Галоўная»Тэарэтычны раздзел»Тэма 6.6. Уладзімір Карызна
Галоўная»Тэарэтычны раздзел»Тэма 6.6. Уладзімір Карызна
Тэма 6.6. Уладзімір Карызна
Уладзімір Іванавіч Карызна (1938)
Беларускі паэт, перакладчык, адзін з аўтараў тэксту Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.
Лаўрэат Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1996, у аўтарскім калектыве) – за “Бiблiятэку дзiцячай лiтаратуры народаў СССР” у 15 тамах.
Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны (2002).
Літаратурная прэмія “Залаты купідон” (2007).
Заслужаны дзеяч культуры Беларусі (2008).
Народны паэт Беларусі (2024).
Прэмія прафсаюзаў Рэспублікі Беларусь [1].
Нарадзіўся 25 мая 1938 года ў вёсцы Закружка Мінскага раёна ў сялянскай сям’і. На яго дзяцінства выпала вайна і патрызанскі лес, а пасля папялішча роднай хаты.
У школьным узросце палюбіў паэзію Я. Купалы, Я. Коласа і іншых беларускіх паэтаў, а ў чацвёртым класе напісаў першы ўласны верш. Любоў да літаратуры прывяла на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У студэнцкія гады актыўна наведваў заняткі для самадзейных кампазітараў пры Саюзе кампазітараў Беларусі.
Пасля заканчэння ўніверсітэта па размеркаванні працаваў выкладчыкам беларускай і рускай мовы і літаратуры ў Опсаўскай сярэдняй школе на Браслаўшчыне (1961-1967). У гэты час узначальваў літаратурнае аб’яднанне пры раённай газеце “Браслаўская звязда”.
У Мінск вярнуўся толькі ў 1967 годзе. Працуе загадчыкам аддзела беларускай музыкі Рэспубліканскага радыё, з 1980 года – рэдактарам аддзела навукі і мастацтва ў часопісе “Полымя”. У 1981 годзе перайшоў у выдавецтва “Юнацтва”, з 2002 года – намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Крыніца”.
Першы верш надрукаваў у газеце “Чырвоная змена” ў 1956 годзе. Выдаў кнігі паэзіі “Край мой сінявокі” (1963), “Жураўліны досвітак” (1969), “Святло ліўня” (1972), “Цеплыня” (паэма, вершы, песні, 1977), “Шумяць вербы” (вершы, песні, 1982), “Музыка ў свеце” (1985), “Хвіліна святла” (2003), “Доля Русь наша Белая” (2007), “Зарніцы дзяцінства” (2014) і інш. Тэмы яго твораў – памяць мінулай вайны, шчырая любоў да маці-Радзімы, жыццё і праца, шчасце, радасць і паўсядзённы клопат сучасніка [5].
Вынікам паездкі паэта ў В’етнам і ЗША з’явілася вострапубліцыстычная кніга паэзіі “Расколіна на Звоне Свабоды” (1986).
Працуе Карызна і ў іншых жанрах. Напісаў нямала казак, небыліц, лічылак, загадак. У казках закранаецца спрадвечная тэма дабра і зла. Перамагае, як правіла, нават не той, хто дужэйшы, а больш сумленны.
Аўтар кніжак вершаў для дзяцей “На сяле ў бабулі” (1975), “Кыонг і яго сябры” (1982), “Малююць дзеці” (з А. Вольскім, 1984), “Зямля – два паўшар’і” (1988), “Мір і сонейка для ўсіх” (1990), “Насціна кніжка” (1995) і інш.
Спачатку Уладзімір Карызна набыў вядомасць як паэт-песеннік. У 1960 годзе прагучала ўпершыню яго песня “Беларусь мая сінявокая”, якую выконваў Дзяржаўны хор пад кіраўніцтвам Г. Цітова. Ён аўтар музыкі і слоў больш пяцідзесяці песень.
Выдадзены зборнікі песень з нотамі на словы паэта: “Клубныя вечары” (1979), “Люблю цябе, Белая Русь” (1984), “Салавей спявае” (1990), “Гэта наша Радзіма” (1998).
Шматлікія вершы паэта пакладзены на музыку лепшымі беларускімі кампазітарамі: Ю. Семянякам, Э. Зарыцкім, Я. Глебавым, Дз. Смольскім, І. Лучанком, Э. Ханком, Л. Захлеўным, У. Карызнам-малодшым. Песні “Паверце, дзеванькі”, “Зорачка мая”, “Салавей спявае”, “Дні прыгожыя” і многія іншыя даўно любімыя ў народзе, можна сказаць, сталі класікай. Ніхто з беларускіх паэтаў-песеннікаў апошніх гадоў не можа пахваліцца такой папулярнасцю, як Карызна [4].
Дзіцячая творчасць
У кніжках вершаў для дзяцей паэта – традыцыйнасць тэмы з яе індывідуальным асэнсаваннем. Ва Уладзіміра Карызны не знойдзеш нечаканых эпітэтаў, параўнанняў, але ў вершах заўсёды прысутнічае радасць першаадкрыцця, што прыносіць задавальненне юным чытачам. Асабліва гэта адчувальна ў творах, прысвечаных прыродзе. Часам дастаткова толькі некалькіх слоў, каб паэтычны малюнак стаў запамінальным.
Хораша прагучала кніга ”Лепяць ластаўкі гняздзечкі”. Паэт, з’яўляючыся прыхільнікам традыцыйнай манеры, дакладна ўзважвае нават не кожны радок, а кожнае слова, прамаўляе так, каб той ці іншы вобраз пры ўсёй сваёй арыгінальнасці не адштурхоўваў ад рэальнасці, ствараў выразны малюнак, а думка, закладзеная ў аснову, была важкай. Паколькі галоўная чытацкая аўдыторыя ў дадзеным выпадку – дзеці малодшага школьнага ўзросту, аўтар імкнецца, каб быў як пазнавальны, так і выхаваўчы эфект, а шмат у якіх выпадках і развівалася ў дзяцей назіральнасць, уменне лагічна мысліць.
Пазнаёміўшыся са зборнікам “Лепяць ластаўкі гняздзечкі”, многім захочацца хутчэй даведацца, а што ж гэта за твор, які даў назву ўсёй кнізе. На дваццаць першай старонцы яны і напаткаюць аднайменны верш:
Пад страхою каля рэчкі
Лепяць ластаўкі гняздзечкі,
Насця воч з іх не спускае,
Насця ім дапамагае:
Хлеба, зерня ім выносіць,
А за гэта Насця просіць,
Каб, як стомяцца, не спалі,
Ёй на сон пашчабяталі.
Гэта традыцыйны верш не толькі па форме напісання, але і па змесце. Ды талент ёсць талент, ён абавязкова спрацоўвае ў любым выпадку. Уважліва ўнікнеш у сэнс радкоў і адчуеш, як добра разумее паэт псіхалогію дзяцей. Прачытаўшы верш, заўважаеш, наколькі чуйная душа ў маленькага чалавека, якая спагадлівая яна, як прагне рабіць дабро. Таму Насця і спяшаецца пакарміць птушак. Але ж несумненна, што і захапляецца імі невыпадкова, бо хутчэй за ўсё жыве ў горадзе, а лета праводзіць у вёсцы ў дзядулі з бабуляй ці ў сваякоў. Тут для яе ўсё новае, незнаёмае, а ў нечым і загадкавае. Як і гэтыя птушкі, якія мітусяцца, лепячы для сябе гняздзечка, якіх яна палюбіла. Таму і хочацца дзяўчынцы, каб яны ёй і ”на сон пашчабяталі”.
Паколькі верш напісаны не ад першай асобы, такія думкі ў яе вусны ўкладвае паэт, але зроблена гэта надзіва непасрэдна, натуральна. Таму і складваецца ўражанне, што ўсё прамаўляе сама Насця. Дарэчы, гэтакім шляхам ідзе Уладзімір Карызна і ў шматлікіх іншых вершах, героі якіх Насця і хлопчык Ваня, найбольш любімыя яго персанажы, хутчэй за ўсё, маюць прататыпаў. Дый іншыя дзеці “прапісаліся” ў вершах. Як з ручайка пачынаецца рака, так і з тонкага псіхалагічнага спасціжэння душы дзяўчынак і хлопчыкаў нараджаецца да паэта давер.
Уладзімір Карызна, па сутнасці, не выдумляе свае вершы, хоць і мае багатую творчую фантазію, а як бы спісвае іх з натуры, толькі па-майстэрску ўзнаўляючы ўнутраны свет дзяцей, чуйна заўважаючы тое, што ў пэўнай сітуацыі можа з’явіцца ў іх думках. Адзін з самых характэрных прыкладаў таму – верш “Рукавічкі для сінічкі”:
Звязала Насця
Для сінічкі
З пуховых нітак
Рукавічкі.
А як памераць іх –
Не знае:
Сінічка тая
Уцякае.
Калі ж чытаеш верш “Самая лепшая”, ніякага сумнення ў тым, што ён “напісаны” самой дзяўчынкай, якая вельмі любіць сваю маму:
Весняй зараначкай свеціць,
Лашчыць,
Як звон ручая,
Самая, самая лепшая ў свеце
Мама мая.
Ёсць у кнізе і гумарыстычныя, жартоўныя творы. Ёсць і лічылкі, а таксама небыліцы. Вершы, якія адносяцца да апошняга жанру, калі яны дасціпныя, нязменна прыхільна сустракаюцца дзецьмі. Так успрымуць яны і гэтую небыліцу:
У вадзе расце капуста,
Рыба ў полі ходзіць густа.
Дрэвы ў клубе польку скачуць,
Аж са смеху мухі плачуць.
Арыгінальнымі атрымаліся і загадкі, у тым ліку і песенныя, аб’яднаныя назвай “Насця і Янка” (нічога падобнага раней сустракаць не даводзілася). Што тычыцца казак, то ў зборніку прадстаўлены дзве разнавіднасці гэтага жанру: творы, у якіх, няхай і апасродкавана, прысутнічае фальклорная аснова, і казкі, цалкам народжаныя аўтарскай фантазіяй. Але і ў першым выпадку Уладзімір Карызна па-свойму разгортвае сюжэт, таму гэта дае падставы і пра падобныя казкі сцвярджаць, што яны арыгінальныя.
Сімвалічна ўспрымаецца казка “Іграй, жалейка, не змаўкай…”, якая завяршае кнігу. Яна – яшчэ адзін напамін пра тое, што толькі аптымізм, жыццялюбства давалі сілы выжыць беларускаму народу на ветравейных скразняках часу, а гэтай барацьбе за выжыванне шмат дапамагалі народныя песні, мелодыі, увасабленнем якіх з’яўляецца жалейка. Пакуль яна будзе гучаць, датуль і жыць Беларусі [3].
Пытанні
1. Зрабіце самастойны агляд кніжак для дзяцей “Замля – два паўшар’і”, “Іграй, жалейка, не змаўкай”, “Насціна кніжка”, “Мір і сонейка для ўсіх”.
Зборнік “Іграй жалейка, не змаўкай” – вынік саракагадовай актыўнай творчай даейнасці вядомага паэта, лаўрэата Дэяржаўнай прэміі і прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У яе ўвайшлі такія раней папулярныя і любімыя дэецьмі творы, як паэма “Кыонг і яго сябры”, “Зямля – два паўшар’і”, вершы, казкі, загадкі, пацешкі, а таксама новыя казкі, вершы, небыліцы, загадкі, якія адлюстроўваюць сённяшняе жыццё.
1. Жанравая разнастайнасць зборніка для дзяцей: агульная характарыстыка аўтарскіх вершаў, казак, небылічак, лічылак, загадак.
Лірыка для дашкольнікаў У. Карызны дастаткова багатая ў тэматычным аспекце: тэмы радзімы, родных вытокаў, бацькоўскай хаты, роднай мовы, чалавека і прыроды, ваеннага ліхалецця арганічна ўвайшлі ў творчы арсенал паэта. Паэт амаль у кожным вершы вяртаецца на сваю малую радзіму і вядзе шчырую размову з навакольным асяроддзем, з Матухнай-прыродай, бацькоўскай хатай, рэкамі і азёрамі, дубровамі і гаямі і сваімі ўлюбёнымі птушкамі – бусламі.
Ахаратрызуйце вершы наступных тэматык:
- тэма Радзімы ў вершах “Наша Беларусь”, “Песня аб родным”, “Адкуль пачалася Радзіма”;
- паэтызацыя прыроды ў вершах “Лісце прыляцела”, “Чэрвень”, “А дзе жама?”.
2. Творчыя знаходкі, фантазія, майстэрства мастацкай дэталі ў творах для дзяцей.
3. Агульначалавечыя каштоўнасці сталі для паэта выразным арыенцірам, жыццесцвярджальнымі: узвышэнне з’яў і пачуццяў, узрушанасць перажыванняў, рамантызаваная вобразнасць, аптымізм, шчырасць, даверлівасць паэтычнай мовы ў дзіцячай паэзіі У. Карызны.
Зрабіце канспек пытанняў № 2,3,4.
4. У.Карызна прызнаны ў рэспубліцы як паэт-песеннік; больш за 200 яго вершаў пакладзена на музыку лепшымі беларускімі кампазітарамі: Ю.Семянякам, Я.Глебавым, Д.Смольскім, I.Лучанком, Э.Ханком, Л.Захлеўным, Э.Зарыцкім, У.Карызнам-малодшым. [2].
Якія песні карыстаюцца папулярнасцю ў народных вакальных калектываў, а якія песні з’яўляюцца неад’емнай часткай рэпертуару Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г. I. Цітовіча?
5. Багаты пласт песеннай лірыкі У. Карызны вельмі шырокі і пастаянна папаўняецца. Творчы тандэм з сынам Уладзімірам стаў своеасаблівай візітоўкай пісьменніка.
Згадайце сумесна напісаную песню бацькі і сына.
Літаратура
Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто – Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. – Мн. : БелЭн, 1999. – Т. 8. – 576 с. – 10 000 экз.
Захлеўны, Л. “Я знаю, хто любіць душою…” : слова пра У. Карызну / Л. Захлеўны // Роднае слова. – 1998. – № 5. – С. 184-197.
Карызна, У. “Як чалавек і паэт я пачаўся з музыкі…” / гутарыла Н. Кірпічэнкава // Культура. – 2005. – 10-16 снеж. – С. 6.
Макаревич, В. А в поле верба…: штрихи к портрету В. Каризны / В. Макаревич // Нёман. – 2003. – № 9. – С. 164-178.
Уладзімір Карызна // Беларускія пісьменнікі (1917-1990) : Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі; нав. рэд. А. Л. Верабей. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 268.