транспартныя сродкі — вазы, сані, павозкі)
Франтон цэнтральнай стайні захаваў аздабленне ў выглядзе манаграмы Дамбавецкага — перакрыжаваных «АД»
Як першапачаткова выглядалі помнікі на брацкай магіле ў Бердаўцы
Помнік воінам і партызанам, якія загінулі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг. пры вызваленні Лідскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — самы стары мемарыяльны помнік на тэрыторыі былога Бердаўскага сельскага Савета.
Брацкая магіла была заснавана ў 1948 годзе ў парку вёскі Бердаўкі. Сюды перанеслі парэшткі воінаў і партызанаў, загінуўшых на тэрыторыі Бердаўскага, Дубровенскага і часткова Дакудаўскага сельсаветаў. Усяго ткт пахавана 157 воінаў. Прозвішчаў ўстаноўленых – 50. Астатнія застаюцца безыменнымі і сёння
Вось устаноўленыя прозвішчы тых, хто загінуў і пахаваны ў брацкай магіле в. Бердаўкі:
Базуеў Іван Андрэевіч, сяржант, загінуў 12.7.1944
Барыхаў Аляксей Аляксандравіч, шаранговы, загінуў у 1944
Бондар Міхаіл Емяльянавіч, шаранговы, загінуў 7.7.1944
Бузуеў Аркадзь Мацвеевіч, яфрэйтар, загінуў 12.7.1944
Васім Міхаіл Рыгоравіч, шаранговы, загінуў 9.7.1944
Васіленка Пётр Фядотавіч, сяржант, загінуў 11.7.1944
Волкаў Уладзімір Андрэевіч, сяржант, загінуў у 1944
Гаўрылаў Пётр Афанасевіч, шаранговы, загінуў 9.7.1944
Голубеў Канстанцін Сяргеевіч, старшы сяржант, загінуў 11.7.1944
Гомза Мікалай Мікітавіч, шаранговы, загінуў 9.7.1944
Жыхараў Г.Н., партызан, загінуў у 1944
Жураўлёў Аляксей Фёдаравіч, старшы сяржант, загінуў 8.7.1944
Зайцаў Васіль Сяргеевіч, маёр, загінуў 17.8.1944
Закурдаеў Юрый Сяргеевіч, старшы лейтэнант, загінуў 18.9.1944
Знарок Андрэй Аляксандравіч, шаранговы, загінуў 8.7.1944
Іваноў Іван Іванавіч, шаранговы, загінуў у 1943
Ільічоў Ягор Аляксандравіч, шаранговы, загінуў 8.7.1944
Кепня Аляксей Іосіфавіч, шаранговы, загінуў у 1944
Кавалёў Філіп Мікітавіч, старшы сяржант, загінуў 6. 7.1944
Казлоў Аляксандр Іванавіч, шаранговы, загінуў 9.7.1944
Кандраценка Міхаіл Афанасевіч, шаранговы, загінуў 11.7.1944
Кондыраў Васіль Усцінавіч, шаранговы, загінуў 17.7.1944
Конеў Пётр Пятровіч, шаранговы, загінуў 12.7.1944
Краснаяраў Васіль Васільевіч, шаранговы, загінуў 8.7.1944
Кудзі Яўген Ігнатавіч, партызан, загінуў 08.07.1944
Кузняцоў Іван Пятровіч, шаранговы, загінуў 10.7.1944
Лапуць Трафім Ільіч, партызан, памёр ад ранаў 25.7.1944
Лебедзеў Міхаіл Іванавіч, шаранговы, памёр ад ранаў 19.7.1944
Лобан Мікалай Аляксандравіч, шаранговы, памёр 8.9.1945
Логінаў Міхаіл Міхайлавіч, яфрэйтар, загінуў 25.4.1945
Лысых Мікалай Ягоравіч, шаранговы, загінуў 10.7.1944
Маёраў І.О., лейтэнант, загінуў у 1944
Макараў Іван Міхайлавіч, лейтэнант, загінуў 17.9.1944
Маркевіч Іван Мікалаевіч, партызан, загінуў 8.7.1943
Мяльцяшынаў Мікалай Дзмітравіч, шаранговы, загінуў 8.7.1944
Міхайлаў Міхаіл Міхайлавіч, старшы лейтэнант, загінуў у 1944
Наградаў Іван Міхайлавіч, лейтэнант, памёр ад ранаў у 1944
Панкратаў Васіль Дзмітравіч, малодшы сяржант, загінуў 12.7.1944
Пярвых Павел Пятровіч, малодшы лейтэнант, загінуў 17.7.1944
Пятроў Мікалай, шаранговы, загінуў 12.7.1944
Піліпенка Фёдар Мацвеевіч, старшы сяржант, загінуў 9.7.1944
Пучкоў Пётр Міхайлавіч, шаранговы, загінуў 9.7.1944
Рабінін Іван Філатавіч, старшы сяржант, загінуў 8.7.1944
Рыбалка Мірон Мікалаевіч, малодшы сяржант, загінуў 11.7.1944
Рыбіноўскі Васіль Аляксандравіч, палітрук, загінуў 11.2.1944
Салдатаў Сямён Андрэевіч, старшы сяржант, загінуў 01.10.1944
Сатнічэнка Акім Міронавіч, шаранговы, загінуў у 1944
Сямашка, лейтэнант, загінуў у 1941
Хвашчэўскі Мікалай Міхайлавіч, партызан, загінуў 05.04.1943
Якавенка Васіль Паўлавіч, старшы сяржант, загінуў 08.07.1944
Магчыма, тут перазахаваны і бацька Бацвінавай М.П.
Ініцыятарамі і арганізатарамі стварэння брацкай магілы ў бердаўцы былі члены камсамольскай арганізацыі Бердаўскай сярэдняй школы (сярод іх – Сегенчук Ніна, Сарока Уладзімір, Кучынскі Станіслаў, Арэхва Сяргей, Малец Аляксандр, Жыдок Уладзімір, Лучко Здзіслаў)
Згодна з рашэннем Савецкага ўрада ў 1950 г. тут устанавілі помнік савецкаму салдату.
На пастаменце – воін у поўны рост з прыспушчаным сцягам, які накрывае надмагільны камень. На камені – зорачка, серп і молат, словы «Вечная памяць героям, палеглым у баях за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы!»
У 1950 г. побач з брацкай магілай былі перапахаваны парэшткі савецкіх лётчыкаў-знішчальнікаў – гвардыі маёрам Зайцава Васілія Сяргеевіча і гвардыі малодшага лейтэнанта Пярвых Паўла Пятровіча. Перш на цэментным пастаменце замацавалі часткі прапелера баявога самалёта-знішчальніка. На ім – партрэты лётчыкаў і тэкст з кароткімі звесткамі пра іх, выявы баявых узнагарод кожнага з пахаваных
Абеліск на брацкай магіле
У 1984 годзе на месцы помніка савецкаму салдату і быў узведзены новы помнік-абеліск, у аснове якога размясцілася і памятная пліта ў гонар аднавяскоўцаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія загінулі на ратным полі
Тады ж на месцы старога помніка лётчыкам-знішчальнікам з'явілася сучасная стэла ў форме зоркі з завужанай асновай. Дзякуючы ваеннаслужачым 116-й штурмавой авіяцыйнай базы ў пачатку 2018 года была праведзена яе рэканструкцыя
ГЛЯДЗІ гісторыю стварэння помнікаў у парку аграгарадка Бердаўкі больш падрабязна ў відэароліку «Памяць – у камені»