Галоўная»Тэарэтычны раздзел»Тэма 5.8. Рыгор Барадулін
Галоўная»Тэарэтычны раздзел»Тэма 5.8. Рыгор Барадулін
Тэма 5.8. Рыгор Барадулін
Рыгор Іванавіч Барадулін (1935-2014)
Асноўныя паняцці і тэрміны: алітарацыя, анакалуф, полісіндэтон.
Рыгор Іванавіч Барадулін лічыў, што яму пашанцавала нарадзіцца ў літаратурным рэгіёне, бо яго землякамі былі Пятрусь Броўка, Васіль Быкаў, Еўдакія Лось... А на віцебскай зямлі скрыжоўваліся гістарычныя шляхі і інтарэсы нашых мужных продкаў з рознымі заваёўнікамі. Гэта вельмі яскрава адаб’ецца пазней у творчасці Р. Барадуліна:
Віцебшчына! Ты лёсам
Нявыпешчана – Ты войнамі выпесчана...
Рыгор Барадулін – беларускі і савецкі паэт, эсэіст і перакладчык.
Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, Знак Пашаны, латвійскім ордэнам Трох Зорак, атрымаў званне Афіцэра Ордэна (4 ступень) 23 красавіка 1997 г., медалем Францыска Скарыны.
Ганаровы доктар БДУ і ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна. Рыгор Барадулін – апошні беларус, якому надалі званне народнага паэта (1992 г.). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1976 г.) і Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы (1976 г.) за зборнік вершаў “Рум” і пераклады Гарсіі Лоркі. У 2006 г. кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры за зборнік вершаў “Ксты” [1].
Гласарый
Алітарацыя – паўтарэнне аднолькавых зычных гукаў у вершаваным творы.
Анакалуф – рытарычная фігура, якая складаецца ў няправільным граматычным узгадненні слоў у сказе, дапушчаная па недаглядзе ці як стылістычны прыём...
Полісіндэтон – стылістычны прыём, сутнасць якога – у выкарыстанні адных і тых жа злучнікаў паміж аднароднымі словамі і сказамі. Ужываецца даволі часта ў фальклорных творах.
Пытанні
Якія эпізоды з маленства і юнацтва Р. Барадуліна вам запомніліся? Чаму? (гл. дапаможны блок)
Што паўплывала і хто ўздзейнічаў на фарміраванне светапогляду будучага паэта?
Раскажыце аб прыходзе майстра слова ў літаратуру. Назавіце пісьменнікаў – прадстаўнікоў філалагічнага пакалення.
На падставе эсэ “На таку майго веку” ў кнізе Р. Барадуліна “Аратай, які пасвіць аблокі” (1995) падрыхтуйце паведамленне ”Сын і маці”.
Вызначце ідэйны змест вершаў Р. Барадуліна “Самая прыгожая”, “Восьмы дзень сакавіка”. Назавіце іншыя творы паэта, сугучныя гэтаму. Як метафары дапамагаюць увасобіць аўтарскую задуму?
Прачытайце верш Р. Барадуліна “Бацьку” і акрэсліце, дзе ў творы перадаюцца пачуцці юнака, а дзе – дзіцяці. Чаму салдаты, якім пашчасціла вярнуцца з вайны, гаварылі хлопчыку: “Прыедзе...”? З якім пачуццём юнак вяртаецца ў родны дом? Якая роля вобраза вяза ў вершы? Чаму паэт заўжды быў гатовы зняць шапку перад невядомай магілай?
Падрыхтуйце кадраплан верша “Колькі раніц месціць ранец”.
Якія думкі і пачуцці выклікаюць вершы ”Красавік”, “Як восень дрэвы ашукала”, “Год-карагод”?
Дакажыце прыкладамі з вершаў “Цi пазяхае бегемот?”, “Хто дагары нагамi?”, “Цi аса, цi куса?”, “Як быць?”, “Ты чуў? Ты чула?”, што яны праз пытаннi выклікаюць у дзяцей асацыяцыі мастацкага мыслення.
Вывучыце на памяць верш Р. Барадуліна “Калыханка”.
Выканайце тэставае заданне.
Літаратура
Беларуская дзіцячая літаратура : вучэбны дапаможнік / А.М. Макарэвіч [і інш.]; пад агульн. рэд. А.М. Макарэвіча. – Мінск : РІПА, 2016.
Макарэвіч, А.М. Беларуская дзіцячая літаратура ў тэрмінах і паняццях : дапаможнік/А.М. Макарэвіч, В.I. Караткевіч ; падагул. рэд. А.М. Макарэвіча. – Магілёў : МДУ імя А.А. Куляшова, 2014. – 140 с.
Рыгор Барадулін [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу : https://radzimaphoto.com. – Дата доступу: 15.11.2024.
Рыгор Барадулін з маці Акулінай Андрэеўнай [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу : https://narbel.bsu.by. – Дата доступу: 15.11.2024.