Легенды, паданні і былі бердаўскай зямлі… Яны з маленства суправаджаюць тых, хто тут нарадзіўся і жыве, цікавяць і заварожваюць гасцей і выпадковых турыстаў-падарожнікаў. Некаторыя з іх ужо становяцца агульна вядомымі. Іншыя ж пакуль прысыпаны часам, прыхаваны ў людской памяці. Быццам прытаіліся ў змроку стагоддзяў і чакаюць: калі ж ужо прыйдзе той, хто вывудзіць іх на свет белы...
У сваім даведніку па сядзібе мы паспрабавалі сабраць іх у адзінае цэлае – у адмысловы вянок. Вянок, у якім кожная кветачка валошкі ці рамонка зіхаціць чароўнай зорачкай. Упэўніцеся ў гэтым самі!..
Народныя тлумачэнні маюць практычна ўсе беларускія геаграфічныя назвы, у тым ліку і паселішчы. Некалькі версій свайго паходжання мае і Бердаўка.
Адна з іх сцвярджае, што здаўна наша мясцовасць славілася сваімі народнымі ўмельцамі, якія і з лыка плялі, і колы выраблялі, і дрэва апрацоўвалі... І былі сярод тых мясцовых майстроў берднікі. Вядомыя яны былі тым, што выраблялі бёрды – адмысловыя грабяні для кроснаў. Так і пачалі паселішча, у якім берднікі жылі, Бердаўкай называць
Кажуць, што ў любой сядзібе Вадзянікоў не шмат – усяго па адным на кожны вадаём. Але так сталася, што ў нашай вёсцы вадаёмаў шмат. А значыць, і вадзяных духаў нямала было. Лічыце самі. Адзін Вадзянік жыў у Вядроўцы, якая цякла да вёскі. Другі – у сажалцы, што сёння называюць Старым возерам. Трэці жыў у іншай сажалцы (сённяшнім возеры Новым). Чацвёрты – крынічны дух вады – на дне бердаўскай крыніцы. А колькі іх было ў Вядроўцы пры млыне, ніхто ўжо ніколі не адкажа. Звычайна каля млына сялілася многа Вадзянікоў і зваліся яны «вірнікамі». Мо і яшчэ быў які Вадзянік у чыімсьці глыбокім вясковым калодзежы. Ды толькі ніколі яго ніхто не чуў-не бачыў. З той простай прычыны, што спрадвеку такога духа за яго спакойны нораў людзі так і клікалі – «ціхоня». Як такога пачуеш?
А астатнія пра сябе ой як знаць давалі! Лічылася, што рух і памутненне вады ў сажалцы, пара над ёй – ад Вадзяніка. Разлілася рака – ад яго, нячыстага. А ўжо як рыбалоўныя прылады сапсаваліся або млын – то толькі праз дух вады. Ды і па начах за тым месцам, дзе пазней парк сядзібны пасадзілі, розныя дзіўныя гукі чуліся. Ці то гучны рогат, ці то моцнае плясканне ў далоні. Гэта, казалі, Вадзянік крынічны з Вадзяніком азёрным ці з Вадзяніком рачным паміж сабой перагаворваюцца. Яны ж па сушы перамяшчацца не маглі. Так, жывучы побач і ніколі не сустракаючыся, адзін аднаго толькі па голасе і ведалі.
Асабліва ж сваволілі вадзяныя духі-вірнікі ў ноч на Купалле. Выплывуць з глыбінь сваіх, і – да млына! Дурэюць там, кола круцяць, шлюз адкрываюць. Адно добра было: калі хто з вяскоўцаў не пабаяўся і ў гэтую ноч муку на млыне змалоў, то мука тая моцную незвычайную сілу набывала. Трэба было з яе хлеб спячы, у царкве асвяціць, і тады ўжо хлеб тую сілу на ўвесь год захоўваў. А чалавек, які таго хлеба з’еў, патануць не мог.
Відаць, усё ж людзям мясцовым надакучыла Вадзянікоў асцерагацца і бедаваць праз гібель жывёлы ці чалавека ў вадзе. Успомніў нехта са старых вяскоўцаў, што Вадзянікі не жывуць у чужой вотчыне – не могуць вытрымаць уласцівасцей чужой вады. І вырашылі тады прачысціць рэчышча Вядроўкі ад адной сажалкі да другой – злучыць адным каналам два гэтыя вадаёмы. Як злучыліся воды ракі і сажалак – вывеліся ў нашых мясцінах Вадзянікі. Крынічны ж дух вады адзін засумаваў і замоўк – пагаварыць няма з кім, ды і крыніца ў заняпад прыйшла. Мо які Вадзянік і сёння ў чыімсьці глыбокім калодзежы сядзіць, толькі ён жа – «ціхоня». Як такога пачуеш?..
Беларусы здаўна шанавалі Белуна – палявога духа-ўзбагачальніка. Сівы міфічны дзядок нібыта жыве ў жыце ля дарогі.
Агульна вядомая легенда пра тое, як Бялун Сусвет стварыў. Аднойчы ён убачыў, што плыў міма шар, з якога чуецца жалобнае мяўканне. Заўсёды добразычлівы, Бялун вызваліў адтуль вязня. А вязнем тым аказаўся нячысцік. Бялун расказаў яму пра сваё імкненне стварыць Сусвет і ў падзяку за выратаванне загадаў спусціцца на дно мора, каб узяць там жменю зямлі. Нячысцік падпарадкаваўся. Але, пакуль пад ваду спускаўся, у нядобрую галаву прыйшла думка, што ён і сам мог бы стварыць Сусвет. Таму ўзяў нячысцік у прыгаршчы зямлі з дна мора, а яшчэ крыху схаваў у роце, каб выканаць сваю задуму. Вярнуўшыся, аддаў зямлю Белуну. Той пракрычаў: «Зямля, расці!» Жменька зямлі пачала расці, расці і ператварылася ў сушу. Але ў гэты час і зямля, схаваная нячысцікам у роце, таксама пачала расці. Шчокі яго раздзьмуліся, а зямля пачала выпіраць з рота. Спалоханы, пачаў нячысцік клікаць на дапамогу Белуна: «Бялун, прыйдзі! Бялун прыйдзі!». Затым кінуўся на ўцёкі, пакідаючы за сабою дарожку зямлі, з якой утвараліся раўніны і ўзвышшы.
Старажыхары вёскі Бялундзі, якая стаіць на левым беразе ракі Вядроўкі адразу недалёка за Бердаўкай, мелі тлумачэнне ўзнікнення назвы сваёй вёскі – працяг вядомай легенды пра Белуна.
Калі нячысцік, уцякаючы ад свайго выратавальніка, дасягнуў нашай мясцовасці, запасы зямлі ў яго роце закончыліся. І землі мясцовыя засталася нізінай, а вакол утварылася шмат балот. А назва паселішча, якое тут утварылася, паходзіць ад таго крыка нячысціка, калі ён зваў на дапамогу Белуна: «Бялун, прыйдзі! Бялун, прыйдзі!» Ды рэха адклікалася: «Бялундзііі! Бялундзііі!..»
У даўнія-даўнія часы, калі нашы прадзеды пакланяліся Перуну і іншым язычніцкім багам, на гары, што сёння лыжыць збоку злева ад балотаў за вёскай Бялундзі, знаходзілася прыгожая дуброва. Яна давала людзям ежу і матэрыял для прыладаў працы. У дуплах многіх дрэў вадзіліся дзікія пчолы. Абшчынныя ўмельцы-бортнікі бралі ад іх залацісты мёд. У цэнтры дубровы высіўся дуб-волат, які там рос не адну сотню год. Жыхары не толькі Бялундзяў. але і іншых навакольных паселішчаў лічылі дуб свяшчэнным, сваім заступнікам і абаронцам. Каля яго збудавалі копішча, усталявалі ідала Перуна і прыносілі туды свае ахвяры.
Недалёка ад тых мясцін у адным з паселішчаў жыў гультаяваты, але зайздросны і сквапны чалавек па імені Зайздрун. Вось аднойчы ён вырашыў ссекчы магутнае дрэва. “Калі я ссяку дуб, то стану багатым, надоўга забяспечу сябе мёдам і драўнінай, стану моцным і дужым, ніколі не буду хварэць,”— марыў Зайздрун. Але як толькі ён ссек дуба-велікана, дзікія пчолы, што вылецелі з дупла, заджалілі зайздросца да смерці. А на гары ў хуткім часе засохлі ўсе дубы і расліны. З таго часу там нічога не расце, а гару людзі называюць Лысай.
(апрацоўка запісу вучаніцы Цешкі Вольгі, створанага ў 2012 годзе на аснове расказаў жыхароў вёсак Бялундзі і Бакуны падчас этнаграфічнай вандроўкі, якую арганізаваў дырэктар Бердаўскай СШ і настаўнік гісторыі
Крупа А.Л.)
Гэта было вельмі даўно. На тым месцы, дзе сёння знаходзяцца вёскі Сцеркава і Татарцы, існавала адно вялікае паселішча. У ім пражывала шмат людзей. Былі яны працавітыя, мелі шмат зямлі, утрымлівалі разнастайную хатнюю жывёлу. Свіраны былі перапоўнены збожжам, у каморах кубельцы да верху запоўнены мясам і салам, у сховішчах захоўвалася агародніна і садавіна. Вясковыя бортнікі збіралі янтарны мёд дзікіх пчол, з якога гатавалі смачны і карысны напітак – медавуху. У балотных азёрах вадзілася розная рыба: шчупакі, ментузы, уюны, акуні, плоткі, ліны, карасі, міроны і іншыя. Бліжэйшы бор даваў людзям грыбы і ягады. Але, нягледзечы на такі дастатак, жыхары паселішча былі вельмі сквапныя, зайздросныя і непрыветлівыя. Калі выпадкова ў вёску заходзіў які-небудзь вандроўнік і прасіўся на начлег, перакусіць або падаць кубак малака ці медавухі, сяляне, як згаварыўшыся, адказвалі ў просьбах, гаварылі, што сёлета выдаўся неўраджай і таму самім ім і іх дзецям няма чаго есці.
Аднойчы, неяк пад вечар у гэтую вёску зайшоў стары чалавек. Выглядаў ён вельмі блага. Адзенне на ім ўсё было ў латах, на нагах лапці, на галаве паношаны саламяны капялюш. Яго твар быў зарослы сівою барадою і доўгімі вусамі. У руцэ стары трымаў сукаваты кій, за плячыма віднеўся пусты мяшок. Стары прасіўся на начлег. Ён заходзіў у адну хату, у другую, у трэцюю і ўсюды атрымліваў адмоўны адказ. Так ён прайшоў амаль усю вёску. Напаследак вырашыў паспытаць шчасця і зайсці ў крайнюю хату. У гэтай хаце жыла маладая ўдава з гадавалаю дачкою. У адрозненне ад аднавяскоўцаў, яна была вельмі добрая і чулая жанчына. Стары пастукаў кіем у варотцы і спытаў: ”Ці ёсць хто жывы дома?” Расчынілася акно, і ў праёме паказалася прывабная кабета з добрымі блакітнымі вачыма.
—Што вам трэба? — ветліва спытала гаспадыня ў старца.
— Мне б адпачыць да раніцы, ды павячэраць у вас, - адказаў неўпэўненым голасам вандроўнік.
Жанчына запрасіла чалавека ў хату. Хуценька накрыла на стол што мела, а затым прыгатавала пасцель.
Летняя ноч праляцела вельмі хутка. Раніцаю, калі ўсе прачнуліся, стары сказаў жанчыне, каб яна сабрала самыя неабходныя рэчы, узяла дзіця і пайшла з ім. На пытанне ўдавы “А навошта?” стары адказаў, што ў гэтых мясцінах здарыцца патоп, і, каб выратавацца, патрэбна паспяшацца, а дапамагае ён жанчыне за яе дабрыню і бескарыслівасць. І дадаў, што, пакідаючы вёску, яна ні ў якім разе не павінна азірацца назад. Нават тады, калі пачуюцца крыкі, мальбы пра дапамогу, яна павінна ісці наперад.
Удава паслухалася начнога госця, сабрала самае неабходнае, узяла дачушку на рукі і накіравалася ўслед за старым у бок лесу, што віднеўся на даляглядзе. Толькі паспелі выйсці за ваколіцу, як за імі з боку вёскі пачуліся крыкі, якія мацнелі і мацнелі і ў хуткім часе перараслі ў адзіны суцэльны енк. Забыўшыся на перасцярогу старца, жанчына не вытрымала і абярнулася. І толькі гэта яна зрабіла, як у адзін момант сама і яе маленькая дачушка ператварыліся ў камень. А праз некаторы час усё пасяленне апынулася пад вадой.
Праляцелі стагоддзі . . .
Камень, які па абрысах нагадвае жанчыну з дзіцем на руках, ляжыць на ўскрайку лесу, які можна знайсці каля аднаго з балотных азёраў. А самі балоты, дзе прытаілася тое азярцо і расце названы лес, раскінуліся адразу ж за вёскай – гэта яшчэ адзін напамін пра падзеі з падання, так як лічыцца, што яны ўзніклі падчас тых трагічных падзей
(апрацоўка запісу вучаніцы Цешкі Вольгі, створанага ў 2012 годзе на аснове расказаў жыхароў вёсак Татарцы і Сцеркава падчас этнаграфічнай вандроўкі, якую арганізаваў дырэктар Бердаўскай СШ і настаўнік гісторыі
Крупа А.Л.)
Кажуць, як пачалі будаваць мураваны палац у Бердаўцы, то розныя незвычайныя падзеі з будаўнікамі здараліся. Ды часцей усё жахлівыя і невытлумачальныя. А людзям на будоўлі бачыліся нейкія здані. Так, быў неяк выпадак. Адзін з будаўнікоў падчас працы раптам страціў прытомнасць. А як ачуняў, то, нікому нічога не тлумачачы, у хуткім часе з'ехаў з будоўлі. Нават ад разліку за адпрацаванае адмовіўся. Тыя, хто з ім разам тады палац будаваў, меркавалі, што чалавеку нешта паказалася ці падалося.
Яшчэ існуе версія, што ў палацавых скляпеннях маецца тры выхады і ўсе – на розныя бакі, да мясцовых сажалак. Пакуль гэтае меркаванне ніхто не пацвердзіў. А скляпенні сёння паступова расчышчаюцца. Мо з часам адкрыюцца новыя таямніцы і факты з гісторыі палаца ў Бердаўцы і яго тагасветных насельнікаў
Старыя бердаўскія людзі ўспаміналі, што дачка пана Аляксандра Дамбавецкага Ганна закахалася ў простага хлопца Яна. Пачалі маладыя тайна сустракацца непадалёк ад палаца. Аднак, як і трэба меркаваць, у іх кахання не было будучыні. Адправілі хлопца на службу на 25 гадоў – у рэкруцкае войска. Ганна ператварылася ў галубку і лётае па сядзібным парку. А на месцы спатканняў закаханых з'явіліся два канадскія клёны. Пазней побач вырасла ліпа. Адзін з тых клёнаў з часам знік. А другі клён і ліпа растуць перад палацам і сёння. Клён і дагэтуль дае вельмі салодкі сок – кажуць, як само юнацкае каханне. Аднак рух соку заканчваецца вельмі хутка – гэтак жа, якім было хуткаплыннае каханне Ганны і Яна.
Ліпа ж сёння ператварылася ў дрэва жаданняў – круглы год мільгаціць мноства завязаных на ліпавых галінках каляровых стужачак. Іх завязваюць усе (і людзі мясцовыя, і госці), хто загадвае жаданне аб моцным і шчаслівым каханні. А бердаўская галубка абавязкова злучыць сэрцы закаханых...
Не сакрэт, што спрадвеку паселішчы на нашых землях ўзнікалі побач з вадой, уздоўж рэчак. Да таго ж, ледзь не кожная беларуская вёска ганарылася і мясцовай крыніцай, якая часта мела ўласнае паданне і незвычайныя ўласцівасці. Што тут сказаць? Чыстая вада – гэта ж прыродны цуд і жыццё для ўсяго жывога!
Па ўспамінах старажыхароў, крынічная вада здавён-даўна была і ў Бердаўцы. Бруілася ў невялічкім яры непадалёку ад сядзібы яшчэ, мусіць, і да Захватовічаў, якія валодалі бердаўскімі землямі ў сярэдзіне пазамінулага стагоддзя. Крынічная вада тут была чыстай і смачнай. А як пачаў новы пан Дамбавецкі ў правабярэжнай частцы вёскі будаваць свой палац, то і крыніца яшчэ мацней забіла чыстай вадзіцай. Месца вакол яе прыбралі, зруб драўляны зладзілі. Вяскоўцы бралі з гэтай крыніцы ваду для сваіх патрэб, а яе самую даглядалі.
Толькі прыйшоў час гістарычных віхур ХХ стагоддзя. Заняпала былая панская сядзіба ў Бердаўцы. Паступова пачалі людзі забывацца і на крынічку. Ужо ніхто не даглядаў яе, не прачышчаў. Галіны навакольных дрэў, паламаных ад часу і непагадзі, паступова нагрувашчваліся на сцяжынцы, што вяла да крынічнага ключа. Пустазелле і дзікарослае кустоўе схавалі гэтую сцежачку ад людскіх вачэй. Драўляны зруб ужо даўно ператварыўся ў некалькі струхнелых і пашкоджаных вянцоў студні. Заціхла бердаўская крынічка…
У пачатку 80-х вёска Бердаўка пачала разбудоўвацца на левабярэжжы. Раслі на вачах жылыя дамы, адміністрацыйны і гандлёвы, гаспадарчыя будынкі, добраўпарадкаваліся вуліцы. У былым жа палацы, дзе працаваў мясцовы клуб, кожную суботу паказвалі кіно і ладзілі танцы. Вяскоўцы, кіруючыся туды, праходзілі непадалёк ад крынічкі, уздоўж Старога возера. І неяк стала заўважна, што ў тым месцы, дзе з гэтага возера выцякае рэчка Вядроўка, каб бегчы далей у Гаўю і несці воды Нёману-бацьку, выбіваецца з-пад зямлі чыстая вадзіца. А выбіваецца якраз пасярэдзіне вясковай дарогі! Перш зусім нясмела, у адным месцы. А з часам струменьчыкі вады ўжо бруілася ў некалькіх месцах. Здаецца, крынічка, якая ўсё яшчэ жыла ў сваім зарослым і забруджаным яры, напамінала людзям пра сябе, пра тое, што яна патрабуе дапамогі. Толькі паступова новая вада пачала падмываць і разбураць дарогу. І людзі не пачулі клічу крынічкі – ім было нязручна мяняць свой звыклы ўклад і замест кароткага шляху з «пасёлка» да клуба хадзіць «у круг» цэнтральнай дарогай. Неяк увесну сабраліся мясцовыя мужчыны і юнакі і тое месца, дзе білі з-пад зямлі смелыя крынічныя ключыкі, засыпалі зямлёй і пяском. Ды з дапамогай калгаснага трактара-«гусеніка» выраўнялі і ўтрамбавалі ўвесь участак дарогі ля возера. Але літаральна тым жа летам крынічная вада з-пад утрамбаванай дарогі зноў пачала выбівацца. І тады гэтае месца «замуравалі». Якраз вясковае возера чысцілі і на месцы мастка збудавалі дамбу. Ды і ўсю гэтую дарогу так «своечасова» пакрылі асфальтам. З тае пары новыя крынічныя ключы зніклі. А бердаўская крынічка ціха і незаўважна для вяскоўцаў пачала адыходзіць у нябыт.
Побач са ставам, непадалёку ад крынічкі, пасялілася сям’я баброў. Працавітыя ўвішныя звяркі «зразалі» дрэвы на ўласную «будоўлю» і хутка загрувашчвалі наваколле. Крынічны калодзеж поўнасцю разбурыўся. Толькі нечыя клапатлівыя рукі прыкрылі месца, адкуль выбівалася крынічка, вялізным лістом жалеза. Так канчаткова схавалася ад людскога вока чыстая крынічная вада ў Бердаўцы…
Абавязкова трэба было наведаць лазню ў пэўныя дні.
Мыліся ў лазні ў Чысты чацвер. Трэба было да Вялікадня памыцца. А дома мыцца нельга было – Хрысту вочы зальеш. Нягледзячы на тое, што дух лазні Лазеннік сварыцца, калі да святла сюды ідуць, у гэты дзень усёй сям’ёй ішлі мыцца рана, да ўсходу сонца. А яшчэ лічылася, хто памыецца ў лазні ў Чысты чацвер на досвітку, кінуўшы ў пасудзіну серабро, не будзе хварэць на працягу года.
Мыліся ў лазні на Дзяды. Перш гатавалі абрадавыя стравы, а пасля ішлі ў лазню. Пры гэтым казалі: «Трэба грэшнае цела абмыць, а потым і Дзяды адбыць». Для душаў памерлых у лазні ў гэты дзень пакідалі новы венік і вядро з чыстай вадой.
Мыліся ў лазні ў перад Купаллем. Гэты дзень і назву такую меў – дзень Агрыпіны-купальніцы. Лазню палілі адмысловую – на здароўе, шчасце і моц. Пры гэтым лазенныя сцены аздаблялі духмянымі травянымі венікамі – з рамонку, казельца, палыну, піжмы, мяты, мелісы, скрыпню, крываўніку.
Дарэчы, іменна ў Агрыпінін дзень, пасля абеду, трэба было ехаць у лес па бярозавыя венікі для лазні. Нагружалі іх шмат, цэлыя вазы. Як казалі, каб хапіла «да новых венікаў». Бо венікі, назапашаныя ў іншы час лічыліся шкоднымі
У правабярэжнай частцы аграгарадка Бердаўкі каля парка, якраз насупраць таго месца, дзе, як мяркуюць, раней быў панскі бровар, і сёння стаіць дом былога старшыні калгаса «Бердаўка» Аляксандра Аляксандравіча Каранюка. Жыў ён тут разам са сваёй жонкай Вандай Вікенцьеўнай, сынам Віктарам і дачкой Аленай. Сям’я была вельмі дружнай. Аднак дзеці выраслі і з часам з’ехалі ад бацькоў.
Бацькі, нягледзячы на ўзрост, па-ранейшаму працавалі ў калгасе. І Аляксандр Аляксандравіч, калгасны старшыня, і Ванда Вікенцьеўна, галоўны спецыяліст гаспадаркі, амаль увесь час праводзілі ў калгасных справах. Здаралася, муж і дацямна затрымліваўся на працы. І тады Ванда Вікенцьеўна дадому павінна была ісці з адміністрацыйнага будынка ў цэнтры «пасёлка» (так у вёсцы называюць левабярэжную частку) паўз возера каля аўтамабільнай трасы. А гэта немалы адрэзак дарогі.
Напэўна, пашкадаваў Аляксандр Аляксандравіч і жончын час, і яе здароўе, бо неяк за адно лета з’явілася ў Бердаўцы новая сцежка, якая вяла ад калгаснай адміністрацыі з вуліцы Савецкай на вуліцу Паркавую, дзе жылі Каранюкі. І пралягла яна паўз возера, але кароткім шляхам – на супрацьлеглым ад трасы баку, якраз там, дзе Вядроўка дабягае да возера Новага. Для сцежкі каля возера зрабілі падсыпку. А праз рэчку змайстравалі невялікі і нешырокі мосцік. Як двум чалавекам прайсці.
Ды пачалі ў Бердаўцы з таго часу людзі заўважаць, што ўсё часцей і часцей дадому Каранюкі з працы разам вяртаюцца па гэтай сцежцы. І не проста праходзяць, а на якія паўгадзінкі затрымліваюцца на мосціку. У любую пару года пастаяць поруч, памаўчаць, пра нешта пагавораць, летам на водную гладзь палюбуюцца, здаралася, лебядзей пакормяць. Здалёк – як закаханыя на спатканні…
І неяк незаўважна пайшла сярод мясцовых жыхароў новая назва для гэтага месца – «мосцік кахання»...
Ужо даўно адышла ў вечнасць Ванда Вікенцьеўна, праз гадоў каля дваццаці пасля яе спачыў і Аляксандр Аляксандравіч. Каму ж у Бердаўцы ні скажы пра «мосцік кахання» – кожны ведае, дзе гэта. Вось як назва за мосцікам замацавалася! Адным словам, вечная назва – як сапраўднае чалавечае каханне…
І калі ўжо жывуць у бердаўскім палацы здані, то мы цяпер нават ведаем, адкуль частка з іх з'явілася.
Як злучылі людзі вотчыны розных Вадзянікоў і перастала крынічка біць жывой вадой – духі водныя аселі ў палацавых пакоях. Відавочна, у тых, дзе сонца менш за ўсё бывае...
Ды і нячысцік, выратаваны Белуном, як дабег да нашых земляў, недзе ж павінен быў знайсці сабе прыстанішча!..
Як лазня знікла, то і Лазеннік пакінуў тое месца, дзе яна стаяла. Кажуць жа, што ў такіх выпадках ён больш у новую лазню не вернецца...
Натуральна, доўга яны ўсе чакалі, калі такі палац пабудуецца і стане іх жытлом. Вось і пужаюць зараз усіх, хто затрымаецца тут позна, а яшчэ тых, хто ў скляпенні спускаецца змрочныя, – самі баяцца, каб хто іх домам не завалодаў назаўжды і поўнасцю...
Толькі, пэўна, паміж бердаўскіх зданяў ёсць і закаханыя. Яны ўначы накіроўваюцца да возера, а там стаяць на мосціку, узяўшыся за рукі, і любуюцца летнімі зоркамі ў азёрным люстэрку або прыслухоўваюцца да таго, як патрэсквае на моцным марозе ледзяное покрыва...