Галоўная»Практычны раздзел»Літаратурна-мастацкі аналіз адпавяданняў У.Ягаўдзіка
Асобнай старонкай літаратурнай дзейнасці пісьменніка з’яўляюцца творы для дзяцей. Казкі, змешчаныя ў кнізе “Сонейка, свяці!” (1988), былі розныя па тэматыцы творы, некаторыя з якіх пазней выходзілі асобнымі выданнямі ў серыі для малодшага школьнага і дашкольнага ўзросту: “Царэўна ў падземным царстве” (2000), “Медзяны Дзядок” (2014), вучаць маленькіх чытачоў адрозніваць добрае ад ліхога, прыгожае ад брыдкага, абуджаюць неабыякавае стаўленне да свету. У іх аўтар шырока выкарыстоўвае вобразы і сюжэты беларускага фальклору. Найбольш папулярнымі сталі “Ці вернецца князь Кук”, “У царстве вадзяніка”, “Дзівосны карабель”.
Пісьменнік па-свойму трактуе некаторыя міфалагічныя сюжэты, часта звыклым успрыманням раптам прапаноўвае парадаксальнае вырашэнне некаторых прыродных з’яў. Вось і ў казцы ”Ці вернецца Кук” Ул. Ягоўдзік істотна мяняе народную легенду пра зязюлю як бяздомную птушку. Раптам высвятляецца, што зязюлі – гэта зачараваныя людзі. I каб вярнуцца ім у свой першародны стан, яны павінны адшукаць і для людзей таксама страчаны чароўны посах. Усе птушкі адпраўляюць у пошукі Кука, мужа Кукулі, зязюлі. Але праблема аказалася невырашальнай: па сённяшні дзень князь Кук шукае тое зачараванае дрэва, якое дапаможа зноў вярнуцца ў асяроддзе людзей. А зязюля чакае яго і кожнае лета кліча хутчэй вярнуцца [1].
У кнігу “Сонейка, свяці!” увайшлі дзве казкі: “Прыгоды званочка”, “Зайка, тупні ножкай!..”.
Заданне 1. Прачытайце казку “Прыгоды званочка”.
Заданне 2. Дапоўніце змест казкі. Замест шматкроп’я ўстаўце герояў казкі.
У казцы “Прыгоды званочка” галоўным героем з’яўляецца … (жавараначак Званочак). Ён захапляецца навакольным светам, любіць пах жытнёвага поля, спачувае … (каласку Жытнёвіку), зламанаму страшэннай віхурай, але і ганарыцца ім, бо раслінка не скараецца злой долі і хоча зноў узняцца да … (сонечнага святла), таму вядзе змаганне з жорсткім … (Асотам), які хоча прыціснуць каласок да зямлі, каб самому раскашаваць на сонцы. Званочак усяляк імкнецца дапамагчы свайму сябру, песняй папрасіць падтрымкі ў … (Сонца), як гэта рабілі яго маці і тата, але ён яшчэ не навучыўся спяваць, ледзь не стаў ахвярай … (коршака), бо неабдумна пакінуў роднае гняздо. Ратуючы Званочка, загінулі яго … (бацькі).
Заданне 3. Пытанні да аналізу казкі.
Якое філасофскае адценне набывае твор?
У які момант жавараначак адчувае сябе сярод ляснога птаства нейкім ізгоем?
Чаму не заўсёды слабейшы можа знайсці падтрымку ў мацнейшых?
Каб ажыццявіць пастаўленую высакародную мэту, Званочак праходзіць годна праз усе выпрабаванні. Якія?
Чаму Сонца схавалася за хмару?
Для чаго Званочак узвіўся ў неба?
Якія адмоўныя рысы характару пісьменнік асуджае, а што сцвярджае?
Завяршаецца казка ўзнёслымі словамі: “Звіні, Званочак! Звіні заўсёды!” Растлумачце, як вы іх разумееце?
Заданне 4. Самастойна прачытайце казку “Зайка, тупні ножкай!..” Зрабіце пісьмовы літаратурна-мастацкі аналіз твора.
Легенды, паданні, загадкі, лічылкі, скорагаворкі, забаўлянкі, гульні, прыказкі і прымаўкі, народныя прыкметы ўключаны таксама ў творы, якія ўвайшлі ў кнігі “Ці вернецца князь Кук?” і “Янка і Ружа” (1993). Гэтыя творы, прысвечаныя роднай прыродзе.
У аповесцi “Янка i ружа” сюжэт убiрае ў сябе дзве раўназначныя часткi: у краiне Летавеччыне, дзе кiраваў разумны Уладар, людзi жылi шчаслiва, а ў суседнiх – Зубонii i Пузонii – гаравалi, бо iх каралi вялi бясконцыя войны. Цёмныя сiлы замыслiлi разбурыць шчасце i ў Летавеччыне. Балотнiца падманам зацягвае ў багну Уладара i Уладарку, калi тыя неаглядна кiнулiся шукаць кветку шчасця ў Купальскую ноч, а здрадлiвых пузонскага i зубонскага каралёў прымушае служыць сабе, якiя ў дадзеных Балотнiцай масках Уладара i Уладаркi з’яўляюцца ў каралеўскiм замку.
Першы мiнiстр Бабур таксама прагне захапiць уладу, таму ўступае ў хаўрус з цёмнымi сiламi. Калi дзецi спрабуюць з высокай вежы запусцiць летаўцоў, каб такiм чынам парадаваць дзяцей i ў суседнiх краiнах, iх жорстка караюць: усiх хлапчукоў забiраюць у салдаты i адпраўляюць на вайну. Не могуць дапамагчы тут i Нянька, i Начальнiк варты, якiя захоўваюць адданасць ранейшым iдэалам. Нянька толькi паспявае перадаць свайму прыёмнаму сыну Янку жытнi каласок, якi павiнен вярнуць яго дадому. Каб Ружа не заўважыла ўсiх жахлiвых змен у дзяржаве, ёй дараць замежныя чароўныя акуляры. Хцiўцы дабiваюцца свайго: багна падступае амаль да самага палаца, знiкла светлая рэчка, няма збожжавых палёў. Аднак жытнi каласок прыводзiць Янку ў родныя мясцiны, ён аб’яўляе вайну цёмным сiлам. З дапамогаю Нянькi i Начальнiка варты ўдаецца напалову ачысцiць Святлынь-раку, пасеяць жыта, на адваяваных у балота палетках. Нарэшце Ружа, пазбаўленая чароўных акуляраў, букетам жытнёвых каласоў дакранецца да ўяўных уладароў – з iх спаўзаюць маскi, усе бачаць, што гэта зубонскi i пузонскi каралi, якiя тут жа ператвараюцца ў гадзюк, Бабур жа – у аблезлага пацука. Справядлiвасць адноўлена [1].
Заданне 1. Да чаго ў гэтай аповесцi пiсьменнiк звяртаецца?
Заданні 2. Знайдзіце ў тэксце сімвалічныя прыкметы Беларусi. Выпішыце іх апісанні ў сшытак.
Заданне 3. Што сімвалізуе ў казцы барацьба з тванню? Якія пачуцці можна выхоўваць у дзяцей праз змест аповесці-казкі? Напішыце свае разважанні.
Гістарычная тэма ў творчасці У. Ягоўдзіка прадстаўлена кнігай “Сем цудаў Беларусі”. Змест кнігі мае вялікае значэнне ў патрыятычным выхаванні дзяцей, у абуджэнні іх прагі пазнання, цікавасці да гісторыі Бацькаўшчыны.
Гэта кніга, створана на мяжы XX і XXI стагоддзяў, адкрывае серыю літаратурна-мастацкіх выданняў з аднайменнай назвай “Сем цудаў Беларусі”. У наступных кнігах серыі – легенды пра чароўныя пацеркі – рэкі і азеры, апавяданні аб легендарных беларускіх гарадах, рэдкіх і зніклых птушках і жывёлах нашага краю, а таксама шмат іншага цікавага і пазнавальнага.
У склад кнігі ўвайшлі сем невялічкіх расповедаў пра рэчы, якія кожны сумленны беларус павінен не толькі ведаць, але і ганарыцца імі. Аўтар у замальнай і даступнай для дзяцей форме распавядае пра Белавежскую пушчу, крыж-святыню Еўфрасінні Полацкай, “Біблію” Францыска Скарыны, Сынковіцкую царкву-крэпасць пад Слонімам, Статут Вялікага княства Літоўскага, Слуцкія паясы і Нясвіжскі палац.
Нельга не зазначыць, што першае на што звяртаеш увагу – гэта вялікія і прыгожыя ілюстрацыі. Напісана выданне прыемнай мовай, думка выкладаецца паступова. Складнасць тэксту і прыгожае афармленне робіць гэтую кнігу прыемнай для чытання і пакідае жаданне хутчэй узяць у рукі наступную кнігу з серыі [1].
Заданне 1. Падрыхтуйце падарожжа-прэзентацыю па гістарычных месцах, апісаных аўтарам у кнізе.
Заданне 2. Складзіце маршрут, карыстаючыся геаграфічнай картай Беларусі, па ўсіх абласцях нашай краіны. Завочна пабывайце ў Брэсце, Віцебску, Мінску, Гомелі, Гродне, Магілёве. Раскажыце пра іншыя знакавыя месцы нашай краіны.
Літаратура
Беларуская дзіцячая літаратура : вучэб. дапам. для студэнтаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне выш. адукацыі па спец. “Пачатковая адукацыя“,“Пачатковая адукацыя. Дадатковая спецыяльнасць“ / [А. М. Макарэвіч і інш]. – Мінск, 2008.
Уладзімір Іванавіч Ягоўдзік // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. – Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992-1995.