Галоўная»Тэарэтычны раздзел»Тэма 6.7. Агляд перыёдыкі для дзяцей дашкольнага ўзросту
Галоўная»Тэарэтычны раздзел»Тэма 6.7. Агляд перыёдыкі для дзяцей дашкольнага ўзросту
Тэма 6.7. Агляд перыёдыкі для дзяцей дашкольнага ўзросту
На сучасным этапе развіцця дзіцячай літаратуры выходзіць некалькі айчынных выданняў для дзяцей на роднай мове: часопісы “Бярозка”, “Вясёлка”, “Буся”, а таксама “Раніца” – газета-дадатак да выдання “Переходный возраст” (спынена выданне ў 2021 г.) [1].
“Бярозка” – беларускі ілюстраваны літаратурна-мастацкі часопіс для для дзяцей і падлеткаў. Гэта штомесячны часопіс ЦК ЛКСМБ і Рэспубліканскага савета піянерскай арганізацыі імя У.І. Леніна. Часопіс “Бярозка” пачаў выходзіць адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны (1945), ён стаў працягам часопіса “Іскры Ільіча”.
Выдаваўся са снежня 1924 года ў Мінску. Да верасня 1929 года называўся “Беларускі піянер” (у 1927-1929 гадах выходзіў 2 разы ў месяц), у кастрычніку 1929 – красавіку 1941 года – “Іскры Ільіча”. Падчас вайны не выходзіў. З чэрвеня 1945 года – сучасная назва “Бярозка”. Уваходзіў у склад РВУ “Літаратура і Мастацтва”. З 2012 года з’яўляецца дадаткам да часопіса “Маладосць”. Са студзеня 2015 г. самастойнае выданне часопіса адноўлена [2].
Выданне вылучаецца зайздросным доўгажыхарствам, якое стала магчымым дзякуючы штодзённай карпатлівай працы рэдакцыі па адборы, пошуку і афармленні мастацкага і публіцыстычнага матэрыялу. Першым галоўным рэдактарам быў Уладзімір Дубоўка (1924). Таксама ўзначальвалі часопіс Алесь Якімовіч (1945-1948), Усевалад Краўчанка (1953-1961), Кастусь Кірэенка (1962-1971), Васіль Зуёнак (1972-1978), Анатоль Грачанікаў (1978-1981), Вячаслаў Адамчык; у апошнія гады Уладзімір Ягоўдзік (з 1997), Алена Масла (да 2011), Рагнед Малахоўскі (2011), Генадзь Аўласенка (з 2014), Святлана Дзянісава (в. а., 2016).
У 2024 годзе легендарны дзіцячы часопіс “Бярозка”, з гісторыяй якога звязаны лёсы многіх пакаленняў беларускіх школьнікаў, адзначаў свой юбілей – 100 гадоў з дня заснавання. За цэлае стагоддзе рэдакцыя перажыла розныя этапы развіцця часопіса. Як рост папулярнасці сярод юных чытачоў, так і скарачэнне аўдыторыі. З 25 кастрычніка 2023 года галоўным рэдактарам выдання з’яўляецца Яніна Каралёва [6].
Сярод твораў, якія змяшчаліся на старонках часопіса на працягу апошніх гадоў, – лепшыя здабыткі дзіцячай літаратуры і твораў для юнацтва. Паэтычныя тэксты для юнага чытача прапанавалі маладыя і ўжо вядомыя аўтары: А. Бадак, Р. Барадулін, Д. Бічэль, Г. Бураўкін, В. Гардзей, В. Зуёнак, У. Мазго, С. Панізнік, М. Чарняўскі. На старонках часопіса друкаваліся апавяданні У. Машкова, П. Місько, А. Наварыча, Л. Рублеўскай, С. Тарасава, В. Ткачова, А. Федарэнкі. Матэрыялы гэтага выдання змястоўныя, займальныя, надзённыя, выхаваўчыя паводле зместу. Тут змяшчаюцца цыклы гістарычных публікацый пра славутыя мясціны Беларусі: Ружаны, Полацк, Камянец, Косава, Гродна, Мінск, Мсціслаў. У. Мароз падрыхтаваў серыю апавяданняў па гісторыі Беларусі “Ланцужок айчыннай гісторыі” (XII-XX стст.), якія прасякнуты ідэямі беларускага дома, еднасці, павагі да роднай гісторыі. Выхаванню працавітасці, пытанням выбару прафесіі прысвечаны прафарыентацыйныя матэрыялы раздзела “Знайдзі сваю сцяжыну”. Публікуюцца на старонках некаторых нумароў i творы папулярнай у юнацкай аўдыторыі навуковай фантастыкі (В. Кастручын “Бывай, Чэлсі!”, А. Кірвель, “Той-Бераг”), якая захапляе дзяцей і падлеткаў, стымулюе іх да ўспрымання літаратурных тэкстаў на беларускай мове.
У 2012-2015 гг. “Бярозка” выходзіла ў якасці дадатку да часопіса “Маладосць”. Выданне прапаноўвала рубрыкі “Літаратурныя старонкі” і “Беларуская літаратура”. Гэта, па-першае, давала магчымасць юным чытачам пазнаёміцца з навінкамі “малой” прозы, паэзіі, па-другое, – з літаратурна-крытычнымі матэрыяламі ў адносінах да нацыянальнай мастацкай літаратуры. “Верасок-паэзія” і “Верасок-проза” – старонкі часопіса, адведзеныя пад літаратурныя спробы падлеткаў. Слушныя парады маладым аўтарам давалі спрактыкаваныя майстры слова ў аддзеле “Практыкум”. Там знаходзім характарыстыку вершаваных памераў, тлумачэнне літаратуразнаўчых паняццяў і ілюстрацыі да іх з мастацкіх твораў. У сучаснай “Бярозцы” прадстаўлены таксама наступныя аддзелы: прафарыентацыйны – “Школа журналістыкі”, школьны – “Настаўніцкая на праслушцы”, патрыятычны – “Я – сардэчка Беларусь”, кулінарны – “Гатавальня”. Псіхолагі і педагогі шчыра абмяркоўвалі з чытачамі праблемы наладжвання бяспечных зносін, асаблівасцей самаразвіцця, міжасобасных канфліктаў (рубрыкі “q-факторыя”, “Па-даросламу”, “Калі сур’ёзна”).
У 2015 г. часопіс “Бярозка” аднавіў свой выхад у поўным фармаце з новымі рубрыкамі. У “Level 80”, напрыклад, прапаноўваецца анатацыя на сучасныя фільмы. У аддзеле “Зярняткі веры” расказваецца пра асаблівасці падачы памінальнай запіскі ў храме, пра місію хроснага бацькі і хроснай маці. “Гісторыя поспеху” асвятляе кар’ерныя дасягненні вядомых асоб. Арганізацыі змястоўнага адпачынку, асэнсаванаму стаўленню падлеткаў да жыцця спрыяе “Каляндар “Бярозкі”: Даты і Падзеі. Што ўспомніць, чым заняцца, што прачытаць”. Відавочным з’яўляецца ўзмацненне забаўляльнасці ў часопісе. На трынаццатай старонцы прадстаўлены “страшылкі” і “прыколы”. Акрамя таго, выданне прапаноўвае апісанне гульняў, жарты, апытанкі, трэнінгавыя практыкаванні для адпачынку.
У 2016 г. у “Бярозцы” з’явіўся дадатак “Я – мастак” пра выяўленчае мастацтва: гісторыя, тэорыя i практыка (рубрыка “Я ведаю мастацтва”), набыткі нацыянальнай культуры (рубрыка “Я вучуся ў беларусаў”).
Сёння часопіс “Бярозка” ўваходзіць у склад Выдавецкага дома “Звязда”, мае ўласны сайт, дзе можна пазнаёміцца з апошнімі нумарамі ў фармаце pdf.
На сённяшні дзень у рэдакцыі часопіса запушчана тры маштабныя праекты: два для друкаванага выдання і адзін для сацыяльных сетак. Першы – новы твар “Бярозкі”, а гэта – дызайн і новыя рубрыкі. Другі праект – пошук яркага, кідкага рэкламнага слогана. Трэці праект будзе арыентаваны на сацыяльныя сеткі – школа мабільнай журналістыкі [2].
“Вясёлка” (1957) – самы папулярны i шматтыражны з сучасных беларускамоўных дзіцячых часопісаў краіны, тройчы лаўрэат Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая ліцера” (2004, 2007, 2010), узнагароджана Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Яго галоўнымі рэдактарамі ў розныя часы былі выдатныя майстры слова В. Вітка, Е. Лось, А. Грачанікаў; з 1978 г. галоўным рэдактарам часопіса з’яўляецца У. Ліпскі. Асноўныя напрамкі дзейнасці часопіса вызначаны ў першых нумарах: любоў да радзімы, да роднай мовы, спадчыны, гісторыі, культуры. Усё гэта разам і ёсць тая нацыянальная ідэя, увасабленне якой у душы і сэрцы дзяцей робіць іх сапраўднымі патрыётамі.
Адпаведна тэматыцы, вызначанай рэдакцыяй, былі створаны рубрыкі:
“Тэатр Васі Вясёлкіна” (сцэнкі, сцэнарыі беларускамоўных пастановак і свят),
“Крышку пра кніжку” (анатацыі на новыя кнігі для дзяцей),
“Кацілася торба” (фальклорныя матэрыялы – гульні, апавяданні, казкі, жарты, забаўлянкі),
“Хвілінкі-весялінкі” (вершыкі, скорагаворкі, красворды, загадкі, анаграмы, задачы, рэбусы, вясёлыя пытанні),
“Вернісажык “Вясёлкі” (малюнкі чытачоў і парады прафесійных мастакоў).
Асобныя старонкі выдання прысвечаны юбілеям беларускіх пісьменнікаў: кароткія біяграфічныя звесткі пра таго ці іншага мастака слова суправаджаюцца яго творамі. Сёння чытач можа таксама пазнаёміцца з раздзеламі:
“Чароўны куфэрак” (дзіцячыя казкі, допісы, вершы),
“Верш на памяць: жывая класіка”,
“Народны каляндар “Вясёлкі” (звесткі пра народныя святы),
“Казачны год разам з “Вясёлкай” (казачныя сюжэты народаў свету). Выданне не абмяжоўваецца творамі беларускіх пісьменнікаў: на яго старонках можна сустрэць пераклады з польскай, літоўскай, рускай, украінскай моў.
Вялікую ўвагу рэдакцыя “Вясёлкі” надае творчасці чытачоў: на старонках часопіса змяшчаюцца вершы, загадкі, невялікія апавяданні, малюнкі падпісчыкаў.
Агульны персанаж усіх нумароў часопіса – Вася Вясёлкін. Выданне гаворыць з чытачамі яго даходлівай, добразычлівай, шчырай мовай.
Да 2013 г. у “Вясёлцы” дзецям дашкольнага ўзросту адрасаваўся дадатак “Каласавічок”, у якім друкаваліся вершы, загадкі, кароткія апавяданні, казкі, змяшчаліся размалёўкі [4].
З 2013 г. рэдакцыя “Вясёлкі” распачала выпуск асобнага часопіса “Буся”, які арганізавалі У. Ліпскі, Р. Баравікова, У. Жук і мастакі В. Дударанка i В. Чэпік. “Буся” і “Вясёлка” сталі “вернымі сябрамі юных чытачоў” – менавіта так прэзентавалася чытанка-маляванка для дзяцей дашкольнага ўзросту [3].
Дарагія чытачы,
Нагадаю, як завуся.
Мяне клічуць гожа – Буся!
Я з’явіўся сябраваць
I вучыць,
I забаўляць.
Весяліцца разам з вамі.
Будзем добрымі сябрамі, – так Н. Галіноўская ад імя “Бусі” вызначыла яго задачу.
Выданне ўяўляе сабой чытанку-маляванку для маленькіх дзяцей. Бусляня Буся – вядучы персанаж-навігатар чытанкі. Зараз у выданні ёсць і разразная кніжка-маляванка з выявамі жывёл, птушак, матылёў, і “Бусеў слоўнічак”, дзе тлумачацца складаныя словы, і вернісаж “Бусяняты-мастакі” з малюнкамі выхаванцаў дзіцячых садкоў, і “Чыстагаворкі”, і коміксы па матывах народных казак. Асноўная ж каштоўнасць выдання – маленькія ілюстраваныя мастацкія тэксты на кожную літару алфавіта, надрукаваныя буйным шрыфтам па складах, каб дзіця магло навучыцца чытаць па-беларуску.
Рэдкалегія “Бусі” праводзіць мэтанакіраваную працу па фарміраванні навыкаў вуснага маўлення. Дасягненню гэтай мэты спрыяе, акрамя іншага, і рубрыка “Бусеў слоўнічак”. Вось як, напрыклад, абыгрываюцца Святланай Богуш гук і літара К:
Сябрукоў у Бусі шмат:
Качка, кнігаўка, каршак,
Конік, каня, конь, крумкач,
Kpoт, кажан, каршун, касач.
А руплівая казуля
Сшыла бусліку кашулю ,
Капялюш і камізэльку,
Да яе – каўнер, кішэньку.
Буся ходзіць па балоце:
Дзе сяброў такіх хто знойдзе?”
У 2011 г. у дадатак да сайта выдання была створана адкрытая група сяброў часопісаў “Вясёлка” i “Буся” ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”. Рэдакцыя пакінула каля 2670 запісаў на “сцяне” старонкі часопіса – анонсаў новых нумароў, справаздач з мерапрыемстваў рэдакцыі, жартаў, мемаў, вершаў, калыханак, карысных спасылак. Створаны фотаальбомы і серыі відэазапісаў [5].
З 1995 г. радаваў маленькіх чытачоў фотачасопіс “Лесавік”, заснавальнікам і выдаўцом якога стаў Уладзімір Ягоўдзік, які вызначыў сваёй мэтай экалагічнае выхаванне дзяцей. Рэдакцыя так вызначыла від выдання – часопіс сяброў прыроды: экалагічнае выданне для сям’і і школы. Адрозненне ад іншых выданняў – тэматычныя нумары-фотарэпартажы пра нацыянальныя паркі Беларусі. Апроч таго часопіс вёў экалагічнае выхаванне падрастаючага пакалення на літаратурна-мастацкім матэрыяле, праводзіліся прэзентацыі новых беларускамоўных кніг пра прыроду. Рэдактар часопіса У. Ягоўдзік і сам прысвячаў свае творы роднай прыродзе, закладаючы ў іх фальклорную аснову (“Ці вернецца князь Кук”, “У царстве Вадзяніка”, “Дзівосны карабель”, “Птушыная дарога”)
Верш М. Танка “Экалогія” вынесены на плакат спецвыпуску “Бараніце прыроду ад пажараў”:
А мы, прызнацца,
Хоць i мінулі
Тысячагоддзі,
I да гэтага часу
Не ўмеем хадзіць
Па зямлі
Так, як дні і ночы,
Звяры і птушкі,
Вятры i дажджы.
Няўжо не бачыце,
Як яе здратавалі,
Вытапталі,
Пакалечылі?
А яшчэ збіраемся
Такія ж сляды
Пакінуць
I на іншых планетах.
Унікальная асаблівасць гэтага часопіса – выдатнае афармленне, у якім з поспехам выкарыстоўваюцца рэдкія фотаздымкі, постэры птушак і звяроў вядомага заафатографа I. Бышнёва, фотазагадкі “Пазнай птушку (жывёлу)”. Рэдакцыя ажыццявіла выхад тэматычных нумароў-фотарэпартажаў пра нацыянальныя паркі Беларусі, напрыклад, “Браслаўскія азёры”, “Нарачанскі”.
Задача выдаўцоў – экалагічнае выхаванне падрастаючага пакалення на літаратурным матэрыяле. На старонках “Лесавіка” друкуюцца беларускія пісьменнікі А. Наварыч (апавяданне “Жук-алень), К. Кірэенка (апавяданне “Жураўліныя дзянёчкі”), А. Пісьмянкоў (вершы пра прыроду). Побач з імі па-беларуску загучалі творы славутага рускага прыродазнаўцы В. Біянкі “Краснагон” i “Гападар лесу”.
У рубрыцы “Леснічоўка” рэдакцыя праводзіць прэзентацыі новых беларускамоўных кніг пра прыроду У. Ягоўдзіка, А. Пісьмянкова, У. Марука і іншых аўтараў. Вялікую ўвагу “Лесавічок” надае ліставанню з чытачамі, дзіцячай творчасці, правядзенню конкурсаў. На яго старонках шырока выкарыстоўваюцца малюнкі дзяцей, рэдагуюцца і публікуюцца іх казкі, вершы, апавяданні (“Як лячылі рэха”, “Каб я была казачніцай”, “Дзівосныя пацеркі”, “Вядзі нас, жолуд”, “Сінявочка”, “Дзьмухаўцова мара”, “Наш лес”, “Мой добры дружа”). У канцы кожнага нумара – традыцыйна для дзіцячага выдання – старонка для забаўлянак, скорагаворак, акразагадак (жанравая разнавіднасць загадак, дзе адгадку можна прачытаць па першых літарах вершаваных радкоў), размалёвак. У разварот часопіса часам “ушываюцца” настольныя гульні (“У госці да Дзеда Мароза”, “Смелы вожык”), для наладжвання якіх дастаткова склеіць фішкі або мець звычайны кубік.
Якасны фотачасопіс патрабуе вялікіх выдаткаў, якіх няма, таму выхад “Лесавічка” спынены [2].
Адна са старэйшых беларускамоўных газет для дзяцей “Ранiца” (1993-2012) раней (1929-1993) выходзіла пад назвай “Піянер Беларусі”. У 2012 г. “Раніца” стала дадаткам да рускамоўнага выдання “Переходный возраст” (галоўны рэдактар – Жанна Шчурок). Агульную канцэпцыю абодвух выданняў акрэслівае рэдактар сайта названай газеты: асвятляе пытанні гісторыі Беларусі, адраджэння нацыянальнай культуры; патрыятычнага, працоўнага, фізічнага, эстэтычнага выхавання дзяцей і падлеткаў, расказвае пра дзейнасць дзіцячых згуртаванняў і арганізацый у школах і дзіцячых установах рэспублікі.
Газета “Раніца” – дзве штомесячныя паласы-ўкладышы, першая з якіх змяшчае традыцыйную “Цытату месяца”, а другая “Планета натхнення” – пераважна мастацкія i публіцыстычныя тэксты вучняў школ. Юныя карэспандэнты газеты “Переходный возраст” актыўна друкаваліся на старонках “Раніцы”, спрабавалі сябе ў літаратурна-мастацкай творчасці, публіцыстыцы. Можна сказаць, што “Раніца” была своеасаблівай лабараторыяй, дзе кожны, хто мае жаданне пісаць, можа паспрабаваць свае сілы.
Са студзеня 2021 года выхад газеты “Раніца” быў спынены па ініцыятыве кіраўніцтва выдавецкага дома “Педагагічная прэса” (разам з газетай “Переходный возраст”).
Матэрыялы па пытаннях выхавання дзяцей, мастацкія творы для іх змяшчаюцца і ў навукова-метадычных часопісах “Пачатковая школа”, “Пралеска”, “Роднае слова”, “Адукацыя і выхаванне”, “Пачатковае навучанне”.
Сучасныя беларускія перыядычныя выданні для дзяцей рознага ўзросту выконваюць некалькі функцый: інфармацыйную, пазнавальную, развіваючую, выхаваўчую. Кожная з гэтых функцый мае свае базісныя вектары, скіраваныя на арыентацыю чытача ў свеце жыццёвых узаемаадносін, культуры, літаратуры, мастацтва, духоўнасці і інш. Усе гэтыя вектары ў сваю чаргу перакрыжоўваюцца ў выхаваўчай сферы, якую можна акрэсліць наступным чынам: вучыць любіць, прывіваць любоў, спрыяць шанаванню блізкага i дарагога. У гэтых адносінах перыядычны друк для дзяцей выконвае функцыю педагога, выхавацеля – таму ён павінен быць запатрабаваным ва ўстановах адукацыі [2].
Пытанні
Якія сучасныя перыядычныя выданні для навучэнцаў малодшага школьнага ўзросту вы ведаеце? Ахарактарызуйце іх структуру і змест.
Якія метадычныя часопісы можа выкарыстоўваць педагог для правядзення вычэбных заняткаў па чытанні? Вызначце структуру і змест такіх заняткаў.
Як сфармуляваў задачы рэдакцыі часопіса “Вясёлка” У Ліпскі?
Назавіце рубрыкі часопіса “Вясёлка” і ахарактарызуйце іх змест.
Пазнаёмцеся з інтэрнэт-старонкамі часопісаў “Вясёлка”, “Бярозка” і ацаніце іх паводле наступных крытэрыяў:
1) інфарматыўнасць,
2) даступнасць інфармацы і для дзяцей,
3) дызайн і зручнасць інтэрфейса,
4) рэгулярнасць абнаўлення.
Вылучыце лідара сярод гэтых выданняў.
Замест шматурок’я ўстаўце патрэбную інфармацыю.
Часопіс “Бярозка” – гэта … .
Выдаваўся са … .
Да верасня 1929 года называўся … .
З 1929 года па 1941 год – … .
З чэрвеня 1945 года – сучасная назва … .
Першым галоўным рэдактарам быў … .
З … года галоўным рэдактарам выдання з’яўляецца Яніна Каралёва.
На старонках часопіса змяшчаюцца цыклы гістарычных публікацый пра славутыя мясціны Беларусі: … .
Выхаванню працавітасці, пытанням выбару прафесіі прысвечаны прафарыентацыйныя матэрыялы раздзела … .
У сучаснай “Бярозцы” прадстаўлены наступныя аддзелы: … .
У “Бярозцы” з’явіўся дадатак пра выяўленчае мастацтва … .
“Вясёлка” – самы папулярны i шматтыражны з сучасных беларускамоўных дзіцячых часопісаў, ён мае ўзнагароды … .
Яго першым галоўным рэдактарам быў …, з 1978 г. галоўным рэдактарам часопіса з’яўляецца … .
Асноўныя напрамкі дзейнасці часопіса вызначаны ў першых нумарах: … .
Рубрыкі часопіса … .
Агульны персанаж і адначасова экскурсавод усіх нумароў часопіса – … .
З … г. рэдакцыя “Вясёлкі” распачала выпуск асобнага часопіса “Буся”.
Выданне ўяўляе сабой чытанку-маляванку для маленькіх дзяцей. … – вядучы персанаж-навігатар чытанкі.
Рэдкалегія “Бусі” праводзіць мэтанакіраваную працу па фарміраванні навыкаў вуснага маўлення. Дасягненню гэтай мэты спрыяе рубрыка … .
Літаратура
Андрэева, Е. Адукацыя і педагагічная думка Беларусі : старонкі гісторыі: перыяд беларусізацыі (20-я гг. XX ст.) / Е. Андрэева, Л. Лыч // Пачатковая школа. 2001. № 8. С. 32-33.
Беларуская дзіцячая літаратура : вучэбны дапаможнік / А. М. Макарэвіч [і інш.]; пад агульн. рэд. А. М. Макарэвіча. – Мінск : РІПА, 2016.
Галіноўская, Н. Дарагія чытачы / Н. Галіноўская // Буся. 2013. № 1. С. 2.
Богуш. С. Бусеў слоўнічак / С. Богуш // Вясёлка 2016. № 3. [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу : http://www.veselka.by/?p=9212. – Дата доступу : 08.09.2016.
Дзіцячыя часопісы “Вясёлка” і “Буся” : пра дзяцей i для дзяцей 2011-2016. [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу : https://vk.com/veselkaby. – Дата доступу : 08.09.2016.
Ліпскі, У. “Не выжываю, ажыву!..” : дапаможнік / аўт.-уклад. М . Яфімава. Мінск, 2005.