Галоўная»Практычны раздзел»Літаратурна-мастацкі аналіз твораў У.Ліпскага
Уладзімір Ліпскі – аўтар шматлікіх кніг для дзяцей і дарослых, старшыня праўлення Дзідячага фонду Рэспублікі Беларусь, на працягу трыццаці сямі гадоў з’яўляецца галоўным рэдактарам часопіса “Вясёлка”.
Дзённікі, апавяданні, казкі, прыгодніцкія аповесці, краязнаўчыя нарысы – багатая і разнастайная літаратурная спадчына, створаная для дзяцей У. Ліпскім.
У. Ліпскі – аўтар кніг для дзяцей “Рыгоркавы прыгоды” (1974), “Марынчына казка” (1977), “Клякса-Вакса і Янка з Дзіўнагорска” (1982), “Споведзь Шпундзіка” (1988), “Як Бог стварыў свет” (1993), “Вясёлая азбука” (1992), “Пра Андрэйку Добрыка і чорціка Дуроніка” (1992), “Антонік-Понік” (1998), “Каралева белых прынцэс” (2001), “Наша Маша” (2001), “Прыгоды Нуліка” (2007), “Я тут жыву” (2008), “Свіцязянская русалка” (2009), “Янкаў вянок: дзецям пра Янку Купалу” (2009), “Азбука жыцця” (2010), “Вясёлка над Нёманам” (2011), “Сонца над галавой” (аповесць-ліставанне, пісьмы да ўнука, 2013), “Залаты домік” (казкі на рускай мове, 2013), “Сакрэты колераў вясёлкі” (2014) ”[1].
Пісьменнік лёгка знаходзіць тэмы, займальныя сюжэты, сітуацыі, умее захапіць дзяцей цікавай i карыснай гульнёй, усхваляваць, зачараваць беларускім словам. Творы У. Ліпскага для дзяцей пазбаўлены залішняй павучальнасці, маралізатарства, пісьменнік размаўляе з юнымі чытачамі на даступнай, зразумелай ім мове.
Першая кніга – аповесць-казка для дзяцей “Рыгоркавы прыгоды” – выйшла ў 1974 г., перавыдадзена ў 2013 г. “Рыгорка – хлопчык як хлопчык, – Жыве ў горадзе. Ходзіць у дзіцячы сад. Умее маляваць. Любіць розныя прыгоды. Здараюцца часам з ім усялякія гісторыі. Хачу вам расказаць пра некаторыя Рыгоркавы прыгоды. Няхай хто пасмяецца, а хто і пра сябе падумае. Пасля такой шчырай гаворкі-запрашэння паміж пісьменнікам і дзецьмі ўсталёўваецца атмасфера даверу і ўзаемаразумення, а Рыгорка становіцца блізкім сябрам, хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаюць у ім сябе, прыгадваюць свае радасці, засмучэнні, адкрыцці [4].
Заданне 1. Прачытайце аповесць-казку “Рыгоркавы прыгоды”.
Заданне 2. Рыгорка – герой кнігі – хлопчык, фантазіруючы, пабываў салдатам-танкістам, касманаўтам, будаўніком чыгункі, канструктарам высачэзнай вежы, спрабаваў нават стаць чараўніком. Бацькам хапала клопату з гэтым вынаходцам, але і радавала тое, што хлопчык рос цікаўным, спагадлівым, шчырым, умеў адгукнуцца на ласку. Перакажыце гісторыю на ваш выбар, якая здарылася з Рыгоркам. Дайце ацэнку паводзінам хлопчыка.
Заданне 3. У кнізе шмат прыгод, дынамічных, займальных дыялогаў, якія ў многім дапаўняюць псіхалагічны партрэт Рыгоркі, адпавядаюць яго ўзросту, падкрэсліваюць яго непасрэднасць. Успомніце пытанні свайго дзядзькі Сашы, на якія з задавальненнем адказвае хлопчык, дзеліцца з ім навінамі дзіцячага садка.
Адкінуўшы ранейшыя свае творчыя планы, пісьменнік напісаў кнігу, сама назва якой апякае болем. У кнізе “Падкідыш” (1992) пісьменнік узняў голас у абарону дзяцей, прадоўжыў і ўзбагаціў гуманістычныя традыцыі айчыннай мастацкай літаратуры, якая на працягу ўсёй сваёй гісторыі не была абыякавай да іх лёсу. Аднак не было твора, у якім бы пісьменнікі на поўны голас, дакументальна дакладнымі лічбамі, фактамі загаварылі пра пакуты дзяцей, пра іх сіроцтва (нярэдка пры жывых бацьках), пра крызіс сям’і, сямейнага выхавання.
Глыбока кранаюць сэрцы чытачоў жудасныя прыклады, пра якія распавядаецца ў кнізе, факты, нават само тлумачэнне аўтарам слова “падкідыш”. Яно мае некалькі значэнняў, сярод іх галоўнае, відаць, такое: “Падкідыш” – дзіця, якое падкінулі ў пад’езд, выкінулі на сметнік, пакінулі на вакзале, у скверы, парку, кінулі на волю лёсу”.
Але ці можна назваць высокім словам “Маці” тых бяздушных зязюль, што кідаюць сваіх дзетак, здзекуюцца з іх? Аўтар з болем канстатуе: абыякавасць бацькоў да дзяцей, бяздумныя адносіны да іх прагрэсіруюць [4].
Заданне 1. Прачытайце кнігу “Падкідыш” У. Ліпскага.
Заданне 2. Узнавіце ў памяці наступныя гісторыі: Вадзіма Папова знайшлі ў лесе, ён, халодны і сплаканы, ляжаў у кустах, на выгляд меў чатыры месяцы... Марата Чарнова заўважылі ў Калінкавічах у пад’ездзе аднаго з дамоў. Валодзю Трыбелустава міліцыя знайшла ў Гомелі на станцыі, на выгляд яму было месяцаў сем-восем...
Праблемы дзяцінства і сям’і знаходзяцця ў цэнтры ўвагі У. Ліпскага ў кнізе “Бацькі і дзеці” (1995, 2002; аўтарскае вызначэнне жанру кнігі – дзённікі). Кніга складаецца з сямі раздзелаў: “Шукай сябе”, “Дай, Божа, дзецям долю”, “Пакуль жывуць буслы”, “Ачысцім нашы душы”, “У імя Айца, Сына i Святога Духа”, “Вясёлка надзеі”, “Снег на галаве”, якія нагадваюць завершаныя творы. Аўтар згадвае жудасныя сваёй непрыдуманасцю гісторыі: маці забівае толькі што народжанае дзіця, бацька гвалціць малую дачку, падлетак – вясковую бабулю... I ніякага апраўдання няма таму, хто ўчыніў падобныя злачынствы.
У кнізе “Бацькі і дзеці” – крык душы, заклік берагчы дзяцей, аптымістычная вера пісьменніка ў тое, што ўсё можна змяніць да лепшага. У. Ліпскі верыць, што жыве дабрыня, жыве міласэрнасць сярод людзей. Пра чулых людзей, якія, нібы родных, даглядаюць дзяцей у інтэрнатах, дамах сямейнага тыпу, пісьменнік гаворыць з павагай і ўдзячнасцю.
У кнізе пісьменнік вынес на абмеркаванне набалелыя праблемы сям’і і дзяцінства. У гэтым творы ўвасоблены крык душы аўтара, яго заклік берагчы дзяцей, калі мы хочам мець заўтрашні дзень, працяг жыцця на зямлі. У параўнанні з кнігай “Падкідыш” тут прыведзена больш негатыўных фактаў, і статыстыка тут больш трывожная: павялічваецца колькасць разводаў, множыцца колькасць падкідышаў.
У кнізе “Бацькі і дзеці” шмат сумнага, часам трагічнага, але пачуццяў адчаю, безвыходнасці яна не выклікае, бо ўвесь час кантрастна ў адносінах да цёмнага тут адчуваецца святло [5].
Заданне 1. Прачытайце кнігу “Бацькі і дзеці” У. Ліпскага.
Заданне 2. Немагчыма без душэўнага болю чытаць раздзелы кнігі “Пакуль жывуць буслы”, “Ачысцім нашы душы”, “У імя Айца, Сына і Святога духа”. У выніку чаго з’явіліся такія раздзелы ў кнізе? Якія праблемы ў сувязі з гэтым узніклі ў дзяцей і падлеткаў? Перакажыце блізка да тэксту гэтыя раздзелы. Якія ўражанні выклікаюць у вас гэтыя раздзелы?
Творчая індывідуальнасць У. Ліпскага як дзіцячага пісьменніка-фантазёра, прыдумшчыка, гумарыста арыгінальна выявілася ў яго фантастычна-прыгодніцкіх аповесцях ”Пра Андрэйку Добрыка і чорціка Дуроніка”, “Клякса-Вакса і Янка з Дзіўнагорска”, якія ўвайшлі ў кнігу ”Каралева белых прынцэс”.
Прыгодніцкая аповесць “Пра Андрэйку Добрыка і чорціка Дуроніка” (1992) адрасавана дзецям малодшага школьнага ўзросту. Чорцік Дуронік – цацка Андрэйкі, якая згодна з асаблівасцямі казачнага жанру набывае рысы адушаўлёнай істоты: ператвараецца ў жывога, непаседлівага, гарэзлівага чорціка, які ўвесь час суправаджае свайго гаспадара Андрэйку.
Загадкавы персанаж – чорцік Дуронік; варта адразу зазначыць, што гэтая мянушка ніякім чынам па сэнсе не звязана са словамі дурань ці дурны. Жывы, непаседлівы Чорцік Дуронік любіць дурэць, адсюль і мянушка – Дуронік. Ён неадлучны ад Андрэйкі Добрыка, заўсёды пры ім, толькі ніхто гэтага жэўжыка-хітруна не бачыць. Хаваецца чорцік у валасах, за вухам Андрэйкі, нават у каўпачку да Андрэйкавай ручкі. Што гэта за таямнічая істота? Можа, цацка чорцік, якая ёсць у Андрэйкі? А ці не той гэта чорцік, які жыве ў самім хлопчыку, то падтрымліваючы свайго гаспадара і нешта падказваючы яму, то падбухторваючы яго на легкадумныя ўчынкі? Гэта з-за чорціка Дуроніка адказаў Андрэйка крыўднай дражнілкай на дражнілку верхаводкі Ларыскі. З-за яго без дазволу адкусіў кавалак бутэрброда ў таўстуна Сяргея і набраўся непрыемнасцей. А як жа настойліва падгаворваў чорцік Дуронік свайго малога гаспадара ўзяць з сабой у школу пластмасавую трубачку і пяць гарошын.
Уражвае юных чытачоў эпізод, калі першакласнік Андрэйка едзе на белавежскім зубры на сустрэчу з цёткай Лянотай, якая разбурыла замак Алфавіт. Лянота не любіць старанных, дапытлівых дзяцей, стварае перашкоды на шляху да ведаў. Толькі спачатку хлопчыку было крыху страшнавата, але потым, пераадолеўшы страх, ён трымаўся ў размове з Лянотай упэўнена, мужна. Тая, як магла, адгаворвала Андрэйку ад ідэі ўзнаўлення разбуранага ёю замка Алфавіт, спакушала яго казачнымі астравамі Цукерак, Марожанага, Цацак, дзе ён можа выбраць усё, што захоча. Аднак не паддаўся хлопчык ніякім угаворам. А калі зразумеў, што Лянота хітруе, вымушаны быў узяцца за кій – і ўмомант зніклі перапалоханыя слугі Ляноты і сама яна. Аднаўленню замка Алфавіт цяпер нічога не перашкаджала.
Змест твора багаты на прыгоды і казачныя пераўтварэнні, аўтар сцвярджае, што дабро і справядлівасць непераможныя. Андрэйка Добрык разам ca сваімі новымі сябрамі Васем Вясёлкіным, Мурзілкам, Барвінкам і дзяўчынкай Алесяй пераадольваюць усе выпрабаванні ў барацьбе з Лянотай, трапляюць на востраў Букварыю, разгадваюць тайну разбойнікаў, што разбурылі замак Алфавіт, і атрымліваюць перамогу [3].
Заданне 1. Прачытайце аповесць “Пра Андрэйку Добрыка і чорціка Дуроніка”.
Заданне 2. Чытаючы аповесць, дзеці маюць магчымасць выконваць заданні разам з героямі твора. Якія заданні выконваюць героі прыгодніцкай аповесці?
Заданне 3.У. Ліпскі звяртае ўвагу на літару “Я” i значэнне адпаведнага слова “Я”. Да якой высновы падштурхоўвае аўтар дзяцей? Працуючы над выхаваннем лепшых якасцей асобы, якія рысы характару патрэбна фарміраваць у дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўросту?
Казачныя падзеі ў аповесці-казцы У. Ліпскага “Клякса-Вакса і Янка з Дзіўнагорска” (1982) цесна пераплятаюцца з паўсядзённасцю: “Не за сінімі морамі, не за высокімі горамі, не на іншай планеце, а на нашай зямлі – у горадзе Дзіўнагорску – жыў хлопчык Янка. Быў ён белабрысы, рухавы, усім цікавіўся і вельмі сумаваў праз тое, што ў Дзіўнагорску не адбывалася ніякіх дзівосаў”. Але цуды сталі адбывацца, калі іх з’яўлення Янка менш за ўсё чакаў. Аднойчы, калі хлопчык застаўся адзін дома, узяў татаву туш і пачаў маляваць. Захапіўшыся, Янка не заўважыў, як па неасцярожнасці бутэлечку з тушшу перакуліў. Пасялілася ў сшытку Янкі вялізная клякса, якая стала, як ні дзіўна, жывой і сама прадставілася хлопчыку: “А я Клякса-Вакса”. З гэтага моманту і пачаліся для Янкі незвычайныя прыгоды, пра якія марыў хлопчык [3].
Заданне 1. Прачытайце аповесць-казку У. Ліпскага “Клякса-Вакса і Янка з Дзіўнагорска”.
Заданне 2. У якіх незвычайных прыгодах давялося Янку прыняць удзел, каб адшукаць Пяцёрку, якая знікла з яго сшытка?
Заданне 3. Апішыце падарожжа хлопчыка ў горад Казак і горад Лічбаў.
Заданне 4. Аўтар у аповесці-казцы нагадвае дзецям пра неабходнасць быць добразычлівымі, спагадлівымі, смелымі на шляху да перамогі дабра над злом. Якія сакрэты дапамагае дзецям спасцігнуць аўтар у авалоданні ведамі.
Літаратура
Беларуская дзіцячая літаратура : вучэбны дапаможнік / А. М. Макарэвіч [і інш.]; пад агульн. рэд. А. М. Макарэвіча. – Мінск : РІПА, 2016.
Буторына, І.А. Свой у краіне дзяцінства : сустрэчы з творамі Уладзіміра Ліпскага : вучэб.-метад. дапаможнік / І.А. Буторына. Мінск, 2010. С. 4.
Ліпскі, У. Клякса-Вакса і Янка з Дзіўнагорска / У. Ліпскі. Мінск, 1982. С. 4.
Ліпскі, У. Падкідыш / У. Ліпскі. Мінск, 1992. С. 5.
Ліпскі, У. Бацькі і дзеці / У. Ліпскі. Мінск, 2002. С. 192.
Падліпская, З. Чалавечае і пісьменніцкае шчасце Уладзіміра Ліпскага : інтэрв’ю / З. Падліпская // Роднае слова. 2012. № 4. С. 6.
Яфімава, М. Верны сябра дзяцей / М. Яфімава // Азбука жыцця : кн. для дзяцей / У. Ліпскі. Мінск, 2010. С. 202.