Галоўная»Практычны раздзел»Літаратурна-мастацкі аналіз вершаў Ніла Гілевіча
Ніл Гілевіч, глыбока ведаючы жанрава-стылёвую спецыфіку народнай паэзіі, узяў на эстэтычнае ўзбраенне ўсё самае каштоўнае, што ў значнай ступені абумовіла поспех яго твораў для маленькіх чытачоў, і найперш уменне гаварыць проста і даходліва, жартаваць, ствараць эмацыйную інтрыгу, завастраць дзеянне, выказвацца вобразнай мовай.
Асабліва плённы набытак паэт мае ў жанры загадкі. Гэты папулярны жанр дзіцячай творчасці шырока прадстаўлены ў кнігах Н. Гілевіча “Сіні домік, сіні дом...”, “Загадкі”, “Шчаслівыя хвіліны”. У сістэме ідэйна-эстэтычных сродкаў выхавання дзяцей загадцы паэт адводзіць выключную ролю [3].
Паэтычны зборнік “Шчаслівыя хвіліны”, прызначаным для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. У ім змешчана за дзвесце загадак – вершаваных мініяцюр, яркіх, маляўнічых, лёгкіх для запамінання. Яны створаны ў лепшых народных традыцыях, развіваюць дзіцячае ўяўленне, моўнае чуццё і даюць вялікі спажытак для эмацыйна-інтэлектуальнай дзейнасці. Паэт вучыць у звычайным бачыць незвычайнае, дзiвоснае, прыгожае. Паэт выхоўвае ў маленькiх грамадзян нашай краiны пачуццё асабiстай i нацыянальнай годнасцi [2].
Паэт прапануе арыгінальнае вобразна-іншасказальнае апісанне розных з’яў, прадметаў, паняццяў, пры гэтым, як правіла, дасягае эфекту таямнічасці, напружанай інтрыгі, здзіўлення і нечаканасці.
I. Займальнасць, мастацкая дасканаласць загадак
Заданне 1. Вызначце тэматычнае багацце і вобразную разнастайнасць наступных загадак.
Распрануўся мал-малышак
І саскочыў голы з вышак,
Пакаціўся па руках,
Апынуўся на зубах
(Арэх)
Што за дрэва ў свеце ёсць,
Што дупло ў яго наскрозь,
А ў дупло забраўся пісар:
Вечна піша і маўчыць,
Ростам гэткі ж, як і дрэва, –
Толькі нос з дупла тырчыць. (Аловак)
Белы голуб прыляцеў,
Белым крыллем
Шалясцеў,
І з усёй зямлі
Навіны
Расказаў
За паўгадзіны
(Газета)
На адным паваду
Сорак коней вяду
(Плот)
Сто братоў
І адзін брат
Сталі ў роўны
Стройны рад.
Адным поясам усе
Падпяразаныя,
Адным шалікам усе
Перавязаныя
(Плот)
На пасту стаяць браты,
Дзень і ноч не сходзяць,
Каб не мог ні ён, ні ты
У царстве іх нашкодзіць
(Плот)
Не світка, а сшыта,
Не куст, а з лістамі,
Маленькага росту,
Прыгожага стану,
Хто яе знае,
Той розум мае (Кніга)
Поле белае,
Няворанае,
Зерне дробненькае,
Чорнае.
Хто ўмее –
Той пасее,
А хто знае –
Адгадае
(Кніга)
Заданне 2. Загадкамі паэт запрашае дзяцей да займальнай гульні, якая выводзіць іх за межы звыклага, будзённага ў свет незвычайнай паэтычнай вобразнасці і раскрыленай фантазіі. Якія прыродныя з’явы можна пазнаць і адгадаць у наступных загадках, калі быць уважлівым, назіральным, удумлівым?
У лужку-лужочку
Выраслі сястрычкі:
Залатое вочка,
Белыя раснічкі
(Рамонак)
На полі аксамітным
Чароўнае пісьмо:
Сярэбраныя літары
І пішацца само.
Удзень яно хаваецца,
Увечары відаць.
А хто з вас пастараецца,
Той зможа прачытаць.
(Зоркі ў небе)
На вялізарнай патэльні
Ды маленькія аладкі,
Пасярод – прыгожы вельмі
Каравай румяны, гладкі
Ды ў такім высокім месцы –
Не панюхаць і не з’есці.
(Неба, поўня і зоркі)
Ішла дзяўчына з торгу,
Гароху несла торбу.
І рассыпала гарох
На дванаццаць дарог:
Ні лапатай згрэбці,
Ні мятлою змесці.
А як стала світаць,
Дык няма чаго збіраць.
(Зоркі ў небе)
Дуга злучыла берагі
Прыгожа, нібы ў казцы,
А вось званочак да дугі
Прымацаваць не ўдасца
(Вясёлка)
Што гэта за блузачка,
Што гэта за сіняя
Што на трыста гузічкаў
Залатых зашпілена.
(Неба ў зорках)
Цёмна-сіняя рагожка
Скрозь усеяна гарошкам,
Пасярод акрайчык хлеба
Хто адкажа так, як трэба?
(Неба, зоркі, месяц)
Гайда, дзеці, увечары
Дзіва паглядзім:
Поўны хлеў авечак,
А казёл адзін.
(Неба, зоркі, месяц)
Пад паветкаю, напэўна,
Вераб’ёў сямсот усіх,
І адзін агністы певень
Важны ўсеўся паміж іх.
(Зоркі і месяц)
Што за цуд за такі:
Па ўсім полі – светлякі,
А найбольшы святляк
Перагнуўся, як чарвяк.
(Зоркі і месяц)
Заданне 3. Загадкі Н. Гілевіча не заўсёды адразу расчытваюцца; яны ўтрымліваюць у сабе складанасць, парадаксальнасць праведзенай аналогіі. Якія мастацкія асаблівасці ляжаць у аснове наступных загадак?
Пад дрэўцам
Не гарыць,
Кацёл
Не грэўся,
Апякае.
(Мурашнік)
Семсот семдзясят
І сем цесляроў
Збудавалі сабе дом
Без вуглоў.
(Мурашнік)
Касцёр пад дрэвам не гарыць,
Кацёл не грэўся, а кіпіць,
Кіпіць, кіпіць, не выкіпае,
Кранеш рукою – апякае.
(Мурашнік)
Пакачуся на памост –
Застанецца доўгі хвост,
Ды за хвост той гаспадыня
Мяне з долу не падыме.
(Клубок нітак)
А кіпіць.
Кіпіць, кіпіць,
Не выкіпае,
Кранеш рукою –
Круглы,
Тоўсты,
Абкручаны
Мільёнамі
Абручыкаў.
Абручыкі – абручы,
Калі можаш – палічы.
(Клубок нітак)
Тысяча колцаў
І два канцы:
Адзін закруціўся
На верхнім кальцы,
Другі пасярод,
Каб яго дастаць –
Тысячу кольцаў
Патрэбна зняць.
(Клубок нітак).
II. Палымяна-ўзнёслы патрыятычны пафас верша "Я - беларус"
Важныя паняцці закладваюцца ў чалавечую душу і свядомасць з ранніх гадоў. Н. Гілевіч выдатна разумее, што ў творах для дзяцей неабходна гаварыць пра сур’ёзныя рэчы, а ў першую чаргу пра тое, што такое Радзіма, народ, родная мова для кожнага чалавека.
Тэма Радзімы праходзіць праз усю паэзію Н. Гілевіча. “Мілы кут”, “край дарагі”, “старонка мілая”, “край мой беларускі” – вось характэрныя звароты і вобразныя азначэнні, пры дапамозе якіх паэт выяўляе сваё замілаванне, любасць да бацькоўскай зямлі, роднай Беларусі. Любоў да Радзімы ён выказвае па-рознаму, з натуральным, вельмі арганічным пераключэннем рэгістравага дыяпазону: вось паэт прамаўляе з натхнёна-радасным пафасам, характэрным для оды, затым гучыць светлая мелодыя лірычнай песні, іншым разам на змену патэтыцы прыходзяць пранізліва-шчымлівыя словы малітвы [1].
Заданне 1. Верш “Я – беларус” прасякнуты палымяна-ўзнёслым патрыятычным пафасам. Ахактарызуйце лірычнага героя па наступных радках:
Я – беларус, я нарадзіўся
На гэтай казачнай зямлі,
Дзе між лясоў і пушчаў дзікіх
Адвеку прашчуры жылі.
Я – беларус, і хоцъ сягоння
Яшчэ малы, але скажу:
Я родам з племя непакорных
I ў час бяды не задрыжу
Заданне 2. Быць беларусам – значыць ганарыцца сваёй роднай мовай, быць вартым добрай славы Бацькаўшчыны, умець праявіць мужнасць і непакорлівасць гэтак, як некалі продкі ў час суровых нягод. Паэт выхоўвае ў маленькіх грамадзян нашай краіны пачуццё асабістай і нацыянальнай годнасці. Паразважайце пра сэнс назвы верша. Якімі словамі з твора можна акрэсліць яго сутнасць?
Заданне 3. Паразважайце над пытаннем “Чаму некаторыя людзі гавораць, што патрыятызм з’яўляецца не вельмі важным?” Падбярыце антонім да слова-паняцця “патрыятызм”. Складзіце сінквейн да гэтага слова.
Алгарытм працы над сінквейнам:
Назва (назоўнік)
Два азначэнні (прыметнікі )
Тры дзеясловы
Сказ з чатырох слоў
Сінонім (ці асноўная думка) назвы.
III. Паэтызацыя прыроды і дзяцінства ў вершах "У лузе", "Зелкі", "Вітаю вясну", "Цуд тварыўся - я праспаў...", "Зайчык-уцякаёчык", "Верабей", "Шпак"
Тэматычнае адзінства ў творчасці Н. Гілевіча складаюць вершы пра родную прыроду, якія маюць выразную эстэтыка-экалагічную скіраванасць у выхаванні дзяцей. Н. Гілевіч імкнецца адкрыць незвычайнае ў звычайным, абудзіць эмацыйна-ўзнёслае ўспрыманне навакольнай прыроды [1].
Заданне 1. У вершы “Вітаю вясну” паэт псіхалагічна ярка паказвае, як дзяўчынка ў горадзе дзівіцца прыгажосці, імкне насустрач цяплу і зеляніне, святлу і птушыным спевам. Мастак слова кліча бачыць, адчуваць і адгукацца на прыгажосць свету. Складзіце макет характарыстыкі маленькай гераіні.
Заданне 2. Калi чытаеш верш “У лузе”, здаецца, разам з дзяўчынкай Светкай трапляеш у незвычайнае царства кветак, дзе паўсюль струменiць краса, пануе лагода i гармонiя. Складзіце слоўнік палявых кветак. Намалюйце ілюстрацыі.
Заданне 3. У вершы “Зёлкі” паэт акуратна гаворыць дзецям пра цудадзейную, жывільную сілу раслін. Складзіце слоўнік лекавых раслін. Прааналізуйце Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь з мэтай: прававы статус рэдкіх раслін, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, Рэспублікі Беларусь.
Заданне 4. У вершы “Цуд тварыўся – я праспаў…” паэт заваблівае ў свет чароўнай, казачнай прыгажосці. Белы колер снегу перадае святочны, радасны настрой чалавечай душы. Снег – сама чысціня, святло, тая зімовая краса, якая наўкола перайначыла свет і надала яму незвычайную прывабнасць. Выпішыце ў сшытак мастацка-выяўленчыя сродкі: алітэрацыю, асананс, эпітэты, складаныя словы, якія перадаюць эмацыйна-паэтычныя адносіны да перамен у навакольнай рэчаіснасці. Падмацуйце прыкладамі з верша.
Заданне 5. Каб далучыць да свету прыроды і развіць эстэтычнае пачуццё дзяцей закліканы такія вершы, як “Верабей”, “Шпак”, “Зайчык-уцякайчык”. Н. Гілевіч перакананы, што дзяцей неабходна змалку выхоўваць у “зялёнай школе”, бо на ўлонні прыроды, яны прылучаюцца да прыгожага і цудоўнага, спасцігаюць азы экалагічнай этыкі. Жывёльны свет дзеці ўспрымаюць i ацэньваюць, як людзей: то захапляюцца iмi, то асуджаюць, то шкадуюць. Апішыце “паводзiны” i “ўчынкi” птушак, звяроў, жывёл па вышэй названых вершах.
Такім чынам, пейзажная творчасць Н. Гілевіча вызначаецца зрокава-дакладнай вобразнасцю, прасякнута пранікнёным лірызмам і меладычнасцю слова. Паэтызуючы навакольнае хараство, аўтар часта адкрыта выказвае словы глыбокай любові да беларускай зямлі, сваей Радзімы. Вершы Н. Гілевіча пра прыроду ўтрымліваюць пазнавальны змест, развіваюць эмацыйную сферу дзіцяці, выхоўваюць гуманістычныя пачуцці [1].
Літаратура
Беларуская дзіцячая літаратура: вучэб. дапам./ А.М.Макарэвіч [і інш.]; пад агульн. рэд. А.М.Макарэвіча, М.Б.Яфімавай. – Мінск: Выш. шк., 2008. – 688 с.
Гілевіч, Н.С. Шчаслівыя хвіліны: Вершы, казкі, байкі, небыліцы, загадкі / Н.С.Гілевіч. – Мінск: Юнацтва, 2001. – 247 с.
Гілевіч, Н.С. Паэтыка беларускіх загадак / Н.С.Гілевіч. – Мінск: Маст. літ., 1976. – 191 с.
Сіненка, Г.Д. Ніл Гілевіч: Нарыс творчасці / Г.Д.Сіненка. – Мінск: Выш. школа, 1981. – 269 с.